Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга

Анатоль Клышка

 

У Італіі, у адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце ёсць славутая «Зала сарака». На покуці стаіць зробленая з тоўстых дошак, сёння паточаная ўжо шашалем трыбунка-кафедра. Яна памятае, як некалі тут чытаў лекцыі Галілей. Цяпер на гэтым месцы стаіць бюст геніяльнага вучонага.

На сценах універсітэта скрозь памятныя знакі — эмблемы, гербы славутых родаў. Падуанскі універсітэт з гонарам ушаноўвае тых вялікіх, хто вучыўся альбо вучыў тут. Ды чаму не ганарыцца: адно такое імя, як Капернік ці Галілей, шмат што кажа ўсяму адукаванаму чалавецтву.

 

На сценах універсітэта — эмблемы...

Але ў «Зале сарака» ўжо не эмблемы, а сорак вялікіх партрэтаў слаўных з найслаўнейшых. Сярод іх другі ад покуці, каля кафедры Галілея,— Францішак Скарына.

Так за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у далёкай Італіі, ушаноўваецца памяць аб нашым першадрукару Францыску Скарыне.

Менавіта са Скарынавых рук без мала пяцьсот гадоў таму назад усходняе славянства атрымала першую друкаваную кнігу.

Каб уявіць веліч гэтай падзеі ў гісторыі нашай Радзімы, згадайма, якой была

КНІГА ДАЎНЕЙ.

У старажытныя часы яна была зусім не падобная да нашых.

На чым толькі не пісалі даўней людзі! На ўсім, што больш ці менш прыдавалася да пісьма.

Вы, пэўна, чулі, што гадоў з дзесятак таму назад у Беларусі пры раскопках старажытнага Віцебска знайшлі запісы, зробленыя на бяросце — бярозавай кары.

Даўней шмат якія надпісы высякалі на камянях, выціскалі на гліняных плітках.

Уявіце сабе цаглінку таўшчынёю ў два пальцы. Сотні такіх цаглінак і ўтваралі старадаўнюю кнігу. А паспрабуй такую кнігу палажыць у ранец. Ды што кнігу! Часам каб пераслаць якое пісьмо, і то трэба было збіраць у дарогу цэлы караван вярблюдаў. Адзін нумар часопіса «Вясёлка», які ты, напэўна, выпісваеш і чытаеш, «надрукаваны» на такіх таблічках, павёз бы хіба грузавік. Але ж грузавікоў у тыя часы не было...

Нязручная — ці няпраўда — такая кніга? Толькі адна перавага была ў яе: ніякі пажар ёй не страшны. А колькі ж цудоўных кніг згарэла пасля на свеце ў агні войнаў! А за тое, што праз тысячагоддзі ацалелі, дайшлі да нас запісы, зробленыя на гліняных таблічках, трэба дзякаваць полымю. Цаглінкі абпаліліся і сталі яшчэ больш трывалыя...

ПРОДАК ПАПЕРЫ

У Афрыцы, у Егіпце, людзі вельмі даўно навучыліся пісаць на папірусе.

Зараснікі папірусу ўкрывалі балоцістыя нізоўі вялікай ракі Ніл, там, дзе вада даходзіла метровай глыбіні. Тоўстыя трохгранныя бязлістыя сцяблы яго з вялікаю мяцёлкаю ўгары, нібы з распушчанымі, доўгімі — амаль два метры — валасамі, узнімаліся на вышыню ў пяць метраў.

На што толькі не выкарыстоўвалі старажытныя егіпцяне гэтую расліну! Драўніна каранёў была для іх палівам і будаўнічым матэрыялам. Гэтую расліну яны ўжывалі як харч — сырую, гатаваную, печаную. З яе выціскалі сок. З яе вілі вяроўкі, рабілі начынне, шылі адзенне, плялі кашы, майстравалі лодкі. Але ўвекавечыў сябе папірус тым, што даў чалавецтву першы сапраўдны матэрыял на кнігі. Памяць аб ім і да сёння іахавалася ў многіх еўрапейскіх мовах: згадайма беларускае слова «папера», нямецкае—«папір», англійскае — «пэйпа», французскае — «пап'е».

Матэрыял для пісьма з папірусу рабілі так: расліну ссякалі, ніжнюю частку дзялілі на роўныя кавалкі. Іголкаю дзялілі валакно на палоскі як мага шырэйшыя, танчэйшыя і даўжэйшыя. Разабраўшы іх залежна ад якасці — шырэйшыя лічыліся лепшымі,— выкладвалі гэтыя палоскі на стол са спецыяльна нахіленаю стальніцаю, сцелючы так, каб іхнія краі заходзілі адзін за адзін. Найлепшыя стужачкі-палоскі атрымліваліся з сярэдняй часткі сцябла. Яны былі і найшырэйшыя, і найдаўжэйшыя.

Пасля на разасланы пласт палосак накладвалі другі, але ўжо ўпоперак. Білі драўляным малатком: ад гэтага пласты танчэлі і шчыльнелі. Потым палівалі нільскай вадою і клалі пад прэс. Пры сцісканні з расліны выдзяляўся сок. Ён праклейваў усе валокны — атрымліваўся суцэльны аркуш. Два пласты ў ім так непарыўна злучаліся, што і сёння захавалі сваю трываласць.

Каб на атрыманых аркушах можна было пісаць, іх трэба было адпаліраваць. А каб яны лепш паліраваліся ды яшчэ і не ламаліся, бо папірус — даволі крохкі матэрыял, іх праклейвалі спецыяльным клеем. Гэта быў мякіш хлеба, які пракіпяціўся ў вадзе і прастаяў суткі.

Пасля ўжо сушылі на сонцы і звычайна пемзаю, ракавінаю ці слановаю косцю гладзілі аркуш да таго часу, аж пакуль яго паверхня не блішчала. Добра выраблены папірус быў гнуткі і спружыністы. I нават праз тысячагоддзі не страціў гэтых якасцей.

Паліравалі зазвычай толькі адзін, верхні, бок аркуша, бо і пісалі толькі на гэтым баку. Папірус празрысты, а таму не асабліва надаецца, каб пісаць на ім і з другога боку. Нават калі выпадкам і трапляецца тэт, напісаны на адваротным баку папірусу, то гэта абавязкова ўжо другі твор. А, значыць, напісаны ён проста з-за нястачы пісьмовага матэрыялу, а не ад самога спосабу пісаць на абодвух баках.

Затое разліноўваць радкі не прыходзілася. Пражылкі верхняга пласта, які, як памятаеце, клаўся ўпоперак, самі ўтваралі гарызантальныя лініі. Уздоўж іх і пісалі. Размечваць даводзілася толькі калонкі.

Склейваючы такія аркушы, можна было атрымаць памер для якой хочаш даўжыні рукапісу. Склейвалі ж іх звычайна клеем, прыгатаваным з мукі і воцату. Дарэчы, пры склейванні заўсёды сачылі, каб папярочныя пражылкі аркушаў супадалі, а край папярэдняга аркуша заўсёды находзіў на край наступнага — пяро тады пры пісьме не натыкалася на іх берагі.

На першым аркушы не пісалі, бо ён пры карыстанні нішчыўся найхутчэй, таму і прыклейвалі яго адваротным бокам, дзе пражылкі беглі не злева направа, а зверху ўніз.

Склееныя, такія палотнішчы дасягалі часам 39 метраў. Да нашага часу якраз дайшоў адзін такі папірус. Але звычайна яны былі карацейшыя — каля 10 метраў.

Паколькі папірус гнуткі, яго можна было звіваць. Для гэтага ўжываліся драўляныя, рагавыя ці касцяныя валікі.

Так атрымалася

КНІГА-СКРУТАК.

Таму даўнейшыя папірусныя кнігі падобныя не да нашых сённяшніх, а да геаграфічных картаў, скручаных у трубку. Дарэчы, на продаж папірус таксама ішоў у вялікіх сувоях, а не ў аркушах. Там ужо яго адразалі колькі каму трэба было. Найбольш цаніўся папірус ясных гатункаў — жаўтавы або зусім белы, у меншай цане быў — карычневых адценняў.

Скруткі на кнігі, як ужо адзначалася, былі звычайна каля дзесяці метраў. Чаму — тлумачыцца проста: каб чытач, беручы кнігу, мог у адной руцэ трымаць скрутак, а другою раскручваць яго. Сувойчык у дзесяць метраў якраз меў дыяметр пяць-шэсць сантыметраў. Яго зручна было ўзяць у далонь.

У адным такім скрутку можна было запісаць прыкладна тысячу нашых радкоў. А каб запісаць, скажам, вялікія паэмы старажытнасці — «Іліяду» ці «Адысею» Гамера,— на кожную трэба было каля дзесятка скруткаў.

Грэкі такі запісаны скрутак-папірус называлі томам (што на іх мове азначала «частка»). Ад іх слова «том» перайшло і да нас.

Калі б перад вамі разгарнуць папірусны сувой, то ён мог бы здацца палатном, на ўсю даўжыню якога адна пры адной наклеены дзвюхкалонкавыя старонкі нашых вялікіх сённяшніх кніг (шырыня ж «палатна» была ў сярэднім каля 30 сантыметраў). Па меры разгортвання скрутка і адкрываліся чытачу дзвюхкалонкавыя старонкі. Шырыня гэтых калонак хоць і рознілася, але не нашмат. Рэдка яна была большая за дзевяць сантыметраў і меншая за пяць сантыметраў. У дзесяціметровым скрутку ўмяшчалася каля 100 такіх дзвюхкалонкавых старонак.

Папіруснаму скрутку наша сённяшняя кніга абавязана тым, што там, па сутнасці, упершыню была вынайдзена старонка. На ўсіх іншых матэрыялах, скажам, на розных таблічках ці паверхнях камянёў, радкі ішлі ад краю да краю, і калі атрымлівалася наша старонка, то выпадкова. Яна паходзіла ад памеру самога матэрыялу.

Папірус жа даваў магчымасць пісаць удоўж скрутка і мець радкі з дзесятак метраў даўжынёю. Аднак так людзі не пісалі. Бо з кожным радком як пры пісьме, так і пры чытанні трэба было б раскручваць і скручваць сувой.

Якраз у папірусным скрутку і быў шчасліва знойдзены той памер нашай старонкі, які дазваляе нам пры чытанні вадзіць толькі вачыма ад краю да краю радка, не паварочваючы галавы. I калі часам і забаляць ад доўгага чытання вочы, то не баліць шыя...

Нязвычна было б бачыць вам у папірусе і суцэльныя радкі, як быццам мова егіпцян не складалася са слоў, а толькі са сказаў.

Але ў старажытнасці людзі заўсёды чыталі ўголас. Нават шмат пазней, ужо ў пачатку сярэдневякоўя, чалавек, які чытаў моўчкі, «вачыма», не варушачы губамі, быў дзівам для многіх.

Відаць, таму і не асабліва замінала старажытным егіпцянам ці грэкам тое, што на пісьме тады не аддзяляліся слова ад слова, а пісаліся суцэльныя радкі.

Возьмем запісаныя гэткім чынам радкі з верша Максіма Багдановіча: «Панадбелымпухамвішняўбыццамсіні-аганёкб'еццаўеццашпаркілёгкісінякрылыматылёк». I вы адчуваеце, што зрабіліся амаль непісьменныя.

А як намнога лягчэй чытаецца тое самае, але запісанае са словападзелам і знакамі прыпынку:

Па-над белым пухам вішняў,

быццам сіні аганёк,

б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі

сінякрылы матылёк.

Бо мы ўжо чытаем, не перабіраючы ўсе літары, а часта пазнаючы словы ў «твар» то па іх даўжыні, го па літарах, што выходзяць сваімі «хвосцікамі»-рыскамі над або пад радок, то па тым і другім разам. Нам часта даволі пачатку слова, каб угадаць яго да канца, бо сэнс папярэдняга слова падказвае форму наступнага. I гэтак далей.

У старажытных жа рукапісах калі і сустракаюцца прамежкі, то як знарок пасярод слова. Але пры чытанні ўголас слова ўсё роўна складвалася ў гучанні, а таму такое суцэльнае напісанне з выпадковымі прамежкамі ў сярэдзіне радкоў не «муляла» воку.

I ўсё ж арыентавацца ў такім суцэльным рукапісе было цяжкавата. Таму ў пачатку раздзелу або пэўных частак першыя літары — ініцыялы — размалёўвалі чырвоным колерам, каб яны кідаліся ў вочы. Гэтак рабілі пасля і іншыя народы, так даўней пісалі і ў нас. Адсюль і пайшоў выраз: «пісаць з чырвонага радка», гэта значыць, пачынаць з новага радка.

ЧЫМ ЖА ПІСАЛІ НА ПАПІРУСЕ

Людзі здаўна пісалі заўсёды тым, што магло пакінуць след: на камені выбівалі зубілам, на метале вырэзвалі разцом, на гліне выціскалі знакі завостранаю палачкаю.

На папірусе пісалі, абмакнуўшы ў чарніла, трысняговаю або драўлянаю палачкаю. У самыя даўнія часы трысняговую сцяблінку проста зразалі наўкос, а пазней людзі дадумаліся завострываць яе з двух бакоў — такое «пяро» пакідала больш тонкі след. Канец «пяра» расшчаплялі папалам.

Што ж да чарніла, то даўней яно часта было падобнае да таго, якім пісалі вашы дзяды ці бацькі ў гады вайны, калі вучыліся ў партызанскіх «зялёных школах». Чарніла з сажы. Да яе дадавалі яшчэ і вішнёвага клею — камедзі. Выраблялі чарніла таксама са спаленых касцей, з костачак садавіны.

Такое чарніла лёгка змывалася, і тагачасныя вучні часам нават злізвалі языком свае памылкі. Старажытнае паданне расказвае, што адзін уладар прымушаў так рабіць паэтаў, якія пісалі благія вершы.

Усё ж трэба зазначыць, што асобныя запісы такім чарнілам і за дзве тысячы гадоў не страцілі свайго адметнага, сажнага бляску і колеру, добра глядзяцца і сёння, нібыта напісаныя тушшу.

Чырвонае чарніла выраблялі з вохры.

Кожны даўнейшы пісец апрача кубачка для вады павінен быў мець і пенал — дошчачку з выразамі для трысняговых палачак і з дзвюма ямкамі для чорнай і чырвонай фарбы. Навошта былі дзве фарбы, вы ўжо ведаеце.

Што яшчэ варта сказаць: перапісваннем у старажытнасці займаліся амаль выключна рабы. Хоць вольныя мужчыны і жанчыны ўмелі пісаць, але нават пісьмы за іх пісалі нявольнікі пад дыктоўку. А сваё аўтарства яны зазначалі тым, што рабілі прыпіску да тэксту: «Бачыў».

Захоўвалі папірусныя скруткі ў гліняных збанах або скрынках. Між іншым, такія скрынкі спярша і называлі «бібліятэкі» (што па-грэчаску значыла «кнігасхоў»). Пазней гэтым словам пачалі называць і памяшканні, у якіх трымалі кнігі. Так паступова слова «бібліятэка» набывала наш сённяшні сэнс.

Вялікую шкоду рукапісам прычынялі розныя жучкі-паразіты. Каб уратаваць ад іх, папірусы апускалі ў кедравы алей. Аднак найгоршым ворагам была вільгаць. Тысячы рукапісаў згінулі праз яе ў нізоўях Ніла, на радзіме папірусу. Ацалелі толькі тыя, што былі ў пустынях.

Найдаўнейшаму ж папіруснаму скрутку, што дайшоў да нас, 5 тысяч гадоў. Яго знайшлі незапісаным у труне аднаго з даўніх уладароў. Старажытныя егіпцяне верылі ў замагільнае жыццё сваіх продкаў і клалі нябожчыку ў магілу чысты папірусны скрутак, які нібыта спатрэбіцца яму на тым свеце.

КНІГА З ДРАЎЛЯНЫМІ СТАРОНКАМІ

У той самы час, калі для запісу вялікіх тэкстаў людзі карысталіся папіруснымі скруткамі, для меншых яны часта ўжывалі іншыя пісьмовыя матэрыялы. Пра камень казаць асабліва не будзем. У тыя часы ён быў як бы «гербаваю паперай». На ім выбівалі найбольш значныя дзяржаўныя акты, якія хацелі пакінуць для памяці на вякі. Для розных жа грамадскіх аб'яў, распараджэнняў ужывалі вялікія дошкі. Іх бялілі крэйдаю і тады пісалі на іх чорнаю фарбаю. Такія дошкі зваліся ў рымлян «альбум» (па-лацінску «белы»).

У штодзённым жыцці для звычайных патрэб — напісаць пісьмо, нешта занатаваць для сябе на блізкі час або падлічыць што-небудзь — былі ў абыходку вошчаныя, ці, як іх яшчэ называлі, васковыя таблічкі.

Вы таксама для сваіх вучнёўскіх патрэб можаце зрабіць іх. Дарэчы, у старажытнасці вучні заўсёды карысталіся такімі васкоўкамі. А на папірус пераходзілі тады, калі ўжо ўмелі добра пісаць і мелі што вартае напісаць. Бо хто ж ім даў бы псаваць іхнімі крымзолямі такі каштоўны папірус?!

Дык калі хочаце зрабіць васкоўкі, слухайце.

Вазьміце дзве драўляныя дошчачкі. Даўней, праўда, былі і таблічкі са слановай косці. Але сланы ў Беларусі не водзяцца і іх косткі пад грушамі не валяюцца. Таму нозьмем драўляныя дошчачкі. Кожная хай будзе шырынёю 12 сантыметраў, а даўжынёю 14 або адпаведна — 9 і 11 сантыметраў. (Урэшце для сябе вы можаце ныбраць дошчачкі якога хочаце памеру — і крыху меншага, каб яны, скажам, лёгка змяшчаліся ў кішэні. Я тут называю тыя памеры, якія былі ў старажытных васковак.) Адступіце ад краёў 1—2 сантыметры і выберыце акуратна долатам ці ножыкам роўнае паглыбленне на ўсёй паверхні дошчачкі на паўсантыметра або сантыметр. Запоўніце яго воскам, складзіце дзве дошчачкі васковымі бакамі адну да аднае (воск не будзе стыкацца, бо ён ляжыць у паглыбленні). Зрабіце збоку дзіркі і, працягнуўшы ў іх шнуркі, звяжыце. Цяпер у вас самая сапраўдная васкоўка. Завостранаю палачкаю вы можаце рабіць у ёй розныя запісы, выкарыстоўваць яе як чарнавік. Калі другі канец палачкі зробіце ў выглядзе лапатачкі, ёю будзе зручна ў васкоўцы замазваць, «сціраць» напісанае. Так рабілі і ў даўніну.

Калі з'явіліся васкоўкі, на іх пісалі металічным стрыжнем — тонкім, як шыла, з аднаго боку, а з другога — пляскатым або з круглаю галоўкай. Адным канцом пісалі, а другім пры патрэбе — сціралі. Працягнуў пісец шарыкам па васкоўцы — і зноў яна чыстая, як новая, зноў на ёй можна пісаць.

Аднак гэтую вострую прыладу благія вучні пачалі выкарыстоўваць і ў сваіх бойках. Таму металічныя стрыжні былі пасля забаронены. А для пісьма ўжываліся ўжо не шкодныя для здароўя палачкі з птушыных касцей або з касцей іншай дробнай жывёлы. Гэтая пісьмовая прылада па-лацінску называлася стылюс. Ад яго ў нашу мову апрача сціла ўвайшло яшчэ два словы. Адно — праз французскую мову — слова «стыль». Ім цяпер называюць адметны лад пісьма, чым адзін пісьменнік адрозніваецца ад другога. А праз італьянскую мову — слова «стылет» як назва халоднай зброі...

У старажытнасці часта злучалі ў адно не дзве, а тры, чатыры і больш дошчачак. Тады на такой васкоўцы можна было запісаць і што-небудзь большае, чым звычайную нататку ці пісьмо. Але васкоўка так ніколі кнігаю і не стала. Чаму? Ды, відаць, таму, што воск — не той матэрыял, які б трывала трымаў напісанае. А з другога боку, вага такой драўлянай кнігі не нашмат рознілася б ад вагі глінянай. Словам, папірусны скрутак куды зручнейшы.

Калі за гліняную ці драўляную кнігу, то сапраўды зручнейшы. Але ці так ужо зручная кніга-скрутак?

Пры чытанні яе заўсёды трэба трымаць дзвюма рукамі, з аднаго боку кнігу раскручваць, з другога — скручваць. Яе, палажыўшы на стол, не пагартаеш.

Далей. Ты прачытаў усю кнігу. А каб каму зноў чытаць, папірус павінен быць «адкручаны», бо пачатак яго апынуўся ў самай глыбіні сувою, а канец кнігі наверсе.

Або хочаш знайсці якую мясціну ў кнізе. Зноў раскручвай дзесятак метраў і шукай, дзе тут тыя радкі. Між іншым, якраз гэтым і тлумачыцца, што старажытныя, прыводзячы цытаты, заўсёды рабілі ў іх найбольш памылак.

Форма кнігі-скрутка тым і нязручная, што яе то раскручвай, то скручвай.

Васкоўка з гэтага боку была намнога лепшая. I хоць у старажытнасці, як ужо адзначалася, яна ніколі не была кнігаю, аднак падказала чалавецтву форму нашай цяперашняй кнігі.

Вось чаму тут пра яе і вялася гутарка.

Толькі чым замяніць яе драўляныя старонкі?

З папірусам быў і яшчэ адзін клопат. Расла гэтая расліна, як вядома, далёка не ўсюды. Ды і ў Егіпце з часам папірусу б'ыло ўсё менш і менш. I не толькі таму, што шмат яго высякалі на выраб пісьмовага матэрыялу, але і таму, што ў многіх месцах пачалі высыхаць вадаёмы. А да ўсяго ў даўнейшыя часы нярэдка ўсчыналіся войны і здаралася, што папірус нельга было правезці з Егіпта. Міжволі ў другіх краінах людзям даводзілася шукаць, чым замяніць папірус. Так прыйшоў новы пісьмовы матэрыял

ПЕРГАМЕН,

або, як яго ў нас яшчэ называлі, «скура». Бо гэта сапраўды была скура, звычайна маладой жывёліны — цяляці, ягняці ці казляняці. (Не блытаць з пергаментам — спецыяльнаю паперай, у якую загортваюць масла!)

Адзін старажытнарымскі гісторык перадае такое паданне аб тым, як вынайшлі пергамен. У горадзе Пергаме нібыта захацелі стварыць бібліятэку, якая зацьміла б славу александрыйскай у Егіпце. Александрыйская была тады найбагацейшая ў свеце — у ёй налічваліся тысячы і тысячы розных кніг. Егіпецкі цар, дачуўшыся пра гэта, забараніў вывозіць папірус у суседні Пергам. Але майстры горада знайшлі выйсце. Яны пачалі вырабляць скуры так, каб на іх можна было пісаць. Дзякуючы гэтаму ў Пергаме была створана вялізная бібліятэка. А новы пісьмовы матэрыял нібыта з той пары пачаў называцца ад імя горада—«пергамен».

Паданне паданнем, але ў Пергаме сапраўды, як сведчаць іншыя пісьмовыя помнікі, некалі выраблялі вельмі добры пергамен. Праўда, да нашага часу пергамену менавіта з самога Пергама не дайшло.

Атрымлівалі яго так: у вялікіх драўляных ці каменных начыннях з вапеннаю вадой замочвалі шкуры і трымалі там да таго часу, пакуль з яе не злазіла поўсць з аднаго боку, а з другога — рэшткі мяса і тлушчу. Тады скуру мылі і распіналі на драўляных рамах сушыцца на сонцы. I сачылі, каб яна не перасохла. Пасля цяжкім жалезным нажом скрэблі яе, аж пакуль яна не танчэла, тады гладзілі пемзаю і выбельвалі мелам або свінцовымі бяліламі з яечным бялком, якімі націралі скуру з абодвух бакоў. Так скура канчаткова абястлушчвалася.

Сёння пергамен ты можаш убачыць на піянерскім барабане.

Хоць выраб пергамену адбіраў шмат часу і працы, затое атрымліваўся адмысловы матэрыял для пісьма — трывалы, гладкі, гнутКі, ды і непразрысты — пісаць на ім можна было ўжо з абодвух бакоў. Адно толькі бок, дзе была поўсць, выглядаў крыху цямнейшым і шурпатым.

У мясцінах, дзе раней шырока ўжываўся папірус, на першым часе да пергамену паставіліся як да папірусу: і апрацоўвалі яго з аднаго боку, і нават спрабавалі, сшываючы, рабіць пергаменныя кнігі-скруткі. Але пергамен пры непагадзі тут жа паказаў, што скрутак з яго благі. Адсырэлы, ён пачынаў карабаціцца.

Ды і аркушы добра выкраіць таксама не ўмелі. Часам нават сустракаюцца старонкі з залатанымі дзіркамі ад ножак жывёлы.

Усё ж у хуткім часе вартасці пергамену былі належным чынам ацэнены. Асабліва яго здатнасць да перагібання ў некалькі столак і тое, што на ім можна пісаць з абодвух бакоў.

Здымаючы з рамы, абрэзваючы краі, скуру згіналі папалам, а пасля яшчэ папалам. Разрэзвалі з бакоў, і утвараўся сшытак. Форма ранейшых васковак, дзе злучалася некалькі дошчачак, падказала тую форму кнігі, якою яе мы бачым і сёння.

Дзякуючы таму, што на пергамене пісалі з двух бакоў, у невялікай кнізе цяпер змяшчаўся тэкст, які раней вымагаў доўгага скрутка-сувою або нават некалькі сувояў. Прытым гэтую кнігу лёгка было гартаць адною рукою.

Цяпер і назва твора канчаткова перайшла ў пачатак кнігі. Бо раней — у папіруснай — назва твора падавалася ў самым канцы: пачатак кнігі заўсёды хутчэй нішчыўся, хоць у яго і быў, як вы памятаеце, спецыяльны ахоўны першы аркуш, на якім нічога не пісалі. Пазней, праўда, назву ў папірусах змяшчалі ў пачатку, але ўсё ж скарочана. А ўвогуле назва ў папіруснай кнізе з'явілася досыць пазнавата: спярша проста называлі толькі імя аўтара і першае слова рукапісу. Калі ж папірус захоўваўся ў збане ці ў скрынцы, дзе іх было некалькі, да кожнага рукапісу прывязваўся надпіс з тытулам кнігі...

У пергаменнай кнізе з часам пачалі нумараваць аркушы, але яшчэ не старонкі. I ўсё ж у такой кнізе стала лягчэй арыентавацца: ведаючы аркуш, хутка можна было цяпер знайсці патрэбную думку, выказванне.

Папірус меў сваю прыродную «разліноўку» — пражылкі, уздоўж якіх і выцягваліся радкі рукапісу. З пераходам на пергамен даводзілася старонкі спецыяльна разліноўваць. Для гэтага пачалі ўжываць розныя пісчыя палачкі, у тым ліку алавяныя (адсюль назва нашага алоўка). Дарэчы, яшчэ старажытныя егіпцяне пісалі кавалачкамі волава на папірусе.

Для разліноўкі пергамену добра прыдаваўся і грыфель. Лінія радка адціскалася ім адразу і на адным і на другім баку аркуша.

Каб радкі калонак былі на роўнай адлегласці адзін ад аднаго, іх спачатку наколвалі цыркулем. Не малая марока была гэта: прымервайся так праз усю старонку. Ды каб толькі яшчэ адну старонку! А то ж трэба аж цэлую кнігу... I тут мудрая галава прыдумала, а ўмелыя рукі зрабілі, здавалася б, простую рэч — пункторый. На стрыжні праз роўныя прамежкі былі ўсаджаны іголкі. Гэтым пункторыем адразу ж адціскалі на старонцы патрэбны дзясятак-другі пунктаў. Цяпер толькі заставалася злучыць іх пад лінейку алоўкам ці грыфелем, і аркуш для засеву пісьмом гатовы.

Спачатку і на пергамене пісалі, як на папірусе, трысняговаю ці драўлянаю палачкаю. Але неўзабаве і тут прыйшлі змены. Пачалі пісаць больш зручнымі птушынымі пёрамі.

Вы, пэўна, ведаеце, што ў даўніну людзі пісалі гусіным пяром. Але не ведаеце, пэўна, што толькі шэсць, ад сілы дзесяць пёраў з усяе гусі былі прыдатныя для пісьма. I вырывалі іх у жывых птушак. Прытым з левага крыла: іх выгін найбольш адпавядаў, каб пісаць праваю рукой.

Праўда, пісалі яшчэ і іншымі пёрамі — крумкачынымі, ястрабінымі, качынымі і нават лебядзінымі. А некаторыя лічылі, што сама лепш пісаць цецеруковымі. Але найбольш пашыраныя былі гусіныя — праз іх гнуткасць і трываласць. I не ў апошнюю чаргу таму, што гэтыя пісьмовыя прылады разгульвалі па двары.

Мажліва, нездарма гусь такая важная і задзірлівая. I калі яна ўтне цябе за нагу, не вельмі крыўдуй — успомні яе заслугі і саступі ёй дарогу...

Пёры спярша клалі ў нагрэты пясок або попел, каб такім чынам зняць тонкую тлустую плеўку, інакш бы чарніла не трымалася на іх. Пасля пёры апускалі ў галуновы або кіслотны раствор. Тады яны набывалі цвёрдасць, як быццам іх зрабілі з сённяшняй пластмасы. Цяпер ужо заставалася толькі завастрыць іх — і можна было б пісаць.

Але вось гэта якраз і вымагала найбольшага ўмельства. Былі нават майстры завострываць пёры. Яны мелі тры спецыяльныя ножыкі — у поўным сэнсе слова — перачынныя. Адным вырэзвалі паўкруг, другім тонка завострывалі кончык пяра, трэцім — пяро расшчаплялі і падрэзвалі з бакоў так, каб чарніла, набраўшыся на пяро, пасля роўна «падавалася» ўніз.

Цяпер, калі пяро ўжо гатовае, можна зрабіць на паперы некалькі кругоў. Пасля завастрэння заўсёды быў такі звычай— «проба пяра».

Так, так, вы правільна здагадаліся, адкуль узяўся гэты выраз «проба пяра» — ім называюць першыя творы пісьменнікаў — часта яшчэ недасканалыя, калі аўтары як бы спрабуюць свае мажлівасці.

Гусіным пяром трэба было ўмець пісаць. Бо калі зрабіць крыху большы прыціск, «лапкі» яго распаўзаліся. Выводзячы лініі знізу ўгару ці злева направа, вечна бойся чарнільных пырскаў. Ды і матэрыял, на якім пісалі, павінен быць гладкі, не шурпаты.

Служыла ж пяро не доўгі час. А там яго зноў трэба было падвострываць або паварочваць набок, а то і зусім пераварочваць верхнім бокам падспод — чаго толькі не ўхітраўся зрабіць перапісчык, каб падоўжыць ягоны век.

А каб пакідала пяро выразны след, пісаць ім трэба не асабліва хутка, бо чарніла не паспявала б сцячы з пяра.

Дарэчы, з пашырэннем пергаменнай кнігі пачалі ўжываць новае чарніла. Яго выраблялі з соку чарнільных арэшкаў, што ўтвараюцца на дубовым лісці, і камедзі. Ягоныя жаўтавата-карычневыя літары больш уядаліся» ў пергамен, і цяпер памылкі губка не змывала. Іх даводзілася саскрабаць пемзаю.

Пергамен заўсёды каштаваў дорага, яго ўвесь час не ставала. I ў сярэднія вякі пачало практыкавацца і такое: у даўнейшым рукапісе саскрабалі стары тэкст і пісалі свой, новы. Былі распрацаваны нават спецыяльныя сродкі адбельваць рукапісы — скажам, сумесь малака, сыру і нягашанай вапны.

Нямала старарукапісаў знішчылі такім спосабам манахі. Хто ведае, колькі выдатных твораў не дайшло да нас! Праўда, сёння навука часткова ўжо ўмее прачытаць такія двайныя рукапісы: пад верхнім тэкстам «убачыць» стары, ранейшы.

Трывалае чарніла, сляды якога цяжка было вывесці, добра далося ў знакі пісцам-грабежнікам. Бо часта не памагала нішто: ні пемза, ні нават нож.

I калі вы мяркуеце, што, можа, якраз тады і нарадзілася прыказка «што напісана пяром, таго не вырубіш тапаром», то, відаць, маеце рацыю.

Затое дзякуючы такому чарнілу мы можам прачытаць нават тыя рукапісы, якія, захоўваючыся праз стагоддзі, часам трапілі ў ваду ці проста замачыліся.

Апроч успомненага чарніла ў сярэднявеччы пісалі яшчэ і сумессю адвару драўлянай кары з сажаю і камеддзю. Былі і іншыя рэцэпты чарніла.

А пад канец чатырнаццатага стагоддзя ўваходзіць у абыходак і тое чарніла ці амаль тое, якім карыстаемся мы і сёння.

На памылкі (бо хто ж ад іх засцеражэцца!) у пісца быў кавалак пемзы. А загладжваўся пергамен ракавінаю.

Даўнейшая кніга была своеасаблівым творам мастацтва. Абрысы старанна выведзеных літар ткалі дзівосны ўзор радкоў. Да таго дадайце яшчэ каляровыя, размаляваныя пачатковыя літары (ініцыялы), а таксама назвы раздзелаў, розныя рубрыкі. Іх, як упаміналася ўжо, знарок выдзялялі чырвоным колерам. Між іншым, «рубрыка» паходзіць ад слова «чырвоны» (па-лацінску «рубэр»).

Пачатковыя літары часта рабілі ў выглядзе кветак, птушак, звяроў — гэта таксама ўпрыгожвала кнігу.

Раздзелы адзін ад аднаго часта адасаблялі рознымі канцоўкамі ці застаўкамі ў форме мудрагелістых завіткоў ці плеценага арнаменту.

3 цягам часу ўсё часцей можна было сустрэць сярод тэксту і маленькія малюнкі — мініяцюры. Пазней яны займаюць нават цэлыя старонкі. Тут чытач знаходзіў часам партрэты каралёў ці багацеяў, на заказ якіх гэтыя кнігі перапісваліся. Але найчасцей то былі малюнкі да тэксту. Сёння гэтыя творы мастацтва для нас яшчэ дарагія і тым, што, бывае, толькі з іх мы можам найдакладней уявіць, якія, скажам, былі ў людзей тады вопратка, мэбля і іншыя рэчы, аб чым маўчаць самі тэксты.

КНІГА НАБЫВАЕ ПЕРАПЛЁТ

Першымі вокладкамі, як сведчыць гісторыя, былі якраз прыгожа аздобленыя васковыя таблічкі са слановай косці. Імі абкладвалі спярша манастырскія кнігі.

Аправа рукапісаў штораз удасканальвалася.

Некалькі пергаменных сшыткаў злучаліся адзін з адным, а тады на спінкі ім падкладваўся вялікі кавалак тканіны так, каб яго краі заходзілі ў спецыяльныя ямкі, зробленыя ў драўляных дошках — вокладках кнігі.

Гэтыя дошкі былі найчасцей дубовыя, букавыя, кляновыя. Памяць пра драўляныя кніжныя вокладкі жыве і цяпер у выразе «прачытаць ад дошкі да дошкі» — гэта значыць, ад пачатку да канца. Як пра пергамен — у выразе «і на валовай скуры не спішаш»...

Вокладкі-дошкі абцягвалі скураю, валоваю ці свіною, а каб пергамен пры сырым надвор'і не карабаціўся, завязвалі шнуркамі або зашпільвалі металічнымі засцежкамі.

Аправа найстарэйшых сярэднявечных кніг часта была не так узорам пераплётнага майстэрства, як залатніцтва і разьбярства. Багатыя вокладкі кніг аздобліваліся рознымі ўзорамі з золата ці серабра, выкладваліся каштоўнымі камянямі, перламі, барвовай эмаллю. Адна такая вокладка — цэлы скарб. I не адна з такіх апраў стане на працягу стагоддзяў ахвяраю рабаўніцтва.

У сярэдневяковых бібліятэках нярэдка таму да вокладак кніг прыраблялі спецыяльныя вушкі, за якія мацавалі на замок аправу-акуцце да жалезнага ланцуга. Ланцуг бралі трывалы, каб кнігу нельга было ўкрасці, і даволі доўгі, каб яе можна было ўсё ж чытаць. Каб запалохаць мажлівых зладзеяў і засцерагчы кнігі ад выкрадання, да рукапісаў часта дадавалі аркушыкі з праклёнамі. На ўзор такіх:

Хто гэтую кнігу ўкрадзе,

Няхай таму рука адпадзе!

Або:

Хто гэтую кнігу схавае пад кажух,

Каб той з голаду апух!

Кніжнік даўней меўся быць майстрам на ўсе рукі: усё ў кнізе яму даводзілася рабіць самому. Аднак пазней пачынаюць арганізоўвацца спецыяльныя

МАЙСТЭРНІ ПІСЬМА — СКРЫПТОРЫІ

У іх адбываецца падзел працы. Сярод перапісчыкаў вылучаўся той, каму найлепш удаваліся каляровыя ініцыялы, другому — рубрыкі, трэцяму — мініяцюры, чацвёрты набіваў руку, робячы пераплёты. А ўсё гэта разам павышала мастацкі ўзровень кнігі, бо кожную рэч тут рабіў майстар сваёй справы, ды і скарачаўся час выхаду кнігі. А калі якую кнігу трэба было перапісаць асабліва хутка, то яе дзялілі на часткі і раздавалі некалькім перапісчыкам. Словам, перавагі такой сумеснай працы відавочныя. Нездарма ж кажуць, грамада — вялікі чалавек.

Каб убачыць, як даўней «выдавалася» кніга, на момант зойдзем у сярэдневяковую майстэрню пісьма.

Толькі ўмова: не размаўляць. Майстэрня пісьма — гэта пакой цішыні.

Пад манастырскім скляпеннем каля акон стаяць столікі-пюпітры. Схіліўшыся над імі, сядзяць на табурэтках перапісчыкі, якраз як у Максіма Багдановіча:

На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,

Прыгожа літары выводзіць ён пяром,

Ўстауляючы паміж іх чорнымі радамі

Чырвоную страку; усякімі цвятамі,

Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў

I птах нявіданых, спляценнем завіткоў

Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі —

Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі

I загалоўкі ўсе,— няма куды спяшыць!

Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць

Пяро гусінае, і гляне: светла сонца

Стаўпамі падае праз вузкае аконца...

У Старажытнай Грэцыі, Рыме столікаў у перапісчыкаў яшчэ не было. Як можна меркаваць з тагачасных малюнкаў, рабы пісалі тады, трымаючы папірус на каленях.

Хто ж будзе дбаць пра выгоды нявольніка, калі раба можна не толькі купіць, прадаць, але і забіць... Ды і пісалі рабы звычайна пад дыктоўку. Сярэдневяковы ж манах перапісвае з рукапісу — тут столік абавязковы.

З ранку да вечара, праз увесь светлавы дзень, перапісчык старанна выводзіў літару за літараю, адольваючы радок за радком доўгія кіламетры лінеек новай кнігі. Уночы, калі ўжо цьмяная лампада не давала перапісчыку дастаткова святла, час таксама не марнаваўся. Манастырскае начальства знаходзіла новую працу. Тады вычытвалі тэкст кнігі, якую меліся перапісваць, выпраўлялі розныя памылкі, недакладнасці, каб яны не перайшлі ў новы рукапіс. Або звяралася ўжо напісанае.

А наставаў новы дзень, і зноў пад глухімі скляпеннямі (а ўлетку часам і на адкрытым паветры) чуўся скрып пісьмовых прылад. У скрыпторыі кожны перапісчык звычайна меў усё неабходнае пад рукою, каб без патрэбы не хадзіць і не размаўляць. А калі ўжо абавязкова пільна трэба было перапісчыку перакінуцца словам з калегам, то ён паказваў «на мігі». Нішто не павінна было адцягваць тут ад працы.

Ад напружання вочы засцілала імгла, пальцы зводзіў курч: яны не хацелі слухацца, балела плячо. А перапісчык пісаў і пісаў...

I з якою ўцехаю ён усклікваў пасля ў канцы кнігі, радуючыся, як святу, астатняму радку: «Закончыў! Закончыў! Закончыў! Амінь! Амінь! Амінь!» Якраз такія запісы можна прачытаць у нашых старадаўніх рукапісах.

Добра зробленая работа прыносіла пісцу асаблівае задавальненне. Бо і вынік яе быў не абы-які — кніга! Невыпадкова ў канцы рукапісу можна было сустрэць і такую дапіску: «Рука, што пісала гэта, згніе ў магіле, напісанае застанецца на доўгія гады».

Але калі той чаканы канец? I перапісчык зноў і зноў згінаецца над рукапісам. Лета прыходзіць на змену вясне, зіма змяняе восень... Доўгая гэта праца — кніга.

А тым часам чорт-хохлік (ён нават меў у перапісчыкаў сваё імя — Тытывіл) усяляк стараўся нашкодзіць манахам у іх святой працы. То штурхане каторага ў руку, каб ёй крыва напісалася, то прыкрые якую літару, каб перапісчык не заўважыў яе і прапусціў у радку, або яшчэ як замарочыць ён пісцу галаву, што той абавязкова зробіць памылку. А кожная дапушчаная памылка, як вучыла царква,— грэх.

Затое ўзорна выпісаныя, прыгожа пастаўленыя адна пры адной літары, дакладна вытрыманыя роўныя лінейка ў лінейку радкі не толькі радасць для вока, але і збавенне для душы.

За гэтую, дзень пры дні, цяжкую, мазольную працу царква абяцала пісцу адпушчэнне ўсіх жыццёвых грахоў — пасля, на тым свеце, дзе будзе ўлічана кожная выведзеная перапісчыкам літара, радок, старонка.

У адным даўнейшым апавяданні нават распавядалася, як перапісаная ўсяго адна-адзінюсенькая кніга ўратавала манаха ад пакуты за ягоныя шматлікія грахі. Калі пасля смерці Бог паклікаў грэшніка на суд і там падлічылі перапісаныя манахам літары і зробленыя ім грахі, то літар, выявілася, было на адну больш, чым грахоў. I Бог узяў яго ў рай.

Праз такія байкі царква заахвочвала да перапісвання кніг.

У манастырскіх скрыпторыях яшчэ рабілі ўсю кнігу, пачынаючы ад выбелкі скуры і канчаючы пераплётам. Бо найчасцей кнігі перапісвалі там для свайго, манастырскага ўжытку.

Пасля ж кніга ўсё больш выбаўляецца з рук царкоўнікаў. У гарадах ствараюцца асобныя майстэрні пергаменшчыкаў, перапісчыкаў, мініяцюршчыкаў, пераплётчыкаў. Такая спецыялізацыя яшчэ больш паскарае выданне кнігі, робіць яе таннейшаю. Ды і перапісваюць кнігу цяпер ужо на продаж. Так адбываецца далейшае пашырэнне кнігі.

Але лёс пісцоў быў заўсёды цяжкі. Перапісванне вымагала добрага зроку, трывалай упэўненай рукі. У старасці ці пры хваробе, калі слабелі вочы ці трэслася рука, перапісчык аставаўся без кавалка хлеба і мусіў ісці ў жабракі...

Яшчэ ніхто з перапісчыкаў не ведаў, як важна, каб святло пры чытанні падала на кнігу з правага боку; каб рукапіс не быў бліжэй чым на 30 сантыметраў ад вачэй; як правільна сядзець; як трымаць ручку,— пра ўсё, што сёння ты ведаеш яшчэ з першага класа.

Яшчэ ў далёкія часы, калі на паліцах рымскіх бібліятэк ляжалі папірусныя кнігі-скруткі і пачыналі ставіцца пераплётамі да сцяны (звычай ставіць іх спінкамі да нас узнік ужо ў новыя часы — усяго трыста гадоў назад, калі пераплётнае майстэрства дадумалася аздабляць і іх), у Кітаі таксама была зроблена яшчэ адна

ВЫДАТНАЯ ВЫНАХОДКА.

Пасля вялікага спальвання кніг, якое адбылося па загадзе імнератара 2 100 гадоў таму назад, новыя кнігі ў Кітаі давялося пісаць на шоўку. Гэта абыходзілася надта дорага. I нават тое, што неўзабаве пачалі пісаць на тонкім матэрыяле, прыгатаваным з шаўковых шматаў, здробненых на рэдкую кашку і потым высушаную, нічога асабліва не змяніла.

Але вось у 105 годзе адзін шчаслівец Цай Лун, скарыстаўшы кару дрэў, старыя рыбацкія сеткі і іншыя адыходы, вырабіў першую паперу. Яна зразу ж атрымала вялікае прызнанне. Вынаходніка пасля нават прызначылі міністрам. Але абвінавачаны ў змове — як гэта часта здаралася ў Кітаі — ён скончыў жыццё самагубствам.

Каля пяцісот гадоў трымалі ў вялікай таямніцы ад усяго астатняга свету кітайскія феадалы сакрэт вырабу паперы. Толькі захапіўшы ў часе адной з войнаў у палон кітайскіх умельцаў, арабы ўведалі сакрэт паперы і у Самаркандзе наладзілі яе выраб. Але міне яшчэ пяцьсот гадоў, пакуль, нарэшце, паперу будуць вырабляць у Еўропе.

У сярэдневяковай Еўропе паперу рабілі з рыззя. Анучы спярша замочвалі, пасля таўклі ў своеасаблівых ступах. Прастаяўшы суткі ў вадзе з гашанаю вапнай, рыззё адбельвалася, потым яго адціскалі. I, зноў заліўшы вадою, перамолвалі, а атрыманую кашку злівалі ў вялізныя чапы. Пасля яе чэрпалі спецыяльнаю формаю — драўлянай рамаю, на якой была нацягнута драцяная сетка — нешта на ўзор сіта. Пры пагойдванні рамы вада сцякала, а папяровая маса аставалася на сетцы. Яе перакладвалі на лямец. I стос такіх аркушаў, перакладзеных лямцам, адціскалі пад прэсам, прымалі лямец, а аркушы яшчэ раз выціскалі і вешалі сушыць. Пасля, адгладзіўшы, праклеіўшы жэлацінам, звараным з рагоў і капытоў жывёлы, яшчэ раз сушылі і разгладжвалі. Папера была гатова.

Як бачым, пры вырабе паперы патрабавалася шмат вады. I папяровыя фабрыкі будавалі на рэках, а таму іх і называлі папяровымі млынамі.

Ад сеткі рамы на паперы аставаліся сляды перакрыжаваных драцяных радоў. Гэтыя сляды добра прасвечваліся, бо слой масы, дзе праходзіў дрот, быў танчэйшы. Майстры паперы выкарысталі гэта і пачалі на сетцы рабіць розныя фігуркі — свае вадзяныя знакі. У аднаго майстра гэта быў абрыс бычынай галавы, у другога, скажам,— лілеі, у трэцяга — пеўня, чацвёрты рабіў знак у форме крыжа, ці круга, ці вагі. А пасля майстры пачалі нават так пісаць сваё прозвішча.

Цяпер гэта вельмі памагае, калі трэба вызначыць час рукапісу. Ведаючы, калі ў якім папяровым млыне ці фабрыцы быў той ці іншы вадзяны знак, можна па паперы прыкладна сказаць, калі напісаны рукапіс. Бо звычайна выпушчаная папера за дваццаць гадоў абавязкова расходавалася, а значыць, і рукапіс не будзе старэйшы за паперу, на якой ён напісаны, больш чым на дваццаць гадоў.

З'яўленне паперы не змяніла формы кнігі. Яна засталяся такой, якой была і пергаменная — гуртам сшыткаў пад адною вокладкаю. Выходзіць, нічога асаблівага не адбылося: проста вынайшлі яшчэ адзін пісьмовы матэрыял?!

Але ці так?

Уявім сабе, што ў часы пергамену ўжо ёсць друкарскі станок: ён дае магчымасць адціскаць мноства паасобнікаў — сотні, тысячы. Але яшчэ не вынайдзена папера. I друкарскі станок амаль маўчыць. Яму няма як разгарнуцца, яму няма яшчэ сапраўднай работы: замала пісьмовага матэрыялу, ды і той надзвычай дарагі.

На пергамен патрэбны скуры, прычым шмат. На адзін тоўсты твор часам ішло аж 300 авечых скур!

I вядома ж, які кошт можа быць у кнігі з пергамену, калі дзеля аднае такое кнігі трэба знішчыць цэлы статак жывёлы.

Аб якім пашырэнні кнігі магла ісці гаворка?

I вы адкажаце: каб запрацаваць ва ўсю моц друкарскаму станку, патрэбна папера.

Ужо спачатку папера была ў тры разы таннейшая за пергамен, а пасля, з пашырэннем папяровых млыноў, і ў шэсць разоў. Дзякуючы паперы кніг не толькі большала, яны былі таннейшыя.

Так, як заўсёды ў гісторыі чалавецтва, адна вынаходка «падштурхоўвае» другую, дае магчымасць адбыцца ёй...

Папера адкрыла дарогу друкаванай кнізе.

ЯК ЖА БЫЎ ВЫНАЙДЗЕНЫ КНІГАДРУК

Яшчэ задоўга да таго, як увайшла ў шырокі ўжытак папера, быў ужо друк. Але з кнігамі ён не меў нічога агульнага, бо друкавалі тады зусім іншае — порткі, кашулі, прасціны...

Не думайце, што і тады былі, скажам, кашулі-газеты, якія цяпер часам носяць моднікі. Не, газет не было. А друкавалі на тканіне не літары, а ўзоры.

Нават не так даўно — яшчэ дзяды вашых бацькоў — насілі такое друкаванае адзенне. Фабрычныя тканіны з узорамі каштавалі дорага, і, выткаўшы палатна, вашы прабабкі неслі яго ў горад ці мястэчка друкаваць. Там у майстроў былі спецыяльныя дошкі з выразанымі на іх узорамі. Пацягнутыя фарбаю, яны давалі адбіткі на палатне.

Калі ж пашырылася папера і была вынайдзена адпаведная друкарская фарба (з алею, лаку і сажы), ранейшы спосаб друкавання быў перанесены з ткацтва на выпуск адбіткаў святых, а таксама календароў, картаў (у тыя часы якраз распаўсюдзілася гэтая благая гульня).

Выразаны на дрэве малюнак змазвалі фарбаю, потым на яго накладвалі чысты вільготны аркуш паперы, а зверху прыціскалі цвёрдаю скураною падушкай, напханай конскім валоссем. Выпуклыя абрысы малюнка адціскаліся на паперы, пакідаючы на ёй фарбу, і атрымліваўся ныразны адбітак. Калі пад малюнкам патрэбны быў надпіс, яго рабілі ад рукі. Потым пачалі выразаць на дошках не толькі малюнак, а і надпісы. А пасля дадумаліся выразаць цэлую старонку тэксту. Царква не абмінула гэтай навіны для сябе — друкары адбівалі на аркушыках асобныя малітвы.

Ад такой «кнігі»-старонкі недалёка было ўжо і да шматстаронкавых кніг. I такія неўзабаве з'явіліся, праўда, невялікія. Бо вырэзваць на дошках суцэльны тэкст было дужа клапатліва. Тым больш калі ўлічыць, што пры адбітку выразаная літара як бы паварочваецца: дзе ў яе быў правы бок, на адбітку левы, а левы стаў правым. Вы гэта добра ведаеце, бо, пэўна ж, і самі доўга важдаліся, калі з бульбіны ці гумкі вырэзвалі пячатку са сваім імем... А ўявіце, калі такім люстраным спосабам даводзіцца вырэзваць цэлыя старонкі — цяжкая, дужа марудная справа.

Але галоўнае, аддрукаваўшы патрэбныя сотні такіх кніжачак у 25—50 старонак, дошкі трэба выкідаць. На новую кнігу яны не спатрэбяцца, тут зноў трэба будзе вырэзваць новыя дошкі-старонкі.

Так неадкладна наспела задача — знайсці такія найменшыя часткі, з якіх можна было б збіраць тэкст кнігі, а пасля, разабраўшы яго, зноў укладаць новыя кнігі.

Напрыклад, для выціскання розных узораў на вокладцы выкарыстоўваўся набор штэмпеляў, з якіх можна было кампанаваць штораз новыя ўзоры.

I другое. Старонкі адціскалі толькі з аднаго боку паперы, бо другі бок пры адбіванні падушкаю льсніўся, пэцкаўся. Таму звычайна пры друкаванні клалі дзве дошкі-старонкі побач, адбівалі іх, а пасля аркуш згіналі на палове чыстым бокам да чыстага і склейвалі. Гэткім чынам атрымлівалі падвойныя лісты кнігі, аддрукаваныя з абодвух вонкавых бакоў. Таму адначасова з першым пытаннем наспела і другое: як бы друкаваць на паперы з абодвух бакоў, каб так шмат яе не ішло ў глум.

Чалавекам, які паспяхова вырашыў гэтыя абедзве задачы, быў выдатны нямецкі вынаходнік Ёган Гутэнберг.

Замест валіка-падушкі, якой прыціскалі паперу да выразной дошкі, ён прыдумаў прэс, шырокая паверхня якога роўна апускалася на аркуш, і адбітак атрымліваўся выразны, а на другім баку папера аставалася чыстая, не запэцканая. Перавярнуўшы аркуш, можна было і на другім баку яго рабіць адбітак.

Яму, Гутэнбергу, прыйшла ў галаву, пасля многіх настойлівых пошукаў, шчаслівая думка: не вырэзваць на дошцы цэлыя старонкі кнігі, а набіраць тэкст з асобных літар — нешта як бы на ўзор нашай школьнай разразной азбукі.

Праўда, калі прэс вынайшаўся ім даволі лёгка, то вынаходка адпаведных літар цягнулася ўсё яго жыццё.

Спярша Гутэнбергу, як лічаць, кінулася ў вочы, што дошку з выразанымі на ёй літарамі можна распілаваць, а тады ўжо з гатовых літар укладаць новы тэкст.

Гэта быў зусім новы падыход да кнігадруку. I вынаходнік пачаў на драўляных палачках зверху вырэзваць выпуклыя літары. Прасвідраваўшы збоку ў літарных палачках дзіркі, іх можна было нанізваць на дроцікі. Такім чынам радок не рассыпаўся.

Але тут узніклі новыя клопаты. З дрэва можна вырэзваць толькі даволі вялікія літары, малыя ж пакрышацца. Далей. Ад фарбы і вады, якой пасля друку з літар змываліся рэшткі фарбы, драўляныя значкі псаваліся, трэскаліся. I, дарэчы, ад рукі ніколі не ўдаецца зрабіць усе літары роўна, а таму пад прэсам некаторыя з іх таксама ломяцца. А да ўсяго гэтага — зноў жа дужа марудная справа: паспрабуй выразаць на кожную старонку тэксту каля тысячы значкоў.

Ёсць над чым паламаць галаву.

Дрэва, вядома, лепш замяніць больш цвёрдым матэрыялам, скажам, волавам. Тады літары можна зрабіць меншыя. Фарба і вада ім таксама не зашкодзяць так. Але вырэзваць на метале не проста. Патрэбны залатых спраў майстар. I Гутэнберг, заходзячы ў вялікія пазычкі, траціць процьму грошай.

Адной і той жа літары патрабавалася сотні штук. А што, калі б не вырэзваць іх, а адліваць? Гутэнбергяшчэ ў маленстве бачыў, як чаканяць манеты.

I ён надумаў абліваць свінцом літары, вырабленыя з цвёрдага металу. Атрымаліся свінцовыя формы для наступнай адліўкі літар. Цяпер, калі заліваць у іх расплаўленае волава, можна будзе атрымаць патрэбныя для адбівання літарныя знакі.

Але на практыцы не ўсё выходзіла так гладка. Алавяныя літарныя знакі не адліваліся так, як хацелася. А прычынаю было тое, што ад расплаўленага волава краі свінцовай формы мякчэлі, абрысы псаваліся. Значыць, свінец трэба замяніць яшчэ больш цвёрдым металам. Тады можна было б рабіць і зусім дробны шрыфт. Тым больш што атрыманыя алавяныя літары не служаць доўга: волава даволі мяккі метал.

Доўга і настойліва шукалі Гутэнберг і яго памочнікі адпаведны метал. Пакутлівыя, шматгадовыя пошукі спосабам спроб і памылак далі, нарэшце, чаканы вынік. Быў вынайдзены той друкарскі сплаў (з волава, сурмы і вісмуту), якім і сёння, праз пяцьсот гадоў, карыстаюцца людзі. Гэты сплаў добры тым, што ён хутка плавіцца — з яго добра адліваць знакі, а, па-другое, пры астыванні ён так цвярдзее, што ніякае волава яму не раўня...

Так прыблізна каля 1450 года чалавецтва атрымала адну з найвялікшых вынаходак — кнігадрук.

Адыходзіў у нябыт час, калі шмат якія народы Заходняй Еўропы толькі гаварылі на сваіх мовах, а пісаць і чытаць вымушаны былі па-латыні.

Лацінская мова яшчэ магла абыходзіцца рукапісам: у яе было няшмат чытачоў і яшчэ меней жывых паэтаў, якія пісалі б на ёй. Цяпер жа, калі розныя літаратуры загаварылі на родных мовах, з'явіўся той вялікі чытач, якому трэба шмат — тысячы, а пасля і мільёны — кніг. Родныя мовы паклікалі да жыцця гэтую вынаходку — кнігадрук.

Ніколі дагэтуль не чакала так чалавецтва шматколькаснай друкаванай кнігі. I таму гэтага вынаходства не магло не адбыцца.

Мы з гонарам сёння адзначаем, што ў ліку першых нямногіх еўрапейскіх моў, якія далучыліся да кнігадрукавання, была і наша родная мова.

Праз друкарскі подзвіг Скарыны ўсходняе славянства сягнула вышынь еўрапейскай культуры.

Пра гэтага выдатнага сына нашай Радзімы і пойдзе далей апавяданне.

У СЛАЎНЫМ ГОРАДЗЕ ПОЛАЦКУ

Дзень 6 сакавіка 1486 года запомніўся ўсім тады ў Полацку. Ды і не толькі ў Полацку.

Ранішняе сонца, якое цешыла ўжо вясновым цяплом, раптам пачало засланяцца цемраю. Людзі з жахам глядзелі, як яно ўсё меншала і меншала. Ці не канец свету? Чорны цень хутка бег па зямлі. Раптам зусім сцямнела. Набожныя пачалі горача маліцца.

Гулка бухалі званы полацкіх сабораў.

Узбуджаныя, зарыкалі каровы, забрахалі сабакі.

Суцэльная цемра схавала ўсё. I людзі адчулі страшэнны холад.

Але праз хвілю сонца зноў выбліснула. I ўсе ўсцешна ўздыхнулі. Зноў вярталася ранейшае жыццё са сваімі клопатамі...

Мабыць, якраз у гэты час у жонкі праваслаўнага купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын.

Бабка-павітуха, пакліканая з гэтай нагоды, абмывала немаўля і прыгаворвала:

А дай, Божа, гэтай дзіцяці

Усякую долю ўзяці:

I хлебавую, і салявую,

Трэцюю — здаровейкую.

Паважны Лука адно падтакваў: «Дай, Божа!»

Бабулька далей прыгаворвала над малым:

А спі доўга,

Расці скора.

 

Бацьку, маці —

На пацеху,

 

Чужым людзям —

На паслугу...

I як у ваду глядзела. Паслужаць кнігі, «выложеныя доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька... людем посполитым к доброму научению», а нашаму народу — на ўхвалу. I як бы ўспамін пра гэты дзень на гравюрах тых кніг будзе сустракацца сонечны дыск, прыслонены паўмесяцам...

Абмыўшы дзіця, бабка прылажыла да яго пяткі кавалачак паперы. Барадаты Лука, убачыўшы, толькі заківаў галавою: «Дзе ж яе гэта раздабыла старая?» (папера была тут яшчэ ў навіну і дорага каштавала). А бабка, схіліўшыся, тым часам прыгаворвала над паперынаю:

Хай будзе вельмі вучаным малайцом,

Хай ён будзе ў бацьку — купцом!

Лука ўсміхнуўся і, вецячы старую мёдам-ліповікам, даў круглы, як сонца, бохан хлеба, а ў кішэнь ёй упусціў срэбраную манету.

«ХАЙ БУДЗЕ… КУПЦОМ!..»

Занятак купца вымагаў добрай падрыхтаванасці, адукацыі. Як зазначаюць даследчыкі, быць купцом тады значыла ведаць усе навакольныя рынкі на працягу нскалькіх тыдняў дарогі, ведаць розныя гандлёвыя звычкі і ўмовы гарадоў: якую плату бяруць там за прывоз якіх тавараў, на якім рынку які тавар найбольш ходкі і дзе якім таварам гандлююць паштучна, а якім гуртам, каб адпаведна яго ўпакаваць. Ты павінен на вока адрозніваць усялякія гатункі збожжа, сукна, рыбы, футраў, воску, шкла, свінцу ці медзі. Ты павінен па паху вызначаць розныя віды віна, прыправаў, духмяных карэнняў. Ты павінен умець так укласці ў дарогу і захоўваць тавар, каб не сплеснела збожжа, не пратухла рыба, не загнілося мяса, не скісла віно, у футры не завялася моль. Ты павінен разбірацца ў прыкметах надвор'я, добра арыентавацца ў кірунках свету і ўначы, каб знаходзіць патрэбную дарогу. Засечкам на ствалах дрэў не дужа давай веры: іх маглі зрабіць і разбойнікі, каб завесці абоз у твань.

Ты павінен валодаць некалькімі мовамі хоць бы так, каб проста паразумецца з іншаземцамі. Ты павінен хутка сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі, каб зразу ж мець з іх боку павагу, давер.

Ты павінен дасканала ведаць гэтую безліч мер: даўжыні — локаць, пядзю, стопу, крок, лыка, прут, тапарышча; ёмістасці — барыл, белец, берасцень, гарнец, кварту, куфу, лукно, мядніцу, насатку, ашытак, піпу, сяўню, саламянік; вагі — камень, беркавец, вока, кантар і гэтак далей і гэтак далей. Прытым адна і тая ж назва ў розных мясцовасцях часта азначае іншую меру. Ты павінен добра разбірацца ў грашах, каб пераводзіць адны ў другія — талеры, дукаты, дэнары, пістолі, рэалы, дырхемы. Ты павінен налаўчыцца рабіць розныя рахункі не толькі на паперы, але і ў памяці.

А да ўсяго ты павінен быць адважны, кемны, выкрутлівы. Кожная ж паездка — рызыка. Недагледжаная дарога нечакана магла ў благое надвор'е раскідацца, нетрывалы мост магло знесці вадою, а за паўгода ў такой лясістай старане, як Полаччына, не толькі затравянець, а і зарасці кустоўем. Частыя сутычкі між феадаламі, напад разбойнікаў, крадзеж на пастаялым двары — усё магло звесці намарна твае намаганні...

У Вялікім княстве Літоўскім пасля сталічнай Вільні Полацк быў другім з найбольшых гарадоў.

Другім? Пасля Вільні?! Гэта вы скажыце каму другому, толькі не Францішкаваму дзеду. Той нікому не мог саступіць першынства Полацка.

— Вільня, праўда, горад вялікі, нічога не скажаш,— як бы згаджаўся Міхалка.— Але хто старэйшы? Пра Вільню толькі, можа, дзвесце гадоў, як пачалі гаварыць, калі з яе сталіцу зрабілі. А пра Полацк ужо шэсцьсот гадоў,— дзед паўтарыў: — шэсцьсот гадоў слава грыміць... Аб ім у скандынаўскіх сагах упамінаюць, у «Слове пра паход Ігаравы» гаворыцца... Каб не гэтыя мечаносцы ды крыжакі — гэта ж як арда другая на нас лезе — о, каб не яны, наш горад і цяпер самым вялікім тут быў бы,— лаяў дзед нямецкіх рыцараў.

З гэтым, вядома, і Францішак мог часткова згадзіцца. Полацк і сапраўды быў адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян. Колісь ён быў цэнтрам магутнага Полацкага княства, гэта Францішак ужо ведаў.

Горад стаяў на Палаце-рацэ, каля яго цякла Заходняя Дзвіна. Горад ляжаў на вялікіх міжнародных гандлёвых дарогах: тут жа побач ішоў славуты «шлях з варагаў у грэкі».

Як памятка даўняй славы і цяпер яшчэ ўзвышаўся з адзінаццатага стагоддзя Сафійскі сабор — галоўны будынак горада. Полацкая Сафія, казалі, трэцяя сястра Кіеўскай і Наўгародскай.

— Трэцяя? — не вельмі згаджаўся дзед.— А можа, унуча, другая. Яе разам з Наўгародскаю пачалі, а нават, можа, у Полацку і на год раней. Толькі кончылі крыху пазней.

Дзед расказваў Францішку, што і ўзводзіў яе князь Усяслаў, каб паказаць, што Полацк ужо раўня Кіеву ды Ноўгараду. I дзед апавядаў, як некалі тут прымалі замежных паслоў, як абвяшчалі вайну і мір... У гэтым саборы знаходзілася княжацкая казна. Тут была, апавядаў дзед, вялікая бібліятэка, тут пісаўся летапіс. От каб прачытаў яго — усё чыста ведаў бы, што з году ў год дзеялася ў Полацку.

Асабліва дзівоснай постаццю з дзедавых апавяданняў паўставаў сам князь Усяслаў — як яго называлі ў народзе — Чарадзей. Як ён, захапіўшы неяк Ноўгарад, звёз у Полацк званы з Наўгародскай Сафіі.

Францішак тут жа перапыніў дзеда: ці ж добра гэта красці. Але дзеда не вельмі збянтэжыш.

— А ты думаеш, наўгародцы на палачан не хадзілі? Даўней, унуча, усякае было, і брат з братам ваяваў. Вось як вы з Іванам. Найлепшыя ж сябры, але часам і чубіцеся...

I дзед зноў пераходзіў да гісторыі. Распавядаў пра міжусобіцы, пра тое, як кіяўляне, паўстаўшы, выбралі Усяслава вялікім князем і як ён, пракняжыўшы там з паўгода, зноў збег у родны Полацк.

Францішка ўражвалі неверагодныя легенды пра гэтага князя Чарадзея. Ён нібыта мог перакінуцца ў ваўка. I тады бегае ўначы па дарогах, а ўранні раптам узнімецца туманам і ператворыцца ў воблака,— невядомая сіла пераносіла яго з месца на месца. Людзі думаюць, што ён у Полацку, а ён ужо апынуўся ў Кіеве. Толькі яго апазнаюць там, а ён пахаджае ў Ноўгарадзе.

— Не можа гэтага быць,— не вытрымаў аднойчы Францішак.— Што ён — нейкі незвычайны чалавек быў, ці што?..

— А пра звычайных, унуча, легендаў не распавядаюць,— хітравата ўсміхнуўся дзед. I невядома было, ці ён верыў сам, што князь быў ваўкалакам, ці не...

Гісторыя на вачах пераходзіла ў сённяшні дзень. Знаёмы герб, які неяк бачыў Францішак на пячатцы колішняга полацкага князя Глеба Гедымінавіча — коннік з мячом на кані,— быў цяпер гербам Вялікага Княства Літоўскага.

Апошнія стагоддзі палачанам і іх суседзям — лівам, латгалам — давялося весці няспыннае змаганне з нямецкімі рыцарамі, якія залілі крывёю землі Прыбалтыкі, захапілі вусце Заходняй Дзвіны, узвялі крэпасць Рыгу, перагарадзіўшы полацкім купцам усякі доступ да Балтыйскага мора. Праўда, разбітыя не без удзелу палачан на Чудскім возеры, а пасля пад Грунвальдам, яны цяпер не паводзілі сябе так ваяўніча і нахабна, але ўсё роўна чынілі розныя перашкоды.

Францішкаў дзед і цяпер не мог супакоіцца, калі распавядаў унуку, як аднаго разу рыжскія ўлады забралі коней у яго і ў іншых полацкіх купцоў і палачане мусілі вяртацца дадому пешкі. Але тады і Полацк ут жа аб'явіў, што канфіскуе ўсе тавары нямецкіх купцоў...

Здаўна павялося: як толькі рыжане не прапускалі палачан да мора, палачане адразу ж не давалі нямецкім купцам праплываць далей за Полацк, нават у бліжні Віцебск, не кажучы ўжо пра Вялікае Княства Маскоўскае. Усе тавары цяпер рыжскія купцы мусілі збываць у Полацку.

Штогод тут адбываліся тры вялікія кірмашы. Кожны цягнуўся па два тыдні. Асабліва вялікі кірмаш быў пасля Каляд на Вадохрышча.

...Скрозь ляжыць ездавая дарога, не раўня раскіданай вясновай ці цяжкай, пясчанай і калдобістай,— летняй. Снег і мароз зараўнялі яміны, загацілі балоты, паклалі на рэчкі і азёры масты.

У горад з'язджаюцца з розных краін купцы. Іх доўгія абозы — у 20—40 саней кожны — вязуць сюды самы розны найлепшы тавар.

Дарагія сабаліныя, гарнастаевыя, пясцовыя футры вёз Ноўгарад, маскоўскія купцы ў дадатак да гэтага прапаноўваюць яшчэ розныя сукны, славутае тонкае палатно.

З поўдня ехалі мяхі бялюткай солі, пузатыя бочкі віна, сушаны вінаград, процьма ўсялякіх прысмакаў і прыпраў — грэцкія арэхі, мікдалы, шафран, мушкаты, гваздзікі, цытвар.

З Рыгі па замерзлай Заходняй Дзвіне ішло нямецкае піва, селядцы, фландрскія і англійскія шарсцяныя тканіны, галандскія і вестфальскія палотны, жалеза, цынк, волава, тонкія жаночыя аздобы з золата, серабра, бурштыну.

Ледзь толькі пад'язджаў да горада абоз, як тут жа каля саней ужо завіхаліся полацкія насільшчыкі, пераносячы і складваючы тавары па дварах або ў цэрквы.

Абозы прывозілі ў Полацк безліч усякай навіны: розных моў, пахаў, колераў... Чужыя, далёкія землі тады таямніча клікалі Францішка да сябе. Яму ўзгадвалася, як летась з бацькам плыў у Рыгу і там начаваў у знаёмых палачан, якіх шмат жыло ў прадмесці далёкага горада. Яны нават засялілі там цэлую слабаду.

На вуліцах Рыгі панавала нямецкая мова — мова каланізатараў. I толькі зрэдзь прабіваліся словы ліваў — карэннага народа, што жыў тут.

I як неспадзеўкі было Францішку раптам з вуснаў ліваў ці латгалаў (продкаў сённяшніх латышоў) учуць тут словы «купец», «торг», «бязмен»... Аказваецца, разам з воскам, футрамі, ільном плылі ў загранічча і нашы родныя словы...

Задоўга рыхтаваліся да кірмашу полацкія купцы і рамеснікі. Даўно ўжо ляжалі назапашаныя воск, мёд, попел, дзёгаць, смала-жывіца, лён, каноплі... Якіх толькі футраў і скур не выстаўлялі тут навакольныя лясы! Бабровыя, барсучыныя, вавёрчыныя, воўчыя, выдрыныя, заечыя, казуліныя, куніцавыя, ласіныя, лісіныя, мядзведжыя, сарнавыя...

Якога толькі посуду не рабілі полацкія ганчары — місы, талеркі, збаны, глякі, гаршкі, цёрлы, макотры, гладышы, гарлачы, хлебніцы, кубкі, сальніцы...

А якая была тут бандарка — судзіны, кадзі, бочкі, кублы, дуплянкі, вёдры, вадзянкі, дзежкі, цэбры, памыйніцы, балеі, даёнкі, меркі, шаснасткі, гарцы...

Якіх толькі рэчаў не паказвалі полацкія кавалі і ювеліры — каваных, чаканеных, вылітых, ціснёных, штампаваных... Ад сашнікоў, кос, складных сярпоў да завушніц, пярсцёнкаў, бранзалетаў...

Амаль ніводнага кірмашу не абыходзілася без свары, крыку, калатнечы з-за таго, што нехта некаму недадаў, недасыпаў, недаліў або хтосьці каго там аблічыў, абважыў, абмераў. Купец-немец, прадаючы сукно, часам называў большую даўжыню, чым мелася ў скрутку. Або селядцы ў бочцы — зверху глянуць адна любата, а ўнізе — гніллё і драбяза...

Ды і полацкія купцы не ўсе былі чыстыя на руку. Дзе хто ў пак футравых тавараў увапхне зношаныя лапці-пасталы, а ў воск дамяшае сала або смалы ці — пад колер — гарохавай і жалудовай мукі. А то насыпле пяску ці нават даложыць камення альбо старога жалеззя — абы большая вага.

Ведаючы гэта, рыжскі купец доўга выстуквае круглыя кавалкі воску або нават праколвае іх.

На воск асаблівы попыт, бо гэта свечкі, а таму яго надзвычай шмат закупляюць касцёлы. Немцы з немалым прыбыткам перапрадаюць пасля полацкі воск усёй Заходняй Еўропе.

Матэрыял лёгкі, не псуецца і заўсёды ўсім патрэбны — воск быў нават своеасаблівымі грашыма Полацка.

Не хочучы мець ніякіх нараканняў на якасць воску, гарадскія ўлады зрабілі тапільную печ і пачалі ўвесь яго ператопліваць і штэмпеляваць.

Францішак любіў глядзець на гэтыя адціснутыя ў воску знакі. Яго наогул вабілі ўсе надпісы. У іх заўсёды было штосьці таямнічае.

У ваколіцах Полацка з незапомных часоў ляжалі камяні з высечанымі на іх шасціканцовымі крыжамі і словамі: «Г/оспод/и помози рабу своему Борису».

Пра гэтыя камяні хадзілі розныя погаласкі. Казалі, быццам даўнейшы полацкі князь Барыс у часе голаду выбіў гэтыя крыжы, просячы ў бога хлеба. I нібы на гэтых камянях раніцаю можна знайсці свежы бохан.

Малому Францішку хацелася гэта праверыць. Вось каб у палачан, думалася яму, было, нарэшце, шмат-шмат свайго хлеба... Не трэба будзе тады купляць прывазнога...

Полацкая зямля пустая, пясчаная, родзіць слаба. Часта жыта сюды прывозілі з Прыбалтыкі, з Рыгі,— немцы.

Раненька ўстаў Францішак і, каб ніхто не ўбачыў, вымкнуў за гарадскія вароты, босы пабег па пякучай расе. I вось ужо бачыць: сапраўды, вунь яна — шэрая скарынка хлеба. Падбег, разгарачаны... Не, звычайны камень. Колькі ні прыбягаў пасля — ніколі на камянях боханаў не было.

Хлеб рос толькі на полі, тым пустым, якое трэба было адстаяць ад лесу, каб ён не засяваў яго сваім дзікім насеннем, трэба было вырабіць гэтае поле, засеяць чыстым зернем. Толькі тады спадзявайся на ўраджай...

А пра «Барысавы камяні» пазней яму распавёў адзін манах так. Нібыта палачане доўгі час і пасля хрышчэння аставаліся язычнікамі-паганцамі. Не богу Ісусу маліліся, а Палаце-рацэ, Дзвіне, ваколічным камяням. I тады выбіў Барыс на камянях крыжы: вы хочаце маліцца сваім паганскім багам, а ўсё роўна будзеце маліцца майму...

Асабліва цягнула Францішка ў майстэрні, дзе адлівалі ці адбівалі якіясь узоры ці надпісы.

Гадзінамі любіў ён прастойваць у вольны час у плавільнях ці ліцейнях. Сачыў, як у кругладонных тыглях расплаўлялі метал, як залівалі яго ў каменную форму, ахалоджвалі, а пасля, выняўшы з формы, наводзілі канчатковы бляск. Трохпацеркавыя завушніцы, пярсцёнкі-пячаткі з пяціканцоваю зоркаю, медныя іконкі з лікамі святых на абодвух баках і нават часам з надпісам.

Францішка дужа займалі гэтыя няпісаныя надпісы. I аднаго разу ён надумаў зрабіць сабе пячатку. Узяў тоўстай хваёвай кары, выстругаў роўную дошчачку і пачаў акуратна вырэзваць на ёй літары, выбіраючы ножыкам усе патрэбныя паглыбленні, каб утварыліся выпуклыя абрысы. Працаваў доўга, марудна, мазольна. Асабліва цяжка даваліся закругленні. А як назло, ледзь не ўсе літары ў ягоным прозвішчы — з адных закругленняў.

I вось, нарэшце, праца закончана. Францішак узяў з печы сажы, змяшаў са шмальцам і густа намазаў пячатку.

Дзе б адбіць сваё прозвішча?

На печы? Вось узрадуецца маці, што сын не толькі ўмее прыгожа пісаць, але, як князь, мае ўласную пячатку...

Тут Францішкаў позірк упаў на тонкі беласнежны абрус на стале. «Вось тут і адаб'ю сваё прозвішча»,— усцешыўся хлопчык. Кожны хай бачыць, што гэта Скарынаў абрус. I, доўга не разважаючы, падбег да стала, прылажыў пасярэдзіне пячатку, добра прыціскаючы яе праз усю даўжыню, каб адбітак атрымаўся выразны, а потым паволі адняў, каб хаця надпіс не размазаўся.

I — які жах! Замест прыгожых літар стаялі нейкія незразумелыя знакі. Адвернутыя ў другі бок, нібы тыя, якія ён выводзіў даўно, калі ўзяўся ўпершыню пісаць. «С» павярнулася спінкаю, у «Р» кружочак трэба каб быў справа, а тут ён злева. З усяго прозвішча толькі «О» ды «Н» адбіліся правільна.

I гэта на абрусе... Што будзе, як прыедзе бацька? Добра, што хоць ён цяпер не дома, у ад'ездзе, недзе ў Вільні... Але ж і маці за гэта па галоўцы не пагладзіць.

Што ж рабіць з абрусам? Так сапсаваць... Як схаваць гэты надпіс? Прыкрыць акрайцам хлеба? Усё роўна ж убачаць увечары. А што, калі перавярнуць абрус другім бокам?..

Францішак хуценька перавярнуў. I...

О цуд! Пасярод стала цяпер зграбна красавалася па-стараславянску выпісанае — настаўнік жа заўсёды хваліў Францішка за пісьмо — слова СКОРИНА.

Стары майстар Сцяпан Станюк, якому Францішкава маці расказала пра сапсаваны абрус, другім разам, калі да яго прыбег хлопчык, падаў яму кавалак даламіту:

— Так і быць, вырэзвай форму, выльем табе пячатку сапраўдную, медную. Ведаеш, як трэба вырэзваць?

— Цяпер ведаю! — Вочы Францішка загарэліся.— Трэба ўсе літары выразаць наадварот. Тады на пячатцы яны будуць правільныя,— упэўнена, як добра вывучаны ўрок, адказваў Скарына.

— А як адаб'еш на паперы, то як будзе? — стары Станюк хітравата глядзеў на Францішка.

— Наадварот,— выпаліў той і тут жа схамянуўся, бо зразумеў, што зноў бы выразаў няправільна. I, баючыся, каб майстар не перадумаў, як бы не даючы сказаць яму слова, Францішак хуценька загаварыў:

— Ведаю, ведаю... На камені трэба выразаць так, як і пішаш,— тады пячатка адальецца з адваротнымі значкамі. А як стукнеш ёю ца паперы, то там літары адаб'юцца правільна.

— Вось цяпер ты малайчына,— пахваліў Станюк і пажартаваў: — Можна цябе ўжо з вучня-чалядніка ў майстры пераводзіць...

Увечары, калі адлілі пячатку, Францішак, засопшыся, прыбег дадому. Выняў аркушык паперы і, узяўшы свечку, на полымі куродыміў пячатку і адбіваў: Францыск Скарына, Францыск Скарына, Францыск Скарына... Словы роўненька клаліся ў радкі.

«Вось каб убачыў Кукша»,— падумалася хлопчыку.