Найжахлівейшы дзень нараджэння 5 страница

Раптам Гары адчуў сябе так, бы па яго жываце трапіла адна з буйных галінаў таго шалёнага дрэва. Што калі нехта даведаецца пра тое, што містэр Візлі зачараваў машыну... Ён не падумаў што...

- А калі я прайшоўся па парку, я заўважыў, што значная шкода была нанесена вельмі каштоўнай Лупцуючай вярбе,- працягваў прафесар Снэйп.

- Яна НАМ нанесла значна больш шкоды...- вырвалася ў Рона.

- СЦІХНІ!- зноўку гыркнуў Снэйп.- Шкада, што вы не ў маім Доме, ці былі бы выкінуты са школы, нават не прысеўшы з дарогі. Аднак, зараз я пайду і паклічу людзей, якія НА ШЧАСЦЕ маюць такія паўнамоцтвы. Чакайце тут.

Збляднелыя Гары і Рон зірнулі адно на аднаго. Гары больш не адчуваў сябе галодным, цяпер яго моцна муціла, таму ён імкнуўся не глядзець на гідкія склізкія істоты, што плавалі ў зялёнкай вадкасці на снэйпавых паліцах. А калі Снэйп пайшоў за галавой грыфіндорскага Дому прафесаркай МакГонагал, ім ад гэтага будзе ані не лепш. Тая была больш справядлівай за Снэйпа, але ўсё ткі вельмі суровай.

Прафесар вярнуўся праз дзесяць хвілінаў і прафесарка МакГонагал, зразумела ж, была з ім. Гары колькі разоў бачыў прафесарку раззлаванай, але ці то забыўся, ці то не бачыў, каб яна злавалася настолькі моцна. Яе вусны зрабіліся танюткімі танюткімі. Увайшоўшы ў кабінэт яна падняла палачку, Гары і Рон у жаху зрабілі крок назад, але прафесарка толькі прымусіла запалаць пусты комін.

- Сядайце,- прамовіла яна так, што абодва хлопцы апынуліся ў фатэлях ля коміна.

- А цяпер, расказвайце,- злавесна пабісківаючы акулярамі, загадала прафесарка.

Рон прыняўся распавядаць аб тым, што з імі здарылася, пачынаючы з таго, што праход на вакзале адмовіўся іх прапускаць.

- ... мы ня мелі іншага выбару, бо не змаглі патрапіць на цягнік.

- А чаму вы не даслалі саву ў школу?- спыталася прафесарка пазіраючы на Гары.- Наколькі я памятаю ВЫ маеце саву.

Гары здзіўлена паглядзеў на МакГонагал. Гэта здавалася відавочным, але толькі пасля яе слоў.

- Я... я не падумаў...

- Гэта,- сказала прафесарка,- і так зразумела.

У дзверы снэйпаўскага кабінэта нехта пастукаў. Выглядаючы самым шчаслівым у свеце чалавекам, Снэйп адчыніў. За дзвярыма стаяў хогвартскі дырэктар, прафесар Дамблдор.

Гарына цела скамянела. Дамблдор выглядаў невярагодна змрочным. Яго вочы панад неверагодна скрыўленым носам так паглядзелі на хлопцаў, што Гары пажадаў, каб яго з Ронам працягвала збіваць Лупцуючая вярба. У кабінэце на доўгі час запанавала цішыня.

- Растлумачце мне калі ласка,- нарэшце спытаўся ён,- навоша вы гэта зрабілі?

Яго голас быў поўным расчаравання. І лепей бы ён накрычаў на хлопцаў, таму што Гары ненавідзеў, калі з ім размаўляюць расчараваным тонам. У Гары былі прычыны не глядзець дырэктару ў вочы, таму аб тым што з імі здарылася, ён распавядаў дамблдоравым каленкам. Ён зноўку распавёў дырэктару пра тое, што з імі здарылася, акрамя таго, што машына на якой яны ляцелі, належыла містэру Візлі, што гучала так, быццам яны з Ронам знайшлі лятаючы аўтамабіль, наўпрост прыпаркаваным звонку станцыі. Хлопчык ведаў, што Дамблдор навылет бачыць, што ён нешта не дасказаў, але той анічога не пытаўся аб машыне. Калі Гары скончыў, ён папросту працягваў стаяць і глядзець на хлопцаў, праз свае акуляры.

- Ну, мы пайшлі па нашы рэчы,- з безнадзейнасцю ў голасе, прамовіў Рон.

- Аб чым вы кажыце, Візлі?- гыркнула прафесарка МакГонагал.

- Хіба ж вы нас не выключаеце са школы?- спытаўся Рон.

Гары хутка зірнуў на дырэктара і зноў апусціў вочы.

- Не цяпер, містэр Візлі, не цяпер,- адказаў Дамблдор.- Аднак я павінен давесці да вас абодвух, што ваша правіна вельмі сур’ёзная. Сёння ж я напішу аб усім вашым сем’ям. І папярэджваю вас, калі вы зробіце штось падобнае, я буду вымушаны выключыць вас.

Цяпер Снэйп выглядаў так, быццам нехта скасаваў Хрыстова Нараджэнне. Ён пракхекаўся і сказаў:

- Прафесар Дамблдор, гэтыя хлопцы з пагардаю аднесліся да дэкрэта аб абмежаваннях для непаўналетніх чараўнікоў, нанеслі сур’ёзную шкоду старому, каштоўнаму дрэву... і безумоўна, дзеі падобнага роду...

- Як пакараць гэтых хлопцаў, Северус, няхай вырашае прафесарка МакГонагал,- перабіў яго спакойным тонам дырэктар.- Яны навучэнцы яе Дому і адказвае за іх, менавіта яна.- Дамблдор павярнуўся да прафесаркі.- Мне трэба вярнуцца на банкет, Міневра, я павінен зрабіць колькі аб’яваў. Пойдзем, Северус, там ёсць даволі смачныя на выгляд заварныя пірожныя, якія я б хацеў паспрабаваць.

Снэйп паглядзеў на хлопцаў з выразам чысцюткай нянавісці на твары, аднак прымусіў сябе найхутчэй пакінуць уласны кабінет, каб пакінуць Гары і Рона разам з МакГонагал, якая ўсё яшчэ глядзела на хлопцаў, як надта разлютаваны арол.

- Ці не пайсці вам ў шпітальнае крыло, Візлі? У вас кроў цячэ.

- Ані, дзякуй,- паспешліва, рукавом, выціраючы кроў з рассечанай раны пад вокам адказаў Рон,- Мадам прафесар, я бы хацеў прысутнічаць на размеркаванні маёй сястры...

- Цэрымонія сартавання ўжо скончылася,- адказала МакГонагал.- Ваша сястра трапіла ў Грыфіндор.

- О, выдатна,- прамовіў Рон.

- І калі казаць аб Грыфіндоры...

Як хутка не гаворыла прафесарка, але Гары прымудрыўся яе перабіць.

- Мадам прафессар, здарэнне з машынай адбылося, яшчэ да пачатку заняткаў... Грыфіндор жа не павінен страціць з-за гэтага балы?- скончыўшы, ён з трывогай паглядзеў на МакГонагал.

Прафесарка працяла яго вачыма, але Гары быў упэўнены, што яна ледзь стрымлівае ўсмешку. Ува ўсялякім выпадку яе вусны зрабіліся меньш тонкімі.

- Я не буду здымаць з Грыфіндора балы,- адказала яна і ў Гары палегчыла на сэрцы.- Але вы ўсё адно павінны будзеце панесці пакаранне.

Гэта было лепей за самыя смелыя спадзяванні Гары. А то што Дамблдор напіша Дурслі. Гары дакладна ведаў, што тыя ўсяго толькі пашкадуюць, што Вярба не зрабіла з яго аладку.

Прафесарка зноў падняла палачку і накіравала яе на снэйпаў стол. З гучным ХЛАПКОМ на ім аб’явіліся вялізная талерка з бутэрбродамі, два срэбных кубкі і збанок ільдзянога гарбузовага соку.

- Ешце тут, а потым адразу ж ідзіце ў грыфіндорскую гасцёўню,- прамовіла яна.- А я павінна вярнуцца на банкет.

Як толькі за прафесаркай зачыніліся дзверы, Рон працягла але ціха свіснуў.

- Уф, я вырашыў, што нас неадкладна пакараюць,- схапіўшы бутэрброд заявіў ён.

- І я,- адказаў яму Гары і таксама ўзяў сабе бутэрброда.

- Але ж як нам “пашчасціла”,- ротам, поўным кураціны і вяндліны, прамовіў Рон. Фрэд з Джорджам ляталі на машыне пяць ці шэсць разоў і ІХ не заўважыў аніводзін магл,- Рон праглынуў і зноўку добра кусіў ад бутэрброда.- І ўсё ткі, ЧАМУ ў нас не атрымалася прайсці праз бар’ер?

Гары паціснуў плячыма.

- Цяпер мы павінны сачыць за кожным сваім крокам,- прамовіў ён, з лагодаю робячы глыток гарбузовага соку.- Але, як шкада, што мы не можам прысутнічаць на банкеце...

- Напэўна прафесарка не хацела, каб мы паказаліся ў выгодным свеце,- мудра заўважыў Рон.- Каб аніхто не вырашыў, што прылятаць ў школу на аўтамабіле, гэта так крута.

Калі хлопцы з’елі столькі бутэрбродаў, сколькі ў іх магло памясціцца (а талерка напаўняла сама сябе), яны пакінулі кабінэт Снэйпа і знаёмым шляхам накіраваліся ў грыфіндорскую вежу. Прамінуўшы размаўляючыя адзін з адным партрэты і з рыпеннем рухаючыеся даспехі, яны падняліся вузкімі каменнымі сходамі і трапілі ў знаёмы калідор, што вёў да ўваходу ў грыфіндорскую гасцёўню, які быў схаваны за партрэтам вельмі тоўстай жанчыны ў шоўкавай ружовай сукенцы.

- Пароль?- спыталася Тлустая Пані ў падыйшоўшых да яе хлопцаў.

- Эмм...- толькі і змог сказаць Гары.

Яны ня ведалі пароля, бо пакуль не бачылі грыфіндорскага прэфекта. Аднак дапамога прыйшла да іх амаль адразу. Хлопчыкі адчулі за сваімі спінамі шпаркія крокі, а павярнуўшыся ўбачылі, як да іх нясецца Герміёна.

- ВОСЬ вы дзе! Што з вамі ЗДАРЫЛАСЯ? Па школе ходзяць самыя ДУРНЫЯ чуткі... быццам бы вас выкінулі са школы за тое, што вы разбілі лятаючы АЎТАМАБІЛЬ.

- Ані, нас не выгналі,- запэўніў яе Гары.

- Няўжо, вы НАСАМРЭЧ прыляцелі сюды?- прамовіла Герміёна, якая магла размаўляць ня меньш сурова за саму МакГонагал.

- Годзе ўжо лекцый,- перабіў яе Рон.- Лепей скажы нам новы пароль.

- “Новазеландскі шпак”,- раздражнённа адказала дзяўчынка,- спадзяюся вы не...

Герміёна не паспела дагаварыць, бо партрэт Тлустай Пані ад’ехаў, адчыніўшы праход у грыфіндорскую гасцёўню, адкуль пачулася бура апладысментаў. Здавалася аніхто з грыфіндорйцаў не думаў класціся спаць, гасцёўня была перапоўнена; сёй-той, чакаючы прыходу Гары і Рона, ускараскаўся на сталы і спінкі фатэляў. Як толькі праход адкрыўся ў адтуліну высунулася колькі рук, якія зацягнулі хлопцаў усярэдзіну, а Герміёна была вымушана караскацца самастойна.

- Выдатна!- пралямантаваў Лі Джордан.- Ну проста геніяльна! Якое аб’яўленне! Урэзацца на машыне ў Лупцуючую вярбу, народ будзе казаць аб гэтым яшчэ шмат год!

- Малайчына,- сказаў Гары нейкі пяцігодка з якім хлопчык дагэтуль нават не размаўляў аніразу; а хтосьці сяброўскі паляпаў яго па спіне, як быццам Гары толькі што выйграў марафон.

- Маглі б і нас паклікаць,- праціснуўшыся ў натоўпе да хлопцаў, у адзін голас заявілі Фрэд з Джорджам. Рон папунсавеў і збянтэжана ўсміхнуўся, але Гары заўважыў сярод натоўпу, чалавека, які ані ня быў у захапленні з іх учынка. Персі ўзвышаўся панад галовамі першагодак і здавалася, спрабаваў праціснуцца да Гары і Рона дастаткова блізка, каб даць ім дыхта. Гары штурхнуў сябра ў бок і кіўнуў галавою ў бок Персі і Рон яго намёк зразумеў.

- Добра, мы мабыць пойдзем... стаміліся,- прамовіў ён і хлопцы пачалі праціскацца да дзвярэй у процілеглым канцы пакоя, дзе былі вінтавыя сходы, якія вялі да спалень.

- Дабранач,- сказаў Гары Герміёне, якая была раззлаванай не меньш за Персі.

Праз натоўп, працягваючы ляпаць іх па спінах, у хлопцаў атрымалася дабрацца да вінтавых сходаў, дзе іх нарэшце чакала палёгка. Яны крочылі на самы верх да дзвярэй сваёй старой спальні, на якіх цяпер вісела шыльда з надпісам “Другі год”. Адчыніўшы дзверы, Гары і Рон увайшлі ў знаёмы круглы пакой з пяццю ложкамі пад балдахінамі з чырвонага аксаміта і высокімі вузкімі вокнамі. Там іх ужо чакалі іхныя валізы прыстаўленыя да ложкаў.

Рон вінавата ўсміхнуўся Гары..

- Я разумею, што я не павінен атрымліваць ад гэтага задавальненне, але ж...

Тут дзверы спальні зноў адчыніліся і ў пакой завіталі астатнія хлопцы-другагодкі – Шымас Фініган, Дын Томас і Нэвіл Лонгботам.

- НЕВЕРАГОДНА!- шырока ўсміхаючыся, сказаў Шымас.

- Крута,- дадаў Дын.

- Надзвычайна,- з глыбокай павагай, прамовіў Нэвіл.

І Гары ўжо не мог анічога з сабой зрабіць. Ён таксама ўсміхнуўся.

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

Гільдэрой Локхарт

 

Аднак на працягу ўсяго наступнага дня, Гары ўсміхнуўся толькі аднойчы і то злёгку. Пачалося ўсё, як толькі яны ранніцай спусціліся ў галоўную залу на сняданак. Чатыры доўгіх сталы пад зачараванай (на гэты раз пахмурна шэрай) столлю, былі перапоўнены місамі з кашай, вэнджаным селядцом, падносамі з горамі тостаў і талеркамі з яйкамі ды беконам. Гары і Рон прыселі паміж Герміёнаю, што прысланіўшы кнігу да збана з малаком, чытала “Угалоп з упірамі” і суха павіталася з хлопцамі, бо ўсё яшчэ злавалася на іх, ды Нэвілам, які наадварот сустрэў іх з радасцю.

- Хутка будзе пошта, - прамовіў Нэвіл, хлопчык які меў круглы твар, паталагічнае нешанцаванне і самую дзіравую памяць з усіх, каго колісь ведаў Гары.- Упэўнены, бабуля дашле мне купу рэчаў, якія я прымудрыўся забыцца.

Гары ледзь паспеў прыняцца за сваю аўсянку, калі панад іх галовамі, сапраўды адчуўся парывісты шыпячы гук і сотня соў струменем панесліся з-пад столі да балбочучых вучняў кідаючы перад імі лісты і паштоўкі. Нечакана ў Нэвіла трапіла нешта вялікае і камякаватае, адскочыўшы ад нэвілавай галавы ў збан з малаком, абпырскаўшы Герміёну і хлопчыкаў малаком і пер’ем.

- Эрал!- выцягваючы за ногі перапэцканую малаком саву прамовіў Рон. Той без прытомнасці паваліўся на стол, трымаючы ў дзюбе нешта чырвонае.

- Толькі не гэта...- ледзь дыхаючы прастагнаў хлопчык.

- З ім ўсё добра,- асцярожна паштурхаўшы Эрала пальцам сказала Герміёна.- Ён жывы.

- Ды не... я вось пра ШТО.

Рон паказаў на чырвоны канверт. З пункту гледжання Гары, у ім не было анічога незвычайнага, але Рон і Нэвіл глядзелі на канверт так, быццам той вось вось выбухне.

- Дык, а што здарылася та?- не разумеючы спытаўся Гары.

- Яна...- слабым голасам прамовіў Рон.- Яна даслала мне лямантоўку.

- Табе ўсё ткі лепш яе адкрыць,- слабым шэптам параіў Нэвіл.- Ці то будзе яшчэ горш. Неяк бабуля даслала мне такую, а я яе праігнараваў,- ён зглынуў.- Гэта было жудастна.

Гары ўбачыў скамянелыя твары сяброў, вытарапіўшыеся на канверт.

- А што за лямантоўка?- спытаўся ён.

Але ўся ўвага Рона цяпер была прыкавана да канверта, які пачаў дыміцца ў кутках.

- Адчыняй хутчэй,- заклікаў яго Нэвіл.- Праз колькі хвілінаў усё скончыцца...

Дрыготкай рукой, Рон выцягнуў канверт з эралавай дзюбы і адчыніў. Нэвіл імгненна заткнуў вушы пальцамі і праз імгненне Гары зразумеў навошта. Першы час яму здалося бы НЕШТА выбухнула, залу, абтрасаючы са столі пыл, напоўніла аглушальнае равенне.

- ...СКРАСЦІ МАШЫНУ, Я НЕ ЗДЗІВІЛАСЯ, КАЛІ Б ЦЯБЕ ВЫКІНУЛІ СА ШКОЛЫ; ПАЧАКАЙ, ВОСЬ Я ДА ЦЯБЕ ДАБЯРУСЯ; ЦІ ТЫ НЕ ПАДУМАЎ, ЯКІЯ ДУМКІ ПРЫЙШЛІ НАМ З БАЦЬКАМ ДА ГАЛАВЫ, КАЛІ МЫ ВЯРНУЛІСЯ ДА МАШЫНЫ І ЎБАЧЫЛІ ШТО ЯНА ЗНІКЛА...

Голас Місіс Візлі ўзмоцнены ў сто разоў лунаў пад столлю і рэхам адбіваўся ад каменных сценаў так, што на сталах бразгаталі талеркі. Усе згрудзіўшыеся ў галоўнай зале павярнулі галовы, каб паглядзець на таго хто атрымаў лямантоўку, а Рон у сваім крэсле апусціўся так нізка, што бачна было толькі яго, зрабіўшыйся малінавым лоб.

- КАЛІ ЎЧОРА ЎВЕЧАРЫ,- працягваў голас,- МЫ АТРЫМАЛІ ЛІСТА АД ДАМБЛДОРА, БАЦЬКА ЛЕДЗЬ НЕ ПАМЁР АД СОРАМУ; ЦІ Ж ГЭТАМУ МЫ З ІМ ЦЯБЕ ВУЧЫЛІ; ТЫ І ГАРЫ МАГЛІ ЗАГІНУЦЬ...

Гары было цікава, як хутка прагучыць яго імя. З ўсёй моцы, ён імкнуўся рабіць выгляд, што не чуе голасу, які прымушаў пульсаваць яго барабанныя перапонкі.

-... ГЭТА БОЛЬШ ЧЫМ ГАНЬБА. ТВАЙГО БАЦЬКУ ЦЯПЕР ЧАКАЕ СЛУЖБОВАЕ РАССЛЕДАВАННЕ І Ў ГЭТЫМ ЦАЛКАМ ТВАЯ ВІНА, КАЛІ ХОЦЬ РАЗ ТЫ ДАЗВОЛІШ СЯБЕ ВЫКІНУЦЬ ШТОСЬ ПАДОБНАЕ, МЫ НЕАДКЛАДНА ЗАБЯРЭМ ЦЯБЕ СА ШКОЛЫ.

Настала звінячая цішыня. Чырвоны канверт, які Рон выпусціў з саслабелых пальцаў, успыхнуў яскравым полымям і праз колькі секунд ператварыўся на попел. Гары і Рон сядзелі ашаломленыя, як быццам па ім толькі што прайшлася прыліўная хваля. Колькі чалавек засмяялася і паступова зноўку адчуўся звыклы гуд галасоў.

Зачыніўшы “Угалоп з упірамі”, Герміёна зірнула на Ронаву патыліцу.

- Ну, ня ведаю на што ты спадзяваўся, Рон, але...

- Толькі ня трэба казаць, што я гэта заслужыў,- адгыркнуўся Рон.

Гары адсунуў прэч талерку з аўсянкай. Яго ўлонне палала ад пачуцця сваёй віны. Містэра Візлі чакае службовае расследваванне. І гэта пасля ўсяго таго, што яны з місіс Візлі зрабілі для яго ўлетку...

Аднак, у хлопчыка было замала часу на развагі. Да іх стала наблізілася прафесарка МакГонагал і раздала ўсім лісткі з раскладам заняткаў. Зірнуўшы ў лісток Гары ўбачыў, што сёння, першым урокам у іх будзе падвоенае зёлазнаўства разам з хафлпафцамі.

Гары, Рон і Герміёна разам пакінулі замак і, прамінуўшы агароды, крочылі да цяпліцаў, дзе былі пасаджаны разнастайныя чароўныя расліны. Што не казаць, а адну добрую справу лямантоўка ўсё ткі зрабіла. Цяпер Герміёна вырашыла, што хлопцы былі дастаткова пакараны і зноў пачала адносіцца да іх з прыязнасцю.

Падыйшоўшы да цяпліцаў, сябры заўважылі згрудзіўшыхся там вучняў, што чакалі ля ўвахода прафесарку Спроўт, якая аб’явілася ў суправаджэнні Гільдэроя Локхарта. Яны крочылі па траўніку ад ўскрайка леса, Рукі прафесаркі былі перабінтаваны. Гары адчуў дакоры сумлення, бо заўважыў, што настаўнікі ішлі ад Лупцуючай вярбы, колькі з галінаў якой, цяпер былі перавязаны.

Прафесарка Спроўт была маленечкай прысадістай вядзьмаркаю ў зацыраваным старым капелюшы на непаслухмяным валоссі, а на яе вопрадцы і пад яе пазногцямі было столькі зямлі, што ўбачыўшы прафесарку, цётка Пятунья грымнула бы ў непрытомнасці. Гільдэрой жа Локхарт наадварот быў апрануты ў чысцюткую бірузовую мантыю, а яго ідэальна ўкладзенае залатое валоссе зіхацела з-пад бірузовага капелюша з залатой аблямоўкай.

- Вітаю ўсіх!- абдараваўшы дзяцей прамяністай усмешкай, усклікнуў ён.-Я тут проста дэманстраваў прафесарцы Спроўт, як лепей лекаваць Лупцуючую вярбу! Аднак я ані не жадаю, каб вы збеглі адсюль з думкаю, бы я ведаю зёлазнаўства лепш за вашу настаўніцу! Не, але ж я падчас сваіх падарожжаў, выпадкова сстрэў шмат разнастайных экзатычных раслін...

- Сёння, парнік нумар тры, дзеці!- мятаючы перуноў, прамовіла звычайна вясёлая прафесарка.

У натоўпе адчуўся зацікаўлены гоман. Раней яны звычайна працавалі толькі ў першым парніку... трэці знаходзіўся крыху далей і ў ім раслі больш небяспечныя і таму больш цікавыя расліны. Прафесарка Спроўт зняла са свайго паса ключ і адамкнула дзверы. У нос Гары кінула пахам вільготнай зямлі ды ўгнаенняў у змешку з цяжкім водарам агромістых, да столі вышынёй, парасонападобных кветак. Ён ужо збіраўся ўслед за Ронам і Герміёнаю прайсці ўсярэдзіну, як на поўдарозе яго локаць схапіла рука Локхарта.

- Гары! Я даўно хацеў сказаць табе сёе-тое... прафесарка Спроўт, ці вы не будзеце супраць, калі Гары на пару хвілін спазніцца?

Усім сваім разлютаваным выглядам прафесарка паказала, што будзе супраць...

- Вось і добра, дзякуй,- не звяртаючы на гэта ўвагі, сказаў Локхарт і зачыніў дзверы перад яе тварам.

- Гары,- прамовіў ён хістаючы галавой і сонечнае праменне адбівалася ад яго белых зубоў,- Гары, Гары, Гары.

Ушчэнт збянтэжаны Гары толькі маўчаў у адказ.

- Калі я пачуў... зразумела, гэта толькі мая віна. Не паверыш, як я злуюся на сябе самога.

Гары не разумеў аб чым той кажа. Ён ўжо збіраўся сказаць аб гэтым, але Локхарт працягваў.

- Ня памятаю, калі ў апошні раз я быў настолькі сшакаваным. Прыляцець ў школу на машыне! І вядома ж я зразумеў чаму ты так зрабіў. Гэта ж відавочна. Гары, Гары, ГАРЫ.

Гэта было даволі дзіўным, але Локхарт прымудраўся казаць кожны са сваіх бліскучых зубоў нават калі маўчаў.

- Я даў табе прагу да публічнасці?- працягваў прафесар.- Я заразіў цябе гэтай ХВАРОБАЙ. Ты аб’явіўся са мной на першай старонцы газэты і не змог дачакацца, каб трапіць туды зноў.

- Вох... ані, прафесар, справа ў тым...

- Гары, Гары, Гары,- моцна ухапіўшы хлопчыка за плячо, прамовіў Локхарт.- Я ЎСЁ РАЗУМЕЮ. Натуральна, паспрабаваўшы славы першы раз, заўсёды хочацца зведаць яе яшчэ і яшчэ... як я сябе за гэта вінавачу, бо гэта раней ці пазней захапіла б твой розум... але зразумей, мой хлопчык, нельга прымушаць МАШЫНЫ ЛЯТАЦЬ толькі дзеля таго, каб цябе заўважылі. І, супакойся калі ласка, добра? Вядомасць сама прыйдзе да цябе, калі ты будзеш крыху больш старэйшым. Так, так, я разумею пра што ты зараз думаеш! “Добра яму пра гэта казаць, ён ужо сусветна вядомы чараўнік!” Аднак, калі мне было дванаццаць год, я быў гэдак жа як і ты, анікім. Я быў анікім нават большым за цябе! Я маю на ўвазе, што пра цябе сёй-той усё ткі чуў. Я зараз аб тваіх сутычках з тым Чыё Імя Нельга Называць!- Локхарт зірнуў на маланкападобны шнар на гарыным ілбе.- Ведаю, ведаю, гэта зусім не тое, што пяць разоў запар атрымаць прыз “Вядзьмарскага тыднёвіка” за самую ачаравальную ўсмешку... але ж, Гары, гэта толькі ПАЧАТАК, разумееш, толькі ПАЧАТАК.

Локхарт па сяброўску падміргнуў хлопчыку і пайшоў прэчкі. Колькі секунд, Гары аслупянела стаяў на адным месцы, аднак прыпомніўшы, што павінен знаходзіцца на занятках, адчыніў дзверы цяпліцы і слізгануў усярэдзіну.

Прафесарка Спроўт стаяла ў цэнтры цяпліцы, ля паліцы з гаршкамі, па краі якой ляжала дванаццаць пар разнакаляровых навушнікаў. Калі Гары заняў сваё звычайнае месца між Ронам і Герміёнаю, прафесарка паведаміла.

- Сёння мы будзем займацца перасадкаю мандрагоры. Хто мне распавядзе пра яе ўласцівасці?

Анікога не здзівіла, што першай у паветра ўзнялася рука Герміёны.

- Мандрагора, ці як яе клічуць яшчэ - вядзмаркіна зёлка, мае наймацнейшыя ажыўляючыя магчымасці.- сваім звычайным тонам, быццам вызубрыла ўвесь падручнік, паведаміла дзяўчынка.- Яе выкарыстоўваюць дзеля таго, каб вярнуць першапачатковы выгляд людзям, якія былі некім ператвораны, альбо пракляты.

- Выдатна,- сказала прафесарка Спроўт,- Дзесяць балаў Грыфіндору. Так, мандрагоры з’яўляюцца найважлівейшым інгрэдыентам большасці з проціатрутаў. Аднак, яны таксама нясуць небяспеку. Хто раскажа чаму?

Ледзь не збіўшы па дарозе гарыны акуляры, рука Герміёны зноўку ўзнялася ў паветра.

- Галас мандрагоры, смяротна небяспечны для тых хто яго чуе,- выпаліла яна.

- Цалкам дакладна.- прамовіла прафесарка.- Яшчэ дзесяць балаў Грыфіндору. Так, аднак мандрагоры з якімі мы будзем працаваць зусім маленькія.

Прафесарка паказала ім на шэраг глыбокіх латкоў.авучэнцы наблізіліся да іх, каб лепей разглядзець. З латкоў у радочак тырчала каля сотні невялічкіх кусточкаў пурпурова зялёнага колеру, якія на гарыну думку былі цалкам звычайнымі і ён аніяк не мог зразумеў пра што мела на ўвазе Герміёна, калі штосьці казала пра іх “галас”.

- А зараз, няхай кожны возьме сабе па пары навушнікаў,- загадала Спроўт.

Між дзецьмі адразу ж пачалася невялічкая сутычка, бо аніхто не жадаў каб яго навушнікі былі ружовымі і пухнатымі.

- Цяпер, па маёй камандзе апраніце свае навушнікі і пераканайцеся, што яны НАДЗЕЙНА закрываюць вашыя вушкі.- папярэдзіла навучэнцаў прафесарка.- Калі зняць іх будзе небяспечна, я падыму ўгору вялікі палец. Гатовы? АПРАНУЦЬ навушнікі.

Па загадзе настаўніцы Гары начапіў навушнікі, яны надзейна прыхавалі яго слых ад усялякага гуку. Прафесарка Спроўт ўзяла ружовую і пухнатую пару, начапіла яе на галаву, падкасала рукавы, моцна схапіла адзін з кусточкаў і праз намаганне рванула ўгору.

Аніхто не пачуў, як Гары вохнуў ад здзіўлення.

Замест звычайнага кораня, з зямлі выцягнулася маленечкае, бруднае і надта выродлівае немаўля з пуком лістоты, што рос адразу ж з яго галавы. Немаўля мела бледна зялёную спярэшчаную крапінкамі скуру і было бачна, як яно раве ўва ўсю моц сваіх грудзяў.

Пасля гэтага, прафесарка выцягнула з-пад свайго стала вялізны кветкавы горшчык поўны кампоста і понасцю пагрузіла ў яго мандрагору, пакінуўшы на паверхні толькі пук лісця. Скончыўшы працу, яна абтрэсла рукі, узняла ўгору вялікага пальца і зняла ўласныя навушнікі.

- Нашыя мандрагоры цяпер толькі саджанцы і іх галас не здольны забіць вас,- спакойна, быццам зрабіла штосьці цалкам звычайнае, накшталт палівання бегоніі, паведаміла Спроўт,- аднак ён ЗДОЛЬНЫ накаўтаваць вас на колькі гадзін. А паколькі, як я разумею, вы не жадаеце згубіць свой першы школьны дзень, упэўніцеся, што вашы навушнікі находзяцца на патрэбным месцы. Я пакажу вам, калі надыйдзе час скончыць заняткі.

- Па чатыры чалавекі ў кожнага латка... вось тут будзе вялізны запас горшчыкаў... а вунь там ў мяшку вы знойдзеце кампост... і яшчэ, сцеражыцеся атрутных тэнтакулаў у іх пачалі прарэзвацца зубкі.

Кажучы гэта, Спроўт пляснула па калючай цёмна чырвонай расліне, якая ўпотай цягнула да яе пляча сваё доўгае шчупальца.

Ля латка да Гары, Рона і Герміёны далучыўся нейкі кучаравы хлопчык з Хафлпафу, якога Гары ведаў на твар, але ніколі з ім не меў стасункаў.

- Джасцін Фінч-Флечлі,- ззяючы назваўся ён і патрос гарыну руку.- А вас ўсіх я, зразумела ж, ведаю, ты наш вядомы Гары Потэр... ты – Герміёна Грэйнджэр... лепшая вучаніца па ўсіх дысцыплінах...- Герміёна заззяла, калі Джасцін трос яе руку...- А ты Рон Візлі. Гэта ж табе належыў той лятаючы аўтамабіль?

Рон нават не ўсміхнуўся. З яго галавы пэўна дагэтуль не знікла памяць аб лямантоўцы.

- Гэты Локхарт – ён супэр, згодны?- шчасліва прамовіў Джасцін, напаўняючы разам з тройцай горшыкі кампостам з драконавага гною.- Ён жахліва адважны дзядзька. Чыталі яго кнігі? Я б з жаху памёр, калі б мяне ваўкалак загнаў у тэлефонную будку, а ён ані, ён заставаўся хладнакроўным... а потым бац... гэта проста ФАНТАСТЫКА.

- Бацькі мяне ў Ітан жадалі накіраваць, але ж я так задаволен што замест Ітана трапіў у Хогвартс. Не, зразумела, маці была крыху расчаравана, аднак калі я даў ёй пачытаць кнігі Локхарта, думаю яна зразумела наколькі карысна, калі ў сям’і ёсць адукаваны чараўнік...

Аднак адказаць штосьці было немагчыма. Яны зноў начапілі навушнікі на галовы і засяродзіліся на перасадцы мандрагораў. У руках прафесарцы Спроўт гэта выглядала як вельмі лёгкі занятак, але на самой справе ўсё было даволі складана. Мандрагорам аднолькава не падабалася, і калі іх выцягвалі з зямлі, і калі спрабавалі пасадзіць ў горшык з кампостам. Яны круціліся, штурхаліся нагамі, махалі ў паветры маленечкімі кулачкамі і спрабавалі кусіць аб’явіўшыміся ўжо вострымі зубкамі; Гары згубіў хвілінаў дзесяць, запіхваючы ў горшык адну асабліва тлустую мандрагору.

Калі заняткі скончыліся, Гары, як і ўсе астатнія быў узапрэлым, яго цела балела, а сам ён з галавы да ног быў перапэцканы зямлёю. Па сігнале прафесарцы Спроўт, яны знялі навушнікі і накіраваліся да замку, каб хуценька абмыцца, пераапрануцца і паспяшаць разам з астатнімі грыфіндорцамі на заняткі па ператварэннях.

Заняткі ў прафесаркі МакГонагал аніколі не былі лёгкімі, але сёння праца была асабліва цяжкай. Усё, што Гары вывучыў у мінулым годзе за лета выветрылася з яго галавы. Замест таго, каб ператварыць жука на гузік, хлопчык толькі пазаймаўся з ім фізкультурай, бо той ўвесь час імкліва збягаў ад яго палачкі.

Але яшчэ горшыя праблемы былі ў Рона. Ён заматаў палачку запазычаным у кагосьці магічным скотчам - сэлатэйпам, але яна здаецца ўжо не падлягала рэмонту. Увесь час яна трашчала і сыпала іскрамі, а калі Рон, усё ткі паспрабаваў ператварыць свайго жука, таго ахутаў густы шэры дым, пахлы стухлымі яйкамі. Нарэшце, Рон, выпаткова раздавіў свайго жука лакцём і быў вымушаны папрасіць у прафесаркі МакГонагал новага, ад чаго яна ані не была задаволена.

З палёгкаю Гары пачуў званочак запрашаўшы ўсіх на абед, яго мозг цяпер, больш нагадваў выціснутую губку. Усе навучэнцы пакінулі кабінэт у якім застаўся адзін толькі Рон, што працягваў апантана калаціць сваёй палачкай па парце.

- Дурная... анінашто не здольная... штука...

- Слухай, напішы дадому, каб цябе набылі новую,- прапанаваў Гары, калі палачка чарговы раз стрэліла ў паветра феервергам іскрынак.

- І атрымаць новую лямантоўку,- запіхаўшы, працягваючую шыпець палачку ў сваю торбу.- “ГЭТА ЦАЛКАМ ТВАЯ ВІНА, У ТЫМ ШТО ПАЛАЧКА БЫЛА ЗЛАМАНА...”

Ронаў настрой ані не палепшыўся і калі спусціўшыся на абед, яны сустрэлі Герміёну, якая паказала ім колькі ідэальных гузікаў для паліто, якія яна стварыла падчас заняткаў.

- А што ў нас пасля абеду?- паспешліва мянняючы тэму, спытаўся Гары.

- Абарона ад Цёмных мастацтваў,- імгненна выпаліла Герміёна.

- НАВОШТА,- схапіўшы яе графік, спытаўся Рон,- ты пазначыла ўсе локхартаўскія лекцыі маленечкімі сэрцанькамі?

Герміёна вырвала ў Рона свой графік, а яе тварык пачырванеў ад злосці.

Скончыўшы абедаць, сябры выйшлі надворак. Герміёна, прысеўшы на каменныя прыступкі, уткнула носа ўва “Угалоп з упірамі”, а Гары з Ронам прыняліся разважаць аб квідытчы. Прамінула колькі хвілінаў іхнай размовы, калі Гары адчуў, што за ім нехта пільна назірае. Аглядзеўшыся, Гары ўбачыў маленечкага хлопчыка з мышыннага колеру валасамі, якога ўчора бачыў праз вакно з Сартавальным капелюшом на галаве. У сваіх ручках малы сціскаў штось нагадваючае звычайную маглаўскую фатакамеру. Калі хлопчык зразумеў, што Гары заўважыў яго, твар малога імгненна зрабіўся яскрава чырвоным.

- Як маесся, Гары? Я... я – Колін Крыві,- ледзь дыхаючы прамовіў ён і зрабіў колькі крокаў наперад.- Я таксама з Грыфіндору. Ці ты не будзеш... супраць, калі я цябе... я цябе сфатаграфую?- вымавіў Колін і падняў камеру да вачэй.

- Сфатаграфуеш?- абыякава перапытаў у яго Гары.

- Ну, каб мне паверылі, што мы з табой сапраўды знаёмы,- з прагнасцю ў голасе прамовіў Колін, працягваючы набліжацца да Гары.- Я шмат пра цябе ведаю, а яшчэ больш мне расказалі іншыя. Аб тым як ты перажыў напад Сам Ведаеш Каго, як ён паспрабаваў цябе забіць, а знік сам, а ў цябе на ілбе застаўся шнар-маланка,- вочы малога стрэлілі кудысьці пад гарыну чэлку.- А хлопчык з майго пакою, расказаў, што калі апрацаваць здымак у адпаведным зеллі, людзі на ім будуць РУХАЦЦА.- дрыжачы ад узбуджэння, Колін набраў у грудзі пабольш паветра і забалбатаў,- Тут так ВЫДАТНА. Я ніколі не здагадваўся, што ўсе тыя дзівосы, што са мной дзеяцца – сапраўдная магія, ажно пакуль не атрымаў ліст з Хогвартса. Мой тата малочнік, ён таксама ня мог у гэта паверыць. Так што цяпер я раблю шмат фатаграфій, каб мажліва было адправіць іх дадому. Так цудоўна, што я магу быць адным з вас...- з мальбой у вачах ён паглядзеў на Гары...- а можа твой сябра сфатаграфуе нас разам? А потым ты падпішаш здымак.

- ПАДПІСАЦЬ ЗДЫМАК? Ты раздаеш ФОТКІ З АЎТОГРАФАМІ, Потэр?

Гучны і з’едлівы голас Драко Малфоя разнесся па ўсяму двары, ён устаў ззаду Коліна, а па баках ад Малфоя, як і заўсёды ў Хогвартсе, усталі яго паплечнікі Крэйб і Гойл.

- Усім ўстаць у чаргу!- крыкнуў Малфой згрудзіўшымся у двары навучэнцам,- Зараз Гары Потэр будзе раздаваць фоткі з аўтографамі!

- Нават не збіраўся,- сціскаючы кулакі, раззлавана прамовіў Гары.- Заткніся, Малфой.