Якім жа было сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ХІІ – ХІІІ стст.?

Насельніцтва беларускіх зямель не было сацыяльна аднародным. На адным полюсе феадальнага грамадства стаялі самыя багатыя і ўплывовыя людзі – князі і баяры. Эканамічную аснову іх панавання і багацця складала ўласнасць на зямлю. Існавалі розныя формы феадальнага землеўладання: вотчыннае – валоданне зямлёй, сядзібай і сялянамі з правам продажу зямлі, раздзелу яе і перадачы ў спадчыну; памеснае – перадача зямлі ў часовае ўладанне за службу без права спадчыны; царкоўнае і манастырскае – знаходжанне зямель ва ўласнасці царквы і манастыроў.

Клас феадалаў меў іерархію. На вяршыні піраміды знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-кіраўнікі асобных зямель, княстваў (“отчын”), яшчэ ніжэй – феадалы-уладальнікі вялікіх і малых памесцяў (баяры, дваране). Дробныя феадалы ішлі на службу да багацейшых і знатных, станавіліся іх васаламі і карысталіся іх заступніцтвам.

Феадалы карміліся за кошт сваіх вотчын. Вотчына ўключала замак феадала, абкружаны землянымі валамі і равамі, драўлянай сцяной, за якой размяшчаліся замкавыя пабудовы, а таксама падпарадкаваную феадалу вясковую акругу. Меліся і баярскія двары-замкі, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы мікраскапічных дзяржаў у дзяржаве. Уладара абслугоўвала залежная ад яго чэлядзь. Ён меў уласнае войска, з дапамогай якога ахоўваў сваё дабро і здзяйсняў уладу над сялянамі вясковай акругі. З уласным войскам феадал выступаў на вайну па патрабаванні князя ці мацнейшага феадала. Войска складалася са старэйшай дружыны вялікіх князёў і князёў буйных зямель, у якой служылі феадалы-баяры, і малодшай дружыны, у якой служылі баярскія і дваранскія дзеці, а таксама з войска феадалаў, якое ўключала ў сябе не толькі васальных баяр, але і служылых людзей, рамеснікаў і вольных сялян, што парвалі з абшчынай. Крыніцы называюць і гарадскія палкі, якія фарміраваліся па тысячах і дзяліліся на сотні.

Большую частку насельніцтва складалі сяляне. Сярод іх крыніцы называюць смердаў (найбольш шматлікая група феадальна залежных сялян), закупаў (часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу), халопаў і рабоў (асабіста несвабоднае насельніцтва). Вядомы таксама радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам нейкімі абавязацельствамі (“радам”, адсюль словы “радзіцца”, “дамаўляцца”), ізгоі – сяляне, якія выйшлі з абшчыны, знаходзіліся на службе ў феадалаў і поўнасцю залежалі ад іх волі.

Асноўнай вытворчай адзінкай з’яўлялася гаспадарка адной сялянскай сям’і (“дым”, “рала”). Гаспадарча самастойныя сялянскія сем’і сяліліся невялікімі вёскамі, якія называліся “весямі”. Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх “весяў” было вялікае сяло – “пагост”. Жыллём служылі невялікія зрубы ці паўзямлянкі з глінабітнымі печамі, у якіх палілася пачорнаму.

Земляробчае насельніцтва арганізоўвалася ў сялянскія абшчыны, якія называліся “вервь” ці “мир”. Абшчына аб’ядноўвала сем’і адной або некалькіх вёсак. Зямля з’яўлялася ўласнасцю абшчыны і перыядычна пераразмяркоўвалася паміж асобнымі сем’ямі. У абшчынным карыстанні заставаліся сенажаці, лугі, лясныя ўгоддзі, рэкі і азёры. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за здзейсненае на яе тэрыторыі злачынства, калі віноўнік невядомы, разам узнаўлялі страты, нанесеныя гаспадарцы або рэчы ўласніка. Абшчына была адным са сродкаў супраціўлення наступленню феадалаў на сялянскія землі і ўгоддзі. У працэсе эвалюцыі з абшчыны вылучаліся заможныя сялянскія гаспадаркі.

Асноўныя формы сялянскіх павіннасцей феадалу – аброк ці “павоз” (аплата натурай часткі сялянскага прыбытку) і паншчына (баршчына) (работа на барскім полі). Сяляне таксама працавалі на будаўніцтве гарадоў, замкаў, абарончых ліній, дарог. У час войнаў і феадальных міжусобіц яны аддавалі сваіх коней, абавязаны былі пастаўляць прадукты харчавання.

Большую частку неабходных для жыцця рэчаў сяляне рабілі самі. Яны пралі і ткалі, шылі адзенне і абутак, будавалі хаты, рабілі мэблю, посуд і г. д. Сыравінай для вытворчасці тканін, напрыклад, служылі шэрсць, лён і каноплі. Ткалі на гарызантальных ткацкіх станках.

Існавалі розныя сістэмы земляробства: падсечная (у лясной зоне), пераложная (у далінах рэк, на лясных палянах, сухадольных лугах, высахлых тарфяніках – зямлю пераставалі апрацоўваць для аднаўлення яе натуральнай урадлівасці), папарная збожжавая сістэма з двухполлем ці трохполлем. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, проса, грэчку, гарох, лён, каноплі.

Асаблівасцю развіцця жывёлагадоўлі было тое, што да канца І тысячагоддзя н.э. зацвердзілася стойлавае ўтрыманне жывёлы. Паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва і бортніцтва ігралі падначаленую ролю.

Поспехі, дасягнутыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, стварылі ўмовы для аддзялення рамяства і гандлю ад земляробства. Месцам канцэнтрацыі гэтых відаў гаспадаркі з’яўляліся гарады.

Пад 862 г. летапіс упамінае Полацк, пад 980 г. – Тураў. Апавядаючы пра падзеі ХІ ст., летапісы паведамляюць аб існаванні яшчэ 12 гарадоў: Брэста, Віцебска, Мінска, Заслаўя, Браслава, Оршы, Пінска, Друцка, Лагойска, Лукомля і інш. Падзеі ХІІ ст. пакінулі ў летапісах успаміны яшчэ пра 17 гарадоў: Слуцк, Барысаў, Гародня, Клецк, Камянец, Мсціслаўе, Крычаў, Гомель, Рагачоў, Брагін, Мазыр, Чачэрск і інш. У ХІІІ ст., паводле пісьмовых крыніц, існавалі таксама Рэчыца, Нясвіж, Новагародак, Слонім, Ваўкавыск, Капыль, Кобрын і інш. У ХІV ст. становяцца вядомымі Магілёў, Ліда, Быхаў, Свіслач і інш.

Пісьмовыя крыніцы і археалагічныя матэрыялы, на думку Э.М. Загарульскага, сведчаць аб тым, што ўзнікненне гарадоў звязана са славянскім этапам у гісторыі Беларусі. У аснове большасці гарадоў ляжалі княжацкі замак або пагранічная крэпасць, ваенны і фінансава-адміністрацыйны цэнтр акругі, феадальная сядзіба. У замку ці каля яго сяліліся рамеснікі і гандляры, бо феадалы з’яўляліся заказчыкамі і спажыўцамі іх прадукцыі. Па меры павелічэння ўдзельнай вагі гэтай катэгорыі людзей паселішча ператваралася ў горад.

Акрамя замка ці пагранічнай крэпасці (магутных абарончых збудаванняў), існавання рамяства і гандлю, для горада ранняга сярэднявечча былі характэрнымі дастаткова вялікая плошча ўмацаванай часткі паселішча (ад 1 да 10 га), радыяльная альбо веерападобная сетка вуліц, якія зыходзіліся да гарадскіх варот, элементы добраўпарадкавання (брук, машчэнне вуліцы дрэвам, дрэнажная сістэма), наяўнасць рынка, які размяшчаўся каля гарадскіх варот, а таксама манументальных культавых і свецкіх пабудоў (каменныя цэрквы, княжацкія палацы).

Цэнтральная ўмацаваная частка горада называлася дзядзінцам. Гэта – арыстакратычная частка горада, дзе пераважна сяліліся феадалы (князь, дружына, баяры), заможнае купецтва, духавенства. Побач з дзядзінцам размяшчаўся, як правіла, неўмацаваны рамесніцка-гандлёвы пасад. З часам узнікалі знешнія ўмацаванні (Пінск) ці ўмацаванні ў частцы пасада (Новагародак). Насельніцтва большасці гарадоў складала ад 1 да 3 тыс. чалавек.

У гарадах існавалі некалькі дзесяткаў відаў розных рамёстваў. Развіты былі металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, ганчарная і гарбарная справы, разьба па косці. У буйных гарадах ювеліры валодалі майстэрствам зерні і эмалі, выраблялі складаныя і дарагія ўпрыгожанні з золата і серабра. У Полацку была наладжана вытворчасць шкляных упрыгожанняў, бранзалетаў, якія карысталіся вялікім попытам гараджанак. Гарадскія жыхары занімаліся таксама земляробствам, жывёлагадоўляй, садаводствам і рыбалоўствам, паляваннем.

Развіваўся гандаль. Археалагічныя даследаванні выявілі ў заходніх землях Русі прадметы візантыйскай, заходнееўрапейскай і ўсходняй вытворчасці. З Візантыі ў спецыяльных гліняных пасудзінах – амфарах – прывозілі віно і аліўкавы алей, пастаўляліся таксама з гэтай краіны каштоўны посуд і прадметы хрысціянскага культу. Фаянсавы посуд іранскай вытворчасці знойдзены ў Новагародку і Лукомлі. У Ваўкавыску знойдзены вырабы з косці паўднёва-германскай вытворчасці, а ў Мінску – касцяная разная лыжачка для прычасця французскай вытворчасці. З Заходняй Русі ў суседнія краіны вывозіліся зерне, футра, скура, воск. Вядома аб існаванні ў Кіеве полацкага гандлёвага двара. Сведчаннем развітога гандлю з’яўляюцца знаходкі манет, сярэбраных грашовых злепкаў, якімі аплочваліся буйныя таварныя партыі. Гандляры ўзмацняліся эканамічна і палітычна, стваралі свае аб’яднанні – “братчыны”.

 

§ 8. Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў

У канцы ХІІ – пачатку ХІІІ ст. заходнім і паўночна-заходнім землям Русі стала пагражаць сур’ёзная небяспека. У Прыбалтыцы з’явіліся першыя каталіцкія месіянеры, услед за якімі пачалі прыбываць атрады крыжакоў. У вусці Заходняй Дзвіны ў 1201 г. яны заснавалі крэпасць Рыгу, якая стала апорай нямецкай агрэсіі ў землі балтаў. Неўзабаве датчане напалі на эстонскае ўзбярэжжа, разбурылі старажытную крэпасць Калывань (Талін) і заснавалі сваю – Рэвель (1209).

Якім чынам нямецкія рыцары апынуліся ў Прыбалтыцы, каля рускіх межаў?

З канца ХІ ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захапіць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступіла арганізатарам крыжовых паходаў. Яна аб’явіла іх мэтай вызваленне ад мусульман Палесціны і “гроба гасподня”. У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі: іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Уступаючы ў ордэн, рыцар заставаўся воінам, але даваў зарок манаства: не мог мець сям’і. З гэтага часу ён пакорліва слухаў галаву ордэна – гросмайстра, ці вялікага магістра.

Першым быў створаны ў 1119 г. ордэн тампліераў (храмоўнікаў), другім – ордэн шпітальераў-янітаў (сваю назву атрымаў ад шпіталя Святога Яна, які дапамагаў хворым пілігрымам – вандроўнікам). У канцы ХІІ ст. стварыўся трэці ордэн – Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію. У 1202 г. рыжскі епіскап Альберт Буксгаўдэн, жадаючы абярнуць у хрысціянства насельніцтва Прыбалтыкі, заснаваў рыцарскі Ордэн мечаносцаў. Новыя рыцары насілі белы плашч з чырвоным мячом і крыжам, замест якога пазней сталі нашываць зорку. Пацярпеўшы цяжкае паражэнне ў вайне з арабамі, нямецкія князі ў канцы ХІІ ст. вырашылі перанесці вайну ў Прыбалтыку і Русь, заваяванне якіх ім абяцала новыя землі і прыбыткі.

Прыбалтыка, праз якую праходзіў важны для Русі гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора, ужо даўно знаходзілася ў сферы інтарэсаў Полацкага княства. Полацкія князі кантралявалі водны шлях, а мясцовыя плямёны ліваў прызнавалі васальную залежнасць ад Полацка і плацілі яму даніну.

Пабудаваўшы ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу, рыцары ўстанавілі кантроль над гандлёвым шляхам і паставілі ў залежнасць ад сябе рускіх купцоў. Працягваючы агрэсію, ордэн мечаносцаў наблізіў свае ўладанні да Кукенойса, аднаго з падначаленых Полацку рускіх гарадоў-княстваў, і паспрабаваў перахапіць у полацкага князя права на збіранне даніны з ліваў. Летам 1203 г. войскі полацкага князя Уладзіміра асадзілі дзве нямецкія крэпасці – Ікскюль і Гольм. Немцам давялося адкупіцца грашыма. Аднак ордэн працягваў палітыку захопаў. Летам 1206 г. Уладзімір спусціўся на караблях па Дзвіне з вялікім войскам, і 11 дзён працягвалася асада Гольма. Але крэпасць устаяла.

Князь Кукенойса Вячка некалькі разоў атрымліваў перамогу над крыжакамі. Пасля адной з іх ён паслаў полацкаму князю Уладзіміру багатыя падарункі: “лепшых тэўтонскіх коней, панцыры, балісты”. У 1207 г. Вячка разам з літоўскімі атрадамі асадзіў Рыгу, але, не атрымаўшы дапамогі ад полацкага князя, вярнуўся назад, спаліў свой горад і адышоў на Русь. Не змог вытрымаць націску крыжакоў і другі рускі горад-княства на Дзвіне – Герцыке. Яго князь вымушаны быў прызнаць сябе васалам рыжскага епіскапа.

Землі рускіх гарадоў-княстваў Кукенойса і Герцыке былі далучаны да ордэна. Неўзабаве ордэн і полацкі князь Уладзімір заключылі “вечны” мір. Полацк адмовіўся ад збірання даніны з ліваў. Дзвіна аб’яўлялася свабоднай для праезду купцоў. Але варожасць захавалася. У 1216 г. полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць сумесны паход з эстамі і лівамі супраць крыжакоў, але раптоўная смерць перашкодзіла яго ажыццяўленню.

Ваенная экспансія немцаў супраць Полацкага княства і Наўгародскай зямлі прывяла Полацк і Ноўгарад да палітычнага саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава. У бітве на Няве са шведскімі войскамі ў 1240 г. наўгародцам дапамагалі палачане. У гэтай бітве вызначыўся полацкі воін Якуб. Знішчэнне Аляксандрам Неўскім нямецкіх рыцараў на лёдзе Чудскага возера ў 1242 г. спыніла крыжацкую агрэсію на паўночным захадзе.

Паспяховай барацьбе супраць ордэна перашкаджалі феадальныя міжусобіцы. Так, кукенойскі князь Вячка не ладзіў з полацкім Уладзімірам. Герцыкскі князь Усевалад ваяваў не толькі супраць немцаў, але і ў саюзе з Літвой “разбураў землі рускіх хрысціян”. Захоўвалі нейтралітэт князі Турава-Пінскай зямлі. Нават перад тварам грознай небяспекі не спынялі барацьбы паміж сабой полацкія князі. Іх выступленні супраць ордэна насілі разрознены і няўзгоднены характар. Да таго ж на Полацкую зямлю ўсё часцей сталі рабіць спусташальныя набегі літоўцы, якія карысталіся аслабленнем княстваў Заходняй Русі. Аднак нягледзячы на гэта, Полацк змог спыніць наступленне рыцараў у глыбіню Русі і сыграў ролю перашкоды на шляху распаўсюджання нямецкай агрэсіі.

У 30 – 40-я гг. ХІІІ ст. Русь перажыла самыя трагічныя падзеі ў сваёй гісторыі. Полчышчы татара-манголаў абрынуліся на яе землі. У 1223 г. на р. Калцы (цяпер Кальчык, прыток р. Кальміус у Данецкай вобласці) сышліся на першую бітву татара-манголы і аб’яднаныя сілы рускіх і полаўцаў. Мужна змагаліся воіны галіцкага, валынскага і іншых княстваў. Аднак полаўцы нечакана кінуліся ўцякаць і змялі рускія палкі. Мангольскія войскі перайшлі ў наступленне і разбілі рускіх. На Калцы Русь пацярпела паражэнне па прычыне сваёй раздробленасці. Але і ворагі, не маючы сіл, не рызыкнулі ісці на Кіеў і пайшлі на Усход.

Трынаццаць гадоў спатрэбілася захопнікам для пыдрыхтоўкі іх нашэсця на Еўропу. З 1236 па 1240 г. татара-манголы з мячом і агнём прайшлі праз землі Паўночна-Усходняй Русі, разбурылі Разань, Маскву, Уладзімір, Суздаль і іншыя гарады. Яны рушылі да Вялікага Ноўгарада, але дабрацца туды не змаглі. Гераічна абараняўся Смаленск, які прымусіў заваёўнікаў павярнуць на поўдзень. Татара-манголы як саранча прайшлі праз землі Паўднёвай Русі, захапілі і фактычна знішчылі Кіеў – “маці гарадоў рускіх”, валынскія і галіцкія гарады. Сотні тысяч людзей былі забіты альбо ўзяты ў палон. 1240 г. – год узяцця Кіева – лічыцца пачаткам татара-мангольскага іга на Русі, якое доўжылася 240 гадоў.

Расколатая на княствы і ўдзелы, якія часта ваявалі паміж сабой, Русь не змагла аб’яднаць сілы і даць арганізаваны адпор чужынцым. Калі б аб’ядналіся дружыны ўсіх рускіх князёў, то сабраліся б больш за 100 тыс. воінаў. Такое войска напэўна разбіла б ворага. Але, як пісаў летапісец, у розныя бакі глядзелі баявыя харугвы рускіх князёў. Амаль бесперапынна ваявалі між сабой князі валынскія і чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія, полацкія і мінскія; не сціхалі заўзятыя сваркі князёў з баярамі Вялікага Ноўгарада і Пскова.

Разам з тым цаной велізарных страт рускі народ абяскровіў сілы татара-манголаў і пазбавіў іх магчымасці ажыццявіць свае планы заваявання Заходняй Еўропы. Пасля некалькіх бітваў у Польшчы, Чэхіі і Венгрыі яны вярнуліся на Русь і ў нізоўях Волгі заснавалі сваю дзяржаву – Залатую Арду.

Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага напрамку руху татара-манголаў на захад. Яны не абкладаліся данінай і не ведалі ардынскіх нукераў (дружыннікі мангольскай феадальнай знаці ў ХІІ – ХІІІ стст.) і баскакаў (прадстаўнікі мангольскага хана ў заваяваных землях Русі ў ХІІІ – ХІV стст., якія ажыццяўлялі кантроль за мясцовымі ўладамі). Праўда, летапісы адзначаюць разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г., паведамляюць, што некаторыя гарады Паўднёвай Беларусі былі абкладзены данінай. Маюцца звесткі аб бітвах з татара-манголамі ў нізіне р.Прыпяць, пад Мазыром. Татара-мангольскія набегі на заходнерускія землі адбываліся ў 1258, 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гг.

 

§ 9. Увядзенне хрысціянства. Культура на беларускіх землях у ІХ – ХІІІ стст.

Хрысціянскай рэлігіі на Русі папярэднічала язычніцтва. Язычніцтва (ад царкоўнаславянскага “языцы” – народы, чужаземцы) – прыняты ў багаслоўі і ўмоўна ў гістарычнай літаратуры тэрмін, які абазначае старадаўнія вераванні і культы, што існавалі да пашырэння т. зв. “вышэйшых” рэлігій – хрысціянства, ісламу і інш. Для нашага далёкага продка-язычніка маланка азначала гнеў Перуна, набрыньвалі коцікі на вярбе – багіня вясны ўзялася за справу; каменні пад сахою пасеяў чорт, у хаце гаспадарыў дамавік. Навокал чалавека дзейнічалі сілы, якіх трэба было слухацца, каб жыць у згодзе з навакольным светам.

З прыняццем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства зазнаў істотныя змены. Язычніцкае для хрысціянства стала сінонімам “д’ябальскага”, варварскага.

У адрозненне ад Рымскай імперыі, хрысціянства на Старажытную Русь прыйшло з Візантыі, папершае, у гатовым выглядзе, з адшліфаванымі за дзевяць стагоддзяў свайго існавання формуламі, са Старым і Новым Запаветамі, з літаратураю айцоў царквы, з культамі Хрыста і Багародзіцы, са стараславянскай мовай, прынесенай першымі місіянерамі з Візантыі. Падругое, пры ўсёй складанасці станаўлення ранняга хрысціянства ў Рымскай імперыі яно ўсё ж такі развівалася ў накірунку ад нізоў да вярхоў, урада, эліты. У славянскім грамадстве хрысціянства наладжвалася зверху – ад эліты да народа. Патрэцяе, злом свядомасці, адмаўленне ад веры бацькоў і дзядоў, руйнаванне старых духоўных каштоўнасцей, замена язычніцкіх міфаў новымі хрысціянскімі пастулатамі суправаджалася знішчэннем абаронцаў былой веры, гатовых абараняць свае перакананні. Гэтае знішчэнне прыняло форму дзяржаўнай палітыкі, было адной з паліцэйскіх функцый вялікакняжацкай улады.

Першая праваслаўная царква па візантыйскаму ўзору была пабудавана ў Кіеве, відавочна, яшчэ ў ІХ ст. Сучасніца Візантыйскага імператара Канстанціна Багранароднага – руская княгіня Вольга прыняла хрысціянства. А яе ўнук Уладзімір Святаслававіч у 988–989 гг. пачаў хрышчэнне Русі. Ён найперш знішчыў язычніцкіх багоў – Дажбога, Стрыбога, Сімаргла, Макошу, Перуна. Па яго загаду Перуна прывязалі да конскага хваста, пацягнулі да Дняпра, і слугі князя па дарозе білі яго бізунамі. Потым вярхоўнага бога скінулі ў раку. Людзі, якія верылі ў свайго бога, плакалі, беглі за ім. Насуперак чаканням чараўнікоў, гром не грымнуў, маланкі ў Кіеў не ўдарылі. Князь Уладзімір застаўся жывы і быў здаровы многія гады.

Каб народ маўчаў, князь перад хрышчэннем аб’явіў: хто не прыйдзе да Дняпра, вораг яму, Уладзіміру. Спрачацца з князем асмеліліся нямногія. Тыя ж, хто не асмеліўся, прыйшлі раніцай да дняпроўскага берагу і па знаку прыбыўшага разам з Уладзімірам мітрапаліта і пад пагрозаю бізуноў княжацкай дружыны ўвайшлі ў ваду па шыю. Выйшлі з вады, атрымалі крыжык – і сталі хрысціянамі. Забаранялася старая і ўводзілася новая абраднасць, падлягалі забыццю імёны старых божышчаў; месцы паганскіх маленняў разбураліся.

Пасля знішчэння Перуна ў Кіеве, належала перамагчы язычніцтва ў іншых землях. Па водным шляху адправіліся з Кіева з місіяй хрысціянізацыі грэчаскія і балгарскія святары, а з імі дзядзька князя Уладзіміра – Дабрыня з войскам. Маршрут іх пралягаў праз Полацкае княства да Ноўгарада. Першым на іх шляху быў горад Тураў, дзе місіянерам аказалі ўпартае супраціўленне. Пра крывавае хрышчэнне тураўцаў сведчыць легенда аб чырвоных каменнях, якія быццам бы прыплылі па рацэ ў горад, у чым бясспрэчна чуецца памяць пра разню, якую абрушыў на мясцовых язычнікаў Дабрыня. Пазней, як паведамляе летапіс, людзі казалі, што Пуцята хрысціў агнём, а Дабрыня – мячом.

Калі з’явіліся першыя хрысціяне ў Полацкай зямлі, сказаць цяжка. Паводле падання, ужо ў ІХ ст. тут былі хрысціяне. Вядома, што землі Беларусі размяшчаліся на вялікім водным шляху “з варагаў у грэкі”, па якім ішоў не толькі гандаль з Візантыяй, але і распаўсюджвалася хрысціянская вера і культура. У 992 г. была створана Полацкая епархія, у 1003 г. – Тураўская.

Хрысціянская вера не прыйшла на беларускія землі як вера, усталяваная толькі гвалтам і насіллем, агнём ды мячом. Праўда, была і барацьба паміж святарамі новай веры і чараўнікамі, прыхільнікамі язычніцтва, але ўсё ж такі хрысціянскія погляды пераймаліся, як і ўся культура, адносна мірным шляхам. Яны выціскалі з жыцця грамадства старыя, язычніцкія погляды, часта зліваючыся з імі. Так, святы прарок Ілля стаў падобны да Перуна. Язычніцтва ў асноўным заставалася бытавой рэлігіяй сялянства з яго натуральнай гаспадаркай, патрыярхальным ладам жыцця, моцнай залежнасцю ад сіл прыроды. Многія сяляне патаемна выконвалі язычніцкія абрады. Гарадское супольнае жыццё, наадварот, схіляла да разумення і ўспрыняцця палажэнняў хрысціянскай рэлігіі, яе сімволікі. Такім чынам, стваралася двухвер’е, якое існавала на тэрыторыі Беларусі з даўнейшых часоў, існуе сёння і дазваляе славянскаму язычніцтву мірна ўжывацца з усходнім і заходнім хрысціянствам.

Сёння ў памяці беларускага народа жывуць розныя язычніцкія міфалагічныя ўяўленні аб існаванні “таго свету”, святкуюцца “дзяды” і “радаўніца”, апавядаюцца гісторыі пра русалак, лесавікоў, чарцей, ведзьмаў. Працягваецца традыцыя паважлівых адносін да агню, у фальклоры ўслаўляюцца сонца, месяц, зоркі, дрэвы, рэкі і г. д. Захоўваюцца некаторыя язычніцкія абрады – гуканне вясны, купалле, валачобніцтва, юр’еўскія і траецкія звычаі. Але ўсе яны страцілі цяпер сваю магічную сілу, сталі хутчэй за ўсё гістарычнымі традыцыямі і абрадамі беларускага народа.

Увядзенне хрысціянства садзейнічала развіццю культуры на беларускіх землях. Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры з’яўляецца манументальная архітэктура. У Х – ХІІІ стст. у архітэктуры Еўропы дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя раманскія пабудовы вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы абавязкова ўжываўся часаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. Рысы раманскага стылю ёсць у многіх помніках беларускага дойлідства.

З прыняццем хрысціянства бярэ пачатак каменна-цаглянае будаўніцтва, узвядзенне манументальных культавых пабудоў. На пачатковым этапе рускія дойліды пераймалі візантыйскія архітэктурныя формы, потым іх пераасэнсавалі ў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі, традыцыямі.

Будаўніцтву сабораў на Русі надавалася дзяржаўнае і палітычнае значэнне. Цэрквы былі не толькі культавымі ўстановамі, але і важнейшымі цэнтрамі інфармацыі аб палітычных, рэлігійных і грамадскіх справах і падзеях. У іх захоўваліся казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен цэркваў праходзілі сходы гараджан. Пры храмах і манастырах навучалі грамаце, тут пісаліся славутыя рускія летапісы.

У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку, следам за Кіевам і Ноўгарадам, быў пабудаваны старажытнейшы з вядомых на тэрыторыі Беларусі мураваны Сафійскі сабор (Сафія – гэта ўвасабленне Слова Божага, другога твару Троіцы). Ён меў шмат агульнага з наўгародскай Сафіяй. Будаўнічым матэрыялам была плітачная цэгла і брукаваны камень. План храма адрозніваецца строгай сіметрыяй. Унутраная прастора падзялялася 16 слупамі на пяць ўздоўжных нефаў[6]. Пасярэдзіне будынка змяшчаўся галоўны купал, вакол якога групаваліся яшчэ 4 меншых. Сцены ўнутры сабора былі распісаны фрэскамі і ўпрыгожаны мазаікай. Сабор неаднаразова перабудоўваўся, апошні раз – у ХVІІІ ст. у стылі віленскага барока.

У ХІІ ст. у Віцебску была пабудавана Благавешчанская царква, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і канчаткова разбурана ў 1961 г. Храм аднаапсідны[7], трохнефавы, шасціслупавы, нагадвае заходнееўрапейскія базілікі[8]. Царква мела багаты фрэскавы роспіс: фігуры святых, ілюстрацыі да біблейскіх сказанняў. Не выключана, што грэчаскіх майстроў-будаўнікоў храма прывезлі з сабой полацкія князі, калі вярталіся ў 1140 г. з візантыйскай ссылкі.

У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацку быў пабудаваны Спаса-Праабражэнскі (Спаса-Ефрасіннеўскі) сабор, які захаваўся амаль цалкам. Храм лічыцца вяршыняй полацкай архітэктуры. Ён уяўляе сабой вежападобны, выцягнуты ў плане шасціслуповы будынак з адной паўкруглай апсідай. У прыгарадзе Полацка – Бельчыцах, якія магчыма былі загараднай рэзідэнцыяй полацкіх князёў, у ХІІ – ХІІІ стст. былі пабудаваны Вялікі сабор, Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы, а таксама Манастырскі дом, які меў выцягнутую форму і акрамя ўсходняй апсіды яшчэ два адкрытыя ўнутр паўкруглыя выступы (конхі). Падобныя тыпы храмаў (трыконхі) былі распаўсюджаны на Балканах і Афоне.

З пабудоў ХІІ ст. трэба адзначыць трохапсідную, чатырохслуповую Барысаглебскую царкву ў Новагародку (на рэштках старажытнай мураванай пабудовы ў ХVІ ст. узведзена новая) і царкву ў Тураве, якая была пабудавана з плінфы спосабам роўнаслойнай муроўкі на растворы з дамешкай цамянкі (дробна тоўчанай цэглы). У 1949 г. у раскопках Мінскага Замчышча знойдзены падмурак старажытнай каменнай царквы, якая па невядомых прычынах не была дабудавана.

Яскравай і самабытнай з’яўлялася гродзенская архітэктурная школа. У ХІІ ст. былі пабудаваны царква Барыса і Глеба на Каложы на ўскраіне старажытнага Гродна, Крэпасныя вежы, Ніжняя царква на тэрыторыі гродзенскага дзядзінца, гродзенская Прачысценская царква, а таксама храм, заложаны на Ваўкавыскім Замчышчы. Спалучэнне чырвонага фону цаглянай кладкі з умураванымі разнакаляровымі керамічнымі маёлікавымі пліткамі і паліраванымі камянямі надавалі архітэктурным ансамблям маляўнічасць і непаўторнасць. Для паляпшэння акустыкі ў сцены ўмуроўвалі збаны-галаснікі.

У ХІІІ ст. у манументальным будаўніцтве пачынаюць пераважаць абарончыя збудаванні, што звязана з узмацненнем ваеннай пагрозы з боку крыжакоў і татара-манголаў. У апошняй чвэрці ХІІІ ст. у Камянцы (каля Брэста) была ўзведзена 30метровая вежа абарончага значэння – Белая вежа, якая захавалася да нашага часу. Круглая ў плане, яна мае пяць ярусаў з байніцамі на кожным з іх. Маюцца звесткі пра тое, што такія ж вежы былі ў Гродне, Тураве і, магчыма, у Полацку.

Састаўной часткай культуры беларускіх зямель з’яўлялася вусная народная творчасць: песні, быліны, легенды, прымаўкі, казкі, плачы-галашэнні, загадкі. Глыбокімі і каларытнымі былі песенныя цыклы, якія выконваліся на вяселлях, пахаваннях і каляндарных святах. Усе гістарычныя быліны прасякнуты пачуццём патрыятызму, гордасці за сваіх герояў, клопатам аб лёсе ўсіх рускіх зямель. У былінах полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч паказваецца храбрым і справядлівым воінам, здольным да пераўвасаблення то ў ляснога сокала, то ў шэрага ваўка, то ў гнядога тура. Некаторыя народныя паданні пазней былі ўнесены ў летапіс. Такім паданнем, напэўна, было апавяданне пра лёс гордай палачанкі Рагнеды.

З хрысціянствам звязана ўвядзенне і пашырэнне пісьменнасці. З’явіліся богаслужэбныя кнігі, перакладная літаратура, філасофскія трактаты. З грэчаскай мовы запазычаліся некаторыя словы (напрыклад “тетрадь”, “лампа”), рускім людзям даваліся грэчаскія імёны – Андрэй, Аляксандр, Георгій, Соф’я. Русь пераймала грэчаскія кнігі, многія з якіх перакладаліся на рускую мову. Былі сярод іх сачыненні пра стварэнне свету, пра біблейскіх герояў, аб рымскіх палкаводцах, “жыцці святых” і г. д.

У адрозненне ад каталіцкіх краін Захаду ў культуры і справаводстве Русі прымянялася родная мова. Разам з перакладнымі кнігамі з’яўляюцца і арыгінальныя сачыненні, у тым ліку рускія летапісы. Маюцца звесткі аб тым, што летапісанне вялося ў Полацку, Тураве, Новагародку.

Вакол царквы і манастыроў групаваліся адукаваныя людзі, у іх ці пры іх існавалі школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, збіраліся бібліятэкі. Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца: вядомае Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), Рэймскае Евангелле (ХІ ст. – названае так па месцу знаходжання ў муніцыпальнай бібліятэцы г. Рэймса ў Германіі), служэбнік Валаама Худынскага (канец ХІІ – пачатак ХІІІ стст.), Аршанскае Евангелле (ХІІІ ст.) і некаторыя іншыя. Асноўная частка старых рукапісных кніг загінула ў пажарах, была разрабаваная ў перыяд міжусобных войнаў. Шмат помнікаў старажытнай культуры, у тым ліку кніг, было знішчана пазней езуітамі і іншымі каталіцкімі манаскімі ордэнамі.

З прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду нашай гісторыі мы павінны адзначыць: у Смаленску – Клімента Смаляціча, у Тураве – Кірылу Тураўскага, у Полацку – князёўну Прадславу-Ефрасінню.

Клімент Смаляціч жыў у 1 палове ХІІ ст. Як паведамляе летапіс, гэта быў кніжнік, раўні якому не было на ўсёй Русі. Жыў ён у манастыры, але больш быў вучоным, як манахам. У яго келлі побач з кнігамі Святога Пісьма можна было знайсці і кнігі айцоў царквы (так звалі багасловаў, якія сфарміравалі дагматыку, правілы богаслужэння, законы ўнутранага жыцця). З іх ён атрымліваў звесткі пра антычных аўтараў: Гамера, Платона, Арыстоцеля. Паводле звестак, дайшоўшых да нас, Клімент напісаў шмат кніг, казанняў (пропаведзяў), пасланняў, тлумачэнняў. З усіх гэтых матэрыялаў да нашага часу дайшло толькі адно пасланне, напісанае Кліментам смаленскаму святару Фаме. Клімент Смаляціч з 1147 па 1154 гг. з’яўляўся мітрапалітам Кіеўскім.

Кірыла Тураўскі – другі прадстаўнік асветы ХІІ ст. – паходзіў з сям’і заможных гараджан. Вучылі яго грэкі. Потым ён стаў манахам. Калі вызвалілася епіскапская кафедра ў Тураве, яго абралі епіскапам. Праваслаўная царква прылучыла Кірылу Тураўскага да ліку святых. Гэта быў не толькі кабінетны вучоны, але і выдатны царкоўны аратар. Імя яго сустракаем у агульных курсах рускай літаратуры старажытнага перыяду. Прамовы Кірылы ўяўляюць сабою ўзоры царкоўнага красамоўя таго часу. Яго казанні і павучанні створаны на асновах візантыйскай рыторыкі. Сучаснікі далі яму назву Залатавуснага (задоўга да Кірылы жыў выдатны царкоўны аратар, адзін з айцоў усходняй (праваслаўнай) царквы Іаан (каля 350 – 407 гг.), якога за красамоўства назвалі Залатавусным). І гэтае найменне з поўным правам застаецца за ім да нашага часу.

Прадслава-Ефрасіння, князёўна полацкая, таксама жыла ў ХІІ ст. Яна была ўнучкаю знаёмага нам полацкага князя-чарадзея Усяслава. Як апавядаюць паданні, яна сваёю прыгажосцю і розумам стаяла вышэй за ўсіх сваіх сучасніц. Жаніхі шукалі рукі князёўны, але яна адмаўлялася ісці замуж. Бацькі хацелі аддаць яе замуж прымусам. Дазнаўшыся аб гэтым, яна цішком пакінула родную сям’ю і ўцякла ў жаночы манастыр, на чале якога стаяла яе цётка. Калі бацькі даведаліся пра гэта, яны прасілі яе вярнуцца дадому. Прадслава ж засталася ў манастыры і праз некаторы час прыняла пострыг.

Яшчэ ў доме бацькоў Прадслава любіла ў час адпачынку чытаць кнігі. Чытанне ў тыя часы было рэдкаю з’явай у грамадстве. Прыняўшы манаства, яна стала працаваць над перапісваннем кніг. Вакол яе аб’ядноўваліся шматлікія паслядоўнікі асветы і кніжнасці. Манастыр, у якім жыла і працавала Прадслава-Ефрасіння, паступова стаў буйным рэлігійным і культурным цэнтрам, адкуль кнігі разыходзіліся па ўсіх заходніх землях Русі. У сталым узросце Прадслава здзейсніла паломніцтва ў Палесціну і Ерусалім. Там яна і памерла ў 1173 г. Мошчы Ефрасінні Полацкай спачываюць цяпер у пабудаваным ёю Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, які захаваўся амаль цалкам.

З імем полацкай князёўны звязаны такі помнік гісторыі і культуры, як крыж Ефрасінні Полацкай, створаны мясцовым майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. Яго асновай з’яўлялася кіпарысавае дрэва. Зверху і знізу дрэва закрывалі залатыя пласціны (усяго 21), аздобленыя каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і абразкамі, якія былі выкананы ў тэхніцы перагародкавай эмалі. Па майстэрстве выканання твор Лазара Богшы не саступаў лепшым візантыйскім узорам, вырабленым у гэтай найтанчэйшай тэхніцы. Шасціканцовы крыж меў вышыню каля 52 см, пасярэдзіне ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі. Яго бакі былі абкладзены срэбнымі з пазалотаю пласцінамі, выкананымі ў тэхніцы ціснення. Крыж быў абведзены шнурком перлаў.

Крыж Ефрасінні Полацкай з’яўляецца не толькі выдатным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і каштоўным помнікам старажытнабеларускага пісьменства. Зробленыя на крыжы надпісы ўмоўна падзяляюць на дзве часткі. У першай частцы паведамляецца аб годзе стварэння святыні, кошце матэрыялаў і працы, у другой жа запісаны праклён таму, хто знясе крыж са Спаскай царквы, якой падаравала яго Ефрасіння.

Няпросты лёс напаткаў крыж Ефрасінні Полацкай, шмат разоў змяняў ён уладальнікаў і месцазнаходжанне. Ужо на мяжы ХІІ – ХІІІ стст. яго вывезлі з Полацка смаленскія князі, у ХVІ ст. крыж ненадоўга трапіў у рукі маскоўскіх князёў, а затым захоўваўся ў Сафійскім саборы, які належаў уніятам. Пасля скасавання уніі ён быў вернуты ў Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. З 1929 г. крыж знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі. У гады Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і яго месцазнаходжанне невядома. У 90я гады брэсцкім майстрам М. Кузьмічом была зроблена дакладная копія гэтага крыжа.

Вялікае развіццё ў беларускіх землях атрымала прыкладное мастацтва. Нават звычайныя прадметы з дрэва, косці, гліны, металу ўпрыгожваліся разьбою, інкрустацыяй. Своеасаблівая ў гэтым сэнсе прыгажосць керамікі ХІ – ХІІІ стст. У ёй мы не знойдзем яскравасці маляўнічых спалучэнняў эмалі, пераліваў сонечнага спектра шкла. Яе прыгажосць выяўлялася ў строгасці і стрыманасці каляровых гучанняў, у шурпатасці, аксамітнасці груба зробленай фактуры.

Трохі іншы характар мелі прадметы, прызначаныя для феадальнай арыстакратыі, заможных гараджан. Яны часта ўпрыгожваліся выявамі фантастычных звяроў і птушак, выкананымі ў асаблівай манеры – “звярыным стылі”. Любімымі сюжэтамі старажытнарускага прыкладнога мастацтва былі геральдычныя львы. Узорамі тонкай разьбы па каменю і косці з’яўляюцца шахматныя фігуркі, знойдзеныя ў Гродне і Ваўкавыску.

Пра высокае мастацкае майстэрства тагачасных умельцаў гавораць прадметы хрысціянскага культу. Сярод іх вылучаюцца найтанчэйшай мастацкай разьбой абразкі з шэрага шыферу, знойдзеныя ў час раскопак на гарадзішчы Мінска. Адзін з гэтых абразкоў выяўляе ўшанаваных у старажытнасці святых у поўны рост з фігураю Хрыста ў верхняй частцы. Твары і ўсё аблічча святых у многім нагадваюць нам беларускіх сялян.

Для стварэння прадметаў хатняга побыту, зброі, прылад працы і ўпрыгожванняў выкарыстоўваліся розныя металы: жалеза, бронза, медзь, срэбра, золата. Тэхніка іх апрацоўкі ў ХІ – ХІІІ стст. дасягнула высокага ўзроўню. У беларускіх гарадах былі распаўсюджаны амаль усе вядомыя ў Еўропе тэхнічныя спосабы апрацоўкі металаў: плаўка, ліццё, коўка, залачэнне дроту, гравіраванне, упрыгожванне металічных вырабаў эмаллю, чарненнем.

Такім чынам, багатая, яскравая і шматгранная культура беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ стст. стаяла ў шэрагу перадавых культур свайго часу, была часткай усходнеславянскай культуры.


РАЗДЗЕЛ ІІ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ І РОЛЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ЯГО ПАЛІТЫЧНЫМ, САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ РАЗВІЦЦІ (другая палова XIII – першая палова XVI стст.)