Сьвяточны, старажытны дух калядны...

Ах, якая над Гайнай купальская ноч...

Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку-папараць,
Самы раз уплятаць летуценьні ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць!

Ды ні гуку над Гайнай – пад цёмным шатром.
Толькі зоркі – як вочкі Купаліны.
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,
Над ракою, агні не запалены?

Раскладайце, паліце Купальля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся...

Раскладайце агні – хай плывуць па рацэ,
Можа, ў зыркім сьвятле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы зь кійком у руцэ —
Запрасіце яго прысуседзіцца!

Ён вас, пэўна, папросіць «Каліну» сьпяваць
I, напэўна, ад сьлёз не стрымаецца,
Скажа: «Ах жа, якое купальлейка ў вас!
Ах, якую вы спадчыну маеце!..»

Мара Скарыны

Марыў калісьці славуты Скарына,
«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.

Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.

Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..

Ды разгулялася плынь веснавая —
Змыла пакутнай няволі сляды,
і ўстрапянулася мара жывая,
і абляцела ўвесь край малады!

Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго —
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго!

Пашкадуем, i моцна яшчэ пашкадуем...

Пашкадуем, i моцна яшчэ пашкадуем,
Як да розуму прыйдзем (а прыйдзем, вiдаць!),
Што, пра будучнасць дбаючы, гэтак бяздумна
Завiхалiся памяць сваю абкрадаць.

Нi таўсцейшаю лустай, нi большай капейкай
Апраўдаць гэту "чыннасць" не зможам павек,
Бо як правiльна ў кнiзе напiсана нейкай:
Не адным толькi хлебам жыве чалавек.

Белыя сыплюцца долу крышталiкi...

Белыя сыплюцца долу крышталiкi,
Белыя крышацца хмаркi ўгары.
Сосны захутаны ў белыя шалiкi.
Белая мiтусь у белым бары.

Белая, мяккая цiша няхрусткая,
Белай дрымотай спавiты кусты.
Белая казка... Зiма беларуская...
Што ж мне не дорыш снягурачку ты?..

Жыта, сосны і валуны

Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.

Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сьніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.

I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.

О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.

Лёс і песьня

Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы –
I быў ад крыўды зрок сьлязой засланы,
I біў у скроні думкі ток круты:

Нелітасьцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі зь любасьцю стваралі,
Чужынцы зь лютасьцю агнём сьціралі,
Каб не ўцалелі нават і сьляды.

Але сьціхаў няўчуты крык бяды –
I паўставала зь небыцьця нанова
Краса ў абліччы каменя і слова,
Каб зноў зрабіцца прахам праз гады.

I зноў кляліся прадзеды-дзяды:
"Сто раз памром, а не пакінем верыць
У нашу заўтрашнюю славу-веліч,
У нашы заўтрашнія гарады!.."

I зноў нам сьвеціць ранак малады,
Свой новы лёс народ упарта творыць.
Адкуль жа ў песьні праступае горыч?
З глыбінь вякоў... Там – бездань гаркаты.

Адкажы

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!

Сьвяточны, старажытны дух калядны...

Сьвяточны, старажытны дух калядны,
Магічны дух язычніцкіх акрас,
Смаленьня дух, дух кміну і каляндры,
Дух на шасьце падвешаных каўбас,
Калісьці ўсемагутны, усеўладны,
Што ж на куцьцю ты не зьбіраеш нас?
О, Божа! Што ў душы маёй паселіцца?
I з нашых хат, і з нашых песень-дум.

Як жа сталася?

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,
Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, –
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,
А пад злодзеем хмыліцца злодзей,
А пад лёкаем мыліцца лекай,
Аі пад гнусам капошыцца гнуc,
А пад гэтым усім – беларус?

СЛОВА

Страціў слова, страціў спадчыннае слова –
Штосьці страціў у душы абавязкова.

Ніл Гілевіч

Мне прыснілася ў сне беларускае слова,
што гучала як жаўранка спеў, -
гэта маці забытая – родная мова –
мне напомніла зноў пра сябе.

Слова цёпла на сэрца лягло пацалункам,
акрыліла, падобна вясне,
і, прывабіўшы светлым дзяцінства малюнкам,
на світанні згубілася ў сне.

Адгукалася ў ім навальніц адгалоссе
і малінавы звон салаўя,
адбівалася спелага жыта калоссе...
Дарагая з маленства зямля.

У жыцця лабірынце, куды неаглядны
свет зайшоў у сваім развіцці,
гэта слова, як нітка з клубка Адыядны,
каб надзейнае выйсце знайсці.

Як вясло, што да лодкі прыбіла ракою,
каб да родных прыстаць берагоў.
Мне без гэтага слова не будзе спакою,
покуль не ўспомню яго.