Студзень

Студзень — году пачатак, а зіме — палавіна.

Студзень зямлю студзіць.

Студзень хаты студзіць — рана гаспадароў будзіць.

Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы.

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.

Студзень пагодны — будзе год плодны.

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.

Калі студзень імглісты — мокры год, калі халодны — позняя вясна і халоднае лета.


У старабеларускай пісьменнасці для абазначэння другога месяца зімы выкарыстоўвалася найменне “стычень”. Стычань быў 11-ым месяцам года. У гісторыі славян ён лічыўся таксама і 1-ым і 5-ым.

Сучасная беларуская назва студзень паходзіць ад слова “сцюдзёны”, якая яскрава характарызуе самую халодную пару года. Наогул усе беларускія найменні месяцаў адлюстроўваюць характэрныя асаблівасці сезонаў года. У рускай мове яны па­ходзяць ад лацінскіх назваў. У рымлян студзень — Januarius, у англічан — January, у немцаў — Januar, у французаў — janvier, а ў рэспубліканскім календары французаў значыцца як “nivôse” (месяц снегу). У славян ён называўся таксама сечэнь (ад слова “секчы”, рыхтаваць дровы), просинец (просінь у небе); у сучаснай мове чэхаў — leden, палякаў — styczeń, украінцаў — січень.

Назву “януарыус” увёў рымскі цар Нума Пампілій у VII ста­годдзі да нашай эры. Янус быў богам рымлян, якому прысвячаўся першы дзень гэтага месяца і святы Януаліі. Да 153 года да нашай эры студзень лічыўся 12-ым месяцам года і ішоў за лютым. У зга­даным годзе пачатак яго перанеслі на І студзеня. Хрысціянскія народы перайшлі на гэтае летазлічэнне ў асноўным у 1563 годзе.

У сярэднія вякі да паловы XVI стагоддзя Новы год у немцаў пачынаўся з 25 снежня, у французаў да 1566 года — ад першага дня Вялікадня, у Англіі да 1752 года — з 26 сакавіка. Яўрэі і цяпер адзначаюць Новы год ад першага дня месяца тышры, калі па­чынаецца маладзік перад восеньскім раўнадзенствам — пры­блізна 21 верасня. Згодна вучэнню рабінаў, І тышры Бог стварыў першага чалавека Адама, які судзіць у гэты дзень людзей за іхнія грахі ў мінулым годзе. У кітайцаў Новы год пачынаецца ад поўні, калі сонца становіцца ў знаку Водніка, прыблізна І лютага.

Царкоўны Новы год у праваслаўных пачынаецца І верасня па старым стылі, і на новы стыль царква дагэтуль не перайшла. У католікаў жа ён бярэ пачатак ад першай нядзелі Адвенту, каля І снежня.

За студзень дзень павялічваецца на паўтары гадзіны. Дзённая тэмпература паветра звычайна 3...7 градусаў марозу, але бывае паніжаецца да 40 градусаў, што часам прыводзіць да вымярзання азіміны, дрэў і кустоў. Здараліся і навальніцы. Фенолагі пры­ходзяць да такой высновы: згодна з пэўнымі кліматычнымі асаблівасцямі, для паўднёвых раёнаў Беларусі неабходна пад­біраць больш зімастойкія сарты азімых, чым для паўночных.

“Пракоп па снегу ступае, дарогу капае”

 

1/19. ПрацягПіліпаўкі (да 5 студзеня), апошні тыдзень.

3/21. Пракоп. “Пракоп па снегу ступае, дарогу капае” (Паўлюкоўскі, 1934).

У Віленскай губерні бытавала: калі да Каляд застаецца два тыдні, то кажуць, што Каляды яшчэ ў амбары; калі два ці тры дні, то гавораць, што яны ўжо на печцы (Альшаны; Крачкоўскі, 1874). Маецца на ўвазе збожжа, мука, цеста і каляднікі, якімі адорваюць калядоўшчыкаў.

5/23. Посная, або галодная, куцця, запіс Каляд у католікаў.

Гаспадар крапідлам (пучок з сухіх калоссяў) акрапляе свян­цонаю вадою хату і іншыя будынкі і ўсюды ставіць крыж (гэта называецца “запісаць Каляды”) (Сахараў, 1937; Раманаў, 1912).

6/24. Першая (посная, бедная, вялікая, марожаная) куцця — сямейная перадкалядная вячэра. Абрадавая страва — звычайна ячная каша з алеем або мёдам. Лічылася: якая куцця, такі будзе і ўраджай; які дзень, такі будзе і год. Не сварыліся, не пралі, хавалі кудзелі, грабяні, верацёны. У хату прыносілі сена, за сталом выклікалі “марозе”. А на Віцебшчыне гаспадар адчыняў акно і гаварыў: “Строк! А строк (авадзень)! Просім да куцці, толькі маіх коней (валоў) не кугуці” (Нікіфароўскі, 1897). Пад­мяталі падлогу, а ў наступныя дні — не, каб быў чысты лён. Існавала шмат іншых прыкмет і павер’яў.

Тры каралі.

7/25. Ражаство (Раство). “Святое Раство — людзям прыгаство” (Усходняя Магілёўшчына; Бялькевіч, 1970).Каляды. Пачатак язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцастаяння.Калядны мясаед (можна есці мяса), які цягнецца да Вялікага посту (12 сакавіка). На поўначы Беларусі спявалі:

Нам Піліпаўка надакучыла,

Дзеўкам жываты перамучыла.

Мальцам жамеры зубы праелі.

А калядныя ж бліны ладныя,

А мікольскія — не такоўскія.

Забіўшы перад Калядамі свінню, глядзелі яе нутро: калі “каса” акажацца роўнаю, то зіма будзе памяркоўнай; калі ж “каса” з патаўшчэннем, то зіма прыйдзе з моцнымі маразамі; тоўсты канец азначаў працяглую халодную зіму (Раманаў, 1912).

На Каляды праводзілі ігрышчы, дзе танцавалі, гулялі, слухалі казкі, легенды, адгадвалі загадкі. У Стаўбцоўскім раёне такія вечарынкі называліся “Бай”. На Случчыне пасля вячэры дзяў­чаты бегалі ў хлеў “і мацалі гаўядо”. Каторай пападаўся бык, лічылася, што яна выйдзе замуж, а калі карова — то не (Серж­путоўскі, 1930).

Асаблівай папулярнасцю карысталася шлюбная карагодная гульня “Яшчур” (“Яшчар”), у якой праяўляюцца сляды ахвяра­прынашэння цнатлівых дзяўчат старажытнаму дракону-яшча­ру — гаспадару падводна-падземнага свету. На поўначы Беларусі была распаўсюджана таксама шлюбная гульня “Жаніцьба Ця­рэшка. Яшчэ насілі “звязду” — рухомую шматпрамянёвую зорку, асветленую знутры. У язычніцкі час, мусіць, абазначала свяціла, адраджэнне якога святкавалі. Спявалі спецыяльныя пес­ні. Наладжвалі “Батлейку” — пераносную двухпавярховую лялечную сцэну, дзе ставілі народныя п’есы.

КАЛЯДАВАННЕ

Да калядавання групуецца звычайна моладзь, што вечарам ходзіць па вёсцы з віншаваннем. Як “шчынальнік”, або запявала, лічыцца сярод каляднікаў патрэбным чалавекам, так не абы­ходзяцца яны і без дамарослага скрыпача, які без перастанку найграе, часта на двухструннай сваёй скрыпцы, дарогаю ад хаты да хаты і на двары гаспадароў. Падышоўшы пад акно або пад дзверы, адзін з каляднікаў просіць дазволу “спяваць Каляду”, гаворачы: “Чі дома пан гаспадар? Чі веліш, пане гаспадару, Коледу запеваты, чі так коледы даты?” Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытае: “Якую заспеваты песню?” Гаспадар называе. Спяваюць звычайна пад вокнамі, некаторыя запрашаюць у хату; рэдка хто просіць спяваць болей адной песні, таму што ў такім выпадку патрэбна большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве — два, а ў заможных хатах акрамя пірага даюць каляднікам грошы, кілбасы і сала, частуюць і гарэлкаю. Ходзяць каляднікі з вечара да самай раніцы. Калі дзе застаюць гаспадароў спячымі, крыкам сваім падымаюць з ложкаў. Здараецца, хаця і вельмі рэдка, што ім адмаўляюць калядаваць, кажучы: “У нас була Коляда” або “Нэма дома господара”. Пявуны ці таму, што губляюць цераз гэта ўзнагароджанне, ці лічаць адмову крыўдаю для сябе, а можа, прымаючы пад увагу тре і другое разам, высмейваюць такія хаты прынамсі так:

У сій хаты

Нэма чого даты:

Соломку тоўкуць

— Пырогы пэкуць.

“Калядкі – добрыя святкі”

А калі яшчэ грымне бубен…

… ды заспявае скрыпка, зробленая Браніславам Круглым з вёскі Дубчаны Лідскага раёна!..


“ЯШЧАР”

“Яшчар” сядзіць на пяньку, ухутаны ў зелень. Дзяўчаты ў вянках на галовах, узяўшыся за рукі, то падыходзяць да яго, то адыходзяць і пяюць:

Сядзі, сядзі, Яшчар,

Гэй нам гэй[1].

У залатым крэсле,

У лясковым кусце.

Гарэшкі трушча.

Бяры сабе жонку,

Каторую хочаш.

Ці што ў чаравічках,

Ці што ў панчошках.

Ці хораша ходзе,

Ці работку робе.

Калі дзяўчаты ў час гульні набліжаюцца да Яшчара, дык ён па чарзе ў кожнай з галавы знімае вянок. Спевы датуль прадаў­жаюцца, пакуль Яшчар не забярэ ўсе вянкі. Пасля дзяўчаты па адной выпрошваюць у яго свой вянок словамі:

Яшчар, панок

Аддай вянок.

Я ручкі й ножкі мазаліла,

Свайго вяночка не знасіла.

Пры гэтай просьбе Яшчар стараецца рассмяшыць дзяўчыну. Калі яна засмяецца, не аддасць вянка. А толькі тады аддасць, калі дзяўчына стрымаецца ад смеху (Дудар, 1970).

8/26. Каляды (працяг свята). Абходзілі з калядкамі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту. Царкоў­нікі ўшаноўвалі сабор Прасвятой Багародзіцы.

У некаторых раёнах Беларусі гэты дзень называліЗімнім пакроўчыкам, Маладзёнамі абоБабінамі. Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая “прымала”, ці “бабіла”, дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу часта­валі, частавала і яна дзяцей, гуляла з імі (Бяссонаў, 1871; Цэб­рыкаў, 1862; Дэмбавецкі, 1882; Дабравольскі, 1914).

Пра Каляды існуе шмат прыказак і прымавак: “Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі”; “Калядкі — добрыя святкі: наеўся, напіўся да й на палаткі”; “Насталі Калядкі, гаспадарам парадкі”. Вядомы і такія, што расказвалі аб цяжкай долі селяніна: “Наўрад штоб стала хлеба да Каляд” (Насовіч, 1870); “Ад Каляд не ідзець у лад” (Тышкевіч, 1847); “Прападай ты, пане, з Калядою, аддай мой мех” (Федароўскі, 1935); “Як прыдуць Каляды — мужыкі мякіне рады, а як прыдуць зажынкі — няма хлеба ні асьмінкі” (Жыткавіцкі раён).

“ЗВЯЗДА” І “ВІФЛЕЕМ”

На працягу Каляд у некаторых мясцінах адбываецца пера­важна два роды гульняў. Моладзь ходзіць або са “звяздою”, або з “Віфлеем”. “Звязду” майструюць так. На раму ад рэшата ці сіта наклейваюць прамочаную салам ці алеем паперу і за­мацоўваюць на падставачнай жэрдцы для зручнага пераносу з аднаго месца на другое. Каб гэты круг меў выгляд зоркі, пры­мацоўваюць да яго ў чатырох-шасці пунктах пірамідальныя “рагі” і дзеля прыгажосці абгортваюць іх рознакаляровымі папяровымі махрамі. Затым робяць новае невялікае кола, па акружнасці якога наклейваюць выразаных з паперы салдацікаў, конніцу або пяхоту. Колца замацоўваюць на палачцы. Калі ўставіць у раму “звязды” свечку (у пакоі не павінна быць святла) і паварочваць колца з наклеенымі салдацікамі, то для тых, хто стаіць з пярэдняга боку “звязды”, уяўляецца, што ідзе бяс­концая колькасць войска.

Наладжванне “Віфлеема” найбольш складанае і абыходзіцца даражэй. Таму за яго бяруцца заможныя хлопцы. Майструецца нешта накшталт скрынкі, верх якой раздзяляецца на такія ж, як у “звязды”, пірамідальныя “рогі”, толькі большага памеру. Бакі і верх скрынкі ўпрыгожваюцца рознымі карцінамі, што тычацца свята. Ніжні бок яе, або падлога, робіцца з разрэзамі і адтулінамі і бывае засцілаецца белымі мехавымі шкуркамі.

Батлейка

Вось яны, батлеечныя героі!

Рыхтуюцца з дрэва фігуркі людзей, якія ўяўляюць сабою розных асоб: Ірада, трох Каралёў, жонку Ірада, Смерць у вы­глядзе шкілета з касою, Іуду-срэбралюбца, Цыгана з мядзведзем і г.д. Выявы тыя прымацоўваюцца да дроту — ён павінен вольна рухацца ў шчылінах падлогі. Вопытная рука, кіруючы дротам (незаўважна, безумоўна), можа прымушаць нямыя лялькі рабіць рознага роду спектаклі. Тут паважаныя гледачы ўбачаць і пра­гную да крыві Смерць, якая не шкадуючы сячэ свае ахвяры тупою касой, і займальную барацьбу Цыгана з мядзведзем, і своеасаблівы танец Ірадыяды, і многае іншае.

Вясковы люд лічыць падобныя відовішчы вяршыняй зада­вальнення і асалоды. Майстры з гэтымі рэчамі ходзяць звычайна па вечарах да больш заможных гаспадароў, паказваючы ім сваё ўмельства, і атрымліваюць нейкае ўзнагароджанне (Крачкоўскі, 1874).

“ЖАНІЦЬБА ЦЯРЭШКІ”

Пад такой назвай вядома гульня хлопцаў і дзяўчат, якая ўяўляе вяселле некалькіх пар... Як найбольш выдатная, дакладна свяшчэнная, яна выконваецца даволі рэдка і толькі зімою, у дні гадавых свят, напрыклад на Ражаство Хрыстова, Новы год, Зага­віны перад Вялікім постам: абавязкова ў канцы гулянкі, пасля працяглых скокаў. Месцам жа гульні звычайна бывае карчма, таму што тут няма недахопу ў моладзі і яшчэ больш таму, што па несціпламу характару гэтай гульні ні адзін сямейны дом не згадзіўся б дапусціць яе да сябе, большасць сялян грэ­буюць ёю...

Калі ігрышча ў самым разгары, карчмар, які даўно ужо з нецярпеннем наглядаў надакучыўшыя яму скокі моладзі, неча­кана ўскрыквае: “Што гэта ўсё скокі да скокі! Валей бы Цярэшку жанілі” і тут жа іншы раз бярэцца прыпыняць ігру разышоўшагася музыкі. Калі пад уздзеяннем такіх напаўнасмешлівых, унушальных слоў ці па натуральнай сваёй хадзе ігрышча стане заканчвацца, карчмар, карыстаючыся добрай мінутай, пачынае прыспешваць жанатых мужчыну і жанчыну, раней намечаных ім, каб заняліся ўсталяваннем будучага “вяселля”. І адразу па карчме праносіцца шумны гул: “Будуць Цярэшку жаніць! Будуць Цярэшку жаніць!”. Пачуўшы такія словы, пажылыя людзі адразу знікаюць у асобных памяшканнях карчмы, прадстаўляючы пакой для моладзі, якою з таго моманту пачынаюць кіраваць выбраныя карчмаром “бацькэ з маткэй”. Снуючы паміж маладых людзей, яны падгаворваюць іх хутчэй выбіраць сабе “жонку” альбо “мужыка” па свайму густу, стараючыся ў гэтым выпадку ўздзейнічаць больш на хлопцаў, таму што дзяўчаты часта адмаў­ляюцца ўдзельнічаць у складанні пар, выказваючы жаданне застацца тут толькі ў якасці гледача...

Кожны з хлопцаў або захопвае сілаю намечаную ім дзяўчыну, або падыходзіць да яе і любоўна надзявае ёй на галаву сваю шапку. Калі дзяўчына згодна прыняць удзел у гульні і быць у пары іменна з ім, то яна застаецца ў шапцы і ў такім выглядзе пара падыходзіць да “бацькэ з маткэй”, атрымлівае ад іх бласлаў­ленне і ўладкоўваецца за стол па ўказцы бацькоў. У адваротным выпадку дзяўчына скідае надзетую шапку і ўцякае ад хлопца. Пры настойлівасці апошняга яе ў рэшце рэшт пасадзяць у пару сілаю, прычым справа не абыходзіцца без барацьбы, віскату і лаянкі...

Кожную пасаджаную за стол пару “бацькэ з маткэй” бла­слаўляюць прыблізна такімі словамі: “Дай Бог вам шчасця і нішчасця, харошую долю ў волю, уцечкі на печкі, дзеткі ў клеткі”. Але калі на “бацькэ з маткэй” надыдзе моцная жартаў­лівасць, то пасля звычайнага бласлаўлення яны дадаюць: “Ві­ражы, зяцёк, нашу дачушку, йна у нас адна,— ні бідна, ты ж цяпер узяў іе і спі з дачкою”. Пасля такога роду бласлаўлення... музыкі спяваюць адну з наступных песень:

...Цярошка, Цярошанька!

Цярошку бідэ стала.

З кім яго Жана спала

У полі пад ліпкаю?

З маладым Піліпкаю.

...Ні ўцікай, мой дзедзінька,

Ні ўцікай, лябедзінька!

Пысядзі ны пячы ў кутку,

Я ж табе штоніку ватку

З чырвоным каўнерыкам —

Назавуць жаўнерыкам...

У “Жаніцьбе Цярэшкі” звычайна ўдзельнічае да дзесяці пар і болей маладых людзей. І чым іх больш, тым большая ў гэтым заслуга “бацькэ з маткэй”... Іх абавязкам з’яўляецца: усімі магчымымі сродкамі весяліць за сталом моладзь і пабуджаць у хлопцаў спаборніцтва наконт частавання сваіх “жонак”. Хлопцы са свайго боку стараюцца выхваліцца адзін перад адным, і часта гульня завяршаецца шумным разгулам: абдымкам, пацалункам, жартам усякага роду няма канца. Разыходзяцца позна, далёка за поўнач. Калі якой-небудзь дзяўчыне выпадае вяртацца да хаты без знаёмых і суседак, то новы “муж” абавязаны правесці сваю “жонку”. Зразумела, што, дзякуючы “вясельнаму” ап’янен­ню, жартам, пастаноўцы ўсёй справы на вясельны лад і многім іншым спрыяльным умовам маладыя людзі часам і апускаюцца. І сапраўды, ні адна “Жаніцьба Цярэшкі” не абыходзіцца без такога роду ахвяр, якімі ў хуткім часе даводзіцца расквітвацца за сваю памылку,— горкіх слёз, пакут, позняга пакаяння. Су­мленны хлопец у такім выпадку спяшаецца выканаць свой маральны абавязак у адносінах да пакрыўджанай ім дзяўчыны, і ўсё заканчваецца сапраўднай жаніцьбай...

Хто тварэц гульні і чаму яна называецца жаніцьбаю менавіта Цярэшкі, а не асобы з іншым іменем? На гэта ніхто не можа даць адказу (Шэйн, 1887).

9/27. Каляды. Сцяпан. Дзень найму батракоў, слуг у мінулым, таму гаварылі: “На святога Сцяпана вышэй слуга за пана”. Гаспадар будзіў батрака: “Уставай! Табе сягоння каляда, а мне бяда”. Была і прымаўка: “Прыйшлі Калядкі — гаспадарам па­радкі” (Ашмянскі павет; Крачкоўскі, 1874).

13/31. Пачатак Шчодрага тыдня, або Багатая Каляда. У Заход­нім Палессі — шчодры вечар Куготы, Гаготы або Агатуха. Пахо­джанне такога наймення вынікае з абраду: кідалі ў калодзеж кашу — відаць, гэта ахвяраванне культу вады,— тады ж гадалі і крычалі ў калодзеж: “Ку-гу-гу!”. З іншых крыніц “Агатуха” паходзіць ад дзеяслова “гагатаць” (весяліцца, смяяцца). Са шчодрым вечарам звязана шмат забарон, павер’яў і варажбы пра будучае замужжа.

Шчодрая (шчадроўная, другая, мясная, нішчымная, скаром­ная, багатая, тоўстая) куцця (сярэдні шчадрэц, шчадруха) — абрадавая пераднавагодняя вячэра, якая вызначалася багаццем страў і іх скаромнасцю (тлустае, чаго нельга есці ў пост). Гаспа­дар запрашаў за стол: “Мароз, хадзі куццю есці. А летам не бувай, хвастом не віляй, бо будом пугою секці” (Лельчыцкі раён). Так­сама называлі “куццёй святога козліка”. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы; калі ідзе снег і мяцеліца, то будуць раі (Магілёўская губерня; Дэм­бавецкі, 1882).

Шчадравалі пад вокнамі і ў хатах, дзе славілі гаспадароў. Вадзілі “казу” (“кабылку”, “вала”, “тура”, “мядзведя”, “жорава”) і спявалі песні, галоўнай з якіх з’яўлялася “Го-го-го, каза”.

Шчадроўныя песні адрозніваліся ад калядных у асноўным рэфрэнам. Хадзілі па хатах і са Шчодрай — прыбранай дзяў­чынай.

ВАДЖЭННЕ “КАЗЫ”

Некалькі маладых хлопцаў збіраюцца ў якую-небудзь хату, пераважна маласямейную, і тут прыбіраюць “казу”: самага кемлі­вага з хлопцаў апранаюць у вывернуты кажух, на ногі яму насоўваюць другі, таксама вывернуты, і абодва кажухі замацоў­ваюць у поясе вяроўкай. Праўда, хутчэй атрымліваецца падоб­насць мядзведзя, чым казы. Твар вымазваюць сажаю або насоў­ваюць маску; на галаву адзяваюць шапку, да якой прымацаваны рогі, сплеценыя з лазы ці саломы. У завяршэнне ўбору хлопцу даецца ў рукі вупражная дуга — на яе ён сядае вярхом, і — “каза” гатова.

Неад’емнымі спадарожнікамі “казы” з’яўляюцца “дзед”, “важачы”, “цыганкі” і “музыкі” з “песельнікамі”.

“Дзедам” выбіраюць таксама маладога хлопца, здольнага выконваць гэтую ролю. Акрамя старой парванай вопраткі, што пакрывае яго, на твар надзяваюць маску з бярозавай кары, дзе выступаюць агромністы бурак замест носа і доўгі жмут ільну або пянькі на месцы барады; для дыхання прарэзваецца невялі­кая дзірачка насупраць рота і такія ж дзве дзірачкі для вачэй.

“Го-го-го, козанька, о-го-го, шэра!”

“Дзед” павінен займаць гаспадара ў час паказу “казы” вясё­лай размовай, жартамі і частаваць яго “нюхальным тытунём”. Для гэтай мэты стары мае сваю табакерку, напоўненую попе­лам. Ад падобнага пачастунку гаспадар, зразумела, заўсёды ад­маўляецца, прычым у знак удзячнасці стараецца падпаліць бараду “дзеду”, што яму часта і ўдаецца. Дарэчы, за такі выбрык “дзед” не злуецца і, выходзячы з хаты, прывязвае сабе другі шматок пянькі замест згарэлай барады.

Маладыя хлопцы таксама прыбіраюцца “цыганкамі”, апра­наючыся ў жаночае паношанае плацце і вымазваючы сабе твар сажаю. Іх абавязкі — варажыць або ўгадваць будучае.

Следам ужо крочаць “важачы”, “музыкі”, “песельнікі” і хлопцы ў натуральным сваім выглядзе. Увесь гэты гурт пачынае “вандроўку” з канца ў канец вёскі, прычым без папярэдняга запытання: “Пазвольця нам, хазяін, пагуляць” ніхто не заходзіць у хату.

Атрымаўшы дазвол, усе заходзяць у хату, і “песельнікі” пад аднастайны танец “казы” пачынаюць весела спяваць наступную песню:


Ой, ну-ну, каза,

Ой, ну-ну, сера!

Паварочвайся,

Ні забывайся!

То на сей бачок,

То на той бачок,

То на рожачкі,

На капыцікі,

На залатыя,

На дарагія.

Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць;

Дзе каза хвастом,

Там жыта кустом;

Дзе каза нагою,

Там жыта капою;

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам.

Ой, пайшла каза

У цёмныя ляса,

У вішнёвыя сада.

Ой, у том саду

Хлопцы-малайцы

Хочуць казу біць,

Хочуць аблупіць,

Машы шубу шыць.

Тая козанька

Забаялася,

За ніцыя лозы

Захавалася.

Ой, прыбег ваўчок

Да за козаньку,

А ваўчанятка

За казенятка.

Ой, прыбег заяц,

Стаў казу лаяць:

— Ой ты, казіца,

Старая псіца!

Не хадзіць было

У цёмныя лясы.

У вішнёвыя сады

Не заведаць было

Ды й у вінаграду.

Узяла б сярпок,

Пайшла б ты ў сцялок,

Нажала бы снапок

Ды змалаціла,

Сваё казенятка

Ды й накарміла.


Прахаджваючыся да гэтага часу і паварочваючыся з боку на бок, “каза” тут падае на падлогу, астатнія спяваюць:


Пуць каза ўпала,

Здохла, прапала!

Гаспадар ідзе,

Каляду нясе,

А гаспадыня ідзе,

Каляду нясе.

Я на рожанькі —

Два пірожанькі,

Я на хвасточак

— Сала кусочак.

— Ой ты, казіца,

Ды й не ляніся,

Па ўсяму двару

Ды й расхадзіся!

Я на рожанькі —


Пры такіх словах “каза” падымаецца і пачынае кланяцца, як гаворыцца далей у песні:


Прыступіся блізка,

Уклаліся нізка:

Гаспадару так,

Так як пану;

Гаспадыні так,

Так як малінцы. ...

Тыя вуліцы [2]

Разлягаюцца

Хазяін дочкай

Набіваецца:

— Вазьмі, казана,

Няхай не плача.

Дам пару сабак

(Паедзеш і так),

Вязку саломы.

Едзьце дадому.

(Шэйн, 1887)


А вось як гэтую гульню праводзяць ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна.

На Каляды вечарам збіраецца гурт моладзі. Разам робяць “казу”: апранаюць яе ў кажух, прымацоўваюць добра выраб­леную драўляную галаву, рогі, хвост. І з торбамі (кайстрамі) весела заходзяць у вясковыя хаты. Гаспадарам жадаюць дабра­быту, просяць дазволу спяваць. “Каза” смяшыць і палохае людзей, паказвае ўсё тое, пра што гаворыцца ў песні (танцуе, лягаецца, мекае, тупае нагамі).


Го-го-го, козанька,


О-го-го, шэра! (2 разы)

Дзе ж ты бывала?

— А я бывала

Да й у шчырам бору

Да й ягодкі брала.

Як прыбег ваўчок,

Да за козаньку хоп.

А ваўчанятка

— Да за казенятка.

Го-го-го, козанька,

Як ты крычала?

— А я крычала:

“Ме-ме-ме...” —

Так я крычала.

Го-го-го, козанька,

Як ты ўцякала?

— А я ўцякала:

Туп-туп-туп!

Так я ўцякала.

Дайце казе грэчкі

На перапечкі,

Рэшата аўса,

А наверх — каўбаса.

Ты, козанька,

Расхадзіся, развесяліся.

Старшаму хазяіну

У ногі пакланіся.


(Запісана ў 1987 годзе ад Паповіч П. М., 1924 г. н.)

 

ВАДЖЭННЕ “КАБЫЛЫ” І “МЯДЗВЕДЗЯ”

Дарослыя хлопцы з лучыны, льну і палатна робяць пудзіла, падобнае на каня. Пасярод спіны яго становіцца чалавек, які мае выгляд вершніка. І так ён ходзіць з хаты ў хату. “Каня” вядзе “цыган” у абарваным кафтане, з забруджаным сажаю тварам. Іх суправаджаюць “селянін” і “сялянка” ў звычайнай вопратцы і розныя аматары паглядзець і павесяліцца.

Увайшоўшы ў хату, “селянін” і “сялянка” танцуюць “Бары­ню”. “Цыган” пахвальвае сваю “кабылу”, прымушае яе хадзіць, але ад стомленасці і слабасці яна не здольна рухнуцца з месца. “Цыган” падбадзёрвае рознымі жартамі, камічнымі рухамі цела і нарэшце, пераканаўшыся ў яе хваробе, “пускае ёй кроў”. Але паколькі гэта не дапамагае, то ён просіць у гаспадароў “кабыле на авёс” — адзіны сродак падтрымаць яе. Гаспадары даюць, і на тым прадстаўленне заканчваецца.

Калядныя мроі. Мастак Аляксей Марачкін

“Мядзведзем” апранаецца адзін з хлопцаў, другі прадстаў­ляе “важака”, вялікарускага мужыка, які водзіць вучонага мядзведзя і прымушае яго вырабляць усе “штукі”, што і выконвае жывёла. Пры гэтым “важак” стараецца падрабіцца пад гаворку вялікарускага мужыка, паўтарае яго прымаўкі і гледачы смяюц­ца. Прадстаўленне заканчваецца так: “важак” просіць на гарэлку “мядзведзю” і той сваім рыканнем пацвярджае просьбу. Гаспа­дары даюць што Могуць.

Калі “водзюць кабылу і мядзведзя”, то песень не спяваюць (Дэмбавецкі, 1882).

14/1. Новы год па старому стылю,Васілле, Васіль (Васілей, Святы Козлік). З гэтым днём звязваюцца святочныя забароны, павер’і і варажба, а таксама розныя прыкметы. Напрыклад, пчаляры прыкмячалі: калі на першую Каляду “пульга” (мяце­ліца), то пчолы будуць раіцца пад Міколу, калі “пульга” пад Васільеўскую Каляду,— то каля Пятра, а калі пад хрышчэнскую Каляду,— то перад Іллёй (Дабравольскі, 1894). Свята прадказвала ўраджай на лета: туманы напярэдадні Васілля — на ўраджай; зорная Васілёва ноч — багатыя палеткі на лета; калі іней на Васілля, то будзе саломы болей, чым хлеба (Ляснічы, 1990).

У валачобных песнях зазначаецца: “Святая Васілля дзяжу мясіла, пірагі пякла і рагатыя, і багатыя” (Барысаўскі і Дзісен­скі паветы; Крачкоўскі, 1874). Раніцай Новага года дзеці сыпалі ў хаце жытам са словамі: “Сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!” На Быхаўшчыне некалі спявалі:

Ходзя Ілля на Васілля,

Нося пугу

Жыцяную.

Дзе замахне —

Жыта расце,

Дзе не махая,

Там не бывая...

Вечарам дзяўчаты выстройваліся “цыганамі” (Раманаў, 1912).

Славячы вялікае свята, на Краснаполыпчыне зараз гавораць: “Святое Васілля — людзям красілля” (Бялькевіч, 1970).

Дарослыя дзяўчаты на Васілле варожаць: выходзяць на вулі­цу, падслухоўваюць ля вокнаў чужыя размовы і па іх стараюцца ўгадаць свой лёс; заплюшчваюць вочы, бяруць некалькі пален (бярэмак) дроў і калі лік іх акажацца цотным, то замужжа будзе шчаслівым; кідаюць чаравік за вароты — у які бок ён упадзе наском, адтуль патрэбна чакаць жаніха; кладуць у некалькіх кучках зерне і даюць кляваць пеўню — з чыёй кучкі ён пачне дзяўбці, тая дзяўчына хутка пойдзе замуж (Дэмбавецкі, 1882).

ВАДЖЭННЕ “КРАЛЬКІ”

Шляхта на Каляды водзіць “кральку”. Змест гэтай песні-гульні — аповяд аб нялюбай жонцы, што ўсім дагаджае: і свёкру, і свекрыві, і дзеверу, і залоўцы, толькі мужу нічым не можа дагадзіць:

Пасла дзеўка лебядзей на зеляной лабадзе.

Ой, доля ты мая, доля горкая мая![3]

Ой, пасучы лебядзей, да і пагнала іх к вадзе.

Ці вы тчэ, лебедзі, не наплаваліся?

А я, малада, да й наплакалася.

А свякорцы ўгаджу і галоўку памажу,

А свякорку дагаджу, пасцель белу пасцялю.

Дзеверу дагаджу, каня да вады зваджу.

А залвіцы дагаджу, русу косу запляту.

Міламу-раўніваму нічым не ўгаджу.

Усе робяць вялікі круг, танцуюць і спяваюць. У сярэдзіне круга танцуе “кралька”, апранутая агіднай карліцай, з двума гарбамі і са збанам на патыліцы, перавязаным хусткай так, што ўяўляе галаву (Радчанка, 1888).

“КАТА ПЯЧЫ”

Збіраюцца хлопы і дзяўчаты ў якую-небудзь хату і там га­туюць розныя закускі, а галоўнае —робяць фігуру ката наступ­ным чынам: галаву і тулава — з цеста, вушы і ногі — з сала, а хвост — з каўбасы. Выпякаюць і вешаюць сярод пакоя пад стол­лю. Затым кожны па чарзе “пад’язджае” на вілках да “ката”, каб зубамі адкусіць у яго кавалачак, а калі атрымаецца, то і ўсяго адарваць. Пры гэтым трэба гаварыць: “Еду з кута на “ката”, цап за “ката”. Але мала каму ўдаецца выканаць такую ролю з поспехам, бо яго ўвесь час смешаць. Таму, хто засмяецца, абавяз­кова вымажуць твар анучай, спецыяльна забруджанай у сажы, і не пусцяць ужо да “ката”. Калі ўдзельнік не рассмяецца, яго да­пускаюць паласавацца кавалачкам або нават поўнасцю сарваць “ката”. Забава працягваецца да таго часу, пакуль хто-небудзь зусім не адарве “ката”. Тады “ката” кладуць на стол і дзеляць на ўсю кампанію. Па заканчэнні гульні гуртам сядаюць за стол, п’юць і закусваюць, затым танцуюць да ранку (Шэйн, 1902).

“У АРЭХІ”

Найбольш любімая гульня ў тыя вечары (Святыя вечары.— А. Л.). Бяруць жменю арэхаў і прапаноўваюць адзін аднаму ад­гадаць, цотная ці няцотная колькасць знаходзіцца ў прыгаршчах, гаворачы: “Ці цот, ці лішка?”. Той, хто адгадаў, атрымлівае арэхі, калі не — абавязаны столькі ж вярнуць сябру (Кіркор, 1858).

“ШКУТА”

Усе сядзяць радком, а адзін носіць пяць капеек у далонях, стараючыся незаўважна палажыць іх каму-небудзь, другі ідзе ззаду і павінен адгадаць, у каго тое “золата”. Першы гаворыць словы:

Шкута йдзе,

Золата нясе.

Хто адгадае,

Той вялікае шчасце мае.

Калі другі адгадае, у чые далоні пакладзены мядзяк, то сядае ў рад. А той, у каго аказалася “золата”, займае яго месца (вёска Астражанка Лельчыцкага раёна; запісана ў 1987 годзе ад Н. І. Го­лік, 1934 г. н.).

15/2. Шчодры. Першы раз запрагалі ў сані бычка “па другой пашы”. Весела каталіся і гаварылі: “Кідай быкове да бяры валове” (Лельчыцкі раён).

17/4. Марк. У Віцебскай губерні існавала павер’е: калі ў дзень Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце (Нікіфароўскі, 1897).

18/5. Пісаная (Вадзяная) Каляда (Піскуха, Пабед-Каляда) —завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. На сценах будынкаў “пісалі хрэст”, што азначала канец Каляд, “Каляда ад’язджае”. Абедалі і ішлі на работу (Стаўбцоўскі раён).

Трэцяя (апошняя, ваданосная, хрышчэнская, галодная, вадзя­ная, посная) куцця (вадзянка, вадзянуха, вадапосце). Акраплялі вадою будынкі. У Магілёўскай губерні гаспадар “зваў марозе” з лыжкаю куцці:

Мароз, мароз, хадзі куццю есць!

І іржа і бель, хадзіце цяпер!

А ўлетку к нам не бывайце,

Хлеба нашага ня ўбівайце...

(Дэмбавецкі, 1882)

У Віцебскай губерні “прасілі мароза, каб не марозіў грэчку, ячмень, квасулю” (Раманаў, 1912).

У Гомельскім павеце, калі вымалі звараную куццю з печы, усе “кохалі”, як курыца-квактуха. Дзеці залазілі пад стол і там “кохалі” і “кукарэкалі”, маці сыпала ім семкі. Гэта рабілася для таго, каб выводзілася многа куранят, часцей куры нясліся і найболей было іх у гаспадарцы (Раманаў, 1912).

19/6. Вадохрышча (Хрышчэнне, Кшчэнне). Існавалі павер’і аб клопаце пра будучы ўраджай. Лічылася, што зіма павярнула на вясну. “Трашчы не трашчы — ужо прайшлі Вадахрышчы”. Запасаліся свянцонай (“гаючай”) вадою на ўвесь год. У валачоб­ных песнях гаворыцца: “Святое Кшчэнне ваду ксціла, ваду ксціла, свет ачысціла і ваду наверх пусціла”. Высцілалі дарогі елкамі, рабілі крыж з лёду і фарбавалі бурачным сокам.

Народныя прыкметы: снег на Вадохрышча — добра будуць раіцца пчолы і бульбы вырасце многа; зорная ноч напярэдадні — уродзіць гарох і ягады высыплюць густа і буйна; пахмурна ў гэты дзень — чакай ураджаю зерневых, а наадварот — недарод; калі выдасца цёплы дзень, насыпле снегу — хлебная ніва густою будзе, але на капусце шмат вусеняў паселіцца; на Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама (Ляснічы, 1990).

На апошнім калядным ігрышчы ў Магілёўскай губерні спя­валі:

Вы Калядачкі, вы вярніцеся,

На нас, дзевачак, агляніцеся.

Мы Калядачкам нарадзіць будзем.

Да на йгрышчыкі мы хадзіць будзем.

(Дэмбавецкі, 1882)

20/7. Прывадахрышча(Лянівы дзень). Заканчэнне святкавання Каляд.Прыцёк (Прысеча, Іван Прысеча, Іван Хрысціцель) —

царкоўны сабор Іаана Прадцечы. Гавораць: “Іван Прыцік узяў куццю да й уцік”; “Вось сёння Хрышчэнне, заўтра Іван Прычэча і Каляда ўчэча” (уцячэ) (Талстая, 1986). “Святы Іван храсты змываў ... кашу варыў”,— спяваецца ў валачобных песнях. Лічыцца, што можна ўжо прасці (“Тык-прытык кудзелю прывалык”) і выконваць іншыя работы, якія забараняліся на Каля­ды. У многіх мясцінах Беларусі не працуюць, святкуюць.

З таго дня царква раней дазваляла вянчанне, таму да Маслёнкі спраўлялася найбольшая колькасць вяселляў. Пара тая называец­цаМалой вясельніцай.

Малая вясельніца – пара вяселляў. Фальклорны калектыў “Мотальскія суседзі”

 

 

 


Рыхтуецца вясельны каравай

21/8. У некаторых раёнах лічаць гэты дзень, а не мінулы Прысечай і Провадамі Каляд (Провад-Каляда, Адпусціцель). На Віцебшчыне канец святаў называецца Расцвендзень.

24/11. Аксіння. “Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце” (Паўлюкоўскі, 1934).

25/12. Таццяна. Лічыцца заступніцай студэнцтва. Пазначана прыкметай: сонца зіхаціць — на ранні прылёт птушак, а снег — на дажджлівае лета (Ляснічы, 1990).

31/18. Лпанасся (Апанас, Апанасій, Гусінае свята, Гусеўнік).Дзе-нідзе на Беларусі Апанасій лічыўся абаронцам жывёлы ад марозу, а таксама гусіным святам. Гаварылі, нібы апанасаўскія маразы здараліся такія моцныя што ў “быка-траццяка” (трохгод­ка) зрывалі рогі (Раманаў, 1912). І папярэджвалі: “Хавай нос у апанасаўскі мароз”. У Смаленскай губерні існавала прыкмета: калі на Апанаса бывае мяцеліца — чакаецца працяглая вясна і прыйдзецца нават “пунькі памясці” (Цэбрыкаў, 1862). У Магілёў­скай губерні гэты дзень азначаў палову зімы. Калі засталася палавіна корму для жывёлы, то казалі, што яна выжыве да вясны (Дэмбавецкі, 1882).

“С етыва дня гусей кормюць зірнятымі ў абручыку”, — такі звычай быў у беларусаў Смаленшчыны. Яны прасілі аб здароўі жывёлы: “Святы Уласій, Ахванасій, саблюдзі, Божа, красуль нашых” (Дабравольскі, 1894, 1914). Там жа даводзілі: на Апанасся мяцеліца — многа выведзецца гусянят.

 


Люты

Прыйдзе люты — спытае, як ты абуты.

У лютым востры мароз, кароткая зіма.

Люты наробіць плюты.

Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі.

Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца.

Люты раніцай таргуе, а вечарам гаруе.

Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі.

Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі.


Люты — другі месяц года, мае 28 дзён, а кожны чацвёрты год (1992, 1996, 2000 і г. д.) — 29. У старажытнарымскім календары называўся Februarius і быў апошнім, 12-ым, месяцам. Такая назва засталася ў многіх мовах: англійскай — February, нямецкай — Februar, французскай — février, рускай — февраль. У старабе­ларускай мове люты яшчэ меў найменне сьнежын. Сучасная назва яго адлюстроўвае характэрную асаблівасць пары года — месяц моцных і злосных маразоў. Таксама ва ўкраінскай мове — лютий, польскай — luty. Іншыя найменні яго ў чэхаў — únor, у літоўцаў — vasaris.

У старажытнарымскі каляндар фебруарыус быў уведзены ца­ром Нумаю Пампіліем і называўся так таму, што прыпадаў на час правядзення народных абрадаў ачышчэння (фебруары), якія сімвалізавалі абуджэнне прыроды ад зімы. Яны выконваліся і на свята Люперкаліяў (15 лютага), устаноўленае заснавальнікамі Ры­ма братамі Ромулам і Рэмам у гонар бога сялян Люперкуса, апекуна палёў, лясоў і пашаў, заступніка жывёлы (бараніў ад ваў­коў). Святы прызначаліся і той ваўчыцы, што, згодна легендзе, у дні Люперкаліяў карміла малаком Ромула і Рэма, калі дзяцей выкінула на бераг рака Тыбр.

Уводзячы новы месяц на пару дажджоў, Пампілій прысвяціў яго Нептуну — богу і валадару мора і ўсіх падземных і над­земных вод. У старажытных грэкаў гэты месяц адзначаўся так­сама ў гонар бога мора і вады Пасейдона.

Люты — апошні, развітальны месяц зімы, багаты на мяцеліцы, але ўжо больш лагаднейшы за іншыя. Тэмпература паветра ў Бе­ларусі дасягае — 3,6 ... 8 градусаў, днём бываюць адлігі. Таўшчы­ня снегу павялічваецца і складае прыблізна 40 сантыметраў. За 28 сутак дзень прыбывае на І гадзіну і 54 мінуты.

Першыя нашаніўскія беларускія календары давалі сваім чы­тачам цікавыя і карысныя гаспадарчыя парады на люты, накшталт наступных. Аглядайце вашы палеткі, каб на жыце вада не збі­ралася. Можа, дзе каля плоту або каля кустоў намяло шмат снегу, дык вазьміце пару коней і праедзьце разоў са два, каб у тоўстым пласце нарабіць дзірак — тады хутчэй растане. У садку заўважай­це, каб каля дрэўцаў не збіралася вада, бо патрэскаецца кара. Пільнуйце пчолак. Можа, каторым трэба мёду даць, а можа, у якім вуллі мыш завялася, дык пастаўце пастку. Няхай бабы мяняюцца з суседнімі вёскамі пеўнямі і гусакамі. Калі самец з іншага гнязда, дык прыплод будзе лепшы. Аглядайце гаспа­дарчыя прылады — плугі, бароны, калёсы, каб не давялося гэ­тага рабіць, як прыйдзе пара ў поле ісці.

1/19. Ігнат. Беларусы-католікі некалі казалі: “На святога Ігна­та зіма багата, а Ігнат Грамніцам рад” (Паўлюкоўскі, 1934).

2/20. Грамніцы, Стрэчанне — дзень сустрэчы зімы з летам у католікаў і Грамаўніка (язычніцкага бога Перуна). Лічыцца, што ўжо могуць быць грымоты, навальніцы і прайшла палова зімы. Аб гэтым сведчаць прыказкі: “На Грамніцы — палавіна зіміцы”, “Грамніца — хлебу палавіца, а корму траціна”.

На Стрэчанне наглядалі за надвор’ем. Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая й вясна; як на Грамніцы адлі­га — з ураджаю будзе фіга, і інш.

У прыродзе адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць першыя капяжы. “На Грамніцы певень нап’ецца, на Дабравешчанне (Звеставанне) — вол” (Паўлюкоўскі, 1934).

У Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе жывуць пра­васлаўныя і католікі, было пачута, што “паміж польскімі і на­шымі Грамніцамі не трэба снаваць кросны, бо ваўкі будуць сна­ваць каля будынкаў”.

“Люты на парог – зіме збівае рог”

 

5/23. Агата. У гэты дзень свянцілі соль і хлеб. Паводле на родных вераванняў, хлеб мог бараніць ад пажару, перуна і рап­тоўных хвароб, таму і вядома: “Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты” (Беластоцкае ваяводства; Ніва, 1989), а таксама: “Соль святой Агаты бароніць ад агня хаты” (Паўлюкоўскі, 1934; Сахараў, 1937).

6/24. Аксіння (Ксеня, Аксені). Называлі яшчэ Аксінняй Паўзіміцай, бо дзяліла зіму папалам. У Заходнім Палессі гавораць: “Белі на Оксэні Мэтэ, то весь корм падмэтэ — зыма шчэ будэ” (Талстая, 1986).

Дарота. “Па Дароце высахнуць хусты на плоце” (Б. с. к., 1937).

7/25. Лічылася, калі нечакана пасля Стрэчання, 7 лютага, загрыміць гром, дык прападуць пожні (Паўлюкоўскі, 1934).

9/27. Іван Залатавус. У народным календары гэты дзень за­мацаваны за Іванам Залатавусам, а не за Іаанам Залатавустам, як у царкоўным. Згодна легендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысці­целю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзна­чалі толькі адзін раз у чатыры гады — 29 лютага па старым стылі. А Івану Бог падараваў залатыя вусы (Раманаў, 1891). Івана Залатавуса святкуюць і ў іншыя дні года.

11/29. Ігнат. Праз некалькі дзён наступяць Грамніцы, а Ігнат іх сустракае, таму і кажуць у народзе: “Ігнат Грамніцам рад”.

12/30. Тры свяціцелі. У народзе яшчэ называюцьВасілля да Рыгора. У царкоўным праваслаўным календары — дзень Трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста. У гэты прысвятак не пралі (Раманаў, 1912).

13/31. У некаторых раёнах перад Грамніцамі адзначаліСтрэчаньскія Дзяды (Талстая, 1986).

14/1. Трыфан. Назіралі за прыродай, зоркамі. “На Трыфана зорна — вясна позняя” (Паўлюкоўскі, 1934). Гэты ж дзень — іГрамнічны бацька, бо заўтра ўжо Грамніцы. Да іх рабілі свечкі з асенняга воску. У Віцебскім і Полацкім паветах у апош­нюю суботу перад Грамніцамі рыхтавалі “ахвярныя” грамніч­ныя свечкі са свайго воску (Нікіфароўскі, 1897).

15/2. Грамніцы (Грамнічнік, Стрэчанне, Устрэчанне) — дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і “жывога агню”, што, па­водле язычніцкіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У хрысціянскі перыяд васковыя свечкі пачалі асвячацца ў царк­ве. Яны захоўваліся ўвесь год. На Грамніцы беларусы выпальва­лі “крыжы” (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры да­памозе якіх раней здабывалі “жывы агонь”) на будынках, каб зберагчы жытло ад нябесных стыхій (дажджу, маланкі); крыжа­падобна засмальвалі валасы на галовах дзяцей і на жывёле, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Для гэтых мэт грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах. Іх запальвалі пры грымотах, калі выганялі кароў вясною, на засеўках, сустракаючы нованароджа­нага, у вясельных абрадах; клалі ў рукі нябожчыку (Крачкоў­скі, 1874; Шэйн, 1887). Па стану надвор’я ў той дзень вызначалі будучае. Казалі: калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы; як на Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён; калі снег перамятае цераз дарогу, то чакаецца позняя вясна (Дабравольскі, 1914).

 

Прыгадалася былое… За кроснамі – ткалля з вёскі Слабодка Браслаўскага раёна Мальвіна Чарнамордая

У народных песнях гаворыцца:

Святыя Грамніцы свечкі сукаюць,

Свечкі сукаюць, на прыстаў стаўляюць.

У гэты дзень спявалі першую вяснянку:

Зіма з летам сустракалася,

Пра здароўейка пыталася.

(Гомельскі раён)

А ў нас сёння Стрэчанне,

Стрэчанне, Зіма з летам стрэлася, стрэлася,

І ножачку звіхнула, звіхнула.

Зіма пайшла плачучы, плачучы,

Лета пайшло скачучы, скачучы.

(Талачынскі раён)

Е. Раманаў лічыў, што назва Грамніцы ўзята ад католікаў, ці, што найбольш верагодна, ад уніятаў. У царкоўным пра­васлаўным календары — святаСрацення.

Са Стрэчання падумваюць ужо пра вясну. Кажуць: “Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы”. Іншы раз, праўда, даводзіцца пераконвац­ца ў справядлівасці і такой прымаўкі: “Грамніцы — зімы палаві­ць!”. Ва ўсякім выпадку ў некаторых мясцінах усе, хто хадзіў на заробкі, да Стрэчання спяшаліся вярнуцца назад, і гаспадары па­чыналі рабіць, аглядаць, рамантаваць, прылады, патрэбныя для вясновых заняткаў (Ашмянскі павет; Крачкоўскі, 1874).

18/5. Агата — прысвятак. Асвячалі хлеб з соллю, які затым на­тыкалі карове на рогі, каб не баялася ўрокаў. Хлеб той нібы дапамагаў таксама адводзіць пажар (Берман, 1874).

19/6. Бакулы. На Палессі лічылася, што Вакула ахоўваў ад ператварэння ў ваўкалакаў (Зяленін, 1915). Аб існаванні легенд пра гэтых пярэваратняў пісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. Магчыма, царква прыстасавала да язычніцкага свята ўшанаванне памяці Вуколы, епіскапа Смірнскага.

22/9 Пятро.З прысвяткам звязана прыкмета: калі на Пятра цёпла — зіма працягнецца да Вялікадня (Васілевіч, 1991).

23/10. Прохар. Заўважалі, што ў гэты дзень ласі скідаюць рогі, бліжэй становіцца да вясны. “Прыйшоў Прохар ды Улас — скора вясна ў нас” (Васілевіч, 1991).

24/11. Аўлас (Улассе, Уласце, Улас). Лічыўся святам жывёлы, “каровіным і конскім”. У адрозненне ад Валосага, Крывога чац­вярга, які бывае на Масленічным тыдні, Аўлас мае сталае месца ў календары. Магчыма, царкоўнікі, каб адцягнуць увагу ад язычніцкага культу Воласа-Велеса, увялі па сугуччы на гэты дзень адзначэнне святога Уласія Севасційскага.

На Аўласа таксама наглядалі за надвор’ем. Верылі, што каля свята сем маразоў: тры напярэдадні, адзін на Уласа і тры пасля яго (Паўлюкоўскі, 1934).

Каб адпудзіць ласку, якая нібы псавала жывёлу ў адрыне, сяляне вешалі пад столлю забітую варону. На Смаленшчыне спявалі:

Ты, Улас, Улас,

Ты найміся ў нас

Скату пасцівіць!

Нашы каровачкі

Каля дубровачкі,

Нашы авечкі

Каля рэчкі,

Нашы свіначкі

Каля асіначкі,

Нашы козачкі

Каля лозачкі.

(Дабравольскі,1903)

У каталіцкіх раёнах Беларусі на гэты дзень прыходзіцца пры­святак Мацей. Прыказкі гавораць: “На Мацея дарога пацее” (Берман, 1873; Паўлюкоўскі, 1934), “Калі на Мацея длонь спацее, то прадбачыцца добры год” (Свіслацкі раён). Нездарма яго назы­валі яшчэ Сухім днём.

26/13. Фаціння. Лічылася заступніцай ад ліхаманак, трасцы (Раманаў, 1912; Паўлюкоўскі, 1934).

* Дзедаў (Памінальны, Усяедны) тыдзень (Памінальніца) —перадапошні тыдзень Мясаеда (трэці ад канца) перад Вялікім по­стам, прысвечаны памяці памёршых продкаў, “дзядоў”. Асаблі­ва ўрачыста адзначалі ў пятніцу і суботу. Не працавалі, каб не шкодзіць “мёртвым душам”. У царкоўнікаў гэта быў тыдзень Мытара і Фарысея (за 10 тыдняў перад Вялікаднём).

Пра снежныя завеі ў пачатку тыдня на Гомельшчыне га­варылі: “Ета Усяедная ў госці едзя!”, а ў канцы тыдня: “Ета із гасцей Усяедная едзя!” (Раманаў, 1912).

Вельмі шмат прыкмет і прымеркаванняў звязвалі з Усяедным тыднем смаленскія беларусы. Лічылася, калі “вея” (мяцеліца) была ў нядзелю, то авёс неабходна сеяць на дзевятым тыдні; калі ж у панядзелак, то — на восьмым; а калі ў сераду і чац­вер, то пакідалі “дзісяцінкі дзве”. І наогул, калі надарылася вялікая мяцеліца на тыдні, то авёс трэба сеяць раней (Дабра­вольскі, 1894).

* Папелец — серада сёмага тыдня перад Вялікаднём (46-ы дзень), пачатак Вялікага посту ў католікаў. Свенціцца попел вяр­бы, якая была пасвенчана ў мінулым годзе на Вербнай нядзе­лі, і пасыпаецца на галаву ў знак божых пакут.