ыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Караткевіча. Яго роля ў абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай памяці беларускага народа.

Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. - 25.7.1984), бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954 - 1956), у Оршы (1956 - 1958). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі "Матчына душа" (1958), "Вячэрнія ветразі" (1960), "Мая Іліяда" (1969), "Быў. Ёсць. Буду" (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне ("Машэка", "Паўлюк Багрым", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Беларуская песня", "Быў. Ёсць. Буду" і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў "Блакіт і золата дня" (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці "Цыганскі кароль" (1961) на прыкладзе цыганскага "каралеўства" 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У "Легендзе аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны" на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863 - 1864 ажыццёўлены толькі раман "Каласы пад сярпом тваім" (1965) - шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел. гіст. раманістыцы. У героіка-рамант. драме "Кастусь Каліноўскі" (нап. 1963) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1966) - філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае ў творах пра сучаснасць: аповесцях "У снягах драмае вясна", "Лісце каштанаў" (1973), рамане "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"; 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п'есах "Млын на Сініх Вірах" (паст. 1959), "Трошкі далей ад Месяца" (нап. 1959 - 1960). У сац.-псіхал. і філас. рамане "Чорны замак Альшанскі" (1979 - 1980; Дзярж.прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнута п'еса "Званы Віцебска" (паст. 1974). Сац.-гіст. драма "Каласка чатырох чараўніц" (паст 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя "Маці ўрагану (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарыс "Зямля пад белымі крыламі" (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава ("Тысячу стагоддзяў табе", 1974; "Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён", 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф. Скарыне, Я. Купалу, М. Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей ("Казкі", 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, М. Карыма, Р. Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. "Галасы маіх сяброў", 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў "Сведкі вечнасці" (1964), "Памяць" (1966), "Чырвоны агат" (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы "Сівая легенда" (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і "Дзікае паляванне караля Стаха" (1989, кампазітар У. Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.).У Оршы заснаваны музей К.

Маці мая, Надзея Васільеўна, працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў,а пасля пазнаёмілася з маім бацькам, Караткевічам Сямёнам Цімафеевічам, і ў 1917 годзе выйшла за яго замуж (бацька нарадзіўся ў 1887 годзе, памёр у 1959-м). У сям'і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй, вайне), старэйшая сястра і я. Кніг у доме было мноства: і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае. Пісаць (а спачатку "бубніць") вершы пачаў год у шэсць, але, на шчасце, хутка кінуў гэты занятак. Трохі пазней спрабаваў пісаць апавяданні, прычым абавязкова іх ілюстраваў. А потым пачалася вайна. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Затрымлівалі, вядома. А з інтэрната таму, што здарылася звычайная на вайне рэч: доўгі час не ведаў, дзе бацькі і ці жывыя яны наогул, а калі жывыя, то дзе, за лініяй фронту або паспелі эвакуіравацца. Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне. Пасля давялося ўцякаць і адтуль. На Урал, у наваколле Кунгура. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. З вялікімі цяжкасцямі (без пропуска і білета) дабраўся да іх. У Арэнбургу скончыў шосты клас. Потым нядаўна вызвалены Кіеў (Беларусь яшчэ была акупіраваная). Восенню сорак чацвёртага пераехалі на Беларусь. Напісаў я тады, думаю, не менш за дзвесце вершаў, але нікому іх не паказваў. У сорак дзевятым годзе я паступіў у Кіеўскі універсітэт на філалагічны факультэт. Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў і ўсё ж успамінаю гэты час са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з'явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год. Над гэтым раманам - "Каласы пад сярпом тваім" - працую і зараз. тады я проста сабраўся і паехаў настаўнікам у глухую вёску Лесавічы, што ля Тарашчы. Працаваў там два гады. канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс "Полымя".І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам "Машэка".У 1957 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў, а праз год - на Вышэйшыя літаратурныя курсы. Трохі пазней выйшла першая кніга. У тым жа годзе, яшчэ да курсаў, напісаў аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха". Доўга яе нікуды не аддаваў, і толькі ў гэтым годзе пачаў яе друкаваць часопіс "Маладосць". Працаваў і ў кіно. Зрабіў тры кароткаметражныя сцэнарыі. Апошнім з іх задаволены. Гэта - "Сведкі вечнасці", аб беларускіх славутых дрэвах.