Фарміраванне беларускай народнасці.

Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Яна ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уздзеяннем геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.

Вядома, што на мяжы ІІІ – ІІ тыс. да н.э. сучасную тэрыторыю беларусі засялялі плямёны фіна-уграў, якіх з пачаткам веку металаў змянілі балты. У час “Вялікага перасялення народаў” сюды з поўдня і захаду прыйшлі славяне, якія на працягу V – VІІІ стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць новыя раннефеадальныя этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае ўзаемадзеянне гэтых супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесійнай інтэграцыяй у межах Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым прысутнасць у рэгіёне моцных цэнтрабежных тэндэнцый абумовіла адасабленне гэтых тэрыторый. Таму з сярэдзіны ХІІІ ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ, у межах якога былі створаны неабходныя палітычныя ўмовы ўтварэння беларускай народнасці. У межах ВКЛ была створана адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне не знішчыла цалкам лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Наяўнасць жа ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ як аб’яднальных, так і сепаратысцкіх тэндэнцый ускладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў стала далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталявалася адзіная грашовая сістэма, ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі інтэграцыйных этнічных працэсаў у межах дзяржавы. Аднак працэсы гэтыя на ўзроўні дзяржавы стрымліваліся існаваннем склаўшыхся рэгіянальных, лакальных рынкаў.

Што датычыць сацыяльных фактараў, то далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Сфарміраваліся чатыры асноўных саслоўі: шляхта, духавенства, мешчанства і сялянства. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Пэўную этнакансалідуючую ролю адыгрываў канфесійны фактар. Канфесійныя антагантзмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тут адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХV стст. у ёй развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р”, “дзеканне” і “цеканне”, “аканне” і “яканне”, прыстаўныя гукі на пачатку слова. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе складовай часткай былі новаўводзіны, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’явіўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтаму спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі ў гэтых раёнах было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара з размяшчэннем пабудоў па перыметры.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся цэлы комплекс сельскагаспадарчых прылад працы (літоўская саха, драўляная частаплеценая барана, матыка, серп, цэп і інш.), дапаможных гаспадарчых пабудоў, ветраных і вадзяных млыноў.

У гэты час зацвердзіліся характэрныя для нашай тэрыторыі строі народнага адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, стракатыя безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі.

У ХV – ХVІ стст. склалася і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору: чарадзейныя казкі, абрадавая паэзія, песні (хрэсьбінныя, калыханкі, хаўтурныя, песні-плачы, валачобныя, вясельныя, жніўныя, жартоўныя). Узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў свай ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохоў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнік таксама народны лялечны тэатр – батлейка. У ХVІ ст. з’явіліся і новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускім і сваю мову рускай. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена тым, што насельніцтва гэтых зямель у пераважнай большасці прытрымлівалася праваслаўя, або рускай веры. У выніку склалася так, што самасвядомасць і саманазва ў беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыкметы. Але трэба адзначыць, што “рускае” насельніцтва ВКЛ ужо ў той час адрознівала сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы.

Такім чынам, у ХV – ХVІ стст. завяршыўся працэс фарміравання беларускага этнасу пад уздзеяннем розных этнаўтвараючых фактараў.

 

4. Нацыяўтваральныя працэсы на беларускіх землях у ХІХ – пачатку ХХ стст.

Умовы ўтварэння беларускай нацыі. Нацыя (ад лац. паtіo – племя, народ) – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, самасвядомасці. Нацыі ўзнікаюць на базе феадальных народнасцей у перыяд станаўлення капіталістычнага спосабу вытворчасці. Вырашальную ролю ў пераўтварэнні народнасцей у нацыі адыгрывалі капіталістычныя эканамічныя сувязі, фарміраванне ўнутранага рынку. Рэформа 1861 г., вызваліўшы сялян ад прыгоннай залежнасці, стварыла ўмовы для капіталістычнай перабудовы памешчыцкай і сялянскай гаспадарак. Рабочая сіла стала таварам, пашырыліся магчымасці яе міграцыі.

У працэсе станаўлення рыначнай эканомікі адбывалася разлажэнне саслоўяў феадальнага грамадства – дваран, сялян, рамеснікаў, гандляроў, купцоў і фарміраванне асноўных класаў капіталістычнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі. Сацыяльнай базай для фарміравання пралетарыяту з’явілася сялянская бедната, якой у Беларусі ў канцы ХІХ ст. налічвалася 2,8 млн. чалавек, дробныя рамеснікі і гандляры, збяднелыя мяшчане і шляхта. На рубяжы ХІХ – ХХ стст. у прамысловасці Беларусі працавала 237 тыс. рабочых, на чыгунцы – каля 25 тыс., у іншых сферах гаспадаркі (рачны і гужавы транспарт, будаўніцтва, гандаль, сельская і лясная гаспадарка і інш.) – каля 200 тыс., усяго налічвалася звыш 460 тыс. наёмных рабочых. Прамысловы пралетарыят Беларусі характарызаваўся шматнацыянальнасцю і адносна невысокай канцэнтрацыяй.

Гандлёва-прамысловая буржуазія Беларусі была таксама шматнацыянальнай, прычым большую яе частку складалі прадстаўнікі небеларускага этнічнага насельніцтва (яўрэйскія, польскія і рускія прамыслоўцы і купцы). Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 84,5 % купцоў пяці заходніх губерняў складалі яўрэі, 10,7 % – рускія і толькі 1,7 % былі беларусамі. Больш за палову фабрык і заводаў (51 %) з’яўлялася ўласнасцю яўрэйскай буржуазіі.

Беларуская нацыянальная буржуазія амаль цалкам складалася з заможных сялян і выхадцаў з дробнай шляхты. Яна была нешматлікай (у канцы ХІХ ст. у беларускай вёсцы налічвалася толькі каля 50 тыс. заможных гаспадароў), асноўныя капіталы краю – прамысловы, зямельны, гандлёвы, банкаўскі – знаходзіліся не ў яе руках, а ва ўласнасці яўрэйскіх, польскіх і рускіх прамыслоўцаў, памешчыкаў і купцоў. Раскіданая па вёсках, расколатая паводле канфесійнай прыналежнасці (праваслаўныя і католікі), беларуская нацыянальная буржуазія не ўсведамляла сваёй ролі ў нацыянальна-культурным адраджэнні і абыякава, іншы раз варожа ставілася да яго.

Слабасць нацыянальнай буржуазіі ў пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвала і тое, што ў шматгранным жыцці беларускага горада ў ХІХ ст. не выкарыстоўвалася, за нязначнымі выключэннямі, беларуская мова.

Этнічная тэрыторыя беларусаў. У канцы ХІХ ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Асновай яе ўтварэння стала наладжванне і развіццё гаспадарчых сувязей, якія пераадолелі эканамічную замкнёнасць асобных раёнаў і звязалі іх у адно кампактнае цэлае. Этнічная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні; Ашмянскі, Вілейскі, Дзісенскі, Лідскі і паўднёвую частку Свянцянскага павета Віленскай губерні; Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай губерні; Брэсцкі, Ваўкавыскі, Пружанскі, Гродзенскі, Кобрынскі і Слонімскі паветы Гродзенскай губерні.

Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных адносінах. Тут пражывала амаль палова пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія гаворкі склалі аснову беларускай літаратурнай мовы.

Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся, якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш запаволена, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў.

Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1897 г., на тэрыторыі пяці заходніх губерняў пражывала 5 млн. 408 тыс. беларусаў, 3,1 млн. рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Польскае і літоўскае насельніцтва канцэнтравалася ў асноўным у заходніх паветах Гродзенскай і Віленскай губерняў, рускае і латышскае – у паўночных паветах Віцебскай губерні, украінскае – у Кобрынскім і Брэсцкім паветах Гродзенскай губерні. Яўрэйскае насельніцтва пражывала на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у гарадах і мястэчках. Сярод гараджан пяці заходніх губерняў яўрэі складалі 53,5 %, а ва ўсім насельніцтве – 13,8 %.

Абсалютная большасць беларусаў жыла ў сельскай мясцовасці (больш за 90 %). Доля тых беларусаў-гараджан, якія гаварылі на роднай мове, складала ў сярэднім толькі 14,5 %. Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле канфесійнай прыналежнасці на праваслаўных і католікаў. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл не прызнавалі існавання беларускага этнасу, лічачы, што праваслаўныя беларусы ёсць рускія, а беларусы-католікі – палякі. У 1897 г. праваслаўныя сярод беларусаў складалі 81,2 %.

За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў Беларусі падвоілася. У пачатку ХХ ст. прырост насельніцтва некалькі паменшыўся. Гэта было звязана з развіццём міграцыйных працэсаў у выніку класавай дыферэнцыяцыі і аграрнай перанаселенасці беларускай вёскі.

Станаўленне беларускай літаратурнай мовы. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак.

На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з ХVІІІ ст. фактычна стала мёртвай. Таму ў новых гістарычных абставінах крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’явілася вусная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.

Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала побытавая лексіка, была слаба прадстаўлена вытворчая, юрыдычная, адміністрацыйна-канцылярская тэрміналогія. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы.

Беларускае нацыянальнае мастацтва. У сувязі са слабым развіццём прафесійнага мастацтва галоўную сферу духоўнай культуры беларускай нацыі перыяду фарміравання капіталізму складалі народныя формы мастацтва, традыцыйныя абрады і звычаі. Працягвалі існаваць такія віды фальклору, як абрадавая паэзія каляндарна-вытворчага і сямейна-абрадавага цыклаў, апавядальны жанр, лірычная паэзія. Фальклор адлюстроўваў сацыяльнае палажэнне простага народа, надаючы сацыяльную вастрыню прыпеўкам, песням, казкам і апавяданням. Узнікаў так званы рабочы рэвалюцыйны фальклор. Развівалася народнае тэатральнае мастацтва з захаваннем традыцыі батлейкі. Працоўная дзейнасць народа знайшла сваё адлюстраванне ў танцах “Лянок”, “Бульба”, “Бычок”, “Крыжачок” і інш. У тэатралізаваных прадстаўленнях і на абрадавых святах народныя музыкі на дудках, свірэлях, дудах, гуслях, цымбалах, скрыпках, бубнах выконвалі шматлікія песні і прыпеўкі.

Адметнасць беларускага этнасу адлюстроўвалася ў своеасаблівым народным выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Па-мастацку аздобленыя рэчы з глыбокай даўніны ўкараніліся ў побыце народа. Мелі распаўсюджанне ўзорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, пляценне з лазы, саломкі і карэнняў. Своеасаблівай рысай беларускіх тканін было выкарыстанне ў арнаменце пераважна геаметрычных форм – чатырохвугольніка, ромба, квадрата і іх частак. Выдатныя ўзоры беларускага мастацкага ткацтва ўяўлялі паясы. У афармленні жылых памяшканняў таксама выкарыстоўвалася мастацкае аздабленне: набылі распаўсюджанне разныя і размаляваныя ліштвы, фрызы, франтоны, канькі.

Этнічная і нацыянальная самасвядомасць. Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. З другой паловы ХІХ ст. сталі ўсё больш актыўна ўжывацца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 г., беларускую мову лічылі роднай 74 % насельніцтва Беларусі. Этнонім “беларусы” паступова выцясняў лакальныя тэрміны “ліцвіны”, “чарнарусы”. Аднак ён не меў яшчэ агульнаэтнічнага зместу. Існавалі рэгіянальныя назвы (палешукі), канфесіянізмы (рускія і палякі). Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу. Працы І.І. Насовіча, М.А. Дзмітрыева, Ю.Ф. Крачкоўскага, А.М. Семянтоўскага, М.Я. Нікіфароўскага, Я.Ф. Карскага, Е.Р. Раманава і іншых аўтараў аб’ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы В.Ю. Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаўся як суб’ект гістарычнага працэсу.

Такім чынам, у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся і ў асноўным завяршыўся працэс фарміравання беларускай нацыі як сялянскай па сваёй прыродзе. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвалі слабасць нацыянальнай буржуазіі, беднасць і непісьменнасць большасці беларусаў, рэлігійны раскол і антыбеларуская скіраванасць праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла, школы, друку, дзяржаўных устаноў, якія адмаўлялі існаванне беларускага этнасу і ўсіх беларусаў лічылі альбо рускімі, альбо палякамі. Да пачатку ХХ ст. цалкам не завяршыліся складванне нацыянальнай літаратурнай мовы і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Гэтыя працэсы працягваліся ў наступныя дзесяцігоддзі ХХ ст.

 

 

5. Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”, “Беларусь”.

Паходжанне тэрміна “Белая Русь” канчаткова не высветлена. Наконт гэтага існуе шмат думак і версій. Адны аўтары паходжанне назвы “Белая Русь” звязваюць з прыгажосцю зямлі, чысцінёй рэк і блакітнасцю азёр, мноствам снегу, незалежнасцю ад татара-манголаў і літоўскіх князёў (“белая” у дадзеным выпадку – вялікая, незалежная, вольная, свабодная), другія – са светларусымі валасамі і блакітнымі вачыма жыхароў (бландзіны). Маюцца і іншыя тлумачэнні: найменне “Белая Русь” паходзіць ад белага колеру адзення, якое “при дворе царском в почтении было”, ці ад белага колеру світак, сукенак і кашуль, якія насілі жыхары гэтых зямель. Тэрмін “Белая Русь” звязваецца таксама з шырокім распаўсюджваннем у тапаніміцы назваў са словам “белая” і г. д.

Упершыню тэрмін “Белая Русь”, як пісаў рускі гісторык В.М. Тацішчаў, упамінаецца ў летапісах у 1135 г. у дачыненні да зямель Паўночна-Усходняй Русі (Уладзіміра-Суздальскага княства). Гэта тэрыторыя ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Волгі да вярхоўяў Нёмана. Яна ўключала ў свой склад Маскоўскі, Цвярскі, Смаленскі, Мсціслаўскі, Друцкі край. Вялікі князь Растова-Суздальскай зямлі Андрэй Багалюбскі з 1157 г. называўся князем Белай Русі. Сваім баярам ён гаварыў: “Я всю Белую (Суздальскую) Русь городами и сёлами великими населил и многолюдной учинил”. Як бачна, ужо ў ХІІ ст. частка сучаснай беларускай этнічнай тэрыторыі (Мсціслаўскі і Друцкі край) уваходзіла ў склад зямель, якія называліся “Белай Руссю”.

У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. тэрмін “Белая Русь” паранейшаму ўжываўся для абазначэння Маскоўскай (Рускай) дзяржавы. Вялікі князь Маскоўскі Іван ІІІ насіў тытул князя “усея Велікыя і Белыя Русі”. Паводле М.М. Карамзіна, “исчисляя в титуле своём все особенные владения государства Московского, Иоан наименовал оное Белою Россиею…”.

У старажытнай усходняй традыцыі асноўныя колеры атаясамліваліся са старанамі свету: белы – з захадам, блакітны – з усходам, чорны – з поўначчу, чырвоны – з поўднем. Пагэтаму невыпадкова тэрыторыя старажытнай Русі дзялілася на “Белую Русь”, “Чорную Русь” і “Чырвоную Русь”.

У ХVІ – ХVІІ стст. назва “Белая Русь” пасля некаторых блуканняў па прасторах славянскага свету паступова замацоўваецца за Падзвіннем і Падняпроўем. Амаль кожны іншаземец, які наведваў упершыню ўсходнюю частку сённяшняй Беларусі (Падзвінне і Падняпроўе), звяртаў увагу на пануючы тут паўсюдна белы колер адзення – ад світак і кажушкоў да мужчынскіх нагавіц і шапак-магерак.

Аднак у ХVІ – ХVІІ стст. у розных гістарычных крыніцах назва “Белая Русь” сустракаецца не толькі ў дачыненні да Усходняй Беларусі, але і ў дачыненні да Ноўгарадскай і Пскоўскай зямель, а таксама да ўсходняй Украіны. Напрыклад, у “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі”, напісанай італьянцам А. Гваньіні ў 1578 г., які быў на вайсковай службе ў Віцебску, сказана: “А ёсць Русь траякая: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая – каля Кіева, Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай… Чорная – у Маскоўскай зямлі каля Белага возера і далей усюды да Азіі. Чырвоная – каля гор, якія называюцца Бескідамі… Пад тымі гарамі паветы Галіцкі, Перамышльскі, Саноцкі, а ў сярэдзіне вядомы горад Львоў”. Гэта адпавядае той усходняй традыцыі, калі зямля, размешчаная на Захадзе, называецца Белай, на поўначы – Чорнай, на поўдні – Чырвонай.

Разам з тым у прадмовах і пасляслоўях да кніг Ф. Скарыны (пачатак ХVІ ст.) тэрмін “Белая Русь” не сустракаецца. Землі сваёй радзімы Ф. Скарына называў тэрмінам “Русь” (“братия моя Русь”), які на працягу некалькіх стагоддзяў існаваў побач з назвай “Белая Русь” і даволі часта атаясамліваўся з ёй.

З сярэдзіны ХVІ ст. тэрмінам “Белая Русь” сталі абазначаць не толькі землі падзвінска-падняпроўскага рэгіёна (традыцыйная “Белая Русь”), але і цэнтральнага, папрыпяцка-палескага рэгіёнаў, ці землі сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Беларусцамі называлі цяпер не толькі жыхароў падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, але і людзей, якія пражывалі на ўсёй тэрыторыі ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці. Побач з формай “беларусцы” у дакументах сустракаецца і сучасная форма этноніма беларускага народа – “беларусы”.

Польскі пісьменнік, гісторык і публіцыст С. Старавольскі ў кнізе “Польшча ці апісанне становішча каралеўства Польскага” (1632 г.) адносіў да Белай Русі 6 ваяводстваў: Навагрудскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Мінскае, Полацкае і Смаленскае. Урад Рускай дзяржавы ў ХVІІ ст. Белай Руссю лічыў Полацкую, Віцебскую, Мсціслаўскую і Смаленскую землі. Астатнія беларускія землі ён называў літоўскімі.

Адначасова ішоў працэс фарміравання мовы Белай Русі, г. зн. беларускай мовы. Яе ўзнікненне было вынікам змяшэння, перапляцення паўночных (падзвінска-дняпроўскіх) і паўднёвых (папрыпяцкіх) элементаў гутарковай мовы ўсходнеславянскага насельніцтва. Гэта мова многімі асаблівасцямі фанетычнай сістэмы, граматычнага ладу і слоўнікавага складу адрозніваецца ад рускай і ўкраінскай. Да гэтых асаблівасцей належыць спалучэнне такіх элементаў, як цвёрдае “р” і “ч”, мяккае “д” (дзеканне), аканне. З’явіліся т. зв. сярэднебеларускія гаворкі, якія ўвабралі ў сябе паўночныя і паўднёвыя элементы. Што датычыцца мовы паўночнай зоны падзвінска-дняпроўскага рэгіёна (Пскоўшчына, Цвярскі край, Смаленшчына), дык яна ў значнай ступені склалася пад уплывам суседніх паўночных і ўсходніх гаворак, распаўсюджаных у межах Маскоўскай дзяржавы. Тут пачалі фарміравацца гаворкі велікарускай мовы. Ва ўсходніх раёнах Беларусі разам з мяккім “д”, з’явілася і цвёрдае “д”, а дзе-нідзе і “оканне”. У паўднёвай зоне вялікі ўплыў на беларускую мову зрабіла ўкраінская мова.

Такім чынам, у другой палове ХVІ – ХVІІ ст. сфарміравалася агульная назва ўсходняй і цэнтральнай часткі беларускай этнічнай тэрыторыі – “Белая Русь” і агульная назва (этнонім) яе жыхароў – беларусы. Прыкладна ў гэты ж час уся этнічная тэрыторыя ўсходнеславянскага насельніцтва Маскоўскай дзяржавы (у тым ліку Пскоўшчына, Цвярскі край, Смаленшчына) стала называцца Вялікай Руссю ці Расіяй.

Заходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі доўгі час называлі “Чорная Русь”. Паводле звестак В.М. Тацішчава, граніца Чорнай Русі на поўначы даходзіла да р. Віллі, на ўсходзе – прыкладна да Бярэзіны, на поўдні – да Прыпяці, на захадзе – да Буга. Назва “Чорная Русь” у айчынных крыніцах упамінаецца не раней апошняй чвэрці ХІІІ ст. (1284). Першапачаткова гэта назва не адносілася да заходняй часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так называлася частка тэрыторыі сучаснай Украіны, тагачасная Галіцкая зямля. У заходнееўрапейскіх пісьмовых помніках назва “Чорная Русь” сустракаецца не раней ХІV – ХV стст. і ўжываецца для абазначэння самых заходніх зямель Русі, якія гранічылі з Лівоніяй, Літвой і Польшчай.

Як назва заходняй часткі беларускай этнічнай тэрыторыі (у прыватнасці, Беларускага Панямоння) тэрмін “Чорная Русь” пачынае замацоўвацца ў канцы ХVІ – ХVІІ ст. Як сцвярджае В.М. Тацішчаў, назва “Чорная Русь” для абазначэння заходняй часткі сучаснай Беларусі сустракаецца ў граматах цара Аляксея Міхайлавіча пасля таго, як ён авалодаў часткай Рэчы Паспалітай. У граматах Аляксей Міхайлавіч называецца “гасударам усёй Вялікай, Малой, Белай, Чорнай і Чырвонай Русі”.

Назва заходняй беларускай этнічнай тэрыторыі “Чорная Русь” тлумачыцца парознаму. Часцей за ўсё яе разглядалі як супрацьпастаўленне назве “Белая Русь”. Некаторыя вучоныя (С. Салаўёў) лічылі, што першапачаткова назва “Чорная Русь” абазначала залежную тэрыторыю. Чорны колер разглядаецца прыхільнікамі гэтай канцэпцыі як сімвал залежнасці, белы – як сімвал самастойнасці. У адносінах да Беларускага Панямоння такое тлумачэнне нельга прызнаць абгрунтаваным. Назва гэтага краю “Чорная Русь” замацавалася тады, калі ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўжо знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым і Рэчы Паспалітай, і з палітычнага пункту погляду значнай розніцы паміж заходняй і ўсходняй часткамі гэтых тэрыторый не было.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што з’яўленне назвы “Чорная Русь” выклікана тым, што для Верхняга Панямоння было характэрна язычніцтва, а для Падняпроўя – хрысціянства. Але і з такім пунктам погляду нельга поўнасцю пагадзіцца таму, што ў перыяд замацавання гэтага тэрміна амаль ўсё насельніцтва, як усходнеславянскае, так і балцкае было ўжо хрысціянскім. Хрысціянскія цэрквы ў гарадах Верхняга Панямоння былі пабудаваны не пазней, чым у гарадах сучаснага Беларускага Падняпроўя. Што датычыцца некаторых груп нехрысціянскага, язычніцкага балцкага насельніцтва, якое пражывала ў Верхнім Панямонні, то Руссю яно не называлася. Для іх наймення ўжываўся іншы тэрмін – “Літва”.

Нельга пагадзіцца з думкай польскага этнолага Яна Быстраня аб тым, што назву “Чорная Русь” Верхняе Панямонне атрымала ад цёмнага (чорнага) колеру скураных лапцей, якія насілі тутэйшыя жыхары. Наўрад ці такая незначная акалічнасць магла стаць падставай для вызначэння назвы цэлага рэгіёна.

Заслугоўвае ўвагі наступнае тлумачэнне гэтай назвы. Назва “Чорная Русь” была дадзена балтамі. Згодна з балцкай традыцыяй, чорны колер сімвалізуе Захад, а белы – Усход. У сувязі з гэтай традыцыяй самую заходнюю частку Русі, г. зн. Верхняе Панямонне, сталі называць Чорнай Руссю, а ўсходнюю, г. зн. Падняпроўе, – Белай Руссю. Першапачаткова гэтыя назвы абазначалі геаграфічныя напрамкі. З цягам часу яны сталі азначаць два арэалы беларускай этнічнай тэрыторыі і сімвалізаваць этнаграфічныя асаблівасці паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі.

З канца ХVІІІ ст. са знікненнем Вялікага княства Літоўскага і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі назва “Чорная Русь” паступова выходзіла з ужытку, а назва “Белая Русь” распаўсюджвалася на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю. Прычым гэта назва набывала ў рускай мове сваю заходнееўрапейскую форму – “Белоруссия”. У беларускай мове захоўвалася старая ўсходнеславянская форма гэтай назвы. Яна стала вымаўляцца і пісацца разам – “Беларусь”.

Разам з тым за заходняй часткай сучаснай Беларусі доўгі час захоўвалася яшчэ адна назва – “Літва”, а за яе жыхарамі – назва “ліцвіны”. Вядома, што ў XI – XIII стст. усходняя частка сучаснай Літвы, дзе сёння знаходзіцца Вільнюс, называлася Аўкштайціяй, а заходняя, дзе сёння размяшчаецца Каўнас, – Жэмайціяй. Літва ў XI – XIII стст., як лічаць некаторыя даследчыкі, знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі – паміж Мінскам і Новагародкам. Пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы дзяржавы з Новагародка ў Вільню (каля 1323 – 1326 гг.) назва “Літва” з Верхняга Панямоння пачала паступова распаўсюджвацца на тэрыторыю Аўкшайціі і Жэмайціі і замацоўвацца за імі. Працэс замацавання назвы “Літва” за тэрыторыяй сучаснай Літвы завяршыўся прыкладна ў XVI ст.

Адначасова яшчэ цэлыя стагоддзі “Літвой” працягваў называцца заходні рэгіён сучаснай Беларусі. У Магілёўскай хроніцы пад 1695 г. гаворыцца аб тым, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Мінска і Слуцка. Дзекабрыст А. Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага раёна, даў у Пецярбург такі свой адрас: “Литва, д. Выганичи, в 40 верстах от Минска”. А. Міцкевіч (1798 – 1855), які нарадзіўся каля Навагрудка, сваю айчыну называў Літвой (“Litwo! Ojczyzno moja!”). Ураджэнец Гродзеншчыны К. Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60я гады ХІХ ст., як правіла, называў родны край Літвой.

У ХІХ ст. яшчэ афіцыйна захоўваўся падзел беларускай этнічнай тэрыторыі на Беларусь і Літву, беларускія і літоўскія губерні. Аўтары “Жывапіснай Расіі” (1882 г.) да беларускіх губерняў адносілі Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую і Смаленскую губерні, да літоўскіх губерняў – Гродзенскую, Віленскую і Ковенскую губерні. Яшчэ ў сакавіку 1918 г., калі падпісваўся дагавор паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, сучасны Брэст меў назву “Брэст-Літоўскі”. І толькі ў першай палове ХХ ст. назва “Беларусь” распаўсюдзілася на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю, а ранейшая назва “Літва” канчаткова замацавалася за тэрыторыяй літоўскіх правінцый Аўкштайціі і Жэмайціі і выйшла з ужытку ў дачыненні да беларускай этнічнай тэрыторыі.

Такім чынам, на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. тэрмін “Белая Русь” пашырыўся на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю і набыў сучаснае гучанне – “Беларусь”.

 

NB. На думку сучасных беларускіх гісторыкаў (Алесь Белы, Вячаслаў Насевіч) падзяленне тэрыторыі Русі на Белую, Чырвоную і Чорную – штучнае і не было уласціва самім усходнім славянам, пакуль да іх у 16 – 17 ст. шырако не пранікла заходнееўрапейская адукаванасць. Гэта думка прыведзена ў 2-ж томнай Энцыклапедыі Вялікага Княства Літоўскага (Мінск, 2007). Там жа узгадваецца пра тое, што гэтыя назвы упершыню узгадваюцца менавіта у заходнееўрапейскіх хроніках і картах (немецкамоўная хроніка Венгрыі Генрыха Мюгельна, 1360 г., карта фра Маўра, 1459 г.).

Тэрміны “Белая Русь”, “Чорная Русь” і “Чырвоная Русь” не можа лічыцца спадчынай уласна славянскіх уяўленняў. Назва “Белая Русь”, якая з’явілася першай, ніколі не была аўтэнтычнай назвай Падзвіння і Падняпроў’я, як і “Чорная Русь” – Верхняга Панямоння. Пры гэтым тэрміны “Чорная Русь” і “Чырврная Русь” узнікла амаль адначасова і працяглы час канкурыравалі за права абазначаць адны і тыя ж тэрыторыі (Вярх. Панямонне, Валынская і Галіцкія землі).

У Расійскай імперыі тэрмін “Белая Русь” шырако выкарыстоўваліся у палітычных мэтах (як неад’емлімая частка трыадзінай Русі – афіцыйнымі коламі, а таксама патрыетамі Рэчы Паспалітай – як сімвал края, які уваходзіць у яе склад і, такім чынам, належыць да еурапейскай цывілізацыі).

Назва “Беларусь” упершыню стала выкарыстоўвацца дзеячамі беларус. патрыятычнага руху (Ф. Багушэвіч) з 1890-х гг. як назва усей краіны, якая з цягам часу стане незалежнай Рэспублікай Беларусь.

Што ж датычыцца самаго тэрміна ”Русь” (упершыню зафіксаваны у 839 г., калі група “варагаў” (шведаў) назвала сабе пры двары германскага імператара пасламі “кагана Русі”), то наіболее верагоднай лічыцца наступная гіпотэза. Гэта слова прыйшло да славян ад фіннаў, якія словам “ruotsi” (весляры) называлі шведскія гандлева-рабаўнічыя атрады. У славянскіх землях гэтым словам сталі называць змешаную славяна-скандынаўскую праслойку, якая кантралярала гандаль рабамі і інш. Таварамі з Візантыей, хазарыей і Арабскім халіфатам, а потым падпарадкавала племянные княствы і узначаліла стварэнне дзяржавы – Кіеўскай Русі.

 

 

Прыкладныя тэмы рэфератаў:

1. Паходжанне наймення “Белая Русь”, “Беларусь”.

2. Сутнасць канцэпцыі М.Ф. Піліпенкі аб узнікненні беларускага этнасу.