Казка называецца «Каза-манюка». Як вы думаеце, каго называюць манюкай?

Урок 13

Тэма: Я і мае сябры. Занятак у вольны час

Мэты: выпрацоўваць вымаўленчыя навыкі, пазнаеміць са словамі і выразамі па тэме, фарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання беларускай мовы на слых.

Абсталяванне: падручнік, сшытак, каляровыя алоўкі, фламастары.

Ход урока

Арганізацыйны момант

Празвінеў званок і зноў

У клас сабраў маіх сяброў.

Будзем дружна працаваць,

Будзем веды набываць.

I. Маўленчая размінка

Паслухайце верш. У якую гульню гуляў хлопчык?

— Я—чу, я—чу!

На кані скачу.

Ані ў кога,

Ані ў кога

Не было каня такога!

Гоп, гоп!

Гой, гой!

— Ты куды, герой?

Гоп, гоп!

Гой, гой!

— Можна мне з табой?

— Каго называюць героем?

2) Вучні паўтараюць за настаўнікам наступныя радкі верша:

— Я—чу, я—чу!

На кані скачу.

— Як трэба вымаўляць гук [ч]? (Цвёрда.)

Гоп, гоп! Гой, гой!

— Ты куды, герой?

— Як трэба вымаўляць гукі [г], [г']? (Прыглушана.)

Гоп, гоп! Гой, гой!

— Можна мне з табой?

— Адкажыце на пытанне па-беларуску.

II. Лексічная праца

Дамінуючы лексічны матэрыял: цацкі, лялькі, воль­ны час, чытаць, маляваць, гуляць.

Сёння давайце пагаворым пра тое, чым можна займацца ў вольны ад урокаў час.

Паслухайце верш і скажыце, дзе праводзілі дзеці вольны час.

На каньках

Вечар, лёд у агнях,

А над елкай — месяц.

Едуць, едуць на каньках

Міхасек з Алесем.

Бачаць хлопцы: Таня

То ўпадзе, то ўстане. —

Ой, ізноў я на баку!

Дай хутчэй, Алесь, руку.

— То трымайся, калі ласка.

Дапаможа і Міхаська.

Мы дзяўчатак анідзе

Не пакінем у бядзе.

— Як звалі дзяцей? На чым каталіся дзеці? Што здарылася з Таняй? Хто ёй дапамог? Як павінны адносіцца хлопчыкі да дзяўчынак?

2) Чым яшчэ можна займацца ў вольны час? Раз-ледзьце малюнкі у сшытку. Адкажыце на пытанні:

- Для чаго альбом і фламастары?

- Хто гуляе з лялькамі?

- Дзе можна знайсці цікавыя кнігі?

- Дзе можна катацца на лыжах?

- Калі можна катацца на каньках?

— Раскажыце па малюнках, чым можна займацца ў вольны час. Падумайце, што вам падабаецца, не вельмі падабаецца і зусім не падабаецца.

— Злучыце малюнкі прадметау з адпаведнымі тварыкамі. Раскажыце, чым вам падабаецца займац­ца ў вольны час.

3) Паслухайце текст. Адкажыце, ў што гуляла дзяўчынка?

Снежны мішка

Зляпіла Таня са снегу мішку і панесла яго ў хату паказаць маме. Мамы дома не было. Таня паставіла мішку на стол і сказала:

— Няхай пастаіць, пакуль мама прыйдзе.

А сама пабегла на вуліцу. Тут і мама прыйшла.

— Хадзем, мама, хутчэй у хату, паглядзіш, якога я мішку зляпіла.

На стале нічога не было. Толькі вада сцякала на падлогу.

— Дзе ж твой мішка? — запыталася мама. — Ці не ўцёк?

— Уцёк, — уздыхнула Таня.

— З чаго зляпіла мішку Таня? Навошта дзяўчынка занесла мішку у хату? Што здарылася з мішкам? Якую параду вы можаце даць дзяўчынцы? Пра што запыта­лася мама? Як адказала Таня?

Работа ў сшытку.

— Разгледзьце малюнкі. Якія цацкі вы на іх бачыце? Пагуляем у гульню «Адкажы і запытайся». (Першае пы­танне задае настаўнік: «Дзе ляжыць лялька?» Выкліканы вучань адказвае, а потым сам задае пытанне па наступным малюнку і выклікае вучня, які на яго адказвае.)

III. Аудзіраванне

1) Казачнік Бай прапануе вам адгадаць загадку і сказаць, хто будзе героем казкі:

З барадою, а не стары,

з рагамі, а не бык,

дояць, а не карова. (Каза.)

Казка называецца «Каза-манюка». Як вы думаеце, каго называюць манюкай?

Каза-манюка

Жыў дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі, як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.

Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыга­няе дахаты. Дзед зноў пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі, як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла.

Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пагнаў сам пасвіць казу.

Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераадзеўся ў свае адзенне, сеў і чакае казу з пашы.

Прыйшла каза на двор.

Дзед пытаецца:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі, як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе да плоту, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла щ лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.

Сеў зайчык пад елачкай і плача.

Ідзе воўк:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаткі і сам у ёй жыве, а мяне не пускае.

— Ну, добра, не плач: я таго звера выганю. Падышоў воук да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.

— Ну, добра, — кажа мядзведзь, — не плач: я таго звера адразу выганю.

Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар (чащу). Ідзе певень. Убачыў зайчыка і пытаецца:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? I расказаў зайчык пеўню пра сваю бяду.

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной ла­пай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюка...

Падышоў певень да зайчыкавай хаткі, захлопаў крыламі, закукарэкаў:

— Кукарэку! Кукарэку! Заб'ю казу-недарэку.

Пачула каза ды як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Тады певень зноў яшчэ мацней залопаў крыламі, закрычаў:

— Гэй, каза, збірай манаткі,

Уцякай хутчэй ты з хаткі,

Бо вунь дзед ідзе,

Ён касу нясе...

Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі.

А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.

3) Калі вам было смешна? А калі — страшна? Што каза гаварыла дзеду, вяртаючыся з пашы? Чаму казу назвалі манюкай? Як дзед даведаўся, што каза — манюка? Куды ўцякла каза? Дзе стала жыць? Успомніце, што гаварылі воўк і мядзведзь казе, каб прагнаць яе. А што адказвала каза?

Хвілінка адкрыццяў.

— Звярніце ўвагу на тое, што каза, адказваючы на пытанні дзеда: «Дзе? Што?» гаварыла: «Нідзе, нічога». Так кажуць па-беларуску. Падрыхтуйце інсцэніроўку ўрыўка з размовы дзеда з казой.

Праца ўу сшытку.

— У сшытку знайдзіце, які герой казкі зашыфраваны на малюнку? Размалюйце яго.