Спіс выкарыстанай літаратуры

Тэма 1. Уводзіны

Пытанні для абмеркавання:

1. Мова і маўленне, функцыі мовы.

2. Прадмет і задачы курса «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура».

3. Сувязь курса «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура» з іншымі дысцыплінамі.

1. Мова і маўленне, функцыі мовы. З мноства ўласцівасцей чалавека вылучаецца адна, найбольш істотная – валоданне мовай. Дзякуючы мове чалавек здольны назапашваць веды і перадаваць іх іншым людзям, навукова пазнаваць свет і эстэтычна асэнсоўваць, засвойваць яго, прыгадваць мінулае і праектаваць будучыню, ствараць сям’ю і ўмацоўваць дзяржаву. Мова ідзе за чалавекам ва ўсіх яго дачыненнях з прыродай, грамадствам, розумам. Яна ў самым грунце чалавечых мар і здзяйсненняў, пачуццяў і думак. Мовай мацуецца повязь пакаленняў, яна шмат у чым вызначае статус асобы, ступень яе сацыялізаванасці, уключанасці ва ўсе бясконца разнастайныя праявы жыцця. Мова насычае зместам іншыя камунікатыўна-знакавыя сістэмы, якімі карыстаецца чалаек. Яна служыць крыніцай натхнення, дае радасць самаўсведамлення дзіцяці і асалоду самавыяўленаму паэту. Падае руку немаўляці і суцяшае старэчае сэрца. Вядзе нас па жыцці, ахоўвае і перасцерагае. Спаталяе душу духоўнасці і лечыць ад страт. Яна – магутная, прыгожая, велічная…

Мова чалавека характарызуецца мноствам сацыяльных функцый.

Да невытворных першасных функцый адносяцца дзве – 1) камунікацыйная (мова з’яўляецца важнейшым сродкам зносін) і 2) мысліцельная («Мова ёсць непасрэдная сапраўднасць думкі» К. Маркс, Ф. Энгельс).

Да вытворных першасных функцый мовы, якія непарыўна звязаны з невытворнымі, узнікаюць на іх аснове і з’яўляюцца іх рэалізацыяй, адносяцца шэсць: 1) гнастычная, 2) кумулятыўная, 3) дырэктыўная, 4) сацыятыўная, 5) эксплікатыўная і 6) рэгулятыўная функцыі, якія дзейнічаюць ва ўзаемасувязі. Тры першыя, як адзначае А.Я. Міхневіч, «субардынуюцца пераважна з функцыяй мовы быць сродкам зносін; тры апошнія – з камунікацыйнай функцыяй» [Міхневіч-1982 : 57].

Гнастычная функцыя мовы выражаецца ў тым, што мова, служачы сродкам мыслення, забяспечвае магчымасці бязмежнага пашырэння ведаў, г. зн. пазнання.

У выніку пазнання адбываецца назапашванне ведаў, а ў працэсе назапашвання ведаў выяўляецца кумулятыўная функцыя. Менавіта мова забяспечвае пераемнасць пазнання, магчымасць далейшага руху наперад чалавецтва і асобнага чалавека.

Дырэктыўная функцыя мовы вызначаецца тым, што мова, дзякуючы акумуляцыі грамадска-гістарычнага вопыту, выступае найважнейшым сродкам сацыялізацыі чалавека.

Сацыятыўная функцыя выцякае з камунікацыйнай, бо чалавек праз валоданне мовай выступае ў пэўным соцыуме, ён вызначае «сваё» месца, свае адносіны з іншымі людзьмі.

Эксплікатыўная функцыя мовы таксама выцякае з камунікацыйнай, бо калі мова ўзнікла з патрэбы зносін паміж людзьмі, то ўзнікла неабходнасць перадаць, выразіць думку, эксплікаваць яе.

Рэгулятыўная функцыя мовы – гэта такая маркіроўка камунікацыйнай функцыі, якая абумоўлена закладзеным і адлюстраваным у любым акце камунікацыі імкненнем гаворачага / пішучага ўздзейнічаць на паводзіны слухача / чытача.

І чалавек павінен валодаць мовай дасканала. Узоры гэтай дасканаласці даюць нам у першую чаргу мастакі слова, якія шчыруюць над словам. Чытач звычайна бачыць толькі вынікі пісьменніцкай працы ў выглядзе кнігі вершаў, рамана, п’есы альбо паэмы. Чарнавікі, варыянты, папраўкі, дадаткі, скарачэнні ў лепшым выпадку становяцца здабыткам даследчыкаў літаратуры. Тое ж датычыць аўтараў і іх твораў іншых стыляў. Але каб давесці да ладу падрыхтваны тэкст навуковага зместу, публіцыстычнай адметнасці, афіцыйна-справавой разнавіднасці, любога роду і жанра мастацкай літаратуры і пусціць яго ў шырокую дарогу да чытача, працуюць дзесяткі людзей, сярод якіх пэўнае месца займаюць рэдактары і карэктары.

2. Прадмет і задачы курса«Стылістычнае рэдагаванне і карэктура». Рэдагаванне (назоўнік рэдагаванне паходзіць ад лац. redactus ‘прыведзены ў парадак’) – гэта аналіз тэксту, зверка і ўдакладненне прадстаўленых ў ім звестак, ацэнка і ўдасканаленне стылю выкладу. У працэсе рэдагавання ўстанаўліваецца адпаведнасць тэксту разнастайным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да літаратурнага матэрыялу таго ці іншага тыпу. Заўсёды рэдагуюцца тэксты, што прызначаны да апублікавання ў друку і камп’ютарнага набору службовых дакументаў. Рэдагаванне розных тыпаў тэкстаў мае свае адметнасці.

Рэдагаванне – важны этап працы ў падрыхтоўцы рукапісу да друку, увогуле любога тэксту да публікацыі. Пры гэтым важна ўлічыць некалькі аспектаў рэдагавання, паколькі паняцце ‘аспекты’ цесна звязана з прадметам і задачамі курса. Выдзяляюць тры аспекты рэдагавання: палітычны, навуковы і літаратурны. Заўважым, што ў вучэбным курсе пераважае літаратурны аспект, і тады змест рэдагавання заключаецца ў тым, каб падрыхтаваць да друку матэрыялы масавай і спецыяльнай інфармацыі, літаратурна іх апрацаваць, прывесці да літаратурнай формы. Праўда, і тут маюцца адхіленні, ці яшчэ больш вузкае разуменне рэдагавання, бо нярэдка змест рэдагавання зводзяць да выпраўлення памылак (фактычных, лагічных, моўнастылістычных). Такі падыход замацаваны, у прыватнасці, у лексікаграфічнай крыніцы: назоўнік рэдагаванне адсылаецца да дзеяслова рэдагаваць, які абазначае1) ‘чытаць, правяраць і выпраўляць які-н. тэкст, рукапіс, праводзіць літаратурную апрацоўку тэксту, рукапісу’; 2) ‘кіраваць выданнем чаго-н., быць рэдактарам’ [ТСБМ-4, с. 749].

Але пры моўнастылістычным аналізе тэксту нельга абысці ўвагай палітычны і навуковы аспекты рэдагавання, што і падмацоўваюць азначэнні тэрміна рэдагавання многія даследчыкі тэорыі рэдагавання, напрыклад: «Рэдагаванне – 1. Працэс, галоўная мэта якога – на аснове аналізу прызначанага да выдання твора ўстанавіць меру яго грамадскай каштоўнасці і гандлёвых перспектыў, г. зн. меру адпаведнасці зместу і формы гэтага твора яго грамадскаму, сацыяльна-функцыянальнаму прызначэнню і чытацкаму адрасу, параўноўваючы прагназаванае ўздзеянне твора на чытача ўвогуле і ў дэталях з тым, якому яму, паводле меркавання рэдактара, пажадана быць, і якасці, якімі твор валодае, з тымі, якія могуць замяспечыць яму поспех на кніжным рынку, а таксама дапамагчы аўтару прыгоднага да выдання твора ўзмацніць яго дадатныя бакі і ліквідаваць недахопы, выяўленыя ў працэсе рэдактарскага аналізу» [Мильчин-1998 : 331-332]; «галіна агульна-палітычнай і ідэалагічнай работы, якая ўключае ў сябе ўсе аспекты працы над рукапісам, г. зн. гэта адзіны творчы працэс, у які ўваходзіць ацэнка тэмы, праверка і выпраўленне выкладу з пункту гледжання ідэалагічнага і фактычнага (навуковага, тэхнічнага, спецыяльнага), праверка і выпраўленне распрацоўкі тэмы і, нарэшце, літаратурная апрацоўка тэксту» [Терехова-1975 : 3-4].

Сапраўды, усе тры аспекты рэдагавання – палітычны, навуковы і літаратурны выконвае адзін чалавек – рэдактар. Заўважым, што ўсе гэтыя аспекты грунтуюцца на розных падыходах, на розным разуменні зместу, прадмета рэдагавання. Яны абумоўлены рознымі аспектамі рэдагавання, а яшчэ больш – рознымі спецыяльнасцямі, спецыялізацыямі, рознымі ўмовамі дзейнасці рэдактара. Напрыклад, рэдагаванне тэхнічнай літаратуры, рэдагаванне рэкламы, рэдагаванне ў выдавецтвах і рэдагаванне ў СМІ шмат у чым адрозніваюцца. Таму з трох аспектаў рэдагавання – палітычнага, навуковага і літаратурнага – хтосьці выдзяляе толькі апошні і лічыць яго асноваю зместу дысцыпліны. Магчыма, гэтае выдзяленне абумоўлена і самою назваю дысцыпліны – «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура». Але ў любым выпадку словы «рэдагаванне», «рэдагаванне тэксту», «рэдагаванне газеты», «рэдагаванне матэрыялаў масавай інфармацыі» і інш. не азначае толькі «аналіз і выпраўленне памылак мовы і стылю».

Рэдагаванне – складаная творчая праца. Рэдактар павінен добра арыентавацца ў палітычнай сітуацыі, у той галіне навукі, вытворчасці, культуры, з якой звязаны змест рэдагаваных матэрыялаў; ён павінен умець карыстацца даведачнай літаратурай агульнага і спецыяльнага характару; рэдактар павінен бездакорна валодаць літаратурнай мовай, методыкай і тэхнікай літаратурнай праўкі. Вось чаму курс «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура» нельга разглядаць у адрыве ад іншых навучальных і навуковых дысцыплін, але пры гэтым бачыць істотнае адрозненне ад іх.

3. Сувязь курса«Стылістычнае рэдагаванне і карэктура»з іншымі дысцыплінамі. Наша дысцыпліна засноўваецца на шэрагу вывучаных, вядомых і невядомых студэнтам дысцыплін і разам з тым адрозніваецца ад іх. У прыватнасці, ад лінгвістычнай дысцыпліны «Асновы культуры маўлення і стылістыкі», якая ў цеснай сувязі з праблемамі стылю вывучае камунікацыйныя якасці маўлення: правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чыстату, дарэчнасць, багацце і выразнасць, бо ў курсе «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура» не можа не ўлічвацца змест.

Курс «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура» пры ўсёй яго сувязі адрозніваецца і ад арталогіі (грэч. orthos – правільны і logos – вучэнне) як галіны навуковых ведаў, аб’ектам вывучэння і апісання якой з’яўляецца моўная, маўленчая, мовазнаўчая і семіялагічная кампетэнцыя носьбіта пэўнай натуральнай мовы, кампетэнцыя, што выяўляецца ў камунікацыйнай практыцы чалавека, і якая, паводле заўваг А.Я. Міхневіча, шырэйшая за асновы культуры маўлення і стылістыкі, бо яна цікавіцца не толькі культурай маўлення, але і стаўленнем чалавека да мовы, моўнай рэфлексіяй асобы, яе ўласнымі ацэнкамі і разважаннямі аб тым, як трэба гаварыць, што «правільна» і «няправільна», адкуль паходзіць той ці іншы выраз або слова, што гавораць пра мову вядомыя людзі. Арталогія «мае дачыненне да “моўнай асобы” ў сучасным разуменні гэтага паняцця і вывучае моўную свядомасць чалавека (уключаючы якасці маўлення)» [Міхневіч-2004 : 15-22].

Вучэбная дысцыпліна «Стылістычнае рэдагаванне і карэктура» як бы ўбірае ў сябе, падсумоўвае, сінтэзуе веды цэлага шэрагу іншых навуковых і вучэбных дысцыплін, курсаў, засноўваецца на шматлікіх дысцыплінах, што студэнты вывучалі ва ўніверсітэце, у прыватнасці, «Асновы культуры маўлення і стылістыкі», «Сучасная беларуская мова», «Тэорыя літаратуры», «Псіхалогія», «Рыторыка», «Логіка», і што не вывучалі, як «Арталогію», але тым не менш да якой маюць самае непасрэднае дачыненне.

Наша дысцыпліна мае і свае ўласныя мэты і задачы: правільна і да месца аформіць змест выказвання, з улікам адрасата аформіць, паводле мэты і задач вынайсці сродкі афармлення, захаваць аўтарскі стыль, асноўную думку і змест.

Зразумела, што ў залежнасці ад месца працы рэдактара – у выдавецтве, рэдакцыі газеты, радыё, тэлебачання ці іншай установы – задачы ўдакладняюцца сваёй спецыфікай. Так, пры рэдагаванні навуковых, афіцыйна-справавых ці мастацкіх тэкстаў жанравыя асаблівасці істотна не ўплываюць на спецыфіку працы рэдактара. Затое ў журналісцкіх тэкстах іх жанрава-стылістычная разнавіднасць аказвае вырашальную ролю ў методыцы рэдагавання, у прыватнасці, будуць адрознівацца асноўныя падыходы да рэдагавання, напрыклад, афіцыйна-інфармацыйнага і фельетоннага тэкстаў у СМІ. Рэдагаванне ў мас-медыя вымушае браць да ўвагі іншыя адметнасці, напрыклад, тэхнічнага характару, у прыватнасці, месца, якое займае матэрыял на палосках, з чым ці з якім матэрыялам у суседстве, на якой паласе і інш. Таму ў СМІ спецыфіка рэдактуры звязана з аналізам і ацэнкай тэксту як мікраструктуры, што ўваходзіць у склад макраструктуры: старонкі, нумара выдання і інш. Нельга абысці і такую асаблівасць працы рэдактара, як забеспячэнне максімальнай папулярнасці журналісцкага выступлення, рэйтынгу газеты, часопіса і інш.

Сваю спецыфіку мае праца рэдактара на радыё і тэлебачанні, дзе найперш апрацоўваецца тэкст з улікам яго ўспрымання на слых. Асаблівай увагі патрабуе праца «прамога» эфіру, якая складае свае праблемы, вырашэннем якіх і займаецца рэдактар.

Некалькі слоў пра яшчэ адзін складнік наймення нашай дысцыпліны – карэктуру, ці карэктарскую працу. Назоўнік карэктар (ад лац. сorrесtor = папраўшчык) азначае ‘работнік выдавецтва, які займаецца чытаннем і праўкай карэктуры, а слова карэктура (ад лац. сorrесtura) – 1)’выпраўленне памылак у друкарскім наборы’, 2) ‘адбітак з друкарскага набору, прызначаны для выпраўлення памылак’ [Булыка-1999-1 : 625].

Выдатны рускі літаратуразнаўца Б. Тамашэўскі вельмі дакладна акрэсліў ролю карэктара ў выдавецкай справе, падкрэсліваючы, што тэарэтычна карэктар павінен клапаціцца толькі пра поўную тоеснасць арыгінала з наборам. Усё, што выклікае ў карэктара сумненні, мае быць пазначана як у арыгінале, так і ў карэктуры і пададзена на меркаванне аўтара або рэдактара. Вось у гэтым апошнім і палягае пралаз для ўсякіх нечаканых выпраўленняў.

Вельмі часта карэктар бачыць памылку там, дзе на самай справе ёсць або незразумелая яму мясціна, або ўхіленне ад агульнапрынятай нормы. Вядомы беларускі спецыяліст па пытаннях стылістыкі А.А. Каўрус прыводзіць такі прыклад падмены карэктарам слова ў радках з верша С. Станкевіча «Родная мова» (1919), што быў надрукаваны ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (29.08.1997):

Паміж рэчак, ля дарогі

Раскінуліся хаткі,

Стрэхі, як кажуць, убогі.

Іх пакрылі латкі.

Ён адзначае: «Тыя, хто публікаваў верш, не заглыбіліся ў вобразную структуру страфы, механічна, паводле зрокавага падабенства і граматычнай аналогіі, замянілі параўнанне як кажух на пабочны сказ». [Каўрус-2011 : 316].

Рэдактар, карэктар найперш павінны ўлічваць сістэмны характар сувязей паміж словамі пэўнай мовы.

Як бачым, праца рэдактара, карэктара вымушае да глыбокіх ведаў, да пазнання яе ў дэталях, асаблівасцях, з улікам патрабаванняў, абумоўленых часам, месцам.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Булыка-1999-1– Булыка, А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. Т. 1: А-Л. – Мінск: БелЭн, 1999. – 736 с.

Каўрус-2011 – Каўрус, А.А. Да свайго слова. Пытанні культуры мовы / А.А. Каўрус; пад агул. рэд.У.І. Куліковіча. – Мінск: РІВШ, 2011. – 344 с.

Мильчин-1998 – Мильчин, А.Э. Издательский словарь-справочник / А.Э. Мильчин. – М.: Юристъ, 1998. – 472 с.

Міхневіч-1982 – Міхневіч, А.Я. Функцыі мовы і маўлення і праблемы беларуска-рускага двухмоўя / А.Я. Міхневіч // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзяення моў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982. – С. 50-75.

Міхневіч-2004 – Міхневіч, А.Я. Арталагічны даведнік: асноўныя тыпы артыкулаў / А.Я. Міхневіч // Працы кафедры сучаснай беларускай мовы. – Мінск: РІВШ БДУ, 2004. – Вып. 3. – С. 15-22

Терехова-1975 – Терехова, В.С. Литературное редактирование: учебное пособие / В.С. Терехова. – Л.: Изд-во Ленингр. ун-та, 1975. – 93 с.

ТСБМ-4 – Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. Т. 4. П – С / [Рэд. тома Г.Ф. Вештарт, Г.М. Прышчэпчык]. – Мінск: Гал. рэд. Бел. Сав. Энцыклапедыі, 1980. – 768 с.