Тэмы 6-7. Люблінская унія. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх зЯмЕЛЬ у складзе Рэчы Паспалітай

1. Люблінская унія. Статус ВКЛ.

2. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай. Войны другой паловы ХVІ - ХVІІІ стст.

3. Эвалюцыя палітычнага ладу ў беларускіх землях. Статуты ВКЛ.

4. Сацыяльна-палітычнае развіццё гарадоў. Магдэбургскае права.

5. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай.

6. Палітычны крызіс аб’яднанай Рэчы Паспалітай.

7. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 г.). Канстытуцыя 3 мая 1791 г.

8. Паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі.

 

 

Пытанні да дыскусіі:

1. Атрыбуты адноснай самастойнасці ВКЛ у сістэме Рэчы Паспалітай.

2. Падзелы Рэчы Паспалітай як вынік вырашэння моцнымі дзяржавамі лёсу слабых краін.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Прычыны і вынікі ўтварэння Рэчы Паспалітай.

2. Т. Касцюшка – нацыянальны герой ЗША, Польшчы, Беларусі.

Літаратура: [9, с.152-166, 175-185; 10, с.169-184, 200-232; 17, с.45-81; 21, с.61, 82, 84-85, 95-97, 104-113, 122-144; 30, с.119-155; 34, с.127-172; 35, с.65-75].

 

У дадзенай тэме студэнты павінны адзначыць, што ў выніку падпісання Люблінскай уніі на геаграфічнай карце з’явілася адна з буйнейшых краін Еўропы – Рэч Паспалітая. Гісторыя збліжэння ВКЛ з Польскім каралеўствам бярэ свой пачатак з Крэўскай уніі 1385 г. Прычыны чарговай уніі ўмоўна можна падзяліць на знешнюю і ўнутраную. 10 студзеня 1569 г. пачаўся Люблінскі сойм, які цягнуўся амаль паўгода. На гэтым сойме пачаліся перагаворы паміж Польшчай і ВКЛ, якія скончыліся падпісаннем акта Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г.

Студэнтам неабходна бальш падрабязна асвятліць падзеі, што папярэднічалі Люблінскаму сойму, яго ход і ўмовы, на якіх была заключана унія. Трэба ўлічваць, што палітычнае становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай у параўнанні з Польшчай было няроўным. Палітычная дыскрымінацыя пануючых саслоўяў ВКЛ дапаўнялася эканамічнай, што нараджала антыпольскія настроі і барацьбу ВКЛ за сваю самастойнасць.

Раскрываючы змест другога пытання, неабходна звярнуць увагу на тое, што, з’яўляючыся першапачаткова магутнай краінай, Рэч Паспалітая вяла актыўную знешнюю палітыку як ва Усходняй, так і ў Заходняй Еўропе. Першай вайной, атрыманай у спадчыну ад ВКЛ, была Лівонская вайна (1558-1583 гг.). У пачатку ХVІІ ст. вышэйшыя магнацка-шляхецкія колы Рэчы Паспалітай вырашылі выкарыстаць крызісную сітуацыю ў Маскоўскай дзяржаве. “Смутны час” даваў ім надзею на далучэнне новых зямель на Усходзе. Узброеныя сілы Рэчы Паспалітай неаднаразова распачыналі ваенныя дзеянні супраць Маскоўскай дзяржавы (1604-1618 гг., 1632-1634 гг.). Наступныя спробы ўсталяваць уладу ў Маскоўскай дзяржаве былі беспаспяховымі.

Рэчы Паспалітай удалося вырашыць і праблему татарскіх нападкаў. Пастаянныя войны, якія яна вяла ў першай палове ХVІІ ст., прывялі да таго, што на ўкраінскіх і беларускіх землях склаліся напружаныя сацыяльна-палітычныя абставіны. У 1648 г. пачалося казацкае паўстанне на Украіне, якое ў хуткім часе перарасло ў вызваленчую вайну. Казацка-сялянская вайна (1648-1651 гг.) насіла характар антыфеадальнай барацьбы сялянства і гарадскіх нізоў пры падтрымцы казацкіх атрадаў, дасланых на Беларусь з Украіны гетманам Б. Хмяльніцкім, і закончылася паражэннем паўстанцаў. Вайна стала пачаткам разбуранага веку ў гісторыі Беларусі.

У сярэдзіне ХVІІ ст. знешняе становішча Рэчы Паспалітай рэзка змянілася. Пачынаючы з 1648 г. і да 1717 г. яна вымушана была знаходзіцца ў стане амаль бесперапынных войнаў. Рэчы Паспалітай давялося вясці шматлікія войны з Расіяй (1654-1667 гг.), Швецыяй (1655-1660, 1700-1721 гг.), Асманскай імперыяй (1672-1699 гг.). Далёка не ўсе яны заканчваліся перамогай для яе.

Працяглыя войны і ваенныя паражэнні ў гэты перыяд прывялі да таго, што міжнароднае значэнне краіны было страчана. Узмацнілася ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы замежных краін.

У трэцім пытанні тэмы трэба адзначыць, што Рэч Паспалітая лічылася супольнай дзяржавай абодвух народаў: ВКЛ і Польскай Кароны. Кіраўнік дзяржавы – кароль – меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчая і часткова судовая ўлада належала агульнаму для ўсёй дзяржавы сойму, які складаўся з сената (вышэйшай палаты) і пасольскай ізбы (ніжэйшай палаты). У Рэчы Паспалітай была вялікая колькасць соймаў: канвакацыйныя, элекцыйныя, каранацыйныя, вальныя, генеральныя, павятовыя, рэляцыйныя. Агульныя соймы засядалі ў Варшаве, а з 1673 г. кожны трэці звычайны сойм праходзіў на тэрыторыі ВКЛ у Гродне. Па меры абмежаванняў каралеўскіх паўнамоцтваў функцыі соймаў пашыраліся. Пры вывучэнні дадзенага пытання студэнтам неабходна вызначыць змест такіх паняццяў, як “ліберум вета” або “залатыя шляхецкія вольнасці”, “паспалітае рушанне”, “пакта канвента”, “рокаша”, “канфедэрацыя”.

У складзе Рэчы Паспалітай абедзьве дзяржавы захавалі свае былыя назвы, свае ўрады, законы. Існавалі самастойныя судовая і мытныя сістэмы, органы мясцовага самакіравання, фінансавыя сістэмы, скарб, манеты, узброеныя сілы, розныя дзяржаўныя мовы.

Адным з патрабаванняў Люблінскай уніі было фарміраванне агульнага заканадаўства. Створаная ў ВКЛ камісія павінна была дапасаваць існуючае заканадаўства да патрабаванняў уніі. Але таму, што палякі на той час не мелі такога збору законаў, як Статут ВКЛ, паўстала пытанне аб удасканаленні заканадаўства. Крыніцамі для распрацоўкі новага зводу законаў сталі папярэднія Статуты (1529 і 1566 гг.), соймавыя пастановы, прывілеі і пастановы павятовых соймікаў. Статут быў зацверджаны ў 1588 г. Ён юрыдычна замацоўваў фактычныя адносіны паміж ВКЛ і Польшчай пасля Люблінскай уніі і завяршыў працэс кадыфікацыі права ў ВКЛ.

Разглядаючы чацвёртае пытанне, патрэбна адзначыць, што адной з яркіх асаблівасцяў эканамічнага развіцця Беларусі ХVІ – перш. пал. ХVІІ стст. стала урбанізацыя (масавае з’яўленне гарадоў). Гарадское насельніцтва папаўнялася за кошт сялян – уцекачоў, перасялення сельскіх рамеснікаў і натуральнага прыросту насельнітцва. Да сяр. ХVІІІ ст. усе буйныя і частка сярэдніх гарадоў атрымалі магдэбургскае права або права на самакіраванне. Паводле гэтага права гаражане вызваляліся ад феадальнай залежнасці (сталі вольнымі) і стваралі свой орган улады – магістрат, які складаўся з рады і лавы і знаходзіўся ў спецыяльным будынку – ратушы, і суд.

Гарады паступова ператвараліся ў рамесна-гандлёвыя цэнтры. Большую частку насельніцтва складалі мяшчане (рамеснікі і гандляры, якія аб’ядноўваліся ў цэхі і гільдыі). З ростам рамяства развівалася і гандлёвая дзейнасць, у выніку якой складваліся элементы ўнутранага рынку. Разам з унутраным пашыраўся і знешні гандаль. Росту ўнутраных і знешніх гандлёвых сувязяў спрыяла будаўніцтва новых шляхоў зносін.

У другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. развіццё гарадоў ішло складана, бо Рэч Паспалітая перажывала перыяд эканамічнага заняпадку, які быў выкліканы працяглымі войнамі. З спыненнем ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ў гарадах паступова пачалося аднаўленне гаспадарчага жыцця.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай было складаным і супярэчлівым. У выніку праведзенай аграрнай рэформы (1557 г.) была разбурана сялянская абшчына, змяніліся катэгорыі, эканамічнае і прававое становішча сялян, а сялянская гаспадарка паступова ўцягвалася ў таварна-грашовыя адносіны, узмацняючы сацыяльнае расслаенне.

У другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпадку, які быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбой, знешнімі войнамі. З сярэдзіны ХVІІІ ст. набіралі сілу аднаўленчыя працэсы, што значна палепшыла эканамічную сітуацыю ў краі. З’явіліся першыя парасткі капіталістычных адносін у эканоміцы. Яны праяўляліся ў перадачы маёнткаў у заклад, прадпрымальніцтве, пашырэнні мануфактур, стварэнні фабрык і заводаў.

Студэнты павінны вызначыць і зрабіць аналіз сацыяльнай структуры грамадства ў вызначаны перыяд.

Развіццё беларускіх зямель у ХVІІІ ст. адбывалася ва ўмовах крызісу Рэчы Паспалітай, які вынікаў са знешніх (шматлікія войны) і унутраных (палітычных, сацыяльна-эканамічных і духоўных) прычын. Усё гэта рабіла Рэч Паспалітую лёгкай здабычай суседзяў. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ Аўгуста пачалася эпоха выбраных соймам каралёў. Адсутнасць спадчыннага трону вяла да пастаяннай барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу. У барацьбе за першынства магнаты звярталіся за падтрымкай да іншаземных дзяржаў. Нетрываласць улады прыводзіла да ўтварэння канфедэрацый. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай патрабаваў яе рэфармавання. Паступова сярод магнатаў сфарміраваліся дзве плыні: першая выступала за рэформы, другая – за захаванне існуючага становішча.

Спроба рэформаў выклікала незадавальненне суседніх дзяржаў і часткі магнацтва, якая пры дапамозе Расіі і Прусіі стварыла дзве канфедэрацыі ў Слуцку і Торуні (1767 г.) з мэтай ураўнавання ў правах праваслаўных і пратэстантаў (дысідэнтаў) з католікамі. Незадаволеная шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю (1768 г.), разгром якой прывёў да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Чарговая спроба карэнных пераўтварэнняў адбылася на Вялікім альбо Чатырохгадовым сойме (1788-1792 гг.), галоўным дасягненнем якога стала прыняцце 3 мая 1791 г. Канстытуцыі. Праціўнікі Канстытуцыі абвясцілі аб утварэнні Таргавіцкай канфедэрацыі (1792 г.), у выніку якой у студзені 1793 г. у Гродне спецыяльны сойм зацвердзіў умовы другога падзелу. Рэакцыяй на страту незалежнасці краіны стала нацыянальна-вызваленчае паўстанне, узнятае 24 сакавіка 1794 г. Т. Касцюшкам у Кракаве. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. У выніку трох падзелаў Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць.