АКТУАЛЬНЫ РЭПАРТАЖ: ПРАНІКНЕННЕ Ў ГРЫНГАТС 4 страница

- Што за шум?

Няўхвальна паглядаючы, у пакой прасунуў галаву Персі. Ён, відаць, таксама распакоўваў падарункі, таму што трымаў ў руках уласны пухнаты джэмпер, які імгненна выхапіў Фрэд.

- П, то бок – прэфект! Давай, апрані яго, Персі, мы ўсе іх атрымалі, нават у Гары ёсць.

- Не... ха... чу... - неразборліва прамовіў Персі, пакуль блізняты, збіўшы ягоныя акуляры на бок, нацягвалі на яго джэмпер.

- І яшчэ - сёння ты не будзеш сядзець разам з астатнімі прэфектамі, - заявіў Джордж. - Каляды – сямейнае свята.

Яны пацягнулі Персі, рукі якога былі сціснутыя джэмперам, вонкі.

 

*

 

Ніколі ў жыцці ў Гары не было гэткай каляднай вячэры. Добрая сотня тлустых, смажаных індычак, горы варанай і смажанай бульбы, місы тлустых сардэлек, талеркі з палітым топленымі вяршкамі гарохам, соўснікі з густой шыкоўнай поліўкай і журавінным соўсам... і купы чароўнага печыва па ўсіх сталах. Гэтае печыва мала чым нагадвала тое, з пластыкавымі цацкамі і капелюшамі з танюткай паперы, якое звычайна набывалі на калядны стол Дурслі. Гары паламаўся адным з Фрэдам, і замест трэску печыўка выбухнула, бы хтось стрэліў з гарматы, пакрыўшы іх блакітным дымком, і з яго выскачыла сапраўдная трохвуголка контр-адмірала і колькі жывых белых мышак. За сталом настаўнікаў Дамблдор замест свайго востраканцовага капелюша начапіў дамскі капялюшык з кветкамі і весела смяяўся з анэкдота, які толькі што расказаў прафесар Флітвік.

Пасля індычкі падалі калядны пудынг. Персі ледзь не паламаў сабе зубы аб срэбны сікель, які быў у ягоным кавалку. Гары крайком вока назіраў, як Хагрыд ўсё больш і больш чырванеў ад колькасці выпітага віна, а потым пацалаваў у шчаку прафесарку МакГонагал, якая залілася фарбай і загігікала, а ейны капялюш збіўся на бок.

Калі Гары пакінуў стол, ён быў дашчэнту перагружаны рэчамі, якія з’явіліся з выбухоўных печывак. Сярод іх быў пакет зіхоткіх паветраных шарыкаў, якія ніколі не лопаюцца, набор для ўласнаручнага вырошчвання бародавак і навюткі набор чарадзейных шахматаў. Белыя мышкі зніклі, і ў хлопчыка было непрыемнае пачуццё, што яны сталіся каляднай вячэрай для Місіс Норыс.

Потым Гары разам з братамі Візлі зладзілі страшэнную бойку ў сняжкі знадворку. Пасля, схаладзелыя і змоклыя, цяжка дыхаючы, яны завіталі ў грыфіндорскую вежу да палаючых комінаў, дзе Гары абнавіў свае шахматы, яскрава прадуўшы Рону. Хаця ён падазраваў, што ягоны пройгрыш быў бы не такім дурным, калі б Персі яму не падказваў.

На вячэру ў іх была гарбата, а таксама сэндвічы з індыкам, аладкі, бісквіты з крэмам і рэшткі каляднага пірага. Пасля гэтага ўсе адчулі сябе настолькі соннымі, што не маглі анічога рабіць, хіба што Персі ганяўся па ўсёй вежы за блізнятамі, якія скралі ягоны прэфектаўскі значак, а Гары і Рон назіралі за гэтым відовішчам.

Гэта былі лепшыя Каляды ўва ўсім жыцці Гары. Тым не менш нешта непакоіла яго ўвесь прамінулы дзень. Калі, лёгшы ў ложык, Гары атрымаў магчымасць для вольных роздумаў, ён узгадаў, што яго непакоіла – мантыя-невідзімка і той, хто яе даслаў.

Рон, аб’еўшыся індычкай і пірагом, быў не ў стане займацца загадкамі, як толькі полаг ягонага ложка апусціўся, хлопец імгненна заснуў. Нахіліўшыся, Гары выцягнуў з-пад ложка мантыю-невідзімку.

Бацька... яна належыла ягонаму бацьку. Гары глядзеў на тканіну, больш гладкую за шоўк, лёгкую, як паветра, якая струмянілася па ягоных руках. У лісце было напісана “скарыстайся ёй правільна” .

Ён павінны паспрабаваць. Гары выслізнуў з ложка і начапіў на сябе мантыю. Зірнуўшы на свае ногі, ён ўбачыў на падлозе толькі цені і водбліскі месяцовага святла. Ён адчуваў сябе даволі дзіўна.

Скарыстайся ёй правільна.

Нечакана Гары адчуў, што санлівасць канчаткова пакінула яго. Цяпер, калі ў яго ёсць мантыя, для яго адкрыты ўвесь Хогвартс. Хлопчык стаяў сярод цемры і цішыні, ахоплены ўзбуджэннем. Ён можа пайсці куды заўгодна, і Філч ніколі пра гэта не даведаецца.

Рон прабурчэў нешта праз сон. Можа, яго абудзіць? Але нешта стрымала Гары... гэта мантыя належыла ягонаму бацьку... і на гэты раз... самы першы раз... хлопчык хацеў скарыстацца ёй сам.

Гары выслізнуў з пакою, спусціўся па лесвічцы, прамінуў гасцёўню і вылез праз адтуліну за партрэтам.

- Хто тут? - узвіскнула Тлустая Пані. Але Гары нічога не адказаў. Ён хутка рушыў па калідоры.

Але куды ісці? Гары спыніўся. Сэрца шалёна калацілася. Ён задумаўся. І тут да яго дайшло: забароненая секцыя ў бібліятэцы! Цяпер ён можа чытаць столькі, колькі яму хочацца; так доўга, колькі спатрэбіцца дзеля таго, каб высветліць, хто такі Фламель. Ён пайшоў далей, шчыльней захутаўшыся ў мантыю-невідзімку.

У бібліятэцы было цёмна і вельмі жудасна. Гары запаліў лямпу, каб бачыць, куды ісці. Складалася ўражанне, што лямпа сама плыла ў паветры. І, хоць хлопчык мог адчуваць яе рукою, гэтае відовішча кідала яго ў дрыжыкі.

Забароненая секцыя знаходзілася напрыканцы бібліятэкі. Гары асцярожна пераступіў праз канат, які аддзяляў секцыю ад астатніх кніжак. Ён пайшоў, узняўшы лямпу на ўзровень вачэй, каб бачыць назвы кніг.

Яны няшмат чаго паведамілі хлопчыку. Залатыя літары назваў былі пакрытыя цвіллю і напалову абсыпаліся, некаторыя кнігі і ўвогуле не мелі наймення. А ў адной з кніг на месцы назвы была цёмная жудасная пляма, падобная да крыві. Валасы на карку ўставалі дыбарам. Магчыма, Гары толькі ўяўляў гэта сабе, але, здавалася, ён чуў слабы шэпт з кніжных паліц, нібы кнігі ведалі, што ў секцыі знаходзіцца нехта, каму тут быць забаронена.

Але трэба было з чагосьці пачынаць. Гары паставіў лямпу на падлогу і пачаў шукаць на ніжняй паліцы кнігу, якая больш спадабаецца яму з выгляду. Ягоныя вочы спыніліся на вялізным чорным з срэбрам томе. Хлопчык з цяжкасцю выцягнуў агромістую кнігу і, устаўшы на адно калена, раскрыў яе.

Цішыню парушыў пранізлівы, вар’яцкі лямант: кніга галасіла! Гары імгненна закрыў яе, аднак высокі, бесперапынны, аглушальны лямант працягваўся. Гары зрабіў крок назад і, спатыкнуўшыся, перакуліў лямпу, якая імгненна згасла. Гары запанікаваў; звонку ў калідоры пачуліся шпаркія крокі... сунуўшы лямантуючую кнігу назад на паліцу, хлопчык пабег прэчкі. Ля ўваходных дзвярэй ён ледзь не сутыкнуўся з Філчам. Цьмянымі, ашалелымі вачыма наглядчык глядзеў праз хлопчыка. Гары, пралезшы пад ягонай жылістай рукой, выслізнуў у калідор і пабег прэчкі; кніжны лямант па-ранейшаму стаяў у ягоных вушах.

Хлопчык спыніўся ля нейкіх даспехаў. Ён быў настолькі засяроджаны на ўцёках з бібліятэкі, што не звярнуў увагу, у які бок ён бяжыць. Можа, з-за таго, што зараз было цёмна, ён не пазнаваў месца, дзе знаходзіўся. Падобныя даспехі стаялі ля кухні, аднак зараз ён, пэўна, быў паверхаў на пяць вышэй.

- Вы прасілі неадкладна паведаміць вам, прафесар, калі я пачую, што нехта бадзяецца па школе ноччу. Нехта быў у бібліятэцы – у забароненай секцыі.

Гары адчуў, як кроў адліла ад твару. Дзе б ён зараз ні знаходзіўся, Філч, па ўсім, ведаў значна карацейшы шлях; ягоны мяккі, тлусты голас быў усё бліжэй. На жах Гары, яму адказаў Снэйп.

- У забароненай секцыі? Далёка яны ўцячы не маглі, мы абавязкова іх схопім.

Філч і Снэйп выйшлі з-за рога і рушылі ў ягоны бок. Бачыць Гары яны не маглі, але калідор быў даволі вузкім, таму наглядчык з прафесарам маглі выпадкова на яго наштурхнуцца... мантыя не рабіла яго бесцялесным.

Хлопец адступіў як мага цішэй. Злева ад сябе ён заўважыў прыадчыненыя дзверы. Яны былі апошняй надзеяй. Затаіўшы дыханне, Гары праціснуўся ў іх, намагаючыся, каб тыя не варухнуліся, і, да вялікай палёгкі, у яго атрымалася трапіць усярэдзіну, не выдаўшы сябе. Філч і Снэйп прамінулі пакой. Прыціснуўшыся да халоднай сцяны і цяжка дыхаючы, Гары чуў, як аддаляліся іхныя крокі. Яго ледзь не схапілі, ён быў у адным кроку ад паразы. Прайшло колькі імгненняў, перш чым Гары пачаў разглядаць пакой, у якім апынуўся.

Больш за ўсё пакой нагадваў закінуты кабінет. Уздоўж сцен месціліся цёмныя постаці сталоў, крэслаў і перагорнутых дагары нагамі кошыкаў для смецця. А наперадзе да сцяны было прыціснутае нешта, чаго там быць не павінна было, нешта, што перанеслі сюды, каб яно не заміналася пад нагамі.

Гэта было шыкоўнае люстэрка да столі вышынёй. Яно мела багата ўпрыгожаную залатую раму і дзве ножкі ў выглядзе кіпцюрыстых лапаў. А на верхняй частцы рамы быў выразаны надпіс:

 

Урам юунт евапазю авт елае батужа капеа втачч ілбаен”.

 

Цяпер, калі Філч і Снэйп былі далёка, хлопчык пакрысе супакоіўся. Ён зазірнуў у люстэрка, але не пабачыў сябе і падыйшоў бліжэй.

Яму давялося заціснуць сабе рот, каб не закрычаць. Ён азірнуўся. Ягонае сэрца не білася так шалёна, нават калі ён бег ад лямантуючай кнігі... у люстэрку адбіваўся не толькі ён... за ягонай спінай стаяла безліч людзей.

Але у самім пакоі нікога не было. Гары зноў зірнуў у люстэрка.

Ён бачыў сябе, напалоханага і збляднелага, але разам з ім у люстэрку адбіваўся прынамсі дзясятак іншых людзей. Гары зноў азірнуўся... і зноўку нікога не ўбачыў. Можа, яны таксама былі нябачнымі? Можа, ён трапіў у пакой, перапоўнены нябачнымі людзьмі, а люстэрка было здольнае адбіваць тых, каго іншыя не бачаць?

Гары зноў зірнуў на сваё адлюстраванне. За самай ягонай спінай стаяла нейкая жанчына - яна усміхалася і махала хлопчыку рукой. Гары закінуў руку за спіну, але намацаў толькі паветра. Калі б яна сапраўды стаяла ў яго за спінай - а стаяла яна вельмі блізка, - ён бы яе адчуў, аднак ззаду было пуста... жанчына існавала толькі ў люстэрку.

Жанчына была вельмі прыгожай. Яна мела каштанавыя валасы, а вочы... яны былі такімі ж самымі, як у Гары. Хлопчык шчыльней прыціснуўся да шкла. Вочы былі яскрава-зялёнымі... гэткай жа формы, як у яго. Гары заўважыў, што яна плакала – усміхалася і плакала адначасова. Нейкі высокі мужчына ў акулярах абняў яе адной рукою. Ягоныя чорныя валасы былі гэткімі ж неахайным, як і ў Гары, і гэтак жа стаялі дыбком.

Гары мацней, так, што ягоны нос амаль кранаўся шкла, прыціснуўся да люстэрка.

- Мама? - прашаптаў ён. - Тата?

Яны толькі ўсміхнуліся ў адказ. Паволі Гары разглядзеў твары іншых адлюстраваных людзей. Ён бачыў гэткія ж, як у яго, зялёныя вочы, гэткія ж насы, а ў аднаго маленечкага дзядка былі ягоныя гузаватыя каленкі... Першы раз у жыцці Гары бачыў сваю сям’ю.

Потэры ўсміхаліся яму і махалі рукамі, а Гары прагна глядзеў на іх. Ягоныя рукі мацней прыціскаліся да шкла, быццам Гары жадаў прайсці праз люстэрка і далучыцца да сваёй сям’і. У грудзях палала магутнае пачуццё - напаўрадасць, напаўсмутак.

Як доўга ён тут стаяў, Гары не ведаў. Людзі не знікалі, і ён глядзеў на іх ажно датуль, пакуль аддалены шум не вярнуў яго ў рэчаіснасць. Яму нельга было тут заставацца, ён павінны быў вярнуцца ў ложак. Ён адвёў вочы ад матчынага твару і, паабяцаўшы абавязкова вярнуцца, куляй выбег з пакоя.

 

*

 

- Мог бы і мяне абудзіць, - раздражнёна прамовіў Рон

- Калі хочаш, пайшлі са мной сёння, і я пакажу табе люстэрка.

- Я хацеў бы пабачыць тваіх бацькоў, - нецярпліва сказаў Рон.

- А я тваю сям’ю, ну, астатніх Візлі. Ты можаш паказаць мне сваіх старэйшых братоў.

- Ты іх і так можаш убачыць, - заявіў Рон, - калі прыедзеш да мяне ў госці ўлетку. Можа, яно адбівае толькі тых, хто памёр. Як блага, што мы так і не знайшлі Фламеля. Вазьмі бекону ці яшчэ чаго-небудзь, ты так нічога і не з’еў.

Але Гары не мог есці. Сям’я... ён бачыў сваю сям’ю і сёння зноў яе ўбачыць. Ён амаль забыўся аб Фламелі. Цяпер яму здавалася не надта істотным тое, што ахоўваў трохгаловы сабака. І яму было ўсё адно, ці скрадзе гэтую рэч Снэйп.

- З табой усё добра? - спытаўся Рон. - Ты выглядаеш вельмі дзіўна.

 

*

 

Больш за ўсё Гары баяўся, што ў іх не атрымаецца знайсці пакой з люстэркам. Цяпер, калі разам з ім пад мантыяй быў Рон, яны рухаліся значна больш павольна, чым мінулай ноччу. Яны паспрабавалі знайсці шлях Гары па цёмных калідорах ад бібліятэкі і далей і блукалі вось ужо гадзіну.

- Я змерз, - капрызіў Рон. - Давай кінем усё і вернемся да гасцёўні.

- НЕ! - прасыкаў Гары ў адказ. - Я ведаю, што яно недзе тут.

Яны прамінулі прывід нейкай высокай вядзьмаркі, што слізгала ў паветры насустрач ім, але хлопцаў не заўважыла. Рон зноў пачаў енчыць, што ў яго ногі змерзлі, як у нябожчыка, і тут Гары ўбачыў знаёмыя даспехі.

- Гэта тут... зразумела... так!

Яны штурхнулі дзверы і ўвайшлі ў пакой. Гары імгненна выскачыў з-пад мантыі і падбег да люстэрка.

Яны былі там. Зноўку ягоныя бацькі глядзелі на яго з-за шкла.

- Бачыш? - прашаптаў Гары.

- Анічога не бачу.

- Ну паглядзі! Паглядзі, вось яны... іх тут безліч...

- Я толькі цябе бачу.

- Паглядзі ўважлівей, давай, устань на маё месца.

Яны памяняліся месцамі, але цяпер, калі ля люстэрка быў Рон, Гары ўжо не бачыў сваёй сям’і. У люстэрку адбіваўся толькі Рон у сваёй піжаме з гуркамі.

Аднак Рон, не варушачыся, глядзеў на сваё адлюстраванне.

- Я бачу сябе! - прамовіў ён.

- А ты бачыш вакол сябе сваякоў?

- Не... я адзін... але я не такі, як зараз... старэйшы, і... я стараста школы!

- Што?

- Я... у мяне... гэткі ж значак, як калісьці ў Біла... а яшчэ я трымаю ў руках Кубак Дамоў і Кубак Квідыча... і яшчэ я капітан грыфіндорскай каманды!

Рон адарваў вочы ад гэткага цудоўнага відовішча і ў захапленні зірнуў на Гары.

- Як думаеш, гэта люстэрка паказвае будучыню?

- Не, немагчыма. Усе мае сваякі памерлі... дай я яшчэ на іх пагляджу...

- Ты на іх учора досыць наглядзеўся, дай цяпер мне паглядзець.

- Ты толькі пераможца Кубку Квідыча, што тут такога? А я хачу бачыць сваіх бацькоў.

- Не пхайся...

Але раптам іхную сварку перапыніў шум у калідоры. Хлопцы не заўважылі, наколькі гучна размаўлялі.

- Хуценька!

Толькі Рон паспеў накінуць на іх мантыю, як у дзверы зазірнулі зіхоткія вочы Місіс Норыс. Гары і Рон стаялі нерухома... адзінае, што іх зараз непакоіла, гэта ці могуць коткі бачыць праз мантыю. Здавалася, прамінула вечнасць, перш чым яна развярнулася і пайшла прэчкі.

- Мы ў небяспецы... яна пайшла па Філча, я больш чым упэўнены, што яна нас пачула.

Рон выцягнуў Гары з пакоя.

 

*

 

Снег не растаў і на наступную раніцу.

- Згуляем у шахматы? - прапанаваў Рон.

- Не хачу.

- Можа, да Хагрыда сходзім?

- Калі хочаш, ідзі...

- Я ведаю, аб чым ты думаеш. Але табе не трэба ноччу хадзіць да люстэрка.

- Чаму?

- Не ведаю, але ў мяне дрэнныя прадчуванні... цябе ўжо колькі разоў ледзь не схапілі. Філч, Снэйп і Місіс Норыс блукаюць паблізу. І хай яны не могуць цябе бачыць; што, калі яны наштурхнуцца на цябе?

- Ты размаўляеш, як Герміёна.

- Гары, я сур’ёзна, не хадзі туды больш.

Аднак Гары думаў толькі аб адным: яму трэба вярнуцца да люстэрка. І Рон не мог яго спыніць.

 

*

 

На трэці раз Гары знайшоў пакой значна хутчэй. Ён ішоў туды вельмі шпарка і ў сваім нахабстве рабіў больш шуму, але, на шчасце, на сваім шляху анікога не сустрэў.

Бацькі зноў усміхаліся яму, а адзін з ягоных дзядоў радасна заківаў галавою. Гары апусціўся на падлогу і сеў перад люстэркам. Нішто не магло перашкодзіць яму правесці гэтую ноч разам са сваёй сям’ёй, нішто.

За выключэннем...

- О... ты зноў тут, Гары?

Гары адчуў, як ягоныя вантробы зледзянелі. Ён азірнуўся. На адным са сталоў, што стаяў уздоўж сцяны, сядзеў не хто іншы, як Альбус Дамблдор. Напэўна, Гары настолькі адчайна імкнуўся трапіць да люстэрка, што прамінуў яго, не заўважыўшы.

- Я... я не бачыў вас, сэр.

- Дзіўна, наколькі блізарукім можа зрабіць чалавека ягоная нябачнасць, - прамовіў дырэктар, і Гары з палёгкай заўважыў, што той ўсміхаецца.

- Такім чынам, - працягваў Дамблдор, узняўшыся са стала і сядаючы на падлогу паблізу ад Гары, - ты, як і сотні іншых да цябе, знайшоў сабе суцеху ў Люстэрку Урам.

- Я не ведаў ягоную назву, сэр.

- Але, спадзяюся, ты зразумеў, што яно робіць?

- Яно... ну... я бачу ў ім сваю сям’ю...

- А твой сябра Рон бачыць, што зрабіўся школьным старастам.

- Адкуль вы ведаеце?..

- Я не маю патрэбы ў мантыі-невідзімцы, каб быць нябачным, - ціха адказаў Дамблдор. - А цяпер падумай: што насамрэч нам паказвае Люстэрка? - Гары паціснуў плячыма. - Я табе падкажу. Самы шчаслівы ў свеце чалавек будзе карыстаць Урам як звычайнае люстэрка, то бок будзе бачыць сябе такім, якім ён ёсць.

- Яно, - пасля доўгіх развагаў павольна вымавіў Гары, - паказвае нам тое, чаго мы жадаем... сапраўды жадаем...

- І так, і не, - спакойным голасам сказаў Дамблдор. - Яно паказвае нам ні больш, ні менш, чым нашыя самыя глыбокія, самыя вар’яцкія, самыя запаветныя мары. Ты ніколі не бачыў сваёй сям’і - і вось, ты ў іх суполцы. Рональд Візлі, які ўсё жыццё быў у цені сваіх старэйшых братоў, бачыць сябе самотным і лепшым за іх ўсіх. Але гэтае люстэрка не дае нам ані ведаў, ані праўды. Людзі чэзнулі перад ім, захопленыя тым, што бачылі, альбо трацілі розум, не разумеючы, ці сапраўды здзейсніцца тое, што паказвае Урам, ці існуе ўсяго толькі імавернасць. Заўтра Люстэрка перанясуць на новае месца, Гары, і я прасіў бы цябе больш яго не шукаць. Калі ты ў наступны раз выпадкова сустрэнешся з ім, ты будзеш да гэтага гатовы. Не трэба паглыбляцца ў свае мары і забывацца на сапраўднае жыццё, памятай аб гэтым. А цяпер чаму б табе не загарнуцца ў сваю цудоўную мантыю і не пайсці да ложку?

Гары узняўся на ногі.

- Сэр… Прафесар Дамблдор? Ці магу я ў вас спытацца?

- Зразумела ж, і толькі што ты ўжо зрабіў гэта, - з усмешкаю прамовіў дырэктар. - Аднак я дазваляю табе задаць мне яшчэ адно пытанне.

- А што вы самі бачыце, калі глядзіце ў Люстэрка Урам?

- Я? Я бачу сябе з парай тоўстых ваўняных шкарпэтак у руках.

Гары, не разумеючы, утаропіўся на яго.

- Шкарпэтак ніколі не бывае шмат, - адказаў на гэтае нямое пытанне Дамблдор. - Але чарговы раз прамінулі Каляды, а мне не падаравалі аніводнай пары. Людзі лічаць, што мне трэба дарыць толькі кнігі.

Толькі апынуўшыся ў сваім ложку, Гары вырашыў, што адказ Дамблдра хутчэй за ўсё быў не надта праўдзівым. Аднак паразважаўшы і скінуўшы са сваёй падушкі Скаберса, хлопчык зразумеў, што ягонае пытанне было дужа асабістым.

 

— РАЗДЗЕЛ ХІІІ —

 

Нікалас Фламель

 

Дамблдор пераканаў Гары больш не шукаць Люстэрка Урам, і да самага канца калядных вакацыяў мантыя-невідзімка праляжала на дне ягонай валізы. Гары хацелася забыць тое, што ён ўбачыў у Люстэрку, але гэта было не так проста. Па начах ён сніў кашмары. Гары зноў і зноў бачыў сваіх бацькоў, якія загіналі ў сполахах зялёнага святла, і смех чалавека з высокім голасам.

- Бачыш, Дамблдор меў рацыю: праз гэтае люстэрка ты пачаў з’яжджаць з глузду, - прамовіў Рон, калі Гары распавёў яму аб гэтых снах.

Герміёна, якая вярнулася напярэдадні пачатку семестра, мела свае погляды на тое, што адбылося з ім. Яе раздзірала паміж жахам пры адной думцы, што Гары тры ночы правёў не ў сваім ложку, а валэндаўся па школе, бо яго мог схапіць Філч, і расчараваннем ад таго, што хлопцы так і не высветлілі, хто такі Нікалас Фламель.

Яны амаль страцілі ўсялякую надзею знайсці што-небудзь аб Фламелі ў бібліятэчных кнігах, хаця Гары быў упэўнены, што ён ужо недзе бачыў гэтае прозвішча. Пачаліся заняткі, і яны зноўку былі вымушаныя вярнуцца да беглага пошуку падчас дзесяціхвілінных перапынкаў. А ў Гары было яшчэ менш часу, чым у Рона і Герміёны, бо аднавіліся квідычныя трэніроўкі.

Каманда пад кіраўніцтвам Вуда працавала больш упарта, чым калі-небудзь. Нават бясконцы дождж, што змяніў снег, не мог аслабіць ягонага ваяўнічага настрою. Блізняты скардзіліся, што Вуд ператварыўся на фанатыка, але Гары быў на баку Олівера. Калі яны выйграюць свой наступны матч супраць Хафлпафа, то ўпершыню за сем гадоў абыйдуць Слізэрын на чэмпіянаце школы. Акрамя таго, Гары высветліў, што, калі ён стамляўся на трэніроўках, яго значна менш турбавалі кашмары.

Падчас адной асабліва бруднай і мокрай трэніроўкі Вуд прынёс камандзе дрэнныя навіны. Напэўна, яго моцна раззлавалі блізняты Візлі, якія пікіравалі адно на аднаго, спрабуючы скінуць суперніка з мятлы.

- Ці вы кінеце дурэць калі-небудзь! - пралямантаваў ён. - З-за гэтага мы можам прайграць матч! Судзіць будзе Снэйп, і ён будзе рады любой нагодзе пазбавіць Грыфіндор заробленых балаў!

Пасля гэтых словаў Джордж Візлі сапраўды зваліўся з мятлы.

- Снэйп - суддзя? - сплёўваючы бруд, закрычаў ён. - Ён хоць раз судзіў квідычны матч? Ён жа будзе нас засуджваць, цяпер, калі мы маем магчымасць перамагчы ягоны Слізэрын!

Прызямліўшыся ля Джорджа, іншыя гульцы таксама пачалі наракаць.

- Я тут не вінаваты, - сказаў Вуд. - Але мы павінныя прыкласці ўсе намаганні, каб нашая гульня была бездакорнай і каб Снэйпу не было да чаго прычапіцца.

Гары разважыў, што гульня без магчымасці прычапіцца да яе шляхетнасці - гэта, вядома, добра, але ў яго былі іншыя прычыны не жадаць таго, каб Снэйп знаходзіўся на полі...

Каманда, як заўжды пасля трэніроўкі, засталася ў распранальні, каб абмеркаваць сёе-тое, аднак Гары адразу накіраваўся ў грыфіндорскую гасцёўню. Там сядзелі Рон з Герміёнаю і гулялі ў шахматы. Гэтая гульня была адзінай рэччу ў Хогвартсе, у якой Герміёна не была майстрам.

- Не размаўляй са мной зараз, - прамовіў Рон, калі Гары сеў побач. - Мне неабходна сканцэн... - ён выпаткова зірнуў на твар Гары. - Што здарылася? Ты жудасна выглядаеш.

Ціха, каб аніхто болей не пачуў, Гары распавёў сябрам аб раптоўным злавесным жаданні Снэйпа судзіць наступны матч.

- Не гуляй, - імгненна прапанавала Герміёна.

- Прыкінься хворым, - дадаў Рон.

- Зрабі выгляд, што ногу зламаў, - сказала Герміёна.

- Зламай яе насамрэч, - прамовіў Рон.

- Не магу, - адказаў Гары. - У каманды няма запаснога паляўнічага. Калі я адмоўлюся, Грыфіндор увогуле не зможа гуляць.

У гэтае ж імгненне ў гасцёўню заваліўся Нэвіл. Заставалася загадкай, як у яго атрымалася пралезці праз адтуліну, бо ногі ў яго, як усе адразу здагадаліся, былі пад уздеяннем ногазамкняючага праклёну. Пэўна, яму давялося скочыць да самай грыфіндорскай вежы, бы трусіку.

Усе прысутныя акрамя Герміёны, якая імгненна прамовіла супрацьпраклён, пападалі са смеху. Ногі Нэвіла аддзяліліся адна ад адной, і ён зноўку мог нармальна стаяць. Яго моцна калаціла.

- Што здарылася? - зноўку сядаючы да Гары і Рона, спыталася дзяўчынка.

- Малфой, - хістаючыся, адказаў Нэвіл. - Мы сустрэліся на выхадзе з бібліятэкі. Ён сказаў, што яму трэба на кімсьці папрактыкавацца.

- Ідзі да прафесаркі МакГонагал! - прамовіла Герміёна. - Распавядзі ёй аб усім!

Нэвіл патрос галавой.

- Мне не патрэбныя большыя праблемы, - прамармытаў ён у адказ.

- Ты павінны прычыніць яму супраціў, Нэвіл! - заўважыў Рон. - Ён звык хадзіць па чужых галавах, але навошта пакорліва сцяліцца перад ім.

- Табе не трэба мне даказваць, што я недастаткова адважны для Грыфіндору, Малфой гэта зрабіў і так, - задыхаючыся, прамовіў Нэвіл.

Гары намацаў нешта ў кішэні сваёй мантыі і выцягнуў адтуль шакаладную жабку, апошнюю з той скрыначкі, якую падаравала яму на Каляды Герміёна. Ён працягнуў жабку Нэвілу, які выглядаў так, быццам вось-вось заплача.

- Ты варты дванаццаці Малфояў, - сказаў Гары. - Ці Сартавальны капялюш не размеркаваў цябе ў Грыфіндор? А Малфоя? У нейкі брыдотны Слізэрын.

Нэвілавы вусны ўздрыгануліся ў слабой усмешцы, калі ён разгортваў жабку.

- Дзякуй, Гары... думаю, лепей мне пайсці спаць... вазьмі картку, ты ж іх збіраеш?

Калі ён сыйшоў, Гары паглядзеў на картку.

- Зноў Дамблдор, - паведаміў ён. - Ён быў на маёй першай картцы...

Гары зірнуў на заднюю частку карткі і раптам вохнуў. Ён паглядзеў на Рона і Герміёну.

- Знайшоў! - прашаптаў ён. - Я знайшоў Фламеля! Я ж казаў вам, што недзе бачыў гэтае імя раней... вось: “Прафесар Дамблдор найбольш вядомы сваёй перамогай у 1945 годзе над цёмным чараўніком Грындэльвальдам, вынаходніцтвам дваццаці спосабаў выкарыстання драконавай крыві і супольнай алхімічнай працай з Нікаласам Фламелем”!

Раптам Герміёна ўскочыла з места. Яна не была гэткай узбуджанай ажно з тых часоў, як яны атрымалі адзнакі за сваю першую дамашнюю работу.

- Чакайце тут! - сказала яна і пабегла ў свой пакой. Гары і Рон паспелі толькі здзіўлена перазірнуцца, а Герміёна ўжо вярнулася да іх, трымаючы ў руках агромістую старую кнігу.

- А я і не здагадалася паглядзець тут! - усхвалявана прашаптала яна. - Я колькі тыдняў таму ўзяла яе, каб крыху пачытаць.

- Крыху? - здзівіўся Рон, але Герміёна загадала яму сціхнуць, пакуль яна не знойдзе патрэбную старонку, а потым, мармычучы сабе пад нос, пачала шпарка гартаць старонкі.

Нарэшце яна знайшла тое, што шукала.

- Я ведала! Я ведала гэта!

- А ўжо можна размаўляць? - раздражнёна спытаўся Рон. Герміёна яго праігнаравала.

- Нікалас Фламель, - выразна прашаптала яна. - Адзіны вядомы стваральнік Філасофскага камня!

Аднак эфект быў крыху іншым, чым чакала дзяўчынка.

- Што-што? - разам спыталіся Гары і Рон.

- Ёйк, ну зразумела ж, вы гэтага не чыталі. Вось... глядзіце.

Яна кінула ім агромістую старую кнігу, і хлопцы прачыталі:

 

“Старажытныя даследчыкі алхіміі называюць Філасофскі камень легендарным рэчывам, якое валодае дзіўнай моццу. Філасофскі камень здольны ператварыць іншыя металы на золата. Таксама з яго вырабляюць эліксір жыцця, які робіць таго, хто яго спажывае, бессмяротным.

На працягу стагоддзяў мы мелі шмат звестак аб уласніках Філасофскага камня, але адзіны вядомы ў цяперашні час Камень належыць містэру Нікаласу Фламелю, вядомаму алхіміку і аматару оперы. Містэр Фламель, які адзначыў у мінулым годзе свой шэсцьсот шэсцьдзесят пяты дзень нараджэння, вядзе ціхае жыццё ў графстве Дэван разам са сваёй шэсцьсотпяцьдзесятвасьмігадовай жонкаю Перэнэлай.”

 

- Ну? - спыталася Герміёна ў Гары і Рона, калі тыя скончылі чытанне. - Зразумелі? Сабака, напэўна, ахоўвае Філасофскі камень! Іду ў заклад, Фламель папрасіў Дамблдора патрымаць яго ў бяспечным месцы, бо яны сябры. Вось чаму Камень быў перавезены з Грынгатса!

- Камень, які вырабляе золата з іншых металаў і здольны зрабіць цябе бессмяротным? - прамовіў Гары. - Нядзіўна, што Снэйп за ім палюе! Хто заўгодна за ім паляваў бы.

- І нядзіўна, што мы не знайшлі яго ў “Даследваннях апошніх чароўных падзей”, - дадаў Рон. - Якія ж тут апошнія даследванні, калі табе шэсцьсот шэсцьдзесят пяць гадоў.

Наступнай раніцай, перапісваючы на Абароне ад Цёмных Мастацтваў параграф аб разнастайных спосабах лекавання ўкусаў ваўкалака, Гары і Рон працягвалі разважаць аб Філасофскім камні і тым, што б яны зрабілі, калі б у іх быў хаця адзін. Рон сказаў, што сабраў бы сваю ўласную каманду. Калі б не ён, Гары наўрад ці ўзгадаў бы аб Снэйпе, які збіраўся судзіць наступны матч.

- Я буду гуляць, - заявіў ён Рону і Герміёне. - Калі я не выйду на поле, слізэрынцы вырашаць, што я напалохаўся Снэйпа. Я ім пакажу... Калі мы пераможам, гэта надоўга сатрэ ўсмешкі з іхных твараў.

- Калі толькі з поля не сатруць цябе самога, - прамовіла Герміёна.

 

*

 

Тым часам матч набліжаўся, і што б Гары не казаў Рону і Герміёне, ён усё мацней і мацней нерваваўся. Астатнія гульцы грыфіндорскай каманды таксама не былі спакойнымі. Думка пра тое, каб абагнаць Слізэрын ў чэмпіянаце школы ўпершыню за сем гадоў, была прывабнай, але як было гэта зрабіць з гэткім перадузятым судзействам?

Гары не разумеў, ці гэта яму толькі здаецца, ці адбываецца насамрэч, аднак, куды б ён ні накіроўваўся, там нязменна апынаўся Снэйп. Часам хлопчыку да галавы прыходзіла думка, ці не сочыць настаўнік за ім, спрабуючы падлавіць. Больш за тое, заняткі па зеллеварстве ператварыліся на сапраўдную штотыднёвую пакуту, настолькі Снэйп быў на іх жудасным. Можа, настаўнік здагадваўся аб тым, што Гары ведаў пра ягонае паляванне за Філасофскім камнем? Дакладна хлопчык не мог сказаць... але адчасу яму здавалася, што Снэйп здольны чытаць ягоныя думкі.

 

*

 

Калі на наступны дзень Рон і Герміёна ў распранальні пажадалі яму поспеху, Гары вырашыў, што яны задаюцца пытаннем, ці пабачаць яны яго калі-небудзь жывым. Гэта не надта суцешыла хлопца. І наўрад ці, апранаючыся ў квідычную мантыю і беручы ў рукі Німбус-2000, Гары слухаў палкую прамову Вуда.

Тым часам Рон і Герміёна знайшлі сабе на трыбунах вольныя месцы побач з Нэвілам, які не мог зразумець, чаму яны выглядалі гэткімі суровымі ды заклапочанымі і навошта прынеслі на гульню палачкі. Гары нават не здагадваўся, але Рон з Герміёнаю патаемна вучыліся накладаць ногазамкняючы праклён. Яны на Нэвілавым прыкладзе ўжо ведалі, як ён працуе, і гатовыя былі выкарыстаць яго на Снэйпе, калі той паспрабуе пакрыўдзіць Гары.

- Ну, ты не забыў словы? Лакамотар Морціс, - прамармытала Герміёна, хаваючы палачку ў рукаў.

- Памятаю я, памятаю, - адгыркнуўся Рон. - Не бурчы.

Тым часам у распранальні Вуд адвёў Гары ў бок.

- Я не хачу ціснуць на цябе, Гары, але калі ты хочаш, каб мы перамаглі, адшукай сніч як мага хутчэй. Пакуль Снэйп не паспее зашмат падсудзіць Хафлпафу.

- Там уся школа сабралася! - вызірнуўшы ў дзверы, прамовіў Фрэд Візлі. - І... каб мне праз зямлю праваліцца... нават Дамблдор тут!