Інфармацыйна-даведачныя дакументы

БЕЛАРУСКАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ

Тэрмін – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае (прынятае, запазычанае і пад.) для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў (напр., дэбітор – юрыдычная ці фізічная асоба, што мае запазычанасць перад якім-небудзь прадпрыемствам, арганізацыяй або ўстановай; дэбіторская запазычанасць – запазычанасць якога-небудзь прадпрыемства ці асобы па плацяжах перад іншым прадпрыемствам).

СІСТЭМА ЖАНРАЎ НАВУКОВАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Анатацыя – гэта кароткае, абагульненае апісанне (характарыcтыка) тэксту кнігі, артыкула.

Перад тэкстам анатацыі даюцца выхадныя звесткі (аўтар, назва, месца і час выдання) у намінатыўнай форме. Гэтыя звесткі можна ўключыць і ў першую частку анатацыі.

Анатацыя звычайна складаецца з дзвюх частак. У першай фармулюецца асноўная тэма кнігі ці артыкула, у другой пералічваюцца (называюцца) асноўныя палажэнні. Суб’ект дзеяння ў анатацыі звычайна не называецца, бо ён зразумелы, вядомы з кантэксту; больш актыўна ўжываюцца пасіўныя канструкцыі (дзеяслоўныя і дзеепрыметнікавыя).

Рэферат – гэта кампазіцыйна арганізаваны, абагульнены пераказ зместу крыніцы інфармацыі (артыкула, шэрагу артыкулаў, манаграфіі і г.д.)

Рэферат складаецца з трох частак:

1) агульная характарыстыка тэксту (выхадныя дадзеныя, фармулёўка тэмы);

2) апісанне асноўнага зместу;

3) вывады рэферэнта.

Рэферат раскрывае асноўныя канцэпцыі зыходнага тэксту. Рэфератыўны пераказ павінен быць сціслым. Мэта рэферыравання – стварыць “тэкст пра тэкст”. Рэферат не павінен ператварацца ў “поўзанне” па тэксце. Неабходна пазбягаць звязак: у 1 абзацы, у 2 абзацы і г.д. Рэферат – гэта не канспект, разбаўлены выразамі кшталту “далей аўтар адзначае...”. Ён можа ўтрымліваць ацэначныя элементы (нельга не пагадзіцца, аўтар удала ілюструе і г.д.).

Рэцэнзія – гэта пісьмовы разбор тэксту, які ўтрымлівае:

1) каменціраванне асноўных палажэнняў (тлумачэнне аўтарскай

думкі; уласнае стаўленне да думкі, выказанай аўтарам; выказванне свайго стаўлення да пастаноўкі праблемы і г.д.);

2) абагульненую аргументаваную ацэнку;

3) высновы пра значнасць работы.

У адрозненне ад рэцэнзіі, водзыў дае самую агульную характарыстыку работы без падрабязнага аналізу, але ўтрымлівае практычныя рэкамендацыі, напрыклад: аналізуемы тэкст можа быць прыняты да работы ў выдавецтве ці на атрыманне вучонай ступені.

 

ДАКУМЕНТ

Слова дакумент паходзіць з лацінскага documentum, што значыць доказ, сведчанне. Дакумент – сродак замацавання разнастайнымі спосабамі на спецыяльным матэрыяле інфармацыі пра факты, падзеі, з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці і разумовай дзейнасці чалавека. Дакументы забяспечваюць захаванне і назапашванне інфармацыі, а таксама магчымасць перадачы яе іншай асобе, шматразовы паўторны зварот да інфармацыі. Вызначэнне службовы дакумент размяжоўвае дзве сферы грамадскай практыкі: адміністрацыйна-кіраўніцкую, дзе выкарыстоўваюцца службовыя дакументы, і навукова-тэхнічную, дзе ўжываецца тэхнічная ці навуковая дакументацыя.

Паняцце службовы дакумент ахоплівае перш за ўсё:

1) дырэктыўныя і распарадчыя дакументы (законы, пастановы, загады);

2) адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы (планы, статуты, акты, пратаколы);

3) дакументы па асабовым складзе працуючых (асабовыя дакументы) (заява, аўтабіяграфія);

4) фінансавую дакументацыю;

5) уліковую дакументацыю.

Кожны службовы дакумент складаецца з асобных элементаў – рэквізітаў (аўтар, адрасат, подпіс, дата і г.д.). Сукупнасць рэквізітаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр. Розныя віды дакументаў маюць розны набор рэквізітаў, які абумоўліваецца прызначэннем дакументаў. Фармуляр, характэрны для пэўнага віду дакументаў, называецца тыповым фармулярам.

Службовыя дакументы, як правіла, складаюцца на бланку – стандартным аркушы паперы, на якім узнаўляецца сталая інфармацыя дакумента і адводзіцца месца для пераменнай інфармацыі. У бланк уваходзіць шэраг рэквізітаў, якія наносяцца друкарскім спосабам.

Заява – гэта дакумент, які ўтрымлівае просьбу якой-небудзь асобы. Адрасуюць заяву арганізацыі ці службовай асобе ўстановы.

Размяшчэнне частак заявы:

1) найменне пішацца зверху з водступам на трэць радка;

2) прозвішча, імя, імя па бацьку заяўніка – пад адрасатам;

3) тэкст пішацца з чырвонага радка;

4) дата ставіцца злева, подпіс – справа.

Афармленне наймення адрасата: калі яно ўяўляе сабой назву арганізацыі, то ставіцца ў В. скл., калі гэта назва пасады службовай асобы – у Д. скл.

Клішыраваныя формы

1) Просьба выражаецца:

прашу + inf. (дазволіць, дапусціць і г.д.)

Прашу Вашага дазволу (згоды) + на што?

2) Канструкцыі ўводу аргументацыі:

у сувязі з тым, што...; на падставе таго, што...; таму што... .

Даверанасць – дакумент, з дапамогай якога адна асоба прадастаўляе другой асобе паўнамоцтвы зрабіць за яе якое-небудзь дзеянне (часцей за ўсё – атрымаць што-небудзь).

Размяшчэнне частак даверанасці:

1) тэкст пішацца з чырвонага радка;

2) дата ставіцца злева, подпіс – справа;

3) пад датай i подпiсам неабходна прадугледзець месца, каб засведчыць дакумент.

Клішыраваныя формы

Хто? + давяраю + каму? + іnf. (атрымаць...).

Распіска – дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове ці ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы.

Размяшчэнне частак распіскі:

1) слова распіска пішуць з вялікай літары пасярэдзіне радка;

2) тэкст распіскі пішуць з чырвонага радка;

3) дата – злева, подпіс – справа.

Клішыраваныя формы

Я, + прозвішча, імя, імя па бацьку + пасада + атрымаў...

Аўтабіяграфія – кароткі расказ пра свой жыццёвы шлях, які пішацца ад першай асобы.

У пачатку тэксту трэба назваць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, час і месца нараджэння, сказаць пра заняткі бацькоў. Пасля гэтага коратка гавораць пра гады вучобы, называюць асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

Распарадчыя дакументы

Пастанова – прававы акт, што прымаецца вышэйшымі і некаторымі цэнтральнымі органамі кіравання з мэтай вырашэння найбольш важных і прынцыповых задач, якія стаяць перад гэтымі органамі.

Распараджэнне – акт кіравання дзяржаўнага органа. Мае ўладны характар і абавязковую сілу для грамадзян і ўстаноў, якім распараджэнне адрасавана.

Распараджэнні з’яўляюцца падзаконнымі актамі і падзяляюцца на 2 групы:

1) распараджэнні канкрэтнага і агульнага характару доўгатэрміновага дзеяння;

2) распараджэнні, што тычацца канкрэтнага вузкага пытання, разавага выпадку.

 

Загад з’яўляецца самым распаўсюджаным відам распарадчага дакумента, які выкарыстоўваецца ў практыцы кіравання. Ён выдаецца па асноўных пытаннях:

– унутранага жыцця ўстановы;

– стварэння, ліквідацыі, рэарганізацыі ўстаноў і іх структурных частак;

– зацвярджэння палажэнняў, інструкцый, правіл;

– па кадравых пытаннях прыёму, перамяшчэння, звальнення работнікаў і г.д.

Тэкст распарадчага дакумента павінен мець загаловак. Загаловак пачынаецца з прыназоўніка аб і фармулюецца з дапамогай назоўнікаў, якія называюць асноўную тэму дакумента: Аб прызначэнні...; Аб зацвярджэнні...; Аб выніках...

Тэкст складаецца з 2-х частак – канстатуючай і распарадчай.

Канстатуючая частка – гэта ўводзіны ў сутнасць разглядаемага пытання. У ёй могуць быць пералічаны факты, падзеі, дадзена ацэнка.

Распарадчая частка выкладаецца ў загаднай форме. У залежнасці ад віду дакумента яна пачынаецца словамі: пастанаўляе – у пастанове; рашае – у рашэнні; прапаноўваю – у распараджэнні; загадваю – у загадзе.

Інфармацыйна-даведачныя дакументы

Даведка – дакумент, які ўтрымлівае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў і падзей.

Дакладная запіска – дакумент, адрасаваны кіраўніку дадзенай ці вышэйшай установы, які інфармуе пра сітуацыю, што склалася ва ўстанове, здзейснены факт, утрымлівае высновы і прапановы складальніка.

Службовая запіска – гэта дакумент, аналагічны дакладной запісцы, але накіраваны адной службовай асобай іншай службовай асобе ў межах установы (за выключэннем непасрэдных кіраўнікоў).