Вялізная памылка цёткі Мардж 4 страница

- Ты набыла гэту пачвару?- адкрыўшы рот спытаўся Рон.

- Але ж ён гэткі пышны, няўжо не?- ззяючы, адказала дзяўчынка.

Гэта ўсё справа густу, вырашыў Гары. Кот быў рудым, тоўстым і пухнатым, але быў крыху крывалап, а яго мыска была нейкай змрочнай і дзівавата сплясканай, нібы той з разбегу стукнуўся аб цагляную сцяну. Зараз, калі Скаберс быў паза вачыма, кот задаволена варкатаў на руках у Герміёны.

- Герміёна, ён жа ледзь не скальпаваў мяне,- заўважыў Рон.

- Ты ж не збіраўся гэтага рабіць, Крукшансік?- спыталася ў ката Герміёна

- А як наконт Скаберса?- не сунімаўся Рон, кажучы на камяк ў нагруднай кішэні.- Яму трэба супакоіцца і адпачыць! І як у яго гэта атрымаецца ў падобнай кампаніі?

- Нешта нагадвае мне, што ты забыўся пра свой пацучыны тонік,- адказала Герміёна, шпуляючы чырвоную бутэлечку ў рукі Рона.- І не хвалюйся. Крукшанс будзе спаць у маім пакоі, а Скаберс у вашым. Ці ж гэта праблема? Бедны Крукшансянятка, вядзьмарка паведаміла, што ён месціўся ў краме амаль што вечнасць: ніхто яго не набываў.

- Цікава чаму,- пасміхнуўся Рон, калі яны ўваходзілі ў Дзіравы Кацёл.

Увайшоўшы яны ўбачылі містэра Візлі, што сядзеў у бары, чытаючы Штодзённага вяшчуна.

- Гары!- падняўшы ўгору вочы і пасміхнуўшыся сказаў ён.- Як маешся?!

- Усё добра, дзякуй,- адказаў хлопчык, далучаючыся разам з Ронам, Герміёнай і ўсімі іх набыткамі да містэра Візлі.

Мужчына паклаў на стойку газету на старонцы якой, Гары заўважыў знаёмую выяву Сірыюса Блэка, што пазірала на яго.

- Ён дагэтуль не спайманы?- спытаўся хлопчык

- Ані,- адказаў містэр Візлі са змрочным поглядам.- Яны адцягнулі нас усіх ад асноўнай працы ў Міністэрстве, каб разам паспрабаваць знайсці яго. Але пакуль ніякай карысці.

- А ці не будзе ўзнагароды таму, хто спаймае яго?- спытаўся Рон.- Было б выдатна атрымаць яшчэ больш грошай...

- Не будзь блазням, Рон,- адказаў містэр Візлі, які зблізу выглядаў моцна напружаным,- Каб Блэка схапіў трынаццацігадовы вядзьмак?! Хто гэта зробіць, дык толькі азкабанскія ахоўнікі, паверце маім словам.

Тут у бар увайшла місіс Візлі нагружаная купаваннем, разам з ёй ішлі двайняты Фрэд і Джордж, што збіраліся вучыцца ў Хогвартсе ўжо пяты год. За імі рушылі Пэрсі, абраны старастам школы, і Джыні – самая малодшая з усіх і адзіная ў сям’і дачка.

Джыні, якая і раней моцна захаплялася Гары, цяпер здавалася мацней чым колісь збянтэжанай пры позірку на хлопца; магчыма таму, што той выратаваў яе жыццё падчас іх апошняга семестра ў Хогвартсе

- Прывітанне,- прамармытала дзяўчо, прайшоўшы міма Гары са счырванелым тварам, нават ня гледзячы на яго. Пэрсі ж наадварот афіцыйна, бы ён і Гары не былі знаёмы, працягнуў таму руку.

- Гары,- прамовіў ён,- як прыемна цябе ўбачыць!

- Вітаю, Пэрсі,- імкнучыся не засмяяца, сказаў Гары.

- Спадзяюся з табой ўсё балазе?- напышліва спытаўся Пэрсі, працягваючы паціскаць руку хлопчыку, як быццам вітаўся з самім мэрам.

- Усё вельмі выдатна, дзякуй...

- Гары!- адштурхнуўшы старэйшага брата локцем, пакланіўся Фрэд,- Як файна цябе зноў бачыць, дзядзька...

- Шыкоўна,- мовіў Джордж, пхнуўшы Фрэда ўбок і хапаючы руку Гары,- Невычарпальна пышна!

Пэрсі спахмурнеў.

- Ну ўсё, годзе,- сказала місіс Візлі.

- МАМА!- усклікнуў Фрэд, бы толькі што заўважыў яе і схапіўшы матулю за руку прамовіў.- Як жа, сапраўды найцудоўна бачыць цябе...

- Я кажу, годзе,- прамовіла жанчына, паклаўшы свае набыткі на вольнае крэсла.- Прывітанне, Гары, любы мой. Спадзяюся ты ўжо пачуў нашы неверагодныя навіны?- яна прадэманстравала навенечкі срэбны значык на грудзях Пэрсі.- Другі стараста школы ў нашай сям’і!

Яна здавалася перапоўненай гонарам.

- І апошні,- прамармытаў сабе пад нос Фрэд.

- Нават не сумняваюся. - заўважыла місіс Візлі,- І спадзяюся ім не прыйшо на галаву зрабіць вас дваіх прэфектамі.

- Прэфектамі?- усхамянуўся Джордж, з абурэннем гледзячы нават на саму гэту ідэю.- І згубіць апошняе задавальненне ад жыцця.

Джыні пасміхнулася.

- Мог бы падаваць сястры лепшы прыклад!- адрэзала маці.

- Джыні можа браць прыклад з іншых братоў, мам,- пагардліва заўважыў Пэрсі.- Пайду пераапрануся для вячэры...

Калі той знік з вачэй, Джордж з палёгкай уздыхнуў.

- Мы хацелі замураваць яго ў адной з пірамід,- падзяліўся ён з Гары,- але гэта заўважыла маці.

*

Вячэра адбылася найвыдатнейшай. Гаспадар катла Том, склаў разам тры сталы, за якімі селі сямёра Візлі, Гары і Герміёна. Кожны атрымаў па пяць найсмачнейшых страў.

- Як мы заўтра дабярэмся да Кінг Кросс, тат,- спытаўся Фрэд, падчас пажадлівага спажывання шакаладнага пудынгу.

- З Міністэрства дашлюць пару машын,- адказаў містэр Візлі.

Усе, хто знаходзіўся за сталом, здзіўленна зірнулі на яго.

- Навошта?- з зацікаўленнасцю спытаўся Пэрсі.

- Дык ўсё ж з-за цябе, Пэрсі,- сур’ёзным тонам заўважыў Джордж.- І на кожнай з машын будуць месціцца сцяжкі з літарамі СШ...

-... Сапраўдны Шляхцюк,- працягнуў Фрэд.

Усе, акрамя Пэрсі і місіс Візлі пырснулі ў свае пудынгі.

- А што на самой справе, тата?- спытаўся Пэрсі, не губляючы годнасці.

- Ну, як. Мы ж не маем уласнай,- адказаў містэр Візлі,- таму на працы, мне аказалі ласку...

Голас містэра Візлі быў спакойны і нязмушаны, але Гары заўважыў, што вушы яго счырванелі, як у Рона, калі той бывае моцна напружаным.

- Ну вось і добра, - хуценька прамовіла місіс Візлі,- Вы разумееце колькі рэчаў мае кожны з вас? І як бы вы з ўсім гэтым выглядалі б у маглаўскім метро? Між іншым, ці вы ўсе сабраліся?

- Рон пакуль не сабраў свае рэчы ў валізу,- найпакутлевым голасам прамовіў Пэрсі,- ён папросту скінуў іх на маім ложку.

- Табе лепш пайсці і запакавацца, Рон, раніцай у нас не будзе надта шмат часу,- выгаварыла яму місіс Візлі. Рон сувора глянуў на Пэрсі.

Пасля вячэры ўсе адчулі сытасць і санлівасць. Адно за адным усе разышліся па сваіх пакоях, каб яшчэ раз праверыць свае рэчы. Рон і Пэрсі былі суседзямі Гары. Ён толькі ўдакладніў, ці ўсё сабрана ў валізе, як пачуў раз’юшчаныя галасы з суседняга пакою і пайшоў паглядзець, што адбываецца.

Дзверы дванаццатага пакою былі прыадчыненыя.

- Менавіта тут на століку я яго і пакінуў, каб адпаліраваць...- крычаў Пэрсі.

- Я нават не дакранаўся да яго,- крычаў Рон у адказ.

- Што здарылася?- спытаў Гары.

- Знік мой значык школьнага старасты,- сказаў Пэрсі, азірнуўшыся на Гары.

- І пацучыны тонік Скаберса,- дадаў Рон, вытрахаючы змесціва сваёй валізы.- Я нават пачаў думаць, ці не забыўся я яго ў бары...

- Ты нікуды не пойдзеш, пакуль не знойдзеш мой значык,- зароў Пэрсі.

- Я пашукаю лекі Скаберса, бо ўжо ўпакаваны, - прамовіў Гары Рону і пайшоў уніз.

Гары быў на поўдарогі да бару, які цяпер быў пакрыты цемраю, калі пачуў яшчэ пару разлютаваных галасоў, што раздаваліся з гасцёўні. Праз імгненне ён пазнаў іх уладальнікаў, гэта былі містэр і місіс Візлі. Ён вагаўся і не жадаў, каб яны ведалі, што ён чуў іх лаянку, калі гук уласнага імя не прымусіў яго падыйсці да дзвярэй і прыслухацца.

- ... ня мае сэнсу не казаць яму анічога,- з запалам казаў містэр Візлі,- Гары мае поўнае права ўсё ведаць. Я размаўляў з Фаджам на гэты конт, але ён лічыць, што з Гары трэ апекавацца, як з малым дзіцём. Але ж яму ўжо трынаццаць год і...

- Артур, праўда можа яго напалохаць!- пранізліва казала місіс Візлі.- Няўжо ты жадаеш адправіць Гары ў школу з гэткім навіслым грузам? Сапраўды кажу табе, ён шчаслівы пакуль ня ведае анічога!

- Я не жадаю, каб ён быў няшчасным, але жадаю, каб ён быў асцярожным!- запярэчыў містэр Візлі.- Ты ж ведаеш наколькі падобныя Гары і наш Рон, яны нават блукаючы разам, патрапілі ў Забаронены Лес! Але ж Гары не павінен рабіць анічога падобнага ў гэтым годзе! Калі я думаю, што магло здарыцца з ім у тую ноч, як ён збег з хаты... Калі б Начны Омнібус не падхапіў яго, гатовы біцца аб заклад, што калі б Міністэрства знайшло яго, ён быў бы ўжо мёртвым...

- Але ж не памёр і ўвогуле выдатна выглядае, так што...

- Адны кажуць, што Сірыюс Блэк – вар’ят, другія, не... У любым выпадку яму хапіла розуму, каб збегчы з Азкабана, што ў прынцыпу немагчыма. І ўжо месяц мінуў, а ніхто нічога не бачыў і нават на волас не наблізіўся да месца яго схованкі. Мяне не хвалюе тое, што Фадж рэгулярна паведамляе Штодзённаму Вяшчуну, мы не бліжэй да яго злову, чым да вынаходніцтва самазаклённай палачкі. Адзінае, у чым мы дакладна ўпэўнены, гэта ў тым, што Блэк пасля...

- Гары будзе добра ахоўвацца ў Хогвартсе.

- Мы лічылі, што і Азкабан добра ахоўваецца. А, калі Блэк змог вырвацца з Азкабана, ён можа пранікнуць і ў Хогвартс.

- Але ж дагэтуль ніхто не ўпэўнены, што Блэку патрэбны менавіта Гары...

Адчуўся нейкі грукат, хлопчык быў упэўнены, што містэр Візлі грукнуў кулаком па стале.

- Молі, колькі разоў я павінен казаць табе, што не пра ўсё паведамляюць ў газетах! Фадж не казаў ім пра гэта, але я ведаю, што ён хадзіў у Азкабан, адразу пасля таго як Блэк уцёк. Ахова паведаміла яму, што Сірыюс увесь час размаўляў у сне, і кожны раз казаў адно і тое ж: “Ён у Хогвартсе... ён у Хогвартсе”. Блэк – зшалелы і ён жадае забіць Гары. Ты спытаешся ў мяне чаму? Адкажу! Пэўна Сірыюс лічыць, што забойства Гары, павярне да ўлады яго гаспадара. Блэк страціў усё той ноччу, калі Гары перамог Сама Ведаеш Каго і ўсе дванаццаць год месцішча ў Азкабане разважаў пра гэта...

Запанавала цішыня. Гары памкнуўся да дзвярэй, адчайна спрабуючы пачуць больш.

- Добра, Артур, рабі тое, што лічыш правільным. Але й не забывайся аб Альбусе Дамблдоры. Я не думаю, што ў Хогвартсе штось можа пашкодзіць Гары, пакуль ён там кіруе. Спадзяюся ён пра ўсё ведае?

- Вядома ж не. Мы толькі загадалі яму размясціць вакол школы азкабанскую ахову. Ён не быў у захапленні ад гэтага, але пагадзіўся.

- Не быў у захапленні? Чаму яму не быць задаволеным з той думкі, што яны там, каб схапіць Блэка?

- Дамблдор, не любіць азкабанскую ахову,- з цяжкасцю ў голасе прамовіў містэр Візлі,- і шчыра кажучы, я таксама... Але ж, калі гаворка ідзе аб такім чараўніку як Блэк, тут патрэбна аб’яднаць свае намаганні і з тымі, каго лепш пазбягаць.

- Калі яны выратуюць Гары...

-... аніхто, нічога супраць іх не скажа,- стомлена прамовіў містэр Візлі.- Ужо запозна, нам трэба ісці...

Гары адчуў, як рухаюцца крэслы. Як мага цішэй ён паспяшаўся па калідоры ў бар і схаваўся. Грукнулі дзверы гасцёўні. А праз колькі секунд рыпаючыя прыступкі паведамілі хлопчыку, што містэр і місіс Візлі падымаюцца на другі паверх.

Бутэлечка з пацучыным тонікам ляжала пад столікам, дзе яны ранней сядзелі падчас вячэры. Гары пачакаў, пакуль не грукнуць дзверы пакою містэра і місіс Візлі, і паспяшаўся наверх разам з бутэлечкай.

Фрэд і Джордж стаіліся ў цені на лесвічным маршы і душыліся са смеху, слухаючы, як Пэрсі перакопвае іх з Ронам пакой у пошуках значыка.

- Ён у нас,- прашапатаў Гары Фрэд.- глядзі, як мы яго ўдасканалілі.

На значыку цяпер ззяў надпіс “Шкодны стараста”.

Гары натужна хмыкнуў, зайшоўшы аддаў Рону пацучыны тонік, потым зачыніўся ў сваім пакоі і заваліўся на ложык.

Так Сірыюсу Блэку патрэбны ён. Гэта ўсё тлумачыць. Фадж быў гэткім паблажлівым, таму што ўзрадаваўся, што Гары жывы. Ён загадаў Гары заставацца на Дыягон Алеі, дзе заўжды было шмат чараўнікоў, якія маглі сачыць за ім. І ён заўтра дасылае дзве машыны з Міністэрства, каб Візлі маглі назіраць за ім пакуль той не сядзе на цягнік.

Гары ляжаў, слухаючы воклічы ў суседнім пакоі і пытаўся сам у сябе, чаму яму больш не страшна. Сірыюс Блэк забіў адной замоваю трынаццаць чалавек; містэр і місіс Візлі пэўна вырашылі: Гары запанікуе, калі даведаецца праўду. Але ён сапраўды шчыра лічыў, што місіс Візлі мела рацыю, месца, дзе паблізу ёсць Альбус Дамблдор самае бяспечнае на зямлі. Нездарма людзі кажуць, што адзіны чалавек, які ніколі не баяўся Лорда Вальдэморта быў менавіта Дамблдор. Няўжо ж дырэктар спужаецца яго правай рукі?

А гэтыя ахоўнікі з Азкабану, пра якіх усе кажуць. Яны пужаюць значную большасць народу і калі іх размесцяць вакол ўсёй школы, шанцы Блэка будуць аніякімі.

У цэлым, Гары турбавала толькі адно, шанцы на наведванне ў гэтым годзе Хогсміда роўныя нулю. Ніхто б не дазволіў Гары пакінуць межы замка, пакуль Блэка ня схопяць. Да таго ж хлопчык падазраваў, што за кожным яго крокам будуць уважліва сачыць.

Ён пахмурна глядзеў на пакрытую цемраю столь. Няўжо яны лічаць, што Гары не ў стане сам пра сябе паклапаціцца? Ён ўжо тройчы перамагаў Лорда Вальдэморта, і быў не такі ўжо нягодны...

Нечакана ён прыпомніў выяву дзіўнага звера, які хаваўся ў цені на Магноліа Крэсэнт.

Што рабіць, калі ўбачыў благі канец...

- Я не жадаю быць забітым,- ўголас прамовіў Гары.

- Малайца,- сонна прамовіла яму ўласнае адлюстраванне.

 

— РАЗДЗЕЛ V —

 

Дэментар

 

Наступнай раніцай Том як заўжды разбудзіў Гары, бяззуба ўсміхаючыся і трымаючы ў руках кубак гарбаты. Гары апрануўся і ледзь пераканаў незадаволеную гэтым Хэдвіг, вярнуцца ў сваю клетку, калі Рон пастукаў у яго пакой. Ён нацягваў швэдар і быў раздражнёным.

- Вох, хутчэй бы трапіць на цягнік,- прамовіў Рон,- У Хогвартсе я нарэшце змагу пазбавіцца ад Пэрсі. Цяпер ён абвінавачвае мяне ў тым, што я закапаў гарбатай фота Пенелопы Клірвотар,- Рон скрывіў морду,- яго дзяўчыны. Яна схавала твар па-за рамкай, таму што яе нос запрышчавіў...

- Мне трэба сёе-тое табе сказаць,- пачаў Гары, але быў перапынены тупатам блізнятаў, якія падскочылі, каб павіншаваць Рона з тым, што той чарговы раз разлютаваў Пэрсі.

Яны спусціліся да сняданку. Містэр Візлі, нахмурыўшы брові, чытаў першую старонку Штодзённага Вяшчуна. Місіс Візлі распавядала Герміёне і Джэні, як варыла любоўнае зелле, калі была дзяўчынкай, ўсе тры гігікалі.

- Ты штось хацеў мне сказаць,- заўважыў Рон, калі яны прыселі за стол.

- Пасля,- прамармытаў Гары, а тым часам у гасцёўню ўварваўся Пэрсі.

У Гары так і не атрымалася паразмаўляць з Ронам, альбо Герміёнай падчас хаатычных збораў; усе былі занятыя перацягваннем сваіх рэчаў па вузкай лесвіцы Дзіравага катлу з другога паверху да дзвярэй. Клеткі Хэдвіг і малай вушастай савы Пэрсі, якую клікалі Гермес стаялі зверху, а побач з валізамі гучна шыпеў маленькі куфар.

- Усё добра, Крукшанс,- буркавала Герміёна з куфрам.- Я выпушчу цябе ў цягніку.

- Ты не зробіш гэта!- запратэставаў Рон.- Як наконт беднага Скаберса?

Ён паказаў на сваю нагрудную кішэню, дзе абаранкам скруціўся яго пацук.

Містэр Візлі, які звонку чакаў машыны з міністэрства, прасунуў галаву ў дзверы.

- Яны ўжо тут,- сказаў ён,- хадзем, Гары.

Разам яны прайшлі па невялічкім тратуары да першага з двух старамодных цёмна зялёных аўтамабіляў, у кожным з якіх за рулём сядзела па чараўніку-агенту, апранутых ў аксамітную вопратку смарагдавага колеру.

- Гары, паедзе з вамі,- прамовіў містэр Візлі аглядзеўшы вуліцу зправа і злева.

Хлопчык сеў на задняе сядзенне, а да яго неўзабаве далучыліся Герміёна, Рон, і нягледзячы на раздражненне Рона, яго брат Пэрсі.

У адрозненні ад Начнога Омнібуса, машыны Міністэрства магіі ехалі загладка. Самі яны выглядалі, як звычайныя аўтамабілі, але мелі асаблівасць працісквацца ў самыя невялічкія шчыліны між іншымі машынамі, чаго аніколі б не атрымалася ў службовага аўто дзядзькі Вернана. Калі яны прыехалі на Кінг Крос, у іх ў запасе было дваццаць хвілін; кіроўцы міністэрства згрудзілі іх рэчы на вазкі, якія самі ж даволі хутка адшукалі, развіталіся з містэрам Візлі, крануўшы свае капелюшы і пахіліўшыся, а потым ад’ехалі, незразумелым чынам скокнуўшы ў самы пачатак нерухомай чаргі машын ля светлафора.

Містэр Візлі суправаджаў Гары увесь шлях да станцыі, трымаючы хлопца за локаць.

- Адразу ж прапаную,- сказаў ён, азірнуўшыся па баках,- рухацца парамі, як шмат хто акрамя нас. Я пайду першым разам з Гары.

Містэр Візлі павольна пайшоў, штурхаючы гарын вазок між платформамі дзевяць і дзесяць і паглядаў на цягнік ІнтэрСіті 125, які толькі што падышоў да дзевятай платформы, быццам быў вельмі ім зацікаўлены. Потым шматзначна пазірнуў на Гары і быццам бы выпадкова знік за бар’ерам, хлопчык рушыў ўслед зрабіўшы ўсё па яго прыкладзе.

Праз імгненне, яны ўжо празлізнулі праз цэльнаметалічны бар’ер на платформу дзевяць і тры чвэрці, дзе ўбачылі Хогвартс Экспрэс. Гэта быў пунсовы цягнік з паравым рухавіком, які стаяў і пыхкаў дымам па-над платформай, забітай вядзьмаркамі і ведзьмакамі, што праваджалі сваіх дзяцей у школу.

Пэрсі і Джыні аб’явіліся следам за Гары і былі моцна стомленыя, таму што, напэўна, міналі бар’ер бегам.

- Аёй, Пенелопа тут!- сказаў Пэрсі, прыгладжваючы сваю фрэзуру і чырванеючы. Джыні ўхапіла позірк Гары і яны абодва былі вымушаны адвярнуцца, каб схаваць свой смех, калі Пэрсі выставіў свае грудзі, на якіх асляпляльна ззяў значык, і пачаў кружляць вакол дзяўчыны з доўгім хвалістым валоссем.

Пасля таго, як да іх далучыліся ўсе астатнія Візлі і Герміёна, Гары з Ронам рушылі ў канец цягніка, ўздоўж напоўненных навучэнцамі вагонаў, пакуль не знайшлі больш менш пусты. Яны загрузілі ў яго ўсе свае рэчы, паставілі клетку Хэдвіг і куфар Крукшанса ў багажную сетку і выйшлі, каб развітацца з містэрам і місіс Візлі.

Місіс Візлі перацалавала ўсех сваіх дзяцей, Герміёну і напрыканцы Гары. Той моцна вагаўся, але на самой справе быў вельмі рады, калі яна яшчэ і абняла яго.

- Беражы сябе, Гары, добра?- прамовіла яна, выпрастоўваючыся, яе вочы дзіўна заблішчэлі. Потым яна раскрыла сваю вялізную торбу.- Я зрабіла вам ўсім сэндвічаў у дарогу. Гэта твае, Рон... не, яны без без саланіны... Фрэд? Ты дзе, Фрэд? Вось ты, мой любы...

- Гары, - ціха прамовіў містэр Візлі,- адыйдзем на хвілінку.

Ён кіўнуў галавой ў бок слупа, і Гары рушыў ўслед за ім, пакінуўшы натоўп, што згрудзіўся вакол місіс Візлі.

- Я вінен пра нешта паведаміць табе, пакуль ты не з’ехаў,- напружана прамовіў ён.

- Усё, балазе, містэр Візлі,- сказаў Гары.- Я ўжо ўсё ведаю.

- Ведаеш? Адкуль ты можаш ведаць?

- Я... мммм... я выпадкова пачуў вашую з місіс Візлі размову ўчора ўвечары. Яе цяжка было не пачуць,- хлопчык хуценька дадаў.- Прабачце, калі ласка...

- Не разлічваў, што ты даведаешся пра усё гэткім чынам,- трывожна гледзячы, прамовіў містэр Візлі.

- Не... Але насамрэч, так нават лепш,- вы не парушылі слова, дадзенае Фаджу, і я пра ўсё ведаю.

- Табе, напэўна, вельмі боязна, хлопча...

- Ані,- шчыра прамовіў Гары, але адчуўшы недаверлівы погляд містэра Візлі дадаў,- Насамрэч, я не жадаю паказваць геройства, але ж ці можа Сірыюс Блэк быць страшнейшым за Вальдэморта?

Містэр Візлі ўздрыгануўся, пачуўшы гэтае імя, але перасіліў сябе.

- Гары, я ведаў, што ты зроблены са значна мацнейшага матэрыяла, чым лічыць Фадж, і я, безумоўна, рад, таму, што ты не баішся, але...

- Артур!- паклікала місіс Візлі, якая засталася чакаць ля цягніка.- Артур, ну што ты кешкаешся? Цягнік хутка адыходзіць!

- Ён ужо ідзе, Молі!- крыкнуў містэр Візлі, а потым зноў, павярнуўшыся да Гары, працягваў, зусім ціха і вельмі шпарка.- Слухай, я хачу, каб ты нешта паабяцаў мне...

-... што я буду добрым хлопчыкам і буду ўвесь час знаходзіцца ў Хогвартсе,- змрочна сказаў Гары.

- Не зусім,- прамовіў містэр Візлі, у гэты момант ён выглядаў сур’ёзней чым калі-небудзь за ўвесь час знаёмства з ім Гары.- Пакляніся мне, што ты не будзеш шукаць сустрэчы з Блэкам.

- Што?- вытарапіўся на яго Гары.

Адчуўся гучны свіст. Кандуктары пайшлі ўздоўж цягніка, зачыняючы дзверы.

- Паабяцай мне, Гары,- сказаў містэр Візлі, кажучы яшчэ хутчэй,- што б ні здарылася...

- Навошта мне, шукаць сустрэчы з тым, хто жадае мяне забіць?- абыякава прамовіў Гары.

- Паабяцай мне, што б ні здарылася...

- Артур, хутчэй!- закрычала місіс Візлі.

Пара ахутала вагоны і цягнік паволі пачаў рухацца. Гары пабег да дзвярэй вагона, Рон адсунуў іх і дапамог Гары ўскочыць. Яны высунуліся з вокнаў і махалі містэру і місіс Візлі на развітанне, ажно пакуль цягнік не заехаў за кут і тыя не зніклі з вачэй.

- Мне трэба пагаманіць з вамі сам-насам,- прамармытаў Гары Рону і Герміёне, калі цягнік набраў хуткасць.

- Джыні, пакінь нас,- папрасіў Рон.

- Ах, зразумела ж,- пакрыўджана прамовіла дзяўчо і адыйшла.

Гары, Рон і Герміёна рушылі па калідоры ў пошуках вольнага купэ, але ўсе яны былі занятыя, за выключэннем аднаго ў самым пачатку цягніка.

У купэ месціўся толькі адзін пасажыр, мужчына, што, седзячы, моцна спаў ля вакна. Сябры супыніліся ля ўваходу. Звычайна Хогвартс Экспрэс перавозіў толькі навучэнцаў, а дарослых ніхто ніразу не бачыў. За выключэннем вядзьмаркі, што гандлявала прысмакамі.

Незнаёмец быў апрануты ў значна патрапаную чараўніцкую вопратку, цыраваную ў колькіх месцах. І сам ён выглядаў даволі хваравіта і зняможана. Нягледзячы на яшчэ дастаткова малады ўзрост, яго светла-каштанавыя валасы сям-там месцілі сівізну.

- Цікава, хто ён такі,- прашыпеў Рон, калі яны, зачыніўшы дзверы, селі як мага далей ад вакна.

- Прафэсар Р. Дж. Люпін,- неадкладна прашапатала Герміёна.

- А ты ўжо адкуль ведаеш?

- Прачытала на яго валізе,- адказала Герміёна і паказала на багажную паліцу па-над галавой мужчыны, дзе месцілася маленькая зазношаная валіза, не разваленая толькі таму, што была моцна перавязаная почапкай. Вакол аднаго з куткоў валізы, паўсцёртымі літарамі было напісана “Прафэсар Р. Дж. Люпін”.

- Цікава, што ён будзе выкладаць?- спытаўся Рон, пазіраючы на абяскроўлены твар прафесара.

- Хіба не відавочна, - заўважыла Герміёна.- У школе толькі адно вакантнае месца, памятаеш? “Абарона ад Цёмных Мастацтваў”.

За той час пакуль Гары, Рон і Герміёна вучыліся, у іх змянілася ўжо два настаўнікі па Абароне ад цёмных мастацтваў, кожны з якіх навучаў роўна год. Былі нават чуткі, што гэтая пасада клятая.

- Спадзяюся, ён здатны на гэта,- з некаторым сумнівам прамовіў Рон.- выглядае ён так, бы яго можна забіць адным добрым праклёнам. Але ж...- ён развярнуўся да Гары.- Ты хацеў пра нешта пагаманіць з намі?

Гары паведаміў усё аб спрэчцы містэра ды місіс Візлі і аб тым, што яму паведамілі сам-насам. Калі ён нарэшце скончыў, Рон выглядаў бы аглушаны, а Герміёна заціснула рот рукамі, але потым нарэшце апусціла іх.

- Сірыюс Блэк збег, каб дабрацца да цябе? Ёечку, Гары... табе трэба быць вельмі-вельмі асцярожным. І не лезці ў сіло...

- Я ніколі не шукаю бяды,- разлютавана прамовіў Гары,- але што рабіць, калі бяда звычайна шукае мяне!

- Гары, якім жа ёлупам трэба быць, каб самому шукаць вар’ята, які жадае цябе забіць?- пагушкваючыся, прамовіў Рон.

Сябры ўспрынялі навіны, горш чым разлічваў Гары.Здавалася Рон з Герміёнай разам страшыліся Блэка больш, чым ён сам.

- Ніхто не ведае, якім чынам ён збег з Азкабана,- устрывожана прамовіў Рон.- Аніўкога раней гэта не атрымлівалася. Да таго ж ён быў вязнем, якога занадта моцна ахоўвалі.

- Але ж яны зловяць яго?- сур’ёзным голасам спыталася Герміёна.- То бок, яны ж далучылі да яго росшукаў нават маглаў...

- Што гэта за гукі?- раптоўна спытаўся Рон.

Аднекуль раздаваўся слабы бляшаны свіст. Яны азірнуліся навокал.

- Гэта з тваёй валізы, Гары,- сказаў Рон, падняўся і палез ў багаж. Праз імгненне ён выцягнуў з Гарынага адзення партатыўны брыдаскоп. Ён шалёна круціўся на далоні Рона і яскрава свяціўся.

- Брыдаскоп?- падняўшыся на ногі, каб лепш бачыць прамовіла Герміёна.

- Ага... але майце на ўвазе, што ён вельмі танны,- сказаў Рон,- і паводзіў сябе гэдак жа, калі я прывязваў яго да нагі Эрал, каб даслаць яго Гары.

- Ты рабіў штось благое ў гэты час?- пранікліва спыталася Герміёна.

- Ані! Папросту... Карацей, мне нельга было выкарыстоўваць Эрал, яна ня здольна для падарожжаў на падобныя адлегласці... але ж трэба было неяк перадаць яго Гары?

- Пакладзі яго назад,- параіў Гары, калі брыдаскоп засвістаў асабліва пранізліва,- ён можа яго абудзіць.

Хлопчык штурхнуў галавой у бок прафэсара Люпіна. Рон запхнуў прыладу ў адну з жахлівых шкарпэтак дзядзькі Вернана, якая значна патупіла гук і зачыніў валізу.

- Трэба будзе праверыць яго ў Хогсмідзе,- сядаючы на месца заўважыў Рон,- Фрэд з Джорджам казалі мне, што брыдаскопы прадаюцца ў краме “Чараўніцкія інструменты і матэрыялы Дэрвіша і Бэнша”.

- А ці ты шмат ведаеш пра Хогсмід,- зацікаўлена спыталася Герміёна,- бо я сама толькі чытала пра яго ў даведніку па немаглаўскіх паселішчах у Брытаніі...

- Лічу што так,- не задумваючыся, адказаў Рон,- але я хачу трапіць туды з іншай мэтай: каб нарэшце завітаць да “Мядовага Герцага”.

- А што гэта?- спыталася Герміёна.

- Кандытарская,- замроена адказаў Рон,- у якой маюцца ўсе слодычы свету: Перачныя шатанята – ад якіх дым з рота валіць... ці велізарныя шакаладныя яйкі, поўныя трускаўковага муса і ўзбітай смятанкі, ці цукровыя пер’і, якія можна смактаць у класе, робячы выгляд, што думаеш, пра што пісаць надалей...

- Але, ці няўжо сам Хогсмід для цябе менш цікавае месца?- папыталася перавесці тэму Герміёна.- У “Паселішчы ў гісторыі чараўніцтва” напісана, што ў 1612 годзе тамтэйшы шынок быў штаб-кватэраю гоблінскага паўстання, а Лямантуючая халупа лічыцца адным з самых небяспечных з зачараваных дамоў ува ўсёй Брытаніі...

-... і велізарныя шэрбетавыя шары, якія прымушаюць цябе падымацца на колькі цаляў у паветра, пакуль ты іх смактуеш,- працягваў Рон, папросту ігнаруючы тое, што расказвала Герміёна.

Дзяўчынка азірнулася на Гары.

- Ах, як будзе выдатна выбірацца адчасу са школьнага будынку і вывучаць Хогсмід.

- Пэўна так,- маркотна прамовіў Гары,- а як вернешся, будзеш расказваць мне, што ўбачыла.

- Ты гэта пра што?- спытаўся Рон.

- Таму што сам анікуды не пайду. Дурслі не падпісалі мой дазвол і Фадж адмовіўся.

Рон быў шакаваны.

- Табе не дазволена туды хадзіць? Але... анізашто... МакГонагал, ці хтось яшчэ дасі табе дазвол.

Гары шчыра засмяяўся. Прафесарка МакГонагал – Галава Дому Грыфіндор была самай суровай ў выкананні закону настаўніцай.

-... а яшчэ мы можам спытацца ў Фрэда з Джорджам, яны ведаюць усе патаемныя выхады з замку...

- Рон!- рэзка абарвала яго Герміёна.- Я лічу што Гары не трэба ўпотай знікаць са школы пакуль Блэк на волі...

- Так, я ўяўляю адказ прафесаркі МакГонагал, калі я ў яе спытаюся,- тужліва мовіў Гары.

- Пакуль мы з ім,- зухавата сказаў Рон Герміёне,- аніякі Блэк не асмеліцца...

- Вох, Рон, не гавары лухты,- гыркнула Герміёна.- Блэк забіў купу людзей пасярод ажыўленай вуліцы, дык няўжо ты лічыш, што ён будзе тужыцца падчас нападу на Гары, калі паблізу будзем мы з табой?

Кажучы гэта, яна пачала развязваць раменчыкі на куфру з Крукшансам.

- Не рабі гэтага!- закрычаў Рон, але было ўжо запозна. Крукшанс скокнуў вонкі, пацягнуўся, пазяхнуў і забраўся на калені да Рона. Камяк ў яго кішэні пачаў дрыжэць і хлопец злютавана адштурхнуў Крукшанса.

- А ну, вэк!

- Рон, не трэба!- раззлавалася Герміёна.

Рон ўжо збіраўся штось адказаць, але тут прафесар Люпін заварушыўся. Усе засцярожана зірнулі на яго, але прафесар толькі павярнуўся на іншы бок. Ён працягваў спаць, злёгку прыадкрыўшы вусны.

Тым часам Хогвартс Экспрэс мерна павярнуў на поўнач і пейзаж за вакном стаў больш дзікім і цёмным, а аблокі ў небе згусцелі. Вучні гойсалі сюды-туды па вагоне міма дзвярэй іх купэ. Крукшанс знайшоў сабе вольнае месца і сеў, звярнуўшы сплясканую мыску да Рона, утаропіўшы свае жоўтыя вочы на яго нагрудную кішэню.

А першай гадзіне ў дзверы пагрукала вядзьмарка, што гандлявала з вазка прысмакамі і ежай.

- Мо, нам разбудзіць яго?- абыякава спытаўся Рон, хістнуўшы галавою ў бок прафесара Люпіна.- Выглядае ён так, бы яму не пашкодзіла пад’есці.

Герміёна асцярожна наблізілася да прафесара Люпіна.

- Гэ-эй, містэр прафесар,- прамовіла яна.- Прабачце, містэр прафесар...

Той нават не варухнуўся.

- Не турбуйся, маё дзіця,- сказала ведзьма, выдаючы Гары вялізную груду шакаладных кацялкоў,- калі раптам ён згаладаецца, я буду наперадзе цягніка, разам з кіроўцам.

- Спадзяюся ён ўсё-такі спіць?- прашапатаў Рон, калі ведзьма зачыніла дзверы іх купе.- У тым сэнсе, а ці ён часам не памёр?

- Не, не, дыхае,- прашапатала Герміёна, беручы з Гарыных рук шакаладны кацялок.

Канечне, спячы прафесар быў не надта добрай кампаніяй, але ў яго наяўнасці ў купэ былі свае прывілеі. У сярэдзіне дня распачаўся дожджык і прыняўся размываць пагоркі за вакном, а ў калідоры адчуліся нечыя крокі. Дзверы адчыніліся і на парозе ўзніклі тры самых нялюбых Гары, Ронам і Герміёнай чалавекі: Драко Малфой і яго сябрукі Вінцэнт Крэйб і Грэгары Гойл.

Драко Малфой і Гары варагавалі з часоў іх сустрэчы ў першым для іх Хогвартс Экспрэсе. Малфой, які меў бледнаскуры, востры, яхідны твар, быў з Дому Слізэрына. Больш таго, ён, як і Гары ў Грыфіндоры, быў паляўнічым у слізэрынскай камандзе па квідытчу. Крэйб і Гойл здавалася былі народжаны толькі дзеля выканання яго загадаў. Абодва былі шырачэннымі і мускулістымі; Крэйб меў высокі рост, фрэзуру пад гаршок і вельмі тоўстую шыю; у Гойла было кароткае жорсткае валоссе і доўгія гарылападобныя рукі.

- А вы ж паглядзіце, хто тут?- як заўжды лянотна расцягваючы словы прамовіў Малфой, адчыніўшы дзверы іх купэ.- Гарунік з Ронікам.