Праверка дамашняга задання. Заслухваецца выразнае чытанне на памяць верша Я

Заслухваецца выразнае чытанне на памяць верша Я. Коласа “Адлёт жураўлёў”

3. Паведамленне тэмы і мэты ўроку

4. Праца над вершам Міколы Хведаровіча «Верасень»

Самастойнае чытанне верша вучнямі з мэтай падрыхтоўкі да асэнсаванага ўспрымання верша, вызначэнне незразумелых слоў.

Ржэўнік— поле, на якім засталося ржышча.

Чытанне верша «Верасень» вучнямі ўслых.

Вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою верша.

— Які настрой выклікаў у вас верш?

Гутарка па змесце верша.

— Якой паказаў нам аўтар восень?

— Якія карціны лясной прыроды апісаны аўтарам?

— Знайдзіце і зачытайце словы, якія дапамагаюць паэту прадставіць лясную прыроду як жывую істоту.

— Якая тэма гэтага верша?

Падрыхтоўка і выразнае чытанне верша вучнямі.

5. Праца над творам Эдуарда Шыма «Цяжкая праца»

Прагназаванне зместу твора па загалоўку і малюнку.

— Прачытайце загаловак апавядання і разгледзьце малюнак на с. 19 падручніка. Паспрабуйце расказаць, пра што будзе ісці гаворка ў гэтым творы.

Падрыхтоўка да асэнсаванага чытання апавядання (слоўнік — с. 19 падручніка).

Хвоя-выварацень — паваленая хвоя з вывернутым з зямлі коранем.

Чытанне апавядання настаўнікам.

Гутарка па змесце прачытанага з выкарыстаннем пытанняў і заданняў падручніка на с. 19. Выбарачнае чытанне.

— Ад чыйго імя напісана апавяданне?

— Якая галоўная думка твора?

— На якую тэму гэты твор?

6. Падвядзенне вынікаў урока.

¾ Што аб'ядноўвае верш М. Хведаровіча «Верасень» і апавяданне Э. Хведаровіча «Цяжкая праца»?

7. Дамашняе заданне: с. 18-19, заданне № 5.

 


ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

Тэма: Пазакласнае чытаннне “Беларускія паэты пра любоў да роднага краю, яго прыроды, людзей”

Мэты: адпрацоўваць навыкі выразнага і свядомага чытання, умення выказваць свае думкі, самастойна працаваць з кнігай; развіваць мову вучняў, узбагачаць слоўнікавы запас; пашыраць веды вучняў аб гісторыі сваёй Радзімы, аб гісторыі роднага краю; выхоўваць любоў і павагу да роднай зямлі.

1. Арганізацыйны момант

2. Паведамленне тэмы і мэты ўроку

Сёння правядзём урок-справаздачу аб самым галоўным, аб самым каштоўным – аб нашай Бацькаушчыне. Рака нараджаецца з ручаін, дрэва расце з каранёў, а чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца ў глыбокай адданасці сваей Радзіме, з ведання яе гісторыі, з пашаны да спадчыны, з любові да матчынай мовы. Гэта самая неабходная умова, каб "людзьмі між людзей пачувацца".

Гучьщь грамзапіс песні "Спадчына" (сл. Я. Купалы, муз. I. Лучанка) у выкананні ансамбля "Песняры".

Вучань (на фоне пест чытае верш "О, край родны, край прыгожы!" Я. Коласа).

О, край родны, карай прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор;

Дзе ўвосень плачуць лозы,

Дзе лугі вясной цвітуць,

Дзе шляхам старым бярозы

Азначаюць гожа пуць.

¾ Якой тэме прысвечаны радкі гэтага верша, гэтая музыка? (Айчыне, Бацькаўшчыне, роднаму краю.)

¾ Як вы думаеце, аб чым сёння пойдзе размова на ўроку?

¾ Адсюль і тэма нашага ўрока "Зямля пад бе­лымі крыламі".

¾ Працаваць на ўроку будзем у творчых групах: група "Мастакі", група "Літаратуразнаўцы", група "Даследчыкі", група "Карэспандэнты". Дапамагаць мне будзе наша вядучая — дзяўчынка-беларусачка.

Работа па тэме

¾ Не толькі паэты і музыканты пішуць вершы, прысвячаюць музыку, але і мастакі таксама праслаўляюць свой край вось такімі прыгожымі краявідамі (вучні разглядваюць рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў).

Вядучая.Беларускія краявіды...

Перазвоны азёр і бароў

Пад палеткамі

Бульбы і жыта,

Велічных курганоў.

Давайце прачытаем, як пра беларускія краявіды гавораць пісьменнікі. Наш знакаміты зямляк Ул. Караткевіч піша так:

— Адкрываем падручнік (4 абзац, тэкст "Мая Беларусь", "Якая яна, мая Беларусь?").

¾ Скажыце, калі ласка, як жа называецца краіна, у якой мы з вамі жывём? (Беларусь.)

¾ Белая Русь. Гэта назва гучыць для нас ціхім шолахам лісця ў лесе, вясёлай гаворкай крынічкі, чыстай раслінай у промнях узыходзячага сонца, вясеннім курлыканнем журавоў высока ў небе, вясёлым гоманам дзетвары.

— Гэта ўсе яна — Белая Русь.

Вучань(чытае верш "Белая Русь").

На карце вялікага свету

Яна, як зялёны лісток,

Песня гарачага лета,

Крынічнай вады глыток,

Адвечная калыханка,

Душы запаветны куток,

Трапеча гарачым ранкам

На дрэве нястомны лісток.

А ў навальніцу б'ецца

Нябачны паміж лісця,

Як роднае матчына сэрца,

Што мне даражэй жьщця.

— Давайце зноў вернемся да тэсту "Мая Беларусь" (трэці абзац) і даведаемся наконт паходжання назвы "Белая Русь". Чаму так называецца наша краіна? (Адказы вучняў.)

¾ Якая ж птушка ўяўляе сабой сімвал нашай краіны? (Бусел.)

— А што вы ведаеце пра бусла?

— Паслухайце, калі ласка, як пра гэта гаворыць Ул. Караткевіч (1-2 абзацы).

Вядучая.Пра буслоў народ склаў шмат легенд. Адну з іх зараз паслухаем. Ці ведаеце вы, як буслы выглядалі раней? ("Буслы" К. Каліны. Кніга "Мая дарагая Радзіма".)

Дапамагаюць дзеці групы "Літаратуразнаўцы".

¾ Цяпер будзеце ведаць, чаму буслы носяць чырвоныя панчохі і чаму блізка селяцца ля хат людзей і кож­ную вясну прылятюць да сваіх родных мясцін.

Вядучая(чытае верш "Прыляцеў я ў свой край").

Рады бусел, клякоча у гняздзе на ўвесь гай,

Радасць выказаць хоча:

Прыляцеў я ў свой край

Тут над рэчкай сасонкі,

Морам жыта шуміць.

Без любімай старонкі

Мне б ніколі не жыць.

¾ Гэта ўсе так. Гэты сур'ёзны птах з'яўляецца часткай беларускага краявіду. 3 людзьмі ён жыве ў дружбе, гняздуецца часта на страхах будынкаў, на дрэвах каля хат. Народ наш любіць бусла, лічыць сваім добрым суседам. Бусел стаў назаўсёды сімвалам ціхага, спакойнага, мірнага жыцця беларускага народа.

¾ А зараз я прапаную вам прачытаць самастойна верш "Шчымліва-непаўторны край"

Гучыць верш М. Хведаровіча "Мы едзем далека да мора...".

Вучань(чытае верш).

Мы едзем далека да мора

Чужыя глядзець гарады

Шукаем скалістыя горы,

Азёры крыштальнай вады.

I часта, так часта бывае,

Што мы ў сумятлівым жыцці

Мінаем і не заўважаем

Красу сваіх родных мясцін.

Вядучая.А як узнікла назва нашага горада?

Сваімі думкамі дзеляцца вучні з групы "даследчыкі".

¾ Цяпер будзем ведаць, чаму так завецца наш горад.

А вось як пра наш горад, пра красу сваіх род­ных мясцін напісалі вучні ў сваіх сачыненнях.

— Слухаем вас (вучні зачытваюць 2—3 сачыненні).

— Ці спадабаліся вам выказванні вучняў?

— Што больш за ўсе ўразіла?

¾ А мне застаецца толькі дадаць словамі бела­рускага паэта М. Пазнякова:

Клічуць родныя мясціны,

Паўстае ў харастве

Край жаданы, край адзіны

Дзе з'явіўся я на свет.

¾ Рэспубліка Беларусь! Так завецца краіна, у якой мы з вамі жывём.

— Падбярыце сінонімы да слова Радзіма. (Айчына, Бацъкаўшчына, родны край)

Словы запісаны на дошцы, давайце нагадаем, якія вы ведаеце прыказкі, прымаўкі аб нашай Бацькаўшчыне.

— Група "Карэспандэнты" — вам слова. (Можна спытаць некалькі пералічаных прыказак.)

¾ А зараз прачытаем казку "Драч і крот", якая адпавядае гэтым прыказкам. (Чытанне па ролях казкі "Драч ! крот".)

— Якая галоўная думка гэтай казкі?

— Дзе б ні быў, ніколі не забывай аб родных мясцінах, аб родным кутку, дзе ты нарадзіўся.

Заключная частка

¾ Я хачу ўсіх вас пахваліць за стараннасць, за добрую падрыхтоўку да ўрока, за адказы.

— Аб чым жа мы вялі размову на працягу ўсяго ўрока?

— Што новага вы адкрылі для сябе на ўроку?

А зараз падрыхтуйцеся да бліц-інтэрв'ю на тэму: "Што значыць для мяне слова Радзіма?"

Вучань-карэспандэнт падыходзіць да вучняў класа і пачынае сказам: Для мяне Радзіма — гэта..., а другія вучні дапаўняюць сказ.

Абагульненне адказаў.

— Сёння на ўроку мы вялі размову пра самае галоўнае і дарагое, што ёсць у кожнага чалавека:

— пра нашу Бацькаўшчыну,

— пра нашу Радзіму,

— пра нашу краіну, у якой мы жывём.

На карце наша Радзіма нагадвае кляновы лісточак. Як і лісточак на дрэве кожную вясну, нягледзечы на маразы і завеі, з'яўляецца зноў і зноў, так і родны куток, нягледзячы на жыццёвыя буры, на ўсе няўзгоды, адраджаецца зноў і зноў.

Вучань чытае верш В. Вярба "Мой край"

Мой край — лугі і пералескі,

Крыніцы звон і шум лясны.

Мой край — блакітныя пралескі

На сцежках ранняе вясны.

Высока ў небе вырай кружыць,

Ляціць за сіні небакрай.

Не забывай ніколі, дружа,

Сваю зямлю, свой родны край.

Дадатак

 

Буслы

Клаўдзія Каліна

 

Здарылася гэта яшчэ ў той час, калі буслы ў наш край рэдка прыляталі і ногі ў іх былі тады не чырвоныя, як цяпер, а белыя.

Аднаго разу вясной прыляцелі яны ў нашу пушчу і селі на сухую верхавіну высокай сасны, што расла на ўзлессі.

— Вось тут і зробім сабе гняздо, — сказаў бусел.

I пачалі буслы насіць на сухое дрэва ламачча, мох, сталі будаваць сабе дамоўку.

А трэба сказаць, што вясна таго года была няўдалая: то сонца прыпячэ, то снег пойдзе, то мароз ударыць.

Прачнуліся аднойчы Бусел з Бусліхай на досвітку, а вакол усе снегам накрыта. Паляцелі яны на балота, хацелі спажыву сабе здабыць, але нічога не знайшлі. Усе замерзла, заледзянела. Памарозілі буслы свае ногі і вярнуліся назад.

А тут новая бяда! Вецер разбурыу і раскідаў гняздо.

Селі птушкі на сасне і засумавалі.

— Што ж мы з табою будзем рабіць? — загаласіла Бусліха. — Давядзецца памерці з голаду і холаду... Падумаў, падумаў Бусел і так адказаў Буслісе.

— Не плач, сяброўка дарагая, давай паляцім да людзей. Бачыш, на ўзлессі хата стаіць. Давай паляцім туды.

У той старэнькай хатцы жылі ўдваіх дзед і баба. Баба прала з воўны ніткі, рабіла панчохі добрым людзям. Так яны і жылі.

— Тук, тук, тук! — пастукаўся нехта ў дзверы.

Адчыніў дзед дзверы, глядзіць, ажно буслы стаяць: за­мерзлі, дрыжаць. То адну, то другую нагу падымаюць...

— Заходзьце, заходзьце хутчэй у хату, — сказала баба.

Упусцілі дзед з бабай буслоў у хату, абагрэлі, накармілі, чым толькі маглі.

Паглядзела баба на босыя ногі птушак і кажа:

— Дам я вам, буслы, панчохі цёплыя, каб не мерзлі вашы ногі, а то ў нас вёсны часта халодныя бываюць. I дала птушкам па пары панчох. Ды толькі панчохі тыя чырвоныя былі, з пафарбаванай пражы.

Надзелі буслы панчохі і так ім зрабілася добра і цёпла, што і мароз не страшны.

Дзед старое кола на страсе сваей хаты прыладзіў, і буслы зрабілі сабе новае гняздо, больш надзейнае і трывалае.

Началі з таго часу буслы каля людзей трымацца, рабіць свае дамоўкі на стрэхах, на дрэвах, бліжэй да людскіх паселішчаў.

А тыя чырвоныя панчохі, што дала ім бабка, буслы і цяпер носяць.

 


 

ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

Тэма: Уладзімір Дубоўка «Хованкі».

Мэты:удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне; на практычным узроўні засвойваць значэнне выразаў «рэальны змест» і «гумарыстычны змест»; развіваць уменне выяўляць сэнсавыя сувязі паміж падзеямі ў творы, выказваць уласныя адносіны да ўчынкаў дзеючых асоб, дзяліць тэкст на сэнсавыя часткі.

1. Арганізацыйны момант