Политическое положение на белауских землях в начале 1918. Подписание брестского мирного договора 3 марта 1918 и его последствия для беларуси

Становішча Савецкай Расіі ўскладнялася тым, што яна знаходзілася ў стане вайны з Германіяй. У сувязі з тым, што краіны Антанты адмовіліся ад мірных перагавораў, савецкі ўрад рашыў пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2 снежня 1917 г. было падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9 – у Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы.

3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны мірны Дагавор на вельмі цяжкіх умовах, навязаных Германіяй. Паводле гэтага дагавора, пад нямецкай акупацыяй апынулася большая частка тэрыторыі Беларусі.

Брэсцкі мірны дагавор быў несправядлівы і грабежніцкі. Асабліва цяжкімі былі яго вынікі для працоўных Беларусі. Германіі Беларусь уяўлялася толькі як частка тэрыторыі Расіі, як залог пад ваенную кантрыбуцыю, выплаціць якую павінна была Савецкая Расія.

Такім чынам, у выніку нямецкай акупацыі Беларусь была падзелена на дзве часткі. Разгледзім перш-наперш становішча, якое склалася ў 1918 г. на свабоднай ад нямецкіх акупантаў частцы тэрыторыі Беларусі.

На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі важнейшай задачай партыйных і савецкіх органаў стала дапамога Чырвонай Арміі, павышэнне баяздольнасці чырвонаармейскіх і іншых рэвалюцыйных атрадаў.

У адпаведнасці з дэкрэтам СНК ад 8 красавіка 1918 г. быў створаны новы ваенна-адміністрацыйны апарат: акруговыя, губернскія, павятовыя і валасныя камісарыяты па ваенных справах.

У адпаведнасці з рашэннем ІІ з’езда Саветаў Заходняй вобласці ў красавіку 1918 г. быў створаны Савет народнай гаспадаркі Заходняй вобласці, а ў маі–снежні – губернскія і павятовыя саўнаргасы. Яны працягвалі распачатую ў канцы 1917 г. работу па ўстанаўленні рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем, за дзейнасцю чыгунак, фінансавых, харчовых і іншых устаноў, ажыццяўлялі нацыяналізацыю фабрык і заводаў. Толькі з сакавіка да верасня 1918 г. у 12 паветах было нацыяналізавана 31 прамысловае прадпрыемства. На іншых заводах і фабрыках устанаўліваўся рабочы кантроль. Саўнаргасы арганізоўвалі рамонт старых прадпрыемстваў, адкрывалі новыя. У Віцебску да лета 1918 г. была наладжана работа гарбарнай, сталярнай, швейнай, шапачнай, шавецкай, шорнай і іншых майстэрань, на якіх працавала больш за 1 тыс. чалавек. Дзесяткі прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускалі прадукцыю для Чырвонай Арміі і прадметы шырокага ўжытку, былі адкрыты ў Мсціславе, Сянно і іншых гарадах.

Аднак, нягледзячы на прынятыя меры па барацьбе з разрухай, становішча гаспадаркі Беларусі было цяжкае. У канцы 1918 г. на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў дзейнічалі толькі 92 прадпрыемствы, або 23,6 % ад іх колькасці ў 1913 г. На іх было занята 18 тыс. рабочых – 52,6 % да 1913 г.

У Магілёўскай і Віцебскай губернях у адпаведнасці з дэкрэтам УЦВК ад 11 чэрвеня 1918 г. была створана густая сетка камітэтаў вясковай беднаты.

На свабоднай ад ворага тэрыторыі органы савецкай улады правялі значную работу па культурнаму будаўніцтву. Асаблівая ўвага надавалася арганізацыі народнай адукацыі.

Такім чынам, гаспадарчая і культурна-асветная дзейнасць, якая праводзілася на свабоднай ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі Беларусі ў 1918 г., была накіравана на аказанне дапамогі Чырвонай Арміі, умацаванне новай, савецкай улады, павышэнне агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню працоўных.

на тэрыторыі Беларусі, захопленай нямецкімі акупантамі, быў устаноўлены каланіяльны рэжым. Уся ўлада перайшла ў рукі ваеннага камандавання. Разам з акупантамі сюды вярнуліся капіталісты і памешчыкі. Па распараджэнні нямецкага камандавання ім вярталася раней нацыяналізаваная ў іх маёмасць. Капіталісты і памешчыкі жорстка помсцілі працоўным. Яны арганізоўвалі лакауты, закрывалі прадпрыемствы. Падчас акупацыі ў Мінску не працавалі лесапільныя, гарбарны і дражджавы заводы, тытунёвая фабрыка, майстэрні. Аналагічнае становішча стварылася і ў іншых гарадах. На прадпрыемствах рабочы дзень працягваўся 12–14 гадзін. Рабочыя мітынгі, сходы былі забаронены.

Памешчыкі з дапамогай нямецкіх карных атрадаў забіралі ў сялян зямлю, жывёлу, сельскагаспадарчы інвентар, спаганялі розныя падаткі. Акупанты вывозілі ў Германію матэрыяльныя каштоўнасці, прымусова адпраўлялі на цяжкія работы найбольш фізічна здаровых людзей. Толькі вясной 1918 г. з Мінска было вывезена ў Германію 15 тыс. чалавек. Кошт нарабаваных на Беларусі немцамі матэрыяльных каштоўнасцей у 1918 г. перавышаў 5 млрд марак. У выніку прамысловасць і сельская гаспадарка Беларусі, якія і без таго былі разбураны вайной, усё больш прыходзілі ў заняпад. Архіўныя дакументы сведчаць аб тым, што на захопленай тэрыторыі немцы ўстанавілі жорсткі грабежніцкі каланіяльны рэжым.

На барацьбу з акупантамі ўзняліся працоўныя Беларусі. Пад кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга абласнога камітэта партыі бальшавікоў на захопленай ворагам тэрыторыі была створана сетка падпольных партыйных арганізацый. Работу іх узначальвалі тры падпольныя раённыя камітэты РКП(б) – Мінскі, Палескі і Бабруйскі.

У цяжкіх умовах барацьбы з акупантамі рабочы клас асобных гарадоў Беларусі змог захаваць свае органы ўлады – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Актыўна працавалі ў падполлі Мінскі і Гомельскі Саветы. Яны прымалі дзейсны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рабочых забастовак, дэманстрацый.

Разам з рабочымі супраць акупантаў актыўна змагалася беларускае сялянства. У чэрвені 1918 г. у Слуцкім павеце сялянамі быў знішчаны атрад нямецкіх салдат. У Сенненскім павеце сяляне паўсталі, у Лепельскім – забілі нямецкага каменданта і знішчылі гарнізон.

На захопленай ворагам тэрыторыі разгарнуўся партызанскі рух. Паводле няпоўных звестак, толькі на тэрыторыі Мінскага, Магілёўскага, Бабруйскага, Гомельскага, Рэчыцкага, Слуцкага і Быхаўскага паветаў да восені 1918 г. налічвалася каля 100 партызанскіх атрадаў. Партызанскія атрады дзейнічалі ў Полацкім, Мазырскім, Пінскім, Навагрудскім і іншых паветах. Многія з іх з’яўляліся буйнымі баявымі адзінкамі.