Вялізная памылка цёткі Мардж 2 страница

- Але, калі вы падпішыце дазвол,- шпарка працягваў Гары,- я прыкладу ўсе свае намаганні, каб запомніць у якую школу мне трэба хадзіць. І ўвогуле буду разумненькім, нармалёвым і іншае.

Гары быў упэўнены, што дзядзька моцна задумаўся, нягледзячы на ашчэраныя зубы і пульсуючую на скроні вену.

- Згода,- выпаліў ён нарэшце, - Я буду старанна назіраць за тваімі паводзінамі падчас візіту Мардж. І калі ты не саскочыш з належнай версіі, я падпішу твой д’яблавы дазвол.

Дзядзька развярнуўся, адчыніў дзверы і, выйшаўшы, так моцна ляпнуў імі, што ад верхняй часткі дзвярного шкла адваліўся маленечкі кавалак.

Замест таго, каб вярнуцца на кухню, Гары пайшоў наверх у свой пакой. Трэба было дзейнічаць неадкладна, калі ён жадае выглядаць, як сапраўдны магл. Ён павольна і маркотна сабраў ўсе свае падарункі і віншавальныя карткі, схаваў у тайніку пад масцінамі разам з хатняй работай. Потым падыйшоў да савінай клеткі. Эрал і Хэдвіг адпачывалі, схаваўшы галовы пад крылы. Гары моцна ўздыхнуў, а потым паштурхаў клетку, каб птушкі абудзіліся.

- Хэдвіг, - змрочна сказаў хлопчык,- Табе трэба знікнуць прыблізна на тыдзень. Ляці разам з Эрал, каб Рон паклапаціўся пра цябе. Зараз я напішу яму тлумачальную цыдулку. І не глядзі на мяне так,- дадаў ён, гледзячы ў поўныя дакорам бурштынавыя вочы савы,- я тут невінаваты. Але інакш я не буду мець магчымасці наведваць Хогсмід, разам з Ронам і Герміёнай.

Праз дзесяць хвілін Эрал, разам з Хэдвіг (з цыдулкай для Рона на назе) выляцелі ў вакно. А Гары, адчуваючы сябе пагана, з маркотай паставіў пустую клетку ў шафу для вопраткі.

Але ж доўга яму сумаваць не далі. Часу амаль не засталося, цётка Пятуння падняла ўжо лямант, патрабуючы, каб Гары спускаўся ўніз і быў гатовы павітаць госцю.

- Зрабі што-небудзь са сваёй фрэзурай,- гыркнула яна, калі хлопец з’явіўся ў гасцёўні.

Гары не бачыў у гэтым аніякай карысці, бо Мардж настолькі любіла яго крытыкаваць, што чым неахайней, лічыў хлопец, будзе яго выгляд, тым цётка будзе больш добра сябе адчуваць.

Праз імгненне адчулася храбусценне жвіру на дарозе і дзядзькаў аўтамабіль заехаў у двор, адчуўся глухі стук аўтамабільных дзверцаў і крокі па садовай сцежцы.

- Адчыні дзверы, - сыкнула цётка Пятуння Гары.

У душы хлопца ўсё абарвалася, але ён ўзяўся за ручку дзвярэй.

На парозе стаяла цётка Мардж. Яна вельмі нагадвала Вернана. Яна была гэткай жа велізарнай, тлустай, з барвовым колерам твару. У яе нават меліся вусы, хай і не настолькі густыя, як у брата. У адной руцэ цётка Мардж трымала агромністую валізу, а пад пахай несла старога злоснага бульдога.

- А дзе мой Дадлінька?- зароўла яна.- Дзе мой пляменюшачка-душачка?!

Дадлі, цяжка перавальваючыся пабег па калідоры. Яго светлыя валасы былі гладзенька залізаны на тлустай галаве, а гальштук-бабачка ледзь-ледзь выглядаў з-пад яго шматлікіх падбароддзяў. Цётка Мардж так пхнула валізу ў жывот Гары, што ў хлопца перахапіла дыханне, моцна сціснула пляменніка рукою і горача пацалавала яго ў шчоку.

Гары добра ведаў, што Дадлі пагаджаецца з такім абыходжаннем з боку цёткі толькі таму, што яму за гэта далі добры хабар. І, вядома ж, калі яны расчапіліся адно ад аднаго, хлопец трымаў у сваім тлусценным кулаку дваццаць фунтаў.

- Пятуння, - крыкнула цётка Мардж і ступіла міма Гары, бы той быў стойкай для капелюшоў. Дзве жанчыны расцалаваліся, дакладней цётка Мардж патыцкалася сваімі вялізнымі сківіцамі ў кашчавыя скулы цёткі Пятунні.

Следам увайшоў, усміхаючыся, дзядзька Вернан і зачыніў дзверы.

- Ці не жадаеш гарбаты, Мардж, - спытаў ён,- і што будзе Рыпер?

- Рыпер пап’е гарбаты з майго сподку,- адказала цётка Мардж, яны разам адправіліся на кухню, пакінуўшы Гары ў гасцёўні разам з валізаю. Але ж Гары не сумаваў на гэты конт, бо жадаў, як мага менш часу знаходзіцца ў адным месцы з Мардж, таму пакрысе пачаў пхаць яе валізу на другі паверх, да вольнай спальні.

Калі Гары вярнуўся на кухню, цётка Мардж сядзела за сталом і частавалася гарбатай і арэхавымі кексамі, а Рыпер шумна сёрбаў са споду ў кутку. Гары заўважыў, як цётка Пятуння ледзь заўважна ўздрыгвала, бачачы, як пырсткі гарбаты і сліны ляцелі на яе чыстую падлогу. Яна ненавідзела жывёлаў.

А хто даглядае астатніх сабак, Мардж? – спытаў дзядзька Вернан.

- Я пакінула іх гадаваць палкоўніку Фабстэру,- прагудзела цётка,- Ён пенсіянер і яму ўсё роўна чым займацца. Але я не магла пакінуць з ім старэнькага небараку Рыпера. Ён марнее без мяне.

Рыпер пачаў рыкаць, калі Гары зноў прысеў да стала. Толькі цяпер Мардж звярнула на яго ўвагу.

- Як,- гыркнула яна,- Ты яшчэ тут?

- Так, -адказаў Гары.

- Не кажы “так” гэткім няўдзячным тонам,- прарычэла Мардж,- Гэта па-д’ябальску, балазе, што Вернан з Пятунняй трымаюць цябе тут. Я на іх месцы падобнага б не зрабіла. Ты б адправіўся прамкі ў дзіцячы дом, калі б я ўбачыла цябе на маім ганку.

Хлопчык хацеў ужо сказаць, што з задавальненнем жыў бы зараз у дзіцячым доме, а не з Дурслі, але ўспомніўшы пра дазвол наведаць Хогсмід, спыніўся. Ён проста прымусіў сябе пакутліва ўсміхнуцца.

- І не трэба мне пасміхацца,- гыркнула Мардж,- Я бачу ты ані на кроплю не стаў лепей за той час, калі я цябе бачыла апошні раз. Я спадзявалася, што ў школе, якую ты наведваеш цябе навучаць, у цябе ўваб’юць правілы паводзін, - яна зрабіла глыток гарбаты, выцерла вусы і спыталася,- У якую вы школу яго адправілі Вернан, нагадай?

- Св. Брута,- шпарка адказаў дзядзька,- Першакласнейшая ўстанова ў такіх безнадзейных выпадках.

- Згодна,- паведаміла цётка Мардж,- А ці карыстаюцца ў вас у св. Бруце кіём?- раўнула яна Гары праз стол.

- Пам...

Дзядзька ледзь заўважна кіўнуў хлопцу за спінай сястры.

- Так, - адказаў Гары, а потым, адчуўшы што трэба выканаць свой абавязак, дадаў,- Толькі гэтым і займаюцца.

- Выдатна, -прамовіла Мардж,- Не разумею гэтыя манерныя сюсі-мусі глупствы, што нельга лупцаваць тых, хто гэта заслугоўвае. Добрая порцыя бярозавай кашы гэта тое, што трэба ў дзевяноста дзевяці выпадках са ста. А ці цябе часта лупцуюць?

- Зразумела ж, - адказаў Гары, - шмат разоў.

Цётка Мардж пажмурыла вочы.

- Мне ўсё яшчэ недаспадобы твой тон, хлапчына,- заўважыла яна,- Калі ты разважаеш пра пакаранні такім тонам, яны, напэўна, не надта жорстка вас катуюць. На тваім месцы я б даўно напісала ім, што дазваляю выкарыстоўваць крайнія меры ў адносінах гэтага хлопца.

Магчыма, непакоячыся, што Гары можа забыцца пра іхняе пагадненне, Вернан на ўсялякі выпадак змяніў тэму.

- Ці ты чула раннішнія навіны, Мардж? Аднекуль збег зняволены.

*

Як толькі цётка Мардж пакрысе пачала адчуваць сябе як дома, Гары з тугою заўважыў, што сумуе аб сваім ранейшым жыцці ў доме № 4. Дзядзька Вернан з цёткай Пятунняй, збольшага, папярэджвалі Гары, каб ён трымаўся ад Мардж як мага далей, што той з задавальненнем і рабіў. Але ж сама цётка жадала ўвесь час трымаць Гары перад вачыма, каб зручней было знаходзіць новыя метады па яго паляпшэнні. Яна з захапленнем параўноўвала Гары з Дадлі і з задавальненнем рабіла ўласнаму пляменніку дарагія падарункі, пры гэтым заўсёды пазірала на Гары, быццам жадаючы спытаць, чаму падарунка не атрымаў ён. Таксама Мардж штодня намякала, чаму Гары зрабіўся нікчэмнай істотай.

- Вы не павінны вінаваціць сябе, што ён вырас менавіта такім, Вернан,- заўважыла яна падчас абеда на трэці дзень свайго гасцявання,- калі штосьці сапсавалася ўсярэдзіне, з гэтым ўжо нічога не зробіш.

Гары паспрабаваў засяродзіцца на ежы, але рукі яго дрыжэлі, а твар палаў ад шаленства. “Памятай пра дазвол,- супакойваў ён сябе,- Думай пра Хогсмід. Не адказвай. Не ўзбуджайся...”

Цётка Мардж пацягнулася за віном.

- Гэта адно з асноўных правіл селекцыі жывёлы,- прамовіла яна,- і вы гэта добра можаце пабачыць на прыкладзе сабак. Калі штосьці не так з сучкай, то й шчаня будзе абыякі...

Раптам келіх, які Мардж трымала ў рукай разляцеўся, аскепкі паляцелі ва ўсе бакі і цётка пачала мармытаць і адміргівацца, з яе чырвонага твару сцякалі вінныя струменьчыкі.

- Мардж,- правішчала Пятуння,- з табой ўсё добра?

- Не хвалюйся, - рохкнула цётка Мардж, выціраючы твар сурвэткай,- Мабыць замоцна сціснула. Неяк падобнае адбылося, калі я была ў палковніка Фабстэра. Не мітусіся, Пятуння, у мяне папросту моцная хватка...

Але Пятуння з Вернанам неяк падазрона паглядзелі ў Гарын бок, таму хлопец вырашыў не чакаць пудзінга, а сысці з-за стала як мага хутчэй.

Выйшаўшы ў гасцёўню, хлопец, цяжка дыхаючы, прытуліўся да сцяны. Ён упершыню за доўгі час настолькі страціў самакантроль, каб нешта разруйнаваць. Гары не мог дазволіць, каб нешта падобнае здарылася зноўку. І справа не толькі ў Хогсмідзе, калі ён працягне ў гэткім жа духу, яго чакаюць цяжкасці з Міністэрствам Магіі.

Гары быў шчэ непаўнагадовым, таму па вядзьмарскіх законах не меў права чараваць па-за межамі школы. Да таго ж яго характарыстыка ўжо была не надта добрай. Мінулым летам ён атрымаў афіцыйнае папярэджанне з Міністэрства, дзе было паведамлена, што, калі на Прайвет Драйв адбудзецца новы выпадак магічнай актыўнасці, хлопцу пагражае выключэнне з Хогвартса.

Ён пачуў, як Дурслі падняліся з-за стала і паспяшаўся наверх.

*

Гары трымаўся на працягу трох дзён, кожны раз пераводзячы свае думкі на дапаможнік па самастойным дагляданні мятлы, калі цётка Мардж пачынала задзіраць яго. Гэта працавала даволі добра, але ў такія моманты вочы Гары станавіліся бы шкляныя, таму ў яе галаву прыйшла думка, што хлопец – разумова адсталы.

Нарэшце наблізіўся апошні дзень цёткінага гасцявання. Пятуння прыгатавала шыкоўную вячэру, а дзядзька адкаркаваў колькі бутэлек віна. Падчас спажывання супа з ласося аніразу не ўзнікла размова пра ненармалёвасць Гары. Калі падалі цытрынавыя безэ дзядзька Вернан пачаў сумную доўгую гутарку пра поспехі сваёй кампаніі па вытворчасці дрыляў, якую ён назваў “Грунінгс”, тым часам цётка Пятуння падала каву, а дзядзька адкаркаваў бутэльку брэндзі.

- Ці не спакусішся, Мардж?

Цётка Мардж выпіла ўжо зашмат віна. Яе агромісты твар збарвянеў.

- Толькі крышачку,- ўсміхнулася яна,- яшчэ ледзь... яшчэ, о, балазе.

Дадлі еў ўжо чацвёрты кавалак торту. Цётка Пятуння піла каву, адтапырыўшы мезенец. Гары марыў збегчы ў свой пакой, але, сустрэўшыся са злымі вочкамі дзядзькі Вернана, зразумеў, што вымушаны сядзець да канца.

- Ах,- прамовіла цётка Мардж і, цмокнуўшы вуснамі, паклала свой кілішак на стол,- Выдатна пад’елі, Пятуння. Звычайна мне дастаюцца толькі асобныя кавалачкі ежы падчас вячэры, я ж маю дванаццаць сабак...- Яна густа адрыгнула і паляпала па сваім велічэзным жываце,- Вой, пардон. Але ж як мне падабаецца, што ў нашага хлопчыка такая здаровая фігура,- працягнула яна, падморгваючы Дадлі,- Ты вінен быць прыстойнага памеру, Дудерс, як твой бацька. Так, а ці не плюхнеш мне шчэ крышачку брэндзі, Вернан...

- Хвілінку...

Яна тузанула галавой ў Гарын бок, і хлопец пачуў, бы нехта сціскае яго страўнік. Ён імгненна перанёсся думкамі да свайго дапаможніку.

- Ён мае страшэнны і заганны знешні выгляд. Тое ж самае і з сабакамі. Я была вымушана папрасіць палкоўніка Фабстэра ўтапіць аднаго ў мінулым годзе. Нейкі дробны, нікчэмны атрымаўся. Няўдалы. Нячыстакроўны.

Гары паспрабаваў прыпомніць змест дванаццатай старонкі свайго падручніка: раздзел “Замова для ліквідавання дэфектаў вымушанага рэверсу.”

- Як я ўжо колісь казала, усё залежыць ад крыві. Благую кроў аніяк не ўтоіш. Канешне, я адразу ўдакладню, што не маю нічога супраць тваёй сям’і, Пятуння,– яна пагладзіла кашчавую руку Пятунні сваёй рыдлёўкападобнай лапішчай,- але, твая сястра – стухлае яйка. Падобнае здараецца нават ў лепшых сем’ях. Збегла з нейкім валацугам – і вось паглядзіце на вынік.

Гары ўткнуўся ў сваю талерку, у яго вушах стаяў незразумелы звон. “Моцна схапіце хвост сваёй мятлы...”- прыпамінаў ён, але забыўся, што трэба рабіць далей. Голас Мардж, здавалася, свірдлаваў яго розум, як адна з дрыляў дзядзькі Вернана.

- Гэты Потэр,- схапіўшы бутэльку брэндзі і наліўшы адначасова ў свой кілішак і на абрус, спыталася цётка Мардж,- чым ён займаўся?

Дзядзька Вернан і цётка Пятуння выглядалі моцна напружанымі. Дадлі нават адарваўся ад свайго пірага і здзіўлена глядзеў на бацькоў.

- Ён не працаваў,- адказаў дзядзька, упаўвока гледзячы на Гары,- Беспрацоўны.

- Я так і думала,- заявіла Мардж, зрабіўшы вялізны глыток і выцершы падбароддзе рукавом.- Паганец, гультай і абібок-паразіт, які...

- Ён не быў гэткім,- нечакана адказаў Гары. За сталом ўсё сцішэла. Гары ўсяго калаціла. Аніколі ў жыцці ён не быў так раззлаваны.

- ЯШЧЭ БРЭНДЗІ,- крыкнуў дзядзька Вернан, раптам збялеўшы. Ён выліў апошні брэндзі ў кілішак сястры,- А ты хлопец, вэк у ложак, зараз жа...

- Ой, не, Вернан,- ікнула цётка Мардж, падымаючы руку, яе маленькія налітыя крывёю вочкі ўперыліся ў Гары,- Ідзі, хлопча, ідзі. Ты ганарышся сваімі бацькамі? А яны раз – і загінулі ў аўтакатастрофе (вой, я гэдак напілася)...

- Яны не загінулі ў аўтакатастрофе, - прамовіў Гары, падымаючыся на ногі.

- Загінулі, маленькі гідкі хлус, а цябе кінулі цяжарам на сваіх годных і працавітых сваякоў!- гарлапаніла Мардж, набракаючы ад злосці,- Ты, нахабны, няўдзячны, маленькі...

Раптам яна змоўкла. На імгненне здалося, што яна знямела. Здавалася, яна пухне ад невымоўнай лютасці – і яе пухліны ўсё павялічваліся. Вялізны твар пашырыўся, маленькія вочкі вылупіліся, а рот расцягнуўся настолькі, што размаўляць было немагчыма. У наступную секунду, колькі гузікаў сарваліся з яе твідавага піджаку і прасвісцелі ў напрамку сцяны – яна пачала надзьмухацца, як жахлівы паветраны шар, жывот разарваў яе твідавы пас, а пальцы раздуліся да памеру салямі.

- МАРДЖ,- разам закрычалі Вернан з Пятунняй, калі цётка пачала падымацца з крэсла да столі. Яна настолькі скруглела, што пачала нагадваць велізарны шар са свінымі вочкамі, а яе рукі і ногі тырчэлі дзівосным чынам. Яна ўзнялася ў паветра, хваравіта патрэскваючы.Рыпер насіўся па пакоі, па-вар’яцку брэшучы.

- НЕЕЕЕЕЕЕ!

Дзядзька Вернан схапіў Мардж за нагу, спрабуючы падцягнуць яе на месца, але сам ледзь не падняўся з падлогі. У наступную секунду, Рыпер скокнуў наперад і ўпіўся зубамі ў дзядзькаву нагу.

Гары знік з пакою і накіраваўся да каморы пад лесвіцай. Дзверы каморы магічным чынам расчыніліся, як толькі хлопец крануў іх. За колькі секунд ён дацягнуў сваю валізу да ўваходу. Пасля Гары кінуўся наверх да свайго ложку, адарваў масніцы, выцягнуў з-пад іх навалачку, поўную кніг і свае падарункі на дзень нараджэння. Выкруціўшыся, ён схапіў пустую савіную клетку і пабег ўніз да сваёй валізы, Тут у гасцёўню ўварваўся дзядзька Вернан, яго калашына была ў крывавых жмутах.

- А НУ, ВЯРНІСЯ!- зароў ён,- ВЯРНІСЯ І ЯЕ ВЯРНІ НАЗАД!

Але Гары ўжо ахапіла безразважная злосць. Ён расчыніў сваю валізу, дастаў з яе сваю чароўную палачку і накіраваў яе на дзядзьку Вернана.

- Яна гэта заслужыла,- хутка дыхаючы адказаў Гары,- І атрымала па заслугах. А вы трымайцеся ад мяне падалей.

Гары навобмац знайшоў ручку дзвярэй.

- Я сыходжу,- сказаў ён, - З мяне годзе!

Праз імгненне ён ўжо быў на цёмнай ціхай вуліцы. Гары ішоў, цягнучы за сабой сваю цяжкую валізу, трымаючы пад пахай савіную клетку.

 

— РАЗДЗЕЛ III —

 

Начны Омнібус

 

Гары мінуў колькі кварталаў, але, згубіўшы сілы, заваліўся на нізенькую сценку на Магноліа Крэсэнт, ён цяжка дыхаў і быў не ў стане далей цягнуць сваю валізу. Хлопец сядзеў і не рухаўся, прыслухоўваючыся да грукату свайго сэрца, у ім усё яшчэ кіпела злосць.

Але праз дзесяць хвілін самотнага прыбывання на цёмнай вуліцы яго ахапіла пачуццё панікі. Разважаючы пра сваё становішча, ён разумеў, што яно горш, чым колісь у яго жыцці. Ён быў кінуты, адзін ў цемры, сярод маглаў і не ведаючы куды ісці. А горш за ўсё: ён толькі што скарыстаўся вельмі моцным чараўніцтвам і, верагодна, будзе выключаны з Хогвартса. Ён настолькі сур’ёзна парушыў Загад аб абмежаваннях для непаўнагадовых чараўнікоў, што быў вельмі здзіўлены, чаму дагэтуль яго не знайшлі прадстаўнікі Міністэрства магіі.

Гары ўздрыгануўся і агледзіў вуліцу. Ён не ведаў, што з ім будзе далей. Ці яго арыштуюць, ці папросту аб’явяць ў вядзьмарскім свеце па-за законам? З нясцерпнаю тугою ў сэрцы ён думаў пра Рона і Герміёну. Гары ведаў, што нягледзячы ні на што сябры дапамаглі б яму зараз, але яны былі ў іншым Свеце, да таго ж ён застаўся без Хэдвіг і звязацца з імі не мог.

Хлопец не меў нават маглаўскіх грошай, а толькі. крыху чараўніцкіх . Большасць з багацця, пакінутага яму бацькамі, знаходзілася ў Грынгацкім вядзьмарскім банку ў Лондане. Яму анізашто не дацягнуць сваю валізу да Лондана, калі толькі...

Гары зірнуў на чароўную палачку, якую ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Сэрца яго балюча грукатала, хлопчык вырашыў, што калі ён усё роўна ўжо выключаны з Хогвартсу, яшчэ адно чараўніцтва не перашкодзіць яму. У яго была мантыя-невідзімка, пакінутая ў спадчыну бацькам... Калі магічным чынам зрабіць валізу лягчэйшай, прывязаць да мятлы і, схаваўшыся пад мантыяй, адляцець да Лондану? Тады ён зможа забраць са свайго рахунку астатнія грошы і распачаць жыццё выгнанніка. Перспектыва была жудаснай, але сядзець на месцы ён не мог, ці прыйдзецца тлумачыць маглаўскай паліцыі, што ён тут забыўся, глыбокай ноччу з поўнай валізай падручнікаў па замовах і мятлой.

Гары зноўку раскрыў валізу і пачаў капацца ў яе змесціве, шукаючы мантыю-невідзімку... Але не паспеўшы яе знайсці, раптоўна выпрастаўся і зноў агледзіў плошчу.

Па дзіўным паскубванні ў патыліцы хлопец адчуў, што за ім сочаць, але ж вуліца здавалася пустыннай і ў ніводным са шматлікіх дамоў не свяціліся вокны.

Гары зноў нахіліўся да валізы, але адразу ж выпрастаўся, сціскаючы палачку ў руцэ. Хлопец не тое, каб пачуў ці ўбачыў, але нейкім шостым пачуццем зразумеў, што ззаду яго, паміж гаражом і плотам нехта стаіць. Гары скасіўся на цёмны праход. Толькі калі істота варухнецца, ён зразумее, гэта вулічны кот ці... хтось іншы.

“Люмас”- прамармытаў Гары, і на кончыку яго палачкі загарэўся асляпляльны агенчык. Ён падняў палачку над галавой, і пакрытыя галькай сцены навакольных дамоў заззялі; дзверы гаража пачалі блішчэць, а ля іх Гары амаль што выразна ўбачыў нязграбную фігуру даволі агромністай істоты з бліскучымі вачыма.

Гары зрабіў крок назад. Яго ногі спатыкнуліся аб уласную валізу, і хлопец паваліўся. Яго палачка выпала з рук, ён раскінуў іх, паспрабаваўшы захаваць раўнавагу, але цяжка зваліўся ў дажджавы сцёк.

Раздаўся аглушальны БУХ, і Гары быў вымушаны закрыць рукамі вочы, бо нешта асляпіла яго...

З енкам хлопец адскочыў з дарогі на тратуар і зрабіў гэты даволі сваечасова. Секундаю пазней на тым месцы, дзе ён толькі што быў, паказаліся фары і пара гіганцкіх колаў завішчала супыняючыся. Калі Гары падняў галаву, убачыў, што фары і колы належылі трохпавярховаму пурпурова-фіялетаваму аўтобусу. Над ветравым шклом ззялі залатыя літары “Начны Омнібус”.

Каля секунды Гары разважаў, ці не аглушыла яго падчас падзення. Але тут з расчыненых дзвярэй выскачыў кандуктар і пачаў громка казаць уноч:

“Сардэчна запрашаем вас ў Начны Омнібус, хуткая дапамога для чараўнікоў і ведзьмакоў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Прагаласуйце, стоячы на абочыне, сваёй чароўнай палачкай – і мы ў стане давезці вас да любога месца, куды вам трэба. Мае імя Стэн Шунпайк і я ваш кандуктар, гэтым ве...”

Кандуктар раптоўна спыніўся. Толькі зараз ён заўважыў Гары, які працягваў сядзець на зямлі. Хлопчык схапіў сваю палачку і падняўся на ногі. Падышоўшы бліжэй да Стэна, Гары заўважыў, што той быў гадоў на пяць старэйшы за яго. На выгляд кандуктару было васямнаццаць ці дзевятнаццаць гадоў, не больш. З адтапыранымі вушамі і злёгку вуграватым тварам.

- Ты што там робіш?- спытаў Стэн, перайшоўшы на звычайную мову.

- Падслізнуўся,- адказаў Гары.

- А якога ты падслізгіваўся?- пасміхнуўся Стэн.

- Хіба я наўмысна,- раздражнёна адказаў хлопчык. Адно калена на джынсах разарвалося, а бок, якім Гары паваліўся, на тратуар крывеў. Раптам ён успомніў прычыну свайго падзення і хутка павярнуўся, каб паглядзець, што там было паміж гаражом і плотам. Фары Омнібуса добра асвятлялі гэтае месца, але там ўжо нікога не было.

- Каго ты там згубіў?- спытаўся Стэн.

- Там быў нехта вялізны,- прамовіў Гары, паказваючы на праход,- Падобны на сабаку, вельмі агромністага.

Хлопчык паглядзеў на Стэна, які стаяў з крыху раскрытым ротам. Раптам ён заўважыў, што вочы кандуктара супыніліся на яго шнары.

- А там ў цябе што за халера?- раптам спытаўся Стэн.

- Анічога,- шпарка адказаў Гары, хаваючы шнар за валоссем. Калі Міністэрства магіі расшуквае яго, ён не жадаў палягчаць гэту справу.

- А як зваць?- не спыняўся кандуктар.

- Нэвіл Лонгботам,- адказаў Гары, назваўшы першае імя, што прыйшло да галавы,- А, гэты... ну, гэты аўтобус,- хутка працягваў хлопчык, пытаючыся адцягнуць ўвагу Стэна,- ён што, насамрэч куды заўгодна давязе?

- А то,- ганарліва адказаў кандуктар,- мы завязем куды заўгодна, на любую адлеглась, толькі ані пад вадой. Слухай,- падазрона гледзячы на хлопца, спытаў Стэн,- А ты ці на самой справе нас вызваў, ці як? Ну там, палачку падняў і... ці не?’

- Зразумела,- шпарка адказаў Гары,- Колькі да Лондана?

- Адзінаццаць сіклей,- адказаў Стэн,- за трынаццаць дамо кубак гарачага шакаладу, а за пятнаццаць – грэлку і шчотку любога колеру для тваёй пашчы.

Гары пакапаўся ў сваёй валізе, знайшоў там гаманец і працягнуў Стэну колькі срэбнікаў. Потым разам яны пагрузілі ў аўтобус Гарыну валізу і клетку Хэдвіг.

Тут не было месца для сядзення, замест іх ля занавешаных фіранкамі вокан стаялі паўтузіна латунных ложкаў. Ля кожнага з іх гарэлі свечкі, асвятляючы абабітыя дрэвам сцены. Маленечкі вядзьмак ў начным каўпаку, перакруціўшыся ў сне, прамармытаў: “Не, дзякуй, не зараз. Я пакуль марыную лічынак.”

- Падай сюды,- прашапатаў Стэн, запхаўшы Гарыну валізу пад ложак за крэслам кіроўцы, што сядзеў за рулём.- А гэта наш кіроўца Эрні Пранг. Эрныч, пазнаёмься – гэта Нэвіл Лонгботам.

Эрні, які быў пажылым ведзьмаком з таўшчэзнымі акулярамі, кіўком прывітаў хлопчыка, Гары нервова прыгладзіў сваю фрэзуру і сеў на ложак.

- Панясліся, дзядзька,- сказаў Стэн, прысеўшы ў крэсла ля кіроўцы.

Раздаўся аглушальны БУХ – і праз імгненне Гары перакуліла назад. Ён апынуўся на ложку. Аўтобус ехаў занадта хутка. Выпрастаўшыся, Гары зірнуў у цёмнае акно і ўбачыў, што яны зараз едуць па зусім іншай вуліцы. Стэн паглядзеў на збянтэжаны твар Гары з захапленнем.

- Тутака мы былі, калі ты нас вызваў.- сказаў ён,- Мы дзесь у Вэльсе, Эрныч?

- Ну,- адказаў кіроўца.

- А хіба маглы не заўважаюць аўтобус?-спытаўся хлопчык.

- Хто?- ганарліва адказаў Стэн,- Яны хіба ўвогуле штось заўважаюць? Ані бачаць, ані чуюць. Не ўмеюць.

- Хадзі будзіць мадам Марш, Стэн,- сказаў Эрні,- Мы будзем у Абергэйвене праз хвіліну.

Стэн прайшоў міма ложка Гары і праскочыў па лесвіцы на наступны паверх. Гары працягваў глядзець у вакно, усё больш і больш нервуючыся. Эрні здавалася ўвогуле не карыстаўся стырном. Начны Омнібус ніколі не прытрымліваўся асфальтавай дарогі, але не наштурхоўвася ані на што, таму што ліхтарныя слупы, паштовыя скрыні і сметнікі адскоквалі ўбакі, калі ён да іх набліжаўся і толькі потым вярталіся на сваё месца.

Стэн спусціўся ўніз, суправаджаючы бледна-зялёную вядзьмарку ў дарожнай мантыі.

- Вось так, мадам Марш,- бадзёра прамовіў Стэн, Эрні націснуў на тормаз, ледзь не згрудзіўшы ложкі ў пярэдняй частцы аўтобуса. Мадам Марш паклыпала на вуліцу, прыціснуўшы рот насоўкаю. Стэн кінуў ёй услед торбу і з грукатам зачыніў дзверы; раздалося моцнае БАХ, і яны зноў панесліся наперад, прымушаючы дрэвы, што сустракаліся на іх шляху, з жахам адскокваць убок.

Гары не мог спаць падчас вандравання на аўтобусе, які едзе роўна, ужо не кажучы пра той, які ўвесь час выбухае і робіць стомільныя скокі. Яго ванітавала штораз, калі Омнібус пачынаў рух. Ён разважаў пра тое, што будзе з ім далей, і ці атрымалася Дурслі вярнуць цётку ў нармалёвы стан.

Стэн разгарнуў экзэмпляр “Штодзённага вяшчуна” і пачаў яго чытаць, высунуўшы язык між зубамі. Вялізны фотаздымак чалавека з доўгім ускудлачаным валоссем павольна міргнуў Гары з галоўнай старонкі. Ён здаўся хлопчыку занадта знаёмым.

- Гэты чалавек!- прамармытаў ён на хвіліну, забыўшыся на свае праблемы,- Яго паказвалі па маглаўскіх навінах!

Стэнлі адвярнуўся ад газеты і ўсміхнуўся.

- Сірыюс Блэк,- прамовіў ён ківаючы галавою,- А то ж, пра яго не будзе ў маглаўскіх навінах, Нэвіл. Ты што ў пячоры жывеш?

Ён моцна засмяяўся, убачыўшы здзіўленыя вочы Гары, і працягнуў яму першую паласу газеты.

- Табе трэ паболе чытаць прэсу, Нэвіл.

Гары развярнуў газетны ліст да святла і прачытаў:

 

“БЛЭК ПАКУЛЬ НА СВАБОДЗЕ

Сірыюс Блэк – напэўна, самы сумна вядомы вязень, з тых, што месціліся калі-небудзь у крэпасці Азкабан, па-ранейшаму пазбягае затрымання, пацвердзілі сёння прадстаўнікі Міністэрства магіі.

“Мы робім ўсё магчымае, каб схапіць Блэка,- паведаміў сённяшняй раніцай у сваім інтэрв’ю міністр па справах магіі Карнэліюс Фадж,- і просім вядзьмарскую супольнасць супакоіцца”.

Міністр ужо быў падвергнуты крытыцы з боку Сусветнай Федэрацыі Ведзьмакоў за інфармаванне маглаўскага прэм’ер-міністра аб гэтай праблеме.

“Я сапраўды павінен быў гэта зрабіць і вы дастаткова добра ведаеце,- паведаміў раздражнёны міністр.- Блэк- вар’ят. І ён небяспечны для любога чалавека, які сустрэнецца на яго шляху, як для чараўніка, так і для магла. Са свайго боку прэм’ер упэўніў мяне, што не раскрые сапраўдную сутнасць Блэка. І будзем аб’ектыўнымі, хто яму паверыць, нават калі ён гэта паведаміць?”

Маглам паведамілі, што Блэк мае пры сабе стрэльбу (металічная палка з дапамогай якой, маглы забіваюць адно аднаго). Тым не менш, уся магічная супольнасць жыве ў страху перад новай бойняй, якая можа паўтарыць падзеі дванаццацігадовай даўніны, калі Блэк адной замовай забіў трынаццаць чалавек”.

 

Гары паглядзеў у цмяныя вочы Сірыюса Блэка, яго запалы твар толькі часткова выглядаў жывым. Хлопчык ніколі не сустракаў сам насам упіроў, але шмат раз бачыў іх на выявах у кабінеце па Абароне ад Цёмных Мастацтваў і Блэк з яго васкова-белай скурай выглядаў адным з іх.

- Жахлівая істота, ці не так?- спытаўся Стэн, калі Гары скончыў чытанне.

- І што. Ён насамрэч забіў трынаццаць чалавек?- спытаўся Гары, аддаючы кандуктару газету.- І зрабіў гэта адной замовай?

- А то,- адказаў той,- Забіў пры сведках і сёе-тое. Сярод белага дня. Гэта выклікала неблагі перапуд, ці не так, Эрн?

- Ну,- змрочна адказаў кіроўца.

Стэн развярнуўся ў сваім крэсле і сеў, паклаўшы рукі на спінку, каб лепш бачыць Гары.

- Блэк, быў адным з самых крутых паплечцаў Сам Ведаеш Каго,- паведаміў ён

- Што? Вальдэморта?- не задумваючыся, спытаўся хлопчык.

У Стэна на твары збялелі нават вугры, а Эрн тузануў стырно так, што каб не трапіць пад калёсы аўтобуса, убок адскочыў фермерскі дом.

- Ты насамрэч дзікун?- уз’енчыў Стэн.- якога, ты называеш яго імя?

- Ой, прабач,- паспешліва адказаў Гары.- Прабач. Я забыўся...

- Забыўся?!- слабым голасам вымавіў Стэн.- Я ледзь уласным сэрцам не рыгануў.

- Так, Блэк быў паплечнікам Самі Ведаеце Каго?- быццам просячы прабачэння, працягваў Гары.

- Зразумела ж,- адказаў Стэн, працягваючы паціраць грудзі,- Да бабкі не хадзі. Кажуць, быў найбліжэйшым... калі малы Гары Потэр, скруціў Сам Ведаеш Каму галаву,- хлопчык зноў нервова прыгладзіў сваю чэлку,- Усіх паплечнікаў Сам Ведаеш Каго адлавілі, ці не так Эрні? Большасць з іх здагадалася, што з сыходам іх галоўнага, уся казка скончылася і сцішыліся. Але не Сірыюс Блэк, калі Сам Ведаеш Хто дубца даў, ён вырашыў заняць яго месца.

- А калі Блэка нарэшце загналі ў кут пасярод вуліцы, дзе было дахалеры маглаў, ён не доўга думаючы дастаў сваю палачку і падарваў палову вуліцы. Пацярпелі колькі чараўнікоў і з дзесятак маглаў, што трапіліся пад ногі. Ці не жах? Але ці ведаеш, як Блэк сябе трымаў?- драматычным шэптам спытаў Стэн.

- Як?- пацікавіўся Гары.

- Рагатаў,- працягваў кандуктар,- Папросту стаяў і рагатаў сабе. Ды калі да яго падляцела падмацоўка з Міністэрства магіі ён пайшоў з імі, бы так і трэба. Ды покі сыходзіў працягваў рагатаць. Таму што ён шалёнец, ці не так Эрн? Хіба не, не шалёнец?

- Нават, калі й не быў, да таго як пайсці ў Азкабан... дык зараз дакладна,- ціхім павольным голасам адказаў Эрн,- Я лепш бы сябе падарваў, чым туды ісці. Лічу што... пасля таго, што ён зрабіў, так яму і трэба.

- Тады людзей даслалі, каб яго схапаць, ці так, Эрн?- працягваў Стэн,- Тут бабах – і ўся вуліца паперакоцаная, і вакол дохлыя маглы. Што яны за прычыну выдумалі, Эрн?

- Выбух газу,- крэкнуў Эрні.

- І ось ён змыўся,- падагульніў кандуктар, яшчэ раз уважліва паглядзеўшы на газетную выяву са змрочным тварам Блэка.- З Азкабану ані ніхто не змываўся, ці так, Эрн? І хай мяне халера, як ён гэта зрабіў? Жах, ці не? Думаю, яму ані не даспадобы зноўку стрэцца з ахоўнікамі Азкабана, а, Эрн?

Эрні раптоўна ўздрыгануўся.

- Давай пра што яшчэ пагаманім, Стэн, будзь добрым хлопцам. Мяне толькі ад узгадвання азкабанскай аховы усяго круціць.

Стэн без ахвоты адклаў газету. Гары глядзеў у акно Начнога Омнібуса, яму было горш чым калі-небудзь. Ён уяўляў сабе, і нічога не магло адцягнуць яго ад гэтай думкі, як Стэн на працягу колькі начэй распавядае сваім пасажырам.