Настаўнік прапануе дзецям хлебную скарынку.

Урок 21

Тэма: Я і навакольны свет. Я і жывёльны свет

Мэты:

· працягваць выпрацоўку вымаўленчых навыкаў пры вымаўленні гукаў у маўленчай плыні, прывучаць да ўзаемакантролю вымаўлення, пазнаеміць са словамі і выразамі тэматычнай группы;

· фарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання на слых, выпрацоўваць навык чытання на беларускай мове;

· выхоўваць беражлівыя адносіны да хлеба і павагу да людзей працы.

Ход урока

I. Маўленчая размінка

Вымавіце словы, сачыце за вымаўленнем гукау [ч, ц', дз', дж].

прыляціце жавароначкі

прынясіце лецейка

абудзіце дожджык

напаіце травачку

нарасціце волікаў

Паслухайце верш і скажыце, да каго ў ім звяртаюцца?

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

Жавароначкі, прыляціце,

Зямлю-матухну абудзіце.

Дожджыкам напаіце.

Каб травачкі нарасціла,

Каб волікаў напаіла.

(З народнага)

— Да якіх птушак звяртаюцца ў вершы? Аб чым просяць? Адкуль вяртаюцца птушкі вясной? Знайдзіце словы, якія выказваюць ласкавыя адносіны.

Завучванне і вымаўленне з адпаведнай інтанацыяй 4 першых радкоў верша.

II. Лексічная праца

Дамінуючы лексічны матэрыял: жывёла, звер, птушка, бусел.

— Прыгадайце, калі ласка, жывёл, якія былі героямі казак. Называйце іх па-беларуску. Хто з іх з'яўляецца свойскай жывёлай, а хто — лясны звер? На Беларусі жыве шмат звяроў і птушак.

1) Каго з жывёл на малюнках у сшытку вы ведаеце? Здагадайцеся, гледзячы на малюнкі:

Самы магутны звер у Беларусі... Самы хуткі звер у Беларусі... Самы маленькі звер у Беларусі... Самы распаўсюджаны звер у Беларусі.. Самы рэдкі звер у Беларусі...

Паслухайце верш і скажыце, пра якіх жывёл ідзе размова?

Зубры

Белавежаю крочаць зубры,

Пушчы слаўныя валадары.

I гарбы ў іх крутыя, і рогі,

Саступаюць усе ім з дарогі:

І мядзведзі, і злыя ваўкі

Хутка кідаюцца ў бакі.

Л. Геніюш.

— Як вы зразумелі выраз «Белавежаю крочаць зубры»? Якія зубры? Чаму ўсе звяры саступаюць ім дарогу?

Паслухайце верш. Пра якую птушку ідзе раз­мова?

У чырвоных ботах,

Захаваўшы лапкі.

Бусел на балотах

Спрытна ловіць жабкі.

— У што захаваў лапкі бусел? Чаму так кажуць? Каго ловіць бусел?

Работа ў сшытку.

— Разгледзьце малюнкі ў сшытку, назавіце звера, птушку. Гэтыя жывёлы з'яўляюцца сімвалам Беларусі. Зубр сімвалізуе моц і рахманасць (спо­койствие), а бусел — сімвал сямейнага шчасця. Прачытайце подпісы пад малюнкамі. Як называюць дзіцянят гэтых жывёл? Дамалюйце маленькае зубраня і бусляня.

III. Аўдзіраванне

Настаўнік прапануе дзецям хлебную скарынку.

— Чым яна пахне? Паслухайце верш і скажыце, які пах адчуў аутар.

Хлебная скарынка

Пахне хлебная скарынка

Цёплым ветрыкам, хваінкай,

Летнім дожджыкам грыбным,

Лугам, полем аржаным,

I асенняй пазалотай,

Ды натхнёнаю работай.

А. Дзеружынскі.

— Як вы думаеце, чаму аўтар адчуў такія пахі? Ад­гадайце загадку і даведаецеся, пра каго будзе казка:

Сеюць мяне, рэжуць мяне,

вяжуць мяне і б'юць,

прайду я агонь і ваду,

а нарэшце ў рот пападу. (Хлеб.

— Казачнік Бай прапануе нам сёння паслухаць каз­ку «Кавалачак хлеба». Што значыць «кавалачак»?

Кавалачак хлеба

Дзед ведаў шмат казак. I мне іх расказваў. Пом­ню яго казку пра хлеб.

...Людзі доўга харчаваліся травой, ягадамі, грыбамі, аж пакуль не выдумалі хлеб.

Хлеб яны выдумалі не адны. Былі ў іх памагатыя. І хто, ты думаеш? Сонца, Вецер і Вада!..

Даўно-даўно гэта было. Вецер і Вада хадзілі па зямлі, як людзі. А Сонца, як і цяпер, плавала над зямлёй, у вышыні. І магло гаварыць чалавечай мовай.

Сонца, Вецер і Вада бачылі, як цяжка жывецца людзям. От адзін раз сабраліся і пачалі думаць, як памагчы людзям жыць. Думалі-думалі, і Сонца параіла свой харч для людзей.

— Толькі няхай яны яго вынаходзяць і здабываюць самі, — сказала Ветру Сонца. — А мы ім паможам.

Дало Сонца Ветру некалькі зерняў жыта. Вецер пасеяў, Вада паліла, Сонца прагрэла. Зерні ўзышлі. Сонца ўсміхнулася. Жыта пачало расці ўгору.

Глядзяць людзі і дзівяцца: што гэта такое расце?

А вырасла жыта. Паспелі буйныя каласы. Людзі сабе думаюць: што з гэтых каласоў можна зрабіць? На што яны могуць спатрэбіцца?

Адзін чалавек сарваў каласок, расцёр яго. Узяў на зуб зерне.

Другі чалавек прыдумаў зварыць зерне ў вадзе.

Трэці чалавек прыдумаў таўчы зерне. Стоўк — атрымалася мука. З мукі жонка зварыла зацірку.

Адна цётка з мукі замясіла цеста. Камяк цеста паспрабавалі спячы. Спяклі. Выйшаў румяны бохан.

Але знайшліся ў адной мясцовасці людзі, якія пачалі глуміць хлеб, не бераглі яго. Не даядуць лусту хлеба і выкінуць. Дзе ні ступіш, валяюцца аб'едкі, кавалкі, скарынкі... Па дарогах рассыпана зерне. У засеках псуецца насенне.

Ішоў па дарозе Вецер. Ён ішоў ціха, павольна. Ідзе і чуе, што жыта скардзіцца яму на занядбалую сваю долю. Што яго топчуць людзі. Здзекуюцца з яго.

Зайшоў Вецер у вёску, дзе жылі людзі. Бачыць — праўда! На вуліцы, на дварах, пад вокнамі валяюцца кавалкі хлеба. Нават боханы. Ніхто не беражэ ані крошкі.

Раззлаваўся Вецер ды як закруціць віхрам. Толькі чорны слуп густога пылу ўзняўся над вуліцай. Круціць Вецер, змятае ўсе скарынкі і сухары цвілыя... Узняўся аж да Сонца і кажа:

— Паглядзі, Сонца, што ж гэта робіцца! Мы клапоцімся аб людзях, памагаем ім. А яны што робяць з хлебам? Бачыш, як глумяць?

Нахмурылася Сонца, закрыўшыся хмараю. Праз нейкі час толькі мутнае, шэрае воблака распаўзлося па небе. Сонца аж пажаўцела.

— Пашлі на іх сухавея. А я спекі паддам.

І пачалася ў той мясцовасці неміласэрная гарачыня... Усё на полі, на агародах пасмягла... З рэк уся вада збегла ў мора. Азёры і крыніцы павысыхалі. Дрэвы без пары пажоўклі. Жыта пабялела.

Людзі занепакоіліся.

— Што ж гэта робіцца? Калі ж пойдзе дождж?

Усе запасы яны паелі. У полі ўсё пагарэла. На­ват насенне людзі вярнуць не змаглі... І пачалі яны шукаць выкінутыя на вуліцу кавалкі хлеба. Былі рады сухару і скарыначцы. Людзі каяліся, што так бяздумна жылі. З болем успаміналі тую пару, калі не бераглі хлеб, глумілі яго.

Аднойчы ўранку, калі вецер-сухавей яшчэ драмаў за кустамі, слёзы людскія разам з расой выпарыліся, узняліся да Сонца. І яно сказала Дажджу:

— Ну, сыпані столькі кропель, колькі трэба на пасеў.

— А ты, — кажа Ветру, — пранясі хмары над палеткамі асцярожна. Градам не пабі, ліўнем не залі! — падумала Сонца і дадало: — Пабачым, як яны зноў возьмуцца за працу...

Праз нейкі момант пайшоу роўны, спорны дождж. Такі, якога прасілі людзі...

Цяжка яны пакутавалі пасля голаду. Зноў хар­чаваліся травой, маладой крапіўкай. Грыбамі, ягадамі...

І калі зноў дачакаліся новага ураджаю, сабралі яго, змалолі, напяклі хлеба. І пакляліся вечна шанаваць яго, берагчы, як само жыццё.

Ад таго нават словы «жыта» і «жыццё» парадніліся навечна.

2) Чаму людзям было цяжка жыць раней? Хто ім дапамог? Што рабілі людзі з зерня? Чаму раззлаваліся Вецер, Сонца і Вада на людзей? Што здарылася з зямлёй? Як паводзілі сябе пасля гэтага людзі? Ці прабачылі ім Сонца, Вецер і Вада? Чаму кажуць беражы зярнятка — пабагацее і твая хатка?

3) Прачытайце словы, надрукаваныя на дошцы: зерне мука пуста

— Якія з названых прадметаў ёсць на малюнку ў сшытку? Абвядзіце і размалюйце.

Хвілінка адкрыццяў.

— У беларускай мове са словамі сябруе маленькае слова з. Па-беларуску кажуць: з насення, з жыта, з зерня. Скажыце, з чаго пякуць хлеб?