Паняцце тэрміна. Тэрміналогія

Метадычная распрацоўка для студэнтаў №5

для правядзення заняткаў

на фармацэўтычным факультэце завочнага аддзялення

па дысцыпліне “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”

 

Тэма: Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы.

 

Час: 75 хвілін

І. Вучэбныя і выхаваўчыя мэты:

1. Паглыбіць веды аб тэрміналагічнай сістэме беларускай мовы.

2. Набываць навыкі карыстання тэрміналагічнай лексікай у розных сітуацыях прафесійных зносін.

3. Пашыраць і ўзбагачаць прафесійны лексічны запас будучых спецыялістаў, выпрацаваць уменне практычнага карыстання тэрміналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці.

 

ІІ. Матэрыяльнае забеспячэнне:

Дыдактычны матэрыял па тэме.

III. Пытанні для самападрыхтоўкі па змесце заняткаў:

1. Паняцце тэрміна. Тэрміналогія.

2. Адрозненні тэрмінаў ад прафесіяналізмаў і звычайных слоў.

3. Спосабы ўтварэння тэрмінаў.

4. Размежаванне тэрміналагічнай лексікі па разрадах і сферы выкарыстання.

5. Асаблівасці медыцынскай тэрміналогіі.

6. З гісторыі беларускай навуковай тэрміналогіі.

IV. Пытанні для аўдыторнага кантролю ведаў:

1. Дайце азначэнне паняццям “тэрмін” і “тэрміналогія”.

2. Назавіце патрабаванні да тэрміна.

3. Назавіце прыметы адрознення прафесіяналізмаў ад тэрмінаў.

4. Назавіце прыметы адрознення прафесіяналізмаў ад звычайных слоў.

5. Ахарактэрызуйце кожны са спосабаў утварэння тэрмінаў.

6. Назавіце разрады тэрміналогіі ў залежнасці ад сферы ўжывання тэрмінаў

7. У чым асаблівасць медыцынскай тэрміналогіі?

8. Коратка ахарактарызуйце асноўныя этапы фарміравання і ўсталявання навуковай тэрміналогіі.

МАтэрыял для самападрыхтоўкі:

Паняцце тэрміна. Тэрміналогія

Тэрмін (лац. Terminusмяжа)– слова ці словазлучэнне, якое з’яўляецца назвай спецыяльнага паняцця якой-небудзь сферы вытворчасці, навукі, тэхнікі і г.д.

Слова тэрміналогія выкарыстоўваецца ў двух асноўных значэннях.

Тэрміналогія (ад лац. Terminus мяжа, граніца + грэч. logia слова, вучэнне) – 1. Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў, напрыклад тэрміналогія эканомікі, тэрміналогія мовазнаўства, юрыдычная тэрміналогія. У больш шырокім сэнсе слова “тэрміналогія” ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў пэўных галін дзейнасці.

2. Раздзел мовазнаўства, які займаецца вучэннем тэрмінаў.

Мэта тэрміналогіі – дасягненне дакладнасці і адназначнасці тэрмінаў, адпаведнасці паміж сістэмай тэрмінаў і сістэмай паняццяў.

Патрабаванні да тэрміна:

1). У складзе ўпарадкаванай тэрмінасістэмы не павінна быць мнагазначнасці тэрмінаў. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы, тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін.

Так, слова абсцэс у медыцыне азначае гнайнік – і толькі. Адназначныя і біялагічныя тэрміны сімбіёз, калякветнік (околоцветник) і інш., лінгвістычныя: метатэза, перараскладанне і інш., хімічныя: двухвокіс, ангідрыд і інш.

Але разважаць пра адназначнасць тэрмінаў можна толькі ў межах дадзенай тэрміналагічнай сістэмы. Напрыклад, слова інкубацыя ў медыцыне – скрыты перыяд хваробы, у сельскай гаспадарцы – вывядзенне птушанят у інкубатары; грануляцыя як астранамічны тэрмін – зярністасць паверхні Сонца, а ў медыцыне – гэта новая тканка, што ўтвараецца пры загаенні раны.

2). Тэрмін не павенен мець сінонімаў. Аднак у рэальна існуючых тэрмінасістэмах сінанімія, як, дарэчы, дублетнасць і варыянтнасць, усё ж існуюць (варыянты: бабаўкі – дамешкі, назапашванне – памнажэнне; дублеты: лінгвістыка – мовазнаўства, мнагазначнасць – полісемія, арфаграфія – правапісанне, азбука – алфавіт).

3). Антанімія тэрміналогіі ўласціва не менш, чым лексіцы агульналітаратурнай мовы. Сустракаюцца тэрміны-антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці: актыў – пасіў, брадыкардыя – тахікардыя, мікрацэфалія – макрацэфалія, кароткі гук – працяглы гук, высокія тэмпературы – нізкія тэмпературы.

4). Аманімічныя тэрміны часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сэстэм, іх называюць міжнавуковымі амонімамі. (марфалогія: у мовазнаўстве гэта “раздзел граматыкі, які вывучае формы слова”, у анатоміі гэта “навука аб форме і будове чалавека і жывёлы”, у батаніцы гэта “навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін”).

5). Адсутнасць экспрэсіі, нейтральнасць з эмацыянальна-экспрэсіўнага пункту гледжання. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: зуб мудрасці, чырвоны радок, гарлачык жоўты, рукаў (ракі).