І нікому не спатольвае смагі.

НЯПОЎНЫЯ СКАЗЫ

 

Тэарэтычная частка

1.Якія сказы называюцца няпоўнымі? У чым асаблівасці граматычнага саставу няпоўных сказаў?

2.Назваць віды граматычна няпоўных сказаў. У чым спецыфіка іх структуры і семантыкі?

3.Чаму эліптычныя сказы лічацца сказамі пераходнага тыпу паміж поўнымі і няпоўнымі? Якія асаблівасці іх граматычнай будовы і семантыкі?

4.Якое месца ў іерархіі простага сказа займаюць фразеалагізаваныя сказы (сказы-штампы)?

 

Асноўныя паняцці

Няпоўнымі лічацца сказы, у якіх фармальна адсутнічае адзін член сказа (або некалькі), што падказваюцца абставінамі размовы, кантэкстам ці ўласнымі лексічна-граматычнымі сродкамі сказа.

Няпоўнымі могуць быць як двухсастаўныя, так і аднасастаўныя сказы: «Вам далёка?» – запытаў ён Лабановіча.«У Верхань», – адказаў Лабановіч (К-с.) (У Верхань – няпоўны кантэкставы аднасастаўны сказ).

 

Заўвага. Няпоўныя двухсастаўныя сказы трэба адрозніваць ад структурна падобных да іх аднасастаўных сказаў, асабліва няпэўна-асабовых. Параўнаем два сказы: Танкісты маскіравалімашыны галлём... Слядыгусеніцзацярушвалідробным веццем(І.М.); Апошнія гады тут бульдозерамссоўваюцьу груды торф, месцамі яговыбралізусім. Калісьці гэты торфкапалізімою шуфлямі і рыдлёўкамі (В.Г.). Першы сказ (другая яго частка) – двухсастаўны няпоўны кантэкставы, таму што з папярэдняга кантэксту відаць, што танкістызацярушвалі дробным веццем сляды гусеніц. Другі сказ – аднасастаўны няпэўна-асабовы. У аднасастаўных сказах пропуск галоўнага члена (структурна падобнага да дзейніка ці выказніка) не парушае ні структуры (сказ разглядаецца як поўны), ні сэнсу ўсяго сказа.

 

Няпоўнымі кантэкставымі лічацца тыя сказы, у якіх апушчаныя члены лёгка ўзнаўляюцца з папярэдняга кантэксту: У жніво дождж пахне свежаю саломаю і даспелым коласам, у пару сенавання – прывялаю атаваю, восенню – пераспелымі слівамі, яблыкамі, бульбоўнікам (Я.С.).

Калі неназваныя члены сказа падказваюцца пэўнымі абставінамі, самой сітуацыяй, такія сказы называюцца няпоўнымі сітуацыйнымі:

На прыпынку непрыкметна сабраліся людзі. І Сямён дакладна ведаў ужо, што большасць іх спяшаецца туды ж, куды і ён – на свой завод. Усяго некалькі дзён назад ён пазнаёміўся тут з адным старым. Папыхкаўшы цыгарэтай, стары коратка спытаў:

– На завод?

– На машынабудаўнічы... Першы рабочы дзень...

Магчыма, яны так бы і разышліся, калі б не гэтая нечаканая Сямёнава адкрытасць.

– Упершыню, кажаш? Новенькі?Ого!

Стары прыкметна пажвавеў, пачаў цікавіцца, распытваць. І ўжо ўсю дарогу, уладкаваўшыся побач у аўтобусе, яны размаўлялі (Карш.).

Кантэкставыя і сітуацыйныя сказы з’яўляюцца структурна і семантычна няпоўнымі.

Асобнае месца займаюць эліптычныя сказы, іх лінгвісты лічаць пераходным тыпам паміж поўнымі і няпоўнымі сказамі. У эліптычных сказах адсутнічае дзеяслоў-выказнік, аднак у такіх сказах ёсць акалічнасці (часцей акалічнасці месца), якія якраз і паказваюць на пропуск выказніка. Структурна сказ успрымаецца як няпоўны, а семантычна – як поўны: Над лесам – поўны, таямнічы месяц (Б.); У парку – лістапад (Дз.).

У няпоўным сказе пры наяўнасці паўзы і адпаведнай інтанацыі ставіцца працяжнік: Голас незнаёмага можа здзівіць, голас друга – на хвіліну спыніць, голас любай – сагрэць сонцам лета, голас маці – вярнуць з таго свету (М.Т.).

Непадзельнымі (словамі-сказамі, бессастаўнымі, нечлянімымі, нерасчлянёнымі) сказамі называюцца непадзельныя сінтаксічныя адзінкі, якія выражаюць станоўчы ці адмоўны адказ на чыё-небудзь выказванне, эмацыянальную ці мадальна-экспрэсіўную ацэнку, пабуджэнне да чаго-небудзь, запытанне і інш. Такія сказы не маюць ні галоўных, ні даданых членаў сказа, аднак яны інтанацыйна аформлены і ў межах пэўнага кантэксту выражаюць закончаную думку. Непадзельныя сказы могуць пашырацца звароткамі, узмацняльнымі часціцамі, выклічнікамі, мадальнымі словамі, цэлымі сказамі. Непадзельныя сказы функцыянуюць толькі ў пэўных кантэкстах, найчасцей яны выкарыстоўваюцца ў гутарковай (дыялагічнай) мове. Напрыклад:

Наглядзеўшыся ў люстэрка, дачка села за стол і гукнула:

Ну, ці скора там? (Чарн.)

Я лагодна ўсміхаюся яму і кажу:

– Добра жыць на свеце, браток,га? (Я.М.)

Пры непадзельных сказах у залежнасці ад сэнсавай нагрузкі і інтанацыі ўжываюцца розныя знакі прыпынку: кропка, коска, клічнік, пытальнік, шматкроп’е:

І вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:

Ага!Папаўся-такі, не мінуў маіх рук! (Лыньк.)

Не, пакуль што не прыязджала, – літаральна з парога адказала Маніна суседка па кватэры, калі я спытаўся ў яе пра сястру (Жук.).

– А мо б наўперад, пан Хадыка... нам паказаў бы сваё поле? – спытаў Міхал.

– Што ж? Ваша воля! (К-с)

Лабараторная частка

1. Прааналізаваць граматычны састаў сказаў з улікам кантэксту. Вылучыць няпоўныя сказы, назваць прапушчаныя члены сказа.Пацвердзіць іх пропуск данымі кантэксту. Назваць парцэляваныя элементы сказаў.

І. У вёску ездзіў я. Да росаў. Да туманаў.

Да спелых гарбузоў на градах за парканам.

Да рохкання свінні. Да сцішаных курэй.

Да бульбы, што ў мяхах стаяла на дварэ.

Да матчыных маршчын. Да матчыных вачэй.

З Грынкоў праз Чамяры да вольнай Шчары,

Цянёк ствараючы і поячы абшары,

Там мудрая Валобрынка паміж альшын цячэ.

У бацькаў дом. Хоць бацькі ўжо няма.

Ды бацька быў. І гэта не падман.

Глядзіць табе ў душу з любое рэчы.

З прадмета кожнага. Ад веснічак да печы.

Былі такія рукі да ўсяго ў яго.

Усё тут бацькава і ўсё маё кругом.

У родны дом, што між чыгункі і шашы

Ні год, ні два, павек не ведае цішы.

Да памяці дзядоў. Да сонца на гарбе

Матрунінай гары. Да грушаў на вярбе.

Там хітры певень на чубатак не глядзеў,

Стаяў, сябе ўсё ўзважваў на адной назе.

Шафранка яблыкі працягвала, як сыну,

Не па адным, а цэлымі галінамі.

На вокнах памідоры чырванню гарэлі.

Разломіш – сопкія. І вабныя без меры.

Сядзелі з маткаю на лаўцы каля дома.

Аб родным гаварылі, аб даўно вядомым.

Піў кіслае ў суседкі малако.

Ды бульбу еў з салёным агурком.

Хадзіў па садзе. З рэчкай размаўляў.

І сам душой, здаецца, баляваў.

Там мудрая Валобрынка паміж альшын цячэ.

…У вёску ездзіў я да матчыных вачэй.(Іван Чыгрын)

 

ІІ. 1. Марозікам пахне капуста,

Жаўруковаю песняю – яблык,

Вераснем – сопкая бульба,

Расой – агурок крамяны.

Селядзец – глыбінёй акіяна,

Сонцам – акраец хлеба,

Ветрам і небам – ніва…(Я.Сіпакоў)

2. А што ваша маці спявапа,

Калі вас калыхала:

Дысертацыі. рэфераты?

Былі вы песеньцы рады.

Народ – пясняр, народ – паэт.

Народ без паэзіі? Недарэчнасць.

Паэзія – самы цудоўны сакрэт,

Які не будзе нікім рассакрэчаны.(П.Панчанка)

3. Аслепшы,

Яшчэ можна з кульбакай

Дарогу дадому знайсці.

Аглухшы,

Яшчэ будзеш чуць

Скрып дзвярэй сваёй хаты.

Анямеўшы,

З сябрамі бяседу вясці

Ва ўспамінах.

Толькі страціўшы Радзіму,

Будзеш, як камень,

Сляпы, і глухі, і нямы.(М.Танк)

4. Дрэвы паміраюць,

Калі перастаюць пазнаваць

Змены года

І не адгукаюцца рэхам.

Вада – калі забывае,

Куды ёй плыць,

І нікому не спатольвае смагі.

 

Зямля – калі перастае

Радзіць хлеб

І быць калыскай песняў.