Разуменне карпускулярна--хвалевага дуалізма ў святле канцэпцыі самаруху. 1 страница

ФІЛАСОФІЯ І ЯЕ СУТНАСЦЬ

"Хай ніхто ў маладыя гады не адкладвае заняткі філасофіяй,

а ў старасці каб ніхто не стамляўся захапляцца ёй"

Э П І К У Р.

Тэрмін філасофія паходзіць са старажытнагрэцкай мовы і ў перакладзе азначае любоў да мудрасці, дзе філіо -- любоў, сафія -- мудрасць. Аўтарства тэрміна "філасофія" прыпісваецца Піфагору, які і з’яўляецца яе пачынальнікам. Філасофія ўзнікае ў грэчаскім рабаўладальніцкім полісе ў той час калі адбываецца падзел грамадскай працы на фізічную і разумовую. Менавіта, ў межах апошняй паступова ўзнікае група людзей, асноўным заняткам якіх была філасофія.

Эвалюцыя філасофіі.

Эпікур, прыводзіў тры аналогіі, якія вобразна ўяўлялі будову філасофіі. Ён параўноўваў яе з садам, у якім дрэвы і расліны- гэта фізіка; плады-- этыка; моцная і трывалая агароджа -- логіка. Менавіта з філасофіі ў пазнейшыя часы ўзнікаюць выключна ўсе навукі. Першай навукай, якая адасобілася ад філасофіі была медыцына. І гэта было звязана з тым, што філасофія з яе абстрактнасцю была не ў стане лякаваць чалавечае цела. Негледзячы на аддзяленне медыцыны ад філасофіі шчыльная сувязь паміж імі існуе і па сённяшні дзень. Медыцына ўспрымае чалавека толькі як пацыента, робіць яму дыягностыку, лякаванне і г. д., а адказ на пытанне, што такое “чалавек” выконваецца толькі праз філасофскія развагі. Таксама ў антычнасці вылучылася юрыспрудэнцыя, якая развязвае пытанні сям’і, дзяржавы, правоў і абавязкаў грамадзяніна, а філасофія дае тлумачэнні абстрактнага характару, накшталт: што такое сям’я, грамадзянін, уласнасць, дзяржава, абавязак, у цэлым. З узнікненнем механікі (16--18)ст. адбываецца масавае адасабленне ўсіх навук ад філасофіі. Праўда, І. Ньютан (1643-1727), як стваральнік класічнай і нябеснай механікі лічыў, што яна не з’яўляецца навукай, а толькі звычайным раздзелам філасофіі. На мяжы 19 і 20ст.ст. ўсе раздзелы філасофіі атрымалі статус самастойных навук, але пры гэтым яны і зараз утрымліваюць сувязь з філасофіяй. Ва ўласна філасофіі засталіся: гісторыя філасофіі, логіка, этыка, эстэтыка, філасофія рэлігіі.

Узаемаадносіны філасофіі і прыватных навук.

Сувязь філасофіі з прыватнымі навукамі працягвае існаваць і на сённяшні дзень. Справа ў тым, што любая навука аперыруе цэлай сістэмай абстрактных паняццяў кшталту: лік, слова, форма, час, чалавек, космас, энэргія і г. д., а яны з’яўляюцца нічым іншым як філасофскімі паняццямі. Напрыклад, адносіны паміж філасофіяй і фізікай выяўляецца па схеме: філасофія здольна даваць тлумачэнне тэрміну “энэргія” у выключнай абстрактнасці, ў цэлым, а фізіка і спецыяльныя навукі спрабуюць ўдакладніць тэрмін “энэргія” ў нейкіх формулах, прынцыпах, правілах, тэорыях якія з’яўляюцца характэрнымі для таго ці іншага часу, ў той ці іншай сферы.

І на сёння вядуцца спрэчкі аб адносінах паміж філасофіяй і навукай:

1)філасофія ўключае ў сябе навуку. Гэта ўласціва Антычнасці, калі ўсе навукі з’яўляліся пэўнымі раздзеламі філасофіі.

2)філасофія ўваходзіць ў склад навукі. Напрыклад, нэапазітывізм, які сцвярджае, што філасофія павінна толькі даваць тлумачэнні навуковым адкрыццям; фенаменалогія, разглядае філасофію як выключна дакладную навуку кшталту фізікі, матэматыкі і г. д.

3)філасофія і навука – гэта розныя, але часткова супадаючыя веды. Філасофія хоць і адрозніваецца ад навукі, але яны ўтрымлівае “навукападобнасць” Напрыклад, філасофскія праблемы фізікі, хіміі, астраноміі. Адначасова частка філасофскіх ведаў не ўваходзіць ў склад навукі і існуе толькі як вольныя развагі, показкі, афарызмы, дыскурс і г.д.

4)філасофія і навука ніколі не супадаюць паміж сабой. філасофія не з’яўляецца навукай, а яна ёсць “больш чым навука”. Тут лічыцца што філасофія асэнсоўваючы навуковыя дасягненні, прырошчвае і ўзмацняе іх сілай і глыбінёй абстракцый, якіх не здольна здабываць навука.

У сучасны момант найбольш прызнаецца апошні варыянт, у якім сцвярджаецца што і філасофіяі навука з’яўляюццарацыянальнымі формамі пазнанняпрыроды і чалавека. Філасофія ўключае факты з навукі ў шырокі кантэкст культурнага, гістарычнага і сацыяльнага развіцця. Яна спрыяе гуманізацыі грамадства і навукі і іх маральнасці.

Прадмет філасофіі, геаграфічны аспект у яе развіцці.

Філасофія - гэта сістэма агульных,поглядаўна сусвет у цэлым, началавека і на ягонае месца ў гісторыі, ў прасторы і ў часе.У метафарычным плане філасофія азначаецца як "нічыйная зямля рзмешчаная паміж рэлігіяй і навукай, якія атакуюць яе з супрацьлеглых бакоў, але ніколі не імкнуцца знішчыць гэтую зямлю, ў сілу таго што яны сілкуюцца з яе, ўзмацняюцца ад яе."

Еўрапейская традыцыя лічыць што існуюць тры сусветныя цэнтры узнікнення філасофіі:

Кітайская філасофія існуе толькі ў двуадзінству з рэлігіяй. Адсюль праблематычна вызначыць, ці з'яўляецца канфуцыянства філасофіяй ці рэлігіяй, так як у ім ў якасці культавага элемента рэлігіі прызнаюцца імператарскія дынастыі, як стваральнікі гісторыі Кітая г.зн. нават палітычная улада абагаўляецца. А з другога боку канфуцыянствам адмаўляецца безсмяротнасць душы, (што неўласціва для рэлігіі) а пагэтаму і прыроду і зямноё жыццё і смерць чалавека яно разглядае не з рэлігійнага а з рацыянальна- філасофскіх падыходаў.

Індыйская філасофія.(усходняя, ягіпецка--індыйская) прызнае што пачуццёвасць ўзвышаецца над рацыянальнасцю (розумам). Прадметы, прыроду, чалавека нельга зразумець розумам ці лагічна прааналізаваць, а іх можна толькі адчуваць (асабліва ў філасофіі іёгі).

Еўрапейская філасофія пачынаецца з антычнай Грэцыі і Рыма і існуе самастойна без рэлігіі. Выключэннем з’ўляецца толькі філасофія нэатамізму, як афіцыйнай дактрыны каталіцкай царквы. У нэатамізме спалучаюцца хрысціянскія каштоўнасці з палажэннямі філасофіі Арыстоцеля (384-322 да н. э.), якія дзівосным чынам аформіў сярэдневяковы філосаф – схаласт 12ст. Тамаза Аквінат (Фама Аквінскі). У еўрапейскай філасофі галоўным прызнаецца сіла чалавечага розуму, ягонай разважлівасці, выкарыстоўваюцца лагічныя законы і правілы у пытаннях пошукаў ісціны. Таксама не адмаўляецца роля і значэнне пачуццёвасці ( зрокавай, слыхавай і г. д.) як асновы чалавечага інтэлекта і пазнання.

СТРУКТУРА ФІЛАСОФІІ.

Незалежна ад геаграфічнай прыналежнасці любая філасофія мае наступную структуру:

1)анталогія.( з ст. грэч.:слова аб быцці; вучэнне аб існаванні). Тут разглядаюцца пытанні існавання ці неіснавання прадметаў, чалавека, сусвету; асэнсоўваюцца палажэнні ці існуе чалавек і сусвет вечна, ці часова , ці ёсць ў іх развіццё, а калі ёсць то куды яно скіравана , ці маюць яны сваіх творцаў. Анталогія ставіць пытанні накшталт: што такое жыццё, смерць, прастора, час, космас, прырода, бог, душа, энэргія і г. д.

2)гнасіялогія.(гнэзіс у пер.з ст.грэч.-- веды; пазнанне, разуменне). Яна асэнсоўвае магчымасці чалавечага пазнання г. зн. ці здольны чалавек пазнаваць, вывучаць, даследаваць прадметы, космас, іншага чалавека, сваё уласнае “Я”. Нямецкі філосаф 18ст. Імануіл Кант прынцыпова адмаўляў здольнасць чалавека да пазнання. Прыкладна на такіх пазіцыях знаходзіўся і англійскі філосаф 18ст. Дэвід Юм. Такія філосафы называюцца агностыкамі, а філасофскі падыход -агнастыцызм ( гнэзіс--веды --"а" адмаўленне ведаў), г. зн. немагчымасць пазнання.

3)філасофская антрапалогія (антропас--чалавек; логас--слова; вучэнне аб чалавеку). Тут даследуецца сутнасць чалавек; мэты і задачы чалавека, грамадства, дзяржавы ў гісторыі.

4)аксіялогія (духоўныя каштоўнасці). Гэта катэгорыі этычнага і эстэтычнага кшталту: шчасце, свабода, справядлівасць, каханне, адказнасць г. зн.пытанні звязаныя з духоўнасцю чалавека.

5)праксіялогія (практыка).Тут з пазіцый філасофіі асэнсоўваецца практычнае жыццё чалавека, грамадства; адносіны паміж эпохамі, культурамі, народамі, цывілізацыямі.

Асноўнае пытанне філасофіі

Яно афармлялася гістарычна і ў ім рабіліся спробы вызначыць, што з’яўляецца першасным: матэрыяльнае ці ідэальнае? г. зн.матэрыя (прырода) ці наадварот ідэя, дух (думкі, свядомасць).

Варыянты адказаў на першы бок асноўнага пытання філасофіі:

1)манізм (монас з грэч.--адзін, адзінкавы)-- філасофская канцэпцыя, ў якой ў якасці першаснага прызнаецца штосці адно: ці ідэальнае ці матэрыяльнае. Піфагор лічыў, што ў якасці першаснага, а значыць і ў якасці першастваральнай сілы выступаюць лікі (1,2.3 і г. д.) як нешта ідэальнае, як штосці фізічна неіснуючае. І, наадварот, Дэмакрыт прызнаваў што атамы, як фізічныя субстанцыі, з’яўляюцца першаснымі і з іх складаецца ўвесь прадметны свет.

2)дуалізм (дуа ў пер. з лац.—два). Тут у якасці першаснага дапускаецца адначасовае прызнанне і матэрыяльнага і ідэальнага. Тыповым прадстаўніком дуалізма з’яўляецца французскі філосаф і матэматык Рэнэ Дэкарт (1596-1650г.г.), згодна якога ўзорам дуалістычнасці выступае чалавек з ягонай душой і целам.

3)плюралізм (з лац. шматлікасць, множнасць) прызнае, акрамя матэрыяльнага ці ідэальнага, мноства іншых самастойных першапачаткаў. Эўрыстычная аснова плюралізма - нетрывіяльны пагляд на сусвет, як на нелінейнае і нестацыянарнае ўтварэнне.

МАТЭРЫЯЛІЗМ І ІДЭАЛІЗМ.

Любая філасофія, яе раздзелы, палажэнні, адносяцца да матэрыялізма ці да ідэалізма.

1)матэрыялізм (матэрыя ў пер. з ст.грэч.-- рэчыва) -- прызнае першаснасць матэрыі, прыроды, а ўсё ідэальнае (свядомасць, дух, чалавечыя думкі, пачуцці) разглядае як штосці другаснае, створанае, народжанае матэрыяльным. Ён адстойвае, што чалавечая думка, як ідэальнае ўтварэнне, не можа існаваць сама па сабе, без чалавека як носьбіта гэтай думкі. Матэрыялізм, як правіла, адмаўляе бога, і лічыць што прыроду ніхто не стварае і што яна існуе сама сабой.

матэрыялізм бывае:

а)стыхійны. (наіўны) Тут ў якасці першаснага прызнаецца пэўная прыродная стыхія, якая і з'яўляецца першапрычынай усяго існуючага. У антычнасці ў якасці першастыхій прызнаваліся: зямля, агонь, вада, паветра .Тыповыя прадстаўнікі: мілецкія (іянійскія) філосафы.

б)метафізічны.(да 18ст. тэрміны філасофія і метафізіка выкарыстоўваліся як сінонімы) У перакладзе з грэч. метафізіка -- ўсё тое, што знаходзіцца пасля фізікі. А так як фізіка разглядае ўсе прадметы, працэсы і з'явы дынамічна г. зн. ў развіцці і зменлівасці, то метафізіка, наадварот, разглядае ўсё статычна, толькі ў плане пакою, чым адмаўляе прынцып развіцця. Метафізічны матэрыялізм калі і дапускае развіццё то толькі, як нейкую цыклічнасціь. Напрыклад, метафізічная канцэпцыя катастрафізма дапускае што сусвет, прырода, чалавек з'яўляюцца нязменнымі, а калі і развіваюцца, то толькі цыклічна і кожны цыкл завяршаецца нейкай катастрофай, пасля чаго пачынаецца новы цыкл, як паўторнасць папярэдняга.

в)гістарычны і дыялектычны -- гэта марксісцкая філасофія ў якой лічыцца, што асноўным ў развіцці і прыроды і чалавека з'яўляюцца супярэчнасці і супрацьлегласці паміж прыроднымі ці грамадскімі сіламі. Згодна марксізма і ў сусвета у цэлым, і ў чалавека ёсць пэўныя ўзаемавыключныя крайнасці:поўдзень--поўнач; холад--цяпло; жыццё--смерць; дабро--ліха і г. д., а ў чалавечай гісторыі барацьба паміж антаганістчнымі (супрацьлеглымі) класамі.

2) ідэалізм (ідэя з ст.гр. – думка, штосці нематэрыяльнае) прызнае першаснасць духу, ідэі, думкі, свядомасці ў цэлым, а прыроду, чалавека, матэрыю ў цэлым лічыць другаснымі, вытворнымі, залежнымі ад духоўнага, ад ідэальнага. Усё матэрыяльнае само па сабе ўзнікаць і існаваць не можа, а ствараецца і падтрымліваецца нейкай ідэальнай сілай.

Ідэалізм бывае:

а)аб'ектыўны ідэалізм (аб'ект у пер. з лац.-- аснова; прадмет) Ён прызнае ў якасці першаснага штосці ідэальнае , якое існуе рэальна і незалежна ад чалавека (лікі, ідэі, формы і.г.д.) Піфагор, Платон, Гегель, адпаведна прызнавалі у якасці першаснага лікі, ідэю, абсалютную ідэю, якія існуюць незалежна ад чалавека. Гэта стварае бачнасць падабенства аб'ектыўнага ідэалізма да рэлігіі, але гэта не рэлігія, а толькі філасофскі напрамак.

б)суб'ектыўны ідэалізм (суб'ект у перакл. з лац.--індывідуальнае, непаўторна існуючае). Тут у якасці першаснага прызнаюцца непаўторныя погляды, думкі, пачуцці "Я"(суб’екта) праз якія успрымаецца ўсё існуючае: і сусвет і прадметы, і іншы чалавек, і свая самасць. Пагэтаму і ў прыродзе і ў грамадстве і ў чалавека нічога аб’ектыўнага няма, а ёсць толькі суб’ектыўныя погляды адносна іх. Атрымліваецца што са смерцю"Я" для яго памірае ўсё існуючае: сусвет, прадметы, людзі. Вяршыняй суб'ектыўнага ідэалізма з'яўляецца філасофія Джорджа Бэрклі(1685--1753). Суб'ектыўны ідэалізм заўсёды непасдядоўны і ў лагічна завершанай форме, як правіла, не існуе. У тым выпадку калі ён даводзіцца да лагічнага завяршэння, то ён прымае форму саліпсізма г. зн.прызнаецца, што акрамя суб'екта(чалавека), акрамя "Я" нічога не існуе. Вытанчанасць суб'ектыўнага ідэалізма, праяўляецца ў глыбокай устаноўцы: быццё па-за "Я" ёсць нішто іншае як нейкае дапушчэнне, ў якое трэба паверыць.

СВЕТАПОГЛЯД, ЯГО СТРУКТУРА І АСНОЎНЫЯ ТЫПЫ.

Светапогляд - гэта сістэма абагуленых уяўленняў на сусвет і месца якое ў ім займае чалавек. Існуюць наступныя тыпы светапогляду:

1)міфалагічны.(міф-- у пер.з ст.грэч-- паданне.) У міфах робіцца спроба адказаць на пытанні аб паходжанні сусвету, жыцця, адзінства прыроды і чалавека. Тут, ўсе прыродныя і сацыяльныя з'явы тлумачацца з пазіцый чалавека, які яшчэ знаходзіўся на ранніх прыступках грамадзскага развіцця.У межах міфалогіі пачынаюць афармляцца элементы рэлігіі. Асноўным элементам міфалагічнага светапогляду выступаюць ўяўленні.

2)рэлігійны. Ён узнікае на адносна высокім узроўні развіцця грамадства У адрозненні ад міфалогіі, рэлігія не толькі прызнае існаванне звышнатуральных сіл, але і прызнае панаванне іх над чалавекам. Рэлігія раздвойвае свет на зямны, які ўспрымаецца пачуццямі і нябесны які спасцігаецца верай. Асноўным элементам рэлігіі выступае вера.

3)філасофскі. Тут, прырода, грамадства, чалавек, міфалогія, рэлігія робяцца прадметам лагічнага аналізу. Асноўным у філасофіі выступае розум у сукупнасці з уяўленнямі (гэта ад міфалогіі) і верай(гэта ад рэлігіі)

4)штодзённы (эмпірычны, звычайны). Ён прысутнічае ў практычным вопыце чалавека і дапамагае яму больш -- меньш правільна арыентавацца ў штодзённасці. Праўда, ён адчувае цяжкасці, пры сутыкненні з складанымі праблемамі. Напрыклад, чалавек у штодзённым жыцці верыць у тое, што сонца ўзыходзіць і заходзіць. Пры такім поглядзе немагчыма зразумець ўсю складанасць астранамічнага малюнку свету.

філасофскія моманты разумення і тлумачэння сусвету.

Філасофскае светаадчуванне, можна выразіць у двух момантах:

момант ўсеагульнага здзіўлення. Менавіта са здзіўлення пачынаюць ўзнікаць пытанні, якія і з'яўляюцца пачаткам пазнання. Усё незразумелае, невядомае, што ўтрымліваецца ў гэтым здзіўленні, неабходна разгадаць і такім чынам адказаць на ўзнікаючыя пытанні.

момант ўсеагульнай крытычнасці. Чалавек на пытанне заўсёды стварае некалькі адказаў, да якіх можна ставіцца крытычна ці некрытычна. Але, нават, калі і існуе некрытычнасць, то гэта не значыць, што ў далейшым да гэтага адказу не будуць ставіцца крытычна, ці наадварот.

формы філасофскай праблематыкі.

1)космацэнтрызм- разуменне сусвету, як нечага суцэльнага, а чалавек разглядаецца як касмічная часцінка якой, як і ўсяму космасу, ўласціва прыгажосць, таямнічасць і гармонія. 2)антропацэнтрызм (антропас--з ст.гр. чалавек); прызнае што чалавек з'яўляецца цэнтрам космасу, і з пазіцый чалавечых поглядаў, адукаванасці, гістарычнага часу робяцца спробы пратлумачыць ўсе прыродныя і духоўныя з'явы. Прызнаецца, напрыклад, што прыгажосць і загадкавасць існуюць ў космасе толькі таму, што яны прысутнічаюць ў думках, поглядах чалавека, у ягоным целе, ў гармоніі розума і душы.

3)тэацэнтрызм (тэос--з ст.гр. - бог); стваральнікам сусвету прызнаецца Бог, як першапрычына усяго існуючага і неіснуючага, Значыць, прырода і чалавек-- гэта божае тварэнне, божы вынік.

ФУНКЦЫІ ФІЛАСОФІІ.

1) светапоглядная. Ні адна навука не здольна выконваць гэтую функцыю ў поўным аб’ёме, так як усе навукі разглядаюць толькі нейкі абмежаваны бок рэальнасці ці асобны прадмет, і не ў стане ахапіць сусвет у ягоным адзінству, суцэльнасці і супярэчнасці і толькі філасофія выконвае гэтую функцыю. Разглядаючы ці сусвет у цэлым, ці асобную з’яву, філасофія адкідвае ўсе прыватнасці і падрабязнасці і вылучае ў іх толькі найбольш агульнае і істотнае.

2)пазнавальная. Гэтая функцыя спрыяе адказу на пытанне ці здольны чалавек пры дапамозе розума ці пачуццяў(зроку,слыху..) пазнаваць прадметы і сусвет у цэлым. Гэта тэарэтычна-пазнавальнае пытанне дзеліць ўсіх філосафаў на г.зв.гнасіялагічных аптымістаў, якія не сумняваюцца ў магчымасцях чалавечага пазнання і на агностыкаў.

3)метадалагічная. Філасофія для даследвання і ўспрыняцця прадметаў, з’яваў, прыроды, сусвету ў цэлым прапаноўвае два метады: метафізічны, які адмаўляе развіццё і абсалютызуе статыку; дыялектычны, які прызнае дынаміку развіцця, зменлівасць і супярэчнасць.

4)інтэгратыўная. Поруч з аддзяленнем навук ад філасофіі і іх дыферэнцыацыяй існуе і супрацьлеглая тэндэнцыя: імкненне разрозненных ведаў да інтэграцыі дзеля лепшага вывучэння сацыяльных і прыродных аб'ектаў. Узорам навуковай інтэграцыі выступае, напрыклад, матэматычная логіка, фізічная геаграфія, сацыяльная біялогія і г. д. Менавіта філасофія спрыяе гэтай інтэграцыі, так як яна абагульняе высновы ўсіх прыватных навук.

5)аксіялагічная - маральныя і эстэтычныя каштоўнасці, якія ў абагуленай форме філасофія прапаноўвае чалавеку. Напрыклад, разуменне свабоды, шчасця, ісціны, прыгажосці.

ФІЛАСОФІЯ ТРАДЫЦЫЙНЫХ ГРАМАДСТВАЎ.

Традыцыйнымі грамадствамі лічацца тыя супольнасці якія пакінулі пасля сябе вялікую філасофскую спадчыну. У Еўропе гэта антычная Грэцыя і Рым, якія ў значнай ступені і прадвызначылі развіццё еўрапейскай цывілізацыі. Асноўная стаўка рабілася тут не на рэлігію, а на сілу чалавечага розума, на ягоную аналітычнасць і разважлівасць. Прынята лічыць, што еўрапейская філасофія пачынаецца са спадчыны Піфагора (выспа Самос 2--я пал.VI-пач.Vст.д.н.э.) якому і прыпісваецца аўтарства тэрміна "філасофія". Піфагарэізм ўяўляе з сябе самы ранні варыянт аб’ектыўнага ідэалізма. Цэнтральным паняццем у філасофіі Піфагора прызнаюцца лікі, якія існуюць аб'ектыўна і рэальна г. зн. іх ніхто і нішто не стварае. Сярод мноства лікаў выдзяляюцца дзесяць першых, пачынаючы ад 0 да 9, якія з'яўляюцца самадастатковымі. Гэта і ёсць ідэальны, першасны пачатак быцця, які існуе вечна і рэальна. У сваю чаргу лікі (ўключна ад 0 да 9) ствараюць ўсе лікі пачынаючы з ліку 10 і гэтым самым твораць ўвесь бясконцы лікавы шэраг, а ён стварае літаральна ўсё матэрыяльнае і духоўнае. Палажэнне Піфагора: "усё ёсць лікі", азначае што ўсе прадметы, ўсе прыродныя і духоўныя працэсы і з'явы ствараюцца лікамі. З гэтага вынікаюць чатыры моманты ў разуменні лікаў:

1)арыфметычнае: лікі выражаюць сутнасць любога прадмета, і прытым чым меншы лік, тым больш глыбінны пласт быцця ён выражае. Напрыклад, адзінкавы прадмет ці адзін чалавек утрымлівае значна болей непаўторных, індывідуальных характарыстык (інфармацый), чым цэлая сукупнасць тых самых прадметаў ці людзей. Немагчыма нават уявіць які-небудзь прадмет, які здольны заявіць аб сваім існаванні па-за якім-небудзь лікам ( па- за вагой, аб'ёмам, часам, памерамі, а ўсё гэта і выражаюцца праз лікі). Значыць, ствараючы прадметы, толькі лікі і з'яўляюцца сапраўдным быццём. Сапраўднасць быцця лікаў вынікае з таго, што яны заўсёды нязменныя, (ва ўсіх выпадках 2+2 = 4), а пагэтаму толькі лікі надзелены рэальным існаваннем і вечнасцю. Несапраўднае быццё -- гэта ўсе прадметы і з'явы і ўсе яны створаны лікамі, а значыць прадметы, людзі, прыродныя з'явы і працэсы маюць момант свайго нараджэння і смерці, а значыць яны нявечныя, а калі так то яны несапраўдныя і неісцінныя.

2)геаметрычнае: піфагарыйцы кіраваліся прынцыпам: "умець тлумачыць ўсё геаметрыяй". Толькі пры дапамозе лікаў можна зразумець як з бязмежнай прасторы ўтвараюцца абмежаваныя прадметы і вобразы пэўнай формы г. зн. лікі абмяжоўваюць бязмежную прастору ці вечны час, чым і твораць абмежаваныя і часовыя прадметы і з'явы ў рэальнасці.

3)фізічнае: лікі заўсёды-- ідэальныя ўтварэнні, але тым не менш першыя 10 лікаў маюць параметры фізічных прадметаў. Піфагарыйцы ўяўлялі 0 як нішто; 1- кропка; 2- лінія; 3-плоскасць і г. д. Менавіта лікі 1, 2 ,3 ствараюць існаванне рэальных кропак, ліній,плоскасцей і якія ў сваю чаргу твораць ўсе прадметы, працэсы і з’явы.

4)тэалагічнае: (тэос – бог) лікі, як носьбіты пэўнай таямнічасці, ствараюць ўсе прадметы, ўсе прыродныя з'явы, тым самым закладваюць ў іх нейкі прыхаваны, неразгаданы, містычны змест.

Самымі галоўнымі, стваральнымі і таямнічымі выступаюць лікі дэкады, як сумы першых чатырох лікаў 1+2+3+4=10. Лікі дэкады народжваюць ўсе іншыя лікі. Сусвет мае пад сабою дэкадычную аснову, а сама дэкада існуе вечна, дзякуючы сваім асноўным лікам: 1, 7, 10.

лік1 пераводзіць ўсё неіснуючае ў існуючае і наадварот усё існуючае ў неіснуючае, ( пераводзіць нежыццё ў жыццё і жыццё ў нежыццё) так як усё пачынаецца з ліку адзін. Таксама лік адзін стварае кожнае імгненне ў існаванні ці неіснаванні прадмета. Адзінка, дзякуючы сваёй стабільнасці і нязменнасці, з'яўляецца стваральнікам лікавага шэрагу і ёсць ўсюдыпрысутнай, так як яна знаходзіцца ва ўсіх без выключэння ліках. А значыць адзінка з'яўляецца пачаткам нараджэння і пачаткам смерці ўсіх прадметаў.

лік 7 характарызуецца цнатлівасцю (дзявотствам) ў сілу таго, што пры дзяленні ліку 7 на іншы лік ён не народжвае новы лік без астатка, і адначасова пры самаскладанні ён выходзіць за межы дэкады і разбурае яе. Сукупнасць гэтых двух момантаў уласцівы толькі ліку 7 і больш ніякаму іншаму дэкадычнаму ліку. Напрыклад, лік 9 таксама пры самаскладанні разбурае дэкаду, але 9 у межах дэкады дзеліцца на тры без астатку. Лік 5 пры дзяленні не народжвае лік без астатка, але пры самаскладанні ён не разбурае дэкаду, а ўкладваецца ў яе.

лік 10 завяршае дэкаду і сам з'яўляецца дэкадай, а з другога боку лік 10 пры дапамозе ліку 1 стварае аснову для ўзнікнення новай дэкады. Дзякуючы дэкадзе ўсе прадметы і працэсы з'яўляюцца завершанымі і абмежаванымі і ў прасторы і ў часе. Адначасова пры дапамозе ліку 1 узнікае новая дэкада як пачатак і як завяршэнне новых прадметаў, з'яваў і працэсаў.

Разуменне прыгожага. Піфагор дапасоўваў палажэнне "усе прадметы -- ёсць лікі" і да сферы прыгожага. У аснове прыгожага і ў чалавека і ў сусвеце прысутнічаюць геаметрычныя прапорцыі і слыхавыя інтэрвалы, як нейкая "гармонія лікаў". Вывучыць і зразумець сусвет можна толькі праз пазнанне ягонай музыкальна-- лікавай структуры. Піфагарыйцы з'яўляюцца першымі тэарэтыкамі музыкі, якія абгрунтоўвалі, што ўсе музычныя інтэрвалы ёсць суаднясенне лікаў паміж сабой: актава гэта суаднясенне 1 і 2; квінта -- 2 і 3; кварта -- 3 і 4. Акустыка, як прыродная з'ява, існуе дзякуючы суаднясенню (музыкальнасці) лікаў.

МІЛЕЦКАЯ ( ІЯНІЙСКАЯ ) ФІЛАСОФІЯ.

Як ніколі не існавала адзінай старажытнай Грэцыі, як дзяржавы, таксама ніколі не было і адзінай грэчаскай філасофіі: ў кожным полісе была вялікая спецыфіка ў разважаннях на філасофскую праблематыку. У гарадах Мілет і Іонія ў VI – Vст.ст. да н. э. развівалася філасофія стыхійнага ( наіўнага) матэрыялізма, асноўнымі прадстаўнікамі якога былі: Фалес, Анаксімен і Анаксімандр. Мілецкія філосафы займаліся пошукам першарэчываў (першастыхій, першапачаткаў) і ў якасці іх прызнаваліся: зямля, вада, агонь, паветра, з камбінацый якіх узнікаюць ўсе прадметы, у тым ліку і чалавек. Фалес упершыню сфармуляваў думку аб Сусвеце, як аб нязменным цэлым і ў якасці першарэчыва прызнаваў ваду: (ўсё ўзнікае з вады і ў яе ператвараецца; ўсё існуючае ёсьць нішто іншае, як вада). Менавіта колазварот вады – форма існавання і самазберажэння прыроды. Адсюль вынікала, што не бог, а толькі вада, як адна з прыродных стыхій, з’яўляецца першапрычынай існавання ўсёй прыроды. Анаксімандр у трактаце “Аб прыродзе” сцвярджаў, што першарэчывам не можа быць штосці канкрэтнае (напрыклад,вада), так як яно абмежавана і не здольна быць першаасновай для ўсіх рэчаў. Анаксімандр увёў ва ўжытак ідэальнае паняцце апейрон, як безмежны, бясконцы першапачатак, у якім прысутнічае зародак усяго будучага, але пры гэтым апейрон не з’яўляецца прыродным рэчывам. У сваёй вечнасці ён стварае і падтрымлівае існаванне чатырох першастыхій (зямлю, ваду, агонь, паветра), з якіх і ўзнікаюць ўсе прадметы. Ён роўны суме ўсіх чатырох стыхій, але ніколі не зводзіцца ні да адной з іх. Анаксімен не прызнаваў, як ваду так і апейрон, у якасці першастваральных сіл так як першая надзелена відавочнай фізічнасцю (плыўкасць, смак, афарбоўка), а другі толькі ідэальнасцю. Стваральнай сілай валодае толькі паветра, так як яно ўяўляе сабой адначасова і прыроднае (як вада) і ідэальнае (як апейрон) ўтварэнне. Паветра з’яўляецца вечным, неакрэсленым (без колеру, смаку, паху ) і адначасова дынамічным і канкрэтным. Усе прадметы -- ёсьць толькі мадыфікацыі паветра, толькі іх ўсеагульны субстрат. Анаксімен упершыню выказаў думку аб тым , што ўсе целы, ў тым ліку і самыя шчыльныя, маюць порыстую будову. Менавіта, праз нябачныя поры пранікае паветра, якое рэгулюе і разбурае, а значыць і перастварае ўсе прадметы. Заслуга мілецкай філасофіі ў тым, што з гэтага часу на ўвесь сусвет сталі глядзець ні як на бясконцую, безсістэмную колькасць прадметаў, існуючых самастойна, а як на штосці адзінае і суцэльнае. Мілецкя філасофія з'яўляецца ўзорам протафіласофіі(першафіласофіі).

Філасофія Геракліта(520--460г.г.да.н.э.)

Ён паходзіў з горада Эфеса. Ключавые паняцці: космас, логас, агонь. Геракліт сцвярджаў, што ў сусвеце няма нічога ўстойлівага і заўсёды раўназначнага самому сабе, а пагэтаму ўсе прадметы і з'явы пастаянна змяняюцца. Сваю думку ён падмацоўваў наступнымі афарызмамі: "У адну раку немагчыма ўвайсці двойчы.", " Маці ніколі не ўбачыць сваё дзіця двойчы", "Сонца ніколі не бывае адным і тым жа." Геракліт з'явіўся пачынальнікам дыялектыкі (дыялего--з грэч. супярэчлівая гутарка, размова). Дыялектыка - гэта наяўнасць ў прыродзе, чалавеку і грамадствах зменлівых і супярэчлівых момантаў. Асноўнымі катэгорыямі дыялектыкі выступаюць: супрацьлегласць, зменлівасць, супярэчнасць.

Вучэнне аб космасу.

Геракліт дае наступную характарыстыку: космас -гэта трыадзінства вечнасці ў часе; бязмежнасціў прасторы; і прыгажосці. Прыгажосць космасу праяўляецца ў тым што ён сістэмна ўладкаваны, у ім няма нічога лішняга і кожны прадмет мае сваё месца, час і прызначэнне. У космасе адбываецца ўзнікненне, жыццё і пагібель прадметаў. Геракліт праводзіць думку аб тым, ці космас існуе рэальна, ці існуюць толькі думкі аб ім, як аб вечнасці, бязмежнасці, і прыгажосці. Чалавечы розум ( як і вопыт) заўсёды--завершаны і абмежаваны і ён нездольны асэнсоўваць вечнае, бязмежнае і прыгожае і ў прыродзе і ў чалавека. Значыць ён не здольны спасцігаць касмічнае. Макракосмас -- гэта ўвесь сусвет; мікракосмас--гэта чалавек, і ён як і вялікі космас імкнецца да вечнасці, бязмежнасці і прыгажосці.Поруч з паняццем космаса Геракліт ўводзіць ва ўжытак паняцце логас. Логас(слова) -- гэта духоўная, нематэрыяльная субстанцыя, якая, стварае і макракосмас і мікракосмас і з’яўляецца прычынай гармоніі і дызгармоніі ўсяго Сусвету. Логас -- не матэрыяльны і не ўпадабляецца слову, як фізічнаму гучанню, як перадачы думкі чалавекам.

Разуменне космасу, логасу дапаўняецца Гераклітам паняццем агню якусеагульнай, зменлівай першаасновы прадметаў. Агонь--самы найлепшы вобраз які перадае ідэю зменлівасці.У адрозненні ад вады, паветра і зямлі полымя агню змяняецца кожнае імгненне і не здольна замерці нерухома нават на нейкі кароткі прамежак часу. Паводле Геракліта "..гэты космас, адзін і той самы для ўсіх і ён не створаны ні багамі ні людзьмі і ён заўсёды быў, ёсць і будзе вечна жывым агнём які паступова разгараецца і паступова патухае" Агонь-- першааснова свету і пагэтаму ўсе прадметы як і ён сам кожны момант змяняюцца. Час ад часу агонь спальвае макракосмас: калі агонь разгараецца, космас змяншаецца ў памерах, а затым пачынаецца зваротны працэс разрастання космасу і памяншэнне гарэння агню і як вынік змяншэнне логасу, а ў мікракосмасе (чалавеку) змяншэнне духоўнасці. Агонь выконвае ачышчальную сілу ў макракосмасе, а ў мікракосмасе агонь--гэта гарэнне душы, што і складае маральнасць чалавека. Мараль (як гарэнне) - гэта строгае рэгуляванне (спальванне) цялесных патрэбаў, фізічных жаданняў, жарсцяў у чалавека.

ЭЛЕЙСКАЯ ФІЛАСОФІЯ.

Яна развівалася ў 5--4 ст. да н. э. ў некалькіх полісах, самым галоўным з якіх быў поліс Элея. Пачынальнікамі яе былі Анаксагор, Эмпедокл, Ксенафан і Зянон.

Філасофія Анаксагора (500--428) прысвечана пытанням існавання сусвету: ці існуе адзін сусвет ці наадварот існуе вялікая колькасць сусветаў. Адказваючы на гэтае пытанне, Анаксагор аналізаваў космас зыходзячы з прынцыпа “ўсё прысутнічае ва ўсім." Каб пераканацца што існуе адзіны сусвет неабходна ў самай найдрабнейшай часцінцы любога рэчыва выявіць прысутнасць элементаў ўсіх іншых рэчываў. Прынцып "усё прысутнічае ва ўсім" выражаў усеагульную сувязь і залежнасць паміж прадметамі. Сваю думку Анаксагор падмацоўваў выказваннем: “ і ў золаце ёсць салома і ў саломе ёсць золата." Адсюль рабілася выснова што чыстага рэчыва ў прыродзе няма. Анаксагор упершыню звярнуў увагу на неабходнасць тэхналагічнайапрацоўкі прыроднага рэчыва так як яно ў чыстым выглядзе не існуе.