Архитектура, белорусский театр и музыка

Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне ХІХ ст. Да канца ХІХ ст. у беларускім дойлідстве пануе эклектыка (або “архітэктура гістарызму”). Яна вызначалася некрытычным выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.). Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесанс, тэатры – пад барока, касцёлы – пад готыку, праваслаўныя цэрквы будаваліся ў псеўдавізантыйскім, ці псеўдарускім, стылі.

У другой палове ХІХ ст. наглядаецца росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы ў Беларусі. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся, найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс.

Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль, у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц XIV і XVII стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Цэрквы, пабудаваныя ў псеўдарускім стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі. Найбольш значнымі пабудовамі гэтага напрамку з’яўляюцца мемарыяльны храм у вёсцы Лясная, створаны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войск над шведамі, капліца князёў Паскевічаў у Гомелі, Уваскрасенскі сабор у Барысаве.

У культавым дойлідстве Беларусі склаўся і неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены).

Побач з “архітэктурай гістарызму” у канцы ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага Стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Прыкладам архітэктуры мадэрна з’яўляюцца будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне, Гомелі, Магілёве. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў.

У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы.

Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. На “вечарынках” звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства. У 1911 і 1912 гг. трупа І. Буйніцкага выступіла ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў наведаў Варшаву. Такім чынам, І. Буйніцкі знаёміў гледачоў з мастацкай культурай беларускага народа, звяртаў увагу на яе своеасаблівасці і непаўторны нацыянальны каларыт. Аднак матэрыяльныя цяжкасці прымусілі І. Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.

Пераемнікам “Першай беларускай трупы” у працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”. Яно ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Творчыя магчымасці Таварыства былі даволі абмежаваныя, таму што яно трымалася толькі на энтузіязме ўдзельнікаў. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.