Развитие литературы и искусства в беларуси в конце 19-нач 20 века

У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, станавіліся на шлях стварэння развітой літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма твораў Ф. Багушэвіча – жыццё паднявольнага сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.

На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.

Выяўленчае мастацтва.

Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём. Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам. Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Трайццякоўскай галерэі.

Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак выканаў карціну “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.

Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч. Мастак прымаў удзел у паўстанні 1863–1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі ён жыў за межамі Беларусі, аднак сюжэтамі сваіх палотнаў нязменна выбіраў гістарыны лёс роднага народа. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”. К. Альхімовіч стварыў цэлы шэраг гістарычных палотнаў, якія з поспехам выстаўляліся ў Мюнхене і Парыжы.

У канцы ХІХ ст. пачынаецца творчая дзейнасць таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У сваёй творчасці ён развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “З аколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І. Рэпіным.