Вялізная памылка цёткі Мардж 10 страница

- Гэта было самае жудаснае, што я бачыў у сваім жыцці.

Жах... жахлівыя фігуры... постаці ў чорных каптурах... крык...

Гары рэзка расплюшчыў вочы. Ён ляжаў у шпітальным крыле. Вакол яго згрудзілася ўся грыфіндорская каманда з галавы да ног запэцканая брудам. Тутака ж сядзелі Рон з Герміёнай, яны выглядалі так, быццам толькі што вылезлі з басейна.

- Гары!- спытаўся Фрэд, нават праз слой бруду было бачна, як збляднеў яго твар.- Як ты сябе адчуваеш?

Быццам яго памяць пачала перамотвацца назад. Усполах маланкі... Грым... сніч... дэментары...

- Што здарылася?- спытаўся ён, падняўшыся настолькі нечакана, што ўсе спужаліся.

- Ты ўпаў,- адказаў Фрэд.- Магчыма... недзе... з пяцідзесяці футаў.

- Мы вырашылі, што ты памёр?- прамовіла Алісія, якую ўсю калаціла.

Герміёна выдала ціхі рыпучы гук. Яе вочы былі моцна счырванелымі.

- А што з матчам,- спытаўся Гары,- як справы? Перагульванне будзе?

Ніхто не адказаў. Жудасная праўда апусцілася на грудзі хлопца, нібы камень.

- Няўжо мы... прайгралі?

- Дзігары злавіў сніч,- адказаў Джордж.- Але ён зрабіў гэта пасля таго, як ты зваліўся на зямлю. Ён нават не зразумеў, што здарылася. А калі злавіў сніч і ўбачыў цябе на зямлі, паспрабаваў адмяніць рэзультат. Патрабаваў перагульвання. Але яны выйгралі сумленна і справядліва... нават Вуд гэта прызнаў.

- А дзе Олівер?- спытаўся Гары, раптоўна ўсядоміўшы, што яго няма сярод прысутных.

- Яшчэ ў душы,- адказаў Фрэд.- Мы вырашылі, што ён спрабуе ўтапіцца.

Гары паклаў свой твар на калені, схапіўшыся рукамі за валасы. Фрэд ухапіў яго за плячо і груба патрос.

- Ды ладна табе, Гары, ты ж аніколі раней не ўпускаў сніч.

- Трэба ж хоць раз на жыццё, не зрабіць гэтага,- дадаў Джордж.

- Яшчэ не ўсё скончана, мы адстаем толькі на сто ачкоў, ці не так?- сказаў Фрэд.- Калі Хафлпаф прайграе Рэйвенкло, а мы паб’ем Рэйвенкло са Слізэрынам...

- Хафлпафу трэба толькі прайграць з розніцай ў дзвесці ачкоў,- працягнуў Джордж.

- А што будзе, калі яны паб’юць Рэйвенкло...

- Рэйвенкло занадта моцныя, іх цяжка абыграць. А вось, калі Хафлпафу прайграе Слізэрын...

- Усё залежыць ад балаў... сотня сюды, сотня туды...

Гары ляжаў, не кажучы ані слова. Яны прайгралі... упершыню на яго памяці яны прайгралі ў матчы.

Хвілін праз дзесяць, ці каля таго ў пакой ўвайшла мадам Помфры і загадала камандзе пакінуць Гары ў спакоі.

- Мы прыйдзем да цябе яшчэ раз, пазней,- сказаў яму Фрэд.- У любым выпадку ты лепшы паляўнічы з тых, каго мы колісь мелі, Гары.

Каманда строем выйшла з пакою, пакідаючы за сабою брудныя сляды. Мадам Помфры зачыніла за імі дзверы, асуджальна гледзячы ім услед. Ля яго ложку засталіся толькі Рон з Герміёнай.

- Дамблдор моцна раззлаваўся,- прамовіла Герміёна з трымценнем ў голасе,- я ніколі раней не бачыла яго такім. Калі ты пачаў падаць, ён шпарка выбег на поле, узмахнуў палачкай і ты быццам запаволіўся, перш чым зваліцца на зямлю. Потым ён развярнуўся да дэментароў. Прафесар узмахнуў сваёй палачкай і з яе выляцела нешта срэбнае. Яны адразу ж зніклі з поля... Ён быў ушчэнт на іх раззлаваны, мы чулі як ён...

- Ён начараваў табе насілкі,- сказаў Рон,- і ўвесь час ішоў ля іх да самой школы. Мы ўсе вырашылі, што ты...

Яго голас аслабеў, але Гары гэтага амаль не заўважыў. Ён разважаў аб тым, што дэментары рабілі з ім... пра голас, што крычаў. Ён падняў галаву і ўбачыў Рона з Герміёнай, што ўсхвалявана глядзелі на яго. Таму ён вырашыў змяніць тэму на нешта больш празаічнае.

- А ў каго зараз мой Німбус?

Рон і Герміёна раптоўна зірнулі адно на аднаго.

- Ну...

- Што здарылася?- спытаўся Гары, па чарзе гледзячы то на Рона, то на Герміёну.

- Ну... калі ты зваліўся на зямлю, яго аднясло ветрам,- не рашуча прамовіла дзяўчо.

- І?

- І ён... ён трапіў, Гары, ён трапіў да Лупцуючай вярбы.

У Гарыным нутры ўсё перакруцілася. Лупцуючая вярба была вельмі магутным дрэвам, што стаяла ў самай сярэдзіне фальварку.

- І?- спытаўся ён, загадзя пужаючыся адказу.

- Ну, ты ж ведаеш Лупцуючую вярбу,- прамовіў Рон,- і як ёй не падабаецца, калі нешта б’ецца аб яе.

- Прафесар Флітвік прынёс яе назад якраз перад тым, як ты прыйшоў у сябе,- ціха прамовіла Герміёна.

Яна павольна сунула руку ў торбу, што стаяла ля яе ног, нешта ў ёй пашукала і выцягнула адтуль тузін драўляных трэскаў і пруткоў, якія паклала на Гарын ложык. Гэта ўсё, што засталося ад яго вернай, але ўшчэнт разбітай мятлы.

 

— РАЗДЗЕЛ X —

 

Мапа Паскуднікаў

 

Мадам Помфры настаяла на тым, каб Гары праляжаў у шпітальным крыле да канца тыдня. Ён не спрачаўся з ёй і не скардзіўся, адзінае, што хлопчык не дазволіў ёй зрабіць – выкінуць рэшткі яго Німбуса 2000. Канечне Гары разумеў, што гэта поўная дурасць і Німбус немагчыма адрэмантаваць, але нічога не мог з сабой зрабіць; хлопчыку папросту здавалася, што ён назаўжды згубіў аднаго са сваіх найлепшых сяброў.

Каб падбадзёрыць яго, да Гары ракою шлі новыя і новыя візітоўшчыкі. Хагрыд прывалок яму ахапку кветак-скуракрылак, а Джыні Візлі, страшэнна чырванеючы, падаравала яму картку з пажаданнем акрыяння, якая настолькі пранізліва нешта спявала, што хлопчык быў вымушаны пастаянна трымаць яе пад місай з садавінаю. У нядзелю раніцай да яго другі раз завітала грыфіндорская квідытчная каманда, цяпер на чале з капітанам. Вуд пустым, змярцвелым голасам супакоіў Гары, што вінаваціць яго за пройгрыш у апошнюю чаргу. Рон з Герміёнаю сядзелі ля яго ложку да самой ночы. Але ані ў кога з іх не атрымлівалася словам ці ўчынкам прымусіць Гары адчуваць сябе лепш, бо аніхто, акрамя яго, не ведаў і паловы таго, што турбавала хлопца.

Ён нічога не паведаміў ім пра Грыма, бо ведаў што Рон пачне панікаваць, а Герміёна смехі правіць. Але было відавочна, Грым аб’яўляўся ўжо другі раз, і ў абодвух выпадках Гары ледзь не сканаў: у першы раз, амаль што трапіў пад Начны Омнібус, а ў другі зваліўся са сваёй мятлы з пяцідзесяціфутавай вышыні. Няўжо ён збіраецца пераследваць Гары, пакуль той насамрэч не памрэ? Няўжо яму прыйдзецца ўсё астатняе жыццё глядзець праз плячо, ці не наблізіцца гэты звер?

А дэментары. Гары адразу ж пачынаў адчуваць сябе хворым і зняслаўленым штораз, калі нават думаў пра іх. Дэментароў вельмі жахаліся ўсе, але ніхто не губляў пры іх з’яўленні прытомнасці і... не чуў у галаве галасы сваіх памерлых бацькоў.

Так, цяпер ён дакладна ведаў, каму належыў гэты голас. І штораз, калі ён ляжаў без сну ў сваім ложку ў шпітальным крыле і назіраў за палоскамі месяцовага святла на столі, ён зноў і зноў чуў яе словы. Калі дэментары наблізіліся да яго, ён пачуў тое, што тварылася ў апошнія хвіліны жыцця яго маці, яе спробы абараніць сына ад Лорда Вальдэморта і Вальдэмортаў смех перад тым, як ён забіў Лілі Потэр... Гары драмаў урыўкамі, бо кожны раз, калі ён паглыбляўся ў сон, хлопца пераследвалі халодныя ліпкія рукі, працягнутыя ў яго бок і быццам застылыя ў маленні, а калі ён з жахам прачынаўся толькі праз некаторы час ён пераставаў чуць матчын голас.

*

Вяртанне ў панядзелак да шуму і мітусні школьнага жыцця сапраўды дапамагло Гары, бо яму прыйшлося думаць пра іншыя рэчы, нават калі пры сустрэчы прыходзілася цярпець дражненні Малфоя. Той ледзь не з’ехаў з глузду ад радасці пры паразе Грыфіндору. Ён нарэшце пазбавіўся ад сваёй падвязкі і, святкуючы разам з астатнімі, пры дапамозе абедзвюх рук імітаваў падзенне Гары з мятлы. Большую частку сумеснага занятку па зеллеварстве Малфой імітаваў дэментароў, а калі Рон, не вытрымаўшы, шпульнуў у яго слізкім кракадзілавым сэрцам, трапіўшы Драко ў твар, той гучна запатрабаваў у Снэйпа зняць з Грыфіндора пяцьдзясят балаў.

- Калі і ў гэты раз Абарону ад цёмных мастацтваў будзе весці Снэйп, я прыкінуся хворым, прамовіў Рон, калі пасля абеду яны ўтраіх ішлі да кабінету прафесара Люпіна.- Герміёна, правер, хто там.

Дзяўчынка зірнула ў клас праз дзверы.

- Усё добра.

Прафесар Люпін вярнуўся да працы. Ён выглядаў моцна хворым, яго старая вопратка вісела на ім больш свабодна, а пад вачыма былі цёмныя колы. Тым не менш, ён шчыра ўсміхнуўся, калі вучні нарэшце занялі свае месцы, і адразу раздаўся выбух скаргаў на паводзіны Снэйпа падчас хваробы Люпіна.

- Гэта несправядліва, ён толькі замяшчаў вас, навошта ён паназадаваў нам хатняй работы?

- Мы нічога не ведаем пра ваўкалакаў...

- ... даў нам сачыненне на два скруткі пергаменту!

- Вы казалі яму, што мы іх пакуль не праходзілі?- крыху насупіўшыся, спытаўся Люпін.

Гуд распачаўся ізноў.

- Так, а ён сказаў, што мы ані на што не здольныя...

-... ён нават не хацеў слухаць...

-... два скруткі пергаменту!

Прафесар Люпін усміхнуўся, гледзячы на абурэнне на тварах вучняў.

- Добра, не хвалюйцеся. Я пагаманю з прафесарам Снэйпам. І сачыненне не патрэбна.

- А, божачкі, не,- ледзь не плачучы, прамовіла Герміёна.- А я яго ўжо скончыла!

Урок быў вельмі прыемным. Прафесар Люпін прынёс з сабою шкляначку, у якой месціўся блукаючы агенчык. Гэта была невялічкая аднаногая істота, якая, здавалася, была зроблена з маленькіх струменчыкаў дыму і выглядала вельмі далікатнай і бяскрыўднай.

- Ён прываблівае спадарожнікаў у багну,- распавядаў прафесар канспектуючым вучням.- Вы бачыце ў яго руцэ нешта накшталт ліхтара? Ён скочыць па балотах, трымаючы яго запаленым... людзі рушаць на святло... і тады...

Блукаючы агенчык выдаў са сваёй шклянцы жахлівы сёрбаючы гук.

Калі празвінеў званок, усе склалі свае рэчы і накіраваліся да выхаду, гэта ж зрабіў і Гары, але...

- Адну хвілінку, Гары,- паклікаў Люпін.- Мне трэба перакінуцца з табой парай слоў.

Гары вярнуўся ў кабінет і пачаў назіраць, як прафесар закрываў тканінай шклянку з агенчыкам.

- Я чуў пра матч,- сказаў Люпін, збіраючы кнігі ў свой стары партфель,- і вельмі шкадую аб тваёй мятле. Ёсць якісь шанец яе адрамантаваць?

- Ані,- адказаў Гары,- Вярба разкалаціла яе ўшчэнт.

Люпін уздыхнуў.

- Лупчуючую вярбу пасадзілі ў тым жа годзе, у якім я паступіў у Хогвартс. Дзеці выдумалі гульню, па ўмовах якой трэба было падбегчы як мага бліжэй і дакрануцца да ствала. У рэшце рэшт, хлопчык, якога клікалі Дэйві Гаджэн, ледзь не залішыўся аднаго вока і нам забаранілі набліжацца да яе. Так што ў мятлы не было аніякага шанца.

- Пра дэментароў вы таксама чулі?- з цяжкасцю вымавіў Гары.

Люпін хутка зірнуў на яго.

- Так, зразумела. І, мяркую, мала хто не заўважыў, як раззлаваўся прафесар Дамблдор. Занепакоенасць дэментароў расце... яны лютуюць з-за таго, што ім забаронены ўваход на тэрыторыю школы... Часам не з-за іх ты трапіў у аварыю?

- Так.- адказаў Гары, і перш, чым ён паспеў спыніць сябе, у хлопчыка вырвалася.- Але чаму? Чаму толькі на мяне яны гэдак ўплываюць? Чаму я...?

- Гэта не мае нічога агульнага са слабасцю.- перарваў яго прафесар Люпін, быццам прачытаўшы яго думкі.- Дэментары маюць на цябе большы ўплыў таму, што ты ў сваім жыцці перажыў тое, чаго не здаралася з іншымі вучнямі – сапраўдны жах.

Праменьчык зімовага сонца ўварваўся ў кабінет Люпіна, асвятліўшы яго сівые валасы і зрабіўшы палоскі на яго маладым твары.

- Дэментары – адны з самых гнюсных істот, якія толькі ходзяць па зямлі. Яны жывуць у цёмных і брудных месцах, яны шануюць толькі занядбанне і адчай. Дэментары спустошваюць супакой, надзею і шчасце вакол сябе. Нават маглы, якія не ў стане іх бачыць, адчуваюць прысутнасць гэтых істот. Калі ты апынешся паблізу ад дэментара, ён высмакча з цябе ўсе добрыя пачуцці, усе шчаслівыя ўспаміны. Калі ў яго будзе магчымасць сілкавацца тваімі пачуццямі дастаткова доўга, ён ператворыць цябе на нешта падобнае самому сябе – бяздушную і злую істоту. Унутры цябе застануцца толькі пустата і самыя найгоршыя ўспаміны. Таго, што здарылася з табой ў маленстве дастаткова, каб каго заўгодна скінуць з мятлы. Так што цябе няма чаго сароміцца.

- Калі яны побач са мною...- прамовіў Гары, утаропіўшыся ў прафесарскі стол, у яго перахапіла горла,- я чую, як Вальдэморт забівае маю маці.

Люпін зрабіў рукою жэст, як быццам пажадаў схапіць хлопчыка за плячо, але перадумаў. Некаторы час ў пакоі панавала цішыня, але яе скасаваў Гары...

- Чаму яны аб’явіліся на матчы?- пакутліва спытаўся Гары.

- Яны вельмі згаладаліся,- халодна адказаў Люпін, зачыняючы свой партфель.- Дамблдор не дае ім уваходзіць у школу, і іх запасы чалавечых эмоцыяў спустошыліся... Думаю, яны не выстаялі перад такой спакусай, як матч па квідытчу. Усе гэтыя хваляванні... эмоцыі... для іх гэта найфантастычнае банкетаванне.

- Азкабан, пэўна найжахлівейшае месца,- прамармытаў Гары. Люпін змрочна кіўнуў у адказ.

- Крэпасць знаходзіцца на маленькай выспе, з усіх бакоў аточанай вадою. Але насамрэч яна не мае патрэбы ані ў сценах, ані ў вадзе, бо зняволеныя знаходзяцца ў пастцы, якая месціцца ў іх ўласнай галаве, не здольныя ані на адну шчаслівую думку. Большасць іх вар’яцее праз колькі тыдняў.

- Але ў Сірыюса Блэка гэта атрымалася,- павольна прамовіў Гары.- Ён збег адтуль...

Партфель Люпіна выслізнуў з яго рук, і ён быў вымушаны нахіліцца, каб падхапіць яго.

- Так,- адказаў ён, выпрастоўваючыся.- магчыма ён знайшоў нейкі спосаб змагацца з імі. Бо з майго пункту гледжання гэта наўрадці магчыма... Лічыцца, што дэментары высмоктваюць з чараўніка ўсю яго моц, калі той застаецца з імі працяглы час...

- Але ж вы неяк прымусілі дэментара адступіць, там ў цягніку,- раптам прамовіў Гары.

- Існуюць сякія-такія метады абароны,- сказаў Люпін.- Але ў цягніку быў адзін дэментар. Калі іх больш змагацца нашмат цяжэй.

- А што за метад?- імгненна спытаўся Гары.- Ці вы не навучыце мяне яму?

- Ну, Гары не такі ўжо я і майстар у змаганні з дэментарамі... хутчэй наадварот...

- Але я павінен мець магчымасць змагацца з імі, калі яны аб’явяцца на чарговым матчы...

- Ну...- Люпін зірнуў на рашучы твар Гары і крыху павагаўшыся прамовіў,- добра. Я паспрабую табе дапамагчы. Але баюся, што прыйдзецца пачакаць да наступнага семестра. Я павінен зрабіць столькі ўсяго, пакуль не пачнуцца вакацыі. Я абраў самы нязручны час, каб захварэць.

*

Чакаючы абяцаных антыдэментарскіх заняткаў ад прафесара Люпіна, Гары спадзяваўся ніколі больш не чуць перадсмяротных енкаў сваёй маці, а разгром Хафлпафа камандай Рэйвенкло напрыканцы лістапада канчаткова палепшыў яго настрой. Грыфіндор атрымаў шанец выйграць, але ж цяпер яны не маглі прайграць аніводнага матчу. Да Вуда вярнулася яго маніякальная энэргія, і каманда ўпарта працавала, нягледцячы на халодныя дробныя дажджы, якія захаваліся і ў снежні. Гары не бачыў на зямлі нават намёкаў на дэментароў. Здавалася, гнеў Дамблдора моцна стрымліваў іх на сваіх месцах ля ўваходу.

За два тыдні да канца семестра неба афарбавалася ў апалава-белы колер, а брудная зямля зранку пакрылася шаццю. У замку ўсё гудзела ў прадчуванні Калядаў. Прафесар Флітвік, настаўнік Чараўніцтва нават упрыгожыў свой кабінет зіготкімі агеньчыкамі, якія насамрэч былі маленечкімі феямі. Навучэнцы радасна абмяркоўвалі свае планы на вакацыі. Рон з Герміёнаю вырашылі застацца ў Хогвартсе. І нягледзячы на завярэнні Рона аб тым, што ён папросту жадае правесці два тыдні без Пэрсі і паведамленне Герміёны пра тое, што ёй неабходна шмат папрацаваць ў бібліятэцы, Гары ведаў, сябры на самой справе вырашылі скласці яму кампанію, і быў вельмі ўдзячны ім за гэта.

Да ўсеагульнага задавальнення аб’явілі, што ў апошнія выходныя перад вакацыямі адбудзецца чарговы паход у Хогсмід, куды адправяцца ўсе, за выключэннем Гары.

- Набудзем нашы калядныя падарункі там!- прапанавала Герміёна.- Мама з татам папросту закахаюцца ў мятную зубную ніць ад “Мядовага герцага”!

Змірыўшыся з тым, што яму зноў прыйдзецца, як і заўжды, бавіць час адному, Гары запазычыў у Вуда каталог “Мётлы на любы густ” і вырашыў правесці гэты дзень у прагляданні разнастайных марак. Цяпер ён трэніраваўся на старажытным Метэоры, але той быў занадта павольны ды дрыготкі, таму хлопцу дакладна была патрэбна новая мятла.

Суботнім ранкам Гары праводзіў да дзвярэй замку апранутых у плашчы ды шалікі Рона з Герміёнай, якія накіраваліся ў Хогсмід, а сам ціхенька вярнуўся па мармуровай лесвіцы ў Грыфіндорскую вежу. За вакном пачаў падаць снег, у замку было ціха і спакойна.

- Тссссс – Гары!

Хлопчык развярнуўся на палове дарогі да калідора на чацьвёртым паверсе і ўбачыў Фрэда з Джорджам, якія выглядалі з-за статуі аднавокай гарбатай вядзьмаркі.

- Што вы тут робіце,- зацікавіўся Гары,- няўжо не збіраецеся ісці ў Хогсмід?

- Мы тут, каб падзяліцца з табою крышачкай святочнага настрою, перш чым ісці туды.- таямніча падміргнуўшы, прамовіў Фрэд.- Ходзь сюды...

Ён штурхнуў галавою ў бок пустога класа, ля якога стаяла аднавокая статуя. Гары накіраваўся ў пакой разам з блізнятамі. Джордж зачыніў дзверы, павярнуўся і, пасміхаючыся, паглядзеў на Гары.

- Табе перадкалядны падарунак, Гары,- прамовіў ён.

Фрэд рухава выцягнуў нешта з-пад сваёй мантыі і паклаў на адным са сталоў. Гэта быў квадратны і вельмі стары скрутак пергаменту, на якім не было анічога напісана. Гары вырашыў, што гэта чарговы жарт блізнятаў, тым не менш уважліва паглядзеў на скрутак.

- І што мне з ім рабіць?

- Гэта, Гары і ёсць галоўны сакрэт нашага поспеху,- прамовіў Джордж, далікатна паляпаўшы скрутак.

- Каб ты ведаў, гэта сапраўдная пакута з ёй развітвацца,- дадаў Фрэд,- але мы ўчора вырашылі, што табе гэта нашмат патрэбней за нас.

- Тым больш мы ўжо вывучылі яе на памяць,- сказаў Джордж,- і таму перадаем табе ў спадчыну. Тым больш, што мы насамрэч не маем ў ёй патрэбы.

- Але ж тут толькі кавалак старога пергаменту, што мне з ім рабіць?- спытаўся Гары.

- Кавалак пергаменту!- прамовіў Фрэд, звузіўшы вочы і скрывіўшы морду, як быццам Гары смяротна абразіў яго.- Растлумач яму, Джордж!

- Ну... гэта адбылося, калі мы вучыліся ў Хогвартсе толькі першы год, Гары... мы былі юныя, бесклапотныя і беззаганныя...

Гары рохкнуў са смеху. Ён сумняваўся, што блізняты ўвогуле колісь былі беззаганымі.

-... ува ўсялякім выпадку значна беззаганнейшыя чым зараз... і вось мы трапілі ў моцны швах з Філчам.

- Мы кінулі гноебомбу ў калідоры, а яму гэта чамусь не спадабалася...

- Ну ён завёў нас ў свой пакой і пачаў, як заўжды пагражаць, што ён...

-... затрымае нас пасля заняткаў...

-... вытрыбушыць нам усе вантробы...

-... а мы не маглі не заўважыць у адной з шафаў скрынку, адмаркіраваную, як “Канфіскавана і асабліва небяспечна”

- Хіба я яе і сам не бачыў,- усміхнуўшыся, заўважыў Гары.

- І што тады зрабіў?- спытаўся Фрэд.- А вось Джордж тады адцягнуў яго ўвагу, кінуўшы другую гноебомбу, а я хутка падняў накрыўку і схапіў... гэта.

- Усё было не настолькі дрэнна, як гучыць,- працягваў Джордж.- І ўвогуле мяркуем, што Філч ўсё роўна не здагадался бы, як яна працуе, аднак ён падазраваў што гэта, інакш бы ён наўрад яе канфіскаваў.

- А вы здагадаліся?

- Вох, так,- ухмыльнуўся Фрэд.- І гэты маленечкі кавалачак прывабнасці навучыў нас большаму, чым усе настаўнікі разам.

- Вы мне галаву дурыце,- сказаў Гары, гледзячы на стары, крыху пакоцаны скрутак.

- Хто, мы?- спытаўся Джордж.

Ён злёгку крануўся пергаменту сваёй палачкай і прамовіў:

“Урачыста прысягаю рабіць выключна брыдоту і анічога больш”.

Ад таго месца, да якога кранулася палачка Джорджа, імгненна папаўзлі, быццам павуцінне, тонкія лініі чарнілаў. Яны краналіся адна да адной, перакрыжоўваліся, распаўзаліся па кутках скрутку; нарэшце ўверсе пачалі праступаць фігурныя словы, напісаныя зялёнымі чарніламі, якія абвясцілі:

 

“Яснавяльможныя паны Лунацік, Галахвост, Мягкалап і Рагач

Распаўсюднікі прыладаў дзеля магічнага шалапуцтва

З гонарам прэзэнтуюць

МАПУ ПАСКУДНІКАЎ”

 

Гэта была падрабязная мапа Хогвардса, як самога замку, так і ўсяго фальварку. Але ж самым выдатнам было тое, што па мапе рухаліся чарнільныя кропкі з падпісанымі маленечкімі літаркамі імёнамі. Гары ўражана схіліўся над ёй. Кропка ў верхнім куце паказвала, што Альбус Дамблдор пакінуў свой кабінет, другая паведамляла аб тым што па другім паверсе гойсала місіс Норыс, котка вартаўніка Філча. А полтэргейст Піўз валэндаўся па трафейным пакоі. А калі Гары прабег сюды-туды вачыма па знаёмых месцах, ён заўважыў штось іншае.

На мапе месцілася колькасць праходаў, пра якія Гары і не здагадваўся, і частка з іх вяла...

- Да Хогсміду,- сказаў Фрэд, вядучы па мапе пальцам,- вядуць сем хадоў. Філч ведае пра гэтыя чатыры, але мы упэўнены, што вось гэтыя, - ён крануў мапу ў колькіх месцах,- яму не знаёмы. Пра вось гэты, за люстэркам на чацвёртым паверсе не думай, мы карысталіся ім мінулай зімой, але зараз ён прасеў і цалкам заблакаваны. Яшчэ над адным пасаджана Лупцуючая вярба і не думаю, што ім нехта будзе карыстацца. Аднак ёсць адзін, які вядзе адразу ў склеп “Мядовага Герцага”, і мы праходзілі праз яго шмат разоў. Ён знаходзіцца адразу ж за гэтым пакоем у гарбе статуі аднавокай вядзьмаркі.

- Лунацік, Галахвост, Мягкалап і Рагач,- ўздыхнуў Джордж, паляпваючы па загалоўку мапы.- мы перад імі ў непераважаным доўгу.

- Яны найшляхетнейшыя асобы, што нястомна дапамагаюць новымі пакаленням свавольнікаў,- урачыста дадаў Фрэд.

- Добра,- бадзёра прамовіў Джордж,- самае галоўнае не забудзься знішчыць сляды, пасля скарыстання мапай...

-... каб хтось з чужынцаў яе не выявіў,- перасцярог Фрэд.

- Дакраніся да яе шчэ раз і вымаві: “Шалапутства здейснілася!” - і яна зноў ператварыцца на чысты скрутак.

- Што ж, юны Гары,- прамовіў Фрэд, карыкатурна строячы з сябе Пэрсі,- паводзь сябе тут прыстойна!

- Сустрэнемся ў “Мядовым Герцагу”,- падміргнуў Джордж.

Блізняты, усміхаючыся, выйшлі з пакою, і з задаволенным выглядам рушылі прэч.

Гары зноўку зірнуў на чароўную мапу. Ён ўбачыў як чарнільная кропка місіс Норыс завярнула налева і супынілася, прынюхваючыся да нечага на падлозе.

Калі Філч сапраўды не ведае аб гэтым праходзе... і калі не трэба праходзіць праз дэментараў...

Але нягледзячы на моцнае захапленне, што апанавала хлопчыка, яму ў галаву прыйшлі словы перасцярогі містэра Візлі:

“Ніколі не давярай таму, што мае розум, калі не бачыш, дзе знаходзіцца яго мозг.”

Мапа была адной з самых асабліва небяспечных магічных прылад, і калі б містэр Візлі ведаў пра яе, ён, пэўна, бы дадаў... “І прыладамі дзеля магічнага шалапутства”..., але Гары спакушаў сябе тым, што толькі жадае трапіць у Хогсмід, а не скрасці штось, ці напасці на каго-небудзь... да таго ж, Фрэд з Джорджам карысталіся ёй шмат год і анічога жудаснага з імі не здарылася...

Гары прасачыў па сакрэтным праходзе ў “Мядовага Герцага” пальцам.

Пасля ён хутка, быццам выконваючы нечый захад, выпрастаўся, скруціў мапу, схаваў яе пад сваёй мантыяй і паспяшаў да дзвярэй. Ён прыадчыніў іх, каб упэўніцца, што звонку анікога няма, і праслізнуў за статую аднавокай вядзьмаркі.

І што рабіць далей? Ён зноўку выцягнуў мапу - і на сваё здзіўленне ўбачыў там новую невялічкую чарнільную кропачку, надпіс ля якой казаў “Гары Потэр”. Яго чарнільная копія стаяла менавіта там, дзе знаходзіўся і сам Гары, пасярэдзіне калідора на чацвёртым паверсе. Фігура на мапе рушыла да статуі і, выцягнуўшы палачку, дакранулася да яе гарба. Хлопчык хутка выцягнуў уласную палачку і зрабіў тое ж самае, але нічога не адбылося. Ён зноўку зірнуў на мапу. На той, побач з чарнільным Гары праступілі драбнюткія літары, якія абвяшчалі “Дысэндзіюм”.

- Дысэндзіюм!- прашаптаў хлопчык і зноў дакрануўся да статуі.

Адразу ж ў гарбе адчыніўся праход, дастаткова шырокі, каб праз яго мог прайсці даволі хударлявы чалавек. Гары хутка азірнуўся па баках, сунуў мапу пад мантыю і, праціснуўшы галаву ў праход, кульнуўся наперад.

Ён слізгануў па праходзе, адчуваючы спачатку каменны схіл, а потым халодную сырую зямлю. Гары выпрастаўся і азірнуўся. Вакол яго была адна толькі цемра. Хлопчык выцягнуў палачку і прашапатаў “Люмас!”. На кончыку яго палачкі ўзнікла святло, і Гары ўбачыў, што знаходзіцца ў вельмі вузкім і нізкім земляным ходзе. Ён падняў мапу, дакранушся да яе сваёй палачкай і прамармытаў: “Шалапутства здейснілася!”, і ўсе надпісы на мапе адразу ж зніклі. Хлопчык асцярожна склаў мапу, сунуў яе сабе пад мантыю і, адчуваючы, як ад усхвалявання і неспакою б’ецца яго сэрца, рушыў наперад.

Праход віхляў, выкручваўся і больш нагадваў нару велізарнага труса, чым на штось іншае. Гары спяшаўся наперад, трымаючы палачку перад сабой, штохвіліны спатыкаючыся на няроўнай падлозе.

Хлопчык рухаўся так даволі працяглы час, але яго падтрымлівалді думкі пра “Мядовы Герцаг”. Дзесь праз гадзіну праход пачаў расшырацца. Гары паскорыўся, яго твар ўзапрэў, а ногі моцна змерзлі.

Мінула яшчэ дзесяць хвілін, калі Гары апынуўся ля падножжа даволі пастарэлай каменнай лесвіцы. Спрабуючы не шумець, хлопчык пачаў падымацца. Сто, дзвесце прыступак... ён збіўся з ліку і проста рушыў наперад, гледзячы на свае ногі... Раптам ён стукнуўся галавой аб нешта цвёрдае.

Уверсе быў люк. Гары стаяў паціраючы сваю патыліцу і ўважліва прыслухоўваючыся, але не чуў аніякіх гукаў за ім. Вельмі асцярожна хлопчык прыпадняў люк і зірнуў праз край.

Гэта быў склеп, да столі застаўлены ўсемагчымымі куфэрачкамі і скрынкамі. Гары вылез з люку і зачыніў яго, той выдатна зліўся з пыльнай падлогай, і было немагчыма заўважыць, ці быў ён там. Гары пачаў павольна красціся па драўляных сходах наверх. Цяпер ён выдатна чуў гукі галасоў і званочку над уваходам, што звінеў, калі тыя адчыняліся і зачыняліся.

Вагаючыся, што яму рабіць далей, Гары раптоўна пачуў гук адчыняючыхся дзвярэй. Нехта спускаўся ў склеп.

- І захапі яшчэ каробку мармеладавых смоўжняў, даражэнькі, а то яны амаль што скончыліся,- пачуўся жаночы голас.

Нечыя ногі пачалі спускацца па прыступках. Гары хутка схаваўся за велізарным стосам скрынак і пачакаў, пакуль гаспадар міне яго. Ён чуў, як той рушыў да куфэркаў, што стаялі ля супрацьлеглай сцяны. Лепшага шанца ў яго не было...

Хутка і бясшумна хлопчык выскачыў са сваёй схованкі і пабег па сходах. Азірнуўшыся назад, ён заўважыў нечую лысіну і зад, што вытыркаліся між стосаў каробак. Гары адчыніў дзверы і праслізнуў праз іх, апынуўшыся за прылаўкам “Мядовага Герцага”. Ён схіліўся, хутка адбег убок і выпрастаўся.

Крама была ўшчэнт перапоўненая вучнямі Хогвартса, і на Гары ніхто не звяртаў увагі. Хлопчык абмінаў іншых вучняў, азіраючыся навокал. Яго пачаў душыць смех, калі ён паспрабаваў уявіць сабе выраз на свінячым твары Дадлі, калі б ён змог убачыць, дзе цяпер знаходзіўся Гары.

Паўсюль на вочы трапляліся паліцы з найсмачнейшымі ласункамі, якія толькі мажліва ўявіць. Тут былі кавалкі сметанкавай нугі, зіхоткія квадраты ружовага какосавага лёду; тлустыя, мядовага колеру ірыскі; сотні відаў ўсемагчымага шакаладу, складзенага ў роўныя радочкі; паблізу стаялі вялізная бочкі з цукеркамі ўсіх смакаў ды свісцячымі пчолкамі – шчарбетавымі шарамі, якія прымушаюць вас левітаваць пад час іх спажывання, аб якіх некалі распавядаў Рон. На суседняй сцяне былі размешчаны прысмакі са спецэфэктамі: найлепшая гумка ад Дробла, бірузовыя бурбалкі ад якой не лопаліся колькі дзён; дзіўныя, мятныя зубныя ніці, якія разляталіся на аскепкі; маленечкія чорныя перачныя шатанята (“Дыхні вагнём на свайго сябра!”); мышарозева (“Пачуйце ў сваім роце мітусню і піск!”); жабкі з мятнага крэму (“Сапраўдныя скокі ў вашым страўніку!”); далікатныя цукровыя пёры і выбуховыя ляндрынкі.

Гары праціснуўся ў іншы бок крамы праз натоўп шасцігодак, дзе месціліся ласункі “Незвычайных смакаў”. Ля прылаўку стаялі Рон з Герміёнай і разглядалі латок ляндрынак са смакам крыві. Гары ціхенька падкраўся ззаду.

- Бррр, не, Гары, напэўна, не пажадае гэта есці, тым больш, здаецца, гэта тавары для ўпіроў,- прамовіла Герміёна.

- А вось гэта?- спытаўся Рон, падсоўваючы пад нос Герміёне слоік прусачыных гронак.

- Вызначана, не,- прамовіў Гары.

Рон ледзве на выпусціў слоік з рук.

- ГАРЫ!- узвіскнула Герміёна.- Ты што тут робіш? Як... як ты тут..?

- Вох,- прамовіў Рон у моцным захапленні,- Ты навучыўся апарыяванню!

- Пэўна ж, не,- адказаў Гары, а потым, сцішыўшы голас, каб не пачуў хтось з шасцігодак, распавёў ім аб Мапе Паскуднікаў.

- Цікава чаму Фрэд з Джорджам не перадалі яе МНЕ!- абурана сказаў Рон.- Я ж іх брат.

- Але ж Гары, пэўна, не збіраецца трымаць яе ў сябе!- выказала смяхотную думку Герміёна.- Ты ж аддаш яе прафесарцы МакГонагал?

- Канечне ж, не,- адказаў Гары.

- Ці ты звар’яцела?- вытарапіўшыся на Герміёну, спытаўся Рон.- Аддаваць гэткую карысную рэч?

- Калі б я аддаў яе, мне прыйшлося расказаць, адкуль яна ў мяне і тады б Філч даведался, што Фрэд з Джорджам скралі яе.

- А як жа Сірыюс Блэк?- прашыпела яна.- Што калі ён скарыстаўся адным з праходаў, якія ёсць на мапе. Настаўнікі павінны пра гэта ведаць!

- У яго гэта наўрад атрымалася б,- хутка прамовіў Гары.- Глядзі. На мапе ёсць сем сакрэтных праходаў, так? Фрэд з Джорджам сказалі, што пра чатыры Філч ведае. Засталіся тры. Адзін прасеў і ім немагчыма скарыстацца. Яшчэ над адным пасадзілі Лупцуючую Вярбу, і выйсці з яго будзе немагчыма. А той, якім карыстаўся я... ну... гэта цяжка ўявіць, ён выходзіць у склеп “Мядовага Герцага”, і калі не ведаць, што ён там ёсць...

Гары завагаўся. А што калі Блэк ведае аб праходзе? Але тут Рон шматзначна кхекнуў і паказаў на аб’яву наклееную на ўнутраным шкле кандытарскай.