БРАНІСЛАЎ АДАМАВІЧ ТАРАШКЕВІЧ

(1892 – 1938)

 

Вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, літара-туразнавец, мовазнавец і перакладчык Б.А. Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў засценку Мацюлішкі (цяпер Літва). Скончыў гіс-торыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта (1916 г.), працаваў у ім прыват-дацэнтам грэчаскай і лацінскай моў. 3 1918 года загадваў культурна-асветным аддзелам Пецярбургскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 годзе выкладаў беларускую і грэчаскую мовы ў Мінскім педінстытуце, а ў 1920 годзе загадваў беларускім сектарам дэпартамента асветы так званай Сярэд-няй Літвы, у 1921 – 1922 гг. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. У 1922 годзе выбраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім беларускі пасольскі клуб.

За абарону правоў беларускага насельніцтва і палітычную дзейнасць у студзені 1927 г. арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У 1930 годзе з мэтай дыскрэдытацыі яго выпусцілі на волю, але праз год зноў арыштавалі і ў лістападзе 1932 года асудзілі на 8 гадоў катаржнай турмы. У верасні 1933 года быў абмяняны на савецкага палітвязня і жыў у Маскве, працаваў у Mіжнародным аграрным інстытуце загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі. У маі 1937 года арыштаваны і па беспадстаўным абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы 29 лістапада І938 года расстраляны.

Беларускім мовазнаўствам Тарашкевіч займаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Яшчэ студэнтам 3-га курса Пецярбургскага універсітэта ён апублікаваў у часопісе “Раніца” (1914 г.) артыкул “Не пакідайце сваёй мовы”, у якім заклікаў суайчыннікаў шанаваць родную мову, таму што яна з’яўляецца душой народа, запісваць мясцовую лексіку і розныя віды вуснай народнай творчасці – казкі, легенды, песні, прыказкі, загадкі.

У 1913 годзе па прапанове Я. Купалы Тарашкевіч пачаў працаваць над беларускай граматыкай, і ў 1918 г. у Вільні яна ўбачыла свет. Гэтая праца была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавы-давалася і адыграла выключна вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, бо ўпершыню абагульніла і замацавала пісьмовыя традыцыі, якія склаліся на той час у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у перыядычным друку. Менавіта як аўтар “Беларускай граматыкі для школ” Тараш-кевіч у 1928 годзе быў абраны правадзейным членам АН БССР.

Б.А. Тарашкевіч займаўся і іншымі лінгвістычнымі даследаваннямі. Так, у 1923 г. ім завершаны і здадзены ў друк “Сінтаксіс беларускай мовы”, які, на жаль, па нейкіх прычынах не выйшаў, прычым рукапіс яго да гэтага часу не знойдзены. У 1933 годзе Тарашкевіч пісаў з турмы да пракурора ў Вільню, што ўжо доўгі час працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы. Магчыма, праца была закончана, аднак яе лёс невядомы. Toe ж можна сказаць і пра доктарскую дысертацыю Тарашкевіча “Стыль і фанетыка Лаўрэнцьеўскага летапісу”.

Тарашкевіч пераклаў на беларускую мову два сусветна вядомыя паэтычныя творы – “Іліяду” Гамера і “Пана Тадэвуша” А. Міцкевіча. Пераклад “Іліяды” ён пачаў у час працы ў Пецярбургскім універсітэце, а закончыў у 1927 г. у адной з самых суровых турмаў Польшчы – на Бронках. Месцазнаходжанне рукапісу да гэтага часу невядомае. У перыядычным друку апублікаваны толькі дзве перакладзеныя песні “Іліяды”.

Паэма А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” была перакладзена ў турэмных засценках у 1931 – 1932 гг. Рукапіс перакладу захаваўся і быў выда-дзены ў 1981 г. у Мінску і ў 1984 г. у Польшчы. Гэты пераклад атрымаў высокую ацэнку беларускіх і польскіх спецыялістаў. Цікавымі з’яўляюцца яго моўныя асаблівасці. Пры выбары беларускіх перакладных эквівалентаў да польскага арыгінала Тарашкевіч свядома арыентаваўся на гутарковую мову і паэтычную вусную народную творчасць. Менавіта гэтым абумоўлена шырокае выкарыстанне форм інфінітываў з ненаціскным суфіксам –ці (запытаці, ратаваці, жыці), памяншальна-ласкальных форм (вочкі, губкі, заўтрачка, ціхусенька ...), прыслоўяў і часціц з узмацняльнымі суфіксальнымі элементамі (тамака, тутака, цяперака, ...).

У мове перакладу адлюстраваліся многія асаблівасці паўднёва-заходніх гаворак. Тарашкевіч побач з агульнабеларускай лексікай карыстаўся пры перакладзе і словамі абмежаванага ўжывання: дыялектызмамі, паланізмамі, русізмамі, уласнымі наватворамі і некаторымі іншымі. Увядзенне Тарашкевічам у мову перакладу шэра-гу фанетычных, акцэнталагічных, граматычных і лексічных асаблівас-цей рэгіянальнага характару тлумачыцца не столькі слабай унармава-насцю тагачаснай беларускай літаратурнай мовы, колькі мэтамі версіфікацыйнымі і стылістычнымі: каб вытрымаць рытм і рыфмы вершаваных радкоў і, галоўнае, стварыць мясцовы і часавы каларыт, зрабіць пераклад як мага больш стылістычна адэкватным арыгіналу, мова якога таксама не была пазбаўлена рэгіяналізмаў і архаізмаў.

 

ПЁТР АПАНАСАВІЧ БУЗУК

(1891 – 1937)

 

Беларускі мовазнавец-славіст, педагог П.А. Бузук нарадзіўся 14 лі-пеня 1891 г. у в. Цярноўка ў Малдавіі. У 1916 годзе скончыў гісто-рыка-філалагічны факультэт Адэскага ўніверсітэта, з 1920 года дацэнт гэтага ж факультэта. Доктар філалагічных навук (1924), прафесар (1925). Восенню 1925 года па запрашэнні рэктара БДУ У.І. Пічэты пераехаў у Мінск, чытаў лекцыі ва універсітэце, адначасова кіраваў групай аспірантаў.

У 1926 – 1930 гг. загадчык дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта, у 1927 – 1928 гг. – член камісіі жывой беларускай мовы па распрацоўцы праекта правапісу беларускай мовы, графікі; камісіі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы; тэрміналагічнай камісіі па падрыхтоўцы слоўнікаў фізічнай, ветэрынарнай, хімічнай, механічнай, тэатральнай тэрміналогіі. З 1931 г. – дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР, адначасова загадчык кафедры мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута. У пачатку 1934 г. П.А. Бузук быў беспадстаўна арыштаваны і сасланы на 3 гады ў Волагду, дзе працаваў у педагагічным інстытуце. Пасля заканчэння ссылкі ў 1937 годзе зноў арыштаваны і ў гэтым жа годзе расстраляны. Па пратэсце пракурора БССР пастановай Пленума Вярхоўнага суда БССР у 1988 годзе справа ў адносінах П.А. Бузука спынена з-за адсутнасці складу злачынства, вучоны быў рэабілітаваны.

П.А. Бузук быў выдатным мовазнаўцам-паліглотам, валодаў усімі славянскімі мовамі, малдаўскай, румынскай, італьянскай, нямецкай, англійскай, французскай, літоўскай, татарскай, яўрэйскай, грэчаскай, лацінскай, грузінскай. Веданне рознасістэмных моў дазволіла стварыць шэраг прац, прысвечаных пытанням агульнага мовазнаўства. Галоўны кірунак навуковай дзейнасці П.А. Бузука – даследаванне беларускіх дыялектаў і распрацоўка пытанняў лінгвістычнай геаграфіі. Разам з С. Некрашэвічам склаў “Праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак, пераходных да суседніх моў” (1927), да збору гаворак былі шырока прыцягнуты студэнты і грамадскасць.

На аснове сабранага матэрыялу былі напісаны многія артыкулы і манаграфія “Спроба лінвістычнай геаграфіі Беларусі. Ч. 1. Фанетыка і марфалогія. Вып. 1. Гаворкі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі і сусед-ніх мясцовасцей Украіны і Вялікарасіі ў першай чвэрці ХХ в.” (1928). Гэта першы дыялекталагічны атлас беларускай мовы, які складаецца з 20 лінгвістычных карт і 111 старонак каментарыяў да іх.

П.А. Бузук – першы беларускі мовазнавец, для якога тэарэтычнае абгрунтаванне лінгвістычнай геаграфіі было справай усёй яго навуко-вай дзейнасці. Ён акрэсліў асноўныя праблемы лінгвагеаграфіі, якія і сёння застаюцца актуальнымі. Вучоны лічыў, што звесткі пра пашырэнне славянскіх моў і іх дыялектаў, пра іх узаемаадносіны з’яўляюцца неабходнай крыніцай вывучэння гісторыі і этнаграфіі славянскіх народаў, высвятлення іх паходжання.

Карпатлівае даследаванне гісторыі беларускай мовы ў яе сувязі з іншымі славянскімі мовамі П.А. Бузук спалучаў з інтэнсіўнай распрацоўкай актуальных праблем сучаснай беларускай літаратурнай мовы. На акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (12 – 21 лістапада 1926 года) П.А. Бузук прачытаў даклад “Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў”. Шэраг артыкулаў прысвяціў пытанням культуры беларускай літаратурнай мовы, праблеме ўзаемаадносін беларускай літаратурнай мовы і народ-ных дыялектаў.

Напісаў некалькі літаратуразнаўчых прац, прысвечаных аналізу творчасці беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, пісьменнікаў братніх славянскіх народаў. Пад псеўданімам П. Росіч друкаваў вершы, апавяданні, пераклады ў “Маладняку”, “Полымі”, рэспубліканскіх газетах.

 

ЯЗЭП ЮР’ЕВІЧ ЛЁСІК

(1884 – 1940)

 

Язэп Юр’евіч Лёсік нарадзіўся 6 лістапада 1884 года ў вёсцы Міка-лаеўшчына былога Менскага павета ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Паспяхова скончыў мясцовую народную школу, два гады самастойна рыхтаваўся і ў 1898 годзе паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Аднак з другога класа за свавольны характар і частыя спрэчкі з выкладчыкамі быў выключаны. Засмучонага юнака выручыў старэйшы брат Антон. Ён уладкаваў яго ў апошні клас Ноўгарад-Северскага, што на Палтаўшчыне, гарадскога вучылішча, дзе сам у гэты час працаваў выкладчыкам. Праз год Язэп скончыў гэтую навучальную ўстанову, затым здаў пры Ноўгарад-Северскай гімназіі экзамен на годнасць народнага настаўніка і быў пасланы на працу ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу. Праз год пераехаў на Палтаўшчыну і працаваў настаўнікам у мястэчку Грамяч. Калі пачалася першая руская рэвалюцыя, вёў антыўрадавую прапаганду сярод мясцовага насельніцтва, за што ў канцы 1905 года быў арыштаваны і больш за год праседзеў у Ноўгарад-Северскай турме. Там дарма часу не губляў, займаўся самаадукацыяй.

У 1907 годзе Я. Лёсіка перавезлі на суд у горад Старадуб. Адтуль ён уцёк і каля двух гадоў жыў у розных месцах нелегальна. На пачатку 1911 года падчас наведвання брата ў Ноўгарад-Северску быў арыштаваны і асуджаны на бестэрміновую высылку ў Сібір. Жыў у Кірэнскім павеце, займаўся фізічнай працай, некаторы час служыў пісарчуком, многа чытаў, наладзіў супрацоўніцтва з газетай “Наша Ніва”. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вызваліўся, пераехаў у Менск і распачаў актыўную палітычную дзейнасць, скіраваную на ўстанаў-ленне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Ён увайшоў у партыю Беларускай сацыялістычнай грамады, у 1918 годзе стаў адным са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, уваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і каля года ўзначальваў яе, рэдагаваў газету “Вольная Беларусь”, а потым газету “Беларусь”. На старонках гэтых і іншых перыядычных выданняў часта выступаў з публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі.

Калі Беларусь была вызвалена ад белапольскіх акупантаў, заявіў аб прызнанні прынцыпаў Савецкай улады, адышоў ад палітыкі і пачаў займацца выключна педагагічнай і навуковай дзейнасцю.

Педагагічную дзейнасць Я. Лёсік вёў у Белдзяржуніверсітэце, Бел-педтэхнікуме і на шматлікіх курсах беларусазнаўства, а навуковую – у Тэрміналагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы, а потым у Інстытуце беларускай культуры. У гэтай даследчай установе ўзначаль-ваў Тэрміналагічную камісію, а з 1927 года з’яўляўся дырэктарам Інстытута навуковай мовы.

Як старшыня Тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы Інбелкульта Я. Лёсік удзельнічаў у апрацоўцы каля 3000 навуковых тэрмінаў па матэматыцы, літаратуры, батаніцы і іншых ведах у аб’ёме сярэдняй школы. У 1927 годзе пад грыфам “Беларуская навуковая тэрміналогія” выйшаў апрацаваны Я. Лёсікам “Слоўнік граматычна-лінгвістычны”. Ён налічваў ужо 1592 беларускія тэрміны. З прапанаваных Лёсікам лінгвістычных тэрмінаў значная колькасць была ўведзена ў навуковы зварот упершыню і трывала замацавалася ў мовазнаўчай практыцы (напрыклад, выказнік, двукоссе, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе, дужкі, займеннік, злучнік, кропка, назоўнік, прыметнік, прыназоўнік, суфікс, шматкроп’е і інш.).

Я. Лёсік многа ўвагі ўдзяляў падрыхтоўцы школьных падручнікаў.

У 1920 годзе выйшла з друку складзеная ім чытанка для беларускіх школ “Наша крыніца”.

У 1921 годзе была выдадзена створаная Я. Лёсікам “Практычная граматыка беларускай мовы. Курс першы”. Праз год выйшла і другая частка “Практычнай граматыкі”. Абедзве часткі потым былі аб’яднаны і ў 1924 годзе выдадзены пад назвай “Пачатковая граматыка”. Яна мела чатыры раздзелы: 1) мова, слова, гук; 2) просты сказ; 3) часціны мовы; 4) складаны сказ. Наступныя выданні гэтага падручніка выходзілі пад назвай “Школьная граматыка беларускае мовы”. Апошняе, восьмае, выданне гэтага падручніка выйшла ў 1929 годзе. Ад выдання да выдання ён дапрацоўваўся і ўдасканальваўся. Апошнія выданні “Школьнай граматыкі” стаяць на ўзроўні сучасных школьных граматык, а ў некаторых адносінах і пераўзыходзяць іх. Па падручніку навучалася беларускай мове цэлае пакаленне беларускай моладзі.

На аснове лекцый, якія Лёсік чытаў у Белдзяржуніверсітэце, ства-рыў навуковы курс беларускай літаратурнай мовы для настаўнікаў, выкладчыкаў і самаадукацыі з трох кніг: “Граматыка беларускае мовы. Фанетыка”. (1926 г.), “Граматыка беларускае мовы. Марфалогія” (1927 г.) і “Сінтаксіс беларускае мовы” (1925 г.)

Я. Лёсік прыняў удзел у рабоце акадэмічнай канферэнцыі па рэфор-ме беларускага правапісу і азбукі (1926 г.) і выступіў на ёй з двума грунтоўнымі дакладамі “Да рэформы беларускай азбукі” і “Да рэформы беларускага правапісу”.”.

Я. Лёсік часта выступаў у друку з грунтоўнымі артыкуламі аб культуры беларускай літаратурнай мовы і аб мове мастацкай літара-туры і аўтарскіх стылях. Аўтарытэт Я. Лёсіка як таленавітага мова-знаўца несупынна рос. Вось чаму пасля рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук ён быў зацверджаны яе правадзейным членам (1928 год). Аднак працаваць у гэтым новым вучоным званні Я. Лёсіку прыйшлося нядоўга. 17 ліпеня 1930 года ён быў арыштаваны і па надуманым абвінавачванні ў буржуазным нацыяналізме і іншых “грахах” 10 красавіка 1931 года асуджаны на пяць гадоў высылкі ў Саратаўскую вобласць. У высылцы выкладаў рускую мову і літаратуру ў педтэхнікуме. Калі скончыўся тэрмін высылкі, прыехаў у Менск, аднак тут яму жыць не дазволілі. Каб быць паблізу роднай Беларусі, уладкаваўся настаўнікам на станцыі Злынка Бранскай вобласці, Праз год па загаду НКУС вярнуўся на Саратаўшчыну і працаваў у педтэхнікуме. Але і там яго не пакінулі ў спакоі: у 1938 годзе ён быў зноў арыштаваны. Пры вобыску забралі ўсе яго паперы, у тым ліку і рукапіс падручніка для педтэхнікумаў “Русский язык. Синтаксис”, ужо амаль завершанага. У Саратаўскай турме Я. Лёсіка трымалі доўга, вялі знясільныя допыты і толькі 31 сакавіка 1940 года асудзілі зноў на пяць гадоў, але ўжо не высылкі, а папраўча-працоўных лагераў. Праз некаторы час жонка атрымала ад турэмнага начальства паведамленне, што яе муж памёр 1 красавіка 1940 года ад туберкулёзу. У названай прычыне смерці можна сумнявацца і думаць, што Я. Лёсік быў закатаваны на допытах ці нават расстраляны. Рэабілітаваны Я. Лёсік толькі 10 чэрвеня 1988 года, а ў маі 1990 адноўлены ў званні акадэміка.

МІКАЛАЙ ЯКАЎЛЕВІЧ БАЙКОЎ

(1889 – 1941)

 

Беларускі мовазнавец М.Я. Байкоў нарадзіўся 22 лютага 1889 года ў горадзе Бежацк Цвярской вобласці. У 1913 г. скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата-магістранта і быў накіраваны ў Мінскую духоўную семінарыю выкладчыкам філасоф-скіх і педагагічных дысцыплін. У 1918 г. быў абраны выкладчыкам Мінскага настаўніцкага інстытута, ператворанага ў пачатку 1919 г. у Педагагічны інстытут, а ў сярэдзіне 1920 г. – у Інстытут народнай асветы. Там чытаў курсы педагогікі, псіхалогіі, логікі і гісторыі філасофіі. Выкладчыцкую дзейнасць у гэтых інстытутах, а пазней у Белпедтэхнікуме спалучаў з даследчай на пасадзе сакратара Тэрміна-лагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы БССР, а потым Слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР. У сярэдзіне 1930 г. беспадстаўна абвінавачаны і звольнены з акадэмічнай пасады. Памёр 23 ліпеня 1941 г.

М. Байкоў зрабіў значны ўклад у педагогіку, беларускую літара-туру і беларускую мову, аднак найбольш вядомы ён стаў сваімі мовазнаўчымі працамі, найперш лексікаграфічнымі.

У 1923 г. выйшаў складзены М. Байковым слоўнік тэрміналогіі логікі і псіхалогіі, які змяшчаў 1090 беларускіх тэрміналагічных слоў і слова-злучэнняў як перакладных эквівалентаў да прынятых у беларускай мове тэрмінаў. У 1924 г. апублікаваны ўкладзены М. Байковым і М. Гарэцкім “Практычны расійска-беларускі слоўнік”, які меў на мэце, як сказана ў прадмове, “даць практычную дапамогу пры пераходзе на беларускую мову ў выкладанні навук у беларускіх школах і вядзенні спраў у беларускіх дзяржаўных, грамадскіх і кааперацыйных установах” (больш за 18000 слоў і словазлучэнняў).

Цікавым для свайго часу быў “Практычны беларускі вайсковы слоўнік” (Ч. 1. Расійска-беларуская. 1927), укладзены Байковым і Бара-ноўскім. Вялікую практычную ролю адыгралі ўкладзеныя Байковым і Не-крашэвічам “Беларуска-расійскі слоўнік” (1925) і “Расійска-беларускі слоўнік” (1928), дзе рускія словы перакладзены звычайна не адным, а некалькімі сінанімічнымі беларускімі адпаведнікамі.

Многа часу і сіл М. Байкоў аддаў незавершанаму слоўніку жывой беларускай мовы, калектыўная праца над якім паспяхова вялася з 1925 г. і лічылася найважнейшым навуковым заданнем Інбелкульта, а потым і АН БССР. З’яўляючыся сакратаром Слоўнікавай камісіі, Байкоў кіраваў збіраннем лексічных матэрыялаў. Ён склаў і праект укладання гэтага слоўніка, абмеркаваны і прыняты камісіяй 15 краса-віка 1929 года.

М. Байкоў быў перакананым прыхільнікам ачышчэння беларускай літаратурнай мовы ад непатрэбных запазычанняў і стварэння навуковай тэрміналогіі на народнай аснове. Гэтыя думкі ён паслядоўна праводзіў у сваёй лексікаграфічнай практыцы і абгрунтоўваў у мовазнаўчых рэцэнзіях і артыкулах.

У сярэдзіне 1930 года беспадстаўна абвінавачаны і звольнены з акадэмічнай пасады. Памёр 23 ліпеня 1941 года.