Вайна і сучаснаць у творах Івана Навуменкі.

 

Імя народнага пісьменніка Івана Навуменкі шырока вядома ў рэспубліцы і за яе межамі. Ён з'яўляецца аўтарам 12 зборнікаў апавяданняў, аповесцей, 6 раманаў, шматлікіх прац па літаратуразнаўстве. Пачатку Вялікай Айчыннай вайны і перыяду разгортвання партызанскага руху на Беларусі прысвечана трылогія "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах", "Сорак трэці". Сам аўтар назваў яе творам аб акупацыі. Падзеі разгортваюцца ў мястэчку Бацькавічы і ў навакольных вёсках. Аўтар паказвае, як на шлях барацьбы з чужынцамі становяцца Сцяпан Птах і яго сын Міця, аднавяскоўцы Аўсянік, Кардаш, Мацвей Шэлег, Шура Гаранка, Іван Лобік, Саша Плоткін і іншыя.

Аўтар дакладна адлюстроўвае складаны і супярэчлівы працэс фарміравання волі і характару маладых людзей, іх духоўны свет — свет філасофскіх разважанняў, рамантыкі і юнацкага максімалізму. I. Навуменка ўзнаўляе сцэны партызанскай вайны на Палессі, прасочвае шлях станаўлення, унутранага гартавання герояў твора, для якіх змаганне з ворагам — галоўная мэта жыцця. Пісьменнік ускрывае прычыны духоўнага падзення, здрады такіх тыпаў, як Юрый Басняк, Крамер, Забела, Дзеніскевіч. Гэтымі вобразамі аўтар выносіць суровы прысуд здрадніцтву, эгаізму, бездухоўнасці, паразітычным адносінам да жыцця. Праз усе раманы трылогіі праходзіць сімвал адзінокай сасны. Гэты своеасаблівы вобраз твора выражае пачуцці герояў, узмацняе драматызм і напал апісваемых сітуацый. Завяршаецца трылогія сцэнай прыходу Чырвонай Арміі ў беларускія гарады і вёскі, вяртання Міці ў родныя мясціны, да прыдарожнай сасны, якая ўвасабляе бессмяротнасць жыцця. Трылогія з'яўляецца праўдзівай гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Не спрашчаючы рэальных абставін I. Навуменка паказаў праўду жорсткага ваеннага часу. Жыццю моладзі і праблемам сучаснасці прысвяціў I. Навуменка аповесць "Бульба", зборнікі апавяданняў "Таполі юнацтва" і "Вераніка". У многіх творах пісьменнік спрабуе адказаць на вострыя пытанні рэчаіснасці, задумваецца над прыродай чалавечага характару, уздымае маральна-этычныя праблемы сённяшняга дня. Раман "Смутак белых начэй" з'яўляецца працягамі рамана "Сорак трэці". Гэта ўспаміны аб падзеях 1944 года на Ленінградскім фронце, сведкам якіх быў сам аўтар. Героі твора — Сяргей Каліноўскі, Косця Русаковіч, Васіль Лебедзь — тыповыя прадстаўнікі ваеннага пакалення, што са зброяй у руках змагалася за вызваленне Айчыны. Раман "Летуценнік" прысвечаны станаўленню творчай і навуковай інтэлігенцыі ў 50-я гады. Цэнтральным героем рамана "Асеннія мелодыі" з'яўляецца загадчык кафедры гісторыі прафесар Аляксей Андрушкевіч. Аўтар паказвае яго цяжкае мінулае, ахопленае ваенным ліхалеццем, і сённяшнюю працу на ніве навукі, дзе нярэдка сустракаюцца ананімкі, падножкі сумленным навукоўцам, маральнае раздваенне.

Трылогія Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) стваралася на працягу трынаццаці гадоў. Сам аўтар назваў яе творам аб акупацыі. Структура трылогіі дакладная і лагічная: тры кнігі храналагічна адлюстроўваюць тры этапы вайны. Першы звязаны з перыядам нараджэння і дзейнасці партызанскага падполля, тут канцэнтруецца ўвага на пачатковым перыядзе ўсенароднага руху супраціўлення («Сасна пры дарозе»); другі этап – пераход да стварэння баявых адзінак, партызанскіх атрадаў і злучэння («Вецер у соснах»); трэці – паказ масавага ўсенароднага супраціўлення, якое прывяло да пералому ў вайне («Сорак трэці»).

У першай кнізе трылогіі на пярэднім плане – вобразы Міці і Сцяпана Птахаў. Чытач пранікаецца сімпатыяй да сям'і Сцяпана Птаха, пяцёра дзяцей якога, «нібы пчолы», цягнуць у хату ягады і грыбы…

Міця – старэйшы сын у сям'і, ён многа думае пра сэнс жыцця: «Ён усяго саромеецца, бянтэжыцца, – можа таму, што ўвесь час думае. Нават тады, калі навокал кіпяць смех, бесклапотнасць – шумлівае маладое мора…» . 3 дзяўчынай, якую завуць Сюзана, звязана ўсё лепшае, што наважыўся Міця зрабіць у жыцці. Сюзана нябачна прысутнічае ва ўсім, што ён робіць, аб чым думае. Але светлыя задумы бязлітасна перакрэсліла вайна. Міця – рамантык і летуценнік, нават вайну ўспрыняў праз прызму наіўна-рамантычных памкненняў: «Зразумеўшы, што пачалася вайна, ён узрадаваўся. Пачыналася нешта вялікае, агромністае – яно будзе ісці на яго, Міцевых, вачах, яно – працяг той гераічнай хвалі, якая даўно захліснула яго грудзі. Міця стаяў, слухаў, згараючы ад узбуджэння, ад нясцерпнага жадання – хутчэй пабегчы, расказаць усім, хто яшчэ не ведае, гэтую ўрачыстую навіну».

Аўтар імкнецца дакладна адлюстраваць духоўны свет юнакоў і дзяўчат, учарашніх школьнікаў – свет рамантычных парыванняў, юнацкага максімалізму, філасофскіх думак і разважанняў. Ён паказвае ўвесь драматызм становішча, у якім апынулася моладзь мястэчка Бацькавічы. Кожнага з герояў аўтар надзяляе адметнымі псіхалагічнымі рысамі ў характары, партрэце, духоўным вобліку. Іван Лобік, напрыклад, любіць паразважаць пра ўсё, што іншыя прымаюць на веру. Саша Плоткін – добрая душа, школьны Партос, спакойна-насмешлівы, з «павольна-прыгожымі рухамі і жэстамі». Мікола Галемба «не ўмее ціха гаварыць, сумаваць, нават смяяцца не ўмее ціха – рагоча».

Для Міці Птаха і яго сяброў характэрны выключная шчырасць, чысціня пачуццяў і намераў, даверлівасць, сумленнасць: «Яны не ўмеюць ні хітраваць, ні таіцца адзін перад другім»; «Яны па-ранейшаму вераць у тое, што далі ім кніга, школа, іх пакуль яшчэ невялікае жыццё. I калі сярод сумненняў, болю расчаравання прабілася гэтае, самае галоўнае, без чаго нельга жыць, яны акрыялі. Вера – нябачная, няўлоўная сіла – узвышае душу, поўніць яе зіхатлівым бляскам, цудоўнай музыкай. У гэтым сэнс жыцця». Праз іх вобразы пісьменнік паказвае, як фармуецца і гартуецца характар чалавека ва ўмовах акупацыйнага перыяду, як выкрышталізоўваюцца высокія маральныя якасці.

Пісьменнік не ўтойвае і простых чалавечых слабасцей, уласцівых юным героям. Аўтар паказвае іх то з незвычайным гумарам і ласкавай усмешкай, то з дакорам, але кожны раз так раскрывае іх духоўны воблік, што героі становяцца яшчэ бліжэй чытачу.

Іван Навуменка імкнецца па-мастацку поўна выкарыстаць багаты арсенал сродкаў тыпізацыі характару, раскрываючы складаныя людскія лёсы ў вайну. Якраз такі падыход выяўляе аўтар пры мастацкім стварэнні ў рамане «Сасна пры дарозе» вобраза Юрыя Басняка.

Прыемны грудны барытон, якім ад прыроды надзелены Юры Басняк, – рэзкі кантраст яго ўнутранай сутнасці, бо, хоць ён і спявае ў турме розныя песні, жартуе і сыпле анекдотамі, і арыштаваныя слухаюць, здаецца, з прыемнасцю, рагочуць, але ўсё ж ставяцца да Юрыя са стоеным недаверам. Урэшце Юры ідзе на здраду – выдае немцам Сяргея Амельчанку, які прапанаваў яму пайсці ў партызаны. Так праяўляецца яго нікчэмная сутнасць.

Вельмі цікавы і неадназначны ў рамане вобраз Аўгуста Крамера. Спадзеючыся з прыходам немцаў перажыць цяжкі час і па магчымасці быць карысным жыхарам Бацькавічаў, з якімі доўгія гады жыў і працаваў, Крамер згадзіўся на пасаду бургамістра. Але няўмольная логіка барацьбы выкіроўвае яго на здраду і прымушае разам з акупантамі бегчы за мяжу. Фінал ягонага жыццёвага шляху горкі: поўная спустошанасць, усведамленне таго, што назаўсёды згубіў сувязь з народам, радзімай.

Вобраз Аўгуста Крамера – вялікая ўдача I. Навуменкі. Аўтар падзяляе Крамера ўладай і тым самым, як адзначае Нічыпар Пашкевіч, «робіць яго дзейнай асобай з вялікімі магчымасцямі самастойнага праяўлення сваёй натуры, па крайняй меры, з пункту погляду самога Крамера» .

Гэтым вобразам аўтар трылогіі Іван Навуменка развенчвае і ўяўную дабрыню, уяўную філантропію. Яна неабходна герою больш усяго толькі для заспакаення асабістага сумлення («абы было ціха»). Пісьменнік, пазбягаючы адназначных высноў, смела аналізуе складаныя пласты чалавечага характару.

Пошук «трэцяга шляху» штурхнуў «набожнага» Крамера на шлях здрады. Прыходзіць нарэшце такі час, калі Крамер пачынае разумець, што, супрацоўнічаючы з акупантамі, ён сам, сваімі рукамі адсёк карані, якімі трывала «трымаўся за зямлю». Аўтар ненавязліва пераконвае чытача ў справядлівасці народнай прыказкі: «Колькі воўка ні кармі, а ён усё ў лес паглядвае». Крамер становіцца паслухмянай марыянеткай у руках гітлераўцаў. Ім было зручна мець бургамістра, якому б давярала насельніцтва. Унутраны мікрасвет рускага немца пісьменнік раскрывае ў непарыўным адзінстве партрэта псіхалагічнага і эпічнага. Крамер па волі абставін апынуўся ў экстрэмальнай сітуацыі, паміж двух агнёў. Аўтар даследуе абставіны, якія абумовілі тыя ці іншыя яго ўчынкі, дае магчымасць чытачу ўбачыць здольнасць героя трымаць адказ перад сваім сумленнем.

Паводле сцвярджэння крытыка Фёдара Куляшова, «яго ўнутраны і знешні партрэт, яго сацыяльны і псіхалагічны воблік намаляваны ў рамане праўдзіва да самых дробязей» .

Усяго чатыры старонкі рамана «Вецер у соснах» займае эпізод пра дэсантную групу «васемнаццаці», якая была накіравана з-за лініі фронта на баявое заданне – шырэй разгортваць партызанскі рух на Палессі. Група васемнаццаці была знішчана знянацку – пастралялі сонных… Вобразы юнакоў выпісаны дакладна, лаканічна – некалькімі штрыхамі, рэплікамі, мастацкімі дэталямі. 3 «групы васемнаццаці» пісьменнік больш падрабязна засяроджвае ўвагу на Харытончыку, Васі, Жэні, Майцы. Паэтызуючы Жэню, аднаго з галоўных герояў, пісьменнік паказвае яго адносіны да прыроды, да той першаасновы жыцця, без разумення якой няма жывога чалавека.

Іван Навуменка не апісвае ні побыту, ні перадгісторыі васемнаццаці герояў-дэсантнікаў, не паказвае станаўлення іх характараў. 3 арсеналу мастацкага вопыту ён выбірае тыя вобразна-стылёвыя прыёмы, якія патрэбны для паэтызацыі прыроды гераічнага. «3 груды нерухомых цел, абапіраючыся на рукі, прыўзнялася дзяўчына – у мужчынскай зялёнай куртцы, у штанах – не мігаючы, спакойна пазірала на паліцэйскіх, якія застылі ў нерашучасці». I гэты момант з'яўляецца адным з самых трагічных у другім рамане.

У рамане «Сорак трэці» вельмі цікавы вобраз Лубана – аднаго з тых, хто «часова быў прыбіты не да таго берага». Ва ўспамінах Лубана ўзнаўляецца яго лёс у трыццаць сёмым годзе, калі Лубан працаваў начальнікам службы ў аддзяленні чыгуначнай дарогі і быў незаслужана пакараны. Адсюль і цягнецца цень яго памылак. Перабіраючы ў памяці «па малюткай дробязі» сваё жыццё, Лубан імкнецца знайсці «той перакос, з якога пачаў завязвацца цяперашні чортаў вузел». 3 прыходам немцаў усё ўскладнілася і перамяшалася ў душы Лубана: ён становіцца намеснікам бургамістра Крамера. Лубан спадзяецца, што тым самым ён верне ўпэўненасць у сабе, лепш зразумее сітуацыю. Аднак жаданага не дасягнуў, наадварот, яшчэ больш заблытаўся…

Пакаянне, хаця і са спазненнем, але прыйшло, калі Лубан на свае вочы пабачыў, што нясе людзям фашызм.

Іван Навуменка на прыкладзе Лубана паказаў нялёгкі, заканамерны шлях сталення такіх людзей, хто па розных прычынах не адразу ўключыўся ў вызваленчую барацьбу. У дынаміцы духоўнага «прасвятлення» Лубана, яго духоўнага перараджэння пісьменнік сцвердзіў сябе майстрам псіхалагічнага партрэта.

Навуменка-празаік па-майстэрску выкарыстоўвае ў творы мастацкія дэталі: бытавыя, партрэтныя, пейзажныя і надае ім своеасаблівае сімвалічнае значэнне. Сімвал адзінокай сасны праходзіць праз усе тры раманы, гэты вобраз становіцца выразнікам пачуццяў аўтара, выконваючы ролю сімвалічнага абагульнення. Скразны вобраз – сасна – выконвае важную сюжэтную функцыю, узмацняючы драматызм абставін, нібы ўдзельнічае ў вырашэнні складаных і вострых канфліктаў у творах.

Іван Навуменка – тонкі назіральнік і знаўца роднай прыроды, майстра мастацкага яе даследавання. У яго раманах чуваць «цягучыя ўздыхі начнога «ваеннага» лесу», «шасценне дажджу», спеў птушак… Усёй сваёй творчасцю ён не толькі імкнецца прывіваць любоў да прыроды, але і пераконвае чытачоў у тым, што яе неабходна берагчы. 3 гэтага пункту гледжання апавяданні, эцюды, навелы, аповесці і раманы, уключаныя ў школьныя праграмы, могуць быць шырока выкарыстаны ў выхаваўчай рабоце настаўніка.

Іван Навуменка ў сваім творы адлюстроўвае тыя канкрэтныя сацыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх жыло насельніцтва палескіх вёсак, гарадоў: Сівалобаў, Піляцічаў, Палыкавічаў, Мазыра і іншых месцаў Прыдняпроўска-Прыпяцкага Палесся. Імёны літаратурных герояў (Аўсянік, Бондар, Драгун, Дрозд, Лубан, Птах) падкрэсліваюць рэгіянальнасць трылогіі, паколькі такія тапанімічныя і антрапанімічныя назвы з'яўляюцца шырокаўжывальнымі на тэрыторыі Гомельшчыны – радзіме пісьменніка.

Іван Навуменка ўмее лаканічнымі моўнымі сродкамі перадаць разнастайнасць і прыгажосць палескай прыроды, унутранага свету беларускага народа, яго характару. Эстэтычнай асновай ягонай трылогіі з'яўляецца філасофская канцэпцыя нацыянальнага характару, адлюстраванне чалавека як часткі народа, а яго лёсу як лёсу народнага. Пісьменнік імкнецца да спасціжэння народнага характару, які прадстаўлены ў трылогіі людзьмі розных пакаленняў, сацыяльных груп, суаднесеных з галоўнымі падзеямі эпохі, часу, што вызначае не толькі асабісты лёс людзей, але і лёс краіны, чалавецтва ў цэлым. I як вынік – у трылогіі выяўляецца досыць выразная канцэпцыя чалавека-патрыёта, чалавека з глыбокім пачуццём адказнасці за лёс сваёй зямлі – і гэта выступае як адно з галоўных пацвярджэнняў цэласнасці і дакладнасці пісьменніцкага ўспрымання свету, феномена яго мастацкай індывідуальнасці.