Хлопчык, які застаўся жывы 5 страница

- Я хачу высветліць, як прымусіць Дадлі гаўкаць.

- Не дум’ю, што гэт’ будзе добрай ‘йдэяй. Я не папь’рэдзіў це’, але ты не ‘вінны карыстаць’ магіяй у магла’скім свеце... толькі ў вельм’ выключных вып’дках, - ашаломіў хлопчыка Хагрыд. - Да таго ж, каб крыстацца гэт’мі з’мовамі, т’бе трэ’ будзе вельмі доўг’ в’чыцца.

Таксама брамнік не даў Гары набыць сабе шыкоўны залаты кацёл, бо ў спісе быў пазначаны алавянны. Затое яны набылі найлепшы набор шаляў і складны медны тэлескоп. Потым завіталі ў аптэку, змесціва якой было настолькі цікавым, што гэта цалкам кампенсавала пануючы ў ёй жудасны пах (сумесь стухлых яйкаў і гнілой капусты). На падлозе стаялі бочкі з чымсьці слізкім; шклянкі з зёлкамі, засушаным карэннем і каляровымі парашкамі стаялі на паліцах уздоўж сценаў; са столі звісалі пукі пер’я ды звязаныя на манер караляў іклы і кіпцюры. Пакуль Хагрыд набываў сёе-тое за прылаўкам, Гары разглядаў то срэбныя рогі аднарога, па дваццаць адзін галеён за штуку, то бліскучыя жучыныя вочы па пяць кнатаў за конаўку.

Пасля выхаду з аптэкі волат зноўку перагледзеў школьны спіс.

- Заст’лося тольк’ пал’чку набыць... ёйку, я з’быўся аб тваім пад’рунку на дзень нар’джэння.

Гары адчуў, што пачынае чырванець.

- Вам не трэба...

- Ведаю, але я хачу. Так, о... т’бе ‘трэбна жывёла. Не рапуха, яны вышлі з моды шмат гадоў таму, з це’ смя’ца буд’ць... і не котка – у м’не на іх алергія. Сава, так. Усе дзець’ хочуць саву, яны да жах’ карысныя, будуць ранкам пошту насіць і гэд’ далей.

Праз дваццаць хвілінаў яны пакінулі цёмны, поўны шоргату і мігацення бурштынавых вачэй “Савіны супермаркет Эйлап”. Гары трымаў у руках вялізную клетку са схаваўшай галаву пад крыло палярнай савою. Ад захаплення хлопчык пачаў заікацца і цяпер размаўляў, як прафесар Квірэл.

- До’ ўжо, - буркнуў Хагрыд. – Думаю, Дурслі не надта рад’валі це’ гэткімі пад’рункамі. Так, застаў’ Алівандэр... толькі ён выр’бляе лепшыя пал’чкі, а т’бе трэ’ найлепшая.

Чароўная палачка... вось яе Гары жадаў набыць больш за ўсё.

Майстэрня Алівандэра была невялічкай і нікчэмнай. У пыльнай вітрыне на выцвілай падушцы ляжала адзіная палачка, а паўасыпаная пазалота шыльды казала: “Алівандэры: вытворцы лепшых палачак з 382 году да Нараджэння Хрыстова”.

Калі яны ўвайшлі, над дзвярыма празвінеў званочак. Крама была маленькай і пустой, за выключэннем крэсла, на якое адразу ж сеў Хагрыд, і акуратна складзеных ажно да столі стосаў скрыначак уздоўж сценаў. Гары адчуў сябе так, нібы трапіў у бібліятэку з вельмі суровымі правіламі паводзінаў, таму адразу ж праглынуў тысячу пытанняў, якія імкнуліся зляцець з ягонага языка. Хлопчык глядзеў па баках; патыліцу чамусьці паколвала. У майстэрні было ціха ды пыльна, і самое паветра, здавалася, было прасякнутае нейкім таямнічым чарадзействам.

- Дабрыдзень, - прамовіў чыйсьці мяккі голас, і Гары падскочыў. Хагрыд, відаць, таксама падскочыў, таму што пачулася гучнае храбусценне, і праз імгненне ён стаяў ужо далёка ад кволага крэсла.

Перад імі стаяў стары, чые шырока расплюшчаныя бледныя вочы ззялі ў паўзмроку майстэрні, бы месяцы.

- Прывітанне, - няўклюдна адказаў яму хлопчык.

- О, так, - прамовіў стары. - Так, так, так. Я ведаў, што хутка ўбачу вас. Гары Потэр, - ён сказаў гэта са стоадстоткавай упэўненасцю. - У вас матчыны вочы. Здавалася, яшчэ ўчора яна прыходзіла да мяне па сваю першую палачку – дзесяць з чвэрцю цаляў, вельмі гнуткая, вярбовая. Найдалікатнейшая палачка для працы з замовамі.

Містэр Алівандэр наблізіў да твару Гары свой. Хлопчык пачаў шалёна міргаць, бо ў срэбных вачах палачкароба было нешта жудаснае.

- А палачка вашага бацькі - з чырвонага дрэва, гнуткая, адзінаццаць цаляў. Крыху магутнейшая, найбольш прыдатная для заняткаў ператварэннямі. І прысягаю, ён быў варты яе... бо не чараўнік абірае палачку, а палачка чараўніка.

Алівандэр так блізка наблізіў свой твар да ягонага, што Гары мог нават убачыць сваё адлюстраванне ў цьмяных вачах майстра.

- І вось гэта...

Доўгі белы палец Алівандэра дакрануўся да маланкападобнага шнару.

- Мне прыкра гэта прызнаваць, але і гэтую палачку зрабіў я, - ціха прамовіў ён. - Трынаццаць з паловай цаляў, цісавая. Магутная, вельмі магутная палачка, а, апынуўшыся ў ліхіх руках... Каб я ведаў, што вытварыць гэтая палачка, калі вырабляў яе...

Ён захістаў галавою, а потым, да вялікай палёгкі Гары, пазнаў Хагрыда.

- Рубеюс! Рубеюс Хагрыд! Прыемна зноў вас бачыць... Дуб, шаснаццаць цаляў, злёгку гнуткая?

- Так, сэр, так, - адказаў волат.

- Вельмі добрая палачка. Але мяркую, калі вас выганялі, яе зламалі напалам? - прамовіў стары, і голас ягоны нечакана стаў вельмі сярдзітым.

- Ммм... так, сэр, так, - шморгаючы нагамі, адказаў Хагрыд. – Аднак у м’не заст’ліся палоўкі, - шчасліва дадаў ён.

- Але ж вы, - рэзка прамовіў палачкароб, - не карыстаецеся імі?

- Не, сэр, не, - хутка адказаў волат і, як заўважыў Гары, шчыльна прыціснуў да сябе свой ружовы парасон.

- Хммм, - містэр Алівандэр быццам свірдлаваў Хагрыда сваімі вачыма. - Так, а зараз... містэр Потэр. Давайце паглядзім, - ён выцягнуў з кішэні срэбную рулетку. - Якой рукой вы трымаеце палачку?

- Эээ... ну, я праўшун, - адказаў Гары.

- Выцягніце сваю руку, - Алівандэр замерыў даўжыню ягонай рукі ад пляча да кончыкаў пальцаў, потым ад запясця да локця, потым ад падпахі да каленяў і абмерыў нават ягоную галаву. - Кожная алівандэраўская палачка, - працягваў ён, - мае стрыжань з магутнай чароўнай рэчавіны – валасы аднарога, феніксавы пёры, драконавы сухажыллі. І як няма двух аднолькавых драконаў, аднарогаў ці феніксаў, так і няма дзвюх аднолькавых палачак. І, вядома ж, з палачкай іншага майстра вы не атрымаеце настолькі добрых вынікаў.

Раптам Гары зразумеў, што рулетка, якая цяпер абмярала ягоныя наздрыны, рабіла гэта цалкам самастойна, а сам Алівандэр у гэты час гойсаў сярод паліцаў, здымаючы з іх скрыначкі з палачкамі.

- Вось гэтая, - прамовіў ён, калі рулетка мятай грудкай апынулася на падлозе. - Што ж, містэр Потэр, давайце паспрабуем яе. Бук і сардэчнае сухажылле дракона. Дзевяць цаляў. Далікатная і гнуткая. Вазьміце яе і махніце.

Гары, нічога не разумеючы, узяў палачку і злёгку махнуў ёй, але Алівандэр амаль адразу забраў яе назад.

- Клён і пёрка фенікса. Сем цаляў. Вельмі гнуткая. Паспрабуйце...

Хлопчык ледзь паспеў узняць палачку... аднак майстар тут жа выхапіў яе з ягонай рукі.

- Зноў не тое... вось, чорнае дрэва і волас аднарога, восем з паловай цаляў, пругкая.

Гары паспрабаваў. Потым яшчэ. Ён не ведаў, чаго чакае Алівандэр. Ля ягоных ног утварылася вялізная груда выкарыстаных палачак, якая хутка перавысіла кволае крэсла ў сярэдзіне майстэрні. Аднак сам палачкароб, здавалася, з кожным разам рабіўся ўсё шчаслівейшым.

- Які ж вы складаны кліент! Але не хвалюйцеся, ідэальная палачка недзе тут, і хутка мы яе адшукаем... Цікава... а чаму не... Незвычайнае спалучэнне... востраліст і феніксава пёрка, восем цаляў, далікатная і гнуткая.

Гары ўзяў яе ў рукі і раптам адчуў цеплыню, што прабегла па пальцах. Хлопчык узняў палачку над галавой і рассёк пыльнае паветра; з ейнага кончыка стрэліў фантан іскрынак, адбіткі якіх затанчылі па сценах. Хагрыд загаласіў і пачаў пляскаць ў далоні, а Алівандэр ускрыкнуў:

- Ай, брава! Так, сапраўды добра, вельмі добра. Так, так, так... але ж дзіўна... вельмі дзіўна...

Ён узяў палачку Гары, паклаў яе ў скрынку і загарнуў у карычневую паперу, працягваючы мармытаць, як усё гэта дзіўна.

- Прабачце, сэр, - спытаў Гары, - але што вы лічыце дзіўным?

Містэр Алівандэр спыніў на хлопцы позірк сваіх бледных вачэй.

- Містэр Потэр, я памятаю кожную палачку, якую прадаў. Кожную. Так здарылася, што фенікс, з хваста якога было ўзятае пёрка дзеля стрыжня вашай палачкі, даў яшчэ адно... усяго толькі адно пёрка. Мяне вельмі здзіўляе, што менавіта вы былі прызначаныя быць яе ўладаром, бо родная сястра вашай палачкі... менавіта ейная сястра пакінула вам гэты шнар.

Гары зглынуў.

- Так. Трынаццаць з паловай цаляў. Цісавая. Цікавыя рэчы адбываюцца, цікавыя. Вы памятаеце, я ўжо казаў вам, што палачка сама абірае свайго чараўніка... І, думаю, мы павінныя чакаць ад вас вялікіх справаў, містэр Потэр... Бо і Той-Чые-Імя-Нельга-Называць рабіў вялікія справы... Так, жахлівыя, але ж вялікія.

Гары ўздрыгануўся. Ён быў не ўпэўнены, ці падабаецца яму Алівандэр. Хлопчык заплаціў яму сем галеёнаў і забраў скрынку з палачкай. Гаспадар майстэрні пакланіўся яму і правёў да дзвярэй.

 

*

 

Далёка па апоўдні, калі сонца ўжо пачало хіліцца на захад, Гары і Хагрыд прайшлі па Дыягон-Алеі, праз адтуліну ў сцяне мінулі ўжо пусты “Дзіравы кацёл” і выйшлі на маглаўскі праспект. За усю дарогу Гары не вымавіў ані слова; ён нават не заўважаў, што людзі, якія ехалі разам з ім у метро, вытарапіліся на палярную саву, што спала ў клетцы на ягоных каленях, і дзіўныя пакункі ля ягоных ног. Толькі калі яны ўзняліся па эскалатары да вакзала Падынгтан і Хагрыд паляпаў яго па плячы, хлопчык зразумеў, дзе знаходзіцца.

- У це’ ё’ час, каб пасілкаваць’ перад цягніком, - сказаў волат.

Ён набыў сабе і Гары па гамбургеру, і яны, прысеўшы на пластыкавыя крэслы, прыняліся есці. Гары азіраўся па баках. Усё, што сёння з ім здарылася, было занадта дзіўным.

- З т’бой ‘сё добра, Гары? Ты нейкі маўклівы, - спытаўся брамнік.

Хлопчык не быў упэўнены, што ў стане нешта растлумачыць. Сёння быў самы лепшы дзень нараджэння за ўсё ягонае жыццё... але... ён жаваў гамбургер, спабуючы падабраць словы.

- Усе лічаць мяне асаблівым, - нарэшце вымавіў ён. - Людзі з “Дзіравага катла”, прафесар Квірэл, містэр Алівандэр... але я зусім нічога не ведаю пра магію. Як яны могуць чагосьці чакаць ад мяне, калі я нават не магу ўзгадаць, чаму стаў знакамітасцю. Я не ведаю, што адбылося, калі Валь... ой, прабачце... у тую ноч, калі загінулі мае бацькі.

Хагрыд нахіліўся да Гары праз стол. Скрозь ягоную кашлатую бараду лунала ўсмешка.

- Не турбуй’, Гары. Ты хутк’ будзеш ведаць ‘сё, што т’бе патрэбна. Ты апынеш’ у Хогвартсе, сь’род гэткіх жа ‘ачаткоўцаў, і з табой ‘сё будзь’ файна. Папрост’ будзь самім сабой. Вед’ю, гэт’ будзь’ вельмі цяжка. Быць там, дзе ‘сё невядома, за’жды цяжка. Аднак у Хогвартсе ты правядзеш самы выдатны час сва’го жыцця... як я сам... некалі, і ц’ер, калі шчыра казаць.

Хагрыд дапамог Гары забрацца ў цягнік, які павінны быў адвезці яго да Дурслі, і працягнуў яшчэ адзін канверт.

- ‘Ось твой квіток на цягнік да Хогвартса, - сказаў ён. - Першага верасня... вакзал Кінгс-Крос... ‘сё ё’ ў квітку. К’лі будуць праблемы з Дурслі, ‘ашлі мне ліст са сваёй савой, яна вед’е, як м’не знасці... Да ’стрэчы ў Хогвартсе, Гары.

Цягнік паволі крануўся з месца. Гары прыціснуўся да акна, жадаючы глядзець на Хагрыда, пакуль той не схаваецца з вачэй, але не паспеў і міргнуць, як той знік.

 

— РАЗДЗЕЛ VI —