Тэма 13. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў Беларусі

1. Асаблівасці ажыццяўлення НЭПа ў БССР.

2. Ажыццяўленне індустрыялізацыі і калектывізацыі ў Беларусі.

3. Асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага, эканамічнага, нацыянальна-культурнага развіцця Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.

 

Пытанні да дыскусіі:

1. Савецкая мадэль мадэрнізацыі БССР на этапе станаўлення індустрыяльнага грамадства.

2. Брэсцкая і Рыжская дамовы у гістарычных лёсах беларускага народа.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Шляхі і метады правядзення калектывізацыі ў БССР.

2. Развіццё беларускай культуры ў Заходняй Беларусі.

 

Літаратура: [].

 

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што ва ўмовах замежнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны надзвычайныя метады кіравання гаспадаркай былі апраўданы, але з усталяваннем міру насельніцтва не згаджалася з працягам “ваеннага камунізму”. Расла незадаволенасць сялянства. Антыбальшавіцкі супраціў.

На Х з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г. пачалося афармленне новай эканамічнай палітыкі (НЭПа). Галоўнымі мэтамі НЭПа лічыліся максімальна хуткае пераадольванне гаспадарчага заняпаду і стварэнне ўмоў для пабудовы аднароднага сацыялістычнага грамадства.

Разглядаючы першае пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на наступнае: эканамічны механізм будаваўся на рыначных прынцыпах, НЭП пачаўся з сельскагаспадарчай палітыкі, затым развіўся ў палітыку заахвочвання гандлю, дазволіла павялічыць вытворчасць у прамысловасці.

Студэнты павінны сфармуляваць асаблівасці НЭПа ў Беларусі, яго недахопы і дасягненні, прычыны згортвання.

Разглядаючы другое пытанне, студэнты павінны адзначыць, што для забеспячэння эканамічнай стабільнасці неабходна было правядзенне індустрыялізацыі. Існавала дзве праграмы сацыялістычнага будаўніцтва, розніца паміж імі знаходзілася ў пытанні аб суадносінах долі назапашання і спажывання.

IX Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1928-1932 гг. Вынікі пяцігодкі можна падзяліць на станоўчыя (да фарсіравання індустрыялізацыі) і адмоўныя (з абвяшчэннем “вялікага скачка” у чэрвені 1930 г.).

У БССР пераважнае развіццё атрымалі дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная галіны прамысловасці. Было пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх новых прамысловых прадпрыемстваў. Узніклі новыя галіны прамысловасці: сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная (вытворчасць штучнага валакна і хіміка-фармацэўтычная), вытворчасць стандартных будынкаў, вытворчасць маргарыну і інш.

Аднак, адначасова эканамічныя стымулы і гаспадарчы разлік саступалі месца каманднай эканоміцы, выкарыстоўваліся валюнтарысцкія метады кіраўніцтва эканомікай. Пачаліся чысткі сярод мясцовых партыйных, дзяржаўных і гаспадарчых кадрах, абвінавачванні іх у нацыянал-ухілізме і шкодніцтве на падставе невыканання планаў.

У выніку студэнтам варта адзначыць, што да пачатку 1940-х гг. на Беларусі (як частцы СССР) была рэалізавана сталінская мадэль дзяржаўнага сацыялізму. Індустрыялізацыя садзейнічала яе ўмацаванню. Дзяржаўны манапалізм уладкаваўся ў вытворчасці і размеркаванні. Вырасла колькасць бюракратыі, усталяваўся загадны стыль кіраўніцтва эканомікай.

Да канца 20-х гг. сельскагаспадарчая вытворчасць пераважала ў народнай гаспадарцы БССР. Перад сельскай гаспадаркай былі пастаўлены задача фінансавання індустрыялізацыі.

Артыкул І.Сталіна «Год вялікага пералому» (7 лістапада 1929 г.) абгрунтаваў неабходнасць масавай калектывізацыі. Пачалася масавая калектывізацыя метадам адміністрацыйнага прымусу. Яна суправаджалася палітыкай “раскулачвання”. Выкарыстоўвалі гвалтоўныя метады – арышт, пазбаўленне права голасу, высылку. За гады першай пяцігодкі было калектывізавана палова сялянскіх двароў, створана каля 9 тыс. калгасаў.

У канцы 1930-х гг. калектывізацыя ў Беларусі ў асноўным была завершана, сацыялістычны спосаб вытворчасці ў сельскай гаспадарцы стаў пануючы. Аднак, узровень сельскагаспадарчай вытворчасці быў вельмі нізкім.

З 1921 г. заходнебеларускія землі знаходзіліся пад уладай Польшчы. Тут была ўстаноўлена польская буржуазна-памешчыцкая ўлада. У 1920-1921 гг. быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва.

“Усходнія крэсы” разглядаліся польскімі правячымі коламі як аграрна-сыравінны прыдатак карэннай Польшчы. Насельніцтва Заходняй Беларусі падвяргалася нацыянальнаму і эканамічнаму прыгнёту. Рэпрэсіям падвяргаліся патрыёты, якія стваралі партыі, аб’яднанні, таварыствы ў абарону інтарэсаў беларускага насельніцтва. Сярод партый і арганізацый, якія найбольш актыўна дзейнічалі ў Заходняй Беларусі, трэба адзначыць: КПЗБ, Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), Таварыства беларускай школы (ТБШ) і інш.

У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб’яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе.

Польскі ўрад жорстка караў за нацыянальна-вызваленчую барацьбу, але насельніцтва Заходняй Беларусі нястомна змагалася за аб’яднанне з БССР, што і адбылося ў 1939 г.