Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Ві­цебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912). 2 страница

Тых жа абрадаў прытрымліваюцца ў лазнях таксама і ў іншыя дні.

У Чысты чацвер нікому нічога не дадуць, асабліва агню, падазраючы, што просячы прыйшоў з прыхамаццю, г. зн. са злымі намерамі.

Калі ў Чысты чацвер бывае вецер, то будзе ён да самага Узня­сення; калі добрае надвор’е, то да згаданага дня чакаюць такое ж.

Свечка, з якой стаяць у той дзень у царкве, называецца “стрэстнаю” і захоўваецца для розных выпадкаў. Яе запальваюць у час моцнай навальніцы, пры хваробах абкурваюць людзей і жывёлу, а таксама пчол, перасцерагаючы іх ад нападзення іншых пчол. Кажуць, нібы ў Чысты чацвер сходзіць на зямлю Ісус Хрыстос і па гэтым вераванні пякуць асобны хлеб, які называюць “стульце” (Дабравольскі, 1914).

28/15. Пуд. На Смаленшчыне зазначалі: Руф рушыць, а Пуд так “пугне” снег, што яго не застанецца ў равах (Пабрыкаў, 1862).

*Чырвоная (Вялікая, Велікодная) пятніца— дзень на Верб­ным тыдні. Рыхтаваліся да вялікага свята. Пасцілі шчырым пос­там, толькі сыту з мёду пілі (Лельчыцкі раён). На Смаленшчыне сеялі гарох, каб добра ўрадзіў (Дабравольскі, 1914).

29/16. Арына. Прысвятак, які атрымаў жаночае імя, арыен­таваў сялян у тэрмінах пасадкі на агародзе. “На Арыну сей капус­ту на расаду” (Б. с. к., 1937).

*Красная (Велікодная, Вялікая) субота (Таўкушчы дзень)— апошні дзень перад Вялікаднём. Пяклі пірагі, фарбавалі яйкі цыбульнікам ці васковымі жамерынамі (васкадавам). На Мазыр­шчыне фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хто-небудзь з родных паміраў у годзе, дык — у чорны ці які іншы. Хадзілі на могілкі прыбіраць. Палілі кастры. Усю ноч у хатах гарэла святло.

30/17. Зосім. Згодна народным паданням, гэта ахоўнік пчол (Цэбрыкаў, 1862; Дабравольскі, 1891; Раманаў, 1912). Ён упамі­наецца ў многіх пчаліных замовах.

Андрыянава ноч (Андрэй). Вядома ў некаторых раёнах Палес­ся як ноч дзявочых гаданняў і варажбы пра замужжа. Гадалі на канапляным семені, якое пабывала ў царкве. Прасілі ў Андрыяна, або Андрэя, каб прысніўся той, з кім дзяўчына будзе “у пары на вясне”. “Святы Андрэю, канапелькі сею” (Слуцкі павет; Сержпу­тоўскі, 1930).

Вялікдзень у Моталі

“Святое Вялічка ды гуляць вяліць з красным яечкам…”

* Вялікдзень (Вялігдзень, Вялікадзень, Вялічка, Пасха) — вялікае гадавое вясновае свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Як ужо згадвалася, ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухо­мым” пасхальным календары. Свята пачыналася “ўсяночнай”. З Краснай суботы на нядзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, некаторыя шукалі папараць-кветку, у царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мя­са і інш. Раніцай хадзілі глядзець “гульню” сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі “ў біткі”, качалі іх, гушкаліся на арэлях, вадзі­лі карагоды.

У валачобных песнях, якія выконваліся на Вялікдзень, гаварылася:

Старым і малым яечкі качаць,

Яечкі качаць, святцаў праважаць.

А гэта святца адзін разочак у гадочак…

А таксама:

Святое Вялічка ды гуляць вяліць

Малым дзеткам з красным яечкам,

Старым мужам — мужжываннейка,

Старым бабкам — пагуканнейка,

Маладым малайцам — паляваннейка,

Маладым паненкам — пагуляннейка…

Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля.

На Случчыне дзяўчаты скакалі цераз сані. “Каторая, пера­скакваючы, упадзе, тая застанецца старою дзеўкаю дзеваваць” (Сержпутоўскі, 1930). У некаторых раёнах Гомельскай вобласці “вадзілі стралу”.

*Каталіцкая Пасха. Звычайна бывае раней праваслаўнай (гл. дадатак). На Шуміліншчыне гавораць: на каталіцкую Пасху і ў суботу перад ёю нельга садзіць бульбу, бо завядуцца чэрві.

БІЦЦЁ І КАЧАННЕ ЯЕК

Сустракаючыся, адзін пытаецца ў другога: “Будзем біць яйкі?” “Будзем,— адказвае той,— дай найперш пакаштаваць” (г. зн. паспрабаваць). Яны мяняюцца яйкамі і спрабуюць іх асця­рожна на зубы. “Нешта, брат, тваё дужа крэпкае ці ж фальшы­вае”.— “А тваё яйка крапчэй, давай мяняць”.— “Не, не хачу, будзеш бітца по сабе” (г. зн. не мяняючыся).— “Ну, будзем, дзяржы”.— “Не, ты дзяржы”. Пачынаюць спрачацца, каму тры­маць яйка і каму біць. Нарэшце, адзін згаджаецца, а другі б’е. Чыё яйка разбілася, той прайграў і павінен аддаць яго таму, хто пабіў.

Мяшчане вялікія аматары да гэтай забавы, і, бывае, хто-не­будзь у дзень прайграе ці выйграе сто яек і больш. Каб мець поспех у той справе, многія перад святам набываюць і фарбуюць яйкі цясарскіх кур, вельмі моцныя, і плацяць па 50 к. за адно і даражэй. Некаторыя па-майстэрску ўмеюць рыхтаваць так званыя “наліванкі”, г. зн. для моцы шкарлупы ўліваюць у яйка воск, волава і інш. Аднак калі адкрываецца такая падробка, то ў ілгуна не толькі забіраюць усе пабітыя ім яйкі, але нават зрываюць шапку з галавы, топчуць яе нагамі і пагражаюць, што “дадуць яшчэ і па патыліцы” (па шыі).

Выйграныя яйкі, разбітыя з двух бакоў, называюцца “шупі­камі”, імі зноў гуляюць, іх качаюць. Цэлыя яйкі шкадуюць качаць, таму што яны псуюцца і бываюць непрыгоднымі для біцця. А “шупікі” ўжо больш ні для чаго не спатрэбяцца, як толькі для качання і ежы. Для качання яек ставіцца на роўным месцы пад схіл лубок або невялікая дошчачка і кожны па чарзе пускае па ёй сваё яйка. Якога ён дакрануўся сваім, тое выйграў (Дэмбавецкі, 1882).

“ЯЙКА ПАД ШАПКАЙ”

Гуляюць так. Адзін бярэ яйка і кладзе яго пад шапку ўдоўж або ўпоперак — гэту тайну трэба адгадаць. Другі паверх шапкі кладзе палачку, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка. Калі палачка будзе размешчана правільна, загадка, значыць, адгадана, і той, хто ад гадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае сваё (На­вагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874).

ГУЛЬНЯ У ТУРА

Дзяўчаты, узяўшыся за рукі, утвараюць вялікі круг, які на­зываецца “горадам”. Дзве становяцца ўнутры круга, дзве — па-за ім. Першая і другая пары бяруцца за стан, як у польцы, і пачына­юць хадзіць уздоўж круга ў супрацьлеглыя бакі, пры гэтым па чарзе спяваюць наступную песню.

Адразу ўсе дзяўчаты хорам:

А Тур сваі жаночкі лычыць,

А Тур сваі маладэнькі.

Нашчо, Туру, жаночкі лычыш?

Нашчо, Туру, маладэнькі?

Пара ўнутры круга:

Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,

Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.

Пара па-за кругам:

Чаго, мыла, да саду ходыла?

Чэрэшнёвы квіты ламала.

Нашчо, мыла, квіты ламала?

Паповычу-дзяковычу за шапачку клала,

Паповычу-дзяковычу маладэнькаму.

Нашчо, мыла, за шапачку клала?

Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,

Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.

А дэ, мыла, каня падзіла?

Ой аддала пановычу,

Пановычу-дзяковычу маладэнькаму.

Нашчо, мыла, пановычу дала?

Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,

Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.

Песня паўтараецца з 15-га па 20-ы радок уключна з заменаю слова “каня” словамі “ўздэчку, сядло, шапку, сюрдук, пояс і чобуты”, а затым працягваецца:

А дэ, мыла, кашу падзіла?

Выкінула пад прыпечак.

Нашчо, мыла, кашу выкідала?

Жэб не було мылому істы.

Далей спяваецца на іншы матыў. Пара па-за кругам:

А я перстэнь пакачу,

Так і жону ізышчу.

Пара ў крузе:

А мы перстэнь зловымо,

Так і жоны нэ дамо.

А я мост ізмашчу,

Так і жону ізышчу.

А мы мост зломымо,

Так і жоны нэ дамо.

А мы хліба напеком, так і жону отберым.

А мы хліб ізьімо, так і жоны нэ дамо.

Мы горылкі нажэнім, так і жону отберым.

Мы горылку вып’емо, так і жоны нэ дамо.

А мы пыва нажэнім, так і жону отберым

А мы пыво вып’емо, так і жоны нэ дамо.

А мы мэду нажэнім, так і жону отберым.

А мы мэд вып’емо, так і жоны нэ дамо.

А мы выно вып’емо, так і жоны нэ дамо.

А мы дзёгцю нажэнім, так і жону отберым.

А мы дзёгоць выльемо, так і жоны нэ дамо.

Увесь хор:

А Тур жону спуйніў, з ёю шкуру здоніў.

Пры апошнім куплеце дзяўчаты, якія хадзілі ўнутры круга, выбягаюць адтуль, а каторыя звонку, іх ловяць. Гэтым гульня заканчваецца (Бельскі павет; Машкоў, 1894).

Працяг *Велікоднага тыдня. Нядзеля, панядзелак, аўторак называліся Вялікімі. Не працавалі, не гулялі. У валачобнай песні гаворыцца:

Першы дзень пірагі маюць,

А сярэдні дзень пагуляюць,

А паследні дзень выпраўляюць.

У большасці раёнаў Беларусі хадзілі валачобнікі. Спявалі песні гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы і інш.


Травень

 

У травень будзе мужык управен.

У май каню сена дай, а сам на печ уцякай.

Май — жывёлу ў поле пхай.

Май зямлю грэе, а сіверам вее.

Май халодны — не будзеш галодны.

Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Мокра ў маі — будуць пышныя караваі.

Як у маі суха, то падцягвай бруха.

Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы.

а як у маі — будзе і ў гультая.

Майская трава галоднага корміць.

Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю.

Май — і пад кустом рай.

Май халодны, год хлебародны.


Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавя­дае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова “трава”, бо ў гэтым, пятым месяцы года зямля пакрываецца зелен­ню. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмо­вых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май — адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова такса­ма ў нямецкай і французскай мовах — mai, англійскай — may, польскай — maj, венгерскай — május, рускай — май і інш.

Рымляне прысвячалі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вя­сны быў звычай садзіць дрэва, што называлі “маем”. У славян, у тым ліку беларусаў, захаваліся абрады з “маем” на Сёмуху. Па­добны ў нас і старажытных рымлян і абрад ўшанавання памяці нябожчыкаў. У рымлян ён выконваўся 9 мая.

Католікі прысвячаюць май Божай Маці — Марыі. Штодня ў касцёлах адбываецца так званае маёвае набажэнства. Фігура Бага­родзіцы ўсюды, дзе яна ўстаноўлена, упрыгожваецца.

Май, працягласць дня ў якім павялічваецца на 1 гадзіну і 42 хвіліны, з’яўляецца найпрыгажэйшай парой года. Цвітуць бяро­за, клён, чаромха, наогул усе дрэвы і кусты. Паплавы і паляны пакрываюцца кветкамі. Прырода напаўняецца спевамі птушак, што паспелі ўжо вярнуцца з выраю. З’яўляецца шмат насякомых, майскія жукі захопліваюць зялёналісцевыя дрэвы.

На палях рунеюць азімыя, узыходзяць яравыя. Калі пайшла ў трубку пшаніца, можна сеяць кукурузу і іншыя цеплалюбівыя культуры. Народная прыкмета перасцерагае: нельга сеяць пша­ніцу раней распускання дубовага лісця. А як на дубе апушылася першая макаўка і раскрываецца бярозавы ліст — лепшая пара для сяўбы аўса.

У залежнасці ад надвор’я, адпаведных прыкмет, бульбу садзілі ад першага дня месяца і да Міколы; калі ж чакалася вільготнае ле­та, то загортвалі яе не глыбока. Пры пасадцы агародніны звяралі­ся з месяцавым календаром: спрыяльная пара — поўня. У зама­разкі — а гэта звычайная з’ява для мая — расаду накрывалі рыз­зём, паблізу садовых дрэў ставілі посуд з вадою, наладжвалі дым­ныя кастры.

Высвяціла сонейка драўляныя карункі. Рэзчыкі па дрэве з Веткі Барыс Міхаленка, Пётр і Леанід Грыбоўскія

1/18. Кузьма. Гэты прысвятак, як і многія іншыя ў календары, служыць арыенцірам для селяніна ў выкананні розных работ. “У дзень святога Кузьмы сеюць моркву і буракі” (Паўлюкоўскі, 1934). На Паазершчыне гаварылі: “Май Кузьма з морквінай суст­ракае, а Пахом з гурком праводзіць” (Ляснічы, 1990). Тут таксама садзілі часнок і іншыя караняплоды. Прычым стараліся тое ра­біць у поўню, бо лічылі, што ў такім выпадку гародніна пойдзе не ў траву, а ў корань.

Пачатак *Праводнага (Вархушына, Мёртвага) тыдня (Прова­ды). Серада пасля Вялікадня. У Драгічынскім раёне пасля работы вечарам зіму “ганілі”; на Піншчыне кідалі шкарлупінне з яек на ваду і спявалі: “Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела”; кідалі чырвоныя яйкі або камяні на поўнач, на вароты са словамі: “Пошла, зіма, до Кіева, а нам лето покінула” (Талстая, 1986).

Добрай хаце – прыгожая аздоба. Веткаўскі майстар. Андрэй Кушняроў

Птушка надзеі. Народны майстар з Барысаўшчыны Міхаіл Ржэвускі

*Людавы дзень —чацвёрты дзень святкавання Вялікадня. Білі і качалі яйца з лубкоў. Гушкаліся на арэлях (Віленская губер­ня; Кіркор, 1882).

*Градавая серада. Серада на Велікодным тыдні. Не працавалі, каб летам поле не пабіў град. Праводзілі абрады каля студні.

*Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялік­дзень, Бабскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі чацвер).Чацвер на Велікодным тыдні, дзень памінання на могілках памерлых. Парадкавалі магілы, вешалі новую хусцінку ці стужку на крыж. Рассцілалі на магілах ручнікі, палатно і выс­таўлялі яду. Пасля памінання пакідалі чырвонае яечка, хлеб і інш. У Кобрынскім раёне расказваюць: “У нас колыся купалы (аблівалі вадою.— А. Л.) на Вэлыкдэнь дэвок, а у чатвэр — дэўкі хлопцаў” (Талстая, 1986).

5/22. Ляльнік. Свята заклікання вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую сяброўку, апра­налі ў белую кашулю, упрыгожвалі зялёнымі галінкамі, вянком з кветак і саджалі сярод малочных пачастункаў. Вадзілі каля яе ка­рагоды і спявалі:

Благаславі, маці,

Ой, Лада, маці!

Вясну заклікаці...

ЛЯЛЯ

Беларусамі яна ўяўляецца ў выглядзе маладзенькай, прыго­жай, прывабнай, высокай дзяўчыны. Святкаванне ў гонар яе бы­вае напярэдадні Юр’ева дня. Звычайна гадзіны ў тры па полудні на чыстым лузе (а іншы раз каля хаты ў агародзе) збіраецца ка­рагод маладых дзяўчат. Выбраўшы сабе сяброўку, што ўпаўне адпавядае іх паняццю пра Лялю, карагод беларусачак апранае яе ў доўгі белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан усякай зе­ленню, а на галаву кладзе вянок з розных вясновых кветак. У та­кім уборы саджаюць дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку стаяць гладыш з малаком, масла, яйкі, смятана і сыр, а з другога — хлеб; ля ног Лялі ляжаць некалькі вянкоў з зелені, адпаведна ліку дзяўчат з карагода. Затым, узяўшыся за рукі, карагод дзяўчат скача вакол Лялі і спявае ў гонар яе песню. Яна завяршаецца наступнаю просьбаю:

Дай нам жытцу

Да пшаніцу,

У агародзе —

Сенажаць,

Поўны грады,

Роўны зрады.

Напеў песні працяглы і яе спяваюць вельмі доўга, пасля кож­ных вершаў (двух радкоў.— А. Л.) выгукваюць: “Ляля, Ляля, на ша Ляля!” Закончыўшы танцы і спевы, карагод сядае ля ног Лялі і зноў пачынае:

Наша Ляля, Ляля

Нас корміць зусім,

Каб з вясны на лета

Усё, што тут гэта,

Гадавала заўсім.

Ляля, Ляля,

Ой да Ляля, Ляля!

Тут Ляля раздае ўсім па чарзе малако, масла, сыр і г. д., пакуль, урэшце, нічога не застанецца. Пасля дзяўчаты ўстаюць і зноў скачуць вакол яе, прыпяваючы тую ж песню. У час скокаў і песні Ляля бярэ вянкі і кідае на танцаўшчыц да таго часу, пакуль кож­ная не схопіць па аднаму. Гэтыя вянкі дзяўчаты берагуць да наступнай вясны, а некаторыя, у выпадку замужжа — і больш, іншы раз усё жыццё, як нешта запаветнае, святое. Па заканчэнні цырымоній некалькі дзяўчат бяруць Лялю пад рукі, у суправаджэнні астатніх праводзяць яе з дзярновай лаўкі і, спяваючы ранейшыя песні, вядуць дамоў. Саван і зелень, у якія была апранута Ляля, хаваюць да другой вясны (Драўлянскі, 1846).

Юр’е на Гродзеншчыне

6/23. Юрый (Ягорый, Юр’е-Ягор’е, Частны Леса). Даўняе зем­ляробчае свята першага выгану кароў. Юрый (Ягорый) — апякун жывёлы і земляробства (у хрысціянскі перыяд замяніў Ярылу).

У дахрысціянскую эпоху на Смаленшчыне мела яшчэ назву “Чэстной Леса”. Частны Леса — цар над усімі лесунамі, і ў гэты дзень яму прыносілі ахвяраванні (“клалі адносы”), каб ён збера­гаў жывёлу ад ваўкоў. У беларусаў, папярэднік Юрыя (Ягорыя) уяўляўся то ў выглядзе дзеда, то ў выглядзе белага воўка (Дабра­вольскі, 1914). Пра свята гаварылі: “Да Юр’я корму і ў дурня”, “Юр’ева раса — не трэба каням аўса”. Статак выганялі вербнай галінкай на “юраўскую расу”, шапталі замовы, абкурвалі кароў купальскімі зёлкамі. З пастухамі праводзілі абрадавыя часта­ванні. У Шумілінскім раёне “замочвалі” даёнкі. Коням стрыглі хвасты і грывы. Хадзілі аглядаць палі, закопвалі на ўзмежках рэшткі рытуальнай стравы (ахвяра духу зямлі), насілі на рунь каравай. Качаліся па ніве, каб зямля радзіла і давала здароўе. На Усходнім Палессі бытаваў так званы Тураўскі карагод, з якім моладзь абходзіла двары гаспадароў і кіравалася ў поле. Там на­сілі каравай, спявалі. У гэты дзень вадзілі і іншыя карагоды. Вечарам спявалі юр’еўскія песні — пра тое, як Юрый адмыкае зямлю ключамі, выпускае расу і вясну:

А ўзяў ён ключы залатыя,

Адамкнуў зямлю сырусенькую,

Пусціў расу цяплюсенькую.

На Белую Русь і на ўвесь свет.

Юр’еўскія песні спявалі да Міколы. У Гродзенскай губерні сяляне аглядалі азімыя з караваем. Качалі яго па полі. У Гомель­скім павеце сярод дзяўчат быў звычай “юрыцца” (выбіралі сяб­роўку на ўвесь год, мяняліся хусткамі, смажылі яешню пад бяро­замі). Ён нагадвае абрад “кумлення”, які праводзіўся ў іншых рэгіёнах на Сёмуху. Са святам звязана шмат прымавак: “На годзе ёсць два Юр’і ды абодва дурні: увосень — халодны, а ўвясну — галодны”; “Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода”; “Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс”; “Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня”; “Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры”; “Юры сказаў: “Жыта ўраджу”, Мікола адказаў: “Пажджы, пагляджу”.

У некаторых паўднёвых раёнах “вадзілі стралу”.

ТУРАЎСКІ КАРАГОД

...У гэты дзень наладжваецца моладдзю досыць арыгінальнае шэсце. У ёй галоўную ролю выконваюць дзяўчаты. Яны з’яўляюц­ца на свята ў лепшых сваіх святочных вопратках, што складаюцца звычайна з шарсцяной спадніцы хатняй работы, гарсета з пакуп­ной тканіны; сукенкі і фартухі бываюць рознакаляровыя, з перавагай, аднак, чырвонага колеру; на шыі пацеркі шкляныя, таксама рознакаляровыя, каралавыя і бурштынавыя, якія іх баць­кі прывозяць з Кіева. Сабраўшыся ў больш прасторную хату ад­ной з удзельніц шэсця, вядома па ўзгадненні з бацькамі, дзяўчаты з вясёлым гоманам і шумам пякуць з пшанічнай мукі пірог, ро­бяць з вялікай галіны і чырвонага кумача харугву і ўтыкаюць яе ў пірог. Затым высыпаюць на вуліцу, дзе іх чакаюць хлопцы, што таксама апрануты па-святочнаму. Перагрупаваўшыся ў два гурты, уся кампанія пры першых словах адпаведнай песні выступае ў па­ход у такім парадку: уперадзе першага гурту, які складаецца з ад­ных дзяўчат, ідзе хлопец з пірагом і харугвай (іншы раз пірог нясе асобна другі хлопец); за імі следам рухаецца гурт з адных толькі хлопцаў. Такім чынам шэсце павольным крокам праходзіць усю вёску з канца ў канец, спяваючы:

Ідзе, ідзе карагод, карагод,

Усе дзевачкі напірод, напірод,

А хлопчыкі за намі,

Моргаючы очамі.

Ото ж карагод,

Ото ж ваявод.

У нашаго карагода

Быў сын ваявода.

Гдзе карагод ходзіць,

Там жыто родзіць,

А гдзе карагод не бывае,

Там жыто вылегае.

У нашаго карагода

Быў сын ваявода.

Ідзе, ідзе карагод,

Усе дзевачкі напірод,

А хлопчыкі за намі,

Моргаючы очамі.

(Мазырскі павет; Шэйн, 1902)

“Ідзе, ідзе карагод, карагод…”

ГУЛЬНЯ ПАСТУХОЎ НА ЯГОР’ЕЎ ДЗЕНЬ

...Пастух вызначае, каму з падпаскаў быць “зайцам”, каму — “сляпым”, каму — “кульгавым”, каму — “замком” і каму — “калодай”, расстаўляе іх усіх вакол статку. Пасля гэтага бярэ прыгатаваную яешню і ідзе з ёю да “зайца”, пытаючы:

— Заяц, заяц, ці горкая асіна? Той адказвае:

— Горка!

— Дай Бог, каб і наша скацінка для звяроў была горка! Звяртаецца да “сляпога”:

— Сляпэй, а сляпэй, ці бачыш ты? Сляпы адказвае:

— Ня бачу!

— Дай Бог, каб і нашу скацінку ні бачыла звярынка! Далей пытае ў “кульгавага”:

— Храмэй, а храмэй, ці дайдзеш ты? У адказ:

— Ні дайду!

— Дай Бог, каб і звярынка ні дайшла да нашый скацінкі! Затым пастух пытае ў “замка”:

— Замок, а замок, ці разамкнешся ты? “Замок” адказвае:

— Не, ні разамкнуся!

— Дай Бог, каб у звера ні разамнуліся зубы ля нашый скацінкі. Нарэшце пастух падыходзіць да “калоды”:

— Калода, а калода, ці пувярнешся ты? Тая кажа:

— Ні пувярнуся.

— Дай Бог, каб і звер к нашый скацінкі ні пувярнуўся! Такім чынам пастух тры разы абходзіць статак. Пасля гэтага ўсе дзеючыя асобы сядаюць і з’ядаюць яешню, а затым, трохі счакаўшы, але задоўга да вечара, гоняць жывёлу назад у вёску, дзе ўжо на вуліцы пачынаюцца танцы, як на Радаўніцу (Дабравольскі, 1903).

7/24. Алісей, Аўсей. “Прыйшоў Алісей — авёс пасей” (Паўлюкоўскі, 1934). Больш дакладныя тэрміны сяўбы давала народная мудрасць (гл. таксама 20 мая, 7 чэрвеня): “Сей авёс, як камары з’явяцца”. “Калі цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень: не за­станешся пакрыўджаным” (Ляснічы, 1990).

*Праводная (Прабудная) нядзеля (Провады).Нядзеля пасля Велікоднага тыдня, на якой праводзілі Вялікдзень і зіму ў не­каторых раёнах Палесся. На Піншчыне гаварылі: “А ну, зіма, до Бучына, ужэ ты нам надокучыла. А ну, зіма, до Пэтрава, ты нам допэкла”. Кідалі пасталы ў агонь і скакалі праз яго. На Століншчыне вечарам або на наступны дзень качалі яйцо качаргою, прыказваючы: “Ідзі, зіма, до Кучэва, ужэ ты нам надокучыла. Ідзі, зіма, до Кракова, прыйдзеш до нас одзінакова” (Талстая, 1986). У Лельчыцкім раёне “рэзалі хвасты” каровам, замыкалі ад­рыну, каб “змей не зайшоў”. Хадзілі на могілкі памінаць родзі­чаў. У Ельскім раёне лічаць нядзелю Радаўніцай, а аўторак — Провадамі Радаўніцы. Провады Вялікадня могуць быць і ў паня­дзелак.

“Радаўніца” – сталы засцілаць, дзядоў памінаць”

8/25. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава, вырасце як лава” (Паўлюкоўскі, 1934).

*Радаўнічныя (Радунічныя, Радасныя) Дзяды.Звычайна адз­началіся ў панядзелак перад Радаўніцай. Называліся яшчэ Жывой радаўніцай у адрозненне ад Мёртвай у аўторак (Крачкоўскі, 1873).

Радаўніца (Радуніца, Провады, Праводная ці Мёртвая радаў­ніца, Мёртвы дзень, Праводны дзень) — аўторак другога (Фамінога) тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памёршых на могілках. Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць: “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. У вала­чобных песнях пяецца:

Радаўніца —

Сталы засцілаць,

Дзядоў памінаць...

Радаўніца

Бараніць

Чыста поле

Яравое

Да й раўнуіць..,

Каб зберагалася збожжа ў гумне, у Свіслацкім раёне цераз яго кідалі тры разы яйка, якое прытым не разбівалася.

* Дзяды. Аўторак на другім тыдні пасля Вялікадня.У Хойніц­кім раёне праводзілі “чытвёртые дзіды” на годзе (Талстая, 1986).

Бабскія розбрыкі. Аўторак або чацвер пасля Юр’ева дня. Рытуальны дзень скокаў жанчын, якія нібы садзейнічалі ўрадлі­васці зямлі і плоднасці жывёлы. Качаліся і куляліся па ніве, падскоквалі, імітуючы рухі жывёл (Талстая, 1984).

10/27. Праводзіўся абрад выезду ў полеЯрылы. У поле выпраў­ляўся на белым кані малады прыгожы хлопец у белай вопратцы, такім жа плашчы-накідцы, на галаве — вянок, у руцэ — пук жыт­нёвых каласоў. Дзяўчаты вадзілі вакол яго карагоды, спявалі:

Валачыўся Ярыла

Па ўсяму свету.

Полю жыта радзіў,

Людзям дзеці пладзіў.

А дзе ж ён нагою,

Там жыта капою.

А дзе ж ён ні зірне,

Там колас зацвіце.

Ярылавіца (Красная Горка). Язычніцкае свята ў гонар вяснова­га культу. “На Красную Горку,— як заўважыў І. Сербаў,— “сакуны” (беларусы, што ў дзеясловах ужываюць часціцу -са замест -ся.— А. Л.) гушкаюцца на арэлях і спяваюць “Ярыловіцу і валялём”:

Валялём!

Ды на вуліцы

Ярыловіца, валялём!

Ой, цяжка хлопцам —

Пятровіца.

Да судзі ж, Божа,

Пятра даждаць,

Хлеба нажаць...

Мусіць, святкаванне Ярылавіцы было на Праводным тыдні і яшчэ некалькі дзён пасля, як і Красная Горка, але да Пятроўкі (з 26 чэрвеня).

11/28. Дзень Пранціша. У Заходняй Беларусі існавала прык­мета: 11-га мокра — усё лета мокрае, а суха — усё лета сухое (Б. с. к., 1937).

13/30. Якуб. “На Якуба грэе люба” (Паўлюкоўскі, 1934). Прад­казвалі, якое будзе лета. Карысталіся дзедаўскімі прыкметамі: калі сонца ўзыйдзе ясна — чакаецца сухое лета, а праз хмары — дажджлівае; як ноч пад 1 траўня зорная і цёплы паўднёвы ве­цер — лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае (Б. с. к., 1937).

14/1. Макарэй. У некаторых мясцінах заходзілі ў раку і мачылі вочы, каб не балелі; свянцілі ваду (Талстая, 1986).

Ярома. У народзе прыкмячалі: калі на Ярому непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма (Ляснічы, 1990).

* Міраносцы. На Смаленшчыне гаварылі: “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адную за валосця” (Дабравольскі, 1894). Жанчыны святкавалі таму, што, згодна царкоўнаму праваслаўна­му календару, трэцяя нядзеля ад Вялікадня — дзень святых жонаў Міраносіц. Такую назву мае і сталая дата ў царкоўным кален­дары (22 ліпеня па старым стылі).

15/2. Барыс (Барыс Кажалуп). Лічыцца апекуном палявых работ. На Палессі праводзіліся абрады каля крыніц, вада якіх прызнавалася гаючай пры хваробах вачэй. У валачобных песнях Барыс

...ляды паліць,

Зямлю грэець, ячмень сеець

З поўнай сявенькі, з правай жменькі.

Кінеш рэдка — дасць Бог густа.

Дай жа, Божа, зарадзі, Божа,

Каласіста, ядраніста,

а таксама “па межах ходзіць, поле дзеліць”, “бабы сеець”, “збожжа высіць”, “бульбу засяець”, “коні пасець у зялёных ду­гах”. Раней казалі: “Як запяе ўдод, тады сей боб”. На гэты дзень прымяркоўвалася “паленне грудаў”, правядзенне падсеянага зем­ляробства, падрыхтоўка так званых лядаў, для будучага поля раскарчоўвалі дзялянку і палілі груды (Нікіфароўскі, 1898).

16/3. Маўра. Прысвятак папярэджвае земляроба, што не ўсе дні ў маі бываюць па-веснавому цёплымі. “Маўра холад прыно­сіць” (Васілевіч, 1991).

18/5. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і. Калі шмат вады ішло на яе паліўку, то меркавалі, што чакаецца сухі сенакос, слаба вада ўбіралася — на мокрую касавіцу (Ляс­нічы, 1990).

19/6. На Паазер’і лічылі: з раніцы вялікая раса і ясны дзень — на ўраджай гуркоў (Ляснічы, 1990).

20/7. Антоній. Прысвятак служыць арыенцірам у некаторых мясцінах для сяўбы аўса. “На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца” (Гілевіч, 1983).

21/8. Іван Веснавы (Іван Мікольны, Іван Доўгі, Бацька Міколы, Мікольнік). Адзін з апекуноў земляробства. У полі з’яўляліся каласкі жыта, таму ў некаторых мясцінах гаварылі: “На Івана каласок, а на Пятра піражок” (Крачкоўскі, 1874). Спрыяльны дзень для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і інш. “Гур­кі сеём, гарбузы, шчоб доўгіе булі, бо то ж Доўгі Іван, Іван Мікульны, перад Мікулай ходзіт” (Лельчыцкі раён; Талстая, 1986).

“Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”

На Віцебшчыне сажалі цыбулю (Нікіфароўскі, 1897). На Лельчыччыне сеялі агуркі, пакуль каровы ляжаць у хляве, каб былі та­кімі тоўстымі, як жывёла, і трымалі ў руках качалку, каб раслі такімі ж вялікімі. У Пінскім павеце жанчыны ў час пасадкі вышэй падбіралі спадніцы, каб усё вырасла высокае, і хапаліся за сваё калена, каб агародніна была тоўстая і круглая (Булгакоўскі, 1890). На Мазыршчыне на беразе ракі раскладвалі вогнішча (“купайла”), спявалі каля яго песні. Падпальвалі пукі саломы і кідалі ў плынь, каб лён добра радзіў. Там жа лічылася, што на Мікольнага Івана “орахі цьветуць і папараць”. У Ельскім раёне “купайла” рабілі з дзеркачоў і палілі, павесіўшы на хвою. Засцерагаліся ведзьмы (Талстая, 1986). Міколін Бацька адлюстраваны ў каляд­ных і валачобных песнях: