Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Ві­цебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912). 3 страница

А потым таго Міколін Бацька

Із сявалачкі яр засяваець.

Первая сяўба — белы й гарошак,

Втарая сяўба — яра пшаніца,

Яра пшаніца, усякая пашніца,

Авёс вяцісты, ячмень пляцісты,

Ячмень пляцісты й, а гарох стручысты й,

Пшаніца бела ўдала была.

(Лепельскі раён)

 

“Юр’е пасе кароў, а Мікола коней”

Мікольскі тыдзень — тыдзень перад Міколага, час пасеву агуркоў (Дэмбавецкі, 1882).

22/9. Мікола. Свята пастухоў; апякун земляробства. Аглядалі ўсходы жыта. Калі поле было плямістым, то вінаваціўся ў недаро­дзе папярэдні апякун. “Мікола біў Барыса, што парабіў жыта лыса” (Шумілінскі раён). Як лічылі, у жыце ўжо павінна схавацца варона. Да гэтага дня паспявалі многае пасеяць і пасадзіць — яра­выя, авёс, бульбу, затым ячмень, лён, гарох, проса, каноплі. “Да Міколы не сей грэчкі, ды не стрыжы авечкі”. Пачыналі стрыгчы авечак, выганяць на пашу. “Юр’я пасе кароў, а Мікола коней”; “Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”. Пастухі абходзілі хаты — там іх частавалі, у полі смажылі яешню. У ноч на Міколу абкурвалі коней і валоў зёлкамі і абходзілі іх з яйцом, якое потым аддавалі сляпому старцу. Пасля такога абраду быў рытуальны абед з яешняй і гарэлкай. З гэтым святам звязваюць і з’яўленне камароў. У Старадарожскім раёне гавораць: “Прыйдзе Мікола — высыпле камароў з прыполе”.

У валачобных песнях Мікола крыху падобны да іншых апеку­ноў земляробства (“стары сявец ячмень сеець, засяваець”, “пай­шоў у поле яравое гарох сеіць”, “па межах ходзя і ўсё родзя, і траву расціць, і Скот пасціць”, “па бару хадзіў да раі садзіў”, “коней пасціў да запасаў”).

Святы, Мікола,

Стары сявец,

Узяў сявеньку

Да й паехаў

На пашаньку.

Яр засяваіць,

Кініць рэдка —

Усходзіць густа...

(Дзісенскі павет; Архіў РГТ, канец XIX ст.)

Алёна, Галена. Прысвятак звязвалі з ільном. “Сей лён на Але­ну, будзе кашуля па калена” (Паўлюкоўскі, 1934).

Пачатак *Пераплаўнага (Перахроснага, Чарвівага) тыдня,

чацвёртага тыдня ад Вялікадня. На Шуміліншчыне лічаць, што нічога не трэба садзіць, бо завядуцца чэрві.

23/10. Зілот. У некаторых раёнах сеялі пшаніцу, стараліся па­сеяць каноплі. “Сей пшаніцу, і яна будзе як Злата” (Цэбрыкаў, 1862; Раманаў, 1912).

* Пераплаўная (Градавая, Грамавая, Палавенская) серада (Перапалавенне, Серадапосніца). Чацвёртая серада пасля Вялікадня. (Назву дала, відаць, царкоўная легенда, згодна якой у гэты дзень Божая Маці пераплывала раку.) Дзеці ўжо маглі купацца — аж да Спаса ці Іллі. У Лельчыцкім раёне не палолі, каб градам поле не пабіла; у Столінскім — баяліся, каб не заліў поле дождж; у Мазырскім — каб не застала бура на рацэ. Дазвалялася толькі садзіць цыбулю, каб была горкай (Паўлюкоўскі, 1934).

24/11. Макей. Прадказвалі надвор’е на лета: “Мокра на Макея — і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў — і лета не намочыць” (Ляснічы, 1990).

Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокрае, а як сухі — то і лета выпадзе сухое (Васілевіч, 1991).

25/12. Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, не­ба з барваю — гарачае, пажаранебяспечнае лета” (Санько, 1990).

27/14. Сідар (Сідары). “Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сіверы” (Паўлюкоўскі, 1934). У народзе прыкмячалі: калі на Сідара дзьмуць паўночныя вятры, то лета чакаецца дажджлівае; калі да гэтага дня або на яго прыляцяць стрыжы і ластаўкі (касаткі) — лета надарыцца цёплае (Санько, 1990).

28/15. Пахом. “Святы Пахом павее цяплом” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Пахома цёпла — усё лета будзе цёпла” (Санько, 1990).

На Шуміліншчыне кажуць: “Сей агуркі на Пахом — будзеш на­сіць мяхом”.

29/16. Магдалена. “Магдалена зязюльку прысылае” (Паўлюкоўскі, 1934), “Магдалена — вады па калена” (Сахараў, 1944).

31/18. Шэсць дзеў. На Смаленшчыне гаварылі: “Лён сей поз­ні на Шэсць дзеў” (Дабравольскі, 1897). Адну з сямі, як на самай справе ў царкоўным календары, звалі Матрунай, таму дзень вядомы якКанапелька Матруна. “Канапелька Матруна ў зямлю махнула” (Дабравольскі, 1914).

Фядот. Да гэтага часу звычайна дубы пакрываліся зялёным маладым лісцем. Селянін прыкмячаў: “Як на дубе апушка — у Фядота поўная аўса кадушка” (Свіслацкі раён), “Прыйшоў Фя­дот— прынялася зямля за свой род” (Ляснічы, 1990).


Чэрвень

Лета на зіму працуе.

Летні дзень за зімовы тыдзень.

Летні дзень — рок.

Не поле родзіць, а лета.

Што летам нагой коп, то зімой зубамі хоп.

Лета прыгатуе, а зіма з’есць.

Лецічка не ўлежна, дак уежна.

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.

Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш.

Людзі рады лету, а пчолы — квету.

Благое лета, калі сонца нету.

Не прасі лета доўгага, а малі цёплага.

Летам і качка — прачка.

Чэрвень — пачатак лета.

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.

Чэрвень — пралецця скон, а лета — у гон.

Чэрвень не гуляе — ураджай люляе.

Чэрвень сухі — плюнь на баравікі.


Чэрвень — пачатак лета, сярэдні месяц года, мае 30 дзён. Назва яго тлумачыцца з’яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару.

Старажытнабеларускае найменне месяца — чирвець (червец), украінскае — червень, польскае — czerwiec, старажытна­рускае — изокѣ, рускае — июль, лацінскае — junius, нямецкае — Juni, англійскае — June.

Назва “юніус” паходзіць ад імя старажытнарымскай багіні Юноны. Згодна іншым звесткам, месяц названы ў гонар першага рымскага консула Юнія Брута. У рэспубліканскім календары французскай рэвалюцыі ён згадваецца як прэрыаль, што азначае “пара паплавоў”.

У месяцы самы доўгі дзень года — 22 чэрвеня (працягваецца болей 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Сонечныя праменні ў гэты час утвараюць з паверхняй зямлі найбольшы вугал — у Мінску амаль 60 градусаў. Дзень летняга сонцастаяння беларусы здаўна адзначаюць святам Купалля.

У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі на гэты конт нашаніўскія календары: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву і пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. І яшчэ: не ганяйся за пашай на канюшынішчы, а спяшай заараць, пакуль зямля не перасохла, бо завядзеш многа пырніку, і жыта не зародзіць. Барануй часцей папар, каб травой не зарос. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручаць ластавак, а таксама вешаць на сценах, пад стропам невялікія пучкі папаратніку: мухі садзіліся на зелень, а вечарам іх струшвалі ў мяхі.

1/19. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі (Санько, 1990).

3/21. Алёна (Алёны, Ульяна) — дзень ільну. Лічылася: як пасеяць лён на Алёну (Ульяніцу), то добры “ўдасца” (Пяткевіч, 1938; Дэмбавецкі, 1882). У Бельскім павеце Смаленскай губерні зафіксавана: “Лён хто пасвіць на дзісятый ад Іллі нядзелі — са льном; а на восьмый — у васьму (атрымае восьмую частку.— А. Л.)\ на сёмый — із поля вон” (Дабравольскі, 1894).

“Ваджэнне стралы” на Веткаўшчыне “Ой, пашла страла, да й у канец сяла”

“Да забіла страла добра молайца”

4/22. Васіліска. “Ад Васіліска і салавей блізка” (Паўлюкоўскі, 1934).

5/23. Дзень памяціЕфрасінні Полацкай (Прадславы) — кня­зёўны, манашкі-асветніцы XII стагоддзя. З блізкіх і далёкіх ваколіц людзі пешшу хадзілі ў Полацк пакланіцца “сваёй Ефра­сінні” і “абракацца”, каб дапамагала ў зямных нягодах (Шумілін­скі раён).

7/25. Ян. “Калі рой выйдзе перад Янам, будзе пчаляр панам” (Паўлюкоўскі, 1934). У іншых мясцінах Беларусі гэтую прыкмету адносілі да Яна Купалы.

Восьмы тыдзень перад Іллёю. На Смаленшчыне заканчвалі сеяць авёс. Там гаварылі: “Сей авёс, як паявіцца іўсяный камар. Сей авёс, як расцвяцецца казелец. Када суніца красна, ня сей іўса напрасна. Када Фаміна нядзеля будзіць хараша, то і авёс, і ўсякый хлеб будзіць харош. Када на Уся ёднай нядзелі ідзець бальшая мяцель, сей авёс ранышы, а мяцелі нет — сей авёс пазней” (Дабравольскі, 1894).

*Ушэсце (Ушэснік, Шоснік) — дзень агляду жыта; чацвер на шостым тыдні пасля Пасхі, саракавы дзень. Як не будзе, кажуць у Лельчыцкім раёне, дажджу на Ушэсце, так не будзе шэсць ня­дзель (Талстая, 1984). У валачобных песнях Ушэсце (Шоснік) “колас выносіць”, “у полі ходзіць, з Богам рондзіць”, “пшонку сее”; у гэты дзень, як пяецца, “жыта выплываець”, “жытцо пучком, каленцам”, “колас точыць”, “аўсы шасцяць”...

Згодна беларускім павер’ям, на Ушэсця з зямлі выходзяць прасушыцца скарбы, але іх ніхто не бачыць. З пшанічнай мукі на малацэ з яйкамі сяляне пяклі тонкія бліны, якія называлі “богавы анучы” (Цэбрыкаў, 1862).

У многіх раёнах святкаваўся як апошні дзень вясны. А на Усходнім Палессі выконвалі абрад “ваджэння і пахавання стра­лы”. Удзельнікі збіраліся ў традыцыйным месцы пад спевы асноўнай песні:

Ой, пушчу стралу да й па ўсяму сялу.

Ой, пайшла страла, да й у канец сяла.

Да забіла страла добра молайца...

Вадзілі веснавыя карагоды, “танок” у полі або абходзілі вакол вёскі. Гулялі на жыце, закопвалі ў глебу “стралу” (пярсцёнкі, грошы і інш.), каб задобрыць палявога духа на добры ўраджай.

14/1. Усцін (Юстын і Харытон). З прысвяткам звязаны прыкме­ты пра рост зерневых раслін. “Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён” (Паўлюкоўскі, 1934). “На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца” (Ляснічы, 1990).

Сёмы тыдзень перад Іллёю. Пасля аўса браліся сеяць ячмень. Дакладны дзень сяўбы вызначалі па прыкметах. “Сей ячмень, як загудзець сляпень”. “Сей ячмень, як каліна ў крузе”. “Сей ячмень з зімы, калі рож ня высыпала і яшчэ ячмень у пучках”. “Ячмень сей на сядзьмой нядзелі ад святога Іллі, у тэй дзень, када на Усяеднай нядзелі (тыдзень перад Вялікім постам.— А. Л.) была вея (“сплашніцы”)” (Дабравольскі, 1894).

16/3. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўра­джай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні — сырое лета прынясе (Ляснічы, 1990).

*Градавая (Пераплаўная, Крывая) серада — дзень перад Трой­цай (тое самае, што і чацвёртая серада пасля Вялікадня), лічыцца небяспечным для палявых работ. Нічога не садзілі, не палолі, каб не вырасла крывым.

Ручнікі Марыі Каўтуновай з Веткаўшчыны

*Сёмушныя (Траецкія, Сярэднія) Дзяды— пятніца перад Сё­мухай. “У пятніцу вараць постнэ, а ў суботу скоромнэ. На стале астаўляюць “дзядам”,— гавораць у Лельчыцкім раёне.

*Духавая субота (Святы дух, Стаўрускія Дзяды, Стаўроўскія Дзяды, Сёмка)— Дзяды ў суботу перад Сёмухай, Тройцай. На Вілейшчыне сяляне рыхтавалі 5 або 7 страў. Пілі з адной чаркі, пускаючы яе па крузе. Пакідалі крыху стравы і гарэлкі для “душ”. У валачобных песнях зазначаецца: “Свята Тройца май стаўляіць, старых памінаіць” (Верхнядзвінскі раён). Вядомы прымаўкі: “Да Святога духа не скідай кажуха”, “На Духа будзець цёпла і суха”. У гэты дзень садзілі капусту (Дэмбавецкі, 1882).

*Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі)— свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор’е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баяліся перуноў.

У Магілёўскай губерні сеялі каноплі, дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць вянкі”. Гаварылі: “На Зелянец вясны канец” (Федароў­скі, 1935).

ДУХАЎ ДЗЕНЬ

Напярэдадні Духава дня, у Духаўскую суботу, сеюць каноп­лі. Гэта робяць звычайна пад вечар, таму што пасля сяўбы ўжо нічога нельга рабіць, інакш каноплі не будуць удачлівымі. Затым ставяць зялёныя бярозкі і галіны іншых дрэў перад вокнамі — вось чаму і называюцца Духаўскія святы Зялёнымі святкамі. У сялян ёсць звычай прыносіць у царкву кветкі і зёлкі, акрапляць іх вадою і захоўваць на працягу года. Імі абкурваюць хаты, жывёлу і пры наступленні навальнічных хмар паляць на паволь­ным агні для перасцярогі ад маланкі.

Пасля абеду (полудня) дзяўчаты адпраўляюцца ў лес. Яны бяруць з сабою яйкі, сала, кілбасы, а іншы раз і гарэлку і, прыга­таваўшы яечню і закусіўшы, пачынаюць завіваць вянкі. Кожная выбірае дзве невялікія бярозкі, верхавіны якіх звязвае ў выгля­дзе вянка. Дзяўчаты праходзяць пад імі, спяваючы:

Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць,

Зялёных вянкоў завіваць.

Заўём вянкі на ўсі святкі,—

На ўсі святкі, на ўсі празнічкі.

Потым варожаць: калі вянок не засохне дачасна і патрэбна развіваць яго, то гэта добрая прыкмета, а як рана засохне, то “дур­ная прымета”. Затым рвуць са сваіх бярозак зялёныя галінкі, ро­бяць з іх вянкі і спяваюць:

А мы вяночкі завілі,

Гарэлачку папілі

І яешыньку паелі.

Вянкі кладуць сабе на галаву і, несучы іх такім чынам да ракі, заводзяць песню:

Выхвалялася бяроза,

Што ў яе лісточак зялёненькі,

Што ў яе ветвікі да долу.

Як зачуў, пачуў шэры дуб,—

Ня хваліся, кажыць, бярозе,

Ня сама бяроза расцілась...

За рэчкаю, за быстраю,

Чатырэ дваркі;

А ў тых дварках —

Чатырэ кумы.

Вы, кумочкі галубочкі,

Куміцеся, любіцеся,

Любіцеся, куміцеся,

Любіце й мяне.

Сашчыпніце па цвеціку,

Сашчыпніце і мне.

Саўеце вы па венчыку,

Саўіце вы й мне.

Панясіце на ціхі Дунай,

Вазьміце і мой.

Кіньце сваі вяночкі,

Кіньце вы й мой.

А ўсі вянкі паверх плывуць,

А мой патануў;

А ўсі дружкі з пахода йдуць,

А майго нямаш.

Падышоўшы да ракі, усе кідаюць свае вянкі і па іх варожаць пра будучае. Калі вянок плавае па вадзе — добрая прыкмета, калі патанае — благая (Клімавіцкі, Магілёўскі паветы; Дэмбавецкі, 1882).

СТАЎРОЎСКІЯ ДЗЯДЫ, АБО СЁМКА

...Да гэтага дня вядзецца ў доме такая ж падрыхтоўка, як і да Асянін (гл. лістапад, — А. Л.); але ён не суправаджаецца тою ўрачыстасцю і шчодрасцю страў, што ў сялян узносяць свята. Вясновы недахоп у хлебе і наогул у харчаванні бывае ці не штогод і амаль для кожнага вельмі значны, а таму і Сёмка адзначаецца не так багата. Некаторыя прасталюдзіны на пытанйе, чаму яны на Сёмку не запрашаюць сваіх “дзядоў”, адказваюць: “Наштош іх зваці, калі нечага даці”.

Назва Дзядоў “Стаўрускія” або “Стаўроўскія” узята з урачыс­тага звароту перад пачаткам вячэры, які несвядома захаваўся ў некаторых мясцінах Дзісенскага павета. Дзед або бацька, нахі­ліўшыся так, каб твар яго быў на ўзроўні са стравамі, гаворыць: “Стаўры, Гаўры, прыходзьце к нам!” ...Недалёка ад горада Дрысы ў язычніцкія часы, кажуць, жыў і валодаў значнай прасторай на Дзвінскіх берагах нейкі славуты асілак, князь Бай, ці Буй. Ён меў двух сабак добрай пароды: адзін называўся Стаўры, а другі — Гаўры. Сабакі былі вельмі дужымі і разумнымі, ніякі звер не мог змагацца з імі; яны неаднаразова ратавалі свайго гаспадара і выводзілі з лесу, калі ён блудзіў на паляванні. Князь загадаў падуладнаму люду аказваць сабакам гонар як першым і самым давераным сваім абаронцам. А калі яны здохлі, кожны год на­ладжваў для людзей Пір на тым месцы, дзе былі пахаваны яго сяб­ры — сабакі. Гулянне працягвалася за поўнач, і калі ўсе разыхо­дзіліся, то пакідалі рэшткі страў, косці кідалі ў агонь, заклікаючы і ўяўныя душы здохлых сабак: Стаўры, Гаўры.

На самой справе, ці адсюль бяруць пачатак Стаўрускія Дзя­ды — цяжка вырашыць. Можа, гэта легенда выдумана адукава­нымі людзьмі, што высільваюцца знішчыць рэшткі язычніцтва і паказаць недарэчнасць абраду.

Сёмкі ж атрымалі назву ад часу свайго святкавання — у сёмы тыдзень ад Пасхі (Дзмітрыеў, 1869).

* Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне) — язычніцкае свята, у якім праглядаецца культ продкаў і расліннасці, прымеркаванае пазней царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пас­ля Пасхі).

Упрыгожвалі “маем” будынкі. У Лельчыцкім раёне рвалі рагоз (“лепеху”) і клалі на падлогу, каб не было блох. Дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць” бярозкі, плясці вянкі, есці абрадавую страву (яйкі). На Міёршчыне спявалі:

Хадзіла Тройца каля аконца.

Я ж, маладзенькая, не выспалася...

У некаторых раёнах Палесся называлі гэтае свята Клечаннем, відаць, таму, што галінкамі клёна ўпрыгожвалі хаты.

“Хадзіла Тройца каля аконца”

Пачатак *Русальнага (Граннага, Праводнага, Духавага) тыдня (Русальніца, Брэзжыны, Іван-ды-Мар’я) — наступны тыдзень пас­ля Сёмухі; дні праводзін вясны. Ушаноўваўся культ расліннасці і продкаў. Іван-ды-Мар’я называюць у Рэчыцкім раёне панядзе­лак Русальнага тыдня.

Звычайна на другі дзень Сёмухі на Піншчыне некалі наладж­валі свята Куста, або вадзілі “куста”. “Апраналі” дзяўчыну ў зялёныя галінкі дрэў і вялі па вёсцы з песнямі:

Павядзём куста пад гай зеляненькі,

Сустрэне нас да казак маладзенькі...

(Быкоўскі, 1878)

Прывялі куста

Да й із зялёнага клёну:

Дай нам, пану,

Хоч па залатому...

(Булгакаўскі, 1890)

Абрад і песні былі накіраваны на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека.

Ва Усходнім Палессі выконваліся праводзіны русалкі ў жыта. Найбольш вядомы з абраду песні ў Чачэрскім і Буда-Кашалёўскім раёнах:

На Граннай нядзелі

Русалкі сядзелі...

У Хойніцкім і іншых раёнах спявалі:

Правяду я русалачку да броду,

А сама вярнуся дадому...

На Веткаўшчыне ў гэтыя дні не садзілі квахтух на яйкі, каб не выводзіліся кураняты з крывымі нагамі (Раманаў, 1912). На Смаленшчыне на Брэзжыны не сеялі яравыя (Дабравольскі, 1914).

СВЯТА КУСТА

...На выгане, дзе збіраецца люд на гульні, укопвалі зялёнае дрэва з рознакаляровымі стужкамі. Сюды прыходзілі дзяўчаты, замужнія жанчыны, хлопцы на чале з прыгожай дзяўчынай — яна для ўсіх была багіняй. Зялёны вянок аздабляў яе скроні, бярозавыя галінкі ўпрыгожвалі аж да ступняў. Усе танцавалі вакол дрэва і спявалі песні, у якіх часта паўтаралася: “О, Мая! Мая!” Звычайна такую ўрачыстасць святкуюць на Зялёныя святы. На прыстойную дзяўчыну апранаюць сукенку накшталт плашча, сплеценага з бярозавых галінак. Іншыя дзяўчаты абкру­жаюць яе і ходзяць па вёсцы, скачуць і спяваюць:

Каля таго ды зялёнага куста

Пасеяна чачавіцы густа.

Хто тую чачавіцу сарве,

Той тую дзяўчыну замуж вазьме.

(Пінскі павет; Галямбоўскі, 1831)

*Конскі Вялікдзень— першы аўторак пасля Тройцы, свята коней. У гэты дзень не выкарыстоўвалі іх для работы, у канюшні ставілі свечку за здароўе жывёлы (Булгакоўскі, 1890).

*Градабой (Градавая серада, серада Русаль)— серада на Гранным тыдні; засцерагаліся ад граду. У Мазырскім раёне гава­рылі: “Эта ж яе трэба сільна сьвяткаваць, каб град не йшоў. Як яе не сьвяткуюць, дак град рабіцьме ў сялі ўрэда, збівае дабро. У полі не работалі, каб град не збіваў” (Талстая, 1984). “У сераду Русаль на балоце Вялікая Гала палешукі звычайна цэлай грамадой выходзяць за сяло і са спевамі здабываюць з ясеня свяш­чэнны агонь” (Пінскі павет; Сербаў, 1915).

У характары правядзення Градавай серады, асабліва серады Русаль, праяўляюцца сляды шанавання даўняга культу Перуна.

20—21. Дзень астранамічнага сонцастаяння.

21/8. Тодар (Хвёдар). Па стану надвор’я ў гэты дзень стараліся прадказаць надвор’е і ўраджай на лета: “На Тодара раса — кана­пель паласа” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Тодара раса — лета сухое і ўраджайнае” (Сахараў, 1937); “Навальніца на Хвёдара — падвядзе надвор’е ў час жніва”; “Хвёдар з навальні­цай— сенакос спартачаць”; “Росы з Хвёдара — лён уродзіць” (Ляснічы, 1990).

“Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца”

*Неўскі (Намскі) чацвер (Неўская Тройца) —чацвер пасля Тройцы, памінальны дзень продкаў на могілках. Нічога не рабілі, бо лічыўся “сухім” днём. На Століншчыне і цяпер нясуць “на могліцы аір, по-нашэму, панны, і ліпу затыкаюць на крэсты”; у Бярозаўскім раёне “ідуць гуляты воны по жытовы. А потым ужэ ідуць воны на кладбішча і із сэбэ одэжу пэрэтрушваюць”. (Талстая, 1986).

* Абліваха — чацвер на Гранным тыдні. У Добрушскім раёне абліваліся вадою, каб ішоў дождж.

22/9. Кірыла. У некаторых мясцінах адзначаўся як дзень летняга сонцастаяння. Лічылі, што на Кірылу з усяе моцы зямля імкнецца да сонца. На Паазер’і да таго дня пачыналі касавіцу (Ляснічы, 1990).

23/10. Купала. “На Купала раса — будуць агуркі”; “У каго Купала пракосы ўбача — таго баба жнівом не заплача” (Б. с. к., 1937).

24/11. Ян (Ян Купальны, Янаў дзень) — працяг Купалы ў некаторых каталіцкіх раёнах Беларусі (гл. 7 ліпеня). Добра ахарактарызаваны ў фальклоры. Беларусы ў Латвіі спява­лі:

Ходзіць Ян па вуліцы,

Завець дзяўчат у купаллю: —

Пойдзем, дзеўкі, у купаллю,

Пойдзем у зялёну!

(Сахараў, 1940)

Пра свята гаварылі: “Калі выйдзець рой перад Янам, будзець зямец панам”, “Калі не выліняў конь да святога Яна, няхай ідзець да другога пана” (Барысаўскі павет; Тышкевіч, 1847); “На Яна нажала, на Пятра напякла” (Ашмянскі павет; Шэйн, 1893); “Яны правяць ільны” (Шырма, 1947); “Святы Ян пчолы садзіць”, “Ча­самі Ян дасць ягад збан”, “На Яна сонца гуляе” (Б. с. к., 1937).

25/12. Анапрэй (Нупрэй) — прысвятак. Спрыяльны дзень для сяўбы грэчкі. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ” (Паўлюкоўскі, 1934). У Магілёўскай губерні да абеду яшчэ сеялі “белае зерне” (авёс), а пасля абеду — “чорнае” (грэчку). Лічыла­ся, што ўжо паспелі суніцы. “Калі суніца красна, не сей аўсу напрасна”, гэта значыць авёс не паспее да марозу (Дэмбавецкі, 1882). На Смаленшчыне даўней гаварылі: “Святэй Анопры, радзі каноплі” (Дабравольскі, 1894), а ў Свіслацкім раёне зараз кажуць: “Анопрэй, сей канапель”.

*Пятроўскія запускі— наступная нядзеля пасля Тройцы, пя­рэдадзень Пятроўскага посту. Хадзілі “развіваць вянкі”, якія завівалі ў Зялёную суботу. Спявалі песні (Дэмбавецкі, 1882).

*Розыгры (Русалчыны розыгры)— апошні дзень Русальнага тыдня. Засцерагаліся, каб русалка не “зашчыкатала” чалавека. “Русалкі тыждзень гуляюць, по жыту бегаюць, да косы распуш­чаны, а ў понедзелок розойдуцца, то кажуць: розыгры” (Тураў­скі слоўнік, 1985). У Лельчыцкім раёне зазначаюць: “На Розыгры палолі лён, коб вон іграў. У лён не ўлезе русалка, бо свечоны. А просо не трэба палоць”.

26/13. Акуліна (Акуліна Грэчышніца, Акуліна-задзярыхвост)— прысвятак. У некаторых раёнах сеялі грэчку, падрыхтаваўшы глебу на Нупрэя. На Смаленшчыне гэты дзень быў вядомы як “Акуліна-задзярыхвост” ці “Кароўі зык”. Тлумачыліся назвы так: на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў і каровы на пашы “зыкуюць” — бегаюць, задраўшы хвост (Дабравольскі, 1914).

Пятроўка (Петравіца) — Пятроўскі пост (да 11 ліпеня).

“У каго Купала пракосы ўбача, у таго баба жнівом не заплача” “Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць”

У Ельскім раёне гавораць: “Летом у Петроўку весілля не робяць... Петроўка-голодоўка, потому што старый хліб поелі, а нового не нажалі”, у Лельчыцкім: “Петроўка сушыць болота, а Спасоўка — рэкі” (Талстая, 1986). На Смаленшчыне некалі каза­лі: “У Пятроўку Бог блюдзе рагожкі, а ў шубе вошкі” (Дабраволь­скі, 1914). Усюды — пара сенакосу. “Хто ў Пятроўку сена не ко­сіць, той зімою ў сабак просіць” (Рэчыцкі павет; Пяткевіч, 1938).

28/15. Амос. За прысвяткам замацавалася прыкмета: прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс (Паўлюкоўскі, 1934).

* Дзевятнік — чацвер на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. Не працавалі ў полі, засцерагаліся грому. Ва Усходнім Палессі прыкмячаюць: “Трэ коб на Дзеўятнік було дзеўяць ягадзін на ветцы” (Тураўскі слоўнік, 1982). Збіраючы ягады, грыбы і арэхі, спявалі песні. З гэтым днём звязваюць рост жыта ў валачобных песнях: Дзевятнік “красу здымаець”, “краску кладзець”, “красуець”, “наліваець”, “у пукі бярэць”.

29/16. Ціхан — дзень заканчэння севу жыта і пачатак выва­зу гною. На Смаленшчыне гаварылі: “Не поле корміць, а ніва” (Цэбрыкаў, 1862). Зямля прыпавольвае свой рух на арбіце, і ў на­родзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень. “На Ціхана, і пеўчыя птушкі заціхаюць”. “На святога Ціхана сонца ледзьве ды­хае” (Ляснічы, 1990).

“ЦЯЛЁПА”

Гной часта вывозіцца талакою. Апошні воз называецца “падскрэбышам”, а вазніца— “цялёпаю”. Над цялёпай усе смяюцца і скіроўваюць у яго адрас жарты цынічнага характару. Абавязак цялёпы: украсці кашу ў час абеду, якая варыцца для гэтай мэты асобна на кожнай талацэ.

Да агульнага задавальнення цялёпа выкрадае кашу, а гурт дзяцей звычайна кідаецца лавіць злодзея. Ён жа стараецца па­пасці ў той хлеў, дзе бралі гной. Там пад агульны смех усе на­перахват хапаюць кашу, а гаршчок разбіваюць (Смаленская гу­берня; Дабравольскі, 1903).

Пятро і Паўла (Пятрок). Земляробчае свята. Характэрныя прыказкі і прыкметы: “Святы Пётра ў косы звоніць, а святы Паўла граблі робіць”; “Калі на Пятра пойдзе дождж — жыта, як хвошч; уродзіць мятліца — хлеба палавіца; зарадзіў званец — жыту ка­нец”; “Калі зязюлька будзе кукаваць да Пятра — восень харошая, а калі на Пятра — лета доўгае і харошае, снег ня хутка выпадзе”; “Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілля — ападуць два, а па Усіх Святых — ня будзе іх” (Б. с. к., 1937).

Святкаванне Пятра ў беларусаў-католікаў амаль нічым не вы­лучаецца: праводзяцца такія ж масавыя гулянні з танцамі і пес­нямі, наладжваннем арэляў, як у праваслаўных (гл. 12 ліпеня).

АРЭЛІ

У гэты дзень (а таксама на Іллю.— А. Л.) ладзяцца пры корч­мах ігрышчы з арэлямі, на якіх бавіцца моладзь абодвух полаў папарна.

Арэлі майструюць наступным чынам. Закопваюць у зямлю два моцныя слупы вышынёй да двух сажняў у сажаннай ад­легласці адзін ад аднаго. Паміж слупамі ўстаўляюць вал, канцы якога выпускаюць за слупы на палову аршына. Да гэтых канцоў прымацоўваюць крыжападобна чатыры ручкі. У сярэднюю частку вала, што знаходзіцца паміж слупоў, умацоўваюць два крыжы на паўтара аршына адзін ад аднаго. Паміж кожным з крыжоў ладзяць на слізкіх валіках сядзен­ні са спінкамі. За ручкі звонку слупоў паварочваюць вал, а з ім разам — і сядзенні, якія робяць круг у паветры паміж слупамі.

Пры пад’ёме ўверх і апусканні ўніз жанчыны павінны старац­ца, каб не раздуваліся спадніцы. Сядаюць звычайна папарна, мужчына з жанчынаю. За 15—20 абаротаў вала плаціцца ад кож­нага сядзення пара яек або адна капейка.

Тут жа пры арэлях на пляцоўцы размяшчаюцца музыкі са скрыпкамі і гармонікамі. Каля іх збіраецца кола аматараў патан­цаваць і пагушкацца. Беларусы танцуюць “Казачка”, “Кругавую плясуху” і “Лявоніху”. Музыкі атрымліваюць плату ад кожнага танца, працягласць якога да 20 хвілін. Плата ад кожнай танцую­чай пары за адзін танец — пара яек або адна капейка. Ад скокаў беларусы знаходзяцца ў прыўзнятым стане і таму ў такт музыкі амаль без перастанку то падпяваюць, то прыгаворваюць розныя прыказкі і прыпеўкі (Віцебская губерня; Архіў РГТ, 1882—1890).

* Дзевятуха — пятніца на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. У Добрушскім раёне лічаць, што Дзевятуха, як і Дзесятуха (гл. ліпень),— гэта свята ад навальніцы, а ў Лельчыцкім кажуць: “Дзевятуха — то польскае сьвято, а Дзесятуха — нашое” (Талстая, 1986). У валачобных песнях побач з Дзевятнікам яна з’яўля­ецца адным з этапаў росту жыта:

Дзевятушка-памяжаначка

Па межах хадзіла, жытцо абзірала,

Жытцо абзірала да й раўнавала...

Іншы раз святы не размяжоўваліся.


Ліпень

Ліпень пякучы, але даручы. Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.

Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.

У ліпені з касою мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.

Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.


Сучасная беларуская назва сярэдняга, самага спякотнага меся­ца лета паходзіць ад слова “ліпа”. (Дрэва цвіце менавіта ў гэтую пару). Найменне мае падабенства з польскім lipiec і ўкраінскім липень. У старабеларускіх крыніцах акрамя назвы липець сустра­каецца яшчэ чирвець, што захавалася дагэтуль, напрыклад, у чэш­скай, славацкай і беларускай мовах (чэрвень) у папярэднім месяцы.