ГЛАВА 4. ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XIX – ПАЧАТКУ XX ст.

§ 1. Фарміраванне беларускай нацыі

Умовы ўтварэння беларускай нацыі. Нацыя (ад лац. паtіo – племя, народ) – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, самасвядомасці. Нацыі ўзнікаюць на базе феадальных народнасцей у перыяд станаўлення капіталістычнага спосабу вытворчасці. Вырашальную ролю ў пераўтварэнні народнасцей у нацыі адыгрывалі капіталістычныя эканамічныя сувязі, фарміраванне ўнутранага рынку. Рэформа 1861 г., вызваліўшы сялян ад прыгоннай залежнасці, стварыла ўмовы для капіталістычнай перабудовы памешчыцкай і сялянскай гаспадарак. Рабочая сіла стала таварам, пашырыліся магчымасці яе міграцыі.

У працэсе станаўлення рыначнай эканомікі адбывалася разлажэнне саслоўяў феадальнага грамадства – дваран, сялян, рамеснікаў, гандляроў, купцоў і фарміраванне асноўных класаў капіталістычнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі. Сацыяльнай базай для фарміравання пралетарыяту з’явілася сялянская бедната, якой у Беларусі ў канцы ХІХ ст. налічвалася 2,8 млн. чалавек, дробныя рамеснікі і гандляры, збяднелыя мяшчане і шляхта. На рубяжы ХІХ – ХХ стст. у прамысловасці Беларусі працавала 237 тыс. рабочых, на чыгунцы – каля 25 тыс., у іншых сферах гаспадаркі (рачны і гужавы транспарт, будаўніцтва, гандаль, сельская і лясная гаспадарка і інш.) – каля 200 тыс., усяго налічвалася звыш 460 тыс. наёмных рабочых. Прамысловы пралетарыят Беларусі характарызаваўся шматнацыянальнасцю і адносна невысокай канцэнтрацыяй.

Гандлёва-прамысловая буржуазія Беларусі была таксама шматнацыянальнай, прычым большую яе частку складалі прадстаўнікі небеларускага этнічнага насельніцтва (яўрэйскія, польскія і рускія прамыслоўцы і купцы). Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 84,5 % купцоў пяці заходніх губерняў складалі яўрэі, 10,7 % – рускія і толькі 1,7 % былі беларусамі. Больш за палову фабрык і заводаў (51 %) з’яўлялася ўласнасцю яўрэйскай буржуазіі.

Беларуская нацыянальная буржуазія амаль цалкам складалася з заможных сялян і выхадцаў з дробнай шляхты. Яна была нешматлікай (у канцы ХІХ ст. у беларускай вёсцы налічвалася толькі каля 50 тыс. заможных гаспадароў), асноўныя капіталы краю – прамысловы, зямельны, гандлёвы, банкаўскі – знаходзіліся не ў яе руках, а ва ўласнасці яўрэйскіх, польскіх і рускіх прамыслоўцаў, памешчыкаў і купцоў. Раскіданая па вёсках, расколатая паводле канфесійнай прыналежнасці (праваслаўныя і католікі), беларуская нацыянальная буржуазія не ўсведамляла сваёй ролі ў нацыянальна-культурным адраджэнні і абыякава, іншы раз варожа ставілася да яго.

Слабасць нацыянальнай буржуазіі ў пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвала і тое, што ў шматгранным жыцці беларускага горада ў ХІХ ст. не выкарыстоўвалася, за нязначнымі выключэннямі, беларуская мова.

Этнічная тэрыторыя беларусаў. У канцы ХІХ ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Асновай яе ўтварэння стала наладжванне і развіццё гаспадарчых сувязей, якія пераадолелі эканамічную замкнёнасць асобных раёнаў і звязалі іх у адно кампактнае цэлае. Этнічная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні; Ашмянскі, Вілейскі, Дзісенскі, Лідскі і паўднёвую частку Свянцянскага павета Віленскай губерні; Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай губерні; Брэсцкі, Ваўкавыскі, Пружанскі, Гродзенскі, Кобрынскі і Слонімскі паветы Гродзенскай губерні.

Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных адносінах. Тут пражывала амаль палова пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія гаворкі склалі аснову беларускай літаратурнай мовы.

Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся, якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш запаволена, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў.

Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1897 г., на тэрыторыі пяці заходніх губерняў пражывала 5 млн. 408 тыс. беларусаў, 3,1 млн. рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Польскае і літоўскае насельніцтва канцэнтравалася ў асноўным у заходніх паветах Гродзенскай і Віленскай губерняў, рускае і латышскае – у паўночных паветах Віцебскай губерні, украінскае – у Кобрынскім і Брэсцкім паветах Гродзенскай губерні. Яўрэйскае насельніцтва пражывала на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у гарадах і мястэчках. Сярод гараджан пяці заходніх губерняў яўрэі складалі 53,5 %, а ва ўсім насельніцтве – 13,8 %.

Абсалютная большасць беларусаў жыла ў сельскай мясцовасці (больш за 90 %). Доля тых беларусаў-гараджан, якія гаварылі на роднай мове, складала ў сярэднім толькі 14,5 %. Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле канфесійнай прыналежнасці на праваслаўных і католікаў. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл не прызнавалі існавання беларускага этнасу, лічачы, што праваслаўныя беларусы ёсць рускія, а беларусы-католікі – палякі. У 1897 г. праваслаўныя сярод беларусаў складалі 81,2 %.

За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў Беларусі падвоілася. У пачатку ХХ ст. прырост насельніцтва некалькі паменшыўся. Гэта было звязана з развіццём міграцыйных працэсаў у выніку класавай дыферэнцыяцыі і аграрнай перанаселенасці беларускай вёскі.

Станаўленне беларускай літаратурнай мовы. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак.

На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з ХVІІІ ст. фактычна стала мёртвай. Таму ў новых гістарычных абставінах крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’явілася вусная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.

Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала побытавая лексіка, была слаба прадстаўлена вытворчая, юрыдычная, адміністрацыйна-канцылярская тэрміналогія. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы.

Беларускае нацыянальнае мастацтва. У сувязі са слабым развіццём прафесійнага мастацтва галоўную сферу духоўнай культуры беларускай нацыі перыяду фарміравання капіталізму складалі народныя формы мастацтва, традыцыйныя абрады і звычаі. Працягвалі існаваць такія віды фальклору, як абрадавая паэзія каляндарна-вытворчага і сямейна-абрадавага цыклаў, апавядальны жанр, лірычная паэзія. Фальклор адлюстроўваў сацыяльнае палажэнне простага народа, надаючы сацыяльную вастрыню прыпеўкам, песням, казкам і апавяданням. Узнікаў так званы рабочы рэвалюцыйны фальклор. Развівалася народнае тэатральнае мастацтва з захаваннем традыцыі батлейкі. Працоўная дзейнасць народа знайшла сваё адлюстраванне ў танцах “Лянок”, “Бульба”, “Бычок”, “Крыжачок” і інш. У тэатралізаваных прадстаўленнях і на абрадавых святах народныя музыкі на дудках, свірэлях, дудах, гуслях, цымбалах, скрыпках, бубнах выконвалі шматлікія песні і прыпеўкі.

Адметнасць беларускага этнасу адлюстроўвалася ў своеасаблівым народным выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Па-мастацку аздобленыя рэчы з глыбокай даўніны ўкараніліся ў побыце народа. Мелі распаўсюджанне ўзорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, пляценне з лазы, саломкі і карэнняў. Своеасаблівай рысай беларускіх тканін было выкарыстанне ў арнаменце пераважна геаметрычных форм – чатырохвугольніка, ромба, квадрата і іх частак. Выдатныя ўзоры беларускага мастацкага ткацтва ўяўлялі паясы. У афармленні жылых памяшканняў таксама выкарыстоўвалася мастацкае аздабленне: набылі распаўсюджанне разныя і размаляваныя ліштвы, фрызы, франтоны, канькі.

Этнічная і нацыянальная самасвядомасць. Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. З другой паловы ХІХ ст. сталі ўсё больш актыўна ўжывацца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 г., беларускую мову лічылі роднай 74 % насельніцтва Беларусі. Этнонім “беларусы” паступова выцясняў лакальныя тэрміны “ліцвіны”, “чарнарусы”. Аднак ён не меў яшчэ агульнаэтнічнага зместу. Існавалі рэгіянальныя назвы (палешукі), канфесіянізмы (рускія і палякі). Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу. Працы І.І. Насовіча, М.А. Дзмітрыева, Ю.Ф. Крачкоўскага, А.М. Семянтоўскага, М.Я. Нікіфароўскага, Я.Ф. Карскага, Е.Р. Раманава і іншых аўтараў аб’ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы В.Ю. Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаўся як суб’ект гістарычнага працэсу.

Такім чынам, у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся і ў асноўным завяршыўся працэс фарміравання беларускай нацыі як сялянскай па сваёй прыродзе. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвалі слабасць нацыянальнай буржуазіі, беднасць і непісьменнасць большасці беларусаў, рэлігійны раскол і антыбеларуская скіраванасць праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла, школы, друку, дзяржаўных устаноў, якія адмаўлялі існаванне беларускага этнасу і ўсіх беларусаў лічылі альбо рускімі, альбо палякамі. Да пачатку ХХ ст. цалкам не завяршыліся складванне нацыянальнай літаратурнай мовы і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Гэтыя працэсы працягваліся ў наступныя дзесяцігоддзі ХХ ст.

 

§ 2. Развіццё адукацыі, навукі, друку

Сістэма адукацыі. Капіталістычнае развіццё Расіі пасля адмены прыгоннага права патрабавала ўдасканалення сістэмы народнай адукацыі. Таму разам з іншымі буржуазнымі рэформамі ў 60–70-я гг. XIX ст. быў праведзены шэраг рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі, якія закранулі і Беларусь.

Да 60-х гг. ХІХ ст. сістэма адукацыі характарызавалася рознатыповасцю навучальных устаноў. У мэтах уніфікацыі іх дзейнасці большасць навучальных устаноў перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства народнай асветы. Былі закрыты дваранскія павятовыя вучылішчы, якія існавалі ў заходніх губернях. Пачатковымі школамі ў вёсках сталі народныя вучылішчы, у гарадах – гарадскія вучылішчы. Асноўнымі тыпамі сярэдніх навучальных устаноў сталі класічныя гімназіі і рэальныя вучылішчы, прызначаныя для мужчын, а таксама жаночыя гімназіі. Школьныя рэформы рэгламентавалі дзейнасць не толькі дзяржаўных навучальных устаноў, але і дазвалялі адкрыццё школ на сродкі грамадскіх арганізацый ці прыватных асоб. Гэта садзейнічала дынамічнаму развіццю прыватнай адукацыі.

Ажыццяўленне школьных рэформ супала з правядзеннем палітычнага курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. Былі ліквідаваны польскія школы, у навучальных установах забаранялася выкладанне польскай мовы. Усім выкладчыкам загадвалася клапаціцца, каб у сценах школ гутарковай мовай была руская.

Змены ў сістэме адукацыі Беларусі прывялі да ўстойлівага росту колькасці навучальных устаноў на працягу другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Калі ў канцы 50-х – пачатку 60-х гг. ХІХ ст. ва ўсіх навучальных установах Беларусі навучалася прыкладна 16,5 тыс. чалавек (0,5 % усяго насельніцтва), то ў 1900 г. у Віленскай навучальнай акрузе было 248 тыс. навучэнцаў, а ў 1914 г. іх лічба дасягнула 490 тыс. чалавек.

Аднак, нягледзячы на станоўчыя дасягненні народнай асветы, як Расійская імперыя ў цэлым, так і Беларусь адставалі ад краін Заходняй Еўропы па асноўных паказчыках развіцця адукацыі. Так, па перапісу 1897 г. агульная колькасць пісьменных у Беларусі складала толькі 25,7 %. Працэнт навучэнцаў сярод дзяцей школьнага ўзросту быў невысокі.

У галіне пачатковай адукацыі ўрадавая палітыка была накіравана на тое, каб значную частку затрат на ўтрыманне народных вучылішч перакласці на сялян. Шырока практыкаваўся збор сельскай грамадой грашовых сродкаў на будаўніцтва і ўтрыманне народных вучылішч. У выніку большая частка школ знаходзілася ў непрыстасаваных для заняткаў сялянскіх хатах, адчуваўся недахоп вучэбных дапаможнікаў, а таксама кваліфікаваных настаўніцкіх кадраў. Акрамя гэтага, рознатыповасць пачатковых школ, розныя навучальныя праграмы і тэрміны навучання зніжалі якасць падрыхтоўкі, ставячы вучняў у нераўнапраўнае становішча. Толькі выпускнікам гарадскіх чатырохкласных вучылішч дазвалялася паступаць у сярэднія навучальныя ўстановы, але пры ўмове дадатковай падрыхтоўкі па замежных мовах. Выхаванцы астатніх пачатковых школ такога права не мелі.

Сярэдняя адукацыя заставалася прывілеяй пануючых класаў. Навучанне ў сярэдніх навучальных установах з’яўлялася платным. Плата за навучанне ў прыватных школах была значна вышэйшай, чым у дзяржаўных навучальных установах. Сацыяльны склад навучэнцаў сярэдніх школ быў абумоўлены абмежаванасцю колькасці асоб з неабходнай адукацыяй, даволі высокай платай за навучанне, некаторымі пастановамі ўрада. Напрыклад, цыркуляр ад 1887 г., празваны ў народзе “цыркулярам пра кухарчыных дзяцей”, прадпісваў не прымаць у гімназіі і прагімназіі дзяцей кучараў, лакеяў, павароў, прачак, дробных крамнікаў.

Класічныя мужчынскія гімназіі давалі грунтоўную гуманітарную падрыхтоўку, асаблівая ўвага надавалася выкладанню так званых класічных моў – грэчаскай і лацінскай. Толькі выпускнікі гімназій мелі выключнае права паступлення ва універсітэты. У рэальных вучылішчах галоўнае месца адводзілася дысцыплінам прыродазнаўча-матэматычнага цыкла. Выпускнікі рэальных вучылішч маглі паступаць у тэхнічныя, гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выхаванкі жаночых гімназій атрымлівалі атэстат на званне настаўніцы пачатковай школы. Выпускніцам восьмага педагагічнага класа жаночых гімназій давалася права працаваць у якасці дамашніх настаўніц.

У пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі ў цэлым, а таксама і на тэрыторыі Беларусі адбываецца імклівы рост колькасці пачатковых (народных вучылішч і царкоўна-прыходскіх школ) і сярэдніх (гімназій і рэальных вучылішч) агульнаадукацыйных школ. Пры гэтым разам з дзяржаўнымі навучальнымі ўстановамі адкрываюцца прыватныя школы і вучылішчы.

У гэты перыяд склалася сістэма прафесійнай адукацыі. Колькасны рост агульнаадукацыйных школ вылучаў на першы план праблему падрыхтоўкі настаўнікаў. Калі да 1900 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 4 настаўніцкія семінарыі, то ў 1916 г. іх было ўжо 12. Для падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў былі адкрыты тры настаўніцкія інстытуты – у Віцебску, Мінску, Магілёве. Акрамя таго, падрыхтоўка спецыялістаў у галіне народнай гаспадаркі і культуры ажыцяўлялася ў рамесных, сельскагаспадарчых, камерцыйных, медыцынскіх, музыкальных і мастацкіхнавучальных установах. Вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не было. Расійскія ўлады неаднаразова адхілялі хадайніцтвы грамадскасці Беларусі аб адкрыцці універсітэта ці політэхнічнага інстытута.

Пачатак ХХ ст. звязаны з пашырэннем грамадска-педагагічнага руху за стварэнне беларускай нацыянальнай школы. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі засноўвалі тайныя школы, дзе навучанне вялося на беларускай мове. Там выкарыстоўваліся падручнікі Каруся Каганца “Першая навука чытання”, Цёткі “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, Якуба Коласа “Другое чытанне для дзетак-беларусаў”.

Гістарычныя, этнаграфічныя, мовазнаўчыя і краязнаўчыя даследаванні. З другой паловы XIX ст. пачалося свядомае вывучэнне Беларусі. Расійскі ўрад пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. ахвяруе значныя сродкі для дасягнення гэтай мэты, каб не дапусціць у далейшым праяў польскага руху на Беларусі і абгрунтаваць непарыўную гістарычную сувязь гэтай тэрыторыі з Расіяй. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Былі арганізаваны навуковыя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, падчас якіх збіраліся разнастайныя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклору. Навуковы аналіз гэтых матэрыялаў аб’ектыўна сведчыў аб самабытнасці Беларусі.

У 1855 г. на аснове ўласнай археалагічнай калекцыі Яўстафій Тышкевіч з дапамогай свайго братка Канстанціна Тышкевіча стварыў Віленскі музей старажытнасцей. Браты таксама працавалі ў Віленскай археалагічнай камісіі.

Плённа працаваў на ніве збірання і публікацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў Павел Шэйн. Ён распрацаваў падрабязную праграму па збіранню фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў і стварыў шырокую сетку карэспандэнтаў з ліку настаўнікаў, вучняў і іншых асоб, якія іх дасылалі. З карэспандэнтамі Шэйн падтрымліваў пастаянную сувязь, зрабіў некалькі паездак па Беларусі. Вынікі гэтай працы даследчык апублікаваў у трохтомніку “Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”, дзе змешчаны каштоўныя звесткі па духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў другой паловы XIX ст.

Іван Іванавіч Насовіч – беларускі мовазнавец, этнограф, фалькларыст з’яўляецца складальнікам “Слоўніка беларускай мовы” (1870). У слоўнік ўключана больш за 30 тыс. слоў, запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых крыніц.Былы настаўнік змясціў у гэтым выданні больш за 30 тыс. слоў з грунтоўнымі тлумачэннямі.

Значнай постаццю сярод этнографаў з’яўляецца Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі. Ураджэнец Віцебшчыны, ён працаваў настаўнікам народных вучылішчаў, гімназій, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкіх семінарый. З 60-х гг. вывучаў побыт і культуру Беларусі. М.Я. Нікіфароўскаму належаць шматлікія працы, дзе ўтрымліваюцца апісанні паўсядзённага жыцця, звычаяў, абрадаў, прыкмет і павер’яў беларускіх сялян. Звыш 20 гадоў ён працаваў у якасці актыўнага карэспандэнта Шэйна. Нарэшце ён стварыў і самастойныя працы, выдадзеныя пераважна ў 90-я гг.: “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Нарысы Віцебскай Беларусі” і інш.

Навуковая дзейнасць гісторыка і этнографа Мітрафана Доўнар-Запольскага пачынаецца даволі рана. Шэраг артыкулаў па этнаграфіі ён змяшчае ў мясцовых перыядычных выданнях, а таксама ў часопісах Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі і Рускага геаграфічнага таварыства. Галоўную ўвагу даследчык канцэнтруе на вывучэнні беларускага вяселля і некаторых іншых бакоў сямейнага быту.

Каштоўныя этнаграфічныя даследаванні стварыў Адам Багдановіч. Яшчэ ў перыяд вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ён прымыкае да народніцкага руху і падчас сваіх хаджэнняў па вёсках пачынае запісваць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Яго заслугай з’яўляецца вывучэнне старажытных вераванняў беларускага народа. У сваіх працах этнограф змяшчаў матэрыялы, якія паказвалі сацыяльны і духоўны прыгнёт селяніна, неабходнасць уздыму яго асветы, культуры і дабрабыту.

У пачатку ХХ ст. узрастае актыўнасць навукоўцаў у вывучэнні гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі. Важнае значэнне мелі этнаграфічныя даследаванні, якія высвятлялі нацыянальныя асаблівасці быту і культуры беларускага народа, пытанні яго этнагенэзу і этнічнай тэрыторыі. У галіне этнаграфіі плённа працавалі Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі, Аляксандр Сержпутоўскі і іншыя даследчыкі. Навуковы аналіз назапашаных этнаграфічнай навукай матэрыялаў даў магчымасць стварэння грунтоўных абагульняючых прац. Асабліва заметнае значэнне ў гэтым плане адыгралі працы заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста Яўхіма Фёдаравіча Карскага. Вучоны нарадзіўся ў в. Лаша Гродзенскага павета. Вынікі шматгадовай працы ён апублікаваў у трохтомніку “Беларусы”, які і сёння не страціў сваёй навуковай каштоўнасці. Карскі даследаваў паходжанне беларускага народа, акрэсліў яго этнічныя межы, асвятліў важнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы і яе спецыфічныя асаблівасці. Тым самым ён пераканаўча даказаў, што беларусы з’яўляюцца асобным этнасам са сваёй мовай і культурай.

Былі створаны і грунтоўныя даследаванні, прысвечаныя беларускай гісторыі. Навуковыя працы Мітрафана Доўнар-Запольскага ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі. Дзеяч беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Ластоўскі ў 1910 г. выдаў на беларускай мове “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, дзе імкнуўся паказаць адметнасць гістарычнага лёсу беларускага народа.

Усё больш шырокія колы інтэлігенцыі сталі захапляцца краязнаўствам. Дзякуючы грамадскай актыўнасці, быў утвораны шэраг музеяў і культурна-асветных устаноў.

Перыядычны і кніжны друк. Перыядычны і кніжны друк у Беларусі развіваўся ва ўмовах даволі жорсткай цэнзуры. У мясцовых выдавецтвах выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове.

Перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены афіцыйнымі выданнямі. Сярод іх вылучаліся “Губернские ведомости”, “Епархиальные ведомости”. “Губернские ведомости” складаліся з 2 частак: афіцыйнай і неафіцыйнай. У афіцыйнай частцы публікаваліся розныя ўрадавыя паведамленні. У неафіцыйнай частцы маглі змяшчацца паведамленні аб кірмашах, рыначных цэнах, здарэннях, аб стане сельскай гаспадаркі, фабрык і заводаў, аб некаторых падзеях у міжнародным жыцці. Існавала магчымасць публікаваць асобныя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Але катэгарычна забаранялася змяшчаць тут крытычныя меркаванні аб фактах грамадскага жыцця, крытычныя заўвагі аб дзейнасці мясцовых улад.

У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты “Минский листок”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. Тут друкавалася паэма “Тарас на Парнасе”, змяшчаліся творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца, публікаваліся артыкулы беларускага этнографа М. Янчука, работы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі М. Доўнар-Запольскага. У якасці літаратурна-краязнаўчага дадатка да “Минского листка” публікаваўся “Северо-Западный календарь”, які змяшчаў шмат этнаграфічных матэрыялаў. З 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. Менавіта на яе старонках з’явіўся першы друкаваны верш Янкі Купалы.

У мясцовых выдавецтвах выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. пачынаюць больш шырока друкавацца беларускамоўныя творы. Некалькі асобных выданняў вытрымала паэма “Тарас на Парнасе”, у Пецярбурку выйшаў з друку зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” і некаторыя іншыя творы. У 1906 г. у першым легальным беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” у Пецярбургу былі выпушчаны “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” Каруся Каганца і “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі. За выданне зборнікаў вершаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Багушэвіча і “Жалейка” Купалы. Пецярбургскі камітэт па справах друку распачаў крымінальнае праследаванне выдавецтва.

У перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. з’явілася шмат новых газет і часопісаў розных палітычных напрамкаў, зарадзіўся легальны перыядычны друк на беларускай мове. Выключную ролю ў развіцці культуры беларускай нацыі адыгралі газеты “Наша доля” і “Наша ніва”.

 

§ 3. Мастацтва і архітэктура

Беларуская літаратура. У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, станавіліся на шлях стварэння развітой літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне. У гэты час закладваліся асновы сучаснай беларускай літаратуры.

Асноўным жанрам творчасці Янкі Лучыны (І. Неслухоўскага) з’яўляецца лірычны верш. Аўтар пісаў на беларускай мове. Вершы паэта былі сабраны ў зборніку “Вязанка”, які быў выдадзены пасля яго смерці ў 1903 г.

Літаратурных твораў Адама Гурыновіча захавалася вельмі мала. У сваіх вершах ён асноўную ўвагу надае паказу жыцця беларускага сялянства. Творы А. Гурыновіча былі выдадзены толькі пасмяротна.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма твораў Ф. Багушэвіча – жыццё сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.

На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала(І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас(К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганцаі інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусвегны гісторыка-літаратурны працэс.

Станаўленне нацыянальнага прафесійнага тэатра. У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы.

Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. Там звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага. Землямер па прафесіі, сапраўдны патрыёт Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі на ўласныя сродкі стварыў тэатральную трупу ў асабістым фальварку Палевачы Дзісенскага павета. У 1907 г. замацаваўся пастаянны склад удзельнікаў гэтага калектыву, а ў 1910 г. пасля ўдзелу ў “Першай беларускай вечарынцы” у Вільні тэатр І. Буйніцкага пераўтварыўся ў прафесійны. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства. У 1911 і 1912 гг. трупа І. Буйніцкага выступіла ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў наведаў Варшаву. Такім чынам І. Буйніцкі знаёміў гледачоў з мастацкай культурай беларускага народа, звяртаў увагу на яе своеасаблівасці і непаўторны нацыянальны каларыт. Энтузіязм І. Буйніцкага, удалы падбор акцёраў і рэпертуара склалі трывалы падмурак поспеху гэтага калектыва. Аднак матэрыяльныя цяжкасці прымусілі І. Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.

Пераемнікам “Першай беларускай трупы” ў працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”, якое ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч.Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.

Выяўленчае мастацтва. У выяўленчым мастацтве з другой паловы ХІХ ст. паступова ўсталёўваецца стыль рэалізм, які прыходзіць на змену класіцызму з яго біблейскай і міфалагічнай тэматыкай.

Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам (“Вечар у Мінскай губерні”, “Пінскія балоты” і інш.). Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Траццякоўскай галерэі.

Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Мастак нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага павета Мінскай губерні ў сям’і дзяржаўных сялян. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак выканаў карціну “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Н. Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Н. Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.

Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч. Мастак прымаў удзел у паўстанні 1863 – 1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі ён жыў за межамі Беларусі, аднак сюжэтамі сваіх палотнаў нязменна выбіраў гістарычны лёс роднага народа. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”. К. Альхімовіч стварыў цэлы шэраг гістарычных палотнаў, якія з поспехам выстаўляліся ў Мюнхене і Парыжы.

З канца ХІХ ст. ў выяўленчым мастацтве Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. Вельмі заметна быў прадстаўлены пейзажны жывапіс.

У творчасці таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Біруліразвіваюцца традыцыі рускага лірычнага пейзажу.Ён набыў адукацыю ў Кіеўскай рысавальнай школе і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1904 г. ён з’яўляўся членам Таварыства перасоўных выставак. У сваёй творчасці развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “З ваколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І. Рэпіным.

Віды беларускай прыроды натхнялі ўраджэнца Ашмянскага павета Фердынанда Рушчыца. У яго лепшых работах “Зямля”, “Стары млын”, “Эмігранты” спалучаюцца пейзажны і бытавы жанры. У работах Сяргея Жукоўскагапейзажны жывапіс цесна звязаны з інтэр’ерам і нацюрмортам. Вядомасць набылі пейзажныя палотны Генрыха Вейсенгофа “Снег”, “Могілкі ў Русаковічах”, на якіх мастак адлюстраваў віды мястэчка Русаковічы Мінскай губерні, дзе ён жыў працяглы час.

Партрэтны і бытавы жанры былі прадстаўлены ў творчасці Юдаля Пэна. Яго палотны “Аўтапартрэт у саламяным капелюшы”, “Гадзіншчык”, “Стары кравец” выкананы ў рэалістычнай манеры і адлюстроўваюць яўрэйскі побыт і традыцыі. Творчая спадчына мастака вельмі вялікая і разнастайная. Пэн набыў вядомасць і ў якасці педагога. Яго намаганнямі ў Віцебску была адкрыта прыватная мастацкая школа. Самым вядомым вучнем Пэна стаў Марк Шагал. Вялікае месца ў яго творчасці займаў родны Віцебск з яго яўрэйскім местачковым побытам, які мастак адлюстроўваў у сімвалічна-містычным духу.

Тэмы і матывы беларускай гісторыі выкарыстоўваў таленавіты мастак Я. Драздовіч, стварыўшы серыю графічных работ і скульптурных партрэтаў дзеячаў гісторыі Беларусі.

Музычнае мастацтва. Даволі разнастайным і багатым было музычнае жыццё. З вялікім поспехам гастралявалі рускія і ўкраінскія музычна-драматычныя і харавыя калектывы, якія знаёмілі беларускую публіку з лепшымі творамі айчынных і замежных кампазітараў. У гэты перыяд узрасла цікавасць музыкантаў да беларускай народнай песеннай творчасці. Рускія кампазітары М. Рымскі-Корсакаў, А. Грачанінаў, С. Танееў апрацоўвалі беларускія песні і выкарыстоўвалі беларускую тэматыку ў сваіх творах. Выступленні хору В. Тэраўскага садзейнічалі папулярызацыі беларускіх народных песень.

Патрэба ў нацыянальнай музычнай літаратуры часткова была задаволена выданнем “Беларускіх песень з нотамі” Антона Грыневіча, “Беларускага песенніка з нотамі для народных і школьных хораў” Людаміра Рагоўскага, публікацыяй апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна Мікалая Чуркіна.

Архітэктура. Пасля адмены прыгоннага права і ўступлення Беларусі на капіталістычны шлях развіцця змяніўся характар горадабудаўніцтва. Рашаючым фактарам тут становіцца прамысловасць, размяшчэнне і развіццё якой фарміруюць жыллёвае і архітэктурнае асяроддзе. Новымі стымуламі развіцця архітэктуры становяцца мода і рэклама. Фірмы і асобныя прадпрымальнікі былі зацікаўлены ў прэзентабельным выглядзе сваіх будынкаў, якія маглі дэманстраваць іх фінансавыя магчымасці, ступень канкурэнтаздольнасці і эканамічнай перспектывы. У цэлым горадабудаўніцтва развівалася вельмі хутка.

З сярэдзіны ХІХ ст. узмацняецца працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры і адбываецца стылёвая пераарыентацыя дойлідства Беларусі. На змену класіцызму прыходзіць эклектыка (змяшэнне стыляў), якая атрымала яшчэ адну назву – “архітэктура гістарызму”. Яна вызначалася выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.).

Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў рэтраспектыўна-рускі стыль у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц ХІV і ХVІІ стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Цэрквы, пабудаваныя ў рэтраспектыўна-рускім стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі.

У другой палове ХІХ ст. развіваюцца таксама рэтраспектыўна-гатычны стыль, неакласіцызм, неабарока, неарэнесанс і іншыя напрамкі разнастайнай архітэктуры эклектыкі.

У пачатку ХХ ст. у архітэктуры Беларусі працягваў існаваць стыль гістарызм. Архітэктары па-ранейшаму займаліся стылізатарствам, выкарыстоўваючы прыёмы і формы, уласцівыя дойлідству папярэдніх перыядаў.

У каталіцкай культавай архітэктуры наглядаецца росквіт неагатычнага стылю. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся. Найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліраваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс. Праваслаўная культавая архітэктура, як і ў папярэдні перыяд, знаходзілася пад уплывам візантыйскага і старажытнарускага дойлідства.Мемарыяльная капліца ў в. Лясная. Мемарыяльная капліца ў в. Лясная (цяпер Слаўгарадскі раён) была ўзведзена архітэктарам А. Гогенам у гонар 200годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі ў бітве, якая адбылася ў 1708 г. Лаканічнасць і манументальнасць помніка надаюць яму асаблівую велічнасць.

У архітэктуры Беларусі склаўся неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены). Пабудова вытрымана ў раманскім стылі з дабаўленнем некаторых элементаў готыкі і мадэрна. Кампазіцыя касцёла складаецца з некалькіх злучаных паміж сабой аб’ёмаў і трох вежаў (дзвюх маленькіх і адной вялікай). Касцёл быў пабудаваны з чырвонай цэглы, якая шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры неаготыкі і мадэрна. Фундатарамі пабудовы Мінскага касцёла выступілі памешчык Эдвард Вайніловіч і яго жонка, якія вырашылі ўзвесці касцёл у памяць аб сваіх памершых дзецях.

Побач з “архітэктурай гістарызму” з канца ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). У стылі мадэрн у Беларусі ўзводзіліся вакзалы, банкі, навучальныя ўстановы, даходныя дамы, сядзібы, некаторыя культавыя пабудовы. Прыкладамі архітэктуры мадэрна з’яўляюцца гасцініца “Еўропа” у Мінску, будынак Лужаснянскага сельскагаспадарчага вучылішча і інш. Гасцініца “Еўропа” была пабудавана ў 1906 – 1907 гг. Яе шасціпавярховы будынак з’яўляўся адным з найбольш значных дасягненняў архітэктуры мадэрна ў Мінску. На жаль, будынак быў знішчаны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да Першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў.


РАЗДЗЕЛ VІ. АД ЛЮТАГА ДА КАСТРЫЧНІКА 1917 г. КАСТРЫЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ НА БЕЛАРУСІ. НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЗЯРЖАЎНАЕ БУДАЎНІЦТВА. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА І ІНШАЗЕМНАЯ ІНТЭРВЕНЦЫЯ (1917–1920)