АКТУАЛЬНЫ РЭПАРТАЖ: ПРАНІКНЕННЕ Ў ГРЫНГАТС 5 страница

Сэрца Гары ледзь не выскачыла з грудзей.

- ДАМБЛДОР? - падскокваючы да дзвярэй, каб самому пераканацца, спытаўся ён. Фрэд меў рацыю. Не пазнаць срэбную бараду дырэктара было вельмі цяжка.

У яго настолькі палягчэла на душы, што Гары ледзь не рассмяяўся ў голас. Цяпер ён у бяспецы. Снэйп не рызыкне пашкодзіць яму на вачах у дырэктара.

Магчыма, менавіта таму, як заўважыў Рон, Снэйп і быў гэткім разлютаваным, калі каманды ішлі на поле.

- Ніколі не бачыў Снэйпа настолькі злосным, - сказаў ён Герміёне. - Яны выходзяць. Ай!

Нехта ўдарыў Рона па карку. Гэта быў Малфой.

- Аёй, прабач, Візлі, я цябе не заўважыў.

Ён шырока ўсміхнуўся Крэйбу і Гойлу.

- Цікава, як доўга Потэр пратрымаецца на мятле ў гэты раз? Закладземся? Ты ўдзельнічаеш, Візлі?

Рон нічога не адказаў. У гэты момант Снэйп прысудзіў пенальці на карысць Хафлпафа за тое, што Джордж Візлі трапіў па ім бладжэрам. Прыжмурыўшы вочы і склаўшы рукі на каленях, Герміёна назірала за тым, як Гары, быццам ястраб, кружляў па небе ў пошуках сніча.

- Дарэчы, - гучна заявіў Малфой, калі праз колькі хвілінаў Снэйп зноў без якой-небудзь падставы прысудзіў пенальці на карысць Хафлпафа. - Ведаеце, як набіраюць гульцоў у грыфіндорскую каманду? Туды абіраюць тых, каго ім шкада. У Потэра няма бацькоў, у Візлі грошаў... табе таксама трэба ў каманду, Лонгботам, бо ты не маеш мазгоў.

Нэвіл густа пачырванеў, але выпрастаўся і апынуўся твар у твар з Малфоем.

- Я варты дванаццаці такіх, як ты, Малфой, - запінаючыся, прамовіў ён.

Малфой, Крэйб і Гойл завылі са смеху, аднак Рон, не наважаючыся адарваць вочы ад поля, прамовіў:

- Маеш рацыю, Нэвіл.

- Лонгботам, калі б колькасць мазгоў раўнялася колькасці золата, ты быў бы бяднейшым за Візлі.

Нервы Рона былі перанапружаныя з-за хвалявання за Гары.

- Малфой, папярэджваю цябе... яшчэ адно слова...

- Рон! - нечакана усклікнула Герміёна. – Гары!..

- Што? Дзе?

Раптам Гары апусціўся ў крутое піке, гледачы пачалі ахаць і пляскаць далонямі. А Герміёна ўскочыла з месца, запхнуўшы ў рот пальцы абедзвух рук.

- Табе пашанцавала, Візлі! Відаць, Потэр убачыў на зямлі грошы! - заявіў Малфой.

Рон імгненна ўскочыў на ногі і перш, чым Малфой паспеў нешта зразумець, паваліў яго на зямлю. Нэвіл павагаўся, а потым ускочыў з месца і кінуўся дапамагаць Рону.

- Давай, Гары! - галасіла Герміёна. Яна нават ускочыла з места, калі хлопчык куляй панёсся на Снэйпа... Герміёна і не заўважыла, ані што за ейнай спінай счапіліся Рон з Малфоем, ані галас і грукат клубку кулакоў, які ўяўлялі з сябе Нэвіл, Крэйб і Гойл.

Тым часам на полі прафесар Снэйп своечасова развярнуў сваю мятлу. Ён толькі паспеў убачыць, як ў колькіх цалях ад яго пранеслася пунсовая маланка - і праз імгненне Гары ўжо выходзіў з піке, пераможна ўзняўшы над галавой руку, у якой быў заціснуты сніч.

Прысутныя ўскочылі са сваіх месцаў: гэта быў рэкорд, і ніхто не памятаў, каб сніч злавілі настолькі хутка.

- Рон! Рон! Ты дзе?! Гульня скончылася! Гары перамог! Мы перамаглі! Грыфіндор –наперадзе! - лямантавала Герміёна, падскокваючы на сядзенні і абдымаючыся з Парваці Паціл, якая сядзела побач.

Гары прызямліўся і саскочыў з мятлы. Ён сам не мог паверыць у гэта. У яго атрымалася... гульня доўжылася не больш за пяць хвілін. На поле хлынуў натоўп грыфіндорцаў. Гары азірнуўся і ўбачыў Снэйпа: бледны і маўклівы, ён прызямліўся непадалёк. На плячо хлопчыка лягла чыясьці рука; ён азірнуўся і ўбачыў усмешлівы твар Дамблдора.

- Вельмі добра, - так ціха, што яго мог пачуць толькі Гары, прамовіў дырэктар. - Прыемна бачыць, што твае думкі... больш не занятыя люстэркам. Выдатна...

Снэйп з’едліва сплюнуў на зямлю.

 

*

 

Праз колькі часу Гары пакінуў распранальню, каб аднесці да мяцельні свой Німбус. Ніколі ў жыцці ён не адчуваў сябе настолькі шчаслівым. Ён сапраўды нешта зрабіў... цяпер ніхто не скажа, што ён вядомы толькі праз гучнае імя. Ніколі вечаровае паветра не здавалася яму настолькі салодкім. Ён крочыў па вільготнай траве і пракручваў у сваёй дурной ад шчасця галаве тое, што адбывалася гадзіну таму: вось натоўп грыфіндорцаў уздымае яго на плечы, вось ён бачыць на некаторай адлегласці Рона і Герміёну, якія скочуць ад шчасця, і Рон пляскае ў далоні, нягледзячы на кроў з разбітага носу.

Вось і мяцельня. Гары прытуліўся да яе драўляных дзвярэй і паглядзеў на Хогвартс. У праменні заходзячага сонца яго вокны стваралі чырвоныя водбліскі. Грыфіндор наперадзе. У яго ўсё атрымалася, ён паказаў Снэйпу...

Дарэчы аб Снэйпе.

Нейкая постаць у плашчы з каптуром спусцілася з замкавых сходаў. Відавочна, нехта, хто не надта жадаў, каб яго пазналі, хутка крочыў у бок Забароненага леса. Думкі Гары імгненна ачысціліся ад пераможнага захаплення. Па кульгавасці хады постаці ён пазнаў чалавека пад каптуром. Пакуль астатнія былі на вячэры, Снэйп пайшоў у Забаронены лес... што тут адбываецца?

Гары імгненна ўскочыў на мятлу і ўзняўся ў паветра. Ён моўчкі слізгаў за настаўнікам, пакуль той нарэшце не ўвайшоў у лес. Гары паляцеў за ім.

Дрэвы ў Лесе раслі настолькі густа, што хлопчык хутка згубіў Снэйпа. Гары пачаў кружляць па-над дрэвамі, спускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль не пачуў галасы. Ён паляцеў у той бок і сеў на галіну высокага бука.

Гары асцярожна палез па галіне, адной рукой моцна трымаючы мятлу і спрабуючы што-небудзь разглядзець праз лістоту.

Там унізе на пакрытай ценямі паляне стаяў Снэйп, але ён быў не адзін. Разам з ім быў прафесар Квірэл. Гары не бачыў ягонага твару, але пазнаў настаўніка па заіканні, якое цяпер значна пагоршылася. Гары напружыў слых, каб зразумець, аб чым размаўлялі прафесары.

- ... н-н-не в-ведаю, чаму т-ты па-пажадаў сус-стрэцц-ца тут, Севе-ерус...

- Каб захаваць нашу сустрэчу ў сакрэце, - з ільдом у голасе адказаў Снэйп. - Тым больш, што навучэнцы не павінны ведаць аб Філасофскім камні.

Гары нахіліўся ніжэй. Квірэл прамармытаў нешта, але Снэйп яго перарваў.

- Ці ты ўжо даведаўся, як прайсці праз Хагрыдава брахуна?

- А-а-але, Севе-ерус, я...

- Ты ж не хочаш, каб я зрабіўся тваім ворагам, Квірэл, - набліжаючыся, сказаў Снэйп.

- Й-й-я, н-не вед-д-даю, што т-т-ты...

- Ты выдатна ведаеш, што я маю на ўвазе.

Недзе вельмі гучна вухнула сава, і Гары ледзь не паваліўся са сваёй галіны. Ён з цяжкасцю ўтрымаўся на месцы і паспеў пачуць, як Снэйп прамовіў:

- ... твой невялічкі жарт. Я буду чакаць.

- А-а-а-але ж, я н-не...

- Выдатна, - перапыніў яго зеллевар. - Мы хутка пагамонім зноў, і ў цябе будзе магчымасць падумаць і вырашыць, з кім быць.

Ён накінуў на галаву каптур і сыйшоў прэч. Было вельмі цёмна, але Гары выразна бачыў Квірэла. Той застаўся нерухома стаяць на паляне, быццам аслупянеўшы.

 

*

 

- Гары, ты дзе быў? - віскнула Герміёна.

- Перамаглі! Ты перамог! Мы перамаглі! - папляскаўшы Гары па спіне, прагаласіў Рон. - Я набіў Малфою чарняка пад вокам, а Нэвіл паспрабаваў сам-насам змагацца з Крэйбам і Гойлам. Ён пакуль што ляжыць непрытомны, але мадам Помфры кажа, што з ім усё будзе добра... усе размовы зараз аб тым, як мы паказалі слізэрынцам! У гасцёўні ўсе толькі цябе і чакаюць, каб распачаць святкаванне. Фрэд і Джордж сцягнулі з кухні пірожных і сяго-таго яшчэ.

- Не цяпер, - запыхаўшыся, адказаў Гары. - Давайце знойдзем які пусты кабінет, мне трэба вам сёе-тое расказаць...

Перад тым як зачыніць дзверы, Гары пераканаўся, што ў пакоі не было Піўза, і распавёў Рону і Герміёне аб тым, што бачыў і чуў у лесе.

- Мы мелі рацыю: гэта Філасофскі камень, і цяпер Снэйп спрабуе прымусіць Квірэла дапамагаць сабе. Ён пытаўся, ці ведае ўжо Квірэл, як прайсці праз Флуфі... і яшчэ казаў аб нейкім “жарце”, што стварыў Квірэл... я думаю, акрамя сабакі ў Камня ёсць і іншая ахова, напэўна, шмат якія чары... і Квірэл утварыў нейкую замову супраць чорнай магіі, якую Снэйпу неабходна абыйсці...

- Такім чынам, ты лічыш, што Філасофскі камень у бяспецы, пакуль паміж ім і Снэйпам стаіць Квірэл? - з трывогай спыталася Герміёна.

- Ён зробіць гэта да наступнага аўторка, - заявіў Рон.

 

— РАЗДЗЕЛ ХІV —