Апавяданні на фальклорнай аснове.

Ядвігін Ш.

(1868 – 1922)

Сапраўднае прозвішча Антон Іванавіч Лявіцкі. Навукоўцам не ўдалося поўнасцю расшыфраваць паходжанне псеўданіма. Ёсць меркаванні, што паходзіць ён з рамантычнай гісторыі: малады Лявіцкі быў закаханы ў якуюсь Ядвігу, пры сустрэчах з якой шэптам казаў: “Я Ядвігін... Ша! (ціха)”. Гэтую легенду прыгадвае Зоська Верас, якая сустракалася з пісьменнікам у 1915—1918 гг. Некаторыя з тых, хто ведаў Лявіцкага, называюць імя таямнічай жанчыны, якую кахаў пісьменнік, – Ядвіга Шабуневіч. Так ці інакш, да сённяшняга часу расшыфроўка псеўданіма, які сведчыць пра прыналежнасць жанчыне, застаецца загадкай для даследчыкаў.

Постаць Ядвігіна Ш. пэўны час была недаацэненая ў гісторыі беларускай літаратуры. За пісьменнікам замацавалася слава пісьменніка з ліберальна-народніцкім светапоглядам. У віну Ядвігіну Ш. ставілася неразуменне сутнасці класавых супярэчнасцей, што было недапушчальна ў савецкія часы. Пры вырашэнні важнейшых праблем грамадскага жыцця ў творчасці Ядвігін Ш. абмяжоўваўся пастаноўкай культурна-асветніцкіх задач.

Нарадзіўся Антон Лявіцкі 4 студзеня 1868 г. (па іншых звестках 1866) у маёнтку Добасня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер – Гомельская вобл.) у сям’і ўпраўляючага. У 1877-1878 гг. давялося вучыцца ў школе, што была арганізавана ў Люцынцы дачкой Дуніна-Марцінкевіча Камілай. Закончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта. У 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны, сядзеў у Бутырках (Масква), а потым яго выключылі з універсітэта.

Менавіта ў турме Лявіцкі пачаў літаратурную дзейнасць. Адбываючы тэрмін у Бутырках, ён пераклаў на беларускую мову вельмі папулярнае ў тыя часы апавяданне У. Гаршына “Сігнал”. Пераклад быў выдадзены ў 1891 г. у Маскве.

Пасля зняволення вярнуўся на радзіму, здаў экзамен на аптэкара і стаў працаваць у мястэчку Радашковічы. У мястэчку ўтварыўся гурток мясцовай інтэлігенцыі, праводзіліся літаратурныя вечарыны, у якіх Лявіцкі прымаў актыўны ўдзел.

У 1892 для пастаноўкі ў гуртку напісаў камедыю “Злодзей”. П’еса была напісана на забароненай беларускай мове і не прайшла цэнзуры. Спектакль не адбыўся. Твор не быў у свой час надрукаваны і прапаў у рукапісу.

У 1894 г. Лявіцкі ажаніўся з радашковіцкай швачкай Люцыяй Гнатоўскай. Праз хваробу лёгкіх кінуў працу ў аптэцы, пачаў загадваць крамай-кааперацыяй ў Радашковічах. Але на пасадзе крамніка не ўтрымаўся, пагарэў фінансава і пераехаў у маёнтак Карпілаўка каля Радашковіч. Тут Лявіцкі займаўся садоўніцтвам, а таксама працягваў пісаць літаратурныя творы. Аднак доўгі час пісьменнік не рабіў спробы друкавацца.

Летам 1903 г. Лявіцкі выехаў у Вільню. Супрацоўнічаў як публіцыст з рэдакцыямі “Віленскага весніка” і “Беларускага весніка”. Пісьменнік адным з першых у легальным друку выступіў за права беларусаў мець сваё друкаванае слова (“Люди – людьми забытые”, 1905). У сваіх артыкулах ён часта знаёміў чытачоў з побытам беларускага сялянства.

Першае надрукаванае на бел. мове апавяданне Ядвігіна Ш. з’явілася ў 3 нумары “Нашай долі” за 1906 г. Апавяданне мела назву “Суд” (Дагэтуль Ядвігін Ш. рабіў спробы пісаць на рускай і польскай мовах, бо бел. друкаванае слова было забаронена: апавяданні “Милка”, “Мустафа”, “Маленькая повесть”). Апавяданне на бел. мове Ядвігін Ш. засведчыла яго як аднаго з пачынальнікаў новай бел. прозы.

З 1906 па 1914 г. Ядвігін Ш. плённа супрацоўнічаў з газетамі “Наша доля”, “Наша ніва”. Стаў загадчыкам літаратурнага аддзела “Нашай нівы”. У гэты час ён пісаў многа апавяданняў, артыкулаў. Прымаў актыўны ўдзел у адраджэнцкай справе. На старонках газет пісаў аб развіцці сельскай гаспадаркі на Беларусі.

У 1910 г. Ядвігін Ш., ужо не вельмі моцны здароўем, пайшоў пехатою з Вільні ў Карпілаўку, з мэтай “заглянуць пад саламяныя стрэхі ў тыя куты-куточкі, аб каторых столькі-то пішуць, седзячы ў гарадах”. Гэтае падарожжа, своеасаблівы выхад у народ нагадвае ўчынкі Л. Талстога. Яно знайшло сваё адлюстраванне ў публіцыстычным нарысе “Лісты з дарогі”. У нарысе аўтар уздымае праблемы беларускага сялянства: асветніцкія, моўныя (“Моладзь рвецца да прасветы, але тыя рамкі, у якія ўціснута цяпер навука нашых школ, даюць столькі карысці, колькі можа мець яе галодны чалавек, калі яму вымазаць вусны салам. Ды і вучаць там,як ведама, не ў роднай бел. мове , а ў расейскай (якую не ўжываюць дома). І атрымаўшы адукацыю, калі гэта ўдасца, не знаходзіць чалавек справы ў родным краі”),праблемы сацыяльнай і эканамічнай свабоды сялян.

Вясной 1914 пераехаў у Мінск і ў гэты час стаў адным з арганізатараў і тэхнічным рэдактарам часопісаў “Саха” і “Лучынка”.

Пад час імперыялістычнай вайны быў арганізатарам Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, ставіў спектаклі, выступаў на сцэне. Даводзілася і зарабляць грошы: працаваў кіраўніком майстэрняў па пашыве ваеннага абмундзіравання.

Зімой 1918 г. захварэў на сухоты і вярнуўся ў Карпілаўку.

У 1920 друкаваў раман “Золата” у газеце “Беларусь”.

У 1921 г. зноў паехаў у Вільню, выдаў свае “Успаміны”. Гэты твор застаўся незакончаны. Першая частка мемуараў, якая ўбачыла свет, ахоплівае студэнцкія гады пісьменніка, арышт і знаходжанне ў Бутырках.

24 лютага 1922 г. у Вільні ў далечыні ад сваёй сям’і Ядвігін Ш. памірае.

Пры жыцці пісьменніка выйшлі 4 яго кнігі: зборнікі апавяданняў “Бярозка” (Вільня, 1912), “Васількі” (Вільня, 1914), кніга “Успаміны” (Вільня, 1921), паэма ці вершаванае апавяданне “Дзед Завала” (Вільня, 1910).

Зорнікі “Бярозка” і “Васількі” выйшлі адзін за другім, але ў іх увайшлі апавяданні, якія пісаліся Ядвігіным Ш. не адно дзесяцігоддзе. Таму даволі цяжка меркаваць пра мастацкую і ідэйную эвалюцыю пісьменніка. Аднак можна вылучыць некалькі груп апавяданняў Ядвігіна Ш., якія сведчаць пра развіццё творчасці пісьменніка:

· апавяданні на фальклорнай аснове (“Важная фіга”, “Баба”, “Заморскі звер”, “Пазыка” і інш.);

· алегарычныя апавяданні (“Падласенькі”, “Рабы”, “Павук”, “Дуб-дзядуля” і інш.);

· псіхалагічныя ці рэалістычныя апавяданні (“Зарабляюць”, “Гаротная”, “Шчаслівая”, “З бальнічнага жыцця” і інш.);

· філасофскія імпрэсіі (“Раны”, “Васількі”).

Апавяданні на фальклорнай аснове.

Па сваіх стылявых якасцях яны маюць многа агульнага з народнай казкай, а частка з іх уяўляюць сабой літаратурную апрацоўку народных паданняў, казак, анекдотаў – гэта проста пераказаныя народныя творы.

Героі ранніх апавяданняў – сяляне. Усе яны трошкі дзікаватыя, наіўныя, часам трапляюць у якое-небудзь недарэчнае становішча і праз гэта ўзнікаюць пэўныя непаразуменні. Язэп з апавядання “Вучоны бык” верыць, што салдаты здолелі навучыць яго бычка грамаце і той стаў чыноўнікам Быкавым. У выніку Язэп урываецца да чыноўніка, які быў самы сапраўдны, спрауе зацягнуць яго дахаты, але, вядома ж, за гэта быў пакараны. У недарэчную сітуацыю трапляе Янка Гаротнікаў, які ўпершыню прыехаў у Вільню. Ён паверыў, што два жулікі паспрачаліся: колькі ў яго пальцаў на назе. Янка зняў свае боты, каб памірыць хлапцоў, а яны зніклі разам з яго ботамі.

Аўтар не паглыбляецца ў раскрыццё характараў сваіх герояў. Ён вызначае, падкрэслівае толькі адну асаблівасць характару, з якой можна смяяцца. Так, мужыкі ў апавяданні “Заморскі звер”, які паверылі жарту, што непрыгожы пан гэта заморскі звер – малпа, толькі прастафілі; свякроў у апавяданні “Важная фіга” – толькі недалёкая, уладалюбівая асоба. Яна толькі тое і робіць, што спрачаецца з нявесткай і пасылае ёй фігі ў спрэчцы.

Асаблівасць мастацкай манеры Ядвігіна Ш. у згаданых апавяданнях заключаецца ў тым, што ён, як піша Кузьма Хромчанка, “імкнуўся ахапіць жыццёвую з’яву цалкам, асэнсаваць яе, узняць на ступень мастацкага абагульнення і ўвасобіць у нейкія ўжо гатовыя, раней вызначаныя формы”. Не ад асаблівасцей развіцця чалавечага характару ішоў пісьменнік, а ад пэўнай мадэлі – прытчы, байкі, казкі, якую ён дапасоўваў да той ці іншай эстэтычнай задачы, мастацкай задумы”. Ядвігін Ш. у самым пачаіку твора вызначае праблему, а далей толькі падмацоўвае, ілюструе яе жыццёвымі фактамі. Адсюль некаторы дыдактызм твораў. “Што пазыка не кожнаму ідзе на карысць, усякі хіба добра ведае на сваім уласным карку. Пазнаў гэта і мой карак, а нават не карк, а ногі” (з ап-ння “Пазыка”).

У апавяданнях Ядвігіна Ш. гучыць смех з селяніна. Часам ён нават здзеклівы. Але гэта не бессэнсоўны смех. Аўтар імкнецца звярнуць увагу чытача – цёмнага, неадукаванага мужыка на сябе як на асобу, жадае, каб мужык сам адчуў сваю чалавечую годнасць.

Нярэдка смех бічуе як сялян, так і паноў. У апавяданні “Суд” смех выклікае суддзя-немец: ён судзіць сялян-беларусаў, а сам дрэнна ведае іх мову (у выніку – двухсэнсоўнасць). Аднак Ядвігін Ш. не імкнецца абудзіць нянавісць сялян да паноў. Пісьменнік наогул не прымаў рашучых, рэвалюцыйных вырашэнняў грамадскіх супярэчнасцей. На яго думку, галоўнае ў грамадстве – любоў і дабрата да бліжняга, а таксама маральна-этычнае самаўдасканаленне. Шлях да гэтага самаўдасканалення ляжыць праз асвету, якая так неабходна беларускаму селяніну, праз рэформы. Пісьменнік быў упэўнены, што перабудову жыцця трэба пачынаць з перавыхавання чалавека і тады сацыяльная няроўнасць знікне сама па сабе. Натуральна, светапогляд пісьменніка быў адлюстраваны ў яго творах.

Менавіта таму Ядвігін Ш. аднолькава смяецца і з бесчалавечных паноў, і з бесчалавечных сялян (як у апавяданні “Заморскі звер”). На думку Ядвігіна Ш., якое б месца ў грамадстве не займаў чалавек, ён павінен прытрымлівацца адзінага крытэрыю праўды, шчырасці, павагі да чалавека. Надзвычай востра праблема павагі да чалавека паўстае ў апавяданні “З маленькім білецікам”. У гэтым творы гучыць ужо не зусім вясёлы смех з селяніна, якому ў вялікім цягніку не знайшлося месца, толькі як “у маленькай комнаце”, прыбіральні. І вінавата не абмежаванасць селяніна, які нават не ўяўляе, куды ён трапіў, а непавага з боку вучоных паноў да гэтага чалавека.

2. Алегарычныя апавяданні.

Алегорыі Ядвігіна Ш. складаюць значную частку яго мастацкай спадчыны. Гэта невялікія па памеры апавяданні-байкі. Яны разнастайныя не толькі па тэматыцы, але і па эмацыянальнай афарбоўцы. Для іх характэрны то лёгкі гумар, то з’едлівая сатыра, то пранікнёны лірызм. Пры апісанні характараў Ядвігін Ш. карыстаецца баечнымі сродкамі мастацкай тыпізацыі: яны пададзены ў складаных грамадскіх узаемаадносінах, аднак не маюць індывідуальных рыс, пазбаўлены рэалістычнай канкрэтыкі, іх псіхалагізм у значнай ступені абагульнены.

2. У алегарычных апавяданнях Ядвігін Ш., як правіла, абмяжоўвае сябе лакальнымі праблемамі. Гэта, у прыватнасці, размовы пра тое, што жыццёвыя ўмовы здольны ператварыць чалавека ў драпежнага звера (“Дачэсныя”), што жыццё не павінна быць марным, што чалавек павінен пакінуць след у жыцці (“Рабы”). У алегорыях “Вяселле”, “Сіло” аўтар выступае за сапраўдную чалавечнасць, асуджае сквапнасць, эгаізм.

Талент Ядвігіна Ш. як сатырыка-байкапісца выдатна праявіўся ў алегорыі “Падласенькі”. За алегарычнымі вобразамі (бык-бацька Падласы, маці-карова Красуля, бычок-сын Падласенькі) стаяць рэальныя чалавечыя характары. Падласы – алегарычны вобраз цягавітага селяніна, які думае, што толькі адукацыя дапаможа мужыку пазбавіцца цемры і беднаты. Але ж дабрацца да адукацыі перашкаджае тая ж бедната, бо за веды трэба плаціць. Сітуацыя нагадвае зачараванае кола, якое існуе ў сацыяльнай рэчаіснасці. Вобраз Падласенькага – гэта карыкатура на тых выхадцаў з вёскі, што адмаўляліся ад сваіх бацькоў, ад іх мовы. Ядвігін Ш. асуджае тых бел. інтэлігентаў, якія атрымаўшы адукацыю, пачынаюць цурацца ўсяго роднага: і бацькоў, і мовы, і звычаяў.

Праблема рэнегацтва інтэлігенцыі і яго прычыны наогул вельмі хвалявала Ядвігіна Ш. Гэтае пытанне ён закранаў не толькі ў літаратурных творах, але і ў публіцыстычных нарысах.

Асобнае месца займае апавяданне “Бярозка” (1910). Гэта апавяданне, як і “Дуб-дзядуля” (1909), нельга ў поўным сэнсе назваць алегарычным. Яны вылучаюцца своеасаблівасцю формы сярод іншых алегарычных апавяданняў. Гэта пераходныя творы: паміж алегарычным, рэалістычным і псіхалагічным апавяданнем. У іх няма ўжо сатырычна-гумарыстычнай танальнасці, якая характэрна для баек. Дзеючыя асобы ў творах не жывёлы, а людзі. Разам з гэтым пэўная доля іншасказання, г.зн. алегорыі, у творах прысутнічае. У апавяданнях з’яўляюцца вобразы бярозкі, дуба, жывой вады.

У апавяданні “Бярозка” Ядвігін Ш. мысліць алегарычнымі, сімвалічнымі вобразамі. Яго не цікавяць дробязі жыцця – хто крыўдзіў Марыську, якая выйшла замуж далёка ад роднага бацькі. Мы не ведаем дакладна, як яна жыла замужам, якія людзі былі вакол яе, у якіх выпадках яна прыходзіла жаліцца да бярозкі, як вучыў бацька. Адзінота чалавека сярод людзей і ў чым яе прычына – вось якое галоўнае пытанне ставіць Ядвігін Ш. у гэтым творы. Зададзенасць гэтага пытання адчуваецца з самага пачатку, аўтар толькі падмацоўвае, ілюструе яго жыццёвымі фактамі.

Псіхалагічныя апавяданні.

У лепшых рэалістычных апавяданнях Ядвігіна Ш. (“Зарабляюць”, “З бальнічнага жыцця”, “Гаротная”, “Зарабіў” і інш.) характары напісаны праўдзіва і пераканаўча. Увага скіравана на паказ унутранага жыцця герояў, апісанне абставін, партрэтныя характарыстыкі, малюнкі прыроды. У гэтых творах аўтар адыходзіць ад фальклорнай асновы. Народна-казачныя прыёмы саступаюць месца сродкам літаратурнай тыпізацыі, мастацка абагульненнаму паказу жыцця, імкненню раскрыць чалавечы характар у яго псіхалагічнай і сацыяльнай абумоўленасці.

Самым значным крокам пісьменніка ў авалодванні прыёмамі і сродкамі рэалістычнага паказу рэчаіснасці лічыцца апавяданне “З бальнічнага жыцця”. На фоне ранейшый фальклорных апавяданняў гэты твор вылучаецца бязлітаснай, нават жорсткай праўдай у раскрыцці чалавечых думак, паказе людзей. У творы аўтар звяртаецца да індывідуальных мастацкіх сродкаў: псіхалагічнай дэталі, да пейзажнай замалёўкі, адчуваюцца аўтарскія адносіны да жыццёвых з’яў. Псіхалагічна дакладныя ў творы рэплікі, дыялогі персанажаў.

Філасофскія імпрэсіі.

Да твораў Ядвігіна Ш. лірычна-філасофскага характару звычайна адносяць апавяданні “Васількі” і “Раны”. Па жанры гэтыя творы нагадваюць: “Васількі” – імпрэсію, “Раны” – часам называюць падобным да сучаснага верлібра. Адным з першых Ядвігін Ш. даў узоры гэтых жанраў у нац. літаратуры.

“Васількі” і “Раны” характарызуюцца паглыбленай увагай да ўнутранага свету чалавека, да праблем духоўнасці. Раней за М. Багдановіча Ядвігін Ш. выкарыстоўвае нацыянальную сімволіку – васілёк як сімвал красы, а жыта – рэчаіснасці.

Апавяданне “Раны” (прысвечана С. Палуяну) заснавана на новым для бел. літ. кампазіцыйным прынцыпе. Яно сапраўды нагадвае верлібр: рытм у творы заснаваны на чаргаванні радкоў, на паўзах, на паўторах.

Цікавую старонку ў творчай спадчыне Ядвігіна Ш. займае незакончаны раман “Золата”.

Сюжэт: Мікола Стрончык, удавец. Яго дачка Зося кахае вясковага хлопца Алёксу. Але бацька Алёксы забараняе сыну глядзець у бок Зосі, бо за яе бацькам ходзіць дрэнная слава рабаўніка. Хоча ажаніць яго з заможнай дзяўчынай Прузынай. У хаце Міколы Стрончыка выпадкова заначаваў падарожны – Васіль Дубінскі, якому прыглянулася і Зося, і зямля, якую меў яе бацька. Зося ў злосці на Прузыну настроіла Васіля супраць гэтай дзяўчыны. Васіль у бяспамяцтве ўкінуў Прузыну ў студню. Алёкса пасля трагічных падзей быў вымушаны з’ехаць у Амерыку. У вялікім адчаі Зося і Васіль Дубінскі ажаніліся. Зося нарадзіла сына – гэта быў сын Алёксы. Пасля нараджаецца дачка Васіля. У царкве яе нечакана ахрысцілі Прузынай. Васіль не вытрываў граху забойства і ўтапіўся. Зося адпраўляе падросшага сына да Алёксы ў Амерыку. З ёй застаецца Прузына, якую мы бачым у пачатку рамана дарослай жанчынай, вар’яткай. Яна бадзяецца па свеце і аднойчы яе знаходзяць мёртвай, а з ёй – яе адзінае багацце – залаты пярсцёнак.

Ядвігін Ш. планаваў прасачыць у рамане лёс некалькіх пакаленяў людзей. Раман незакончаны, таму яму цяжка даць ацэнку як цэласнай з’яве. Тым не менш асноўная думка выяўлена ў творы даволі выразна. Прадметам уважлівага аналізу пісьменніка стала ўзаемасувязь сацыяльнага і біялагічнага ў чалавеку, рацыянальнага і інтуітыўнага, свядомага і падсвядомага.

Асноўны кірунак аўтарскай думкі выяўляюць назва твора і асаблівасці яго экспазіцыі. Сімволіка, увасобленая ў назве, праходзіць вядучым матывам праз увесь раман.

Золата – гэта сімвал багацця, улады, магутнасці, велічы, і ў той жа час – непазбежны спадарожнік вялікіх і малых злачынстваў. “Чысты, як золата” – так ахарактарызаваны Мікола Стрончык. Але чысты ён толькі на першы погляд. Так, ён нічым асаблівым не вылучаецца сярод іншых сялян. Гультаяваты, слабы здароўем, ахвотнік да чаркі, асабліва дармавой. Аднак за знешнасцю звычайнага селяніна хаваецца зусім іншы чалавек. “Чысты, як золата” Стрончык – злодзей з вялікім стажам. Шмат гадоў ён займаеца рабаўніцтвам, выязджаючы з шайкай у невядомым кірунку.

Знешняе і ўнутранае, фальшывае і сапраўднае ў характары чалавека – вось што цікавіць Ядвігіна Ш. Сваю задачу пісьменнік бачыць у тым, каб за знешнім бляскам, веліччу (ці прастатой) разгледзець унутранае, вызначыць галоўнае, у якой бы форме яно не выступала. А гэта аказваецца магчымым і неабходным у дачыненні літаральна да кожнага персанажа, таму што ўсе яны, падобна Сторончыку, вядуць дваістае жыццё.

Ядвігін Ш. стаіць ля вытокаў бел. прозы. Ён узбагаціў нац. прозу новымі жанрамі, быў адным з пачынальнікаў беларускага рамана, беларускай публіцыстыкі.

Літаратура:

· Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: У 2 ч. – Мінск, 1989. – Ч. 2.

· Гісторыя беларускай літаратуры: ХІХ – пачатак ХХ ст. / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш. Мінск,1998.

· Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.: У 4 т. / НАН Беларусі. – Мінск, 2003. – Т. 1. 1901–1920.

· Чыгрын І. Станаўленне беларускай прозы і фальклора. – Мінск, 1971.

· Содаль У. Загадкавы Ядвігін Ш. //ЛіМ. – 1999. – 8 студзеня.

· Содаль У. Вугельчыкі з попелу // Роднае слова. – 1999. -- № 1. – С. 198 – 206.

· Содаль У. // Роднае слова. – 1999. -- № 4. – С. 180 – 188.

· Яцкевіч З. Радавод Ядвігіна Ш. // Роднае слова. – 1999. -- № 8. – С. 206 – 212.

· Максімовіч В. Алегарычнае апавяданне Ядвігіна Ш.: Да праблемы вызначэння метаду і жанру // Роднае слова. – 1998. – № 6. – С. 49 – 60.

· Нямковіч М. Некаторыя рысы стылю Ядвігіна Ш. // Роднае слова. -- № 2. – С. 86 – 90.

· Содаль У. Новая старонка ў бел. літ-ры: некалькі слоў пра апавяданне “Суд” Ядвігіна Ш. // Роднае слова. – 1996. -- № 9. – С. 54 – 59.

· Лецка К. Рамантычныя асаблівасці стылю раману Ядвігіна Ш. “Золата” // Бел. літаратура. -- № 1989. – Выпуск 17. – С. 77 – 84.

· Хромчанка К. З кагорты пачынальнікаў // Беларуская мова і літ. у школе. – 1988. -- № 6. – С. 41 – 44.