Правапіс прыстаўных галосных

þПасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і, а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, зардзецца, замшэлы, вокамгненна.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г. 2008 г.
заржавець і заіржавець заржавець
зардзецца і заірдзецца зардзецца

Правапіс устаўных зычных

þУстаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў перад націскным у: павук, цівун, каравул, есавул, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павуцінне, цівуном, каравульны, есавульскі.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г. 2008 г.
есаул есавул
есаульскі есавульскі

Правапіс у складовага і ў нескладовага ў пачатку слова

þНескладовае ў пішацца ў пачатку слова пасля слова, якое заканчваецца на галосную: пайшла ў лес, моцны ўдар.

þУ адпаведнасці з новай рэдакцыяй “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў іншамоўных словах не пад націскам пасля галосных пішацца ў.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г. 2008 г.
ва універсітэце ва ўніверсітэце
для уніятаў для ўніятаў
прыгожая уверцюра прыгожая ўверцюра
каля універмага каля ўнівермага

Заўвага! Пад націскам гук [у] не чаргуецца з [ў]: Люблінская унія, новыя унты, да урны.

Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае: ва Узбекістан, да Усяслава.


Правапіс у складовага і ў нескладовага ў сярэдзіне слова

þНескладовае ў пішацца ў сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыторыя, аўдыенцыя, паўза, каўчук.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г. 2008 г.
сауна саўна
фауна фаўна
раунд раўнд
клоун клоўн
АЛЕ: траур, трыумфальны

Заўвага! 1. Пад націскам гук [у] не чаргуецца з [ў]: аул, баул, аукаць.

2. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах на –ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, страус, радыус.

þУ канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Каратау, ноу-хау, ток-шоу. Але: шоўмен.


Правапіс мяккага знака

þМяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н] перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н'], і назоўніка восень: студзеньскі, снежаньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, жнівеньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа.

þУ прыметніках, утвораных ад іншых назоўнікаў на –нь, мяккі знак не пішацца: конь – конскі, Любань – любанскі, Астрахань – астраханскі.

þУ адпаведнасці з новай рэдакцыяй “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” мяккі знак не пішацца і ў прыметніках, утвораных ад назваў кітайскага паходжання на –нь: Цянь-Шань – цянь-шанскі.

 

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г. 2008 г.
цянь-шаньскі цянь-шанскі
чань-чуньскі чань-чунскі

 


Правапіс абрэвіятур

þУ абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі савет), прафсаюз (прафесійны саюз), прамкамбінат (прамысловы камбінат), лясгас (лясная гаспадарка).

 

ПАРАЎНАЙЦЕ:

 

1959 г. 2008 г.
прафком прафкам
аблвыканком аблвыканкам
лінкор лінкар
газпром газпрам
ваенком ваенкам