Норберт – нарвежскі грэбнеспінны

 

Але Квірэл выявіўся больш мужным, чым пра яго думалі. Колькі наступных тыдняў ён усё больш і больш бляднеў і ўшчэнт схуднеў, але не выглядаў зломленым.

Кожны раз, праходзячы міма калідора на чацвёртым паверсе, Гары, Рон і Герміёна ўважліва прыслухоўваліся, ці чуецца за дзвярыма брэх Флуфі. Снэйп заставаўся ў сваім звычайным благім настроі, што магло значыць толькі адно: Камень дагэтуль у бяспецы. Штораз, прамінаючы ў калідоры Квірэла, Гары адорваў яго натхняльнай усмешкай, а Рон лаяўся на тых, хто здзекваўся з прафесарскага заікання.

Адзінай, хто зусім кінуў цікавіцца Філасофскім камнем, была Герміёна. Яна зрабіла расклад паўтору вывучанага за год і цяпер пазначала свае нататкі рознакаляровымі чарніламі. Гары і Рон не супраціўляліся гэтаму яе занятку, але Герміёна прымушала іх зрабіць тое ж самае.

- Герміёна, да іспытаў яшчэ сто гадоў.

- Не сто гадоў, - гыркнула яна ў адказ, - а толькі дзесяць тыдняў. Калі ты другі Нікалас Фламель – гэта ўвогуле не тэрмін.

- Нам не шэсцьсот гадоў, - нагадаў ёй Рон. - Да таго ж, нашто табе паўтараць нешта, калі ты і так усё добра ведаеш?

- Нашто паўтараць? Ці ты звар’яцеў? Ты разумееш, што нам, каб перайсці на другі год, трэба здаць іспыты? Гэта вельмі істотна. Мне трэба было пачаць паўтараць яшчэ месяц таму, падаткнуў жа мяне чорт...

На жаль, настаўнікі, здавалася, лічылі гэтак жа, як Герміёна. Яны назадавалі столькі дамашняй работы, што Вялікдзень прайшоў далёка не так весела, як Каляды. І як тут святкаваць, калі побач з табой сядзіць Герміёна і вучыць на памяць дванаццаць спосабаў выкарыстання крыві дракона ці даводзіць да дасканаласці рухі чароўнай палачкай? Цяпер Гары і Рон большую частку вольнага часу праводзілі з ёй у бібліятэцы, спрабуючы здолець з усімі тымі дадатковымі заданнямі, якімі дзяўчынка іх заваліла.

- Мне ніколі гэтага не вывучыць, - кінуўшы пяро на стол і з тугою зірнуўшы ў акно, прамовіў Рон. Там звонку быў сапраўды выдатны дзень, першы за колькі месяцаў. Неба было ясным, незабудкава-блакітнага колеру, а ў паветры лунала прадчуванне надыходу лета.

Гары праглядаў у “Тысячы магічных зёлак і грыбоў” артыкул аб бадзяну і не ўздымаў галавы, пакуль не пачуў, як Рон прамовіў:

- Хагрыд! А ты што ў бібліятэцы робіш?

Брамнік, які ў сваім кратовым шынэлку выглядаў вельмі дзіўна тут, у бібліятэцы, адыходзіў да дзвярэй, хаваючы нешта за спінай.

- ‘лядзеў сёй’-тое, - прамовіў выкрутлівым голасам Хагрыд, чым адразу зацікавіў сяброў. - А вы т’ што роб’це? - з падазрэннем зірнуўшы на тройцу, спытаўся волат. - Ці не шукай’це зноў нешт’ аб Нікаласе Фламелі?

- Пра Фламеля мы ўсё даўно знайшлі, - зухавата адказаў Рон. - І ведаем, што сабака ахоўвае Філасофскі к...

- Ссссс! - Хагрыд хутка азірнуўся, правяраючы, ці не падслухоўваюць іх. - Не крычы пра гэт’, здурэў зусім?

- І мы яшчэ сёе-тое хацелі б ведаць, - прамовіў Гары. - Хто акрамя Флуфі ахоўвае Камень...

- ССССС! - зноўку сыкнуў Хагрыд. – Слух’це... праз кольк’ часу прыходзьць’ да м’не. Не аб’цаю, што раскажу вам шмат. Зраз’мейце, аб гэт’ нельга балб’таць, на’ўчэнц’ увогуле не п’вінныя пра гэт’ ведаць. ‘Се вырашаць, што гэт’ я вам сказаў...

- Ну, пабачымся пазней, - прамовіў Гары.

Хагрыд сыйшоў.

- Цікава, што ён трымаў за спінай? - задумліва спыталася Герміёна.

- І ці не мае гэтая кніга дачынення да Камня?- дадаў Гары.

- Пайду пагляджу, у якой ён быў секцыі, - прамовіў Рон, якому ўжо надакучыла вучоба. Праз пяць хвілінаў ён вярнуўся з поўнымі рукамі кніг і кінуў іх на стол.

- Драконы! - прашаптаў ён. - Хагрыд цікавіўся інфармацыяй аб драконах! Глядзіце, вось: “Разнавіды драконаў у Велікабрытаніі і Ірландыі”, “Ад яйка да полымя”, “Даведнік драконавода”.

- Хагрыд даўно марыў мець дракона, ён сам мне аб гэтым казаў, калі прыехаў за мной, - прамовіў Гары.

- Гэта супрацьзаконна, - сказаў Рон. - Трыманне драконаў у хаце было забароненае Вядзьмацкай канвенцыяй 1709 года, аб гэтым усе ведаюць. Цяжкавата будзе схаваць ад маглаў нашае існаванне, калі ў кагосьці па садзе будзе валэндацца дракон... і ў цябе не атрымаецца яго прыручыць, гэта вельмі небяспечна. Ты б бачыў, якія апёкі атрымаў у Румыніі Чарлі.

- А ў Брытаніі дзікіх драконаў няма? - спытаўся Гары.

- Вядома, ёсць, - адказаў яму Рон. - Звычайны валійскі зялёны і гебрыдзкія чорныя. Каб ты ведаў, колькі намаганняў прыкладае Міністэрства магіі, каб схаваць іх існаванне. Колькі аддзелаў працуюць над тым, каб накладаць замовы забыцця на тых маглаў, якім выпадкова давялося іх убачыць.

- І што Хагрыд сабе думае? - прамовіла Герміёна.

 

*

 

Падыйшоўшы праз гадзіну да Хагрыдавай халупы і пагрукаўшы ў дзверы, яны моцна здзівіліся, што фіранкі на усіх вокнах былі апушчаныя.

- Хто там? - спытаўся з-за дзвярэй Хагрыд і, пусціўшы іх усярэдзіну, хутка зачыніў дзверы.

У хаціне панавала сапраўдная спёка. Нягледзячы на цёплы дзень, у коміне палаў агонь. Хагрыд наліў ім гарбаты і прапанаваў сэндвічы з гарнастаінай, ад якіх сябры стрымана адмовіліся.

- Так... вы х’целі аб неч’м спытацца?

- Так, - адказаў Гары. - Мы хацелі спытаць у цябе, ці не мог бы ты сказаць нам, што акрамя Флуфі ахоўвае Філасофскі камень.

Хагрыд пахмурна зірнуў на яго.

- Вядома, не, - адказаў ён. - Па-перш’, таму, што сам не вед’ю, а па-другой’, калі б і ведаў, не сказаў бы. Камень тут па ‘важлівай прычыне. З Грынга’ца яго ледзь не скраль’... але вы пра гэт’ і так вед’еце. Але, пабіць мяне, адкуль вы д’ведаліся пра Флуфі?

- Ну добра табе, Хагрыд, усё ты ведаеш, але казаць не хочаш, - лагодным, ліслівым голасам прамовіла Герміёна. Барада Хагрыда тузанулася; сябры былі ўпэўненыя, што волат усміхнуўся. Дзяўчынка працягвала: - Насамрэч мы толькі хацелі ведаць, хто накладаў ахову. Каму Дамблдор давярае гэтак жа, як табе?

Хагрыд з гонарам выпяў грудзі. Гары з Ронам здзіўлена ўтаропіліся на дзяўчынку.

- Добра, калі я вам і скажу, гэт’ мала пашкодзь’ справе... вось... ён пазычыў у м’не Флуфі... потым сваю ‘хову зрабілі настаўнь’кі... прафес’ка Спроўт... - кажучы гэта, волат загінаў на руцэ пальцы. – Прафес’ Флітвік... прафес’ка МакГона’л... прафес’ Квір’л... ну, сам Дамблдор, вядом’, зрабіў нешт’. Чакайць’, я на кагось’ забыўся. А, ‘шчэ быў прафесар Снэйп.

- СНЭЙП?

- Так... а вы яго ўсё він’ваціце? Снэйп – адзін з тых, хто ‘бараняе Камень, ён не жадае ‘йго скрасці.

Гары ведаў, што Рон з Герміёнай думаюць пра тое ж, што і ён. Калі Снэйп удзельнічае ў ахове Камня, ён мог лёгка даведацца, якім чынам прайсці праз абарону, зладжаную іншымі настаўнікамі. І ён, напэўна, ужо ведае, як прайсці праз усе пасткі - акрамя той, што стварыў Квірэл, і Флуфі.

- Ты адзіны ведаеш, як абыйсці Флуфі? - з трывогаю спытаўся Гары ў Хагрыда. - Ты ж нікому пра гэта не распавядаў? Нікому з настаўнікаў?

- Аніводна’ душа не вед’е, - з гонарам прамовіў волат. – Акрам’ мяне і Дамблдора.

- Уф, выдатна, - прамармытаў Гары сябрам. - Хагрыд, ці нельга адчыніць акно? Я зараз расплаўлюся.

- Прабач, Гары, але не магу, - адказаў Хагрыд. Гары заўважыў, як той пазірае на комін. Хлопчык таксама зірунуў у полымя..

- Хагрыд, што ў цябе там?

Хаця ён сам аб усім здагадаўся. У самай сярэдзіне коміна пад імбрыкам ляжала вялізнае чорнае яйка.

- А? - нервова чухаючы бараду, прамовіў Хагрыд. – Гэт’, ну...

- Дзе ты яго дастаў, Хагрыд? - спытаўся Рон, нахіліўшыся над полымем, каб бліжэй разглядзець яйка. – Ты, напэўна, заплаціў за яго купу грошаў!

- Ань’колькі, - адказаў волат. – Мінулай ноччу быў у с’седняй вёсцы, каб выпіць кілішак-другі, і вы’граў яго ў карты ў нейка’ незнаёмца. Дум’ю, ён быў рады ад яго пазбавіцца.

- Але што ты будзеш рабіць з ім, калі ён вылупіцца? - пацікавілася Герміёна.

- Ну, я сёй’-тое пачытаў, - прамовіў Хагрыд, вытцягваючы з-пад падушкі кнігу. – ‘Ось у бібл’ятэцы ўзяў... “Дракон’гадоўля для з’давалнень’ і прыбытку”... яна вядома, крыху састарэла, але ў ёй ё’ ўсё, што трэ’. Тут напісана, што яйка трэ’ трымаць у вогніш’ы, бо ў прыродзь’ драконь’ха дых’е на іх агнём. А калі ён вылупіцца, карміць штогадзіны сумессю брэндзь’ і курынай крыві. А ‘ось тут ё’... як па яйку выявіць, які выл’піцца дракон... у м’не нарве’скі грэбнеспінны. Дужа рэдкі.

Хагрыд выглядаў вельмі сабой задаволеным, а вось Герміёну нешта турбавала.

- Хагрыд, ты жывеш у ДРАЎЛЯНЫМ ДОМЕ, - прамовіла яна.

Але Хагрыд яе не слухаў: ён весела напяваў, падкідваючы ў комін яшчэ дроваў.

 

*

 

Цяпер ў іх з’явілася новая праблема – што будзе з Хагрыдам, калі хто-небудзь даведаецца, што ён трымае ў сваёй хаціне нелегальнага дракона.

- Цікава, мы калі-небудзь пажывем спакойна? - уздыхаючы, прамовіў Рон пасля чарговага выканання ўсіх дадатковых заданняў. Герміёна ўзялася складаць графік паўтарэння для яго з Гары, ад чаго хлопцы пачалі шалець.

Аднойчы падчас сняданку Хэдвіг прынесла цыдулку ад Хагрыда. Там было напісана толькі два словы: “Ён вылупляецца”.

Рон прапанаваў прагуляць зёлазнаўства і адразу ісці да Хагрыда, але Герміёна і чуць пра гэта не жадала.

- Герміёна, калі яшчэ мы ўбачым вылупленне дракона?

- У нас заняткі, мы будзем мець праблемы, калі іх прапусцім, хаця яны нішто ў параўнанні з тым, што будзе з Хагрыдам, калі хто-небудзь даведаецца, што ён...

- Сціхніце! - прашаптаў Гары.

У колькіх футах ад іх стаяў Малфой і ўважліва прыслухоўваўся. Колькі ён пачуў? Гары моцна не спадабаўся выраз на твары слізэрынца.

Рон і Герміёна спрачаліся ўвесь шлях на заняткі па зёлазнаўстве. Нарэшце Герміёна згадзілася пайсці разам з імі да Хагрыда падчас перапынку. Ледзь празвінеў званок, тройца кінула свае інструменты і паспяшалася да ўскрайку леса. Іх сустракаў узбуджаны і ўсхваляваны Хагрыд.

- ‘Жо хутка, - паведаміў ён і правёў сяброў у хаціну.

Яйка ляжала на стале. Па усёй яго паверхні беглі глыбокія расколіны. Усярэдзіне нешта рухалася і выдавала дзіўныя гукі.

Усё чацвёра, падставіўшы крэслы да стала, не дыхаючы глядзелі на яйка.

Раптам адчулася нейкае скрыгатанне, і шкарлупа раскалолася. Драканя павалілася на стол. Яно зусім не было прыгожым; Гары вырашыў, што яно больш нагадвеа мяты чорны парасон. Ягоныя востыя крылцы былі завялікімі для хударлявага бліскучага цела і доўгага шыраканоздрага рыла з кароткімі рожкамі і лупатымі памаранчавымі вочкамі.

Драканя чхнула. З ягонай пашчы вылецела колькі іскрынак.

- Хіба не прыгажунчык? - праваркатаў Хагрыд. Ён працягнуў руку, каб пагладзіць драканя па галоўцы. Тое імгненна цапнула брамніка за палец сваімі вострымі ікалкамі. - Будзь здаровы! Глядзіць’, ён пазнаў сваю матульку!

- Хагрыд, - спыталася Герміёна, - а наколькі хутка растуць нарвежскія грэбнеспіны?

Хагрыд ужо збіраўся адказаць ёй, але нечакана з ягонага твара схлынула ўся фарба... ён ускочыў на ногі і падбег да акна.

- Што здарылася?

- Хтось’ глядзеў праз ш’ыліну ў фіранках... дзіцён’к... ён п’бег назад да школы.

Гары кінуўся да дзвярэй і вызірнуў вонкі. Нават на адлегласці нельга было памыліцца.

Малфой бачыў дракона.

 

*

 

Тое, што хавалася ва ўсмешцы Малфоя ўвесь наступны тыдзень, прымушала Гары, Рона і Герміёну моцна хвалявацца. Большую частку вольнага часу яны праводзілі ў цёмнай Хагрыдавай хаціне, спрабуючы пераканаць яго расстацца з драконам.

- Папросту адпусці яго, - прапанаваў Гары, - выпусці на волю.

- Не магу, - адказаў Хагрыд. - Ён ‘шчэ маленькі. Ён з’гіне.

Тройца зірнула на драканя. Усяго за тыдзень яно вырасла ў тры разы. З ягоных наздрын курэў дым. Хагрыд увогуле закінуў свае абавязкі брамніка і палясоўшчыка і ўвесь час займаўся гадаваннем істоты; па ўсёй падлозе валяліся пустыя бутэлькі з-пад брэндзі і курыныя пёры.

- Я выр’шыў назваць яго Норбертам, - цьмянымі вачыма гледзячы на дракона, паведаміў Хагрыд. - Ён мяне пазнае, глядзіць’. Норберт! Норберт! А дзе матулька?

- Ён канчаткова злузнуўся,- прамармытаў Рон Гары на вуха.

- Хагрыд, - гучна сказаў Гары, - калі ты пачакаеш яшчэ два тыдні, Норберт стане большы за тваю хаціну. А Малфой у любы момант можа пайсці да Дамблдора.

Хагрыд закусіў губу.

- Я... я вед’ю, што ён не можа застац’ са мной наза’жды, але не магу ‘ось так ‘ось ‘збавіцца яго.

Раптам Гары павярнуўся да Рона.

- Чарлі! - усклікнуў ён.

- Ты што - таксама сшалеў? - спытаў Рон. - Мяне Ронам клічуць, забыўся?

- Ды не... Чарлі... твой брат. У Румыніі. Ён жа даследуе драконаў. Мы маглі б даслаць Норберта яму. Чарлі можа дагадаваць яго, а потым адпусціць у дзікую прыроду!

- Шыкоўна! - прагаласіў Рон. - Хагрыд, як табе такі варыянт?

У рэшце рэшт брамнік пагадзіўся на тое, каб Чарлі даслалі саву і спыталіся ў яго самога.

 

*

 

Наступны тыдзень, здавалася, цягнуўся вечнасць. У сераду вечарам Гары і Герміёна працягвалі сядзець у гасцёўні, нягледзячы на тое, што ўсе астатнія грыфіндорцы разыйшліся па ложках. Калі гадзіннік прабіў поўнач, уваход у вежу адчыніўся, і туды, сцягваючы мантыю-невідзімку Гары, завітаў Рон. Ён толькі што вярнуўся ад Хагрыда, якому дапамагаў карміць Норберта. Цяпер дракон мог з’есці цэлую скрыню здохлых пацукоў.

- Ён мяне ўкусіў! - дэманструючы сябрам перавязаную скрываўленай хусткай руку, паведаміў Рон. - Цяпер я цэлы тыдзень не змагу трымаць пяро. Кажу вам, драконы - самыя жахлівыя істоты, якіх я толькі сустракаў у сваім жыцці, але Хагрыд працягвае важдацца з ім, быццам той - маленькі пухнаты трусік. Калі Норберт мяне ўкусіў, Хагрыд заявіў, што я, пэўна, яго напужаў. А калі я сыходзіў, Хагрыд спяваў яму калыханку.

Раптам нехта пагрукаў у акно.

- Гэта Хэдвіг! - усклікнуў Гары і паспяшаўся пусціць саву ў пакой. - Яна прынесла адказ ад Чарлі!

Гары, Рон і Герміёна схілілі галовы над пергаментам:

 

“Даражэнькі Рон,

Як ты там маешся? Дзякуй за твой ліст... Я з радасцю прыму вашага нарвежскага грэбнеспіннага, але даставіць яго сюды будзе нялёгка. Думаю, лепш за ўсё адправіць яго сюды праз маіх сяброў, якія на наступным тыдні збіраюцца прыляцець да мяне ў госці. Адзіная праблема - як зрабіць так, каб іх не заўважылі пры перавозцы нелегальнага дракона.

Не мог бы ты даставіць яго на дах самай высокай вежы ў суботу апоўначы? Тады яны змогуць сустрэцца з табой і забраць дракона, пакуль яшчэ будзе цёмна.

Адкажы мне як мага хутчэй.

Цалую,

Твой брат Чарлі.”

 

Тройца перазірнулася.

- У нас ёсць мантыя, - сказаў Гары. – Думаю, гэта будзе не надта цяжка. Яна дастаткова вялікая... каб схаваць пад сабой Норберта і двух чалавек.

Мінулы тыдзень прайшоў для іх настолькі дрэнна, што Рон з Герміёнаю адразу з ім згадзіліся. Яны былі гатовыя на ўсё, каб пазбавіцца Норберта... і Малфоя.

 

*

 

Была толькі адна перашкода. На наступную раніцу Ронава рука апухла ўдвая. Хлопец не ведаў, ці будзе бяспечным ісці да мадам Помфры: яна магла пазнаць драконаў укус. Але пасля апоўдня ён не меў іншага выбару, бо рана набыла непрыемнае зялёнае адценне. Складалася ўражанне, што Норбертавы іклачкі былі атрутнымі.

Пасля заняткаў Гары і Герміёна пабеглі да яго ў шпітальнае крыло і знайшлі Рона ў ложку ў даволі жудасным стане.

- Справа не толькі ў руцэ, - слабым голасам паведаміў ён. - Хаця мне здаецца, яна вось-вось адваліцца. Да мяне прыходзіў Малфой. Ён сказаў мадам Помфры, што хоча пазычыць у мяне сёе-тое з кніжак, а сам прабраўся сюды, каб панасмяхацца з мяне. А яшчэ пагражаў расказаць усім, хто мяне насамрэч укусіў... я сказаў мадам Помфры, што гэта быў сабака, хаця я не думаю, што яна мне паверыла... не трэба было мне біць яго тады, на матчы.

Гары і Герміёна кінуліся яго супакойваць.

- У суботу апоўначы ўсё скончыцца, - прамовіла Герміёна, але гэта аніяк не супакоіла Рона. Наадварот, ён, цалкам змакрэлы, ускочыў у ложку.

- Апоўначы ў суботу? - хрыплым голасам спытаўся ён. – Ёечку, не... не... я толькі што ўзгадаў... ліст ад Чарлі быў у той кнізе, што ўзяў у мяне Малфой, цяпер ён даведаецца, калі мы будзем адпраўляць Норберта.

Але у Гары і Герміёны не было магчымасці анічога яму адказаць. У палату ўвайшла мадам Помфры і прымусіла іх сыйсці, бо Рону неабходна было паспаць.

 

*

 

- Цяпер ужо запозна нешта мяняць, - сказаў Герміёне Гары. - Мы не паспеем даслаць Чарлі другую саву, да таго ж, гэта наш адзіны шанец пазбавіцца Норберта. Мы павінныя рызыкнуць. Малфой не ведае, што ў нас ёсць мантыя-невідзімка.

Калі яны падыйшлі да Хагрыдавай хаціны, ім на вочы трапіўся Фанг, які сядзеў ля дзвярэй з перавязаным хвастом. Хагрыд звярнуўся да іх праз адчыненае акно.

- Вам нель’ у хату, - запыхаўшыся, сказаў ён. - У Норберта зар’з складан’ этап... аль’ я зладжу.

Сябры распавялі Хагрыду аб лісце Чарлі. Вочы брамніка імгненна напоўніліся слязамі, хаця, магчыма, гэта здарылася з-за таго, што Норберт укусіў яго за нагу.

- Аааай! Не звя’тайце ‘вагі, ён толь’ укусіў мой бот... гуляец’... ён жа толькі дзіцянятка.

У гэтае ж імгненне дзіцянятка так ударыла хвастом па сцяне, што ў хаціне забразгаталі вокны. Дзеці вярнуліся ў замак, жадаючы, каб субота прыйшла як мага хутчэй.

 

*

 

Гары і Герміёна паспачувалі б Хагрыду падчас ягонага развітвання з Норбертам, але былі занадта знепакоеныя тым, што ім трэба было зрабіць самім. Неба было цёмным і воблачным. Сябры трохі спазніліся, таму што ім давялося чакаць, пакуль Піўз нагуляецца ў тэніс са сцяной, каб прайсці праз вестыбюль.

Хагрыд ужо запхнуў Норберта ў агромістую скрыню.

- Я паклаў яму ў дарог’ дос’ць пацукоў і крышк’ брэндзі, - глухім голасам прамовіў ён. - А ‘шчэ паклаў туды ‘йгонага ‘любёнага плюшавага мядзведзь’ка, каб Норберту не б’ло засамотна.

Са скрыні пачуліся гукі, па якіх Гары вырашыў, што мядзведзіку адарвалі галаву.

- Бывай, Норберт! - зарыдаў Хагрыд, калі Гары з Герміёнаю накрылі скрыню мантыяй-невідзімкай і забраліся пад яе самі. – Матульк’ ніколі цябе не забудзе!

Гары і Герміёна і самі не зразумелі, якім чынам у іх атрымалася вярнуцца ў замак са скрыняй ў руках. Набліжалася апоўнач, калі яны зацягнулі Норберта па мармуровых сходах у вестыбюль і панеслі па шматлікіх цёмных калідорах. Лесвіца, яшчэ лесвіца... нягледзячы на тое, што Гары абраў самы кароткі шлях, ад гэтага іх з Герміёнай праца не зрабілася лягчэйшай.

- Амаль на месцы! – запыхаўшыся, прамовіў Гары, калі яны дасягнулі калідора, што вёў на самую высокую вежу.

Нейкія рэзкія рухі наперадзе амаль прымусілі іх выраніць скрыню з Норбертам. Забыўшыся пра тое, што іх не бачна, Гары і Герміёна схаваліся ў цень. Яны заўважылі абрысы двух чалавек, што змагаліся ў дзесяці футах ад іх. Запалілася лямпа.

Прафесарка МакГонагал, апранутая ў халат з шатландкі і сетку для валос, трымала за вуха Малфоя.

- Пакаранне! - крыкнула прафесарка. - Слізэрын губляе дваццаць балаў! Блукаць сярод ночы па школе, як вы толькі пасмелі...

- Вы нічога не разумееце, мадам прафесар, тут хутка з’явіцца Гары Потэр... у яго дракон!

- Поўная лухта! Як вы можаце адкрыта ілгаць настаўніку! А цяпер прэч... пры сустрэчы я пагаманю пра вас з прафесарам Снэйпам, містэр Малфой!

Пасля гэтага здарэння крутыя вінтавыя сходы на вежу сябры прамінулі амаль імгненна. Толькі апынуўшыся на даху, яны скінулі з сябе мантыю і нарэшце змаглі атрымаць асалоду ад халоднага начнога паветра і ўздыхнуць поўнымі грудзямі. Герміёна пачала танчыць нешта падобнае да джыгі.

- Малфоя пакаралі! Я зараз спяваць пачну!

- Не трэба! - параіў Гары.

Усміхаючыся паразе Малфоя, яны стаялі і чакалі прыбыцця сяброў Чарлі. Норберт мітусіўся ў сваёй скрыні. Мінула дзесяць хвілінаў - і з цемры паказаліся чатыры мятлы.

Сябры Чарлі былі вясёлай кампаніяй. Яны паказалі Гары і Герміёне замацаванні між сваімі мётламі, да якіх можна было прычапіць скрыню з Норбертам. Калі ўсё было гатова, Гары і Герміёна падзякавалі ім і, паціснуўшы ім рукі, развіталіся.

Нарэшце мётлы ўзляцелі ў паветра, Норберт усё аддаляўся ад Хогвартса... аддаляўся... пакуль канчаткова не знік з вачэй.

Яны спусціліся ўніз. У іхных сэрцах і руках панавала палёгка. Норберт адпраўлены ў Румынію... Малфой пакараны... што магло сапсаваць іх шчаслівы настрой?

Адказ на сваё пытанне яны атрымалі, калі спусціліся і ўвайшлі ў калідор. З цемры перад іхнымі вачыма з’явіўся Філчаў твар.

- Так, так, так, - прашаптаў ён. - Нехта трапіў у бяду.

Сябры забылі мантыю-невідзімку на даху вежы.

 

— РАЗДЗЕЛ ХV —

 

Забаронены лес

 

Анічога горшага стацца ўжо не магло.

Філч адвёў іх на другі паверх у кабінет прафесаркі МакГонагал. Гары і Герміёна сядзелі там і моўчкі чакалі сваёй долі. Герміёну калаціла. Розныя адгаворкі, тлумачэнні і неверагодныя па сваёй дзікасці гісторыі адна за адной прыходзілі Гары да галавы, але кожная наступная была слабейшай за папярэднюю. Ён так і не змог прыдумаць, як пазбегнуць пакарання ў гэты раз. Іх загналі ў кут. Як яны маглі так здураваць і забыць мантыю на даху? Анішто ў свеце не змагло б прымусіць прафесарку МакГонагал палічыць чымсьці натуральным іх адсутнасць у ложках і знаходжанне ў Астранамічнай вежы, куды вучням хадзіць было забаронена, калі толькі там не праходзілі заняткі. Дадайце сюды Норберта і мантыю-невідзімку - і можна спакойна пакаваць валізы.

Гары думаў, што наўрад ці можа здарыцца нешта горшае. Але ён памыляўся. У кабінет увайшла прафесарка МакГонагал у суправаджэнні… Нэвіла.

- Гары! - заўважыўшы Гары і Герміёну, ўсклікнуў ён. - Я хацеў папярэдзіць вас. Я чуў, як Малфой сказаў, што хоча падлавіць вас і што ў вас ёсць дра...

Гары захістаў галавой, просячы Нэвіла замаўчаць, але прафесарка гэта заўважыла. Цяпер, калі яна ўзвышалася над імі траімі, здавалася, што менавіта яна, а не Норберт здольная дыхаць агнём.

- Ніколі б не падумала ні на кога з вас. Аднак містэр Філч кажа, што злавіў вас на астранамічнай вежы. А першай гадзіне ночы. Як вы гэта растлумачыце?

Гэта быў першы раз, калі Герміёна не змагла адказаць на пытанне настаўніка. Яна стаяла нерухома, бы статуя, утаропіўшыся на свой абутак.

- А вось я ведаю, што адбывалася насамрэч, - заявіла МакГонагал, - не трэба быць геніем, каб гэта зразумець. Вы расказалі Драко Малфою гэтую байку аб драконе, каб ён вылез са свайго ложка і трапіў у непрыемнасці. І, думаю, вы лічыце вельмі пацешным, што Лонгботам таксама пачуў гэтыя плёткі і паверыў у іх?

Гары паспрабаваў злавіць позірк Нэвіла, каб знакамі сказаць яму, што гэта няпраўда, бо той выглядаў агаломшаным і вельмі пакрыўджаным. Бедны нязграба Нэвіл... Гары добра ведаў, якіх намаганняў яму каштавала спроба знайсці іх у цемры, каб папярэдзіць аб небяспецы

- Я ў абурэнні, - працягвала прафесарка. - Чацвёра навучэнцаў ноччу па-за ложкамі! За ўвесь час, што я тут працую, не прыгадаю падобнага здарэння! Міс Грэйнджэр, я лічыла, што ў вас больш розуму. Што датычыцца вас, містэр Потэр, я думала, што Грыфіндор для вас істотнейшы за падобныя забавы. Вы трое будзеце пакараныя... так, і вы таксама, містэр Лонгботам, анішто не апраўдвае тое, што вы хадзілі ноччу па школе, асабліва цяпер, калі гэта вельмі небяспечна... Грыфіндор губляе пяцьдзясят балаў.

- ПЯЦЬДЗЯСЯТ? - ледзь дыхаючы, спытаўся Гары. Цяпер яны губляюць сваё лідарства... лідарства, якое ён зарабіў падчас апошняга матча.

- Пяцьдзясят за кожнага парушальніка, - цяжка дыхаючы сваім доўгім вострым носам, прамовіла МакГонагал.

- Мадам прафесар... калі ласка...

- Вы не можаце...

- Не кажыце мне, Потэр, што я магу, а што не. А цяпер вы ўсе, марш па ложках. Ніколі мне не было настолькі сорамна за грыфіндорцаў.

Страціць сто пяцьдзясят балаў... Пасля гэтага Грыфіндор апынецца на апошнім месцы. За адну ноч дзякуючы ім былі згубленыя ўсе шанцы атрымаць Кубак Дамоў. Гары адчуваў сябе так, быццам у яго ўсярэдзіне ўсё абвалілася. Як яны маглі гэта дапусціць?

Усю ноч Гары не мог заснуць. Ён чуў, як Нэвіл плакаў у падушку; здавалася, гэта доўжылася шмат гадзін, і Гары не мог падабраць словаў, каб яго суцешыць. Хлопчык ведаў: Нэвіл, як і ён сам, з жахам чакае надыходу раніцы і таго, што адбудзецца, калі астатнія грыфіндорцы даведаюцца, колькі балаў згубіў Дом з-за іх начной прыгоды.

Спачатку, прамінаючы гіганцкі пясочны гадзіннік, які паказваў колькасць заробленых балаў, грыфіндорскія навучэнцы вырашылі, што адбылася памылка. Якім чынам яны маглі за адну ноч згубіць сто пяцьдзесят балаў? Аднак хутка ўсе даведаліся: Гары Потэр, іх славуты Гары Потэр, герой двух квідычных матчаў, быў вінаваты ў страце перавагі. Ён і яшчэ двое дурных першагодак.

З самага папулярнага і любімага ўсёй школай чалавека Гары ператварыўся на самага ненавіснага. Ад яго адвярнуліся нават рэйвенклоўцы з хафлпафцамі, якія палка жадалі, каб Слізэрын нарэшце застаўся без Кубка Дамоў. Цяпер, калі Гары праходзіў міма, на яго казалі пальцамі і не сцішалі голас, каб у прыватнай размове абразіць яго. З іншага боку, слізэрынцы, убачыўшы яго, пачыналі пляскаць у далоні, бадзёра свістаць і крычаць яму:

- Дзякуй, Потэр, мы твае даўжнікі!

Адзін толькі Рон не адвярнуўся ад яго.

- Не хвалюйся, праз колькі тыдняў яны ўсё забудуць. Вунь Фрэд з Джорджам, колькі тут вучацца, увесь час балы губляюць, а іх усё адно любяць.

- А што, яны таксама страчвалі адразу сто пяцьдзясят балаў? - маркотна спытаўся Гары.

- Ммм... не, - прызнаўся Рон.

Выпраўляць наробленую шкоду было ўжо запозна, але Гары ганарова пакляўся сабе больш не лезці не ў свае справы. Хопіць яму ўжо займацца патаемнымі прагулянкамі і сочкай. Да таго ж Гары ахапіў такі люты сорам, што ён пайшоў да Вуда і сказаў, што яму трэба сыйсці з каманды.

- СЫЙСЦІ? - закрычаў Олівер. - І якая з гэтага будзе карысць? Як мы атрымаем назад хоць бал, калі не зможам выйграць квідычны чэмпіянат?

Але і квідыч не прыносіў мінулага задавальнення. Аніхто з каманды з ім не размаўляў, а калі хто вымушаны быў гэта рабіць, то называў яго проста “паляўнічы”

Герміёне і Нэвілу таксама было не надта салодка. Яны не былі такімі вядомымі, як Гары, таму да іх аднесліся не надта блага - з імі папросту аніхто больш не размаўляў. Герміёна нават намагалася больш не прыцягваць да сябе ўсеагульнай увагі: большасць часу яна моўчкі сядзела ў цішыні, схаваўшы галаву ў падручнік.

Гары нават узрадваўся таму, што хутка надыходзілі іспыты. Яму трэба было паўтарыць столькі ўсяго, што на цяжкія роздумы часу ўжо не заставалася. Ён разам з Ронам і Герміёнай паасобку ад іншых сядзелі да позняй ночы, спрабуючы запомніць інгрыдыенты складаных зелляў, вывучыць на памяць разнастайныя замовы і запомніць даты стварэння найістотнейшых магічных адкрыццяў і паўстанняў гоблінаў...

Аднак прыкладна за тыдзень да пачатку іспытаў клятва Гары не лезці не ў свае справы зазнала новых моцных выпрабаванняў. Вяртаючыся па апоўдні з бібліятэкі, хлопчык пачуў, як у адным з кабінетаў нехта скуголіць. Ён прыслухаўся і пазнаў голас прафесара Квірэла.

- Не... не... калі ласка... не трэба больш...

Здавалася, прафесару нехта пагражаў. Гары ўсутыч наблізіўся да дзвярэй.

- Добра... добра... - пачуў ён Квірэлавы енкі.

Праз імгненне Квірэл, папраўляючы турбан, выляцеў з аўдыторыі. Ягоны твар быў ушчэнт збляднелы і, здавалася, ён вось-вось заплача. Прафесар ішоў, не заўважаючы анічога вакол, і нават, падумалася Гары, не пабачыў і яго самога. Хлопчык пачакаў, пакуль сціхнуць Квірэлавы крокі, і зазірнуў у пакой. Там анікога не было, аднак другія дзверы ў кабінеце былі прыадчыненыя. Гары ўжо прамінуў палову пакою, калі ўзгадаў, што абяцаў сабе анікуды не лезці.

І ўсё адно Гары гатовы быў паставіць ў заклад дванаццаць Філасофскіх камянёў, што праз другія дзверы выйшаў Снэйп і што хутка ён зноў паспрабуе дабрацца да сваёй мэты... усё казала пра тое, што Квірэл здаўся.

Гары вярнуўся ў бібліятэку, дзе Герміёна правярала веды Рона па астраноміі. Гары распавёў ім аб тым, што пачуў пяць хвілінаў таму.

- Снэйп свайго дамогся! - прамовіў Рон. - Калі Квірэл расказаў яму, як прайсці праз ягоную замову...

- Але ж ёсць яшчэ Флуфі, - заўважыла Герміёна.

- Можа, Снэйп знайшоў, як яго абыйсці, не пытаючыся ў Хагрыда? - гледзячы на стосы кніг, што іх атачалі, заявіў Рон. - Упэўнены, што сярод гэтых кніг ёсць тая, дзе распавядаецца аб тым, як прамінуць гіганцкага трохгаловага сабаку. І што нам цяпер рабіць, Гары?

У ягоных вачах запалала прыгодніцкая іскрынка, але Герміёна апярэдзіла Гары з адказам.

- Трэба ісці да Дамблдора. Мы ўжо даўно павінныя былі гэта зрабіць. Калі мы яшчэ раз паспрабуем зрабіць усё самі, нас выкінуць са школы.

- Але ў нас няма аніякіх доказаў! - прамовіў Гары. - Квірэл занадта напалоханы, каб падцвердзіць нашыя словы. А Снэйп заявіць, што не ведае, адкуль падчас Хэлоўіна ўзяўся троль і што яго не было на чацвёртым паверсе... і каму, вы думаеце, паверыць дырэктар? Ані для каго не сакрэт, што мы ненавідзім Снэйпа. Дамблдор вырашыць, што мы ўсё гэта выдумалі, каб ён зволіў Снэйпа. І Філч нам не дапаможа, нават пад пагрозай смерці. Па-першае, ён сябруе са Снэйпам, а па-другое, чым больш вучняў выкінуць са школы, тым шчаслівейшы ён будзе. Да таго ж не забывайцеся – мы не павінныя ведаць ані аб Камні, ані аб Флуфі. Мы згубім шмат часу на тлумачэнні.

Герміёну, здавалася, атрымалася пераканаць, а вось Рона пакуль не.

- А што, калі нам высветліць сёе...

- Не, - рашуча сказаў Гары. - Мы ўжо досыць навысвятляліся.

Ён узяў у рукі мапу Юпіцера і прыняўся вывучаць назвы ягоных спадарожнікаў.

 

*

 

Наступнай раніцай падчас сняданку Гары, Герміёна і Нэвіл атрымалі аднолькавыя паведамленні:

 

“Вашае пакаранне адбудзецца сёння аб адзінаццатай вечара. Містэр Філч будзе чакаць вас у вестыбюлі.

Праф. М. МакГонагал.”

 

Гары ледзь не забыўся пра пакаранне. Ён чакаў, што Герміёна пачне скардзіцца на тое, што вечар, які можна было прысвяціць падрыхтоўцы да іспытаў, будзе страчаны, але дзяўчынка не сказала ані слова. Як і Гары, Герміёна разумела, што пакаранне яна заслужыла.

Аб адзінаццатай вечара яны развіталіся з Ронам і разам з Нэвілам спусціліся ў вестыбюль. Філч ужо чакаў іх там... разам з Малфоем. Гары ледзь не забыўся, што Малфой таксама быў пакараны.

- Хадзіце за мной, - загадаў Філч, запаліў лямпу і выйшаў на вуліцу. - Іду ў заклад, - працягваў наглядчык, - што цяпер вы двойчы падумаеце, перш чым парушыць школьныя правілы. Так... але ў старыя часы вы б спазналі сапраўдныя пакуты... шкада, што цяпер не катуюць так, як у мінулым... тады вас маглі падвесіць да столі за запясці на колькі дзён - я дагэтуль яшчэ трымаю ў сваім пакоі ланцугі, яны добра змазаныя і гатовыя на той выпадак, калі раптам каму-небудзь спатрэбяцца... добра, ідзіце за мной і не думайце уцячы, ці потым наракайце самі на сябе.

Яны ішлі праз траўнік у бок Забароненага леса. Нэвіл увесь час усхліпваў. Гары разважаў аб тым, як іх збіраюцца пакараць. Пэўна, гэта будзе нешта жудаснае, інакш Філч не быў бы гэткім радасным.

Месяц на небе быў яскравым, але яго ўвесь час захіналі хуткаплынныя хмаркі, пагружаючы ўсё ў непраглядную цемру. Яны пабачылі перад сабой асветленыя вокны Хагрыдавай халупы. Адтуль да іх данесліся ўскрыкі.

- Гэт’ ты, Філч? Давай ху’чэй, даўно трэ’ пач’наць.

У Гары палягчэла на душы. Рабіць нешта з Хагрыдам было не так ужо і дрэнна.

- Мяркую, ты думаеш, - заўважыўшы выраз ягонага твару, прамовіў Філч, - атрымаць асалоду ад прагулянкі з гэтым ёлупам? Падумай яшчэ раз, хлопча... прагулянка будзе ў Забароненым лесе, і я вельмі здзіўлюся, калі вы вернецеся да школы жывымі і здаровымі.

Нэвіл ціха застагнаў, а Малфой знерухомеў.

- У Забароненым лесе? - перапытаў ён; ягоны голас быў не такім фанабэрлівым, як звычайна. - Нам нельга хадзіць туды... ноччу... там шмат разнастайных пачвар... я чуў, там ёсць ваўкалакі.

Нэвіл схапіў Гары за рукаў і ўсхліпнуў так, быццам яго нехта душыў.

- А ці гэта мае праблемы? - спытаўся Філч з радасцю ў голасе. - Аб ваўкалаках трэба было думаць раней, перш чым парушаць правілы. Га?

З цемры да іх выйшаў Хагрыд, за якім шкандыбаў Фанг. На плячы ў брамніка быў агромісты арбалет, а праз плячо быў перакінуты калчан са стрэламі.

- Ну нарэшце, - прамовіў ён. - Я вас ‘жо паўгадзін’ чакаю. Гары, Герміёна, з вамі ‘сё добра?

- Не трэба паводзіць сябе з імі надта любасна, - халодна прамовіў Філч. - Не забывайся: яны тут дзеля адбывання свайго пакарання.

- А, ‘ось чаму вы ‘пазніліся, - з раздражненнем сказаў Хагрыд наглядчыку. – Чытаў ім лекц’і аб пакарань’? ‘Сё, далейша’ - не твая справа. Ты сваю частку зрабіў, ц’ер мая чарга.

- Вярнуся на золку, - адказаў Філч. - За тым, што ад іх застанецца, - з гідкасцю ў голасе дадаў ён, развярнуўся і крочыў у бок замка. Толькі агеньчык ягонай лямпы скакаў у цемры.

Малфой развярнуўся да Хагрыда.

- Я не пайду ні ў які лес, - заявіў ён. Гары рады быў пачуць панічныя ноткі ў ягоным голасе.

- По’дзеш, калі хоч’ застацц’ у Хогвартсе, - злосна адказаў Хагрыд. - Ты парушыў правь’ла і ц’ер павінны быць пакараны.

- Гэтым займаюцца слугі, а не вучні. Я думаў, нас прымусяць вершы перапісваць ці нешта падобнае. Калі мой бацька даведаецца, чым я займаўся, ён...

-... скажа ц’е, што ў Хогвартсе тольк’ так і робь’цца, - прароў волат. - Вершы перапісваць! Ці ё’ у гэтым яка’ карыс’ь? А цяпер альбо ты робь’ш што’ карысна’, альбо мож’ развітаць’ са школай. Калі ты ліч’, што гэт’ узрадуе тва’го бацьку, мож’ ‘сці назад і зб’раць валіз’. Ну, ідзі!

Малфой не варухнуўся з места. Ён люта зірнуў на Хагрыда, але хутка апусціў вочы.

- ‘Ось і добра, - прамовіў палясоўшчык. - А ц’ер слух’це мяне ўважліва, бо тое, што мы збіра’мся рабіць, сапраўды неб’спечна, а я не х’чу ані кім з вас рыз’каваць. Ідзіць’ за мной след у след.

Крочучы за Хагрыдам, дзеці падыйшлі да ўскрайку Забароненага лесу. Ён высока ўзняў свой ліхтар, і дзеці ўбачылі звілістыя сцяжынкі, што знікалі сярод схаваных цемраю дрэваў; іхныя валасы ўздымаў лёгкі ветрык з глыбіні Леса.

- Глядзіць’, - прамовіў волат, - бач’це, ‘ось там на зямлі? Срэбна’ такое. Гэт’ кроў аднарога. Нехта ‘го моцна параніў. Гэт’ ‘жо другі раз за апошні тыдз’нь. У мінулу’ сераду я ‘жо найшоў аднаго забітага. Нам трэ’ паспраб’ваць знайсці гэтага неб’раку і абле’чыць ‘гоныя пакуты.

- А што, калі нас знойдзе той, хто параніў аднарога? - спытаўся Малфой, не ў стане сцішыць жах у голасе.

- Тыя, хто жыве ў Лесь’, нічог’ ц’е не зробяць, калі ты бу’ш са мной ці Фангам, - адказаў Хагрыд. - І калі не бу’ш с’ходзьць са сцеж’. Так, а ц’ер мы падзелімся на дзве груп’ і пойдзь’ па слядах. Кроў па’сюль, напэў’, ‘го паранілі ‘шчэ мінул’ ноччу.

- Я пайду з Фангам, - зірнуўшы на доўгія сабачыя іклы, хутка сказаў Малфой.

- Добр’, але адраз’ пап’рэджваю: ён баягуз, - прамовіў палясоўшчык. - Дык ‘ось, я раз’м з Гары і Герміён’ю пайду гэт’м шляхам, а Драко, Нэвіл і Фанг - у той бок. К’лі хтось’ з нас за’важ’ць аднарога, няхай стрэль’ць у паветра зь’лёнымі іскрамі... паспрабуйць’ ц’ер... добр’... калі хтось’ трапіць у бяду, няхай стрэль’ць чырвон’мі іскрам’ са сваёй палачкі, каб астатні’ пры’шлі ‘му на дапамогу... будзь’ асцярожны’... а ц’ер пайшлі.

У Лесе было цёмна і ціха. Прайшоўшы крыху да развілкі, яны раздзяліліся. Гары, Герміёна і Хагрыд пайшлі ў левы бок, а Малфой, Нэвіл і Фанг - у правы.

Яны ішлі моўчкі, уважліва гледзячы на зямлю. Месяцовае праменне час ад часу праточвалася скрозь галлё, асвятляючы лужыны срэбнай крыві на апалай лістоце.

Гары бачыў, насколькі ўсхваляваны быў Хагрыд.

- А ваўкалак можа забіць аднарога? - спытаўся Гары.

- Ён недастаткова хуткі, - адказаў Хагрыд. - Аднарога не так лёгк’ злавіць, ён адна з сам’х магутых чароўных ‘стот. Я раней не чуў, на’т каб кагось’ з іх паранілі.

Яны прамінулі зарослы мхом пень. Гары чуў, як дзесьці непадалёк шуміць вада, магчыма, паблізу была крыніца. Зямлю звілістай срэбнай сцежкай пакрывала кроў.

- Герміёна, з табой ‘сё добра? - ціха спытаўся волат. - Не турбуйць’, з такой ранай ён не мог сыйсці далёк’, а пот’ мы... СХАВАЙЦЕСЯ ЗА ДРЭВА!

Хагрыд штурхнуў Гары і Герміёну за высачэзны дуб. Потым выцягнуў стралу, уставіў у арбалет і падрыхтаваўся страляць. Усе трое прыслухаліся. Нешта праслізнула непадалёк ад іх, быццам нехта ў доўгім плашчы прайшоўся па апалай лістоце. Сажмурыўшыся, палясоўшчык угледзеўся ў цемру, але праз колькі імгненняў гук знік.

- Я вед’ю, хто гэта, - прамармытаў ён. - Той, каго тут не павінна быць.

- Ваўкалак, - прапанаваў Гары.

- Гэт’ не можа быць ані ва’калак, ані аднарог, - змрочна прамовіў Хагрыд. - Добра, ц’ер ідзіць’ за мной, толькі ‘сцярожна.

Яны павольна рушылі наперад, прыслухоўваючыся да найцішэйшага гуку. Раптам на бліжняй паляне нехта варухнуўся.

- Хто там ё’? - ускрыкнуў Хагрыд. - А ну пакажыся... у мяне зброя ё’!

І ён паказаўся... ці то чалавек, ці то конь. Вышэй за талію ён быў мужчынам з рудымі валасамі і барадой, а ніжэй істота мела бліскучае гнядое канячае цела з доўгім рудым хвастом. Гары і Герміёна стаялі і глядзелі на яго, раскрыўшы рот.

- А, гэт’ ты, Ронан, - з палёгкай прамовіў волат. - Як мае’ся?

Ён зрабіў крок наперад і паціснуў кентаўру руку.

- І табе добры вечар, Хагрыд, - глыбокім маркотным голасам адказаў Ронан. - Ты збіраўся стрэліць у мяне?

- Сам раз’мееш, Ронан, нельга быць занадт’ асцярожным, - паляпваючы сябе па баку, адказаў Хагрыд. - Там у лесе схавалася нешт’ дрэнна’. А, дарэч гэт’ Гары Потэр і Герміёна Грэн’жэр, яны вучац’ у Хогвартсе. А гэт’ Ронан, ён кентаўр.

- Мы ўжо зразумелі, - слабым голасам адказала Герміёна.

- Вечар добры, - павітаўся Ронан. - Вучні? І шмат чаму вас ужо навучылі?

- Нуу...

- Сяму-таму крышку, - нясмела прамовіла дзяўчынка.

- Крыху – ужо нешта, - уздыхнуў Ронан. Ён узняў галаву і ўгледзеўся ў неба. - Марс сёння яскравы.

- Так, - адказаў Хагрыд, задраўшы галаву. – Слух’, добра, што мы ‘стрэлі ц’е, Ронан, там хтось’ параніў аднарога... ты нічо’ не бачыў?

Ронан адказаў не адразу. Колькі хвілінаў ён, не міргаючы, глядзеў у неба, а потым зноў уздыхнуў.

- Нявінныя заўсёды церпяць першымі. Так было стагоддзі таму, так адбываецца і зараз.

- Так, - прамовіў волат. - Але ці ты што бачы’, штось’ незв’чайнае?

- Марс сёння яскравы, - зноў паўтарыў Ронан нецярпліваму Хагрыду. - Занадта яскравы.

- Так, - сказаў палясоўшчык. - Але мяне ць’кавіць нешт’ бліжэйша’ да зямлі. Ці ты не за’важыў штось’ дзіўна’?

Ронан зноў доўга разважаў. Нарэшце ён прамовіў:

- У лесе захавана шмат таямніц.

Ззаду ад Ронана пачуўся нейкі шум. Хагрыд зноўку ўскінуў арбалет, але гэта быў усяго толькі яшчэ адзін кентаўр. Чарнавалосы, вараны і выглядаючы буйнейшым за Ронана.

- Здароўку, Бэйн, - павітаўся палясоўшчык. - З табой ‘сё добра?

- Вечар добры, Хагрыд, спадзяюся, з табой таксама ўсё добра.

- Лепш за ўсіх. Слух’, я ‘жо пытаўсь’ у Ронана. А ты не бачыў нічо’ дзіўнаг’ у апошні час? Тут нехт’ ‘араніў аднарога... ці ты ведаеш пра гэта што-неб’дзь?

Бэйн падыйшоў да Ронана і таксама ўгледзеўся ў неба.

- Марс сёння яскравы, - са шчырасцю ў голасе адказаў ён.

- Мы гэт’ ужо чулі, - раззлаваўшыся, адказаў Хагрыд. - Балазе, калі ўбач’це штось’, ‘аведамце мне, згода? А нам час ‘сці далей.

Гары і Герміёна ўслед за ім рушылі прэчкі, праз плячо азіраючыся на кентаўраў, пакуль тыя не схаваліся з вачэй.

- Не’ймаверна цяжка, - з раздражненнем сказаў волат, - атрымаць дакладны ’дказ ад кента’ра. Кляты’ астролагі. Іх не ць’кавіць анішто, бліжэйшае за месяц.

- А ці шмат іх тут? - пацікавілася Герміёна.

- Трох’ ё’... яны збольшага трымаюцц’ сваіх суплямень’каў, але даволь’ ветлівыя, калі іх аб неч’ пытае’сся... Кента’ры - істоты з глыбок’ розумам... шмат што вед’юць... аднак не шмат пра гэт’ кажуць.

- А ці не кентаўра мы чулі тады? - спытаўся Гары.

- Хіба я не ‘азнаў бы гук капытоў? Ані, калі хоч’ ведаць, мне здаецц’, гэт’ той, хто забівае аднарогаў... я ніколь’ ань’чог’ падобнага не чуў.

Яны крочылі скрозь густыя цёмныя зарасці. Гары ўвесь час нервова азіраўся навокал: хлопцу здавалася, што за імі нехта сочыць. Ён быў вельмі рады, што паблізу быў Хагрыд са сваім арбалетам. Яны крочылі па сцяжынцы ўбок, і тут Герміёна схапіла Хагрыда за руку.

- Хагрыд! Глядзі! Чырвоныя іскры: Нэвіл з Малфоем трапілі ў бяду!

- Так, чака’це тут! - ускрыкнуў волат. - Не с’ходзьце са сцежкі. Я зар’з вярнуся!

Яны пачулі, як палясоўшчык прадзіраецца скрозь зарасці. З жахам у вачах яны паглядзелі адно на аднога. Вакол не было чуваць анічога акрамя шолаху лісця.

- Ты ж не думаеш, што на іх нехта напаў? - шэптам спыталася Герміёна.

- Калі нешта здарыцца з Малфоем, мне будзе ўсё адно... А вось калі з Нэвілам... Гэта ў першую чаргу нашая віна, што ён тут апынуўся.

Хвіліна цягнулася за хвілінай. Іх слых зрабіўся надзвычай вострым. Гары здавалася, што цяпер ён чуе кожны павеў ветрыка, кожны трэск галінкі. Што адбываецца? Куды падзеліся Хагрыд, Нэвіл, Фанг і Малфой?

Нарэшце громкае храбусценне галля абвесціла пра вяртанне Хагрыда. Разам з ім прыйшлі Малфой, Нэвіл і Фанг. Волат кіпеў ад злосці. Высвятлілася, што Малфой, каб пажартаваць над Нэвілам, падкраўся да яго ззаду і схапіў. А Нэвіл у паніцы выпусціў слуп іскраў.

- Ц’ер, пасля вашай ракеты, нам вельмі ‘ашанцуе кагось’ злавіць. Добра, трэ’ памяняцца... Нэвіл, ты ‘дзеш са мной і Герм’ёнай, а ты, Гары, пойдзеш разам з Фангам і гэтым боўд’рам. Прабач, - шапнуў ён Гары на вуха, - але ц’е ‘му будзе нашмат цяжэй напалохаць, а нам ‘шчэ трэ’ выканаць справу.

Такім чынам, Гары ў кампаніі Малфоя і Фанга рушыў у самы гушчар. Яны ішлі прыкладна паўгадзіны, усё больш і больш паглыбляючыся ў лес, ажно пакуль з-за навіслых па-над імі дрэваў сцяжынка не зрабілася ледзь бачнай. А крыві, як падумалася Гары, было нашмат болей. Сям-там сярод карэння яны бачылі срэбныя лужыны, быццам небарака кідаўся ў пакутах ад дрэва да дрэва. І тут, скрозь пераплеценае галлё старога дуба, Гары ўбачыў прагаліну.

- Бачыш... - спыніўшы Малфоя працягнутай рукой, прамармытаў ён.

На зямлі ляжаў нехта яскрава-белы. Хлопцы ціхутка падкраліся бліжэй.

Гэта сапраўды быў аднарог, і ён быў мёртвы. Ніколі раней Гары не бачыў такой прыгожай і сумнай выявы. Ногі істоты былі дзіўна сагнутыя, а жамчужна-белая грыва расцяклася па чорным лісці.

Гары на адзін крок наблізіўся да аднарога, і тут нейкі слізгаючы гук прымусіў яго спыніцца. Кусты з іншага боку паляны задрыжалі... З ценю на паляну вылезла нейкая постаць у каптуры; яна паўзла па зямлі, быццам звер, які пераследуе сваю здабычу. Гары, Малфой і Фанг знерухомелі. Постаць наблізілася да аднарога, схіліла галаву над яго ранаю і пачала піць кроў.

- МААААААААААМАААА!

Малфой жудасна закрычаў і ўцёк... разам з Фангам. Постаць узняла галаву і паглядзела на Гары; з вугалкоў ейнага роту сцякала серабрыстая аднарогава кроў. Постаць выпрасталася і кінулася на хлопца... а ён не мог паварушыцца.

І тут ягоную галаву працяў жудасны боль, якога ён не адчуваў аніколі ў жыцці. Здавалася, ягоны шнар палае агнём... Гары напалову саслеп і пахіснуўся. І тут ён пачуў ззаду грукат капытоў, а потым нешта пераскочыла праз яго і адштурхнула постаць.

Боль у галаве зрабіўся такім моцным, што Гары паваліўся на калені. Мінула хвіліна ці дзве, пакуль ён сціх. Гары ўзняў галаву - постаці тут ужо не было. Над ім стаяў кентаўр, але гэта быў ані Ронан, ані Бэйн. Гэты быў значна маладзейшым і меў светлыя валасы і цела саловай масці.

- Як ты? - дапамагаючы Гары ўзняцца на ногі, спытаўся кентаўр.

- Так... дзякуй вам... што ГЭТА было?

Кентаўр не адказаў яму. Сваімі на дзіва блакітнымі, падобнымі да двух бледных сапфіраў вачыма ён уважліва паглядзеў на Гары. Ягоныя вочы спыніліся на ілбе хлопчыка, дзе лілова-сіняй маланкай выдзяляўся шнар.

- Паслухай, малы Потэр, - прамовіў ён. - Табе зараз лепей вяртацца да Хагрыда. Для цябе Лес сёння небяспечны. Ты ўмееш ездзіць вершкі? Так будзе значна хутчэй. Маё імя Фірэнц, - дадаў ён і апусціўся на пярэднія ногі, каб Гары мог ускараскацца яму на спіну.

Раптам пачууўся новы грукат капытоў. На паляну галопам выскачылі Ронан і Бэйн. Іхныя бакі цяжка ўздымаліся і былі пакрытыя потам.

- Фірэнц! - прароў Бэйн. - Што ты робіш? Ты дазволіў чалавеку сесці сабе на спіну? Табе не сорамна? Ты падобны да грамадскага мула!

- Ці ты разумееш, хто гэта? - прамовіў Фірэнц. - Гэта малы Потэр. І чым хутчэй ён пакіне Лес, тым лепей для яго будзе.

- Ты што-небудзь сказаў яму? - гыркнуў Бэйн. - Памятай, Фірэнц, мы пакляліся не супрацьстаяць нябёсам. Ці мы не чыталі будучыню ў руху планет?

Ронан нервова тупаў на месцы.

- Упэўнены, Фірэнц хацеў зрабіць, як лепш, - змрочным голасам прамовіў ён.

Бэйн люта ўзбрыкнуў заднімі нагамі.

- Як лепш! Тое, што ён робіць? Кентаўры павінныя клапаціцца пра тое, што было прадказана зорамі! Яны не павінныя, як тыя аслы, ратаваць заблукалых вандроўнікаў!

Раптам Фірэнц устаў дыбкі, так што Гары, каб не паваліцца на зямлю, вымушаны быў схапіць яго за плечы.

- Хіба, Бэйн, ты не бачыў аднарога? - гаркнуў ён. - Ты не разумееш, чаму ён быў забіты? Можа, планеты захавалі гэта ад цябе ў таямніцы? Я супрацьстаю таму, што схавалася ў гэтым лесе, Бэйн, і, калі будзе трэба, разам са мной будзе чалавек.

Фірэнц хутка развярнуўся і разам з Гары, які моцна ўхапіўся за яго, паглыбіўся ў лес, пакінуўшы Бэйна і Ронана на паляне.

Гары не зразумеў анічога з таго, што толькі што адбывалася.

- Чаму Бэйн гэдак раззлаваўся? - спытаўся ён. - І хто была тая істота, ад якой вы мяне выратавалі?

Фірэнц перайшоў на крок і загадаў хлопчыку нахіліцца, каб пазбегнуць нізка навіслага галля, але на пытанне не адказаў. Яны доўга моўчкі прадзіраліся скрозь зарасці, і Гары вырашыў, што кентаўр не хоча з ім больш размаўляць. Яны праміналі скрозь асабліва шчыльны гушчар, калі Фірэнц нечакана спыніўся.

- Гары Потэр, ці ты ведаеш, дзеля чаго выкарыстоўваецца кроў аднарога?

- Ані, - уражаны гэткім дзіўным пытаннем, адказаў Гары. - Для выгатавання зелляў мы карыстаемся толькі рогам і валоссем.

- Так, - працягваў кентаўр. – Таму, што забойства аднарога - найжахлівейшае злачынства. Толькі той, каму няма чаго губляць, можа зрабіць падобнае. Кроў аднарога ўратуе твае жыццё, нават калі ты будзеш у цалі ад смерці, але кошт гэтага будзе страшным. Забі чыстае і безабароннае стварэнне дзеля свайго уратавання - і з таго моманту, як яго кроў кранецца тваіх вуснаў, ты будзеш жыць праклятым паўжыццём.

Гары ўтаропіўся на серабрыстае ў месяцовым святле валоссе Фірэнца.

- Але хто можа зрабіць падобнае? - падумаў ён уголас. - Лепей смерць, чым жыццё ў вечным праклёне.

- Той, - пагадзіўшыся з Гары, адказаў Фірэнц, - каму трэба пратрымацца дастаткова доўга, перш чым выпіць нешта іншае... тое, што вярне яму поўную моц і ўладу... тое, што не дасць яму больш памерці. Містэр Потэр, ці вы ведаеце, што зараз схаванае ў школе?

- Філасофскі камень! Вядома – эліксір жыцця! Але я не разумею, каму...

- Хіба ты не можаш узгадаць таго, хто чакаў шмат гадоў, каб вярнуць сабе былую моц, хто чапляецца за жыццё, чакаючы свайго другога шанцу?

Сэрца хлопчыка быццам сціснула жалезным кулаком. Сярод шолаха лістоты ён быццам зноў пачуў словы, якія Хагрыд сказаў яму падчас іх першай сустрэчы:

“Нехта кажа, што ён памёр. Але на мой погляд, гэта казкі бабціны. Невядома, ці ён здольны на чалавечую смерць”.

- Вы маеце на ўвазе, - прахрыпеў Гары, - што гэта быў Валь...

- Гары! Гары, з табой усё добра?

У іх бок бегла Герміёна. Хагрыд, запыхаўшыся, паспяшаў за ёй.

- Я ў парадку, - адказаў Гары, а потым, ледзь разумеючы, што кажа, дадаў: - Аднарог забіты, Хагрыд, ты знойдзеш яго, калі пойдзеш па просецы, якую мы зрабілі.

- Тут я пакідаю цябе, - прамармытаў Фірэнц хлопчыку, у той час як Хагрыд пабег глядзець на аднарога. - Цяпер ты ў бяспецы.

Гары саслізнуў з ягонай спіны.

- Поспехаў табе, Гары Потэр, - прамовіў Фірэнц. - І ў мінулыя часы няслушна чыталася воля зораў, нават кентаўрамі. Спадзяюся, зараз адбываецца нешта падобнае.

Ён развярнуўся і паскакаў у глыбіню леса, пакінуўшы дрыжачага Гары разам з Герміёнай.

 

*

 

Рон, чакаючы іх вяртання, заснуў у гасцёўні. Калі Гары патрос яго за плячо, ён пракрычаў нешта пра фалы ў квідычы, але ўжо праз колькі секунд ён з шырока расплюшчанымі вачыма слухаў тое, што адбылося з Гары і Герміёнай у Забароненым лесе.

Гары быў не ў стане сядзець. Ён хадзіў сюды-туды перад комінам. Яго ўсё яшчэ калаціла.

- Снэйп палюе за Камнем дзеля Вальдэморта... Вальдэморт чакае яго ў Забароненым лесе... мы памыляліся, калі лічылі, што Філасофскі камень Снэйпу патрэбны дзеля таго, каб разбагацець...

- Не прамаўляй ягонага імя! - напалоханым шэптам прамовіў Рон, быццам вырашыў, што Вальдэморт мог іх пачуць.

Але Гары яго не слухаў.

- Фірэнц выратаваў мяне, хаця не павінны быў гэтага рабіць... Бэйн ашалеў ад лютасці... ён сказаў, што нельга было ўмешвацца ў тое, што прадказалі зоры... а яны, напэўна, прадказалі, што Вальдэморт вяртаецца... Бэйн лічыў, што Фірэнц павінны быў дазволіць Вальдэморту забіць мяне... Мяркую, зоры прадказалі і гэта.

- Ці ты кінеш вымаўляць ягонае імя! - прасыкаў Рон.

- Такім чынам, - адчайна працягваў Гары, - мне застаецца толькі чакаць, пакуль Снэйп выкрадзе Камень і аддасць яго Вальдэморту, каб той мог павярнуцца і забіць мяне... Мяркую, Бэйн будзе задаволены.

Герміёна таксама была моцна напалоханая, але знайшла словы, каб падбадзёрыць сябра.

- Гары, кажуць, Дамблдор – адзіны, каго баіцца Сам-Ведаеш-Хто, і, пакуль Дамблдор тут, Сам-Ведаеш-Хто цябе не кране. Да таго ж ці ты ўпэўнены, што кентаўры кажуць праўду? Іх словы нагадваюць мне вяшчунства, а прафесарка МакГонагал кажа, што вяшчунства - вельмі недакладная частка магіі.

Калі яны скончылі размову, неба пачало святлець. Спустошаныя і з асіплымі горламі, яны пайшлі спаць. Але на гэтым начныя сюрпрызы не скончыліся.

Калі Гары прыўзняў коўдру, ён убачыў на сваім ложку акуратна складзеную мантыю-невідзімку. Зверху на ёй ляжала чыясьці цыдулка, ў якой было толькі тры словы:

 

На ўсялякі выпадак”.

 

— РАЗДЗЕЛ XVI —

 

Вандроўка пад люк

 

Нават праз гады Гары слаба разумеў, як у яго, з галавой, напалову занятай штохвілінным чаканнем таго, што ў кабінет уварвецца Вальдэморт, атрымалася здаць іспыты. Але дні беглі за днямі, а за зачыненымі дзвярыма забароненага калідора ўсё яшчэ сядзеў жывы і здаровы Флуфі.

У вялізных аўдыторыях, дзе яны здавалі пісьмовыя іспыты, панавала надзвычайная спёка, а працаваць даводзілася адмысловымі пёрамі, на якія былі накладзеныя супрацьшпаргальныя замовы.

Пасля пісьмовых іспытаў ішлі практычныя. Прафесар Флітвік выклікаў вучняў па адным і загадваў прымусіць ананас адбіваць на стале чачотку. Прафесарка МакГонагал патрабавала ператварыць мыш на табакерку – яна дадавала балы, калі табакерка атрымлівалася прыгожай, і здымала іх, калі ў яе заставаліся вусы. А Снэйп прымушаў усіх моцна нервавацца, стоячы над душой, пакуль вучань спрабаваў узгадаць, як выгатоўваць зелле забыцця.

Гары рабіў усё, што толькі мог, каб не звяртаць увагу на колючы боль у ілбе, які пераследваў яго ажно з самай вандроўкі ў лес. Нэвіл, заўважыўшы, што Гары амаль не спіць начамі, вырашыў, што той празмерна перажывае з-за іспытаў, але насамрэч Гары ўвесь час прачынаўся з-за свайго старога кашмару. Толькі цяпер ён быў яшчэ больш жахлівым, бо цяпер у постаці, што забівала ягоных бацькоў, з-пад каптура крапала срэбная кроў.

Магчыма, з-за таго, што ані Рон, ані Герміёна не бачылі таго, што бачыў у Лесе Гары, а можа, з-за таго, што яны не мелі на ілбе пякучага шнара, ягоныя сябры турбаваліся пра Камень значна менш за яго самога. Вядома, адна толькі думка аб Вальдэморце вельмі іх палохала, але ён не прыходзіў да Рона з Герміёнай у кашмарах, і яны настолькі паглыбіліся ў падрыхтоўку да чарговых іспытаў, што ў іх было мала часу на клопаты аб тым, што Снэйп ці нехта іншы можа Камень скрасці.

Нарэшце пачаўся апошні іспыт – гісторыя магіі. На працягу гадзіны яны пісалі ў сваіх пергаментах аб старых дурнаватых чарадзеях, якія стваралі самамяшальныя катлы. Пасля іспыту вучні былі вольныя ажно цэлы тыдзень, пакуль не атрымаюць вынікі. Нарэшце прывід-прафесар Бінс сказаў дзецям, каб яны склалі свае пёры і скруцілі пергаменты. Гары разам з астатнімі вучнямі не мог не загаласіць ад радасці.

- Усё было прасцей, чым я думала, - заявіла Герміёна, калі тройца далучылася да астатніх вучняў, што запоўнілі пакрытыя сонцам лугавіны перад школай. - Нават не трэба было вучыць нічога аб кодэксе паводзінаў ваўкалакаў ад 1637 года і паўстанні Эльфрыка Палкага.

Герміёна, як заўжды, прапанавала спраўдзіць, ці ўсё яны правільна напісалі, але Рон заявіў, што яму ўжо млосна, таму тройца падаліся на бераг возера, дзе яны плюхнуліся ў цянёк пад дрэвамі. Непадалёк блізняты Візлі і Лі Ёрдан бавіліся тым, што казыталі шчупальцы гіганцкага кальмара, што грэўся на водмелі.

- Аніякіх больш падрыхтовак і паўтарэнняў, - шчасліва ўздыхнуўшы, прамовіў Рон і расцягнуўся на траўцы. - Гары, у нас цэлы тыдзень цяпер вольны, перш чым мы даведаемся, як шмат нарабілі памылак, так што кідай турбавацца.

Гары пацёр лоб.

- Хацеў бы я ведаць, што адбываецца! - раззлавана выпаліў ён. - Шнар і дагэтуль баліць... гэта і раней было, але не так часта, як зараз.

- Схадзі да мадам Помфры, - прапанавала Герміёна.

- Я не хворы, - адказаў ёй Гары. – Думаю, гэта папярэджанне... небяспека набліжаецца...

Рон не ўсхваляваўся толькі таму, што разамлеў ад спёкі.

- Гары, не переймайся, Герміёна мае рацыю: пакуль Дамблдор тут, Камень у бяспецы. Тым больш, мы не маем аніякіх доказаў таго, што Снэйп ведае, як прамінуць Флуфі. Аднойчы яму ўжо ледзь не адарвалі нагу, і ён не надта спяшаецца паспрабаваць зноў. Тым больш, хутчэй Нэвіла абяруць гуляць за зборную Англіі па квідычы, чым Хагрыд падвядзе Дамблдора.

Гары кіўнуў, але не мог пазбавіцца ад няяснага адчування, што яны забылі зрабіць нешта істотнае. Калі ён паспрабаваў сказаць аб гэтым сябрам, Герміёна заўважыла:

- Слухай, гэта як з іспытамі. Аднойчы я прачнулася сярод ночы і ўжо збіралася пераглядзець свае нататкі па Ператварэнні, калі ўзгадала, што гэты іспыт мы ўжо здалі.

Але Гары быў упэўнены, што ягонае пачуццё аніяк не было звязана з вучобай. Ён убачыў, як праз блакітнае неба ў бок школы неслася сава з лістом у дзюбе. Хагрыд быў адзіны, хто дасылаў Гары лісты. Хагрыд ніколі не здрадзіць Дамблдору. Хагрыд анікому не раскажа, як прайсці праз Флуфі... ніколі... хаця...

Раптам Гары ўскочыў на ногі.

- Ты што робіш? - сонна спытаўся ў яго Рон.

- Мне ў галаву прыйшла адна думка, - моцна збляднеўшы, адказаў Гары. - Мы павінныя зараз жа ўбачыцца з Хагрыдам.

- Што такое? – спыталася, даганяючы яго, Герміёна; яна моцна запыхалася, намагаючыся не адстаць.

- А ці вам не здаецца трохі дзіўнай адна рэч? - узбіраючыся на травяністы ўзгорак, спытаўся Гары. - Усе ведалі, што Хагрыд надзвычай хоча мець дракона, і тут на ягоным шляху з’яўляецца незнаёмец з драконавым яйкам? Ці шмат людзей валэндаюцца вакол з забароненымі чарадзейскімі законамі яйкамі ў кішэнях? І каб пры гэтым мець шчасце сустрэцца з Хагрыдам? Як я раней гэтага не заўважыў?

- Не разумею: пра што ты? - спытаўся Рон, але яны ўжо наблізіліся да ўскрайку Забароненага леса, і Гары нічога яму не адказаў.

Хагрыд сядзеў на ганку ў вялізным фатэлі і, падкасаўшы калашыны і рукавы, лузаў гарох у вялізную місу.

- Прывітань’, - усміхаючыся, прамовіў ён. - Ну што, здалі ‘спыты? Як након’ гарбаткі?

- З задавальненнем, - сказаў Рон, але Гары адштурхнуў яго.

- Дзякуй, Хагрыд, але мы спяшаемся. Я хацеў у цябе спытаць. Ці ты памятаеш тую ноч, калі выйграў Норберта? Ты разгледзеў таго незнаёмца, з якім гуляў у карты?

- Не, - абыякава адказаў Хагрыд. - Ён не здымаў сва’го плашча.

Пабачыўшы недавер на тварах сяброў, ён здзіўлена ўзняў бровы.

- Тут няма ань’чога нез’ычайнага. У “Веправай галаве”, пабе на ‘скрайку вёскі, збіра’цца шмат дзіўнага люду. Мо’ гэта быў ‘андляр дракон’мі ці хто шчэ. Я не бачыў ‘гонага твару, ён хаваў ‘го за капт’ром.

Гары прысеў побач з місай, у якую Хагрыд лузаў гарох.

- Хагрыд, ты аб чым-небудзь размаўляў з ім? Напрыклад, аб Хогвартсе?

- Мабыць, - раздражнёна і пахмурна прамовіў волат, спрабуючы прыгадаць размову. - Так... Ён ‘апытаўся, чым я за’маюся, я ‘дказаў, што я туташні паль’соўшчык... Потым ён спытаўся, ці не цікавяць м’не розны’ ‘стоты... я ‘дказаў яму... я адказаў, што за’жды х’цеў мець дракона... потым... Я дрэнна пам’таю, бо ён ‘весь час купляў мне выпіць... Так, да’це падумаць... Ён сказаў, што мае яйка дракона і, к’лі я хачу, мы маглі б згуляць на’ го ў карты... Але ён х’цеў перак’нацца, што я змагу з ім зладзіць, ён не х’цеў ‘ддаваць яйка ‘бы-каму... Я сказаў ‘му, што пасля Флуфі з драконам зладжу даволь’ лё’ка...

- І ён... ён цікавіўся ў цябе пра Флуфі? - спрабуючы размаўляць спакойна, спытаўся Гары.

- Ну... так... ці ты бачыў шмат тро’галовых сабак, на’т тут, у Хогвартсе? Я сказаў, што Флуфі лё’ка супакоіць, к’лі ведаш як. Як тольк’ за’грае музыка, той адразу засынае...

Раптам Хагрыд напалохана паглядзеў на іх.

- Я вам гэт’га не гаварыў! - выпаліў ён. – Забу’цеся пра тое, што зараз ‘ачулі! Гэй, вы куды?

Гары, Рон і Герміёна не размаўлялі адно з адным, ажно пакуль не апынуліся ў вестыбюлі. Пасля цёплых лужкоў знадворку ён здаваўся вельмі халодным і змрочным.

- Мы павінныя пайсці да Дамблдора, - прамовіў Гары. - Хагрыд расказаў незнаёмцу, як абыйсці Флуфі, а пад плашчом хаваўся альбо Снэйп, альбо Вальдэморт. Гэта не цяжка было зрабіць, калі Хагрыд напіўся. Я спадзяюся, Дамблдор нам паверыць. Нас можа падтрымаць Фірэнц, калі Бэйн яго не спыніць. Дзе кабінет дырэктара?

Яны азірнуліся, быццам спадзяваліся ўбачыць недзе шыльду, якая б накіравала іх у адпаведным кірунку. Раней яны ніколі не цікавіліся, дзе жыве Дамблдор, і не ведалі, у каго можна спытацца.

- Нам неабходна... - пачаў было Гары, але раптам яго перапыніў голас, як пачуўся з іншага боку вестыбюля.

- Вы трое - што вы робіце ў замку?

Гэта была прафесарка МакГонагал, якая несла кудысьці вялікі стос кніг.

- Нам неабходна ўбачыць прафесара Дамблдора, - сказала Герміёна, якая знайшлася хутчэй за Гары і Рона.

- Убачыць дырэктара? - паўтарыла МакГонагал, быццам гэтая просьба была чымсьці надзвычай дзіўным. - Навошта?

Гары ліхаманкава зглынуў... ён не ведаў, што цяпер рабіць.

- Гэта свайго роду сакрэт, - прамовіў ён і адразу аб гэтым пашкадаваў, бо наздрыны прафесаркі МакГонагал пачалі шалёна ўздымацца.

- Прафесар Дамблдор сыйшоў дзесяць хвілін таму, - халодна паведаміла яна. - Да яго даслалі тэрміновую саву з Міністэрства магіі, і ён адразу ж адляцеў да Лондана.

- Адляцеў? - у адчаі пераспытаўся Гары. - ЦЯПЕР?

- Прафесар Дамблдор – вельмі магутны чарадзей, Потэр, яго ўвесь час патрабуюць...

- Але гэта істотна.

- Больш істотна за Міністэрства магіі, Потэр?

- Так, - забыўшыся пра асцярожнасць, адказаў Гары. - Мадам прафесар... гэта датычыцца Філасофскага камня...

Прафесарка чакала чаго заўгодна, але не гэтага адказу. Кнігі, якія яна несла, паваліліся на падлогу, і яна нават не стала іх падымаць.

- Адкуль вы ведаеце?.. - пралапатала яна.

- Гэта не галоўнае, мадам прафесар... мы ведаем, што Сн... што нехта спрабуе выкрасці Камень. Мне трэба паразмаўляць з прафесарам Дамблдорам.

Вочы МакГонагал напоўніліся сумессю збянтэжанасці і падазронасці.

- Прафесар вернецца заўтра, - прамовіла яна. - Не разумею, адкуль... як вы даведаліся пра Камень. Але пераконваю вас: ён абаронены вельмі добра.

- Але, мадам прафесар...

- Потэр, я ведаю, аб чым кажу, - адрэзала прафесарка, потым нахілілася і падабрала кнігі з падлогі. - Я настойліва раю вам вярнуцца надворак і радавацца там сонейку.

Але яны нікуды не пайшлі.

- Сёння, - упэўніўшыся, што прафесарка дастаткова далёка, каб іх не пачуць, прамовіў Гары. - Снэйп паспрабуе прайсці праз люк сёння. Ён даведаўся аб усім, што яму трэба, і прыбраў Дамблдора з дарогі. Мяркую, гэта ён паслаў яму саву. Вось здзівяцца ў Міністэрстве, калі Дамблдор там з’явіцца.

- Але што мы можам...

Герміёна войкнула, кажучы на нешта за спінай у хлопцаў. Гары і Рон развярнуліся.

За іхнымі спінамі стаяў Снэйп.

- Дзень добры, - павольна прамовіў ён.

Яны стаялі на месцы, вытарапіўшыся на яго.

- Вы не павінныя знаходзіцца ў замку ў гэткі лагодны дзень, - з дзіўна скрыўленай усмешкай дадаў ён.

- Мы, - пачаў Гары, не маючы аніякага ўяўлення, пра што казаць.

- Вам трэба быць больш асцярожнымі, - працягваў Снэйп. - Трымацца паасобку ад усіх, вось так, як вы... Людзі могуць вырашыць, што вы нешта задумалі. А Грыфіндор не можа больш траціць балы.

Гары пачырванеў. Сябры ўжо збіраліся ісці на вуліцу, калі Снэйп паклікаў іх назад.

- Потэр... асцерагайся начных падарожжаў, я так разумею, гэта ты і задумаў. Жадаю поспехаў.

Прафесар развярнуўся і пакрочыў у бок настаўніцкай.

Калі ягоныя крокі сціхлі, Гары павярнуўся да Рона і Герміёны.

- Так, гэта мы і плануем зрабіць, - хутка прашаптаў ён. - Трэба, каб хтось з нас сачыў за Снэйпам... а астатнія прабяруцца ў калідор на чацвёртым паверсе. Герміёна, лепей, каб гэта была ты.

- Чаму я?

- Гэта ж відавочна. - адказаў Рон. - Ты можаш сказаць, што чакаеш прафесара Флітвіка. – тонкім дзявочым голасам ён выдаў: - Ах, прафесар Флітвік, я непакоюся, ці правільна я адказала на пытанне 14б...

- Заткніся, - прамовіла Герміёна, але прасачыць за Снэйпам пагадзілася.

- А нам лепей пайсці прыгледзець за калідорам на чацвёртым паверсе, - сказаў Гары Рону. - Хадзем.

Але іхны план не спрацаваў. Як толькі яны падыйшлі да дзвярэй, за якімі хаваўся Флуфі, зноў з’явілася прафесарка МакГонагал, і на гэты раз яна страціла вытрымку.

- Мяркую, вы лічыце, што вас прайсці будзе цяжэй, чым шэраг найскладанейшых чараў! - выбухнула яна. - Годзе гэтага глупства! Калі я яшчэ раз убачу вас тут, я зноўку здыму з Грыфіндора пяцьдзясят балаў. Так, Візлі, з уласнага Дома!

Гары з Ронам вярнуліся ў гасцёўню.

- Ва ўсялякім выпадку, Герміёна на хвасце ў Снэйпа, - толькі паспеў прамовіць Гары, як адтуліна за партрэтам Тлустай Пані адчынілася, і ў гасцёўню завітала Герміёна.

- Гары, мне так шкада! - уз’енчыла яна. - Снэйп адчыніў мне дзверы настаўніцкай, я сказала, што хачу пачакаць прафесара Флітвіка. Тады Снэйп схадзіў па яго, я зараз ад яго прыйшла. А дзе Снэйп, я не ведаю.

- Ну тады мне ўсё зразумела, - прамовіў Гары.

Рон з Герміёнаю ўтаропіліся на яго. Гары збляднеў, а ягоныя вочы блішчэлі.

- Я пайду туды ноччу сам і паспрабую дабрацца да Камня першым.

- Ты з глузду з’ехаў! - сказаў яму Рон.

- Табе нельга гэтага рабіць! - дадала Герміёна. - Ці ты памятаеш, што сказалі МакГонагал і Снэйп? Цябе ж выганяць са школы!