Вечарына з нагоды дня ўмярцвення

 

Распаўсюджваючы ў замку і яго наваколлі сырасць, надышоў кастрычнік. Хогвартская лекарка, мадам Помфры была перагружана працай у сувязі з выбухам захворвання на прастуду сярод навучэнцаў і супрацоўнікаў. Яе ўсперчаная настойка была здольна вылекаваць вас за хвіліну, хаця пасля гэтага на працягу колькіх гадзінаў з вашых вушэй курэў дым. Джыні Візлі блукала па замку з бледным тварам, таму пад пагрозамі свайго брата Персі была таксама вымушана яе прыняць. З-пад рудых валасоў дзяўчынкі пайшоў пар і склалася ўражанне, бы джыніна галава ахоплена полымем.

Дажджавыя кроплі памерам з кулю грукаталі аб замкавыя вокны дзень і ноч, вады ў возеры зрабілася нашмат больш, кветкавыя клумбы размыла, а гарбузы на хагрыдавым гародзе выраслі настолькі, што цяпер былі вышэй за адрыну. Аднак дзікая залева не змыла энтузіязму Олівера Вуда і трэніроўкі праходзілі з заўзятай рэгулярнасцю. Вось і цяпер у непагодную суботу за колькі дзён да Хэлоўіна, хлопчык вяртаўся ў грыфіндорскую вежу дашчэнту змоклы і перапэцканы брудам.

Але не толькі дождж і вецер прымушалі яго непакоіцца. Фрэд з Джорджам прабраліся на слізэрынскую трэніроўку і падглядзелі на то як хутка лётаюць іхныя Німбусы 2001. Блізняты расказалі, што слізэрынцы больш за ўсё нагадвалі ім сем зялёных зданяў, што гойсалі ў паветры з хуткасцю рэактыўнага самалёта.

Хлюпаючы праз пустынны калідор, Гары наштурхнуўся на таго, хто быў заклапочаны ня меньш за яго. Грыфіндорскі прывід – Амаль Безгаловы Нік, стаяў вытарапіўшыся ў вакно і ціха мармытаў сабе пад нос:

-... не падыходжу пад іх крытэрыі... нейкія полцалі скуры...

- Здароўку, Нік,- павітаўся Гары.

- Здароў – здароў,- уздрыгануўшы і азірнуўшыся навокал, адказаў прывід. Ён меў зухаваты капялюш з пяром на расчэсаных напалам валасах, а рыфлёны каўнер яго камзола ўтойваў тое, што нікава галава была амаль што поўнасцю адрублена. Ён быў бледны ды празрысты як дым і Гары бачыў скрозь яго, счарнелае неба і залеву знадворку.

- Ты выглядаеш нечым занепакоенным, юны Потэр,- заўважыў Нік, складаючы празрысты ліст і запіхваючы яго ў камзол.

- Ты таксама,- адказаў Гары.

- Ай,- шляхетна махнуўшы рукой адказаў Амаль Безгаловы Нік.- Не істотна... я не тое каб вельмі жадаў да іх далучыцца... я толькі адаслаў ім заяву, аднак высветлілася, што я “не падыходжу пад іх патрабаванні”.

Не гледзячы на абыякавасць ў голасе, на твары Ніка адбівалася вялікая горыч.

- Вось як ты сам думаеш,- раптам ускіпеў Нік, выцягваючы ліст з кішэні,- калі атрымаць сорак пяць удараў тупой сякераю па шыі, ці гэта будзе дастаткова, каб далучыцца да Безгаловага палявання?

- А то ж,- адказаў Гары, ад якога, відавочна і патрэбна была згода.

- То бок, аніхто так як я не жадаў, каб усё было зроблена хутка і без праблемаў. І каб мая галава была адсечана, так як трэба. Гэта выратавала б мяне ад неперавышанага болю і кпінаў. І тут вось...- Нік, адным рэзкім рухам раскрыў ліст і раззлавана прачытаў:

“Сябрамі нашай супольнасці могуць з’яўляцца толькі тыя, чыё цела поўнасцю развіталася з галавой. Інакш супольніку будзе немагчыма ўдзельнічаць у такіх забавах Палявання, як жангляванне галавою вершкі ці пола галавой. Таму з вялікім жалем я павінен паведаміць вам, што вы не адпавядаеце нашым патрабаванням. З найлепшымі пажаданнямі сэр Патрык Дэлані-Падмор.”

Кіпя ад злосці, Амаль Безгаловы Нік зноў сунуў ліст у кішэню свайго камзола.

- Поўдзюйма скуры і сухажылляў, вось і ўсё, Гары, што трымае маю галаву! Большасць людзей лічаць, што гэтага дастаткова, каб лічыцца абезгалоўленым, але гэта, вох, замнога для сэра Якслед Абезгалоўленага-Падмора.

Нік зрабіў колькі глыбокіх подыхаў, а потым спытаўся значна спакойнейшым голасам.

- Так... а цябе што турбуе? Я магу табе нечым дапамагчы?

- Ані,- адказаў Гары.- Калі толькі ты ня ведаеш, дзе я магу адшукаць сем дармовых Німбусаў 2001 дзеля нашага матча супраць Слі...

Канчатак гарыных слоў быў заглушаны пранізлівым мяўканнем, адчуўшымся ля ягоных ног. Гары зірнуў уніз і сустрэўся з парай жоўтых падобных на лямпы вачэй, што належылі Місіс Норыс – худой, як шкілет котке хогвартскага наглядчыка Аргуса Філча, якую той выкарыстоўваў, як памагатку ў сваім адвечным змаганні з навучэнцамі.

- Табе лепей бегчы адсюль, Гары,- хутка прамовіў Нік.- Філч зараз не ў добрым настроі. Ён хворы на грып, да таго ж сёння нейкія трэцягодкі выпацкалі жабінымі мазгамі ўсю столю ў пятым падзямеллі; ён усю ранніцу яе чысціў і калі ён заўважыць бруд, які ты тут разнёс...

- Маеш рацыю,- адказаў Гары і пад дакорлівым позіркам Місіс Норыс паспяшаўся прэчкі, але было запозна. Дзякуючы нейкай таямнічай сіле, што існавала паміж ім і яго брыдотнай коткай, Філч нечакана выскочыў з-за габелена наўпрост перад Гары. З хрыпеннем наглядчык шалёнымі вачыма паглядзеў на парушальніка правілаў. Яго галава была ўхутана тоўстым клятчатым шалікам, а нос быў неверагодна фіялетавага колеру.

- Бруд!- загаласіў ён, кажучы пальцам на лужыну, што накрапала з гарынай квідытчнай вопрадкі. Яго абвіслыя шчокі трымцелі, а вочы панічна вылупіліся.- Паўсюль вэрхал і брыда! З мяне годзе! Хадзі за мной, Потэр!

Гары змрочна памахаў рукой Амаль Безгаловаму Ніку і пашкандыбаў ўслед за Філчам ўніз па сходах, павялічваючы колькасць брудных слядоў.

Ніколі ранней Гары ня быў у кабінэце Філча, тым больш што гэтага месца імкнуліся пазбягаць ўсе навучэнцы. Цёмны, без вокан і крышку прапахлы смажанай рыбай пакой асвятляўся адной толькі алейнай лямпай, што звісала з нізкай столі. Уздоўж сцен стаялі драўляныя шафы поўныя скрынак, на кожную з якіх была налеплена шыльдачка дзе быў пазначан спіс вучняў, якіх калі-небудзь затрымліваў Філч і спіс іх парушэнняў. А ў Фрэда і Джорджа Візлі скрынка нават была ўласная. Па-за сталом наглядчыка на сцяне вісела колькі добра змазаных і адпаліраваных кайданоў. Усі вучні ведалі, што Філч рэгулярна ўмольвае Дамблдора, каб той дазволіў яму прыкоўваць вінаватых вучняў да столі за шчыкаладкі.

З гаршка, што стаяў на яго стале наглядчык выхапіў пяро і пачаў капацца ў паперах на стале ў пошуках чыстага кавалка пергаменту.

- Брыдота,- люта прамармытаў наглядчык,- агромістыя палаючыя драконавы соплі... жабіны мазгі... пацучыныя кішкі... з мяне годзе... пакараць у НАВУКУ іншым... дзе ж бланкі... а вось...

Ён выцягнуў са скрыні свайго стала скрутак пергаменту, разгарнуў і абмакнуў пяро ў чарніліцу.

- Імя: Гары Потэр, Злачынства...

- Я ўсяго толькі троху запэцкаў падлогу!- прамовіў Гары.

- Гэта табе “Троху запэцкаў”, хлопча, а мне дадатковая гадзіна прыбірання!- закрычаў Філч, на успухлым носе якога з’явілася і непрыемна задрыжала кропля. Злачынства: Апаганьванне замка... Прапануемае пакаранне...

Наглядчык выцер нос і гідка прыжмурачыся зірнуў на Гары, які сцішыўшы дыханне чакаў, што ж той выдумае яму ў якасці пакарання.

Аднак, не паспеў Філч чарговы раз апусціць у чарніліцу пяро, як адчуўся аглушальны БУМ! Ад якога на столі філчава кабінэту закачалася лямпа.

- ПІЎЗ!- заравеў Філч, са злосцю кідаючы пяро.- На гэты раз я цябе спаймаю!

Не азірнуўшыся на Гары, наглядчык перавальваючыся выбег з кабінэту, а следам за ім шмыганула Місіс Норыс.

Піўз - школьны полтэргейст, быў выскалякам і лятучай небяспекай, мэтай жыцця якога было нясенне паўсюль хааса і разрухі. Гары ня надта любіў Піўза, але цяпер ён адчуваў сябе ўдзячным полтэргейсту за такое сваечасовае шалапуцтва і хлопчык спадзяваўся, што яно (а мяркуючы па гуку, Піўз знішчыў нешта вельмі вялікае), адцягне філчаву ўвагу.

Вырашыўшы, што яму ўсё ткі варта дачакацца вяртання наглядчыка, Глопчык прысеў на пакоцаны моллю фатэль побач з пісмовым сталом. Акрамя напалову запоўненага бланку на стале Гары ўбачыў толькі агромісты пурпуровы канверт, падпісаны срэбнымі чарніламі. Хутка зірнуўшы на дзверы, каб упэўніцца, што наглядчык пакуль не збіраецца вяртацца, Гары ўзяў канверт у рукі і прачытаў:

 

“КВІКСПЭЛ

Завочны курс

Чаравання для пачаткоўцаў.”

 

Заінтрыгаваўшыся, Гары раскрыў канверт і выцягнуў адтуль пачак пергаментаў. Фігурнымі срэбнымі літарарамі на першай старонцы было напісана:

 

“Адчуваеце сябе па-за светам сучаснай магіі? Шукаеце адгаворкі, каб не карыстацца нават самымі простымі замовамі? Вы настолькі жахліва трымаеце ў руках палачку, што гэта заўжды выклікае посмешкі наваколля?