Разгледзьце малюнкі. Ці адбылося з дзьмухаўцом нешта чароўнае? Чаму плача дзяучынка?

Урок 19

Тэма: Я і навакольны свет. Надвор'е, з'явы прыроды

Мэты:

· працягваць выпрацоўку вымаўленчых навыкаў пры вымаўленні гукаў у маўленчай плыні, прывучаць да ўзаемакантролю вымаўлення, пазнаеміць са словамі і выразамі тэматычнай групы;

· фарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання на слых, выпрацоўваць навык чытання на беларускай мове;

· выхоўваць цікавасць да навакольнага свету.

Абсталяванне: падручнік, малюнкі-сімвалы, сшытак, каляровыя алоўкі, фламастары.

Ход урока

I. Маўленчая размінка

Паслухайце верш. Запомніце словы з гукамі [р, ч, дз, г].

З-за хмурынкі месячык

Беленькі ідзе,

За сабою зорачак

Карагод вядзе.

С. Новік-Пяюн.

— Назавіце словы з гукамі [р, ч, дз, г]. Што такое «хмурынка», «месячык», «зорачкі»? Чаму кажуць, што ме­сячык беленькі? Вывучыце і раскажыце вершык хорам.

II. Лексічная праца

Дамінуючы лексічны матэрыял: надвор'е, дождж, навальніца, маланка, хмара.

1) Кожны дзень нас цікавіць, якое будзе надвор'е. Мы слухаем па радыё прагноз і глядзім у акно. А там можа быць сонечна ці золка, пахмурна, ветрана альбо ціха, церушыць дождж ці ісці снег, а можа грымець навальніца (настаўнік паказвае адпаведныя малюнкі-сімвалы, вучні сочаць па сшытку, алоўкам пад патрэбным малюнкам ставяць сімвал).

— Пагуляем у вядучых перадачы «Прагноз надвор'я». Раскажыце пра надвор'е сённяшняга дня, учарашняга дня, спрагназуйце надвор'е на заўтра. Паглядзіце на малюнкі ў сшытку і скажыце, якое надвор'е вам падабаецца?

2) — Паслухайце тэкст, які называецца «Сонца і вясёлка». Як вы думаеце, што такое «вясёлка»? Ска­жыце, чаму сонейка пакрыўдзілася на вясёлку?

Сонца і вясёлка

Улетку пасля дажджу выглянула сонейка. Над рэчкай заіграла вясёлка. Усе глядзяць на яе, любуюцца. Пачала вясёлка хваліцца, што яна прыгажэйшая за сонца. Пачула гэта сонца і схавалася за хмару. І вяселкі адразу не стала.

— Якія словы вам былі незразумелыя? Чаму знікла вясёлка? Знайдзіце на малюнку ў сшытку сонейка, хмару, вясёлку? Адкуль выглядвае сонейка? Якая хмара? Вясёлка? Размалюйце.

3) Адгадайце загадкі:

Для адных ён — садавод,

Для другіх ён — палявод,

Паспявае ўсюды быць,

Поле, луг і сад паліць. (Дождж.)

Грэе моцна, свеціць ярка

Усяго свету качагарка.

Жар яе не астудзіць,

Полымя не пагасіць. (Сонца.)

Хоць, здаецца, ледзьве дыша —

А ўжо мора ён калыша,

А як часам уздыхне —

Да зямлі дубы прыгне.

Хто нябачны той асілак,

Што такую мае сілу? (Вецер.)

Кішэні не мае,

а сонца хавае.

Страху не мае,

а ад ветру ўцякае.

Вачэй не мае,

а слёзы пралівае. (Хмара.)

Гром грыміць, маланкі блішчуць,

лупіць дождж,

а вецер — свішча! (Навальніца.)

На палеткі, на луг

разаслаўся кажух,

А прыйшоў сакавік

ён заплакаў і знік. (Снег.)

III. Аудзіраванне

1) Адгадайце загадку:

Сонца ім ласкі не шкадавала,

Сонечнай фарбаю пафарбавала.

Ой жа якія прыгожыя кветкі!

Ляцяць да іх пчолкі, бягуць да іх дзеткі.

Пчолкі мядок салодкі збіраюць,

Дзеткі вянкі на галоўку сплятаюць. (Дзьмухаўцы).

Разгледзьце малюнкі. Ці адбылося з дзьмухаўцом нешта чароўнае? Чаму плача дзяучынка?

Дзьмухавец-Пузанчык

Соня ляпіла бабкі з мокрага пяску ў фігурных формачках. Бабкі атрымаліся прыгожыя. Соня паклала іх на лаўку, каб яны пякліся на сонейку, і пачала чакаць. Раптам яна пачула нечы шэпт:

— Паглядзіце на мяне! Я самы прыгожы! Я самы цікавы на зямлі!

Шэпт даносіўся з кутка саду, дзе раслі маліны. Соня выцерла рукі аб фартух і на дыбачках пайшла ў той бок. Села на траву і пачала ўважліва слухаць.

Гэта гаварыў Дзьмухавец. Ён быў жоўты-жоўты, як залаты. І вельмі гэтым ганарыўся. Побач з ім раслі блакітныя незабудкі. Дзьмухавец гойдаўся перад імі на доўгай ножцы і ўсё гаварыў:

— Я расцвітаю два разы. Спярша жоўтымі пялёсткамі. Бачыце, які я залаты? А потым — белымі. Вось паглядзіце!

I адразу ж Дзьмухавец сціснуўся, схаваўшы жоўтыя пялесткі ў зялёны кошык. Але вось ён пачаў раскрывацца. I сапраўды, замест жоўтых паказаліся белыя пушыстыя пялесткі.

— Вось бачыце, які я фокуснік! — выхваляўся Дзьмухавец. I так надзьмуўся, што стаў вялікі і круглы, як шар.

— Ой, які пузанчык! — падзівілася Соня. Раптам наляцеў вецер. Дзьмухавец і незабудкі хістанула так моцна, што яны аж прыгнуліся да долу. А калі незабудкі выпрасталіся, дык больш не ўбачылі Дзьмухаўца. Замест яго стаяла доўгае сцябло з пустой макаўкай. А яго белыя пушыстыя пялесткі ляталі ў паветры, як парашуцікі.

Соня глядзела, як ляцяць парашуцікі, а потым уздыхнула і сказала:

— Бедны Дзьмухавец-Пузанчык! Навошта ён так выхваляўся? Калі б ён быў сціплы, пялесткі-парашуцікі трымаліся б мацней і вецер не здзьмуў бы іх.

Незабудкі пачулі, што сказала Соня, і ў знак згоды заківалі галоўкамі. Яны таксама самотна глядзелі ўслед адлятаючым парашуцікам. Хоць і хвалько быў Дзьмухавец, але усё ж Незабудкі прывыклі да яго. Яны ж разам раслі.

А парашуцікі ляцелі усё вышэй і далей і, нарэшце, зніклі за плотам суседняй дачы. Там яны, мусіць, і прызямліліся.

Заплакала Соня. Шкада ёй стала Дзьмухаўца. Пабегла яна да бабулькі і пра ўсё расказала. А бабулька ёй кажа:

— Не плач. Многія парашуцікі пападуць у зямлю, прарастуць, і зноў вырастуць такія ж Дзьмухаўцы-Пузанчыкі.

А. Кобец-Філімонава.

3) Чым займалася на вуліцы Соня? Каго ўбачыла дзяўчынка ў кутку сада? Якія «фокусы» паказваў Дзьмухавец? Што з ім здарылася, калі наляцеў вецер? Чаму плакала Соня? Як супакоіла яе бабуля? Падумайце, чаму Дзьмухавец у казцы называецца Пузанчыкам? Якога малюнку не хапае ў падручніку? Што на ім трэба адлюстраваць? Праінсцэніруйце дыялогі Дзьмухаўца і дзяучынкі, дзяучынкі і бабулі.

4) Навучанне чытанню. Прачытайце словы, надрукаваныя на дошцы:

сад плот кветка

— Што значыць «плот»? «Кветка»?

Праца ў сшытку.

Назавіце кветкі, якія вы пазналі на малюнку, абвядзіце і размалюйце іх. Прачытай­це словы — назвы кветак. Злучыце назву і кветку. Якая з гэтых кветак вам найбольш падабаецца? Чаму? Назавіце сваю любімую кветку.

Хвілінка адкрыццяў.

— У казцы вы пачулі, што Дзьмухавец рос у тым кутку сада, дзе былі маліны. Звярніце ўвагу, па-беларуску кажуць маліны, парэчкі, суніцы, чарніцы,

а не маліна, парэчка, суніца, чарніца. Закончыце сказ:

У садзе растуць ...

У лесе растуць ...