Тэматычнае, праблемнае, жанравае наватарства раманаў “Палескай хронікі”.

Пасля XX з'езда КПСС, з 1956 г. Іван Мележ пачынае працаваць над першай кнігай «Палескай хронікі» — «Людзі на балоце», якую завяршыў у 1961 г.
Можна сказаць, што, напісаўшы палескія раманы, Іван Мележ паўстаў перад чытачом у новым творчым абліччы. Эстэтыка новых раманаў карэнным чынам адрозніваецца ад творчых прынцыпаў, якімі кіраваўся пісьменнік да гэтага часу. I справа не толькі ў тым, што пасля XX з'езда партыі змянілася духоўная атмасфера жыцця. Мележ, чуйны да перамен у творчым жыцці, не мог не заўважыць, што маладзейшыя пісьменнікі, якія ўліліся ў літаратуру ў другой палове 50-х г., сталі глыбей, праўдзівей, разнастайней пісаць пра жыццё.
I адбыўся цуд. Іван Мележ знайшоў у душы сілы, якія дазволілі другімі вачамі паглядзець на акаляючае жыццё, адкінуць схемы, догмы, паводле якіх ён будаваў ранейшыя творы. А жыццёвы вопыт ён меў, бясспрэчна, больш грунтоўны, чым маладзейшыя пісьменнікі.
Іван Мележ — пісьменнік-бытапісальнік. Ён выпрацаваў трохі кансерватыўны, але дакладны жыццёвымі дэталямі, моўнай фактурай стыль, у якім пераважаюць жывапісныя, прадметнарэчавыя элементы. На фоне паспешлівай, узнёсла-песеннай лірычнай прозы некаторых маладзейшых пісьменнікаў стыль гэты прыкметна вылучаўся сваёй грунтоўнасцю, манументальнасцю.
«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навакол адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.
Вёска тулілася ля берага вострава — платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка, з другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольшая сувязь са светам, і тут па дрыгве была намошчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела толькі ў маразы, калі і непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, як ток, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала».
Напісаў Мележ раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» ў добрай манеры сацыяльна-бытавой беларускай прозы, і яны загучалі вельмі па-сучаснаму. Не было сярод маладзейшых пісьменнікаў аўтара, які б, як Мележ, ведаў палескую вёску сярэдзіны і канца 20-х г. як цэльны, яшчэ не разарваны, эпічны асяродак жыцця з яго векавымі традыцыямі, запаветамі, нават забабонамі і паняверкамі. Значнасць мастацкага твора вызначаецца перш за ўсё адкрыццём тыпу, характару, бо толькі аб'ёмны, пададзены ў адзінстве асабістага і грамадскага характар забяспечвае твору мастацкае даўгалецце.
У раманах Мележа ва ўвесь сацыяльны, чалавечы рост паўсталі Васіль Дзяцел, Ганна Чарнушка, Яўхім Глушак, яго бацька Халімон Глушак, вясковы актывіст, дэмабілізаваны чырвонаармеец Міканор, старшыня валвыканкама Апейка, сакратар райкама Башлыкоў і іншыя героі. А колькі вобразаў так званага другога і трэцяга планаў, якія, тым не меней, глыбока запамінаюцца, бо і яны абмаляваны глыбока, паўнакроўна, і роля іх далёка не дзяжурная.
Мастацкаму твору можна выносіць прысуд, мяркуючы па тым, што ў ім напісана. Тым не меней мусім сказаць, што ў творах такога размаху, маштабу, як мележаўскія раманы, сацыяльнае, філасофскае дно магло быць глыбейшае. Рушэнне старога сялянскага свету пачалося задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У часы калектывізацыі прыйшлося развязваць вузлы, якія за два-тры стагоддзі да яе завязала гісторыя.
Адзін з прыкметных герояў «Палескай хронікі» старшыня валвыканкама Апейка, вядома, не мог не ведаць пра гэтыя вузлы. Прыгоннае права ў Расіі было адменена толькі ў 1861 г. Маярату, гэта значыць, участку зямлі, які не дзяліўся, заставаўся цэльным і пераходзіў у спадчыну, напрыклад, старэйшаму сыну, у Расіі не было. Таму тая зямля, якая дасталася сялянам пасля адмены прыгону, ва ўмовах неразвітай прамысловасці, за нейкае паўстагоддзе шляхам яе дзеляжу пабілася на вузкія палоскі, прывёўшы такім шляхам вёску да беззямелля.
Калектывізацыя праводзілася паспешліва, без элементарнай падрыхтоўкі, без уліку сялянскай псіхалогіі.
На такім гістарычным разрыве, найвялікшым драматычным і нават трагічным матэрыяле досыць натуральным было з'яўленне значнага мастацкага твора і значнага пісьменніка. «Палеская хроніка» Івана Мележа нарадзілася іменна на такім матэрыяле і самога пісьменніка нарадзіла.
Адказваючы на пытанні нямецкага часопіса «Freie Welt», Іван Мележ сказаў: «Я не мог — рана ці позна — не напісаць гэтыя раманы — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» — бо насіў іх у сабе як радасць і пакуту доўгія гады. Яна частка мяне самога і вельмі дарагая. Родная вёска, людзі, маё юнацтва — усё гэта жыло ў маім сэрцы і не давала спакою. Гэтае пачуццё, падобнае на любоў — ўсеабдымнае, глыбокае, здольнае на рызыку, здольнае прыцягваць цябе да некага ці нечага з неадольнай сілай». ,
Якуб Колас у «Новай зямлі» паказаў, што яе герой Міхал не знайшоў шчасця ў змаганні за ўласны кавалак зямлі. Не знайшоў жаданага збавення і Васіль Дзяцел. У адным з чарнавых накідаў ёсць такія словы: «Ні зямлі, ні Ганны».
Пра герояў мележаўскіх раманаў многа і справядліва пісалі крытыкі, літаратуразнаўцы, і, відаць, не варта паўтарацца. Прысвечаныя жыццю беларускай вёскі далёкіх дваццатых гадоў, кнігі гэтыя гучаць тым не меней вельмі сучасна, бо яны закранаюць інтарэсы, думкі, пачуцці сучаснікаў, па лініі галоўных пытанняў жыцця перагукваюцца з нашымі днямі. Значнасць буйнога твора вызначаецца адкрыццём тыпу, характару, бо толькі аб'ёмны, пададзены ў адзінстве асабістага і грамадскага характар нясе ў сабе вобраз часу, з'яўляецца сапраўдным мастацкім адкрыццём.
Колькі такіх характараў адкрыў Мележ! Пра Беларусь, пра Палессе бытавала думка як пра край цёмны, забіты, з пакорлівымі, баязлівымі людзьмі. Пісьменнік нашчэнт адмятае, разбівае такі погляд. Беларусы-палешукі жывуць на беднай балотнай і пясчанай зямлі, але яны людзі вольныя, свабодалюбівыя, з вы-; сокім пачуццём уласнай годнасці. Людзі гэтыя па сваіх чалавечых якасцях ніколькі не саступаюць, скажам, героям Бальзака, Стэндаля, Флабера, Горкага, Гогаля, Шолахава і іншых славутых пісьменнікаў.
Хіба можна назваць пакорлівымі ці прыніжанымі Васіля Дзятла ці Ганну Чарнушка. Менавіта таму, што яны гордыя, незалежныя людзі з высокім усведамленнем чалавечай годнасці, і разыходзяцца Васіль і Ганна. Яны б маглі і зноў сысціся (што на кароткі час і робяць), але, як кажуць, цягнік ужо крануўся.
Мележ намаляваў невялікую, нічым асабліва не прыкметную вёску Курані, як цэлую дзяржаву. Колькі ў гэтай дзяржаве жыве тыпаў, характараў, не падобных адзін на другі! Тут ёсць самабытныя палітыкі і філосафы, як, напрыклад, Андрэй Руды, Нібыто-Ігнат, дэмабілізаваны чырвонаармеец Міканор, неўгамонны жартаўнік, як Хоня, самадзейныя сказіцелі-паэткі, што да кожнага жыццёвага выпадку падбяруць адпаведнае выслоўе і кават рыфму — такой намалявана ўдава Сарока. Нават эпізадычныя героі маюць свой воблік і запамінаюцца: лясны, зацяты, як звер, Хрол, вечна п'яны ляснік Міця, прамы, як аршын, бясстрашны міліцыянер Шабета, швачка Голда, хітраваты гандляр Нохім, дурнаваты Бугай, маўклівы цяжкадум Пракоп, які стаў сваяком Васіля Дзятла, малодшы сын Халімона Глушака Сцяпан, які імкнецца да навукі.
Падзеі раманаў адбываюцца ў гады так званага «вялікага пералому», у часы рашучых, рэвалюцыйных пераўтварэнняў, і пісьменнік шырока паказвае ўмовы, абставіны таго часу, які пазней назвалі часам культу асобы і таталітарызму. Да ліку сумленных дзеячаў, якія ўзяліся будаваць новы свет няхай сабе ў межах воласці ці раёна, адносіцца прамы, як штык, начальнік міліцыі Харчаў, былы актыўны ўдзельнік грамадзянскай вайны, сакратар райкама Башлыкоў, двудушны старшыня сельсавета Дубадзел, малады кар'ерыст Кудравец.
У эпізодзе з Васілём Дзятлам, якога бандыты-маслакоўцы пад дулам прымусілі паказаць хату актывіста, члена сельсавета Ахрэма Грыбка, Харчаў, напрыклад, не хоча разбірацца ні ў якіх тонкасцях.
— Памагаў бандытам, значыць, вораг!
I толькі разумная воля старшыні валвыканкама, а затым райвыканкама Апейкі вызваляе Васіля Дзятла з бяды.
Апейка з нейкай зайздрасцю падумаў, што хоць па пасадзе і вышэй Харчава, той у людскім уяўленні мае больш вагі і пашаны: «Ціхі я, непрыметны, як быў настаўнікам, так і застаўся ім. Харчаў жа — адвага, надзея, герой...»
— Ёсць скарга, — сказаў Апейка, калі начальнік міліцыі запаліў лямпу.
Апейка знарок памаўчаў. Ён быў амаль таго ж росту, што і Харчаў, быў таксама ў вайсковай форме. Праўда, не ў гімнасцёрцы, а ў фрэнчы з грубага сукна, з вялікімі нашыўнымі кішэнямі на грудзях і па баках, са стаячым каўняром, які падпіраў і цёр падбародак. Але і ў сваёй форме ён выглядаў вельмі сціплым, дробным.
Фрэнч быў яўна велікаваты яму, ад гэтага яго дробная, сутулая постаць выглядала драбнейшай, як была сапраўды.
— Якая скарга? — запытаўся Харчаў.
— Трымаеш чалавека без дастатковых падстаў. Можна сказаць, невіноўнага.
— Каго гэта?
— Дзятла Васіля. З Куранёў...
На гімнасцёрцы, напятай на шырокіх грудзях, зазырчэў ордэн Чырвонага Сцяга, акружаны выгаралай паркалёвай зборкай.
— А-а... Усе яны невіноўныя, — прамовіў Харчаў цвёрда, пераканана.
— Што значыць — «усе»?
— Усе... Каторыя трапляюцца!..
— Гэта — не доказ, — ціха, мякка запярэчыў Апейка тонам старэйшага, які абавязан паправіць, растлумачыць. — Трэба разбіраць канкрэтно. Кожны выпадак...».
Былы ўдзельнік грамадзянскай вайны «крывароты» старшыня сельсавета Дубадзел проста беспрынцыпны, хцівы махляр, без ніякіх адзнак сумлення: можа і хабар узяць, і напіцца на вяселлі чалавека, «класава варожага» савецкай уладзе, і, пагражаючы палітычнымі абвінавачваннямі, прагне залучыць да сябе ў якасці каханкі Ганну Чарнушка, былую жонку кулацкага сына Яўхіма Глушака.Пісьменнік па-вясковаму мудра дыферэнцыруе куранёўскіх жыхароў па іх маральных якасцях. Вёска ведае ўсё і ўсіх. У ёй ні ад чаго не схаваешся.
У другім рамане — «Подых навальніцы» і асабліва ў трэцім — «Завеі, снежань» Іван Мележ пераносіць дзеянне з глухаватых Куранёў у раённыя Юравічы і нават у сталічны Мінск, малюючы ў поўны рост старшыню райвыканкама Апейку, сакратара райкама Башлыкова, іншых герояў, характары якіх асабліва праявіліся ў час чысткі.
Белы, старшыня камісіі, работнік парткалегіі ЦК партыі Беларусі, «вельмі худы Галенчык», прафсаюзны дзеяч з Мінска, і чыгуначнік Беразоўскі. Калі Белы праяўляе сябе ўдумлівым чалавекам і прынцыповым камуністам, то Галенчык і сакратар райкама камсамола Кудравец — тыповыя кар'ерысты і выскачкі.
Ёсць яшчэ адзін цікавы вобраз у рамане — сакратар валасной партячэйкі латыш Гайліс, які асеў на жыццё ў Палессі. Гэта чалавек справядлівы, сумленны партыец. Калі падводзіць баланс, то кіраўнікоў прынцыповых у раённым звяне аказваецца не менш, чым тых, хто не забыў яшчэ атакі грамадзянскай вайны і ваенныя — кавалерыйскім наскокам — метады вырашэння пытанняў мірнага часу.
Асноўны канфлікт пралягае паміж Апейкам і Башлыковым. Башлыкоў лічыць Апейку гнілым лібералам, які не бачыць складанасці класавай барацьбы: аднавіў у настаўніках былога царскага афіцэра Гарошку, мае брата кулака; адным словам, бракуе старшыні райвыканкама бальшавіцкай прынцыповасці, у яго шмат дабраты да людзей, якія нібыта спагады не варты, напрыклад, да папа, які даў абяцанне агітаваць супроць рэлігіі, або кулацкага сынка Сцяпана Глушака, якому Апейка дазволіў працаваць у камуне.
Гэтыя факты называюцца на чыстцы: з імі згодзен Башлыкоў.
А Башлыкоў хто? Ніхто. Яго вартасць толькі ў тым, што нарадзіўся ў рабочай сям'і, сам трохі працаваў на чыгунцы, затым на электрастанцыі. Скончыў шасцімесячныя курсы кіруючых камсамольскіх работнікаў.
Ідэальная ў межах афіцыйнай ацэнкі пэўнага часу біяграфія! Сустрэўшыся на вуліцы, Башлыкоў ні з кім, апрача хіба сяброў, нават не вітаецца. У яго асобе расце такім чынам культ мясцовага значэння.
Праўда на нейкі час, аднак, перамагае. Апейку пакідаюць у партыі, хоць нядобразычліўцаў застаецца ў яго шмат.
У 60—70-я гг. кнігі Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» былі, бадай, найбольш дыскусійныя. Аб іх многа пісалі, пісьменнік даваў бясконцыя інтэрв'ю розным выданням, раманы гэтыя чыталі нават тыя, хто быў абыякавым да беларускай літаратуры. Што ж, пісьменнік вёў гаворку пра галоўныя пытанні жыцця. У памяці людзей 60—70 гг. былі яшчэ свежыя факты аб нядаўніх драматычных падзеях: аб гулагу, беспадстаўна абвінавачаных, несправядлівых адносінах да ваеннапалонных і ўвогуле многіх людзей, якія знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі.
Праз дзесяць гадоў пасля смерці Івана Мележа блізка ад мясцін, якія пісьменнік апісвае, адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Ці ёсць якая-небудзь сувязь паміж падзеямі ў Куранях і глабальнай падзеяй, якая ўзрушыла ўвесь свет? Думаецца, ёсць.
Электрастанцыю пабудавалі ў балотных, нібы адрэзаных ад свету мясцінах. У жыхароў, насельніцтва нават не пыталіся, будаваць ці не будаваць у гэтым месцы атамную электрастанцыю. Тыповае мысленне людзей, якія прывыклі і вельмі важныя грамадскія пытанні вырашаць «келейна», вузкім колам.
Мележ дзесяць гадоў не дажыў да катастрофы. Невядома, ці бачыў пісьменнік у суседняй стэпавай частцы раёна вёскі-аграгарадкі, такія, напрыклад, як Бабчын. Відаць, пры яго жыцці іх яшчэ не было. Каменныя белыя домікі-катэджы, заасфальтаваныя вуліцы, правулкі, водаправод, тэлефон у кожным доме, сады, ураджаі па сорак цэнтнераў збожжа з гектара. Гэта плён калгаснага, калектыўнага жыцця, якога так баяліся куранёўцы.
Увесь гэты плён знішчыла чарнобыльская катастрофа.
Мележ пашырае межы «Палескай хронікі». Вядзе Апейку і Башлыкова, дэлегатку Анісю ў Мінск, на сесію ЦВК, знаёміць з кіраўнікамі рэспублікі Чарвяковым і Галадзедам.
У Апейкі ёсць яшчэ адзін клопат: лёс паэта-палешука Алеся Маёвага, якога ў газетах ушчэнт разбіваюць нібыта за нацдэмаўскі ўхіл. Апейка хоча маладому паэту дапамагчы, хоць магчымасці яго невялікія.
Для напісання рамана «Подых навальніцы» спатрэбілася чатыры гады. Ён унутрана завершан, у пэўным сэнсе з'яўляецца па-мастацку цэльным творам.
Спачатку дзеянне новага рамана як бы запавольваецца. Пісьменнік як бы паўтарае тое, што вядома чытачу з першага рамана. Гэта зноў малюнак сенажаці, грэбля, перакінутая праз дрыгву, з двара выязджае Васіль Дзятлік з сямействам, Глушакі едуць, Андрэй Руды з жонкай, удава Сарока, непаседлівы Зайчык з тузінам дзяцей.
Так ледзь не палову рамана «Подых навальніцы» пісьменнік як бы топчацца на месцы, нічога асабліва новага чытачу не паведамляючы. Тая ж прывязанасць да сваіх надзелаў, тыя ж думкі-страхі пра тое, што ўсё можна страціць, што старое жыццё можа скончыцца.
Зноў карціны старога жыцця, якім спрадвеку жылі дзяды, прадзеды, прашчуры. Што наперадзе — невядома. «Гуртавое-чартавое», — гавораць тыя самыя палешукі.
Пісьменнік не проста паўтарае тое, што сказаў у першай кнізе, у «Людзях на балоце». Ён як бы нанава высвечвае былое жыццё, выяўляючы яго асноўныя вартасці. Іван Мележ як бы глыбей адчувае, што ён піша эпас. Эпасам раней называлі гераічную песню, перамогу якога-небудзь народа, які, дзякуючы мужнасці, адвазе, выключнай храбрасці, перамог ворагаў і замацаваўся на зямлі. «Віцязь у тыгравай скуры», «Манас», «Давід Сасунскі», «Песня аб Раландзе», «Песня пра Нібелунгаў», старэйшая і малодшая «Эдда», «Песня аб маім Сідзе», «Слова аб палку Ігаравым» — колькі такіх сярэдневяковых і нават ранейшых паданняў маюць розныя народы, ганарацца імі, бачачы ў іх карані, вытокі народнага характару.
Раманы Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» таксама своеасаблівы эпас. Дрыгвяны паўвостраў, на якім размясцілася вёска Курані, як бы нагадвае поле бою. Колькі людзям спатрэбілася сіл, намаганняў, поту, працы. каб замацавацца на ім дзеля жыцця, прыстасаваць балота, багну пад месца для поля і агароду. На гэтым кавалку зямлі ішла барацьба за жыццё, праўдзівей, за існаванне на зямлі.
Успомнім эпізод, калі куранёўцы мосцяць гаць праз балота, ладзячы дарогу, каб вясной і восенню мець магчымасць пайсці ці паехаць у іншыя вёскі.
Эпас у старым значэнні слова заключаецца і ў тым, што пры рознасці надзелаў, неаднолькавых гумнах, агародах, хатах людзі жылі адзіным жыццём. Кожны паасобку, але ў адзін час выязджалі на касавіцу, на жніво, гук цапоў восенню, зімой данасіўся з кожнага гумна. Вёска калядавала, спраўляла вяселлі, хавала на могілках сваіх нябожчыкаў — гэты заведзены з незапамятнай даўніны строгі круг жыцця нязменна паўтараўся.
Карацей, вёска жыла адным жыццём.
Удругім рамане на сенажаці паяўляецца Апейка, косіць разам з вяскоўцамі, паказваючы, што ён таксама сялянскі сын, агітуе за калгас.
Але нават не гэта галоўнае. Пачынаюць дзейнічаць спружыны, закладзеныя ў першым рамане. Пісьменнік паказвае: нават у такой вёсцы, як Курані, дзе хаты, гумны, хлявы большасці вяскоўцаў мала адрозніваюцца між сабой, расце пачуццё асобы. Тым часам рост гэтага пачуцця разбурае патрыярхальную вёску. Перастае дзейнічаць запавет: «Сцерпіцца-злюбіцца».
Ганна адчувае сябе ў доме Карчоў няўтульна. Мала таго, што яна не любіць Яўхіма, яна штогадзінна, штохвілінна ловіць на сабе злавесныя позіркі сямейнікаў: ты, галячка, прыйшла ў нашу хату, нічога з сабой не прынёсшы, то цані шчасце, якое табе выпала. Падобнае адчуванне вярэдзіць Ганніну душу, не шчаслівай яна сябё адчувае, а глыбока няшчаснай. А тут на сенажаці захварэла яе дачка Верачка. Стары Корч, вядома, каня не дае, каб адвезці дзіцё ў бальніцу.
Верачка памірае. У гэтым моманце паваротны пункт рамана. Ганна не можа трываць у карчоўскім кодле. Яна зноў збліжаецца з Васілём. Адбываюцца іх тайныя спатканні. Тым часам няма нічога тайнага, што б не стала яўным. Ганна, як натура больш актыўная і смелая, угаворвае Васіля пакінуць Курані.
«— Не бойся! Нічога не бойся! — як бы чуючы яго настрой, казала яна. — Ето толькі зразу, асмеліцца страшно! А там — добра будзе! Пабачыш!.. Ці мы паны якія! З чужога жыць прывучаны змалку? Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! Што я кажу — не прападзём. Жыць будзем, як ніхто не жыве тут! На зайздрасць усім жыць будзем! Удваіх — дружно, шчасліво, як ніхто! Я ж цябе так люблю! Так любіць буду век! Родны, мілы мой Васілёчак!».
Дарэчы, гэты сюжэтны ход падобны на эпізод з «Ціхага Дона» М. Шолахава, калі Аксіння ўгаворвае Грыгорыя Мелехава пакінуць станіцу і падацца ў свет. Увогуле святло шолахаўскага рамана свеціць Мележу, нібы пуцяводная зорка, хоць ён нідзе не паўтарае свайго вялікага настаўніка.
Васіль не можа пакінуць Курані. Куды ён пойдзе, як кіне ўсё, што гадамі з такой упартасцю набываў па крупінцы. Ды і пра дзіцё падумаць трэба: як яго сын будзе жыць бязбацькавічам?
Ужо створаны калгас, уякі ўступілі бедакі з бедакоў — Міканор, Хоня, Алёша Губаты, Грыбок, вясёлы, бойкі Зайчык.
Тым часам непрыхільна ставяцца да калгаса нават многія з куранёўскіх беднякоў, не гаворачы пра сераднякоў. Васіль Дзяцел ні аб якой калектывізацыі нават слухаць не хоча. «Не пайду! Скажу: не! I ўсё!» Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца злосна-маўклівы Пракоп, Нібыто-Ігнат, нават маладзенькая Хадоська, якая праз кулацкага сына Яўхіма зведала столькі бяды і гора. Нават бедны, голы, як цявіна, Чарнушка і той вагаецца, баіцца «за кабылку і жарабя, за карову і гумно».
Сходы, пасядзелкі, размовы, спрэчкі. I ўсе на адну тэму. Можа, іх нават залішне многа ў другім рамане.
Не ўсюды былі такія кіраўнікі, як Алейка. Нездарма ў дыскусіях, рэцэнзіях, аўтарскіх інтэрв'ю, якімі адносна «Палескай хронікі» былі запоўнены старонкі вельмі многіх выданняў, на першы план выступаў Алейка. Знакавы момант! Уздымаючы Апейку, яго разважлівасць, гуманізм, дэмакратызм, многія крытыкі, пісьменнікі асуджалі з'явы, якія дагэтуль мелі месца ў савецкім жыцці. Тую ж насільную калектывізацыю, высылку кулакоў у неабжытыя, дзікія мясціны, увогуле неабгрунтаваныя рэпрэсіі, жорсткасць нават у адносінах да працоўнага чалавека ставілі на першы план тыя, хто пісаў пра раман.
На старонках рамана пісьменнік расказвае, як распаўзаецца вёска, баючыся прымусовага абагульнення. Адзін з сельскіх бедакоў на станцыі Жлобін расказвае пра нейкага Ярашчука, вельмі падобнага да «крываротага» Дубадзела, старшыню Алешніцкага сельсавета. Ярашчук пагражае сялянам высылкай: «Ты ш-што ж, не верыш Савецкай уладзе?» I абкладае нават беднякоў цвёрдым заданнем, прыбягае да іншых жорсткіх караў.
Куранёўцы таксама тояць страх у душы перад насільнай калектывізацыяй. Балбатлівая, вострая на язык Сарока ў час размовы са старшынёй райвыканкама Апейкам выгуквае: «Дык што ж, скора ў калектыў нас пагоняць?»
Міканор, перадавы ў вёсцы актывіст, дэмабілізаваны чырвонаармеец, таксама часта раздражняецца нявер'ем куранёўцаў у тое, што ў калгасе яны зажывуць лепей і багацей.
Выбіты з цярпення, ён са злосцю заяўляе: «Каб з сённяшняга дня калгас быў і ў Куранях!»
Аргументы, бадай, тыя самыя, што і ў Ярашчука, пра якога Апейка пачуў на станцыі ў Жлобіне. Той, хто не ідзе ў калгас, выступае «супроць народа і мерапрыемстваў Савецкай улады». Лінія аж залішне простая: сярэдзіны няма. Або ты калгаснік, або «кулацкі элемент», варожы падпявала.
Міканор, нягледзячы на «цвёрдакаменны» характар, часам вагаецца і хістаецца. А вось Башлыкоў, прысланы з Гомеля рабочы, які становіцца сакратаром райкама, нягледзячы на тое, што не ўмее ні араць, ні касіць, ніякіх хістанняў, ваганняў не мае.
Для яго, фанабэрыстага, самазакаханага, стопрацэнтная калектывізацыя — найпершы закон. Ён баіцца, каб па тэмпах калектывізацыі яго раён не абагналі другія раёны.
Чымсьці падобны да Башлыкова кіраўнік раённай міліцыі, а пазней ГПУ, Харчаў. Ён дзейнічае пераважна шляхам запалохвання. Накожным кроку яму мрояцца ворагі, хоць пад носам у яго дзейнічае белы афіцэр, эсэр Зубрыч. У Башлыкова, як і ў Харчава, якога ставяць кіраўніком райземаддзела, гэты мацёры стоены вораг атрымлівае поўнае давер'е.
У паводзінах Башлыкова, Харчава, іх маладзейшых памагатых Галенчыка, Кудраўца праглядваюць намаганні бачыць партыю як нейкі закрыты, абасоблены ордэн, куды дапускаюцца толькі людзі асобай катэгорыі, загартоўкі, накшталт іезуітаў або ўдзельнікаў сярэдневяковых крыжовых паходаў. Каб ні сучка ні задзірынкі на чалавеку і каб ён не толькі гаварыў, але і думаў лозунгамі.
Апейка нібы ў процівагу ўсім гэтым носьбітам дагматычнай ідэі акумуліруе найлепшыя этычныя, маральныя якасці, якія народ выпрацоўваў стагоддзямі і без якіх немагчыма будаваць новае жыццё.
З прыемнасцю працуючы над раманамі «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», нарэшце закончыўшы іх, Мележ задумаўся: куды пойдзе дзеянне? Што пісаць далей?
Распачаты ў 1958 г. і закончаны ў 1961 — 1965 гг. раман «Подых навальніцы» не хутка атрымаў свой працяг.
Пісьменнік доўга раздумваў над далейшым лёсам «Палескай хронікі». Нават залішне доўга. Бо наступная кніга, пазначаная «З палескай хронікі» і атрымаўшая назву «Завеі, снежань», выйшла ў 1978 г.
Пісьменнік рана адчуў сваю хваробу. I як намаляваны ім палескі сейбіт, жахнуўся, што не дасее палетак, не паспее закончыць, здзейсніць задуманае. Сцяўшы зубы, пераадольваючы цяжкую хваробу, боль, слабасць, ён, аднак, ішоў па сваім полі і сеяў.
Аўтар гэтых радкоў некалі пісаў: «Трэці раман «Завеі, снежань» застаўся недапісан. Не гаворачы пра чацвёрты, магчыма, пяты, што былі задуманы і ад якіх засталіся толькі паасобныя малюнкі і накіды»
Цяпер так катэгарычна ён не напісаў бы.
Пасля завяршэння «Подыху навальніцы» (1965) Іван Мележ доўга не пісаў. Удасканальваў раман «Мінскі напрамак», перакладаў яго на рускую мову.
Трэцяя кніга «Палескай хронікі» між тым чакала. Чаму пісьменнік не садзіўся за яе? Тут, як кажуць, пачынаецца паласа фантазій і здагадак.
Паставім пытанне так: што новае мог сказаць пісьменнік пра сваіх герояў — Васіля Дзятла, Яўхіма Глушака, Ганну Чарнушка — і ўсіх астатніх персанажаў другога і нават трэцяга плана, якіх абмаляваў, усебакова, да дробязей высвеціўшы іх унутраны псіхалагічны свет?
Пісьменнік мог толькі ластавіць сваіх герояў у новы падзейны рад, нічога не дабаўляючы да іх унутранага свету, духоўнага вобліку. Калгасы ўжо існавалі, калі Мележ садзіўся за трэцюю кнігу, без малога пяцьдзесят гадоў, іх дадатныя і адмоўныя бакі былі ўсім добра вядомы.
У многіх калгасах вельмі мала давалі або зусім нічога не давалі на працадзень.
Але ж расла, мацнела краіна, будаваліся новыя фабрыкі, заводы, адкрываліся новыя інстытуты, школы. За вельмі кароткі час краіна стала індустрыяльнай, вытрымала крывавы, смяротны паядынак з фашысцкай Германіяй, на якую працавала прамысловасць ледзь не ўсёй Еўропы. Малодшы палітрук Іван Мележ усё гэта ведаў, бо не раз праводзіў на такую тэму палітгутаркі з байцамі.
Паўтарымся: ён доўга шукаў працягу «Палескай хронікі», якая б налічвала пяць або шэсць раманаў. Нават умоўныя назвы былі: «За асакою бераг», «Звер сочыць з зарасніку».
Некаторыя крытыкі, дарваўшыся да архіва пісьменніка, расцягнулі яго па частках і нават асобныя накіды-эпізоды пачалі друкаваць. Вось Васіль Дзяцел сядзіць у акопе, марыць пра Курані, вярнуўшыся ў вёску, застае руіны і папялішчы. Паставім пытанне: што рабіў Васіль Дзяцел да вайны?
Падавалася асобнымі аўтарамі карціна раскулачвання старога Карча. Ён ідзе па вёсцы, кланяецца людзям, просячы ў іх прабачэння.
Нічога гэтага ў кананічным тэксце надрукаванай «Палескай хронікі» няма. Сцэны, загатоўкі, накіды ў разлік можна не браць. У кожнага пісьменніка яны ёсць, і кожны не абавязкова іх выкарыстоўвае.
Інтуіцыя падказала выдатнаму беларускаму пісьменніку Івану Мележу выйсце са становішча. Менавіта раман «Завеі, снежань».
Эпапеі з задумы Мележа не атрымалася. Эпапея — толькі дзве першыя кнігі. Сама эпоха пераводзіла эпапейнае жыццё калгаснай вёскі ў штосьці новае. У што? У тое, што мы бачым у сённяшняй вёсцы. Вёска пацягнулася за горадам, у многім пераняла формы яго жыцця, працы, паводзін, самую жыццёвую філасофію. Стары дзедаўскі закон, запаветы рушыліся, разам з ім рушылася патрыярхальная вёска.
«Завеі, снежань» — сагрэты глыбокай лірыкай твор. У цэнтры рамана сакратар райкама Башлыкоў, які ў папярэдніх творах займаў другараднае месца.
Кузьма Чорны ў апавяданні «Вераснёвыя ночы» намаляваў здзіўляючы вобраз Агаты, які фактычна азначаў нараджэнне новых маральных, духоўных адносін на вёсцы. Агата не хоча ісці замуж за хутаранца Зыгмуся Чухрэвіча, бо не любіць яго. Яна самахоць бяжыць на спатканне да жулікаватага Асташонка і не асабліва думае, что скажуць аб гэтым людзі.
Тое самае робіць Ганна Чарнушка. Кінуўшы Яўхіма Глушака, яна спадзявалася наладзіць адносіны з каханым Васілём Дзятлам. Толькі не мог Васіль кінуць набытак: новую хату, каня, пакінуць бязбацькавічам сына.
Праз непрацяглы час мы бачым Ганну з Башлыковым. Хоць ён дагматык, кар'ерыст, але здолеў разгледзець незвычайную прыгажосць, прывабнасць, нават розум, дасціпнасць гэтай палескай кветкі.
Толькі не можа Башлыкоў звязаць свой лёс з лёсам Ганны, якая была замужам за сынам кулака. Ён з пароды людзей, якія моцна звязаны з класавай псіхалогіяй, з тым замкнутым, калі можна сказаць так, ордэнам, які прапускае ў свае шэрагі толькі «прававерных» людзей паводле прынцыпу строгага класавага адбору.
Іван Мележ — пісьменнік, які выпрацаваў уласны стыль, уласную манеру весці апавяданне. Па прыродзе таленту ён эпік. Яго фраза ёмістая, як бы ахоплівае матэрыяльнае, рэчыўнае багацце наваколля, дае яго пластычны вобраз. Шырокае выкарыстанне «палескіх» дыялектызмаў у «Палескай хроніцы» цалкам апраўдана, яно дапамагае больш рэльефна і адчувальна намаляваць і герояў, і іх жыццё.
«Глушак прамаўчаў. Было відаць, таіў яшчэ крыўду, і Куліна не стала рызыкаваць, спрытна перавяла гамонку ў надзейную мірную каляіну — не ўсё адразу! Яшчэ раней заўважыла, як пад'ехаў пад акно запрэжаны Сцяпанам конь, — запыталася:
— Вы ето — нібы нанач на луг сабіраецеся?
— Сабіраемся...
— Ето добра. Штоб зранку ўзяцца. А то ж бяда бядою, а дзело не павінно стаяць!».
Іван Мележ да сардэчнага болю любіў сваё роднае Палессе. Ён пісаў: «Палессе цяпер наўрад ці здзівіць прыезджага дзікай веліччу. Чалавек, які наслухаўся пра дзікае хараство Палесся, магчыма, убачыўшы сённяшняе Палессе, адчуе сябе расчараваным. Час і людзі папрацавалі не без поспеху: аблічча Палесся ў многім змянілася.
Зямля гэтая дарагая майму сэрцу, як ніякая іншая».