Шматграннасць прозы Ядвігіна Ш. Майстэрства мастацкай дэталі.

ТВОРЧАСЦЬ ЯДВІГІНА Ш.

(1868 - 1922)

“З усёй кагорты пісьменнікаў-адраджэнцаў пачатку ХХ ст. постаць гэтага пісьменніка застаецца ў зацемках з прычыны сваёй загадкавасці, нашай слабай культурна-гістарычнай дасведчанасці, а ягоная творчасць належным чынам не запатрабаваная, не прыцягнутая ў сферу навуковага і практычна-азнаямленчага ўжытку. Хоць заслугі гэтага выбітнага дзеяча беларускай культуры і літаратуры бясспрэчныя. Абсалютна справядлівай і слушнай з’яўляецца думка, што “па арыгінальнасці і мастацкай форме ўвасаблення ў творчасці ментальнасці беларуса Ядвігіну Ш. няма роўных (Верціхоўская М., Цялкова В. “Зрячій посох”, або Спроба прачытаць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. – 1997. – № 4. – С. 92.)” [6, с. 145].

Біяграфічныя звесткі, агляд творчасці.

Ядвігін Ш. з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Жыццёвы шлях яго быў своеасаблівым і складаным, нялёгкай творчая біяграфія.

Сапраўднае імя Ядвігіна Ш. – Антон Іванавіч Лявіцкі (выбар псеўданіма пісьменнікам навукоўцы звязваюць з імем яго каханай дзяўчыны з Радашковіч Ядвігай Шабуневіч). “Нарадзіўся ён у маёнтку Добасня, на Рагачоўшчыне, але яшчэ ў дзіцячым узросце разам з бацькамі пераехаў на Міншчыну. Пэўны час малы Антось наведваў прыватную школу ў фальварку Люцынка, заснаваную дачкой В.Дуніна-Марцінкевіча, а пазней закончыў Мінскую гімназію. Потым была вучоба на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта, падчас якой Ядвігін Ш. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў зняволены ў маскоўскай Бутырцы (80-я гады ХІХ ст. вядомыя ў гісторыі Расіі як перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі, выкліканай забойствам цара Аляксандра ІІ, якое адбылося 1 сакавіка 1881 г. – Т. Ф.), а ў выніку, замест дыплома доктара, мусіў задаволіцца пасведчаннем аптэкарскага практыканта (памочніка правізара). Менавіта па гэтай спецыяльнасці ён пачаў сваю самастойную працу ў Радашковічах, непадалёк ад родавага маёнтка Лявіцкіх, фальварка Карпілаўка. Якраз у гэты час былі напісаныя яго першыя літаратурныя творы...”[4, с. 166].

Першае ўласнае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове было надрукавана толькі ў 1906 г. у трэцім нумары “Нашай долі” і мела назву “Суд”. Да гэтага літаратурныя спробы былі не зусім удалыя. Так, пастаноўка яго першай камедыі “Злодзей” (1892) была забароненая, і яе тэкст да нас не дайшоў. Былі, праўда, і спробы перакладу – з рускай мовы апавяданне Уладзіміра Гаршына “Сігнал”, было надрукавана у 1891 г.

“Па-сапраўднаму яго талент – як аднаго з першых значных празаікаў ХХ ст. – раскрыўся якраз у “Нашай ніве”, дзе ён пэўны час кіраваў літаратурным аддзелам. Плён больш як дваццацігадовай працы Ядвігіна Ш. у прозе знайшоў сваё адлюстраванне ў зборніках “Бярозка” (1912) і “Васількі” (1914). Ад літаратурнай апрацоўкі народных анекдотаў, казак, паданняў пісьменнік прыйшоў да ўласнага літаратурнага “я” – майстра кароткай навелы з алегарычным падтэкстам, звычайна поўнай дасціпнасці, тонкага гумару.

У гісторыю новай беларускай літаратуры Ядвігін Ш. увайшоў і як аўтар аднаго з першых раманаў “Золата” (апублікаваны ў 1920 г.). Гэты твор стаіць каля вытокаў нашай псіхалагічнай прозы; у ім зробленыя пэўныя адкрыцці, што паклалі пачатак нацыянальнай раманнай традыцыі – ад Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага да Івана Мележа, Вячаслава Адамчыка, Івана Пташнікава і Віктара Казько.

Акрамя вышэйзгаданых твораў, пяру Ядвігіна Ш. належыць вершаванае апавяданне “Дзед Завала” (1909) – своеасаблівае развіццё лучынаўскай традыцыі “Паляўнічых акварэлек з Палесся”, а таксама няскончаныя “Успаміны”. Смерць напаткала” Ядвігіна Ш. у Вільні”[4, с. 166 - 167].

М.Гарэцкі ў “Гісторыі беларускае літаратуры” адзначаў, штотворчасць Ядвігіна Ш. “стаіць у нашай літаратуры на пераходзе ад народніцкае, да нашаніўскае пары” [С. 287].

 

Шматграннасць прозы Ядвігіна Ш. Майстэрства мастацкай дэталі.

“Празаічная спадчына пісьменніка надзвычай шматгранная, вылучаецца жанрава-стылявой разнастайнасцю, багаццем вобразна-мастацкіх сродкаў, адметнасцю прынцыпаў мастацкай тыпізацыі. Творы строга рэалістычныя, з заглыбленым аналізам сацыяльна-побытавай дамінанты жыцця, лірыка-філасофскія імпрэсіі з налётам сапраўднага рамантызму, псіхалагічныя, гумарыстычныя і сатырычныя навелы, алегарычныя апавяданні, прытчы – вось далёка не поўны пералік пісьменніцкага набытку”[6, с. 145].

Павярхоўнае прачытанне яго твораў, калі ўвесь змест іх зводзіцца да выразна стылізатарскай, пераймальніцкай сутнасці – “вырастання з фальклору” – адна з прычын таго, што творчасць Ядвігіна Ш. не набыла і не набывае шырокага грамадскага рэзанансу. Напрыклад, алегарычныя апавяданні пісьменніка ўспрымаюцца не больш як літаратурная апрацоўка народных гутарак, казак, легендаў і паданняў. Пры гэтым не прымаецца пад увагу той факт, што літаратура пачатку ХХ ст. абсалютна новы ў ідэйна-эстэтычных адносінах этап мастацкага засваення жыцця, калі разгортваўся працэс, які суправаджаўся, па словах В.Каваленкі, “узмацненнем сімвалічных формаў паэтычнай мовы, паглыбленнем літаратурнай міфалагізацыі вобразнага мыслення... І гэты працэс не абавязкова азначаў актывізацыю ўнутранага звароту да традыцыйнага міфа і казкі. Хутчэй – наадварот. У пачатку ХХ ст. адкрытага звароту да міфалогіі і фальклору... наглядаецца мала і ў вельмі вузкім маштабе. Сувязь... захоўваецца, але яна ўжо ўскладненая літаратурнай традыцыяй, пераўтвораная шматлікімі эстэтычнымі напластаваннямі, прыхаваная, урэшце, публіцыстычнай надзённасцю мастацкага вырашэння агульнанародных жыццёвых праблем”[5, с. 127].

... “Своеасаблівай квінтэсенцыяй гэтых роздумаў стала апавяданне Ядвігіна Ш. “Падласенькі”... Метаідэя (звышідэя – Т.Ф.) гэтага твора заключаецца ў пошуку шляхоў грамадскага развіцця. У ім пісьменнік сродкамі фантастычнага, сатырычнага пісьма бязлітасна высмеяў патрыярхальныя ўстоі грамадства” [6, с. 147], яго безпадстаўныя “спадзяванні на хуткі і лёгкі шлях набыцця адукацыі як панацэі ад усіх бедаў” [6, с. 147]. Наогул пісьменнік з насцярогай ставіўся да радыкальных мер абнаўлення грамадства. Лічыў, што ўмяшанне чалавека ў натуральную эвалюцыю дзеля яе паскарэння (апавяданне таму пацверджанне) не дае жаданых вынікаў, не прыводзіць да фарміравання культурнага, высокаразвітога чалавека. Больш таго, у творы адчуваецца сумнеў у магчымасці хуткага выхавання “новага чалавека” нават пры істотнай змене грамадскіх умоваў. Ядвігін Ш. быў глыбока перакананы ў тым, што толькі ўпартая і самаадданая праца, разлічаная на доўгую перспектыву, можа прывесці да станоўчых зменаў у грамадстве. Ускосна ў творы паўстае праблема разумнага грамадскага падзелу працы, калі кожны павінен выконваць свой абавязак на сваім месцы. Сваімі “баечнымі” апавяданнямі пісьменнік спрагназаваў, вывеў той тып людзей, які, валодаючы мізэрным запасам унутраных якасцей, можа прэтэндаваць на ролю “вяршыцеляў лёсу”. “Пры гэтым пісьменнік гратэскна трансфармаваў сапраўдны стан рэчаў, сатырычна гіпербалізаваў сітуацыю” [6, с. 147]. Падласенькі пасля няўдалай спробы “рыхтавання на чалавека” заяўляе бацькам: “Гэта я...толькі так – да часу, а калі хочаце, каб саўсім стаўся чалавекам, то на навуку не адну, а тры скуры спусціце...”[7, с. 14]. Ядвігінская алегорыя набывае тут усе якасці антыутопіі, песімістычнага прагназавання будучыні. Пісьменнік, дзякуючы сваёй мастакоўскай празорлівасці, папярэджваў аб небяспецы з’яўлення пэўнага тыпу людзей, якім у далейшым была дадзена мянушка шарыкавых (“Сабачае сэрца” М.Булгакава). Ядвігін Ш. указаў на тыя небяспечныя грамадскія перадумовы, якія маглі выклікаць да жыцця звязаныя з нізкімі інстынктамі чалавека ўчынкі тыпу заведама паклёпніцкі данос, шкурніцтва, перараджэнства, прадажніцтва (“Зарабіў”), правакатарства (“Сабачча служба”, “Пратэст”). Так, у апавяданні “Пратэст” сродкамі палітычнай сатыры выкрываецца сумленнымі сабакамі правакацыйная брахня прадажных іх суродзічаў: “Гэткі гад у нас, так, як і ў вас, завецца правакатарам. Розніца толькі ў тым, што ў вас гэткаму пану кланяюцца, вітаюцца з ім і грошы плацяць, а наш брат, калі свайго гэткага спаткае, дык і хвастом не кране...”[7, с. 71].

(Узгадваюцца “Думкі з падарожы”, дзе аўтар, ставячы праблему адукацыі – не на роднай мове і адсутнасць прафесіянальных школ – гаворыць што лепшыя сыны вёскі “шукаюць хлеба на чужыне”).

“У філасофскіх апавяданнях Ядвігіна Ш. алегорыя выступала ў якасці пэўнага літаратурнага прыёму, які даваў магчымасць паразважаць над унутранай сутнасцю чалавека, жыцця. Але гэта ў меншай ступені прыём, які дазваляў асуджаць, крытыкаваць стан дарэвалюцыйнага грамадства, як гэта сцвярджаецца некаторымі даследчыкамі. Хутчэй за ўсё ў гэтым выявіла сябе абвостранае бачанне ўсяго чалавечага шляху ў яго адзінстве, у непарыўнай сувязі ўсіх часоў. Таму прывязваць алегарычнае апавяданне Ядвігіна Ш. да сацыяльнай канкрэтыкі, да пэўных формаў жыцця па меншай меры неабачліва. Форма ўмоўная, фальклорна-міфалагічная адкрывала пісьменніку магчымасць універсалізацыі зместу, складаных абагульненняў, высноваў, філасофскага маралізатарства. Вынайдзеная мастацкая форма алегорыі, іншасказання з’яўлялася адным са шляхоў у агульным рэчышчы літаратуры, якая ставіла перад сабой задачу “...адкрыць селяніну вочы на складаны навакольны свет, каб ён ведаў праўду часу. Але гэта можна было зрабіць толькі праз глыбокае раскрыццё яго ўласнага ўнутранага свету, праз самапазнанне селяніна” [5, с. 128]. Шлях адвольных абстракцый , шырокіх абстрагаванняў у дадзеным выпадку меў мала шанцаў на поспех: канкрэтна-вобразнае мысленне народа не змагло б правільна ўспрыняць абстрактна-абагульненую думку, ды і проста зразумець сэнс пачутага, прачытанага. Такой магчымасці непаразумення стараўся ўнікнуць Ядвігін Ш.” [6, с. 148-149]. Пра даступнасць друкаванага слова для селяніна-беларуса пісьменнік гаварыў і ў сваёй публіцыстыцы – артыкул “Людзі – людзьмі забытыя” (1905) (“даступнае па форме выкладання і на зразумелым яму дыялекце”).

Алегорыя Ядвігіна Ш. своеасаблівая, яна адрозніваецца ад “сапраўднай”, класічнай, якая імкнецца да адназначнага іншасказання, сэнсавай дакладнасці і выступае прасцейшай формай паэтычнага вобраза. “У алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш. размова ідзе не пра асобнае чалавечае жыццё (хоць і гэта можа ўгадвацца на паверхні вобраза), а пра быццё цэлага народа, нават усяго чалавецтва; не столькі пра дзень сённяшні, як пра сутнасць цэлай эпохі. Мала ў ядвігінскай алегорыі назіраецца падабенства і з класічным міфам, дзе, як слушна заўважае В.Каваленка, ператварэнне чалавека ў жывёлу надавала яму сілы, велічы і таямнічай магутнасці” [6, с. 149]. “У творах Ядвігіна Ш. – усё наадварот. Аблічча быка – гэта знак ніжэйшасці, адкрытае ўказанне на жывёльны пачатак у жыццёвым ладзе” [5, с. 132]. “Адсюль становіцца зразумелым, што значэнне і функцыя алегарычнага вобраза ў Ядвігіна Ш. намнога пашыраліся. Сэнс такога вобраза звязваўся не толькі з выкрыццём нейкай чалавечай слабасці, заганы, але і з цяжкасцю, амаль немагчымасцю выкараніць яе з прыроды чалавека, таму што яна стала адным з важных складнікаў яго ўнутранай сутнасці, уласцівасцю душы” [6, с. 149]. Калі алегорыя баечнага тыпу прама паказвае на пэўную чалавечую слабасць (ляноту, баязлівасць, высакамарнасць і інш.), якая суправаджаецца прыхаванай надзеяй на мажлівасць яе выкаранення, то ядвігінская алегорыя падае ўсе людскія хібы як іманентныя (унутрана ўласцівыя к.-н.), арганічна ўласцівыя чалавечай істоце, спрадвечныя, што ўсведамляецца самімі ж баечнымі тыпамі “...з практыкі жыццёвай ведаў добра стары Падласы, што цяперашнім часам з бычачым розумам далёка не зайдзеш” [7, с. 12]. Пераход звяроў у людзей, што адбываецца з многімі жывёльнымі персанажамі Ядвігіна Ш., -- яскравае іаму сведчанне. Так, апавяданне “Вучоны бык” будуецца па прынцыпе сэнсавай узаемаабарачальнасці, калі якасці, уласцівасці, звычкі жывёлаў праецыруюцца на чалавечую асобу і наадварот. Гэтым самым падкрэсліваецца нязменны характар унутраных дэтэрмінантаў, абсалютная адсутнасць магчымасці і ўмоваў змянення, перайначвання. Здольнасць пераходу са стану жывёльнага ў стан чалавечы ёсць відавочнае сведчанне марнасці зямной рэінкарнацыі, якая са зменай фармальнай ніколі не выклікае змены сутнаснай, змястоўнай. “Вучоны бык”, які “зусім падабнюсенькі стаўся да чалавека” [7, с. 11], – гэта толькі літаратурная парабала (іншасказальнае павучанне, прытча), звязаная з выкрыццём сутнасці чалавечай істоты, яе антынамічнай прыроды. С.150

Ядвігін Ш. такімі творамі, як “Гадунец” і “Заведзеная надзея” паказваў вынік ніцшэанскай ідэі “воля да ўлады”. Тут пісьменнік па-сутнасці гіпатэтычна спрагназаваў рэалізацыю ніцшэанскай ідэі звышчалавека. Аўтар падрабязна вымаляваў усе этапы станаўлення, выспявання гэтай ідэі адпаведна ў свеце прыроды і ў свеце людзей, паказаў яе верагодныя наступствы. Цяжка жылося кусцікам (“Гадунец”) пад узгоркам каля крыжавых дарог, дзе яны узраслі: кожны пры нагодзе стараўся ім нашкодзіць – зламаць галінкі, прыціснуць да зямлі. Таму вырашылі яны агульнымі намаганнямі ўзрасціць вялікае дрэва, якое б абараніла іх ад усіх жыццёвых нягодаў. Аднак добрая ідэя абарочваецца ў выніку для кусцікаў трагічна: “Таўстое карэнне, вялікія галіны, густыя лісты баранілі іх ад ворагаў: паводак, навальніц, ветраў, -- але гадунец гэты закрыў ім і... сонца. І – пагінулі кусцікі!” [7, с. 58]. Тут праглядваецца і падспудная згода з наступным выказваннем Ніцшэ: “З чалавекам адбываецца тое самае, што і з дрэвам. Чым больш ён імкнецца ўгору, да святла, тым мацней карані яго імкнуцца ўглыбіню зямлі, уніз, у зло” [8, с. 42].

У апавяданні “Заведзеная надзея” (эпіграф да твора: “Не тудой дарога”) аўтар вырашае падобную сітуацыю з праекцыяй на чалавечае грамадства. Жыццё людзей аднаго краю сталася зусім невыносным: “З лясоў-пушч вырываўся звер і глуміў дабытак, і з лугоў-стэпаў выплывалі прагавітыя свежай крыві ястрабы і зніштожывалі дробязь; з-за гор-граніц навалай наступаў крапчэйшы сілай вораг і няволіў слабейшых братоў сваіх”[7, с. 82]. Таму на сваёй галоўнай радзе людзі пастанавілі ўзгадаваць сабе абаронцу, веліч і сіла каторага “змагла б усіх ворагаў беднага люду”. Вынік нечалавечых высілкаў народа несуцяшальны: аддаў народ свайму гадунцу ўсё, што мог і пачаў выкладаць яму свой жаль і крыўду, каб гадунец заступіўся за іх. “Але як гром з яснага неба, неспадзяванае няшчасце зніштожыла ўжо надзею абяднеўшага народа: яго стогн каціўся па зямлі, але не шыбаў у гару, дзе бы пачуў народны выбранец, а той, спаглядаючы з гэтай вышы ўніз, не мог дагледзець потам і крывёй злітай зямлі, па каторай варушыліся яго маленькія кармільцы” [7, с. 82]. Ідэя твора празрыстая і мае ў аснове сваёй вечную значнасць, зайздросную універсальную прыроду сваёй гістарычнай паўтаральнасці.

“Ядвігін Ш. таксама ў многіх апавяданнях з найглыбейшым спачуваннем абмалёўвае пакутлівы лёс вясковых жанчын або дзяцей-сірот (“Бярозка”, “Зарабляюць”, “Гаротная”)...”[9, с. 41].

Варта ў гэтым кантэксце ўзгадаць творчасць Цёткі (вершы “Вясковым кабетам”, “Сірацінка”, “Сынок маленькі”, “Сіраціна слёзкі лье...”; апавяданні “Міхаська”, “Сірата”) і З.Бядулі (“Малыя дрывасекі”, “Велікодныя яйкі” і інш.).