Вопрос 12. Нашаніўская літаратура.

«Наша ніва» (тагач. лац. «Nasza niwa») — штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнскага кірунку. Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, у перыяд 10(23).11.1906 — 7(20).8.1915. Друкавалася кірыліцай, да 18(31).10.1912 таксама і лацінкай. Звычайны тыраж складаў 4.5 тыс. асобнікаў. Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні.

Заснавальнікі — кіруючая група Беларускай сацыялістычнай грамады (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Цётка (Алаіза Пашкевіч) і інш.) Тая ж група кіравала газетай і пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады да сакавіка 1914.

Рэдактары-выдаўцы:

Зыгмунт Вольскі.

Аляксандр Уласаў — з 8(22?).12.1906.

Янка Купала — з 7(20).3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец.

Рэдактары аддзелаў у розны час: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Хведар Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), Вацлаў Ластоўскі (з 1909 сакр. рэдакцыі), Ядвігін Ш., Сяргей Палуян (С. Ясяновіч), Альгерд Бульба (В. Чыж).

Першы нумар газеты выйшаў у друкарні Марціна Кухты.

У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітацыйнага і крытычнага зместу. Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакратычныя рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я. Коласа пад псеўдаімам Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзяржаўнай думы (чэрвень 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Наша ніва» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сялянскага землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сацыяльна-эканамічнай праграмы БСГ «Наша ніва» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод беларускага працоўнага народа, крытыкавала палітыку П. Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызваленчага руху, выкрывала дзяржаўную эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных палітычных груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нацыянальнымі меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Наша ніва» выступала супраць шавінізму польскіх абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сацыяльнае бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША. Калі рэдактарам стаў Я. Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай аграрнай палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нацыянальнай праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыялістычную сутнасць І сусветнай вайны.

Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гугарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей.

На старонках «Нашай нівы» ўпершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я. Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, вершы і артыкулы З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца, У. Галубка, К. Буйло, А. Гурло, Я. Журбы, Г. Леўчыка, К. Лейкі, А. Паўловіча, Ядвігіна Ш., А. Петрашкевіча, Ф. Чарнушэвіча, Э. Будзькі, Старога Уласа, П. Беларуса, Л. Лобіка, І. Піліпава і інш.

Дзякуючы «Нашай ніве» адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Л. Гмырака, А. Бульбы, М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, І. Луцкевіча У. Самойлы, Р. Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Нашай нівы» арыентаваліся на літаратурна-эстэтычныя традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэсіўнага рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і іншых авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўніхі даследавалі народны побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізацыйную і навуковую працу па даследаванні гісторыі беларускай культуры і яе тагачаснага стану, стваралі музычна-тэатральныя гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні.

На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбеларуская палітыка польскіх і расійскіх шавіністаў, антыбеларускі кірунак рэакцыйнага друку («Минское слово», «Северо-Заладная жизнь», «Виленскнй вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы Э. Ажэшкі, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Славацкага, С. Жаромскага, Т. Шаўчэнкі, В. Стафаніка, Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, У. Караленкі, В. Брусава, урыўкі з артыкулаў В. Бялінскага; адзначала юбілеі Л. Талстога, М. Гогаля, Т. Шаўчэнкі, Ю. Славацкага, Ф. Шапэна, Ч. Дарвіна.