ГЛАВА 1. БУРЖУАЗНЫЯ РЭФОРМЫ. ПЕРАХОД ДА КАПІТАЛІСТЫЧНАЙ ГАСПАДАРКІ

§ 1. Адмена прыгоннага права

Прычыны і падрыхтоўка сялянскай рэформы. Адмену прыгоннага права ў Расійскай імперыі абумовілі дзве галоўныя прычыны: існаванне прыгонніцтва стрымлівала эканамічнае развіццё дзяржавы; узрастанне антыпрыгонніцкага руху, перш за ўсё сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. У сярэдзіне ХІХ ст. Расія заставалася адной з нямногіх вялікіх дзяржаў, дзе захавалася права адных людзей валодаць другімі. Ужо не менш як пяць дзесяцігоддзяў пытанне аб прыгонніцтве займала цэнтральнае месца ў ідэалагічных спрэчках розных кірункаў грамадскай думкі Расіі. Але толькі паражэнне ў Крымскай вайне 1853 – 1856 гг. здолела прымусіць кіраўніцтва імперыі перайсці да непасрэднага вырашэння сялянскай праблемы. Ва ўрадавых колах разумелі, што рэформу лепш правесці “зверху”, інакш можна дачакацца адмены прыгонніцтва “знізу”.

Новы ўрад Расіі на чале з імператарам Аляксандрам ІІ пачаў падрыхтоўку да скасавання прыгону. Спачатку падрыхтоўка сялянскай рэформы вялася ў сакрэце ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт “для абмеркавання мер па ўладкаванні побыту памешчыцкіх сялян”. Члены камітэта спрачаліся наконт умоў адмены прыгоннага права. Адны прапаноўвалі остзейскі варыянт, г. зн. вызваленне сялян без зямлі; іншыя жадалі, каб цар узяў ініцыятыву на сябе і дараваў вольнасць сялянам ад свайго імя; некаторыя лічылі, што ўмовы вызвалення сялян павінны выпрацаваць памешчыкі.

Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў. Папершае, мясцовыя памешчыкі былі значна больш, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, уцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны з прычыны блізкасці да заходнееўрапейскага рынку. Падругое, увядзенне ў 1840-я гг. абавязковых інвентароў у тутэйшых памешчыцкіх гаспадарках прывяло памешчыкаў Беларусі да ўсведамлення хуткай і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі і, разлічваючы на больш выгадныя для сябе ўмовы адмены прыгонніцтва, яны мусілі першымі адгукнуцца на прапанову ўрада. Патрэцяе, для самадзяржаўя апазіцыйна настроенае польскае дваранства ўяўляла палітычную небяспеку, таму неабходна было найхутчэй пазбавіць яго магчымасці выкарыстаць сялянскія хваляванні ў сваіх нацыянальных інтарэсах.

Для расійскага ўрада было важна, каб ініцыятыва адмены прыгоннага права зыходзіла ад памешчыкаў – галоўнай сацыяльнай апоры ўлады. Паколькі памешчыкі асабліва не спяшаліся з прапановамі аб скасаванні прыгонніцтва, памешчыцкую “ініцыятыву” трэба было арганізаваць. Зрабіць гэта аказалася не вельмі цяжка. Яшчэ ў маі 1856 г. генерал-губернатар Віленскай, Ковенскай і Гродзенскан губерняў У.І. Назімаў на сустрэчы з Аляксандрам ІІ у Брэсце запэўніў імператара, што дваране яго генерал-губернатарства, бачачы вынікі вызвалення сялян у суседніх прыбалтыйскіх губернях, дзе сяляне атрымалі асабістую свабоду яшчэ ў пачатку ХІХ ст., пагадзіліся б на падобную рэформу. Летам 1857 г. Аляксандр ІІ зноў сустрэўся з У.І. Назімавым, цяпер ужо ў Вільні, і генерал-губернатар пацвердзіў, што памешчыкі паўночна-заходніх губерняў гатовы выступіць з ініцыятывай адмовы ад прыгоннага права.

Пад уплывам У.І. Назімава інвентарныя камітэты Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў прынялі рашэнне не займацца пытаннямі рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі, для чаго яны і былі калісьці створаны, а пагадзіліся бязвыплатна вызваліць сялян, пакінуўшы памешчыкам усю зямлю, у тым ліку і сялянскія надзелы. Гэта рашэнне У.І. Назімаў у верасні 1857 г. накіраваў міністру ўнутраных спраў. У кастрычніку ён асабіста прыехаў у Пецярбург і папрасіў даць яму далейшыя інструкцыі. 20 лістапада 1857 г. Аляксандр ІІ падпісаў і накіраваў рэскрыпт (прадпісанне) генерал-губернатару Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў У.І. Назімаву аб заснаванні з прадстаўнікоў мясцовых памешчыкаў трох губернскіх камітэтаў і адной агульнай камісіі ў Вільні для падрыхтоўкі мясцовых праектаў паляпшэння побыту памешчыцкіх сялян. Крыху пазней падобныя камітэты былі створаны і ў іншых губернях Расіі.

У рэскрыпце нічога не было сказана аб адмене прыгоннага права, але 21 лістапада 1857 г. у “Дадатковай адносіне” ўжо недвухсэнсоўна тлумачылася, што галоўным у “паляпшэнні быту памешчыцкіх сялян” з’яўляецца адмена прыгоннага права. Менавіта прыняцце гэтых двух дакументаў зрабіла незваротным працэс падрыхтоўкі да адмены прыгоннага права па ўсёй імперыі, а іх апублікаванне легалізавала абмеркаванне праблемы. Неабходнасць рэформы была публічна пацверджана. Стала зразумелым, што прыгоннае права дажывае апошнія гады. Пераважная большасць дваранскіх камітэтаў ва ўсіх губернях Расіі выказалася за вызваленне сялян без зямлі. Але такі варыянт ужо не адказваў патрабаванням часу, не мог даць пажаданага эфекту і быў адхілены ўрадам.

Заканадаўчая база адмены прыгоннага права. Маніфест і “Палажэнні” 19 лютага 1861 г. 19 лютага 1861 г. Аляксандр ІІ падпісаў “Маніфест” і зацвердзіў усе заканадаўчыя акты (іх было 17), якія тычыліся адмены прыгоннага права. Але апублікаваны гэтыя дакументы былі толькі 5 сакавіка 1861 г. Такі значны разрыў паміж датамі зацвярджэння царом заканадаўчых актаў і іх апублікаваннем для ўсеагульнага азнаямлення тлумачыцца тым, што патрэбна было не толькі надрукаваць неабходную колькасць экземпляраў гэтых аб’ёмных дакументаў, але і прыняць шэраг прэвентыўных (папераджальных) захадаў на выпадак сялянскіх хваляванняў, якія небеспадстаўна прагназаваліся ўладамі. Былі падрыхтаваны неабходныя вайсковыя часці ў сталіцах, а ў губерні для нагляду за парадкам накіраваны флігель-ад’ютанты, якія ў неабходных выпадках мелі права дзейнічаць ад імя цара.

Усе дакументы, апублікаваныя 5 сакавіка 1861 г., можна падзяліць на тры групы: агульныя палажэнні, мясцовыя палажэнні, дадатковыя правілы. З мясцовых палажэнняў непасрэдна тэрыторыі Беларусі тычыліся два: “Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Вялікарасійскіх, Новарасійскіх і Беларускіх” (пад гэта палажэнне падпадалі Магілёўская губерня і большая частка Віцебскай) і “Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і частцы Віцебскай” (ахоплівала астатнюю тэрыторыю Беларусі).

Правы сялян. Устаўныя граматы і выкупныя акты. У маніфесце і агульных палажэннях былі заканадаўча замацаваны ўсе агульныя для сялян асабістыя і маёмасныя правы, правы грамадскага кіравання, дзяржаўныя і земскія павіннасці. Галоўным звяном у заканадаўчых актах рэформы былі асабістыя правы сялян. У маніфесце падкрэслівалася, што адмена прыгоннага права з’яўлялася вынікам добраахвотнай ініцыятывы “шляхетнага дваранства”. У адпаведнасці з маніфестам былыя памешчыцкія сяляне абвяшчаліся асабіста свабоднымі і атрымлівалі шэраг грамадзянскіх правоў: заключаць ад свайго імя розныя грамадзянскія і маёмасныя пагадненні, адкрываць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, пераходзіць у іншыя саслоўі.

Агульныя палажэнні ўводзілі новую сістэму кіравання вёскай. Яна была заснавана на выбарнасці ніжэйшых службовых асоб. Сяляне, якія жылі на зямлі аднаго памешчыка, складалі сельскую грамаду (абшчыну). На сходзе сельскай грамады выбіраўся стараста. Некалькі сельскіх абшчын, якія адносіліся да аднаго царкоўнага прыхода, стваралі воласць. На валасным сходзе сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Сельскія і валасныя праўленні займаліся раскладкай і зборам падаткаў, выконвалі распараджэнні мясцовых улад, рэгулявалі пазямельныя адносіны сялян, сачылі за парадкам у вёсцы. За своечасовае выкананне ўсіх павіннасцей сяляне неслі адказнасць на аснове кругавой парукі. Валасны сялянскі суд вырашаў дробныя крымінальныя і грамадзянскія справы сялян і дзейнічаў паводле норм і традыцый звычаёвага права.

Першай інстанцыяй па ўрэгуляванні адносін паміж сялянамі і памешчыкамі з’яўляліся міравыя пасрэднікі, якія выбіраліся з мясцовых дваран і зацвярджаліся сенатам. Асноўным абавязкам міравых пасрэднікаў было садзейнічанне складанню ўстаўных грамат – нарматыўных актаў, дзе вызначаліся пазямельныя адносіны сялян і памешчыкаў. На складанне і падпісанне ўстаўных грамат адводзіліся два гады. Для непасрэднага правядзення рэформы на месцах ствараліся спецыяльныя органы – павятовыя міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы, дзейнасць якіх кантралявалі губернатары.

Спецыфіка “Мясцовых палажэнняў…” для беларускіх губерняў. Пазямельнае ўладкаванне сялян Беларусі ажыццяўлялася на аснове двух “Мясцовых палажэнняў…”. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе захавалася абшчыннае землекарыстанне, устанаўлівалася ніжэйшая (ад 1 да 2 дзесяцін) і вышэйшая (ад 4 да 5,5 дзесяціны) плошча зямлі на адну мужчынскую душу. Калі да рэформы ў карыстанні селяніна зямлі было больш за вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак на сваю карысць. У Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях існавала падворнае землекарыстанне. Тут сялянам пакідаўся іх дарэформенны надзел. Адрэзкі дазвалялася рабіць, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 усёй зямлі, але сялянскі надзел не мог быць скарочаны больш як на 1/6.

Уся зямля ў маёнтку прызнавалася ўласнасцю памешчыка, ў тым ліку і тая, якая знаходзілася ў карыстанні сялян. За карыстанне сваімі надзеламі асабіста свабодныя сяляне на працягу не менш як 9 гадоў (да правядзення выкупной аперацыі) павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку аброк, гэта значыць выконваць фактычна тыя ж павіннасці, што і ў часы прыгоннага права. Адмяняліся толькі дадатковыя зборы (яйкі, масла, лён, палатно і да т.п.), крыху скарачалася фурманачная павіннасць, забараняўся перавод сялян з аброку на паншчыну і ў дваровыя. Такое становішча сялян закон прызнаваў часовым. Таму асабіста свабодныя сяляне, якія працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыка, называліся часоваабавязанымі.

Да правядзення выкупной аперацыі ў Магілёўскай і Віцебскай губернях паншчына за вышэйшы надзел складала 40 мужчынскіх і 30 жаночых дзён у год (ці 8 рублёў аброку). У заходняй частцы Беларусі павіннасці памяншаліся на 10 % супраць інвентароў і вызначаліся наступным чынам: для паншчыны – не больш за 23 дні, для аброку – не больш як 3 рублі з дзесяціны ў год.

Выкупная аперацыя. Свой палявы надзел зямлі сяляне выкуплялі ва ўласнасць. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавыя для ўсёй Расіі. Выкупная сума за сялянскі надзел вылічвалася так, каб, паклаўшы яе ў банк пад 6 % гадавых, памешчык мог штогод атрымліваць даход, роўны гадавому аброку з гэтага надзела. Напрыклад, калі аброк з сялянскага надзелу складаў 6 рублёў у год, то агульная сума, якую селяніну трэба было заплаціць, складала 100 рублёў (6 р. – 6 %, 100 р. – 100 %). Ад 20 да 25 % выкупной сумы (у залежнасці ад велічыні надзелу) сяляне плацілі непасрэдна памешчыку. Астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер, якія можна было прадаваць, ці закладваць. У выніку такой аперацыі сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы. На працягу 49 гадоў трэба было вярнуць доўг у выглядзе выкупных плацяжоў, куды ўключаліся яшчэ і працэнты за пазыку. За гэты час сялянам даводзілася выплаціць да 300 % пазычанай ім сумы.

Такім чынам, агульная сума, якую сяляне вымушаны былі заплаціць за атрыманыя надзелы, значна перавышала рыначны кошт гэтай зямлі (у Беларусі – у 3 – 4 разы). Выходзіла, што сяляне не толькі выкуплялі зямлю, але і кампенсавалі памешчыкам страту іх уласнасці ў асобе селяніна. Праводзячы выкупную аперацыю, казна вырашыла і праблему спагнання дарэформенных даўгоў з памешчыкаў. У Беларусі, паводле даных за 1859 г., 59,8 % прыгонных сялян (увогуле па Расіі – 65 %) былі закладзены іх уладальнікамі ў розных крэдытных установах. Гэты доўг утрымліваўся з выкупной пазыкі памешчыкам, што вызваліла іх ад даўгоў і выратавала ад фінансавага банкруцтва.

Змены ў рэалізацыі рэформы, звязаныя з паўстаннем 1863 – 1864 гг. Істотныя змены ў ажыццяўленне сялянскай рэформы ў Беларусі ўнесла паўстанне 1863 – 1864 гг. Указ ад 1 сакавіка 1863 г. уводзіў абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губернях і ў інфлянцкіх паветах Віцебскай губерні. Сяляне пераставалі быць часоваабавязанымі і станавіліся ўласнікамі зямлі, выкупныя плацяжы зніжаліся на 20 %. 2 лістапада 1863 г. гэты ўказ распаўсюджваўся на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губерні. 9 красавіка 1863 г. у Беларусі былі створаны павятовыя камісіі для праверкі і выпраўлення ўстаўных грамат. Згодна з цыркулярам ад 18 кастрычніка 1863 г. абеззямеленым у 1846 – 1856 гг. сялянам выдаваўся 3дзесяцінны сямейны надзел і ў поўным аб’ёме вярталася зямля, адабраная ў іх з 1857 г. Паўстанне 1863 – 1864 гг. паўплывала і на становішча дзяржаўных сялян у Беларусі. Паводле закона 1867 г. яны пераводзіліся з аброку на выкуп і станавіліся ўласнікамі сваіх надзелаў. Зробленыя ўрадам саступкі палепшылі становішча сялян заходніх губерняў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі і стварылі больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму ў Літве і Беларусі.

Вынікі і значэнне аграрнай рэформы. Рэформа 1861 г. дала значны штуршок развіццю буржуазных адносін у Расіі. За некалькі дзесяцігоддзяў тут адбыліся такія пераўтварэнні, на якія ў некаторых краінах Захаду спатрэбіліся цэлыя стагоддзі. Разам з тым рэформа несла ў сабе шмат супярэчнасцей. У Расіі захавалася мноства феадальных перажыткаў, што стала адметнай рысай і асноўнай асаблівасцю расійскага капіталізму.

 

§ 2. Буржуазныя рэформы 60–70-х гадоў і контррэформы 80–90-х гадоў

Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-палітычнага ладу Расіі. Рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, якая стрымлівала развіццё капіталізму ў Расіі, – прыгоннае права. Але каб рухацца наперад да сапраўды буржуазнага грамадства, Расіі былі патрэбны іншыя рэформы дзяржаўна-палітычнага ладу. У 1860 – 1870-я гг. урад Аляксандра ІІ прыняў шэраг пастаноў аб правядзенні такіх рэформ: земскай, судовай, гарадской, ваеннай, школьнай і цэнзурнай.

Аднак у Беларусі гэтыя рэформы ажыццяўляліся са значнымі абмежаваннямі, якія былі выкліканы мерамі, што прымаліся ўрадам у сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг., у першую чаргу абвяшчэннем тут ваеннага становішча, якое было адменена толькі ў 1870 г.

Судовая рэформа. З усіх рэформ самай радыкальнай з’яўлялася судовая. Новыя судовыя статуты, прынятыя 20 лістапада 1864 г., уводзілі бессаслоўнасць у судзе. Абвяшчаліся нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда ад адміністрацыі, спаборніцтва і галоснасць судовага працэсу. Пры разглядзе крымінальных спраў прадугледжваўся ўдзел у судовым працэсе прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне, вінаваты падсудны ці не. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежалі ад урада. Працэс папярэдняга следства перадаваўся ад паліцыі судовым следчым. Значна скарачалася сістэма судаводства. Першай інстанцыяй стаў міравы суд з адзіным суддзёй, другой – павятовы з’езд міравых суддзяў, потым ішлі акруговыя суды (у губернях) і судовыя палаты (аб’ядноўвалі некалькі губерняў). Для ўсіх судоў імперыі існавала адзіная апеляцыйная інстанцыя – Сенат. Міравыя суддзі павінны былі выбірацца на павятовых земскіх сходах і ў гарадскіх думах. Члены судовых палат і акруговых судоў зацвярджаліся імператарам, а міравыя суддзі – сенатам. Нагляд за дзейнасцю судовых устаноў ажыццяўлялі пракуроры, якія падначальваліся непасрэдна міністру юстыцыі. Разам з тым судовая рэформа пакідала валасны суд для сялян (па грамадзянскіх і дробных крымінальных справах), духоўны суд (кансісторыю) па справах духавенства і ваенныя суды для вайскоўцаў. Вышэйшыя дзяржаўныя чыны падлягалі Вышэйшаму крымінальнаму суду.

У Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. Паколькі ў Беларусі адсутнічалі земствы, то міравыя суддзі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі. Акруговыя суды, судовыя палаты, прысяжныя засядацелі і прысяжныя павераныя з’явіліся ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных засядацеляў таксама зацвярджаўся ўладамі. Усё гэта было вынікам паўстання 1863 – 1864 гг. – самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі моцныя прапольскія настроі.

Земская рэформа. Земская рэформа, аб’яўленая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі непалітычнымі справамі. У Беларусі ў сувязі з падзеямі 1863 – 1864 гг. уводзіць выбарныя ўстановы ўрад не адважыўся. Палітыка недаверу мясцовым памешчыкам працягвалася аж да 1911 г., калі ва ўсходніх губернях Беларусі былі створаны земствы, і то згодна са спецыяльным выбарчым законам.

Гарадская рэформа. Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена гарадская рэформа (у Расіі прынята ў 1870 г.). Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога самакіравання – гарадской думы і гарадской управы на чале з гарадскім галавой. Пры выбарах членаў думы (гласных)права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту. Аднак гэтым правам маглі карыстацца не ўсе жыхары горада, а толькі тыя, хто плаціў гарадскія падаткі. У сваю чаргу яны падзяляліся на тры выбарчыя курыі (у залежнасці ад памеру выплачваемага ў гарадскую казну падатку). У першую ўваходзілі найбольш буйныя плацельшчыкі, якія плацілі трэць агульнай сумы гарадскіх падаткаў (такіх людзей у горадзе звычайна налічвалася некалькі дзесяткаў); у другую – сярэднія падаткаплацельшчыкі, што таксама плацілі трэць гарадскіх падаткаў (такіх было некалькі соцень); у трэцюю – дробныя падаткаплацельшчыкі, што выплачвалі астатнюю трэць агульнай сумы (іх было ў некалькі разоў больш, чым выбаршчыкаў 1-й і 2-й курый). Пры гэтым кожная курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы. Такім чынам, уведзеная сістэма гарадскога самакіравання забяспечвала ўладу купцам, прадпрымальнікам, уладальнікам нерухомасці. Напрыклад, у выбраных гарадскіх думах першага 4-годдзя дваране і духавенства складалі 15 % усіх гласных, у другім 4-годдзі – звыш 18 %, у трэцім – больш за 20 %. Домаўладальнікамі былі да 90 % гарадскіх гласных. У сваю чаргу, рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу насельніцтва гарадоў, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, бо не плацілі падаткі ў гарадскую казну.

Гарадская дума непасрэдна не падначальвалася мясцовай адміністрацыі, але нагляд за дзейнасцю думы ажыццяўляў губернатар праз спецыяльна створаныя губернскія ўстановы па гарадскіх справах. Гарадскі галава ў буйных гарадах зацвярджаўся на сваёй пасадзе міністрам унутраных спраў, а ў дробных – губернатарам. Кампетэнцыя органаў гарадскога самакіравання была абмежавана вузкімі рамкамі гаспадарчых пытанняў: добраўпарадкавання тэрыторыі горада, арганізацыі гарадскога гандлю і транспарту, народнай адукацыі і аховы здароўя, прыняцця санітарных і супрацьпажарных мер. Дума мела права абкладваць падаткамі маёмасць і прыбыткі прыватных асоб, але ў вельмі абмежаваных памерах – не больш за 1 % кошту нерухомасці альбо гандлёвага ці прамысловага прыбытку. Пры гэтым больш за палову сабраных сродкаў выкарыстоўвалася не на гарадскія, а на казённыя патрэбы – утрыманне паліцыі і органаў улады. Разам з тым, нягледзячы на значную абмежаванасць, рэформа гарадскога самакіравання ўсё ж замяніла былыя феадальныя саслоўна-бюракратычныя органы гарадскога кіравання на новыя, заснаваныя на буржуазным прынцыпе маёмаснага цэнзу. Рэформа спрыяла ўмацаванню пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гарадской гаспадаркі. Аднак феадальныя перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць гарадскую рэформу ў поўнай меры.

Ваенная рэформа. Рэфармаванне арміі ў Расіі пачалося ў 1862 г., калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе беларускія губерні) і ўведзены скарочаны тэрмін службы: ў сухапутным войску да сямі і на флоце да васьмі гадоў. У 1867 г. быў прыняты новы ваенна-судовы статут, які зыходзіў з прынцыпаў судовай рэформы 1864 г. Згодна з ім уводзіліся тры судовыя інстанцыі – палкавы, ваенна-акруговы і галоўны ваенны суд. На час вайны ствараўся Галоўны палявы ваенны суд. Рашэнні ваенных судоў падлягалі зацвярджэнню палкавога і акруговага военачальнікаў.

Разам з тым у расійскай арміі яшчэ працягваў дзейнічаць саслоўны прынцып камплектавання войска. І толькі закон 1874 г. увёў замест рэкруцкіх набораў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з 20-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (акрамя карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У сухапутных войсках тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у запасе, на флоце – адпаведна да 7 і 3 гадоў. Таксама ўводзіліся льготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі – 1,5 года, гарадскія вучылішчы – 3, пачатковыя школы – 4 гады. З увядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў Расіі былі фармальна рэалізаваны буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Але на практыцы саслоўнасць не была ліквідавана. Сярод расійскага афіцэрства пераважалі дваране, а ўвесь цяжар салдацкай службы неслі ніжэйшыя саслоўі, у асноўным сяляне, бо прывілеяваныя саслоўі дзякуючы высокай адукацыі і іншым ільготам фактычна вызваляліся ад службы ў войску.

Школьная рэформа. Рэфармаванне школьнай сістэмы (1864 г.) таксама мела буржуазны характар. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай адукацыяй. Для Беларусі і Літвы былі выпрацаваны спецыяльныя “Часовыя правілы для народных школ”. У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за работай школ, прымалі на працу і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ.

Агульную сярэднюю адукацыю давалі сямігадовыя гімназіі, якія падзяляліся на класічныя і рэальныя. У класічных гімназіях у аснове навучання знаходзілася выкладанне гэтак званых класічных моў – грэчаскай і лацінскай, а таксама гуманітарных дысцыплін. Рэальныя гімназіі павялічвалі аб’ём выкладання матэматыкі і прыродазнаўства за кошт старажытных моў. Выпускнікі класічных гімназій атрымлівалі права паступаць без экзаменаў ва універсітэты. Тым, хто скончыў рэальныя гімназіі, доступ ва універсітэты быў абмежаваны. Яны маглі паступаць пераважна ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы.

У 1871 г. рэальныя гімназіі былі пераўтвораны ў шасцікласныя рэальныя вучылішчы, у якіх рэзка скарачалася выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін і пашыралася вывучэнне прыкладных, тэхнічных навук. Выпускнікі гэтых вучылішчаў ужо не маглі паступаць у тэхнічныя інстытуты без экзаменаў, а прыём іх ва універсітэты быў забаронены. З гэтага ж года ў класічных гімназіях спынялася выкладанне прыродазнаўства, скарачалася на палову колькасць гадзін па літаратуры і гісторыі і адпаведна павялічваўся час на вывучэнне старажытных моў. Увогуле, з-за даволі высокай платы за навучанне магчымасць атрымаць добрую адукацыю мелі пераважна прадстаўнікі прывілеяваных і заможных саслоўяў. Для жыхароў Беларусі становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў краі не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы.

Цэнзурная рэформа. Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя цэнзура для твораў памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20. Выданні меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але толькі пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі права кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб друку – ад грашовага спагнання да закрыцця “нядобранадзейных” газет і часопісаў. Аднак гэта тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і выдавецтваў. У Беларусі да сярэдзіны 1880-х гг. усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы.

Значэнне рэформ. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870-х гг. ХІХ ст., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі да значных змен у палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым рэформы неслі ў сабе перажыткі феадалізму, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні і адтэрміноўкі ў правядзенні рэформ у Беларусі надавалі ім яшчэ больш абмежаваны і непаслядоўны характар у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі, рабілі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў беларускіх губернях складанай і супярэчлівай.

Умацаванне “традыцыяналісцкіх” пачаткаў ва ўрадавай палітыцы Беларусі. Пасля забойства народавольцамі Аляксандра ІІ на прастол уступіў яго другі сын Аляксандр ІІІ (1881 – 1894 гг.). Ва ўнутранай палітыцы Расіі адбыліся значныя змены. Урад Аляксандра ІІІ расцаніў дзеянні народавольцаў як праяўленне “заходніх тэндэнцый” і сканцэнтраваў сваю ўвагу на ўзмацненні “традыцыяналісцкіх” пачаткаў у палітыцы, эканоміцы і культуры. У 1880-х – пачатку 1890-х гг. з’явіўся шэраг заканадаўчых актаў, якія ў гістарыяграфіі ацэньваюцца як “контррэформы”, таму што яны мелі на мэце абмежаваць характар і дзеянне рэформ 1860 – 1870х гадоў. Менавіта таму, 1880 – 1890я гг. увайшлі ў гісторыю Расіі як перыяд контррэформ.

Традыцыяналізм урадавай палітыкі ў Беларусі, перш за ўсё, праяўляўся ў недапушчэнні гвалтоўнай ломкі ладу жыцця мясцовага насельніцтва, які склаўся гістарычна. Аднак, менавіта ў гэты час агульнаімперскае заканадаўства, адміністрацыйна-палітычнае кіраванне, сістэма адукацыі распаўсюджваюцца на ўсе “ускраіны” Расіі, у тым ліку і на Беларусь, без уліку іх нацыянальных асаблівасцей.

Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі ў Беларусі. Асновай усёй дзейнасці ўрада Аляксандра ІІІ стала ярка выяўленая саслоўная палітыка. Яна была скіравана ў першую чаргу на падтрыманне эканамічнага і палітычнага статусу дваранства. Перавага, як і ў часы Аляксандра ІІ, аддавалася рускім землеўладальнікам. У 1885 г. быў заснаваны Дваранскі пазямельны банк. У Беларусі ён даваў права “рускім землеўладальнікам” (у тым ліку праваслаўным памешчыкам Беларусі) карыстацца крэдытам пад заклад іх зямель на льготных умовах. У інтарэсах дваран-землеўладальнікаў у 1886 г. было выдадзена “Палажэнне аб найме на сельскія працы”. Яно пашырала права землеўладальніка, які мог патрабаваць звароту рабочых, якія пакінулі працу да сканчэння тэрміну, штрафаваць іх не толькі за ўчынены гаспадару матэрыяльны ўрон, але і за “непадпарадкаванне”, падвяргаць арышту і цялеснаму пакаранню.

Для палітыкі ўрада адносна сялянства было характэрна спалучэнне кансерватыўных мер з дзеяннямі па ўмацаванні яго эканамічнага становішча. Гэтым мэтам служыла заканадаўства, якое было накіравана на захаванне разбураных пад націскам капіталізму патрыярхальных устояў у вёсцы, у першую чаргу, патрыярхальнай сялянскай сям’і і абшчыны. Гэтаму ж спрыяла дзейнасць заснаванага ў 1882 г. Сялянскага пазямельнага банка (у Мінску яго аддзяленні былі адчынены ў 1886 г.), які выдаваў пазыкі на пакупку зямлі як асобным домаўладальнікам, так і сельскім таварыствам. Праз яго пасрэдніцтва прадаваліся і памешчыцкія землі; вялікія плошчы зямлі сталі паступова пераходзіць да сялян. Гэтымі мерамі заходнія губерні збліжаліся з іншымі губернямі Расіі.

Аднак, прававое становішча сялян зведала істотныя абмежаванні. 12 ліпеня 1889 г. было выдадзена “Палажэнне аб земскіх начальніках”. У Беларусі гэты закон быў уведзены ў чэрвені 1900 г. і толькі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях. У кіраванні сялянскімі справамі на месцах з’явілася новая асоба – земскі начальнік, паўнамоцны распарадчык жыцця вёскі і нават ў пэўнай ступені і асобы селяніна. Дзейнасць сялянскага сходу ставілася ў поўную залежнасць ад земскага начальніка. Валасны міравы суд, да таго часу незалежны ад адміністрацыі, скасоўваўся. Земскім начальнікам было дадзена права накладваць штрафы і арыштоўваць сваіх падапечных на тэрмін да трох дзён.

11 чэрвеня 1892 г. было зацверджана новае “Гарадское палажэнне”, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры выбарах органаў гарадскога самакіравання і ўзмацняла кантроль над ім з боку ўрадавай адміністрацыі. Права ўдзелу ў выбарах гарадской думы пазбаўляліся не толькі немаёмныя слаі гарадскога насельніцтва, але і дробная буржуазія – дробныя гандляры, прыказчыкі і інш. Перавага аддавалася дваранам-домаўладальнікам, буйной гандлёвай, прамысловай і фінансавай буржуазіі, вынікам чаго стала рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, у Мінску ў 1893 г. яны склалі ўсяго 1 % насельніцтва горада (ў 14 разоў меней у параўнанні з выбарамі паводле закона 1870 г.).

Развіццё прамысловасці і ўздым рабочага руху ў буйных прамысловых цэнтрах Расіі паставілі на чаргу рабочае пытанне. У 1880 – 1890я гг. урадам прымаецца шэраг заканадаўчых актаў, якія абмяжоўвалі эксплуатацыю фабрычна-заводскіх рабочых. У 1882 г. быў выдадзены закон, які забараняў начную працу на фабрыках дзецям да 12-гадовага ўзросту. У тым жа годзе быў прыняты закон аб увядзенні фабрычнай інспекцыі для нагляду за выкананнем фабрычнага заканадаўства. За ім услед прынялі закон 12 чэрвеня 1884 г. аб школьным навучанні малалетніх, якія працуюць на фабрыках. 3 чэрвеня 1885 г. быў выдадзены закон аб забароне начной працы падлеткам (да 17 гадоў) і жанчынам. У 1886 г. быў абмежаваны памер штрафаў і ўводзіліся разліковыя кніжкі, дзе вызначаліся ўмовы найму рабочых. У 1897 г. працягласць працоўнага дня абмяжоўвалася 11,5 гадзінамі. Аднак прынятыя законы асабліва не паўплывалі на становішча рабочых Беларусі. Кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым, у дадатак яны не распаўсюджваліся на дробную і рамесніцкую вытворчасць, а буйных прадпрыемстваў на Беларусі было мала.

Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі па нацыянальнаму і рэлігійнаму пытаннях. Становішча ў Беларусі ўскладнялася рознымі абмежаваннямі ў дачыненні да польскага (каталіцкага) і яўрэйскага (іудзейскага) насельніцтва. У сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг. палякам з 1865 г. забаранялася набываць маёнткі інакш як па спадчыне. Польскія памешчыкі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага банка. Беларускія сяляне-католікі маглі набываць не больш як 60 дзесяцін зямлі на сям’ю. У пачатку 1890х гадоў у беларускія губерні была выселена значная колькасць яўрэяў з гарадоў Цэнтральнай Расіі, у выніку чаго стварылася штучная перанаселенасць беларускіх гарадоў. Яўрэяў не прымалі на работу ў дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на афіцэрскія пасады ў арміі, на чыгуначны транспарт. Існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Цэнзура і асвета. У 1882 г. быў устаноўлены строгі адміністрацыйны нагляд за газетамі і часопісамі. Іх рэдакцыі павінны былі па першым патрабаванні Міністэрства ўнутраных спраў называць імёны аўтараў, якія друкаваліся пад псеўданімамі. Узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных выданняў, многія з якіх былі закрыты.

У 1880-я гады ўрад прыняў шэраг пастаноў, якія ўводзілі шмат абмежаванняў у сістэму адукацыі. Выдадзенае ў 1884 г.“Палажэнне аб царкоўнапрыходскіх школах”, у якіх вучыліся ў першую чаргу дзеці сялян, падкрэслівала рэлігійную аснову пачатковага навучэння. Узмацніўся кантроль за кантынгентам навучэнцаў сярэдняй школы. У 1887 г. міністр народнай адукацыі выдаў цыркуляр (у грамадстве яго называлі цыркуляр “Аб кухарчыных дзецях”), які забараняў прымаць у гімназіі дзяцей ніжэйшых саслоўяў гарадскога насельніцтва. У гэты ж час рэальныя вучылішчы былі пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не давала права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вышэйшая адукацыя таксама была пастаўлена пад больш жорсткі кантроль з боку ўрадавай адміністрацыі. Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў у кіраванні. З 1887 г. каб паступіць ва універсітэт, трэба было прадставіць характарыстыку аб “добранадзейнасці”, а плата за год навучання павялічвалася з 10 да 50 рублёў. Усё гэта, безумоўна, закранала інтарэсы жыхароў Беларусі, дзе пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы і, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, трэба было ехаць у Пецярбург, Маскву ці Кіеў.

Такім чынам, эпоха Аляксандра ІІІ у сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным развіцці Беларусі адзначаецца супярэчлівасцю. З аднаго боку, гэты быў час эканамічнай стабілізацыі грамадства, павелічэння насельніцтва Беларусі. З другога боку, мела месца поўнае неразуменне асаблівасцей гістарычнага і нацыянальнага развіцця краю. Палітыка расійскага ўрада спрыяла зараджэнню і актыўнаму праяўленню нацыянальнага руху ў Беларусі.

 

§ 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх губерняў у 60я гады XIX ст. – першыя гады XX ст.

Характарыстыка землеўладання на Беларусі. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных 1877 г., памешчыкам належала 50,3 % зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве, розным установам – 11,2 %. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. Самыя буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу – 150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час больш як 60 % сялянскіх сем’яў у Беларусі атрымалі зямельныя надзелы менш за 15 дзесяцін, 32 % – ад 15 да 20 і толькі 8 % – звыш 20 дзесяцін. Сярэдні памер сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор. Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1 097 дзесяцін зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.

Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і з 6 – 7 чалавек, выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці, выганы, выпасы, вадаёмы, лясныя ўгоддзі і інш.), без якіх сялянская гаспадарка не магла абысціся. Гэта вымушала сялян ісці ў кабалу да памешчыкаў: арандаваць у іх зямлю, сервітутныя ўгоддзі, браць натуральныя і грашовыя крэдыты. У пачатку ХХ ст. сяляне Беларусі арандавалі ў памешчыкаў 1/10 частку ворнай зямлі, каля 1/4 сенажацей і пашаў. Гэтая арэнда мела напаўпрыгонніцкі характар.

Малазямелле сялян узмацнялася цераспалосіцай. Вельмі часта сялянскія надзелы размяшчаліся не ў адным месцы, а ў некалькіх, маглі знаходзіцца сярод памешчыцкіх угоддзяў. У заходніх губернях цераспалосіца была пашырана больш, чым ва ўнутраных раёнах Расіі. Яна затрымлівала ўвядзенне рацыянальнай сістэмы земляробства, інтэнсіфікацыю сялянскай гаспадаркі.

Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі.Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, у якой перапляталіся феадальныя і капіталістычныя формы гаспадарання. Феадальныя рысы ў сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак. Адпрацовачная сістэма была найбольш пашырана ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Яе сутнасць заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі інвентаром сялян, якія атрымлівалі за гэта ад памешчыка зямельныя ўгоддзі ў арэнду. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром памешчыка. Гэта была ўжо капіталістычная форма гаспадарання. Аднак і тут адпрацоўкі займалі значнае месца.

Пасля рэформы 1861 г. сельская гаспадарка Беларусі ўсё шырэй уцягвалася ў рыначныя сувязі. Развіццё капіталізму ў Беларусі адбывалася пад непасрэдным уплывам агульнарасійскага рынку. У параўнанні з цэнтральнымі прамысловымі губернямі, значнай часткай Украіны, Польшчай і Прыбалтыкай Беларусь адставала ў прамысловым развіцці і заставалася галоўным чынам сельскагаспадарчым раёнам. Аднак па ўзроўні развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы яна ішла наперадзе многіх рэгіёнаў Расіі. Гэтаму спрыяла, у прыватнасці, геаграфічнае становішча Беларусі, праз тэрыторыю якой праходзілі стратэгічныя і гандлёвыя шляхі ў Польшчу, Прыбалтыку, Заходнюю Еўропу. Хутчэй складваліся капіталістычныя адносіны ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе пераважала падворнае землекарыстанне. Гэтыя губерні знаходзіліся ў больш спрыяльным становішчы ў параўнанні з Віцебскай і Магілёўскай адносна рынку збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі ў Беларусі былі памешчыкі. Шмат памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на захадзе і ў цэнтры Беларусі, перайшлі на капіталістычны шлях развіцця, у іх адкрываліся вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Разам з тым многія памешчыкі самі не вялі гаспадарку, а здавалі зямлю ў арэнду. Так, у 1887 г. у Беларусі ў арэнду здавалася 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі.

Уплыў сусветнага аграрнага крызісу на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі Беларусі. Аб развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. сведчыць паступовая спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы найважнейшай галіной земляробства заставалася вытворчасць збожжа. Аднак у выніку сусветнага аграрнага крызісу 1880 – 1890-х гг. цэны на яго рэзка панізіліся (толькі за 1880-я гг. больш як у 2 разы). Збожжавыя гаспадаркі Беларусі не былі здольны канкурыраваць на рынках Заходняй Еўропы з вытворцамі таннага і высокаякаснага хлеба з ЗША, Аргенціны, Аўстраліі. Гэта прымусіла беларускіх памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць прадуктаў, што давалі большы прыбытак. Паступова ў Беларусі аформіліся пэўныя раёны, дзе пераважную ролю адыгрывала тая ці іншая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці.

У 1890-я гг. галоўнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная жывёлагадоўля. З 1883 да 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль удвая. Лепш развіта была жывёлагадоўля ў Мінскай, Віленскай і Віцебскай губернях. У краі з’явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская, цірольская і інш.) і спецыяльныя фермы для іх гадоўлі. Многія памешчыкі адкрывалі ў сваіх маёнтках сыраварні і масларобчыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо налічвалася не менш за 200 масларобчых і сыраварных заводаў, на якіх штогод выраблялася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыру. Дзякуючы высокаму попыту, малочныя прадукты мелі пастаянны збыт у Цэнтральнай Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы.

Другім важным кірункам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак Беларусі было вінакурэнне, якое мела гандлёвы характар. Ад продажу спірту памешчыкі атрымлівалі буйныя даходы. У 1905 г. у пяці беларускіх губернях налічвалася 536 вінакурных заводаў. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з’яўлялася бульба. Адходы ад вінакурэння – брага – выкарыстоўваліся на корм жывёле. Спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэнні суправаджалася значнымі зменамі ў структуры пасяўных плошчаў. Найбольш высокімі тэмпамі развівалася травасеянне. Плошчы пад кармавымі культурамі (канюшына, віка, сырадэля, цімафееўка і інш.) у 1880 – 1890-я гг. павялічыліся на тэрыторыі Беларусі ў 7 разоў.

З сярэдзіны 1860х гг. у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася свінагадоўля. У Мінскай і Гродзенскай губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля. Воўна з гэтых губерняў паступала як на мясцовыя суконныя фабрыкі, так і ў Польшчу, Германію і Аўстра-Венгрыю. Але пазней, зза канкурэнцыі больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і Аўстраліі, авечкагадоўля ў Беларусі пачала прыходзіць у заняпад.

Яшчэ адным кірункам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Плошча пад яе пасевамі за 1881 – 1899 гг. узрасла ў 2,5 раза. Другое месца пасля бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. За апошнія два дзесяцігоддзі ХІХ ст. плошча пад пасевы гэтай культуры павялічылася на 48,5 %. Вытворчасць лёну, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна гандлёвы характар. Значнае месца ў беларускіх губернях ў канцы ХІХ ст. займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.

Капіталізацыя памешчыцкай гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць выкарыстання машын. У сярэдзіне 1890-х гг. па распаўсюджанасці розных сельскагаспадарчых прылад працы Беларусь знаходзілася на другім месцы ў Расіі пасля Новарасійскага рэгіёна. Лепш былі забяспечаны машынамі памешчыцкія гаспадаркі Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тут даволі шырока выкарыстоўвалі малатарні, веялкі, жняяркі, сеялкі. Менш іх было ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. Але ў большасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі прымянялі ў асноўным адсталую ручную тэхніку.

Фарміраванне аграрнай буржуазіі.Да пачатку ХХ ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ не завяршылася. Адпрацовачная сістэма не была канчаткова адменена нават у перадавых гаспадарках, захоўваліся і іншыя перажыткі феадалізму. У дадатак да цяжкіх эканамічных умоў свайго існавання сяляне ў прававых адносінах заставаліся ніжэйшым саслоўем у дзяржаве. У адрозненне ад дваранства, духавенства і купецтва, яны плацілі дзяржаве падушны падатак, выкупныя плацяжы, пазямельны падатак, выконвалі фурманачную, дарожную, паліцэйскую павіннасці. Да іх прымяняліся цялесныя пакаранні.

З-за перавагі памешчыцкай зямельнай уласнасці ў Беларусі не склалася развітая сялянская заможная гаспадарка. У канцы ХІХ ст. сярод сялян было 61 % беднякоў, 28 % сераднякоў, і толькі 11 % заможных. Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці ў Беларусі ішоў значна марудней, чым у Цэнтральнай Расіі. За 1877 – 1905 гг. дваране ў беларускіх губернях страцілі толькі 10,8 % сваіх зямель, а ў Цэнтральнай Расіі – 27,2 %. У першую чаргу гэта з’яўлялася вынікам большай эканамічнай устойлівасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі, што было звязана са значным развіццём тут таварна-грашовых адносін.

Аднак пераход зямлі ад памешчыкаў да іншых саслоўяў на тэрыторыі Беларусі стрымліваўся і ўрадавай палітыкай. У заходніх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель і зямель, канфіскаваных у польскіх памешчыкаў за ўдзел у паўстанні 1863 – 1864 гг., быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Адпаведную фінансавую палітыку праводзіў і Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Ён выдаваў сялянам доўгатэрміновыя крэдыты для куплі зямлі і садзейнічаў памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах. Пазыкі выдаваліся, як правіла, на 55 з паловай гадоў пры ўмове штогадовага пагашэння іх у памеры 6,5 % даўгавой сумы. Да 1890 г. сяляне ў пяці заходніх губернях набылі праз Сялянскі банк 984,3 тыс. дзесяцін зямлі. Аднак сялянам-католікам забаранялася купляць больш як 60 дзесяцін на аднаго чалавека, а памешчыкі каталіцкага веравызнання не мелі права набываць зямлю, акрамя як у спадчыну. Яўрэі наогул былі пазбаўлены права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак. Такім чынам, феадальныя перажыткі і ўрадавая палітыка стрымлівалі развіццё капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у пачатку ХХ ст. у Беларусі ахоплівала толькі 16,5 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Асаблівасці пераходу ад ручной да машыннай вытворчасці ў прамысловасці Беларусі. Прамысловы пераварот у асноўных галінах прамысловасці Расіі завяршыўся ў пачатку 1880-х гг. Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці. Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі было пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

У 1860-я гады ў прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры. Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі, шавецкі), воўны і лёну (ткацкі). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся рост колькасці дробных рамесных прадпрыемстваў, павялічваўся аб’ём іх прадукцыі. У канцы 1890х гг. ён складаў 37,8 % ад ўсей прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы ХІХ ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 15,4 % валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на працягу другой паловы ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка. Калі ў 1860 г. у Беларусі дзейнічалі толькі 76 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г. іх было ўжо 1137. У канцы ХІХ ст. фабрычна-заводская прамысловасць давала 46,8 % валавога прадукту.

Беларусь значна адставала ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі ў Беларусі 85,5 % усіх фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы, якія мелі больш за 500 рабочых, у расійскай прамысловасці складалі 3,5 %, то ў беларускай – толькі 1,2 %. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 раза меншы, чым увогуле па Расіі.

Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі ўдзельная вага ўсіх прадпрыемстваў Беларусі, якія ўзніклі ў гэты час, складала 18,5 %, а ў Расіі – 23,4 %, то ў 1880 – 1890-я гг. на тэрыторыі Беларусі было ўведзена ў дзеянне фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія 20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 раза).

Галіновая структура прамысловасці Беларусі. У Беларусі з-за адсутнасці неабходнай сыравіны вельмі марудна развівалася цяжкая прамысловасць. Пераважнае значэнне тут атрымалі галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх вядучая роля належала вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь была адным з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г. дзейнічала 18 % усіх вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных заводах Беларусі працавала 470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала 23,5 % ад усёй прадукцыі беларускай прамысловасці.

Адно з важных месц у прамысловасці Беларусі займалі прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны – асноўнага багацця краю. Асаблівае значэнне адыгрывалі лесапільныя заводы. Лесапільная прамысловасць стаяла на другім месцы пасля вінакурэння, аднак у ёй пераважалі дробныя прадпрыемствы, на якіх працавала да 20 чалавек. Фабрычна-заводскія прадпрыемствы занялі ў галіне пануючае становішча толькі ў 1890-я гг.

Значнае развіццё ў беларускіх губернях атрымалі запалкавая і папярова-кардонная вытворчасць. Напрыклад, у Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі чатыры запалкавыя фабрыкі: Барысаўская (759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па колькасці працуючых на іх рабочых гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі была сканцэнтравана галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Сярод папяровых фабрык найбуйнейшай з’яўлялася Добрушская (900 рабочых і гадавая сума вытворчасці 1,6 млн. рублёў). Да таго ж яна была абсталявана навейшымі па тым часе машынамі. У Гродзенскай губерні пераважалі гільзавыя і пераплётныя прадпрыемствы. Найбольш буйнымі з іх былі гільзавыя фабрыкі ў Брэсце.

Вельмі шмат на тэрыторыі Беларусі было прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны: мукамольна-крупяных, крухмальна-патачных, маслабойных, піваварных, тэкстыльных, ільно- і пенькаапрацоўчых, гарбарных. Асноўная колькасць крухмальна-патачных і маслабойных прадпрыемстваў краю ў канцы ХІХ ст. заставалася на стадыі дробнатаварнай вытворчасці і мануфактуры. Але ў мукамольна-крупяной прамысловасці ў 1900 г. 93,1 % усіх прадпрыемстваў складалі фабрыкі.

Колькасць тэкстыльных фабрык у канцы ХІХ ст. дасягнула 24, на іх было занята звыш 1 800 рабочых. Найбольш значнымі ў гэтай галіне прамысловасці былі льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” у Віцебску і суконная фабрыка ў маёнтку Парэчча Пінскага павета.

Гарбарная вытворчасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, на якіх ужывалася ручная праца. Параўнальна буйныя гарбарныя прадпрыемствы ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 1880-х гг. Найбуйнейшым цэнтрам гарбарнай вытворчасці з’яўлялася Смаргонь. У 1900 г. тут працавалі некалькі буйных заводаў і да 50 мануфактур. У працэсе вытворчасці на буйнейшых прадпрыемствах выкарыстоўваліся ўдасканаленыя прыёмы апрацоўкі сыравіны, якая дастаўлялася з усіх канцоў Расіі. У Смаргонь, напрыклад, сыравіна прывозілася з Растова.

Значнае развіццё атрымала тытунёвая прамысловасць, якая таксама працавала на прывазной сыравіне. Найбуйнейшай з’яўлялася тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, заснаваная ў 1862 г. У 1900 г. на ёй працавала 1 445 рабочых, а аб’ём прадукцыі складаў 2,4 млн. руб. Тытунёвае лісце завозілася галоўным чынам з поўдня Расіі, часткова з-за мяжы, а прадукцыя збывалася па ўсёй Расіі, а таксама ў Польшчы.

У другой палове ХІХ ст. хуткі рост гарадоў і развіццё прамысловага будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў. У Беларусі атрымала развіццё, у першую чаргу, вытворчасць цэглы. Сярод буйных прадпрыемстваў гэтай галіны вызначаліся цагельныя заводы ў маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета (200 рабочых) і ў маёнтку Храповішчы (203 рабочыя), у Бабруйску (156 рабочых) і Мінску (74 рабочыя). Існавалі таксама прадпрыемствы па вытворчасці кафлі (некалькі кафляных заводаў у Копысі) і шклозаводы. Найбольш буйным са шклозаводаў быў крыштальны завод “Нёман” у Лідскім павеце Віленскай губерні, які пачаў выпускаць сваю прадукцыю ў 1875 г.

Металаапрацоўчая прамысловасць Беларусі з-за адсутнасці дастатковай колькасці мясцовай сыравіны развівалася запаволена. Заводы, якія выкарыстоўвалі мясцовую балотную руду, у канцы 1870-х гг. зачыніліся. Яны былі эканамічна нявыгаднымі і не маглі канкурыраваць з металургічнымі заводамі Польшчы і Расіі. У 1880-я гг. у Беларусі дзейнічалі сярэднія па велічыні металаапрацоўчыя прадпрыемствы: завод земляробчых прылад у Ракаве, які вырабляў малатарні, веялкі, бароны, плугі, запашнікі; чыгуналіцейны завод у Мінску, на якім выраблялі сельскагаспадарчыя прылады, абсталяванне для вінакурных, лесапільных, гарбарных, шкляных заводаў. У 1897 г. у Мінску былі заснаваны яшчэ два прадпрыемствы гэтай галіны, якія выпускалі паравыя катлы, турбіны, маслабойкі і інш.

З будаўніцтвам чыгунак на тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць майстэрні па рамонце рухомага саставу. Гэта былі буйныя капіталістычныя прадпрыемствы, абсталяваныя сучаснай тэхнікай. У 1900 г. дзейнічалі ўжо 19 такіх майстэрань. Аднак удзельная вага металаапрацоўчых прадпрыемстваў ва ўсёй прамысловасці Беларусі ў 1890я гг. не перавышала 3 %.

Вынікі прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. дасягнула таго ж узроўню развіцця, што і ў іншых аграрных раёнах Расіі, але значна адставала ад асноўных індустрыяльных цэнтраў. Галоўнымі прычынамі гэтага былі адсутнасць прамысловых запасаў карысных выкапняў і рэшткі прыгонніцтва, якія стрымлівалі развіццё капіталістычных адносін.

Беларусь знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Цэнтральнага, Пецярбургскага, Прыбалтыйскага і Польскага прамысловых раёнаў, у якіх буйная прамысловасць склалася раней, чым у Беларусі. Таму ў апошняй атрымалі развіццё галіны прамысловасці, заснаваныя на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, лясной і мясцовай мінеральнай сыравіны, а таксама рамесна-саматужная вытворчасць, што абслугоўвала побытавыя патрэбы насельніцтва. У сістэме агульнарасійскага капіталізму Беларусь уяўляла рэгіён з высокаразвітой лёгкай прамысловасцю.

Будаўніцтва чыгунак. Водны транспарт. Значнаму паскарэнню тэмпаў развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог. Першай праз тэрыторыю Беларусі прайшла ў 1862 г. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (Дзвінск – Полацк – Віцебск), у 1871 г. – Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск – Орша – Баранавічы – Брэст), у 1871 – 1874 гг. – Лібава-Роменская (Вільня – Маладзечна – Мінск – Асіповічы – Бабруйск – Жлобін). У 1880-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня – Баранавічы – Лунінец, Гомель – Лунінец – Пінск – Жабінка, Баранавічы – Слонім – Ваўкавыск – Беласток). У 1902 г. адкрылася Пецярбургска-Адэская магістраль (Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін). Увогуле даўжыня чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 г. да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі Расійскай імперыі – Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.

Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г. налічваў 310 непаравых і 23 паравыя судны.

Гандлёвыя сувязі. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці – масла, хлеба, яек, сыру, мяса птушкі, садавіны, прычым значна зменшыўся вываз жывой жывёлы і рэзка павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за мяжу.

За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1 % агульнарасійскага экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны, Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву; папера і кардон – у Кіеў, Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. Гэта сведчыла аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі часткамі краіны станавіліся ўсё больш рэгулярнымі і трывалымі.

Фарміраванне нацыянальнага рынку. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. У той жа час наладжваліся сувязі з усерасійскім рынкам. Асаблівасцю ўтварэння нацыянальнага рынку на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася тое, што тут эканамічная агульнасць не ўмацоўвалася дзяржаўным аб’яднаннем у рамках этнічнай тэрыторыі. Цэнтрамі абласных рынкаў у канцы ХІХ ст. сталі найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар гандлёвых сувязей унутры мясцовых рынкаў вызначаўся асаблівасцямі эканамічнага развіцця кожнага з раёнаў.

Галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск. Ён знаходзіўся ў прамых ці ўскосных сувязях з усёй тэрыторыяй краю. На мінскім рынку гандлявалі вырабамі шкляной вытворчасці, паперай, кардонам, сельскагаспадарчымі машынамі. Сюды прывозілі шмат прамыслова-мануфактурных тавараў з Маскоўскага, Пецярбургскага раёнаў, Польшчы. Мінск як зборны і размеркавальны пункт абслугоўваў большую частку раёнаў Палесся, многія раёны поўначы і захаду Беларусі. З прадуктаў сельскай гаспадаркі на мінскім рынку пераважалі збожжа, малочныя прадукты, мяса, рыба.

Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся Гомель, які абслугоўваў таксама суседнія паветы Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. Прамысловыя тавары, што вырабляліся ў Гомельскім раёне, – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і інш. – вывозіліся і за межы Беларусі. Гомель быў размеркавальным пунктам для лясных матэрыялаў і дроў, якія сплаўляліся ў сярэдняе і ніжняе Падняпроўе, галоўным чынам у Адэсу, Екацярынаслаўскую, Кіеўскую і іншыя губерні.

Частка грузаў з Гомеля вывозілася па чыгунцы на поўнач і ўсход, у Рыгу, Пецярбург, Лібаву. У Гомель жа лясныя матэрыялы дастаўляліся з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Мазырскага і іншых паветаў. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія траплялі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа.

Для Магілёўскага эканамічнага раёна найбольш характэрным з’яўляўся гандаль ляснымі і сельскагаспадарчымі прадуктамі. Магілёў знаходзіўся ў цеснай сувязі з сярэднім і ніжнім Падняпроўем, а таксама з Оршай, праз якую ішлі тавары ў Мінскую і Смаленскую губерні. З Оршы адпраўляліся галоўным чынам лясныя грузы, збожжа, пянька, макуха, вотруб’е, яблыкі і іншыя тавары. Прывозілі на аршанскі рынак хлебныя прадукты, соль, газу, нафту, будаўнічыя матэрыялы.

Значная частка Магілёўскай губерні мела сувязі з Віцебскім эканамічным раёнам. Галоўнымі прадуктамі вывазу адсюль былі лес і прадукты льнаводства, якія ў асноўным вывозіліся за мяжу. Лясныя грузы сплаўляліся па Заходняй Дзвіне ў Рыгу, а з Украіны прывозіліся пшанічная мука і цукар.

Важнае месца ў гандлёвых сувязях Беларусі займаў горад Гродна. Праз яго ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Гродзенскі рынак быў цесна звязаны з Ваўкавыскім рэгіёнам, Мінскам, Вільняй, Масквой, Пецярбургам. Галоўнымі прадметамі збыту з Гродзенскага раёна былі лясныя грузы, жытняя мука, вотруб’е, спірт, малочныя прадукты, бульбяная мука.

Сярод гандлёвых цэнтраў Беларусі асабліва вылучаўся Пінск. Ён служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перавозіліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Развіццё капіталізму прыводзіла да зліцця мясцовых рынкаў Беларусі ў адзіны нацыянальны рынак. Адначасова ўнутраны рынак Беларусі з’яўляўся складовай часткай усерасійскага рынку. У беларускім гандлі пераважаў вываз сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў. У той жа час беларускія губерні служылі рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі. Напрыклад, на тэрыторыю Беларусі ўвозіліся вырабы з жалеза, жалезныя і стальныя загатоўкі, якія перапрацоўваліся на мясцовых заводах.

Развіццё фінансава-крэдытнай сістэмы. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне ў Беларусі акцыянерных кампаній. У канцы ХІХ ст. у Беларусі дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы. Так, з 1877 г. пачало дзейнічаць “Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў”, у 1895 г. – “Таварыства віцебскіх водаправодаў”, у 1898 г. – бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай”.

Разам з канцэнтрацыяй вытворчасці адбывалася цэнтралізацыя капіталу. У эканамічным жыцці Беларусі, асабліва ў апошняй трэці ХІХ ст., значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Вядучае месца сярод крэдытных устаноў займаў Мінскі камерцыйны банк, заснаваны ў 1873 г. У шэрагу гарадоў дзейнічалі аддзяленні найбуйнейшых расійскіх банкаў. У Беларусі было пяць аддзяленняў Дзяржаўнага банка. З 1871 г. свае філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску меў Азова-Данскі камерцыйны банк. У Мінску ў 1890-я гг. дзейнічала аддзяленне Пецярбургска-Азоўскага банка. Віленскі прыватна-камерцыйны банк і камерцыйны банк у Беластоку мелі свае філіялы ў Бабруйску, Гомелі і Слоніме. У Бабруйску, Гомелі і Брэсце былі адкрыты філіялы Арлоўскага камерцыйнага банка.

У выніку дзейнасці банкаў назапашваліся значныя капіталы, якія ўкладваліся пераважна ў сферу гандлю. Банкаўскія сродкі накіроўваліся таксама ў прамысловасць па першаснай апрацоўцы лесу і лёну. Істотную ролю ў вывазе за мяжу гэтых тавараў адыгрываў германскі капітал, які актыўна ўкладваўся ў большасць леса- і льногандлёвых фірм.

Увогуле ў пачатку ХХ ст. узмацнілася пранікненне ў эканоміку Беларусі замежнага капіталу. Гэта спрыяла павелічэнню колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія належалі акцыянерным таварыствам, і пашырэнню дзейнасці банкаў. Так, у Віцебску дзейнічаў сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, у Оршы – піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Аднак узровень манапалізацыі прамысловасці Беларусі быў ніжэйшы, чым ў індустрыяльна развітых раёнах Расіі.