Апытванне па тэарэтычным матэрыяле.

1. Дайце азначэнне паняцця “функцыянальны стыль”.

2. Назавіце экстралінгвістычныя фактары, якія ўплываюць на фарміраванне функцыянальных стыляў.

3. Назавіце функцыянальныя стылі беларускай мовы.

4. Ахарактарызуйце кожны са стыляў беларускай мовы.

5. Назавіце падстылі кожнага з пералічаных стыляў, сферу прымянення, мэту зносін, віды тэкстаў і асноўныя стылярысы.

 

4. ПрактычнЫЯ заданні:

Вызначце стыль і падстыль прапанаваных тэкстаў. Абгрунтуйце адказ.

Тэкст 1. Вітаміны.

Вітаміны – гэта поліфункцыянальныя біялягічна актыўныя рэчывы складанай структуры, якія рэгулююць працяканне абменных працэсаў у арганізме. Чалавек мае патрэбу ў вітамінах штодзённа. Аднак сам арганізм сінтэзуе толькі некаторыя з іх (і то ў нязначнай колькасці). Большасць вітамінаў паступае ў арганізм з прадуктамі харчавання.

Зараз вядома каля 30 вітамінаў, з якіх толькі 10 сінтэзуецца ў арганізме. Фізіялагічная патрэба ў вітамінах індывідуальная для кожнага арганізма і залежыць ад полу, узросту, стану здароўя, характару працоўнай дзейнасці. Менавіта расліны з’яўляюцца крыніцай неабходных вітамінаў для чалавека. Многія расліны, і асабліва аднесеныя да лекавых, так багатыя на вітаміны, што могуць ужывацца як прафілактычныя і лекавыя сродкі пры цэлым шэрагу захворванняў, якія суправаджаюцца гіпавітамінозам.

Усе вітаміны падзяляюцца на тлушчарастваральныя і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны А, D, E, F, а да водарастваральных – вітаміны групы B, C, P, нікацінавая і фаліевая кіслоты і шэраг іншых. Вітамін К раствараецца як у тлушчах, так і ў вадзе.

(Большая Белорусская Медицинская Энциклопедия)

 

Тэкст 2. Заўтра экзамен.

Пачніце дзень з кантрастнага душа. Гэта танізуе арганізм, нармалізуе кровазварот і ўмацоўвае імунную сістэму.

На снеданне з’ешце, напрыклад, кашу, шматкі або мюслі з ёгуртам. Гэта дазволіць папоўніць запасы неабходнай для разумовай работы энергіі. Для перакусу запасіцеся садавінай і гароднінай. Яны багатыя на мінералы і вітаміны, якія паляпшаюць і актывізуюць мазгавую дзейнасць.

За дзень выпіце не менш чым 2 л вадкасці (мінеральнай вады, соку, гарбаты). Кожная клетка вашага цела (і мозг у тым ліку) мае патрэбу ў ёй.

Час ад часу рабіце прыемныя паўзы. Камусьці прынясе задавальненне бадзёрая размінка, а камусьці – танізуючая ванна з марской соллю. Галоўнае – праз 15 хвілін вы зноў будзеце ў рабочым стане. Калі вы не ўкладваецеся ў рамкі светлавога дня, прыслухайцеся да наступных парад, якія дапамогуць перажыць ноч напярэдадні экзамена без шкоды для здароўя.

Займіцеся аўтагеннай трэніроўкай. Вам спатрэбіцца ўсяго 30 секунд. Расслабцеся, заплюшчыце вочы, падумайце аб прыемным, затым рэзка сцісніце кулакі і расплюшчыце вочы. Эфект ашаламляльны – вы зноў поўныя энергіі. Аднак асцерагайцеся задрамаць па-сапраўднаму – пасля гэтага стомленасць толькі ўзмоцніцца.

Тры хвіліны рабіце інтэнсіўныя махі рукамі і нагамі, прысяданні, нахілы, скачкі. Сэрца заб’ецца пры гэтым хутчэй, а вы адчуеце сябе больш бадзёра.

Вялікім і ўказальным пальцамі памасіруйце пераноссе – уверх і ўніз. Абапрыцеся локцямі аб стол, вочы заплюшчыце, прыкрыйце іх далонямі. На хвіліну цалкам адключыцеся ад навакольнага свету. Такое практыкаванне – адпачынак не толькі для нервовай сістэмы, але і для стомленых вачэй.

Калі змагацца са сном ужо няма сіл, дапаможа кантрастны міні-душ. Падстаўце кісці пад моцны струмень вады і 2-3 хвіліны чаргуйце халодную і гарачую ваду (якую толькі можаце вытрымаць).

Здараецца так, што, скончыўшы падрыхтоўку да экзамена (ці тэрміновую работу) у 2-3 гадзіны ночы, вы адчуваеце ўзбуджэнне і ніяк не можаце заснуць. А паспаць неабходна! Не прымайце ніякіх таблетак – лепш выпіце кубачак гарбаты з мелісай, хмелем і корнем валяр’яну. Такая сумесь мякка супакоіць нервы, забяспечыць спакойны сон і бадзёрае абуджэнне. Інгрэдыенты змяшайце ў роўных частках, затым чайную лыжку сумесі заліце шклянкай кіпеню і настойвайце 5 хвілін. Працадзіце і піце цёплай, па жаданню можна дабавіць мёд.

Тэкст 3. Апараты ... Апараты ... Розныя. Без экранаў. На калёсіках. Са шлангамі. Кірыла ўспомніў Ярашавы “лекцыі” па хірургіі, фразу, якую той аднойчы кінуў з гонарам:

“Мая аперацыйная цяпер – што цэх”.

Сапраўды, што цэх.

Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сігнальнымі лямпачкамі, ці не той гэта апошні цуд, па які Яраш ездзіў у Кіеў, апарат “сэрца-лёгкія”?

Яраш нешта кажа сваім памочнікам. Урачы адказваюць незразумелымі Шыковічу словамі.

Нечакана адчыняюцца другія дзверы. Санітары хутка і бясшумна падводзяць хворую і гэтак жа, да абразлівасці хутка, кладуць на аперацыйны стол.

Яраш, усё такі ж спакойны і велічны, прыветліва ківае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нічога не сказаўшы, ён адыходзіць. Працягвае рукі Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткі і накрывае яго вялікія рукі салфеткай. Ён садзіцца. Ён адпачывае. Можа, апошні раз прадумвае план аперацыі. А яго памочнікі – урачы і сёстры – не вельмі каб спешліва падключаюць да хворай датчыкі апаратаў: пад спіну, да галавы, да рукі, да нагі... Правады, шлангі звісаюць пад сталом. Шыковічу чамусьці больш за ўсё кінуўся ў вочы і запомніўся маленькі апарацік, які надзелі Зосі на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксігемометр – прыбор, які вызначае насычанасць крыві кіслародам.)

(І.Шамякін)

5. Выстаўленне выніковых адзнак.

Пасля кантролю засваення вывучаемага матэрыялу выкладчык ацэньвае работу кожнага студэнта.

 

Заключная частка.

Выкладчык адказвае на пытанні студэнтаў. Даецца заданне на наступныя заняткі.

VI. Літаратура

Асноўная:

1. Беларуская мова: сцісла і даступна. -Мн., 1997.

2. Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. -Мн.,1992.

3. Сямешка Л.У., Шкраба У.Р., Бадзевіч З. Курс беларускай мовы. – Мн., 1996.

4. Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. - Мн., 1995.

Дадатковая:

1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мн., 1994.

2. Красней В. П. Навуковы стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова ў другой палове ХХ ст.: Матэр. міжнар. навук. канф. – Мн., 1998. – С. 16–19.

3. Старавойтава Н. П. Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць / Вучэбна-метадычны дапаможнік для нефілалагічных спецыяльнасцей. – Мн., 2006.