Падарожжа з платформы дзевяць і тры чвэрці

 

Увесь наступны месяц Гары жылося з Дурслі не надта весела. Зразумела, Дадлі цяпер настолькі баяўся Гары, што не жадаў знаходзіцца з ім у адным пакоі, а цётка з дзядзькам больш не замыкалі яго у каморы, не прымушалі працаваць і не крычалі на яго... але яны ўвогуле з ім не размаўлялі. Напаўспалоханыя-напаўразлютаваныя, Дурслі ўпарта рабілі выгляд, быццам яго няма. І хаця гэткія паводзіны сваякоў былі значна лепшымі за колішнія, тым не менш праз некаторы час яны пачалі надакучваць.

Амаль увесь час Гары сядзеў у сваім пакоі ў кампаніі савы, якую вырашыў назваць Хэдвіг. Гэтае імя хлопчык знайшоў у сваім падручніку па Гісторыі магіі. Самі падручнікі былі даволі цікавыя, і Гары да позняй ночы ляжаў у ложку, чытаючы сёй-той з іх, а Хэдвіг задаволена лятала праз адчыненае акно на вуліцу і назад у пакой. На сваё шчасце, цётка Пятуння больш не прыходзіла прыбірацца ў ягоным пакоі, інакш ёй бы зрабілася млосна ад выгляду дохлых мышэй, якіх сава прыносіла ў якасці здабычы. Штоноч перад тым, як класціся спаць, хлопчык выкрэсліваў у прычэпленым да сцяны самаробным календары дні, што засталіся да першага верасня.

У апошні дзень жніўня Гары вырашыў паразмаўляць з дзядзькам і цёткай аб тым, каб нехта давёз яго да вакзалу Кінгс-Крос, і спусціўся ў гасцёўню, дзе Дурслі глядзелі тэлевіктарыну. Хлопчык кашлянуў, каб даць ім ведаць аб сваім знаходжанні ў пакоі. Дадлі, ускрыкнуўшы, выбег вонкі.

- Ммм... дзядзька Вернан.

Той буркнуў, паказаўшы, што слухае.

- Ммм... мне трэба заўтра быць на вакзале Кінгс-Крос... каб ехаць у Хогвартс.

Містэр Дурслі зноў буркнуў.

- Было б вельмі добра, каб вы падвезлі мяне.

Дзядзка буркнуў у трэці раз. Гары вырашыў, што атрымаў згоду.

- Дзякуй.

Хлопчык ужо выходзіў з гасцёўні, калі містэр Дурслі вырашыў загаварыць.

- Дзіўны спосаб дабірацца да чарадзейскай школы. Няўжо раптам сапсаваліся ўсе дываны-самалёты?

Гары нічога не адказаў.

- Дзе гэтая школа ўвогуле знаходзіцца?

- Не ведаю, - адказаў Гары, у першы раз задумаўшыся над гэтым пытаннем. Ён выцягнуў з кішэні квіток, які даў яму Хагрыд.

- Мне толькі трэба сесці на цягнік, які адыходзіць аб адзінаццатай раніцы з платформы дзевяць і тры чвэрці.

Дзядзька з цёткай перазірнуліся.

- З якой-якой платформы?

- Дзевяць і тры чвэрці.

- Не кажы лухты, - заявіў дзядзька Вернан, - платформы дзевяць і тры чвэрці не існуе.

- Але так напісана у маім квітку.

- Шаленцы, - заўважыў Дурслі, - яны ўсе найпаўнейшыя вар’яты. Пачакай, хутка сам убачыш. Добра, дакіну цябе да Кінгс-Крос. Нам усё адно трэба будзе заўтра паехаць у Лондан, ці я б і не паварухнуўся.

- А навошта вам заўтра ў Лондан? - як мага больш зычліва спытаўся Гары.

- Дадлі ў шпіталь павязем, - гыркнуў Вернан. - Трэба ж яму адрэзаць гэты д’яблаў хвост, перш чым ён пойдзе ў Смелцінгс.

 

*

 

Наступнай раніцай Гары прачнуўся а пятай гадзіне і быў так усхваляваны, што больш не мог заснуць. Ён падняўся з ложка і нацягнуў джынсы, вырашыўшы пераапрануцца ў чарадзейскую вопратку ў цягніку. Ён зноў перачытаў ліст са спісам усяго неабходнага, каб чарговы раз пераканацца, што анічога не забыў. Праверыў, ці надзейна зачыненая клетка з Хэдвіг. Потым прыняўся хадзіць па пакоі, чакаючы, пакуль прачнуцца Дурслі. Праз дзве гадзіны ягоная цяжкая валіза была закінутая ў багажнік дзядзькавай машыны, цётка пераканала Дадлі сесці разам з Гары, і яны ад’ехалі ў напрамку Лондана.

Да Кінгс-Крос яны дабраліся а палове на адзінаццатую. Дзядзька знайшоў вазок і ўласнаруч павёз ягоныя рэчы па станцыі. Гары ўжо хацеў здзівіцца, але тут дзядзька з непрыемнай усмешкай на твары спыніўся ля платформаў.

- Ну, хлопча. Вось табе дзявятая платформа, вось дзясятая. Твая павінна быць недзе паміж імі, але, гляджу, яе пакуль не пабудавалі.

Ён, вядома ж, меў рацыю. Гары бачыў вялізную пластыкавую шыльду з нумарам дзявятай платформы, а з другога боку такую ж самую шыльду з нумарам дзесяць. Аднак паміж імі нічога не было.

- Поспехаў у школе, - з яшчэ больш брыдкай усмешкай заявіў містэр Дурслі і, не сказаўшы больш ані слова, развярнуўся і пайшоў прэч. Павярнуўшы галаву, Гары ўбачыў, як ад’ехала дзядзькава машына; Дурслі смяяліся. У роце ў яго перасохла. Што рабіць далей? Ён скурай адчуваў здзіўленыя погляды мінакоў, якія прыцягвала клетка з Хэдвіг.

Гары спыніў вакзальнага службоўцу, але той нічога не мог сказаць аб платформе дзевяць і тры чвэрці. Таксама ён нічога не ведаў аб Хогвартсе, а, калі Гары не змог сказаць, дзе дакладна той знаходзіцца, пачаў злавацца, як быццам хлопчык жадаў над ім пажартаваць. У адчаі Гары спытаўся, які цягнік адыходзіць з вакзала аб адзінаццатай, але службовец гнеўна адказаў яму, што аніякі, і рушыў прэч, мармычучы сабе пад нос нешта аб страчаным часе. Гары з усіх сілаў спрабаваў не запанікаваць. Калі верыць вялізнаму гадзінніку на станцыі, у яго было яшчэ дзесяць хвілін, каб патрапіць на цягнік да Хогвартса, але ён не ведаў, як гэта зрабіць. Ён апынуўся пасярод вакзала з агромістай валізай, якую не мог узняць, з перапоўненымі чарадзейскімі грашыма кішэнямі і вялізнаю савою.

Напэўна, Хагрыд забыўся яму сказаць, што трэба зрабіць, каб увайсці на платформу. Нешта накшталт націскання трэцяй злева цаглінкі, каб трапіць на Дыягон-Алею. Гары задумаўся, ці не выцягнуць яму чароўную палачку і не пагрукаць ёй па картапрымальніку між платформамі дзевяць і дзесяць.

Тут яго абмінула групка нейкіх людзей, і хлопчык пачуў колькі слоў з іх размовы.

- ... і, зразумела, натоўпы маглаў...

Гары ўважліва паглядзеў на мінакоў. Рудая паўнаватая жанчына нешта даводзіла чатыром гэткім жа рудым хлапцам, кожны з якіх цягнуў перад сабой цяжкую валізу, а ў аднаго з іх была сава.

Сэрца Гары пачало шалёна калаціцца, і ён асцярожна пацягнуў за імі свой вазок з валізаю. Калі рудая сям’я спынілася, Гары таксама спыніўся, дастаткова блізка ад іх, каб пачуць, аб чым тыя гамоняць.

- Так, і які нумар платформы? - спыталася маці.

- Дзевяць і тры чвэрці, - піскнула агніста-рудое малое дзяўчо, што трымала жанчыну за руку. - Мам, а ці не магла б я...

- Ты яшчэ недастаткова дарослая, Джыні. Так, а цяпер сціхніце. Ну, Персі, ты першы.

Старэйшы з сыноў рушыў між платформамі дзевяць і дзесяць. Гары, каб нічога не прапусціць, не міргаючы глядзеў на рудога хлопца, але, калі той падыйшоў да калоны, што раздзяляла дзве платформы, між ім і Гары прайшоў натоўп турыстаў, і калі заплечнік апошняга з іх прамінуў Гары, хлопчык ужо знік.

- Ты наступны, Фрэд, - прамовіла жанчына.

- Я не Фрэд, я Джордж, - заявіў хлопец. - Гэтая кабета лічыць нас сваёй маці? І не разумее, што я Джордж.

- Ой, прабач, Джордж, даражэнькі.

- Я пажартаваў, я Фрэд, - і Фрэд пабег між платформамі, а ягоны брат-блізнюк кінуўся следам. Мінула секунда, і першы з іх знік... але як ён гэта зрабіў?

Гары заўважыў, як другі з блізнюкоў бадзёра наблізіўся да турнікета... апынуўся ўпоравень з ім... і раптам знік.

Быццам і не было.

- Прабачце, - звярнуўся Гары да поўненькай жанчыны.

- Здароўку, даражэнечкі мой, - адказала яна. - Упершыню да Хогвартса? Рон таксама.

Жанчына паказала на малодшага з сыноў. Той быў худым, рабаціністым і цыбатым. Ягоныя рукі і ногі былі непрапарцыянальна вялікімі, а нос даўгаватым.

- Так, - прамовіў Гары ў адказ. - І справа ў тым... я не ведаю...

- Як трапіць на платформу, - ласкава скончыла за яго жанчына. Гары кіўнуў.

- Ані аб чым не турбуйся, - працягвала тая, - табе толькі трэба ісці раўнютка на загароджу паміж платформамі дзевяць і дзесяць. І не бойся на яе натрапіць, гэта вельмі істотна. А калі хвалюешся, лепш крышачку разбяжыся. Ну, давай, ідзі перад Ронам.

- Ммм... добра, - адказаў Гары.

Гары развярнуў свой вазочак і накіраваў яго на загароджу: тая выглядала суцэльнай. Ён рушыў наперад. З усіх бакоў яго атачаў натоўп. Хлопчык паскорыўся. Ён вырашыў, што папросту разаб’е сабе лоб, ударыўшыся аб загароджу. Тут ён па-сапраўднаму напужаўся... ягоны вазок хутка рынуўся да бар’ера, страціўшы кантроль... загароджа ўсё набліжалася... Гары не мог спыніцца... між ім і загароджай заставалася колькі крокаў... Хлопчык заплюшчыў вочы, чакаючы ўдара...

Але з ім нічога не здарылася... ён працягваў бегчы... Гары расплюшчыў вочы.

Ля платформы, забітай людзьмі, стаяў пунсовы паравоз, над крышай якога зіхацеў надпіс: “Хогвартс-Экспрэс, 11-я гадзіна раніцы”. Гары азірнуўся: на месцы турнікета была каваная арка з шыльдаю “Платформа дзевяць і тры чвэрці”. У яго ўсё атрымалася.

Па-над галавой гаманкога натоўпу лунаў паравозны дым, а пад нагамі шлэндала безліч рознакаляровых котак. Узвышаючыся над цяжкімі валізамі, незадаволена перавухваліся адна з адной совы.

Першыя колькі вагонаў былі ўжо забітыя вучнямі, якія, высунуўшыся з вокнаў, развітваліся з роднымі, а некаторыя яшчэ біліся за месца. Гары рушыў уздоўж платформы, шукаючы вольнае месца. Ён мінуў круглатварага хлопчыка, які размаўляў з бабуляй.

- Ба, я зноў згубіў рапуху.

- Вох, Нэвіл, - цяжка ўздыхнула старая.

Нейкага хлопца з дрэдамі атачыў невялічкі натоўп.

- Лі, ну пакажы нам, давай!

Хлопчык прыадчыніў накрыўку скрынкі, што трымаў у руках. Вучні вакол яго віскнулі, калі адтуль высунулася чыясьці валасатая нага.

Гары праціскаўся скрозь натоўп, пакуль не знайшоў вольнае купэ ў апошнім вагоне. Ён прасунуў у дзверы клетку з Хэдвіг, а потым паспрабаваў узняць валізу. Ён з цяжкасцю ўзгрувасіў яе на першую прыступку, але, калі паспрабаваў узняць на другую, валіза павалілася на зямлю, балюча ўдарыўшы яго па назе.

- Дапамагчы? – спытаў, падыйшоўшы да яго, адзін з рудавалосых блізнятаў, якіх Гары бачыў ля турнікета.

- Так, калі ласка, - цяжка дыхаючы, адказаў ён.

- Гэй, Фрэд! Бяжы сюды і дапамажы!

З дапамогаю блізнятаў валіза нарэшце апынулася ў вагоне.

- Дзякуй вялікі! - прамовіў Гары і прыбраў з вачэй мокрыя ад поту валасы.

- Што гэта? - нечакана спытаўся адзін з братоў, паказваючы на не схаваны цяпер шнар.

- Анішто сабе, - прамовіў другі. - Дык ты ж...

- Гэта ён, - сказаў першы, а потым, звярнуўшыся да Гары, спытаў: - Гэта ж ты?

- Што, хто? - не зразумеў той.

- ГАРЫ ПОТЭР, - у адзін голас прамовілі блізняты.

- Ааа, - сказаў Гары, - ну, так, я.

Браты са здзіўленнем вытарапіліся на яго. Гары адчуў, што вось-вось пачырванее. На ягонае шчасце, з платформы нехта крыкнуў:

- Фрэд? Джордж? Вы там дзе?

- Ідзем, мам.

Апошні раз зірнуўшы на Гары, блізняты выскачылі з вагона.

Хлопчык сеў ля акна, напалову схаваўшыся, каб мець магчымасць назіраць за рудавалосай сям’ёй і чуць іхную размову. Рудая маці выцягнула з кішэні хустку.

- Рон, у цябе нешта з носам.

Малодшы з сыноў паспрабаваў выдзерціся з матчыных рук, але тая моцна схапіла яго і пачала церці кончык ягонага носа.

- Мааам... адчапіся, - закруціўся хлопец.

- Ага, у маленецькага Роні неста на носіку? - зарагатаў адзін з блізнятаў.

- Заткніся, - адказаў яму Рон.

- Куды падзеўся Персі? - спыталася жанчына.

- Ідзе.

Старэйшы з братоў крочыў да астатняй сям’і. Ён быў ужо пераапрануты ў чорную мантыю, што раздзімалася на вятры, а ў яго на грудзях Гары заўважыў нейкі чырвоны з залатым значык з літарай “П” у сярэдзіне.

- Мама, я не надоўга, - прамовіў ён. - Я разам з астатнімі прэфектамі ў першых двух вагонах...

- Персі, ты прэфект? - з быццам здзіўленым выразам на твары спытаў адзін з блізнятаў. - А нам чаму не сказаў, мы ж на’т не ведалі!

- Чакай, - прамовіў другі блізнюк, - я прыгадваю, ён казаў нам нешта падобнае. Адзін раз...

- Ці два...

- За хвіліну...

- На працягу ўсяго лета...

- Змоўкніце, - сказаў прэфект Персі.

- Ага, няўжо Персі набылі новую вопратку, - не жадаў супакойвацца адзін з блізнятаў.

- Так, бо Персі стаў прэфектам, - з пяшчотай прамовіла маці. - Добра, маё ты дзіця, ідзі ўжо... як дабярэцеся, дашлі мне саву.

Атрымаўшы ад маці пацалунак у шчаку, Персі сыйшоў, а жанчына развярнулася да блізнятаў.

- Так, цяпер вы двое. Раю вам паводзіць сябе прыстойна. Калі я ў гэтым годзе атрымаю саву аб тым, што вы... што вы зноў падарвалі прыбіральню...

- Падарвалі прыбіральню? Мы пакуль нічога падобнага не рабілі.

- Але дзякуй за шыкоўную прапанову, мам.

- Тут няма анічога смешнага. І глядзіце за Ронам.

- Не турбуйся, немаўлятка Ронькінс будзе з намі ў поўнай бяспецы.

- Заткніся, - зноў прамовіў Рон. Ён быў амаль гэткага ж росту, што і блізняты, а на ягоным носе ў тым месце, якое цёрла маці, дагэтуль ружавела пляма.

- Гэй, мам. Ці ты ведаеш, з кім мы пазнаёміліся ў цягніку?

Гары хутка адрынуўся ад вакна, каб тыя не маглі заўважыць, як ён сочыць за імі.

- Ці памятаеш таго чарнявага хлопчыка, якога мы сустрэлі на станцыі? Ведаеш, хто ён?

- Ну хто?

- ГАРЫ ПОТЭР!

- Мам, мам, - пачуўся голас іх малой сястрычкі, - можна я схаджу паглядзець на яго? Мам, ну калі лаааска...

- Ты яго ўжо бачыла, Джыні, і бедны хлопчык не звер з заапарку, каб на яго ўсе таропіліся. Насамрэч ён, Фрэд? Адкуль ты ведаеш?

- Спытаў яго. А яшчэ бачыў шнар. Ён сапраўды... маланку нагадвае.

- Беднае дзіця... вось чаму ён быў адзін. Я так здзівілася. А які ён быў ветлівы, калі спытаўся, як трапіць на платформу!

- Неімаверна! Як думаеш, ён памятае, як выглядаў Сама Ведаеш Хто?

Жанчына імгненна стала вельмі суровай.

- Фрэд, я забараняю цябе нават пытацца ў яго аб гэтым. Нават думаць не пачынай. Не сапсуй яму першы ж дзень у школе.

- Добра, добра, спакуха! Не гарачыся!

Пачуўся паравозны гудок.

- Паспяшайцеся! - прамовіла жанчына, і ўсе тры хлопцы залезлі ў вагон. Яны высунуліся з вакна, каб пацалавацца з маці на развітанне. Іхная сястрычка пачала плакаць.

- Не плач, Джыні, мы дашлем табе цэлую зграю соў.

- Мы дашлем табе вечка ад хогвартскага ўнітаза.

- ДЖОРДЖ!

- Мама, я жартую.

Цягнік пакрысе ад’ехаў ад станцыі. Маці і сястра рудых хлопцаў колькі часу са шчаслівымі слязамі на вачах беглі за цягніком, махаючы на развітанне рукамі. Аднак неўзабаве цягнік паскорыў свой рух, завярнуў за рог, і жанчыны зніклі.

Гары глядзеў у акно. Міма праносіліся шматлікія хацінкі. Раптам хлопчык адчуў моцнае хваляванне. Ён не ведаў, што чакае яго наперадзе, але вырашыў: гэта значна лепш за тое, што ён пакідае ў мінулым.

Дзверы ў купэ адчыніліся, і туды зазірнуў малодшы з рудых братоў.

- Ці ёсць тут месца? - спытаўся ён, азіраючы купэ. - Астатнія купэ перапоўненыя.

Гары кіўнуў, і хлопчык сеў на суседняе месца. Ён вытарапіўся на Гары, але хутка адвярнуўся да вакна, быццам на яго і не глядзеў. На носе ў хлапца па-ранейшаму зіхацела цёмная пляма.

- Гэй, Рон.

У купэ зноў зазірнулі блізняты.

- Мы пойдзем ў сярэдзіну цягніка. Там Лі Ёрдан паказвае гіганцкага тарантула.

- Добра, - прамармытаў Рон.

- Гары, - прамовіў адзін з блізнятаў, - мы забылі назвацца. Фрэд і Джордж Візлі. А гэта наш брат Рон. Убачымся пазней.

- Пакуль-пакуль, - разам прамовілі Гары з Ронам. Блізняты высунуліся з купэ і зачынілі дзверы.

- Дык ты сапраўды Гары Потэр? - выпаліў руды хлопчык.

Гары кіўнуў у адказ.

- Ух ты... а я вырашыў, што гэта чарговы жарт Фрэда і Джорджа, - прамовіў Рон. - І ў цябе насамрэч ёсць... ну, ты ведаеш...

Хлопчык паказаў на ягоны лоб.

Гары адкінуў чубок, каб паказаць шнар. Рон глядзеў на яго, вылупіўшы вочы.

- Гэта сюды трапіла замова Сам Ведаеш Каго?..

- Так, - адказаў Гары, - але я насамрэч нічога не памятаю.

- Зусім нічога? - нецярпліва прамовіў руды хлопчык.

- Ну... я памятаю вялізны сполах зялёнага святла, а больш нічога.

- Крута, - адказаў Рон. Ён яшчэ колькі імгненняў сядзеў і таропіўся на Гары, але раптам, зразумеўшы, што робіць, зноўку адвярнуўся да вакна.

- А ты з чарадзейскай сям’і? - спытаўся Гары, якому руды суразмоўца быў не менш цікавы.

- Эээ... пэўна, так, - адказаў Рон. - У мамы, я чуў, ёсць стрыечны брат, які працуе бухгалцерам, але ў сям’і пра яго ніколі не ўзгадваюць.

- Ты, напэўна, ужо шмат што ведаеш аб магіі.

Гары падалося, што Візлі былі адной з тых старажытных чарадзейскіх сем’яў, пра якія казаў на Дыягон-Алеі той бледны хлопчык.

- Кажуць, ты жывеш з магламі, - спытаўся Рон, - і як яны табе?

- Поўны жах. Вядома, не ўсе маглы жудасныя, але мае дзядзька, цётка і стрыечны брат – так. Лепей мець трох братоў-чарадзеяў.

- Пяцёх, - раптам нахмурыўшыся, удакладніў Рон. - Я ўжо шосты з сям’і, хто едзе вучыцца ў Хогвартс. Можна сказаць, я шмат з каго маю браць прыклад. Біл і Чарлі ўжо адвучыліся, але ў школе Біл быў старастай, а Чарлі - капітанам квідычнай каманды. Вось, цяпер Персі абралі на прэфекта. Фрэд з Джордам шалапуты, якіх мала, але вучацца добра, і тое, што яны выдумляюць, лічыцца сапраўды вясёлым. Усе думаюць, што я павінны рабіць так, як яны, але праблема ў тым, што мне не надта хочацца паўтараць за кімсьці. Я і так ужо, маючы пяцёх братоў, карыстаюся тым, што колісь належала ім. У мяне старая мантыя Біла, старая палачка Чарлі і стары пацук Персі.

Рон засунуў руку за пазуху і выцягнуў адтуль тоўстага шэрага пацука, які працягваў моцна спаць.

- Гэта Скаберс, цалкам бескарысная істота, якая нават прачынаецца зрэдку. Персі за тое, што стаў прэфектам, атрымаў у падарунак ад таты саву, але на тое, каб набыць штосьці мне, не хапіла грошаў, вось мне і аддалі Скаберса.

У Рона пачырванелі вушы. Здаецца, ён вырашыў, што і так замнога сказаў, таму зноў утаропіўся ў акно.

Гары і не думаў, што не мець магчымасці набыць сабе саву - гэта дрэнна. У рэшце рэшт, яшчэ месяц таму ён сам не меў ані грошыка. Ён расказаў Рону пра тое, што вымушаны быў насіць старую вопратку Дадлі і ніколі не атрымліваў на дзень нараджэння прыстойнага падарунка. Здаецца, гэта крыху ўсхамянула рудога хлопчыка.

- ... і пакуль па мяне не прыйшоў Хагрыд, я нічога не ведаў аб тым, што я чараўнік, а маіх бацькоў забіў Вальдэморт...

Рон войкнуў ад жаху.

- Што здарылася? - спытаў у яго Гары.

- ТЫ ПРАМОВІЎ ІМЯ САМ ВЕДАЕШ КАГО! - ўражана і шакавана адказаў Рон. - Я б на тваім месцы...

- Не збіраўся паказваць сябе крутым героем, здольным вымавіць ягонае імя, - адказаў Гары, - але я нічога не ведаю пра тое, чаму не павінны быў гэтага рабіць. Я ўвогуле шмат чаго не ведаю. Вось. А яшчэ, іду ў заклад, - дадаў Гары, вырашыўшы сказаць тое, што турбавала яго ўвесь апошні час, - што буду горшым ува ўсім класе.

- Не будзеш. У Хогвартсе вучыцца безліч дзяцей з маглаўскіх сем’яў, і ўсе даволі хутка падцягваюць свае веды.

Размову яны пачалі ў Лондане, а пакуль яны гаманілі, цягнік апынуўся сярод бязмежных палёў, поўных статкамі кароў і авечак. Хлопчыкі на некаторы час замаўчалі і проста глядзелі, як ў акне мільгацяць палі і сцяжынкі між імі.

Каля паловы на дванаццатую ў калідоры нешта загрукатала, і дзверы іхнага купэ адчыніла ўсмешлівая жанчына з ямачкамі на шчаках.

- Ці не жадаеце прысмакаў з вазочка, мае любыя?

Гары, які сёння прапусціў сняданак, ускочыў на ногі, а Рон з пачырванелымі вушамі прамармытаў, што мае бутэрброды. Гары выскачыў у калідор.

Калі ён жыў з Дурслі, у яго аніколі не было грошаў на слодычы, але цяпер, калі ягоныя кішэні былі перапоўненыя золатам і срэбрам, ён быў гатовы набыць столькі батончыкаў “Марс”, колькі ўлезе ў рукі. На жаль, батончыкаў “Марс” на вазочку не было, але там былі цукеркі на любы смак ад Бэрці Бот, лепшая Дроблаўская жуйка, шакаладныя жабкі, гарбузовыя пірагі, пірожныя кацялкі, лакрычныя палачкі і шмат іншых прысмакаў, якія Гары ніколі ў жыцці не бачыў. Не жадаючы прапусціць анічога, хлопчык набыў патрошку ўсяго, заплаціўшы жанчыне адзінаццаць срэбных сікляў і сем кнатаў.

Рон вытарапіўся на тое, як Гары, вярнуўшыся ў купэ, кінуў слодычы на вольнае месца.

- Ну ты і галодны.

- Яшчэ які, - адказаў Гары, адкусваючы кавалак ад гарбузовага пірага.

Рон развярнуў пакунак з бутэрбродамі і ўзяў адзін з чатырох.

- Яна, як заўжды, забылася, што я не люблю саланіну.

- Можа, памяняемся, - прапанаваў Гары, працягваючы Рону пірог. - Давай...

- Ты не будзеш гэта есці, ён вельмі сухі, - прамовіў той, а потым хутка дадаў: - У яе так мала часу. Калі ў цябе на руках пяцёра дзяцей...

- Давай, бяры пірог, - сказаў Гары. Ён аніколі ў жыцці не меў анічога, чым можна было падзяліцца. Якое ж гэта было прыемнае пачуццё - разам з рудавалосым хлопцам спажываць пірожныя і іншыя слодычы (аб бутэрбродах, зразумела ж, забылі).

- А тут што? - спытаўся у Рона Гары, трымаючы ў руках пачак з шакаладнаю жабкаю. – Спадзяюся, жабка не сапраўдная, - хлопчык быў гатовы да чаго заўгодна.

- Ані, - адказаў Рон. - Паглядзі на картку. Мне не хапае Агрыпы.

- Чаго?

- Ёйку, ты ж не ведаеш... У кожным пачку шакаладных жабак ёсць картка з выявай кагосьці з найвядомейшых чараўнікоў ці вядзьмарак. Іх збіраюць, я маю недзе пяцьсот, але сярод іх аніводнага Агрыпы ці Пталямея.

Гары разгарнуў адзін з пачкаў і выцягнуў картку. На ёй быў мужчына з доўгім крывым носам, акулярамі ў форме паўмесяцаў і доўгімі срэбнымі валасамі ды барадой. Унізе было імя: “Альбус Дамблдор”.

- Дамблдор, вось ён які! - прамовіў Гары.

- Толькі не кажы, што ніколі не чуў аб Дамблдоры! - сказаў Рон. - Можна мне жабку? Раптам там будзе Агрыпа... дзякуй...

Гары развярнуў картку і прачытаў:

 

Альбус Дамблдор, цяперашні дырэктар Хогварцкай школы.

На думку шмат каго з сучаснікаў, найвялікшы чарадзей сучаснасці. Найбольш вядомы сваёй перамогай у 1945 годзе над цёмным чараўніком Грындэльвальдам, вынаходніцтвам дваццаці спосабаў выкарыстання драконавай крыві і супольнай алхімічнай працай з Нікаласам Фламелем.

Прафесар Дамблдор любіць класічную музыку і боўлінг.

 

Гары зноў павярнуў картку і вельмі здзівіўся, убачыўшы замест Дамблдоравага твара пустое месца.

- Ён знік!

- Хіба ты чакаў, што ён будзе тырчаць тут цэлы дзень? - прамовіў Рон. - Яшчэ вернецца. Не... зноў Маргана, у мяне іх ужо шэсць... хочаш, забірай. Пачнеш калекцыянаваць.

Ягоныя вочы глядзелі на груду шакаладных жабак, што працягвалі ляжаць на сядзенні.

- Бяры яшчэ, - прапанаваў яму Гары. - І ведаеш, у маглаў таксама збіраюць карткі, але людзі на іх не ходзяць.

- Няўжо? І нават не рухаюцца? - здзіўлена спытаўся Рон. - Дзівоса нейкая!

Гары ўбачыў, як Дамблдор з лёгкай ўсмешкай вярнуўся на сваю картку. Рона больш цікавілі самі жабкі, а вось Гары не мог адарваць вачэй ад шматлікіх вядомых чарадзеяў і чарадзеяк. Хутка да Дамблдора і Марганы далучыліся Гэнгіст Вудкрафцкі, Альберык Груньён, Цырцэя, Парацэльс і Мерлін. Нарэшце хлопчык наглядзеўся на друідку Кліёдну з падрапаным носам і разгарнуў скрынку цукерак на любы смак ад Бэрці Бот.

- Ты з імі асцярожна, - папярэдзіў Рон. - Калі там напісана, што цукеркі маюць любы смак, гэта значыць, што смак будзе які заўгодна – шакаладны, мармеладавы, мятны, але можа быць і са смакам шпіната, лівера ці рубца. Джордж кажа, што аднойчы яму трапілася цукерка са смакам саплей.

Рон асцярожна ўзяў зялёную цукерку, уважліва паглядеў на яе і надкусіў.

- Фееееееееее... вось глядзі – брусэльская капуста.

Колькі часу яны бавіліся тым, што спрабавалі смак розных цукерак. Гары трапіўся тост, какос, запечаная фасоля, трускаўкі, кары, спаржа, кава і сардыны; ён нават наважыўся адкусіць кавалачак ад дзіўнай шэрай цукеркі, якую не вырашыўся паспрабаваць Рон – яна была са смакам перцу.

Тым часам за акном цягніка сельская мясцовасць з яе акуратнымі палямі і сцежкамі змянілася на дзікія непралазныя лясы, віхляючыя рэкі і цёмна-зялёныя пагоркі.

У дзверы пагрукаліся, і ў купэ зазірнуў круглатвары хлопчык, якога Гары бачыў на платформе дзевяць і тры чвэрці. Здавалася, ён толькі што плакаў.

- Прабачце, ці вы не бачылі тут рапуху? - спытаўся, ён, Рон з Гары пахісталі галовамі. - Я зноў яго згубіў! Ён працягвае ўцякаць ад мяне!

- Ён абавязкова вернецца, - падбадзёрыў яго Гары.

- Так, - шморгаючы носам, згадзіўся хлопчык. - Калі вы яго раптам убачыце...

Ён сыйшоў.

- Не ведаю, чаму ён гэдак тужыцца, - заўважыў Рон, - калі б у мяне была рапуха, я б згубіў яе як мага раней. З іншага боку, Скаберс не нашмат лепшы, так што не мне хваліцца.

Пацук працягваў дрыхнуць на Ронавых каленях.

- Калі б ён памёр, аніхто б гэтага не заўважыў, - з агідаю дадаў ён. - Учора я паспрабаваў перафарбаваць яго на жоўты колер, каб ён выглядаў крыху весялейшым, але замова не спрацавала. Вось, глядзі...

Рон пашураваў у сваёй валізе і выцягнуў адтуль даволі падрапаную палачку. У колькіх месцах яна пакрылася расколінамі, а з яе кончыку вытыркалася нешта белае.

- Валоссе аднарога, амаль усё вылезла. У любым выпадку...

Толькі ён узняў палачку, як дзверы зноў адчыніліся. За імі стаяў безрапухі хлопчык, а разам з ім нейкая дзяўчынка, што ўжо паспела пераапрануцца ў новую хогварцкую мантыю.

- Нэвіл згубіў сваю рапуху. Ніхто з вас яе не бачыў? - спыталася яна. Дзяўчынка мела ўладарны голас, густыя каштанавыя валасы і даволі вялікія пярэднія зубы.

- Мы ўжо казалі, што не, - заўважыў Рон, але дзяўчынка яго не слухала: яна глядзела на палачку ў яго руцэ.

- О, вы тут чаруеце? Ці можна паглядзець?

Дзяўчынка прысела на вольнае месца. Рон разгубіўся.

- Ммм... ну, добра.

Ён пракашляўся.

 

Сонца, дзьмухавец, алей.

Ты, дурны пацук, зжаўцей.”

 

Ён махнуў палачкай, але нічога не адбылося. Скаберс працягваў быць шэрым і нават не прачнуўся.

- Ці ты ўпэўнены, што гэтая замова сапраўдная? - спытала дзяўчынка. – Анічагутка не здарылася? Я, напрыклад, каб папрактыкавацца, паспрабавала колькі просценькіх замоваў, і ўсе яны спрацавалі. А ў маёй сям’і не было аніводнага чараўніка. Усе так здзівіліся, калі я атрымала ліст са школы. І сама я была такая шчаслівая, у тым сэнсе, я чула, што Хогвартс - лепшая чарадзейская школа ў свеце... Я вывучыла на памяць усе падручнікі... спадзяюся, гэтага будзе дастаткова... Між іншым, я Герміёна Грэйнджэр, а як вас клічуць?

Яна выпальвала словы, быццам з кулямёта.

Гары паглядзеў на Рона і з палёгкаю ўбачыў ягоны агаломшаны твар. Ён і не здагадваўся, што падручнікі можна вывучыць на памяць.

- Я – Рон Візлі, - прамармытаў той.

- Гары Потэр, - назваўся Гары.

- Сапраўдны? - уклікнула Герміёна. - Я пра цябе столькі ведаю... я набыла колькі дадатковых кніжак; пра цябе ўзгадваюць у “Сучаснай гісторыі магіі”, ва “Усходзе і заняпадзе цёмных мастацтваў” і ў “Знакавых чароўных падзеях дваццатага стагоддзя”.

- Пра мяне? - разгублена спытаўся Гары.

- Божачкі, ты не ведаў пра гэта, я б на тваім месцы высветліла ўсё на гэты конт, - выпаліла Герміёна. - А хтось з вас ужо ведае, у якім Доме апынецца? Я вывучала гэтае пытанне і спадзяюся трапіць у Грыфіндор, кажуць, там вучыўся сам Дамблдор, ну, яшчэ не надта дрэнны Дом - Рэйвенкло... Добра, я ўсё-ткі пайду дапамагу Нэвілу шукаць рапуху. А вам дваім лепей пераапрануцца, думаю, хутка мы ўжо прыедзем.

У суправаджэнні безрапухага хлопчыка яна выйшла з купэ.

- Спадзяюся, мы будзем у розных Дамах, - выцягваючы з валізы мантыю, прамовіў Рон. - Дурная замова... мне пра яе Джордж сказаў, іду ў заклад, ён ведаў, што яна не спрацуе.

- А ў якім Доме твае браты? - спытаўся Гары.

- У Грыфіндоры, - ён зноў змрачнеў. - Мама з татам таксама там вучыліся. Не ведаю, што яны скажуць, калі я не траплю туды. Думаю, што было б няблага трапіць у Рэйвенкло, але што будзе, калі я апынуся ў Слізэрыне?

- Доме ў якім вучыўся Валь... то бок, Сам Ведаеш Хто?

- Так, - Рон з сумным выглядам плюхнуўся на сваё сядзенне.

- Ведаеш, здаецца, у Скаберса пасвятлелі кончыкі вусаў, - паспрабаваў адцягнуць Ронаву ўвагу Гары. - Між іншым, а дзе працуюць твае найстарэйшыя браты?

Гары было цікава, чым чараўнік можа заняцца пасля заканчэння школы.

- Чарлі ў Румыніі вывучае драконаў, а Біл у Афрыцы нешта робіць для Грынгатса, - адказаў Рон. - Дарэчы, чуў, што там адбылося? Хаця не думаю, што маглы атрымліваюць “Штодзённы вяшчун”... Нехта спрабаваў абрабаваць высокабяспечнае сховішча.

Гары вельмі здзіўлена паглядзеў на яго.

- Сапраўды? А што скралі?

- Нічога, гэта і ёсць галоўнай навіной. І яшчэ іх ніхто не злавіў. Тата кажа, што толькі магутны цёмны чарадзей мог на такое вырашыцца, але каб ён анічога не ўзяў... гэта сапраўды дзіўна. Шмат хто напалохаўся, лічаць, што за гэтым можа стаяць Сам Ведаеш Хто.

Гары пракручваў у галаве гэтую навіну. Калі ўзгадваўся “Вядома Хто”, яго пачынала прадзіраць ад жаху,. Ён ведаў, што гэта асаблівасці чарадзейскага свету, але яму самому больш зручна было б казаць “Вальдэморт”.

- А якая твая ўлюбёная квідычная каманда? - спытаўся Рон.

- Эээм... Я аніводнай не ведаю, - прызнаўся Гары.

- Ты што! - агаломшана ўсклікнуў Рон. - Гэта ж найлепшая гульня ўва ўсім свеце... - ён адразу ж пусціўся ў доўгія і нудныя тлумачэнні пра чатыры мячы, функцыі сямі гульцоў, апісваў вядомыя гульні, на якіх ён быў з братамі, распавёў, якую б мятлу ён набыў, калі б у яго былі грошы. Ён пачаў тлумачыць Гары тонкасці гульні, калі дзверы ў купэ зноў адчыніліся. На гэты раз за імі стаяў не безрапухі Нэвіл і не Герміёна Грэйнджэр.

У купэ завіталі трое хлопчыкаў. Таго, што быў пасярэдзіне, Гары ўжо ведаў. Гэта быў бледнатвары хлопчык, якога ён бачыў у мадам Малкін. Ён агледзеў Гары з яшчэ большай цікавасцю, чым тады, на Дыягон-Алеі.

- Гэта праўда? - спытаўся бледнатвары. – Кажуць, у гэтым купэ едзе сам Гары Потэр. Дык гэта што, ты?

- Так, - адказаў Гары. Ён агледзеў астатніх дваіх. Тыя былі камлюкаватымі і выглядалі даволі злоснымі. Яны стаялі паабапал бледнатварага хлопчыка, як два целаахоўнікі.

- Гэта Крэйб, а гэта Гойл, - заўважыўшы, куды глядзіць Гары, нядбайна паведаміў бледнатвары. - А я Малфой, Драко Малфой.

Рон кашлянуў, каб прыхаваць смех. Драко Малфой перавёў на яго вочы.

- Ты лічыш, што ў мяне смешнае імя? Пра тваё можна і не пытацца. Бацька кажа, што толькі Візлі маюць рудое валоссе, рабацінне і дзяцей больш, чым могуць сабе дазволіць.

Ён зноў развярнуўся да Гары.

- Хутка ты зразумееш, Потэр, што ёсць чарадзейскія сем’і, горшыя за іншых. Калі хочаш, я дапамагу табе разабрацца, з кім у нашым свеце трэба сябраваць.

Драко працягнуў руку Гары, але той яе не прыняў.

- Думаю, я сам магу разабрацца, якія сем’і для мяне няправільныя, - халодна адказаў ён.

Бледныя шчокі Малфоя пакрыліся ружовымі плямамі.

- На тваім месцы я б засцярогся, Потэр, - павольна заявіў ён, - і быў бы крыху больш ветлівым. Ці ты скончыш, як твае бацькі. Яны таксама не разумелі таго, што для іх сапраўды добра. Калі будзеш вадзіцца з такой набрыддзю, як Візлі ці Хагрыд, будзеш такім самым, як яны.

Гары і Рон выпрасталіся. Твар Візлі цяпер быў гэткага ж колеру, як і ягоныя валасы.

- Паўтары, - прамовіў ён, - што ты сказаў?

- О, ты вырашыў з намі біцца? - усміхнуўся Малфой.

- Калі вы зараз жа не прыбярэцеся адсюль, - смела прамовіў Гары, хаця адчуваў сябе не надта адважна, бо Крэйб з Гойлам былі значна мацнейшыя за яго і Рона.

- Але мы не жадаем сыходзіць, ці не так, хлапцы? У нас не засталося ежы, а вы, я бачу, сёе-тое яшчэ маеце.

Гойл пацягнуўся за шакаладнай жабкай, якая ляжала паблізу ад Рона... Візлі скокнуў наперад, але перш, чым ён паспеў дакрануцца да Гойла, той жудасна залямантаваў.

На ягоным кулаку, глыбока запусціўшы туды свае вострыя зубкі, вісеў Скаберс. Крэйб з Малфоем адсунуліся назад. Гойл шалёна круціў рукою і, калі Скаберс, нарэшце адпусціўшы яго, паляцеў у напрамку акна, усе трое зніклі ў калідоры. Можа, вырашылі, што сярод ласункаў хаваюцца іншыя пацукі, альбо пачулі чыесьці набліжэнне, таму што праз імгненне пасля іх сыходу ў купэ зноў завітала Герміёна Грэйнджэр.

- Што тут здарылася? - спыталася яна, заўважыўшы поўную падлогу слодычаў і Рона, што трымаў Скаберса за хвост.

- Думаю, ён у накауце, - паведаміў Рон Гары. Ён паглядзеў на пацука больш уважліва. - Не... як гэта магчыма... ён зноўку задрых.

Пацук сапраўды моцна спаў.

- Ты што, бачыў Малфоя раней?

Гары распавёў аб іх сустрэчы на Дыягон-Алеі.

- Я шмат чуў аб ягонай сямейцы, - змрочна прамовіў Рон. - Яны былі аднымі з першых, хто перайшоў на наш бок, калі знік Сам Ведаеш Хто. Маўляў, іх зачаравалі. Але мой бацька не верыць аніводнаму іх слову. Ён кажа, што Малфоеву бацьку не патрэбныя падставы дзеля пераходу на цёмны бок, - ён развярнуўся да Герміёны. - Мы чымсьці можам табе дапамагчы?

- На вашым месцы я б паспяшалася змяніць вопратку. Я толькі што была ў галаве цягніка і пыталася ў машыніста, ён кажа, мы амаль прыехалі. А вы тут што - біліся? Не паспелі прыехаць, а ўжо трапілі ў непрыемнасці!

- Біўся Скаберс, а не мы, - пахмурна сказаў Рон. - І ці ты не магла б выйсці, каб мы пераапрануліся?

- Добра... я зайшла сюды толькі таму, што народ у калідоры гойсае сюды-туды, як тыя дзеці, - з пагардай ў голасе прамовіла Герміёна. - Між іншым, калі ты не ведаў, у цябе на носе бруд.

Яна выйшла ў калідор, і Рон правёў яе позіркам. Гары паглядзеў у акно. Было ўжо даволі цёмна, але ён убачыў лясы і пагоркі пад цёмна-фіялетавым небам. Цягнік пакрысе запавольваўся.

Хлопчыкі знялі з сябе куртачкі і апрануліся ў доўгія чорныя мантыі. Ронава была замалой для яго, і было бачна ягоныя красоўкі.

Па цягніку рэхам пранёсся голас:

“Станцыя Хогсміт праз пяць хвілінаў. Калі ласка, пакіньце свой багаж у цягніку. Яго даставяць у школу асобна”.

Гары муціла ад хвалявання, а Рон збляднеў пад рабаціннем. Яны набілі астатнімі ласункамі кішэні і далучыліся да натоўпу ў калідоры.

Цягнік запаволіўся яшчэ больш і нарэшце спыніўся. Навучэнцы павыскоквалі на малюткую цёмную платформу. Гары калаціла ад халоднага начнога паветра. Тут ён убачыў па-над дзіцячымі галовамі запаленую лямпу і пачуў знаёмы голас.

- Першагодкі, першагодкі, збіра’цеся ля м’не! Як мае’сся, Гары?- па-над дзецьмі ўзвышалася кудлатая галава Хагрыда.– Давайць’ да мяне... ‘шчэ ё’ першагодкі? Глядзіць’ пад ногі! Першагодкі, хадзіць’ за мной!

Паслізваючыся і спатыкаючыся, першагодкі крочылі за Хагрыдам па вузкай сцяжынцы, поўнай крутых паваротаў. Было вельмі цёмна і анічога не бачна, але Гары вырашыў, што іх абступалі тоўстыя камлі дрэваў. Амаль ніхто не размаўляў. Нэвіл – хлопчык, які ўвесь час губляў сваю рапуху - раз ці два шморгнуў носам.

- Праз ‘мгненне вы упершыню ўбач’це Хогвартс, - паглядзеўшы на першагодак праз плячо, паведаміў Хагрыд, - апошні паварот.

- Оооооооо! - хорам вохнулі дзеці.

Сцяжынка вывела іх на бераг вялізнага чорнага возера. На другім беразе яны ўбачылі велічэзны замак з безліччу маленькіх вежачак і магутных вежаў, які стаяў на вяршыні высокай гары, пабліскваючы ў зорным небе сваімі шматлікімі вокнамі.

- Не больш за чацьвёр’ у адзін човен! - прароў Хагрыд, паказваючы на шэраг невялічкіх чоўнікаў, што стаялі ля берага. Гары і Рон падзялілі свой з Нэвілам і Герміёнай. - Ці ‘се селі? - крыкнуў Хагрыд, які адзін займаў цэлы човен. - Увага... ПАПЛЫЛІ!

Флатылія чоўнікаў паплыла па гладкай, як шкло, паверхні возера. Усе моўчкі глядзелі на замак, што узвышаўся па-над іх галовамі. А ён рабіўся ўсё вышэйшым і вышэйшым з набліжэннем гары, на якой стаяў.

- Нахліць галовы! - прагаласіў брамнік, калі першыя чоўнікі падплылі да яе падножжа. Прыхіліўшыся, дзеці праз заслону плюшчу трапілі ў цёмны танэль, які, здавалася, быў прарублены ў самой гары і пралягаў пад замкам. Па танэлі яны даплылі да чагосьці накшталт падземнай гавані і вылезлі на пакрыты каменьчыкамі і галькай бераг.

- Гэй! Ці гэт’ не твая рапух’? - прамовіў Хагрыд, дапамагаючы вучням сходзіць на бераг.

- Трэвар! - шчасліва ўсклікнуў Нэвіл, працягваючы рукі. Рухаючыся за Хагрыдавай лямпай, яны крочылі праз камяністы праход і нарэшце выйшлі на гладкі траўнік пад сценамі замка.

Па каменных прыступках яны рушылі наверх і стоўпіліся ля вялізных дубовых дзвярэй.

- ‘Се тут? Рапух’ на месцы?

Хагрыд узняў гіганцкі кулак і тройчы пагрукаў.

 

— РАЗДЗЕЛ VII —

 

Сартавальны капялюш

 

Дзверы імгненна расчыніліся. На ганку іх сустракала чорнавалосая вядзьмарка, апранутая ў смарагдава-зялёную мантыю. Аднаго позірку на ейны суровы твар Гары хапіла, каб зразумець, што з ёй лепш не спрачацца.

- Першагодкі прыбылі, прафес’ МакГонаг’л, - прамовіў брамнік.

- Дзякуй, Хагрыд. Далей я правяду іх сама.

Яна шырэй расчыніла дзверы і прапусціла вучняў усярэдзіну. Вестыбюль замка быў настолькі вялікім, што там мог бы цалкам змясціцца ўвесь Дурслеў дом. Каменныя сцены, як і ў Грынгатсе, былі асветленыя паходнямі, столя, здавалася, была вышэйшай, чым магчыма ўявіць, а наперадзе было бачна шыкоўныя мармуровыя сходы.

Следам за прафесаркай МакГонагал яны пайшлі па выкладзенай пліткамі каменнай падлозе. За дзвярыма справа ад іх чуліся сотні галасоў – напэўна, там сабралася ўся школа, але вядзьмарка павяла першагодак па пустым калідорчыку збоку ад дзвярэй. Усхвалявана азіраючыся, яны стоўпіліся ў невялікім пакойчыку.

- Сардэчна вітаю вас у Хогвартсе, - прамовіла прафесарка. - Праз некаторы час пачнецца ганаровы банкет у галоўнай зале, але спачатку вы будзеце рассартаваныя па Дамах. Сартаванне - адна з самых значных цырымоній, бо, пакуль вы вучыцеся ў Хогвартсе, ваш Дом будзе дзеля вас чымсьці накшталт сям’і – вы будзеце вучыцца разам з астатнімі чальцамі свайго Дому, спаць у адным з імі пакоі і бавіць вольны час у агульнай гасцёўні.

У Хогвартсе чатыры Дамы – Грыфіндор, Хафлпаф, Рэйвенкло і Слізэрын. Кожны з іх мае багатую гісторыю, і з кожнага з іх выйшла шмат выдатных чараўнікоў і чараўніц. Пакуль вы вучыцеся ў школе, за кожны ваш поспех ваш Дом будзе зарабляць дадатковыя балы, а за кожнае парушэнне правілаў - губляць іх. Напрыканцы навучальнага году Дом, які зарабіў найбольшую колькасць балаў, атрымлівае Кубак Дамоў, і гэта вялікі гонар. Я спадзяюся, што кожны з вас будзе імкнуцца запісаць на рахунак свайго Дома як мага больш балаў.

Цырымонія сартавання пачнецца праз колькі хвілінаў перад астатнімі вучнямі. І пакуль вы чакаеце, я раю вам прывесці сябе ў лад, наколькі ў вас гэта атрымаецца.

Ейныя вочы на імгненне затрымаліся на мантыі Нэвіла, зашпілька якой знаходзілася пад левым вухам, потым на брудным носе Рона. Гары ўсхвалявана паспрабаваў прыгладзіць валасы.

- Я вярнуся, калі да цырымоніі ўсё будзе падрыхтавана, - дадала прафесарка. - Калі ласка, чакайце ціха.

Яна выйшла з пакойчыку. Гары зглынуў.

- А якім чынам праходзіць сартаванне па Дамах? - спытаў ён у Рона.

- Будзе нешта накшталт іспыта. Фрэд казаў, што гэта вельмі балюча, але, думаю, ён, як заўжды, пажартаваў.

Сэрца Гары шалёна закалацілася. Іспыт? На вачах усёй школы? Ён не ведае аніякіх чараў... і што яму рабіць? Гары азірнуўся: астатнім вучням было не менш страшна. Ніхто не размаўляў, акрамя Герміёны, якая шалёна паўтарала вывучаныя ёй замовы, цікавячыся сама ў сябе, якая з іх ёй спатрэбіцца. Гары паспрабаваў яе не слухаць. Ніколі ў жыцці ён гэдак не хваляваўся, нават калі ішоў да Дурслі з цыдулкай ад дырэктара школы, дзе было напісана, што Гары нейкім чынам прымудрыўся пафарбаваць парык свайго настаўніка ў сіні колер. Хлопчык, не адрываючы вачэй, глядзеў на дзверы. Зараз вернецца прафесарка Макгонагал і павядзе яго на прысуд.

Раптам Гары падскочыў, а колькі чалавек за яго спінай ускрыкнулі:

- Што?..

Каля дваццаці прывідаў у старажытных вопратках прайшлі скрозь заднюю сцяну пакойчыка. Жамчужна-белыя і празрыстыя, яны плылі у паветры, амаль не звяртаючы ўвагу на першагодак; складалася ўражанне, што яны аб чымсьці спрачаліся. Прывід, што нагадваў маленькага тоўсценькага манаха, прамовіў:

- Вось што я вам скажу: мы павінныя вучыцца прабачаць і мы павінныя даць яму другі шанец...

- Паважаны ойча, ці ж мы не далі Піўзу ўсе шанцы, якія толькі ён заслужыў? Ён паскудзіць нашае светлае імя, да таго ж, ён зусім не прывід... так, а вы тут што робіце?

Нарэшце здані заўважылі згрудзіўшыхся ў пакойчыку першагодак.

Але ніхто з дзяцей не вырашыўся адказаць.

- Новыя вучні! - усміхаючыся дзецям, прамовіў Тоўсты Айцец. - Сартавання чакаеце?

Колькі чалавек моўчкі кіўнулі ў адказ.

- Спадзяюся ўбачыць вас у сваім Доме! - сказаў Айцец. - Калі хто не ведае – гэта Хафлпаф.

- Час ісці, - вымавіў рэзкі голас, - праз імгненне пачнецца Сартавальная Цырымонія.

Прафесарка МакГонагал вярнулася. Прывіды адзін за адным прайшлі срозь наступную сцяну.

- Цяпер станьце ў шэраг, - кіравала першагодкамі МакГонагал, - і крочце за мной.

У Гары склалася дзіўнае ўражанне, што ягоныя ногі наліліся свінцом. Ён апынуўся між нейкім хлопчыкам з валасамі пясочнага колеру і Ронам. Яны вярнуліся ў вестыбюль, а потым праз вялізныя падвойныя дзверы прайшлі ў галоўную залу.

Гэткае дзівоснае і цудоўнае месца Гары нават цяжка было сабе ўявіць. Зала асвятлялася тысячамі свечак, што плавалі ў паветры па-над чатырма сталамі, застаўленымі бліскучым залатым посудам, за якімі ўжо сядзелі астатнія навучэнцы. Ля дальняй сцяны месціўся яшчэ адзін доўгі стол, за якім сядзелі настаўнікі. Да гэтага стала, паставіўшы іх тварамі да астатніх вучняў, а спінамі да настаўнікаў, і прывяла першагодак прафесарка МакГонагал. Сотні твараў, бледных у дрыготкім святле свечак, глядзелі на новапрыбылых, а сям-там сярод іх, ззяючы цьмяным срэбным святлом, луналі прывіды. Намагаючыся не сустрэцца з іхнымі пільнымі вачыма, Гары перавёў позірк на аксамітна-чорную столю, усыпаную зоркамі.

- Яна зачараваная так, - пачуў ён шэпт Герміёны, - каб адлюстроўваць неба знадворку. Я чытала пра яе ў Гісторыі Хогвартса.

Цяжка было паверыць, што яны стаяць пад столяй, а не пад аткрытым небам.

Гары зноўку паглядзеў наперад і ўбачыў, як прафесарка МакГонагал моўчкі паставіла перад імі чатырохногі зэдлік, на які паклала пацыраваны, паношаны і неімаверна брудны востраканцовы чарадзейскі капялюш. Цётка Пятуння такі не дазволіла б і ў хату занесці.

Напэўна, з жахам вырашыў Гары, ім трэба будзе выцягнуць з гэтага капелюша труса ці зрабіць з ім нешта накшталт... тут ён заўважыў, што ўсе прысутныя ў залі вытарапіліся на капялюш, і зрабіў тое ж самае. Колькі імгненняў панавала цішыня. Потым капялюш тузануўся, каля яго палей, на манэр рота, адкрылася прарэха... і капялюш заспяваў:

 

“Хай не прывабны я, але

Спрабуй, знайдзі такога,

Хто разумнейшы за мяне -

І з’ем сябе самога.

Пакінь бліскучы кепі свой

Ці свой цыліндр гладкі,

Бо, калі іх раўняць са мной,

Яны - дурныя шапкі.

Няма сакрэтаў для мяне

У розуме людскім,

На галаву мяне надзень -

Скажу, куды ісці.

Калі ў няроўнай барацьбе

Ты не губляеш мужнасць -

Вітае Грыфіндор цябе,

Мой наймілейшы дружа;

Калі ты з бліжнімі заўжды

Шляхетны і адданы -

У Хафлпаф хутчэй ідзі,

Яснавяльможны пане;

Калі з маленства розум твой

Імкнуўся да навукі -

Дом Рэйвенкло перад табой

Свае раскінуў рукі;

Калі ж не грэбуеш нічым

У мэты дасягненні,

Мой любы, кроч у Слізэрын,

Адрынуўшы сумненні.

Са мной не трапіш у бяду,

Я дрэннага не раю!

За руку ў Дом твой прывяду

(Хаця і рук не маю!)”

 

Капялюш скончыў спяваць, пакланіўся кожнаму з чатырох сталоў і зноўку заціх. Зала выбухнула апладысментамі.

- Нам трэба толькі надзець нейкі капялюш? - прашаптаў Рон Гары. - Я Фрэда заб’ю, ён сцвярджаў, што трэба будзе змагацца з тролем.

Гары слаба ўсміхнуўся. Ясная справа, надзець капялюш на галаву было значна лягчэй, чым спрабаваць чараваць, але ён вельмі шкадаваў, што нельга было зрабіць гэта не на вачах усёй школы. Хлопчыку здавалася, што капялюш замнога ад яго патрабуе, бо Гары не адчуваў сябе ані адважным, ані знаходлівым, ані ўласнікам іншых пералічаных якасцяў. Калі толькі сартавальнік не знойдзе для яго Дом тых, каго крыху ванітуе ад хвалявання.

Тым часам прафесарка МакГонагал зрабіла крок наперад, трымаючы ў руках скрутак пергаменту.

- Той, каго я назаву, выйдзе сюды, сядзе на зэдлік і надзене Сартавальны капялюш, - прамовіла яна. - Эбат, Ханна!

Дзяўчынка са светлымі коскамі і ружовым тварам пакінула шэраг, села на зэдлік і апранула капялюш, які накрыў яе з вачамі. Імгненне доўжылася паўза...

- ХАФЛПАФ! - выкрыкнуў капялюш.

За правым сталом пачуліся радасныя ўскрыкі і пляск далоняў. Гары бачыў, як Ханне весела памахаў рукой прывід Тоўстага Айца.

- Боўнс, Сюзана!

- ХАФЛПАФ! - крыкнуў сартавальнік, і Сюзана пабегла ўслед за Ханнай і села побач.

- Бут, Тэры!

- РЭЙВЕНКЛО!

На гэты раз пляскі і радасныя енкі пачуліся за другім злева сталом, і колькі рэйвенклоўцаў падняліся, каб паціснуць Тэры руку.

Мэндзі Броклхёрст таксама была накіраваная ў Рэйвенкло, а вось Лавендра Браўн была першай, хто патрапіў у Грыфіндор. Апладысменты раздаліся на крайнім злева сталом, а блізняты Візлі сустрэлі Лавендру радасным свістам.

Мілісэнта Булстрод пайшла да Слізэрыну. Магчыма, сказалася непрыемнае ўражанне ад таго, што Гары чуў пра Слізэрын, але дзяўчынка падалася яму не вельмі сымпатычнай.

Хлопчык адчуваў, што яго ўсё больш і больш нудзіць. Ён прыгадаў сваю старую школу і тое, што яго заўжды абіралі самым апошнім. І не таму, што Гары быў дрэнным гульцом, а таму, што ніхто не хацеў паказаць Дадлі, што ён камусьці падабаецца.

- Фінч-Флэтчы, Джасцін!

- ХАФЛПАФ!

Гары заўважыў, што часам капялюш выкрыкваў назву Дому амаль адразу, а часам даволі доўга маўчаў, напэўна, прымаючы патрэбнае рашэнне. Шымас Фініган – бялявы хлопчык, які стаяў у шэрагу побач з ім, прасядзеў на зэдліку не менш за хвіліну, перш чым капялюш накіраваў яго да Грыфіндору.

- Грэйнджэр, Герміёна!

Тая куляй падляцела да зэдліка і з нецярплівасцю надзела яго на галаву.

- ГРЫФІНДОР! - крыкнуў капялюш. Рон ціха застагнаў.

Гары, як і ўсім людзям, якія занадта хвалююцца, да галавы прыйшла жудасная думка. А што, калі ён будзе адзіным, каго не абяруць? Што, калі ён будзе вельмі доўга сядзець на зэдліку з сартавальным капелюшом на галаве, пакуль прафесарка не сарве яго з галавы Гары і не скажа, што, напэўна, адбылася памылка і яму лепш вяртацца на цягнік?

Калі паклікалі Нэвіла Лонгботама, таго самага хлопчыка, які ўвесь час губляў рапуху, той па дарозе да зэдліка прымудрыўся паваліцца на падлогу. А пасля таго, як капялюш даволі працяглы час вырашаў, куды яго скіраваць, і нарэшце абраў Грыфіндор, той пабег да стала, не зняўшы сартавальніка, і яго давялося даганяць, каб аддаць капялюш Мораг МакДугал.

Драко Малфой, калі назвалі ягонае імя, з гонарам накіраваўся да зэдліка і ледзь капялюш крануўся ягонай галавы, як хлопчык быў адпраўлены ў Слізэрын.

Задаволены сабою, Драко далучыўся да сваіх сяброў Крэйба і Гойла за слізэрынскім сталом.

Людзей засталося не так шмат.

Мун... Нот... Паркінсон... дзяўчынкі-блізняты Паціл... Салі-Эн Перкс... і вось нарэшце...

- Потэр, Гары!

Гары зрабіў крок наперад і раптам пачуў, як па залі, быццам лясны пажар, пранеслася ціхае шапаценне.

- Яна сказала ПОТЭР?

- Гары Потэр тут?

Апошняе, што Гары ўбачыў, перш чым ягоныя вочы закрыў капялюш, гэта як уся зала выцягнула шыі, каб лепей яго разглядзець. Гары ўтаропіўся ў чорную падшэўку сартавальніка і прыняўся чакаць.

- Хмм, - пачуў ён ціхі голас па-над вухам. - Цяжка, вельмі цяжка. Бачу шмат мужнасці. Але і неблагі розум. Талент і, а божачкі, так... бачу вялікую прагу паказаць сябе, як цікава... Куды ж мне цябе накіраваць?

“Толькі не ў Слізэрын, - ухапіўшыся за зэдлік, думаў Гары. - Не ў Слізэрын”.

- Не ў Слізэрын, не? - зноў пачуўся ціхі голас. - Ты ўпэўнены? Ты можаш быць вялікім, і Слізэрын дапаможа табе гэтага дасягнуць. Гэта ўсё тут, у тваім розуме. Не сумнявайся... ані? Ну, калі ты так жадаеш... няхай будзе ГРЫФІНДОР!

Апошняе слова капялюш пракрычаў на ўсю залу. Гары зняў яго і няўпэўнена крочыў да грыфіндорскага стала. Ён быў так задаволены, што не патрапіў у Слізэрын, што не адразу ўбачыў, наколькі гучна яго вітаюць. Персі Візлі – грыфіндорскі прэфект - узняўся і энергічна патрос ягоную руку, а двайняты Фрэд і Джордж радасна лямантавалі:

- Потэр з намі! Потэр з намі!

Гары сеў насупраць прывіда са старажытным карункавым каўнерам. Той паляпаў хлопчыка па руцэ, ад чаго Гары здалося, што яе акунулі ў ільдзяную ваду.

Цяпер у яго была магчымасць уважліва агледзець стол настаўнікаў. З бліжэйшага да яго краю сядзеў Хагрыд, які, сустрэўшыся з хлопчыкам позіркам, паказаў яму два пальцы, узнятыя ўверх у знаку перамогі. Гары ўсміхнуўся ў адказ. У самым цэнтры, на вялізным залатым крэсле сядзеў сам Альбус Дамблдор. Гары адразу пазнаў яго, бо бачыў дырэктара ў цягніку на картцы ад шакаладнай жабкі. Ягоныя валасы ззялі цьмяным срэбрам, як і прывіды, што блукалі па залі. Таксама Гары пазнаў прафесара Квірэла, усхваляванага юнака, якога бачыў у “Дзіравым Катле”. У сваім фіялетавым турбане ён выглядаў дужа экстравагантна.

Нарэшце неадсартаванымі засталіся толькі тры чалавекі. Ліза Турпін трапіла ў Рэйвенкло, і падыйшла чарга Рона. Той ад хвалявання быў бледна-зялёным. Гары скрыжаваў пальцы пад сталом і праз імгненне пачуў:

- ГРЫФІНДОР!

Гары гучна запляскаў разам з астатнімі грыфіндорцамі, калі Рон прашкандыбаў да стала і паваліўся на крэсла побач з ім.

- Малайчына, Рон, малайчына, - пампезна прывітаў брата Персі праз галаву Гары, а тым часам апошні з першагодак – Блэйз Забіні - быў накіраваны у Слізэрын. Прафесарка МакГонагал скруціла пергамент і сыйшла, забраўшы з сабой Капялюш.

Гары паглядзеў на сваю пустую залатую талерку. Толькі зараз ён зразумеў, наколькі быў галодным. Здавалася, гарбузовыя пірагі ён еў гадоў сто таму.

Прафесар Дамблдор узняўся з-за стала. Шырока раскінуўшы рукі, ён агледзеў навучэнцаў, радасна ззяючы вачыма, нібы нічога ў свеце так яго не задавальняла.

- Вітаю! - прамовіў ён. - Сардэчна вітаю вас у нашай школе ў новым навучальным годзе. І перш, чым распачаць банкетаванне, я бы хацеў сказаць вам колькі слоў. Вось яны: “Ёлуп, варволь, рэштка, выкрут!” Дзякуй за ўвагу!

Ён зноўку сеў у сваё крэсла. Зала выбухнула апладысментамі і радаснымі воклічамі. А Гары не ведаў, радавацца яму ці не.

- Ён што... крыху сшалеў? - няўпэўнена спытаўся ён у Персі.

- Сшалеў? - далікатна прамовіў Персі. - Ды ён геній! Лепшы чараўнік у свеце! Хаця так, ён крыху шалёны. Ці не жадаеш бульбы?

Гары ад здзіўлення адкрыў рот. Стол перад ім быў завалены ежай, і ён ніколі ў жыцці не бачыў на адным стале столькі ўлюбёных страваў. Тут былі і ростбіф, і смажанае куранё, не кажучы аб свіных і бараніх адбіўных, кілбасках, беконе і стэйку, а таксама бульбе варанай, смажанай і ў выглядзе чыпсаў. Плюс ёркшырскі пудынг, гарошак, морквачка, усемагчымыя соўсы і чамусьці мятныя ляндрынкі.

Гары ніколі не галадаў у доме Дурслі, але яму і не дазвалялася есці столькі, колькі хацелася. Тым больш, што самы лепшы кавалачак, на які клаў сваё вока Гары, усё адно атрымліваў Дадлі, нават калі яго пасля гэтага нудзіла. Гары паклаў на талерку патрошку ўсяго акрамя ляндрынак і прыняўся за ежу. Усе было неімаверна смачным.

- Як гэта апетытна выглядае, - з тугой прамовіў прывід з карункавым каўнерам, гледзячы, як Гары адразае кавалачак стэйка.

- А чаму вы?..

- Я не еў ужо пяцьсот гадоў, - адказаў прывід. - Зразумела ж, мне не патрэбная ежа, але мне так яе не хапае... Між іншым, я не назваўся. Сэр Нікалас дэ Мімсі-Порпінгтан, ваш пакорны лёкай. Я персанальны прывід Грыфіндорскай вежы.

- А я вас ведаю, - раптам заявіў Рон. - мне пра вас браты распавядалі... вы Амаль Безгаловы Нік!

- Я б папрасіў цябе называць мяне сэр Нікалас дэ Мімсі... - але тут прывіда перапыніў Шымас Фініган.

- Амаль Безгаловы? Як можна быць АМАЛЬ безгаловым?

Сэр Нікалас быў вельмі раззлаваны, бо размова пайшла не так, як ён таго хацеў бы.

- Вось як, - з раздражненнем сказаў ён і пацягнуў сябе за левае вуха. Ягоная галава адвалілася ад шыі, быццам на шарніры, і лягла на плячо, трымаючыся адно толькі на кавалачку скуры. Напэўна, нехта жадаў яго абезгаловіць, але зрабіў сваю працу абы-як. Зірнуўшы на агаломшаныя твары першагодак, Амаль Безгаловы Нік вярнуў сваю галаву на месца, кашлянуў і прамовіў: - Дык вось, новыя грыфіндорцы! Спадзяюся, вы зробіце ўсё магчымае, каб у гэтым годзе мы перамаглі ў Кубку Дамоў? Грыфіндор яшчэ ані разу не заставаўся пераможаным гэткі працяглы час. Слізэрынцы шэсць гадоў запар атрымліваюць Кубак! Іхны прывід – Крывавы Барон - пачынае быць невыносным.

Гары зірнуў за слізэрынскі стол і ўбачыў там прывіда з пустымі вачніцамі на кашчавым твары. Вопратка Барона была залітая срэбнай крывёю. Хлопчык з задавальненнем адзначыў, што Малфой, які сядзеў побач са зданню, быў не надта задаволены гэткім суседствам.

- А чаму ён увесь ў крыві? - зацікаўлена спытаўся Шымас Фініган.

- Я ніколі не пытаўся аб гэтым, - з годнасцю адказаў Амаль Безгаловы Нік.

Калі ўсе з’елі столькі, колькі маглі, рэшткі ежы зніклі з талерак, і тыя зноўку зрабіліся бліскуча чыстымі. А праз імгненне на сталах з’явіўся дэсерт: салодкія пудынгі, марожанае ўсіх смакаў, якія толькі мажліва было сабе ўявіць, яблычныя пірагі, патачны торт, шакаладныя эклеры, булкі з джэмам, крэмавыя бісквіты, трускаўкі, жэле і шмат чаго іншага.

Калі Гары ўзяў сабе кавалак патачнага торту, усе пачалі распавядаць аб сваіх сем’ях.

- А я палова на палову, - паведаміў Шымас, - мой бацька магл. Мама не расказала яму, што вядзьмарка, ажно пакуль яны не ажаніліся. І гэта даволі непрыемна яго ўразіла.

Прысутныя за сталом засмяяліся.

- А ты што, Нэвіл? - спытаўся Рон.

- Ну, мяне выхавала бабуля, і яна вядзьмарка, - адказаў той. - Доўгі час усе лічылі, што я першы ў сям’і за шмат стагоддзяў, хто не мае магічных здольнасцяў. Дзядзька Альджы, мой стрыечны дзядуля, як толькі мог прымушаў мяне пачаць чараваць... калі мне было восем, ён скінуў мяне з Блэкпульскага пірса, я тады ледзь не патануў... але нічога не атрымалася. А аднойчы дзядзька завітаў да нас на гарбату. Ён высунуў мяне з вакна, трымаючы за лыткі, і тут ягоная жонка, цётка Энід, паклікала яго есці безэ, і ён выпадкова адпусціў мяне. Але я не паваліўся на зямлю, а адскочыў ад яе... і скакаў так, ажно пакуль не апынуўся на шашы. Як яны ўсе ўзрадаваліся, бабуля нават ад шчасця заплакала. А бачылі б вы іхныя твары, калі я атрымаў ліст... яны, напэўна, лічылі, што ў мяне недастаткова магічных здольнасцяў. Дзядзька нават з радасці набыў мне рапуху.

З іншага ад Гары боку Персі з Герміёнаю абмяркоўвалі заняткі. Дзяўчынка спадзявалася, што яны пачнуцца як мага хутчэй і асабліва цікавілася Ператварэннямі, бо лічыла, што ператвараць адну рэч на другую вельмі складана. Але Персі расказаў ёй, што пачынаць яны будуць з самага простага, накшталт ператварэння голак на запалкі і наадварот.

Гары адчуваў сябе лагодна і сонна. Ён зноўку зірнуў на настаўніцкі стол. Хагрыд піў нешта са свайго агромістага келіха, прафесарка МакГонагал аб чымсьці размаўляла з Дамблдорам, а Квірэл, што так і не зняў свайго недарэчнага турбана, нешта абмяркоўваў з настаўнікам, які меў чорнае замурзаванае валоссе, крукападобны нос і жаўтлявую скуру.

Раптам нешта адбылося. Калі круканосы настаўнік зірнуў за квірэлаўскі турбан і сустрэўся з Гары вачыма... рэзкі, пякучы боль працяў ягоны шнар.

- Ай! - ускрыкнуў хлопчык, прытуляючы руку да лба.

- Што з табой? - спытаўся Персі.

- Н-нічога.

Боль сціх гэтак жа хутка, як і з’явіўся. А вось пазбавіцца непрыемнага ўражання ад позірка настаўніка было значна цяжэй – здавалася, што Гары яму не надта падабаецца.

- А хто там размаўляе з прафесарам Квірэлам? - спытаў ён у Персі.

- О, ты ўжо ведаеш Квірэла? Ён нездарма так нервуецца. Гэта прафесар Снэйп – настаўнік па зеллеварстве, але не гэтыя заняткі ён хоча выкладаць... усім вядома, што ён жадае атрымаць Квірэлаву пасаду. Ніхто не ведае аб цёмных мастацтвах столькі, колькі Снэйп.

Гары колькі часу яшчэ назіраў за Снэйпам, але той больш на яго не глядзеў.

Нарэшце дробкі дэсерта таксама зніклі са сталоў, і Дамблдор зноў узняўся на ногі. У залі запанавала цішыня.

- Хм... цяпер, калі мы наеліся і напіліся, надыйшоў час зрабіць колькі паведамленняў для тых, хто толькі пачынае вучыцца: першагодкам трэба ведаць, што наведванне леса на тэрыторыі замка строга забароненае. І пра гэта таксама нядрэнна памятаць сім-тым са старэйшых навучэнцаў.

Мігатлівыя вочы Дамблдора зірнулі ў бок блізнят Візлі.

- Містэр Філч, наш наглядчык, таксама прасіў нагадаць аб забароне чараваць ў калідорах між заняткамі. Набор у квідычныя каманды будзе праходзіць увесь другі тыдзень семестра. Усім, хто жадае гуляць за свой Дом, трэба звяртацца да мадам Хуч. А напрыканцы хачу паведаміць усім, што ў гэтым годзе наведванне правага крыла калідора на чацвёртым паверсе забароненае для тых, хто не жадае памерці вельмі пакутлівай смерцю.

Гары засмяяўся, але акрамя яго гэта зрабіла ўсяго колькі чалавек.

- Ён жа гэта не сур’ёзна? - прамармытаў ён Персі.

- Магчыма, так, - адказаў Персі, пахмурна гледзячы на Дамблдора, - але звычайна ён тлумачыць нам, чаму нам забаронена кудысьці хадзіць - лес, напрыклад, поўны ўсемагчымымі небяспечнымі істотамі, гэта кожны ведае. Хаця б нам, прэфектам, мог расказаць.

- А цяпер, перш чым пайсці спаць, давайце разам праспяваем наш школьны гімн! - ускрыкнуў дырэктар. На ліцах настаўнікаў, як заўважыў Гары, застылі штучныя ўсмешкі.

Дамблдор лёгка махнуў сюды-туды сваёй палачкай, і з яе кончыка выляцелі залатыя стужкі, якія, узняўшыся ў паветра, зазмяіліся літарамі.

- Кожны няхай спявае яго на сваю ўлюбёную мелодыю, - прапанаваў прафесар. - Пачалі!

І ўся школа заспявала:

 

“Хогвартс, Хогвартс, дзікавугры Хогвартс,

Ты старому і малому ведаў дай.

Што нам варта ведаць у чарадзейскім свеце,

Калі ты не скнара, нам распавядай.

У галовах нашых толькі пух ды мухі,

У галовах нашых вецер заблукаў,

Шчыра цябе просім, паважаны Хогвартс,

Каб патрэбных ведаў нам туды паклаў.

Нагадай нам тое, найвяльможны Хогвартс,

Аб чым пазабыліся, покуль мы з табой.

Ты ўсё-ўсё нам дай, а мы зробім ўсё астатняе,

Нас вучы, пакуль наш чэрап не запоўніў гной.”

 

Кожны скончыў спяваць паасобку. Нарэшце засталіся толькі двайняты Візлі, якія спявалі на два галасы пад мелодыю нейкага вельмі павольнага пахавальнага маршу. Калі яны нарэшце скончылі, Дамблдор прыбраў словы з паветра і разам з усімі прысутнымі запляскаў у далоні, прычым гучней за астатніх.

- Ах, музыка, - сказаў ён, выціраючы вочы, - яна чарадзейнейшая за ўсё, чым мы тут займаемся! А цяпер час класціся спаць. Хуценька, хуценька!

Праз шумлівы натоўп вучняў грыфіндорскія першагодкі выйшлі ўслед за Персі з галоўнай залы і рушылі наверх па мармуровых сходах. Ногі Гары зноў наліліся свінцом, але на гэты раз таму, што ён быў надта стомлены і перапоўнены ежай. Яму так хацелася спаць, што ў яго не было сіл здзіўляцца таму, што людзі на партрэтах перашэптваліся і казалі на дзяцей пальцамі, ці таму, што яны двойчы праходзілі праз дзверы, схаваныя за рассоўнымі панэлямі і габеленамі. Яны узняліся яшчэ па колькіх лесвіцах, і Гары, які ледзьве перасоўваў ногі, было цікава, ці доўга яны яшчэ будуць ісці. І тут яны нечакана спыніліся.

У паветры перад імі праплыў пучок кійкоў, і, як толькі Персі зрабіў крок у іхны бок, яны паляцелі ў дзяцей.

- Гэта Піўз, - прашаптаў Персі першагодкам, - мясцовы полтэргейст, - а потым, павысіўшы голас, звярнуўся ў паветра: - Піўз, пакажыся.

Адказам яму быў непрыстойны гук, быццам нехта выпусціў паветра з шарыка.

- Ці ты хочаш, каб я пайшоў за Крывавым Баронам?

Адчуўся хлапок, і ў паветры перад імі з’явіўся чалавечак са злымі вочкамі, які, скрыжаваўшы ногі і трымаючы ў руках кіёк, плыў у паветры.

- Угу-гу-гу! - злосна прарагатаў ён. - Маненечкія першагодачкі! Як весела!

Раптам полтэргейст кінуўся на дзяцей. Яны ледзь паспелі схіліць галовы.

- Хадзі вэк, Піўз, ці аб гэтым здарэнні пачуе Барон! - гыркнуў Персі.

Піўз высунуў язык і знік, кінуўшы кіёк на галаву Нэвілу. Яны пачулі, як той аддаляўся, падчас шляху чымсьці бразгаючы па панцырах даспехаў.

- Адзіны, - тлумачыў Персі першагодкам, калі яны зноў скіраваліся ў шлях, - хто неяк можа ўправіцца з Піўзам, – гэта Крывавы Барон. Нават нас, прэфектаў, ён не слухаецца. Вось мы і на месцы.

Напрыканцы калідора яны ўбачылі партрэт вельмі тлустай жанчыны, апранутай у ружовыя шаўкі.

- Пароль? - прамовіла яна.

- Капут Драконіс, - адказаў Персі, і партрэт ад’ехаў угару, адкрываючы круглую адтуліну ў сцяне. Першагодкі ўскараскаліся ў яе - Нэвілу спатрэбілася, каб яго нехта падсадзіў - і трапілі ў грыфіндорскую гасцёўню - утульны пакой, у якім стаяла мноства мяккіх фатэляў.

Персі накіраваў дзяўчынак у адзін бок, хлопчыкаў у другі. Узняўшыся па вінтавой лесвіцы – напэўна, гасцёўня знаходзілася ў адной з вежаў - яны трапілі ў спальню, дзе іх ужо чакала пяць ложкаў з цёмна-чырвонымі аксамітнымі завесамі полагаў. Там жа ўжо знаходзіліся іхныя валізы. Занадта стаміўшыся, каб размаўляць, яны выцягнулі адтуль піжамы і бухнуліся ў свае ложкі.

- Ці ж не выдатная была ежа? - прамармытаў Рон Гары праз полаг. - Скаберс, ідзі вэк! Ён жуе маю прасціну.

Гары збіраўся спытаць у Рона, ці спрабаваў ён патачны торт, але амаль адразу заснуў.

Можа, Гары зашмат з’еў, але сон, які ён убачыў, быў надта дзіўным. Ён сядзеў, надзеўшы на галаву турбан Квірэла, а той размаўляў з ім, пераконваючы хлопчыка, каб той не чакаючы перайшоў у Слізэрын, бо менавіта там яго чакае лёс. Гары спрачаўся з турбанам, што не жадае быць ў Слізэрыне, а той рабіўся ўсё цяжэйшым і цяжэйшым, а калі хлопчык паспрабаваў зняць яго, той пачаў балюча зацягвацца вакол ягонай галавы. Гары ўбачыў Малфоя, які смяяўся, гледзячы на яго змаганні з турбанам. Раптам Малфой ператварыўся на круканосага прафесара Снэйпа, а ягоны смех зрабіўся высокім і халодным... бліснуў сполах зялёнага святла - і Гары прачнуўся, пакрыты потам. Яго моцна калаціла. Хлопчык павярнуўся на другі бок і зноўку заснуў. А калі наступнай раніцай прачнуўся, анічога не памятаў аб сваім кашмары.

 

— РАЗДЗЕЛ VIII —

 

Настаўнік зеллеварства

 

- Вось ён, глядзі.

- Дзе?

- Ну вось, там, ідзе разам з цыбатым рудым хлопцам.

- У акулярах?

- Бачылі ягоны твар?

- А ці бачыў хто шнар?

Шэпты пераследвалі Гары з таго моманту, як наступнай раніцай ён пакінуў грыфіндорскую вежу. Вучні шэрагам вызіралі з аўдыторый, уставалі на дыбачкі і рабілі шмат чаго яшчэ, каб толькі зірнуць на яго. Нехта нават прабягаў колам, каб толькі зноў сустрэць Гары на сваім шляху. Аднак хлопчыку зараз было не да павышанай увагі, бо ён спрабаваў засяродзіцца на пошуках кабінета, дзе праходзілі заняткі.