Политика Беларуси после 1990

Набыццё Рэспублікай Беларусь суверэнітэту запатрабавала палітычнай кансалідацыі ўсіх сіл, зацікаўленых у пераадоленні цяжкасцей, з якімі сустрэлася краіна пасля развалу СССР. Шэраг дэпутатаў выказваўся за неабходнасць датэрмiновага пераабрання Вярхоўнага Савета. Яго старшыні С. Шушкевічу не ўдалося стабілізаваць палітычнага становішча, у выніку яму давялося падаць у адстаўку. Абранне ў 1994 г. адстаўнога міліцэйскага генерала М. Грыба на пасаду спікера таксама сітуацыі не палепшыла. На фоне несціхаючых канфліктаў паміж лідэрамі БНФ і КПБ, паплечнікамі прэм’ер-міністра В. Кебіча і прыхільнікамі рыначных рэформ выявіліся многія недахопы парламенцкай рэспублікі. Неўзабаве ў беларускім грамадстве пашырылася і запанавала думка аб неабходнасці прыняцця новай Канстытуцыі і ўвядзення прэзідэнцкай формы кіравання. Парламенцкая большасць выступала за наданне прэзідэнту права кантролю выканаўчай улады. Пасутнасці, ужо пад час працы над праектам Асноўнага закону яго распрацоўшчыкі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта разглядалі прэм’ер-міністра В. Кебіча.

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь была прынята новая, пятая ў гісторыі беларусаў Канстытуцыя. Гэты акт з’явіўся рашучым крокам беларускага грамадства на шляху да рэальнага суверэнітэту і ўмацавання дзяржаўнасці. Паводле Канстытуцыі, Беларусь абвяшчалася ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодала вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляла ўнутраную і знешнюю палітыку.

Асноўны Закон складаўся з 8 раздзелаў, 8 глаў і 149 артыкулаў. Ён адбіў карэнныя змены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці краіны пасля развалу СССР. Чалавек і яго правы абвяшчаліся найвышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы. Ужо ў прэамбуле фіксавалася ідэя перавагі суверэнітэту народа над суверэнітэтам дзяржавы. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся народ, які мусіў ажыццяўляць яе непасрэдна i праз прадстаўнічыя органы. Гарантыя разнастайных палітычных інстытутаў, ідэалогій i поглядаў, плюралізму думак сведчыла аб сапраўднай дэмакратычнасці Канстытуцыі. У ёй адбіўся пэўны ўлік вопыту канстытуцыйнага будаўніцтва ў СССР, БССР i іншых краінах; замацаванне ў якасці эканамічнай асновы розных форм уласнасці; устанаўленне роўнасці дзяржавы i грамадзяніна, наяўнасць у ix узаемных абавязкаў; замацаванне ў якасці асноўнага кірунку для развіцця існуючага заканадаўства прыярытэту прынцыпаў міжнароднага права, яе дэідэалагізаваны характар і многае іншае. Упершыню ў гісторыі беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай. Рускай мове забяспечвалася права свабоднага карыстання як мовай міжнацыянальных зносін.

Вясной-летам 1994 г. распачалася кампанiя па выбарах прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь. Свае кандыдатуры выставiлi прэм’ер-міністр В. Кебiч, былы спікер Вярхоўнага Савета С. Шушкевiч, лідэр БНФ З. С. Пазняк, старшыня Гродзенскага аблвыканкама А. І. Дубко, адзін з лідэраў КПБ В. Нoвiкаў i старшыня парламенцкай камiсii па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры органах дзяржаўнага кіравання, А. Р. Лукашэнка.

Фаварытам перадвыбарчай гонкі доўгі час быў В. Кебіч, які актыўна выкарыстаў адміністратыўны рэсурс (СМІ, мясцовыя ўлады, чыноўніцтва і інш.). Але 17 чэрвеня ўжо ў першым туры выбараў ён хоць а абыйшоў 4 канкурэнтаў, але значна саступіў А. Лукашэнку, які набраў 45 % галасоў. 10 ліпеня ў другім туры В. Кебіч набраў усяго каля 20 % галасоў. Такім чынам, поўную перамогу на выбарах атрымаў А. Лукашэнка. У ліку прычын таго былі: зразумелая электарату і рэальная для ажыццяўлення выбарчая праграма, з абяцаннем выкаранення карупцыі, уздыму эканомікі, пераадолення інфляцыі, інтэграцыі з Расіяй і інш. З другога боку, маса выбаршчыкаў адмовіла ў даверы В. Кебічу – тыповаму наменклатурнаму вылучэнцу, які за чатыры гады свайго прэм’ерства не здолеў зрабіць хоць штосьці карыснае для Беларусі і яе народа.

20 ліпеня 1994 г. 40-гадовы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў клятву на служэнне народу і Айчыне і прыступіўся да выканання сваіх абавязкаў главы дзяржавы і кіраўніка выканаўчай улады.