ГЛАВА 3. ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА. ВОЙНЫ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ ХVІ – ХVШ стст.

Першай вайной Рэчы Паспалітай, атрыманай ёй у спадчыну ад ВКЛ, была Лівонская. У падзеле Лівонскай спадчыны пачалі праяўляць зацікаўленасць яе суседзі: Швецыя, Польшча, ВКЛ, Данія і Расія. Згодна з пагадненнем паміж Расіяй і Лівонскім ордэнам (1554), апошні абавязваўся не заключаць дагавораў з ВКЛ. Пазней Лівонскі ордэн парушыў гэта абяцанне і заключыў абаронча-наступальны саюз з ВКЛ супраць Масквы. Гэта стала повадам для ўрада Івана Грознага пачаць у 1558 г. ваенныя дзеянні супраць Лівоніі. У 1559 г. Віленскі сейм прыняў уладанні Лівонскага ордэна пад пратэктарат. Аднак пасля таго як у лівонскую праблему ўмяшаліся Данія і Швецыя, 28 лістапада 1561 г. у Вільні было падпісана пагадненне, згодна з якім землі Лівонскага ордэна пераходзілі ў сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ. ВКЛ у Лівонскай вайне мела на ўвазе дзве мэты: 1) далучыць да сваіх уладанняў тэрыторыю Лівонскага ордэна; 2) не дапусціць Расію да Балтыйскага мора, г.зн. на заходнееўрапейскі рынак. У 1562 г. Расія перанесла ваенныя дзеянні на тэрытррыю Беларусі і ў 1563 г. захапіла Полацк, які адкрываў рускай арміі шлях на Вільню і Рыгу. Абраны каралём Стэфан Баторый (1576 – 1586) пачаў з наёмным войскам контрнаступленне супраць Расійскай арміі ў Лівоніі і на Беларусі. У 1579 г. быў адваяваны Полацк, пазней вызвалена Лівонія, а ваенныя дзеянні перанесены на рускую тэрыторыю. Знясіленыя 25гадовай барацьбой дзяржавы вымушаны былі пачаць мірныя перагаворы. У 1582 г. было падпісана Ям3апольскае перамір’е, згодна з якім Рэчы Паспалітай вярталіся ўсе землі, страчаныя падчас вайны, а таксама тэрыторыі ў раёне г. Веліжа, дзе адраджалаея мяжа, што існавала да 1514 г. Да Рэчы Паспалітай таксама адыходзіла большая частка Лівоніі.

У выніку Лівонскай вайны аказалася спустошанай і зруйнаванай паўночна-ўсходняя частка Беларусі, загінула шмат насельніцтва, знішчаны культурныя каштоўнасці.

На мяжы XVІ – ХVІІ стст. да актыўнан рускай палітыкі польскіх і літоўскіх феадалаў падштурхнула “смута” ў Расіі – барацьба працоўных мас супраць феадалаў. Таксама спрыяльныя ўмовы для правядзення актыўнай рускай палітыкі склаліся і ў тым, што 15 мая 1591 г. памёр брат цара – васьмігадовы царэвіч Дзмітрый – фактычны спадчыннік рускага прастола. У 1600 г. пачалі распаўсюджвацца чуткі, быццам царэвіч Дзмітрый выратаваўся. У ролі самазванца выступіў Грыгорый Атрэп’еў, беглы манах, які перабраўся пасля блуканняў па Расіі ў Рэч Паспалітую.

Арганізатарам пахода Лжэдзмітрыя ў Расію стаў другарадны чыноўнік Рэчы Паспалітай сенатар Юрый Мнішак. Абяцанне Лжэдзмітрыя перадаць частку рускіх зямель каралю Жыгімонту Вазе (1587 – 1632) і Мнішаку прымусіла караля, магнатаў і касцёл фінансаваць паход. Войска самазванца несла паражэнні, але Лжэдзмітрый заўсёды знаходзіў падтрымку насельніцтва, якое верыла ў “сапраўднасць” цара. 20 чэрвеня 1605 г. самазванец уступіў у Маскву і ў ліпені 1605 г. вянчаўся на царства. Праз год падман пачаў выкрывацца і масквічы зверглі Лжэдзмітрыя з прастолу.

Праз некаторы час з’віўся новы Лжэдзмітрый, які нібыта ў другі раз цудам выратаваўся ад смерці. Гэта быў паплечнік першага самазванца – дваранін Міхаіл Малчанаў. На дапамогу яму прыйшлі атрады польскіх магнатаў Лісоўскага і Ражынскага, а таксама Льва Сапегі. Але ж і ён пацярпеў паражэнне.

У 1609 г. польскі кароль Жыгімонт Ваза распачаў адкрытую інтэрвенцыю супраць Расіі. Рускае войска пацярпела паражэнне і рускім царом у жніўні 1610 г. быў абраны польскі каралевіч Уладзіслаў, сын Жыгімонта Вазы. Сам кароль узначаліў армію і, размясціўшыся на Дняпры, узяў Смаленск у аблогу. 3 чэрвеня 1611 г., калі ў Смаленску засталося 200 абаронцаў, горад капітуліраваў. Жыгімонт III абвясціў сябе рускім царом.

У 1611 г. у Ніжнім Ноўгарадзе было створана народнае апалчэнне супраць інтэрвентаў на чале з Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. У кастрычніку 1612 г. апалчэнцы вызвалілі Маскву. У 1613 г. на расійскі прастол быў абраны Міхаіл Раманаў, які быў сваяком Івана Грознага па жаночай лініі.

У снежні 1618 г. было заключана перамір’е на 14,5 гадоў у в. Дэуліна, паводле якога да Рэчы Паспалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі.

У 1632 – 1634 гг. Расія зрабіла спробу вярнуць сабе Смаленск. Гэта вайна ўвайшла ў гісторыю пад назвай Смаленскай. Яна была паспяховай для Рэчы Паспалітай і закончылася Паляноўскім мірным дагаворам, падпісаным у в. Семлеве на р. Паляноўцы. Рэч Паспалітая захавала за сабой усе землі, атрыманыя па Дэулінскаму дагавору, акрамя г. Сярпейска з невялікім пагранічным раёнам Севершчыны, якія адышлі да Расіі. Акрамя таго Уладзіслаў канчаткова адмаўляўся ад тытула маскоўскага цара.

Вясной 1654 г. пачалася чарговая вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай. Амаль адразу былі заняты 33 гарады. Шэраг з іх здаваліся без бою, бо сярод праваслаўнага насельніцтва ВКЛ былі моцныя прарасійскія настроі, а сярод мясцовай шляхты і духавенства вялася прапаганда, што за імі будуць захаваны іх правы і прывілеі, а тым, хто пяройдзе на царскую службу, гарантаваліся новыя ўладанні. Летам 1655 г. амаль уся Беларусь была занята рускімі войскамі. 31 ліпеня была захоплена Вільня.

Цяжкае становішча для Рэчы Паспалітай вырашыла выкарыстаць Швецыя. Летам 1655 г. шведскія войскі напалі на Польшчу і даволі хутка занялі большую частку Польшчы і Жамойць. У жніўні 1655 г. частка магнатаў ВКЛ на чале з канцлерам Янушам Радзівілам падпісалі ў Кейданах унію са Швецыяй, якая разрывала унію з Польшчай. У гэты час рускі цар Аляксей Міхайлавіч заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е (24 кастрычніка 1656 г.), у адпаведнасці з якім Польшча і Расія спынялі ваенныя дзеянні паміж сабою і аб’ядноўваліся для барацбы са шведамі. У маі 1657 г. супраць Швецыі выступілі Аўстрыя і Расія, у чэрвені – Данія. Шведы паступова выціскаліся з захопленых зямель.

Віленскае перамір’е прыпыніла рух расійскіх войск на яшчэ не занятыя тэрыторыі Беларусі. Разам з гэтым на акупіраваных землях расла незадаволенасць царскай адміністрацыяй. Узмацніліся антымаскоўскія тэндэнцыі і сярод дзеючых у Беларусі казакоў. На гэта паўплывала смерць Б.Хмяльніцкага ў 1657 г., на замену якому прыйшлі гетманы, што прытрымліваліся прапольскай палітыкі.

У 1658 г. баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй узнавіліся. Адначасова працягваліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. У 1660 г. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй быў падпісаны Оліўскі мірны дагавор. Амаль уся Лівонія адыходзіла да Швецыі. Толькі невялікая яе частка – Латгалія – засталася за Рэччу Паспалітай.

Пасля гэтага ўсё польскае войска было накіравана на Беларусь, дзе яно атрымала шэраг перамог. Ужо ў 1661 г. рускія войскі пакідаюць Мінск, Барысаў, Магілёў.

У далейшым вайна вялася з пераменным поспехам і пасля працяглых перамоў скончылася падпісаннем у 1667 г. Андрусаўскага перамір’я тэрмінам на 13,5 гадоў. У адпаведнасці з яго ўмовамі да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства з усімі паветамі і гарадамі, Старадубскі павет, Чарнігаўскае ваяводства і Левабярэжная Украіна. Кіеў з акругай у адну мілю быў перададзены Расіі на два гады. У 1686 г. у Маскве быў падпісаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай “вечны мір”, у адпаведнасці з якім Польшча канчаткова адмовілася ад Кіева, атрымаўшы грашовую кампенсацыю.

Не абмінула Беларусь і Паўночная вайна (1700–1721). Данія, Расія, Саксонія і Рэч Паспалітая (саксонскі курфюрст Аўгуст II быў адначасова і каралём Рэчы Паспалітай – з 1697 г.) заключылі саюз супраць Швецыі. Кожная з саюзных дзяржаў мела свой уласны тэрытарыяльны інтарэс. Аўгуст II быў зацікаўлены ў тым, каб далучыць да Саксоніі ці да Рэчы Паспалітай тэрыторыю Ліфляндыі і Эстляндыі, стаць цвёрдай нагой на берагах Фінскага заліва.

Ваенныя дзеянні распачаў Аўгуст II. Праз некаторы час Данія пацярпела паражэнне ад Карла XII у Гальштыніі і выйшла з вайны. Засталіся Аўгуст II і Пётр I. У 1702 г. Карл ХІІ перанёс асноўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, спадзеючыся бліскучай перамогай хутка скончыць усю вайну. Удала выкарыстаўшы сепаратысцкія настроі шляхты на чале з вялікім гетманам літоўскім Казімірам Янам Сапегам, усяго за некалькі месяцаў Карл ХІІ здолеў захапіць Вільню, Гродна і Варшаву. У 1704 г. шведы дамагліся ад Варшаўскай канфедэрацыі абрання новага караля, якім стаў познанскі ваявода Станіслаў Ляшчынскі. У сваю чаргу Аўгуст ІІ звярнуўся за дапамогай да Расіі і восенню 1704 г. у ВКЛ увайшла буйная армія Пятра І, да якой далучыліся атрады Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, што надало баявым дзеянням характар грамадзянскай вайны.

На працягу 1705 – 1706 гг. шведская армія заваявала большую частку Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. У 1707 – 1708 гг. баявыя дзеянні перанесліся на ўсходнебеларускія землі . Расійскія войскі вымушаны былі паступова адыходзіць на поўдзень. Менавіта на ўсходзе Беларусі адбылося і першае значнае паражэнне шведскай арміі – 28 верасня (9 кастрычніка) 1708 г. пад в. Лясная (Слаўгарадскі раён) быў разбіты 16тысячны корпус генерала А. Левенгаўпта і захоплены вялікі абоз. Гэта перамога шмат у чым паспрыяла разгрому войска Карла ХІІ 27 чэрвеня (8 ліпеня) 1709 г. у час славутай Палтаўскай бітвы.

У далейшым Рэч Паспалітая практычна не прымала ўдзелу ў ходзе Паўночнай вайны, якая і так паглыбіла яе гаспадарчы заняпад. На Беларусі за яе гады на трэць скарацілася колькасць насельніцтва.

Такім чынам, амаль бесперапынныя войны, якія вяла Рэч Паспалітая ў другой палове ХVІ – XVIII ст. прывялі да страты ёю ранейшага становішча на міжнароднай арэне. Яны спрычыніліся і да эканамічнага крызісу дзяржавы, а таксама прывялі да велізарных дэмаграфічных страт.

 

ГЛАВА 4. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ (другая палова XVI – канец XVIII стст.)

Напярэдадні Люблінскай уніі на Беларусі пражывала 1 800 тыс. жахароў, якія па свайму сацыяльна-эканамічнаму становішчу адносіліся да чатырох саслоўяў: шляхты, сялян, мяшчан, духавенства. Шяхецкае саслоўе дзялілася на групоўкі паводле сваёй эканамічнай моцы. Найбольш буйнымі былі магнаты, якія мелі маёнткі на Беларусі і валодалі не менш як 1000 – 500 сялянскіх “дымоў”. Яны складалі сенатарскае саслоўе і валодалі ў 1568 г. 48,4% сялянскіх гаспадарак.

Самай шматлікай была група дробнай шляхты, якая налічвала больш за 3 тыс. чалавек і ў пануючым класе складала больш за 70%, але ў яе руках былі толькі 28% сялянскіх гаспадарак.

Сярэдні пласт шляхты налічваў 650 феадалаў, якія складалі 16% пануючага класа.

Ніжэйшым пластом (142 шляхцічы) была пешая шляхта, якая складала 3,6% пануючага класа і не мела сялянскіх гаспадарак.

У сярэдзіне XVI ст. шляхта, як ваенна-служылае саслоўе, пачала разлагацца знутры: шукала багацця праз рамяство і гандаль. У 1633 г. сейм абвясціў, што не толькі шляхціч, але і яго нашчадкі назаўсёды будуць пазбаўлены шляхецкіх правоў за ганебныя для шляхецкай асобы справы: гандаль ці шынкарства.

Самым шматлікім саслоўем феадальнага грамадства былі сяляне. На становішча сялян вялікі ўплыў аказала так званая “Валочная памера”. Аграрная перабудова гаспадаркі, згодна з “Уставай на валокі”, была вызначана каралём у 1557 г. Незалежна ад мясцовых асаблівасцей рэформы, яе вынікі ўсюды былі аднолькавыя: заснаванне фальваркавай гаспадаркі, канчатковае запрыгоньванне сялян, павелічэнне сялянскіх павіннасцей, рост даходаў дзяржаўнага скарбу і шляхты. Пад фальварак адводзілася лепшая ворная зямля памерам у 8 – 15 валок. Сяляне атрымлівалі ў спадчыннае карыстанне ад валокі да паўвалокі зямлі, якая заставалася маёмасцю феадала. Велічыня валокі павінна была складаць 21,37 га.

У выніку рэформы адбыліся змены ў прававым становішчы сялян. Сяляне да рэформы складалі такія асноўныя групы: чэлядзь нявольная, людзі “пахожыя”, “непахожыя”, сяляне-слугі. Пасля рэформы сяляне дзяліліся на наступныя катэгорыі: цяглыя – яны павінны былі адбываць паншчыну па 2 дні на тыдзень, талокі, гвалты, плаціць чынш ад 6 да 21 гроша з валокі і натуральны аброк; асадныя – гэта былі аброчныя сяляне, яны не хадзілі на паншчыну, а плацілі 30 грошаў чыншу і адбывалі астатнія павіннасці нароўні з цяглымі, яны былі менш залежныя, чым цяглыя; агароднікі – не мелі палявой зямлі, толькі агарод, халупнікі мелі толькі хату, а кутнікі туліліся ў кутках хат багатых сялян; сяляне-слугі – рамеснікі, конюхі – яны былі больш заможныя. Вышэйшую групу ўтваралі ваенна-служылыя людзі: баяры-путныя, баяры-панцырныя. З гэтай групы рэкруціраваўся шляхецкі стан.

У выніку аграрнай рэформы адбыліся амаль што рэвалюцыйныя змены:

1) была разбурана сялянская абшчына ў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, дзе пачало ўкараняцца падворнае землекарыстанне;

2) змяніліся катэгорыі сялян, іх прававое і эканамічнае становішча: адны групы сялян зніклі, іншыя апынуліся ў большай залежнасці ад пана; завяршыўся працэс запрыгоньвання сялян;

3) сялянская гаспадарка пачала ўцягвацца ў рыначныя адносіны, што вяло да дыферэнцыяцыі вёскі;

4) псіхалогія абшчыннага калектывізму пачала замяшчацца псіхалогіяй індывідуалізму.

З другой паловы XVII ст. пачынаецца эканамічны заняпад Беларусі. Ён быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, разбурэннем гаспадаркі, як у выніку антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбы, так і ў значнай меры ў выніку знешніх войнаў. Аднаўляць разбураную гаспадарку пачалі з раздачы зямлі сялянам і пераводу іх на грашовы і натуральны аброк. Да 60х гадоў XVIII ст. сельская гаспадарка была ў асноўным адноўлена: павялічылася плошча ворных зямель, павялічылася пагалоўе прадукцыйнай жывёлы. У другой палове ХVІІІ ст. улады Рэчы Паспалітай пачалі рэфармаванне эканомікі. Кіраваў гэтымі працэсамі А. Тызенгаўз.

З аднаўленнем гаспадаркі вярталася паншчына і павялічваліся павіннасці.

Маемасная дыферэнцыяцыя вёскі стварала рынак працоўных рук. Наёмныя рабочыя атрымлівалі грашовую плату і плату натурай.

Побач з тэндэнцыяй да росту землеўладанняў свецкіх феадалаў з другой паловы XVIII ст. назіралася і іншая тэндэнцыя – перадача маёнткаў у заклад, якія з цягам часу пачалі пераходзіць ва уласнасць крэдытораў. Гэта быў першы эканамічны парастак капіталізму ў нетрах феадалізму.

Другім парасткам было з’яўленне ў буйной памеснай гаспадарцы прадпрымальніцтва і прадпрыемстваў-мануфактур. Найбуйнейшымі феадальнымі прадпрыемствамі былі: Урэцкі і Налібоцкі шкляныя заводы князёў Радзівілаў, фаянсавы завод князя Агінскага і інш.

Яшчэ адным саслоўем былі мяшчане – жыхары гарадоў. На працягу ХVІ – першай паловы XVII ст. колькасць гарадоў дасягнула 37. Саслоўе мяшчан павялічвалася за кошт вольных сялян, уцекачоў і прыгонных.

Да першай паловы XVIII ст. магдэбургскае права мелі ўсе буйныя гарады. Магістрат быў вышэйшым органам самакіравання.

Саслоўе мяшчан складалася з заможных вярхоў (багатыя купцы і частка майстроў), сярэдняга пласта (пераважна частка майстроў і гандляроў) і беднаты. За межамі гарадской абшчыны знаходзіліся наёмныя людзі (землякопы, грузчыкі, вадавозы і г.д.).

Юрысдыкцыі магістрата не падлягалі сяляне, якіх пасялялі ў горадзе феадалы (мяшчане прыватных “юрыдык”), а таксама татары і яўрэі, што мелі свае судова-адміністрацыйныя органы.

Асновай эканамічнага жыцця гарадоў былі рамёствы і гандаль. У крыніцах таго часу ўпамінаецца каля 200 прафесій і спецыяльнасцей: па апрацоўцы металу, дрэва, скураной і футравай вытворчасці і г.д.

У той час пачалі стварацца ўласныя карпарацыі рамеснікаў – цэхі. Звычайна ў цэхі ўваходзіла 60 – 70 чалавек. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (адной прафесіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Цэхавыя статуты рэгламентавалі вытворчую дзейнасць цэха, імкнуліся ахоўваць сваіх рамеснікаў ад канкурэнцыі на рынку. Рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхі, называлі “партачамі”.

Пашыраўся гандаль як унутраны, так і знешні. Найбольш трывалыя сувязі былі з Расіяй, Польшчай, Левабярэжнай Украінай, Рыгай, з краінамі Заходняй Еўропы. У Заходнюю Еўропу з Беларусі вывозілася жыта, лес і іншыя тавары лясной і сельскай гаспадаркі. Завозілася на Беларусь футра, абутак, мыла, жалеза, сталь, свінец і г.д.

Пастаяннай пагрозай для купецтва было самавольства шляхты, якая рабавала купцоў, разганяла кірмашы. Каб абараніць свае інтарэсы, ствараліся цэхі купцоў, якія рэгулявалі парадак куплі і продажу тавараў і іншыя справы.

Будаваліся новыя шляхі зносін. У 1784 г. было завершана будаўніцтва канала Агінскага, які злучаў Нёман з Прыпяццю. У 1781 г. пачалося будаўніцтва Днепра-Бугскага канала.

Такім чынам, сельская і гарадская гаспадарка Беларусі да сярэдзіны XVIII ст. была ў асноўным адноўлена.