СЦЯПАН МІХАЙЛАВІЧ НЕКРАШЭВІЧ

(1883 – 1937)

 

Беларускі мовазнавец С.М. Некрашэвіч нарадзіўся 8 мая 1883 года ў вёсцы Данілаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Панявежскай настаўніцкай семінарыі (1908) настаўнічаў. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). З 1918 года загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы г. Адэса, вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабіліза-ваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў. Дзякуючы яго намаган-ню да пачатку 1918 навучальнага года ў Адэсе было адкрыта 30 пачатковых беларускіх школ і беларуская гімназія. З 1920 года працаваў ў Мінску ў апараце Наркамасветы БССР, займаў розныя кіраўнічыя пасады: загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела, інспектар навуковых устаноў, старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі. С.М. Некрашэвіч прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інбелкульта і ў 1922 – 1925 гг. узначальваў яго. Арганізацыйную і на-вуковую дзейнасць спалучаў з выкладчыцкай у Белдзяржуніверсітэце. У пачатку 1925 года быў камандзіраваны ў Навукова-даследчы інстытут мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, дзе да ліпеня 1925 года займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка Я.Ф. Карскага.

У 1928 годзе быў зацверджаны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР, адначасова з’яўляўся дырэктарам акадэмічнага Інстытута бела-рускай мовы, а потым стаў старшынёй Галоўнавукі пры Наркам-асветы БССР. 21 ліпеня 1930 года арыштаваны і высланы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР.

У канцы 1937 года арыштаваны паўторна, прывезены ў Мінск і 20 снежня расстраляны.

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці С.М. Некрашэвіча – лексі-каграфічны. Як старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, ён непа-срэдна ўдзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў.

У лютым 1925 годзе Інбелкульт прыняў рашэнне ўкласці слоўнік жывой беларускай мовы. Была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў С.М. Некрашэвіч. У хуткім часе ён вызначыў і навукова абгрунтаваў тып слоўніка як тлумачальны, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання і структуру слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік павінен быў абнародаваць з навуковымі каментарыямі лексічныя багацці беларускай мовы з усёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ад пачатку 19 ст. да апошняга часу. 20 лістапада 1929 года быў зацверджаны канчатковы праект слоўніка і камісія прыступіла да непасрэднай распрацоўкі слоўнікавых артыкулаў, аднак у сувязі з арыштам С.М. Некрашэвіча і іншых выканаўцаў работа над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. Багатая картатэка і апрацаваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Улічваючы вялікую патрэбу ў лексікаграфічных даведніках практычнага тыпу, С.М. Некрашэвіч і М.Я. Байкоў па даручэнні Інбел-культа ўзяліся за падрыхтоўку перакладных слоўнікаў. У 1925 годзе яны выдалі “Беларуска-расійскі слоўнік”, у 1928 – “Расійска-беларускі слоўнік”. Працы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.

С.М. Некрашэвіч шмат займаўся і правапісам. У 1920 годзе ў друку з’яявіўся яго артыкул “Справачнік спрэчных дзеяслоўных форм”. На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926) вучоны выступіў са спецыяльным дакладам. Паколькі прынятыя канферэнцыяй пастановы не былі прыведзены ў жыццё, 1 кастрычніка 1927 года была створана новая правапісная камісія начале з С.М. Не- крашэвічам. Праз два гады яна прыняла Праект беларускага правапісу, які быў разасланы для абмеркавання. У 1933 годзе перапрацаваны Праект быў перавыдадзены і на яго аснове СНК БССР прыняў вядомую пастанову “Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу”, якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла пэўныя правапісныя і граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы.

Аб’ектам навуковых інтарэсаў С.М. Некрашэвіча была і беларуская дыялекталогія. Так, разам з П.А. Бузуком ён склаў “Праграму для збі-рання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў” (1927). У ёй налічвалася 157 пытанняў па фанетыцы, марфалогіі, сінтаксісе і націску, даваліся каштоўныя метадычныя парады. Праграмныя распрацоўкі С.М. Некрашэвіча ў галіне лексіка-графіі заклалі тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялектных слоўнікаў беларускай мовы.

С.М. Некрашэвіч даследаваў і гісторыю беларускай мовы. У працы “Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты” “О уставах манастырскіх” (1928) ён упершыню прааналізаваў гэты рукапісны помнік з графічнага, фанетычнага і граматычнага бакоў. Доўга працаваў Некрашэвіч і над другой сваёй працай па гісторыі беларускай мовы – “Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелія на беларускую мову і мова перакладу”, якая, аднак, не была надрукавана.

С.М. Некрашэвіч уважліва сачыў за навуковымі працамі па бела-рускім мовазнаўстве, часта выступаў у друку з грунтоўнымі рэцэнзіямі на іх. Актуальныя пытанні развіцця беларускай мовы і культуры ён узнімаў у сваіх выступленнях на сесіях ЦВК і з’ездах КПБ.