Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай

 

Вялікая французская рэвалюцыя 1789 – 1794 гг. Прычыны крызіса Рэчы Паспалітай: шляхецкія вольнасці, выбранне манарха, барацьба магнатаў за ўладу, рэлігійная палітыка, феадальны прыгнёт, войны. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. Паўстанне на чале з Т. Касцюшка. Тры падзелы Рэчы Паспалітай.

 

Пры разглядзе дадзенага пытання ёсць неабходнасць каротка спыніцца на значэнні Вялікай Французскай рэвалюцыі, значнае ўздзеянне якой адчула на сабе і Рэч Паспалітая, у склад якой на той час яшчэ ўваходзіла Беларусь.

 

Шмат прычын прывялі Францыю да рэвалюцыі 1789 – 1794 гг., але ўсе яны разам склалі адну, галоўную – антаганізм паміж феадальнымі вытворчымі адносінамі і капіталістычным укладам вытворчасці.

17 чэрвеня 1789 г. дэпутаты трэццяга саслоўя Генеральных штатаў (парламента) абвясцілі сябе Нацыянальным сходам. Кароль Людовік XVI аддае загад разагнаць сход. І гэта стала повадам для паўстання.

26 жніўня 1789 г. прымаецца Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна. У 1791 г. прымаецца Канстытуцыя, у якой Францыя абвешчана канстытуцыйнай манархіяй. Канстытуцыя замацавала адмену саслоўяў, секулярызацыю царкоўнай маёмасці, самакіраванне правінцый.

Але на гэтым рэвалюцыя не спынілася. На другім яе этапе (10.08.1792 – 2.06.1793) адмяняецца каралеўская ўлада і абвяшчаецца Рэспубліка.

3 чэрвеня 1793 рэвалюцыя ўступіла ў трэцці этап – рэвалюцыйна-дэмакратычную дыктатуру.

27 ліпеня 1794 г. (9 тэрмідора) адбыўся контррэвалюцыйны пераварот, у выніку якога да ўлады прыйшла буйная буржуазія.

Трэба звярнуць увагу на тое, што Вялікая Французская рэвалюцыя адзначала канец федальна-абсалютысцкаму ладу, пачалася эпоха капіталізма. Трэба адзначыць глыбокі ўплыў рэвалюцыі на ход развіцця не толькі Еўропы, але і ўсяго сусвету. Не выключэнне – Беларусь, якая ў XVIII ст. знаходзілася ў складзе спачатку Рэчы Паспалітай, а потым Расійскай імперыі.

Што ўяўляла сабой у XVIII ст. Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіла Беларусь? Гэта была краіна, якая перажывала глыбокі крызіс. Што прывяло Рэч Паспалітую да такога стану? Прычын было некалькі. І першая – палітычны лад Рэчы Паспалітай. Найбольш небяспечным для дзяржаўнасці былі так званыя “шляхецкія залатыя вольнасці”: выбранне манарха, liberum veto, канфедэрацыі.

Палякі не знайшлі ў сябе дзяржаўнай мудрасці, калі пасля смерці (1572 г.) Жыгімонта ІІ Аўгуста знікла манархічная дынастыя Ягелонаў, каб вылучыць з свайго асяроддзя караля. Яны пайшлі па шляху запрашэння манарха на польскі трон з суседніх краін. Так, у 1573 г. на пасаду караля быў запрошаны Генрых Валуа з Францыі, у 1697 г. – Аўгуст ІІ, саксонскі курфюст. А ў 1655 г. – частка магнатаў Рэчы Паспалітай падпісала дагавор аб пераходзе ВКЛ пад пратэктарат Швецыі.

Выбранне манарха вяло да такой з'явы, як подкуп. Карупцыя стала звычайнай справай палітычнага жыцця краіны.

Выбары манархаў у Польшчы стваралі таксама падставу для зацікаўленасці суседніх краін у “хатніх” справах Рэчы Паспалітай.

Шляхта Рэчы Паспалітай карысталася яшчэ і такой вольнасцю, як “paсta conventa”, якая абмяжоўвала каралеўскую ўладу і пашырала правы шляхты. Калі кароль не выконваў дамоўленасцей “paсta conventa”, шляхта мела яшчэ адно права – канфедэрацыі. Гэта значыць, што калі кароль дзейнічаў насуперэк шляхце, то апошняя мела права адмовіцца ад падпарадкавання каралю і выступіць супраць яго. Такім чынам, узаконьвалася права шляхты на грамадзянскую вайну. Гэтыя ўмовы так абмяжоўвалі ўладу караля, што ён не валодаў ні заканадаўчай, ні выканаўчай, ні судовай уладай.

Шляхецкія вольнасці вянчала “liberum veto”, якое не толькі нараджала анархію, але магло наогул паралізаваць цэнтральную ўладу. Так, за 1744 – 1762 гг. усе 11 сеймаў не здолелі прыняць патрэбных рашэнняў, таму што дастаткова было голаса аднаго шляхціча супраць, каб рашэнне на сейме не прымалася.

Такім чынам, у выніку асаблівасцей палітычнага ладу Рэчы Паспалітай да канца XVII ст. узнікае прыкметнае аслабленне манархічнай улады пры бяспрыкладным умацаванні шляхты.

Наступнай прычынай аслаблення Рэчы Паспалітай была рэлігійная палітыка. Берасцейская царкоўная унія 1596 г. паглыбіла існуючыя ў грамадстве супярэчнасці. Лацінізацыя уніяцкай царквы прывяла да расколу грамадства на яе прыхільнікаў і праціўнікаў.

Да ўсяго папярэдняга дадаецца спалучэнне рэлігійнага і нацыянальнага прыгнёту з феадальным. Невыносным было становішча сялян. Паншчына даходзіла да 12 дзён на тыдзень. Акрамя дзяржаўных падаткаў селянін павінен быў выконваць:

- фурманковую павіннасць;

- вартоўную службу;

- рамонт дарог, мастоў;

- гвалты, талокі.

Усё гэта вяло да ліквідацыі стымулаў да працы, а таксама супраціўлення народных мас. Супраціўленне выражалася ў форме уцёкаў ад сваіх гаспадароў да іншых феадалаў на Украіну і ў Расію, падпальвання маёнткаў, узброеных паўстанняў.

Адным з буйных сялянскіх рухаў XVIII ст. было паўстанне ў Крычаўскім старастве.

Паглыбіла палітычны і эканамічны крызіс Рэчы Паспалітай барацьба паміж магнатамі за ўладу. Барацьба прыняла характар грамадзянскай вайны. Пачатак Паўночнай вайны не спыніў феадальных міжусобіц. Так, Сапега перайшоў на бок шведскага караля Карла ХІІ і разам са шведамі граміў і руйнаваў айчыну.

У палітычным жыцці Рэчы Паспалітай з'яўляецца новая, даволі характэрная рыса – зварот шляхты за дапамогай да суседніх краін дзеля вырашэння ўнутраных спраў.

Не апошнюю ролю ў аслабленні дзяржавы адыгралі шматлікія знешнія і ўнутраныя войны, якія вяла Рэч Паспалітая амаль з самага пачатку свайго існавання: 1558 – 1583 гг. – 25-гадовая лівонская вайна з Расіяй за балтыйскае ўзбярэжжа; 1648 – 1653 гг. – антыфеадальная вайна на тэрыторыі Беларусі; 1654 – 1667 гг. – руска-польская вайна; 1700 – 1721 гг. – Паўночная вайна, у якой на баку Расіі разам з Даніяй, Саксоніяй удзельнічала Рэч Паспалітая; 1740 –1744гг.–паўстанне Васіля Вашчылы.

Па прапанове прускага караля Фрыдрыха ІІ Вялікага 5 жніўня 1772 г. у Санкт-Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй, Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы (Памеранію і кавалак Вялікай Польшчы паміж Прусіяй і Брандэнбургам), Аўстрыя – паўднёвую частку Польшчы і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, большая частка Полацкага ваяводства (на правым беразе Зах. Дзвіны), амаль усё Віцебскае, усё Мсціслаўскае ваяводствы, усходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства (Рагачоў, Прапойск, Чачэрск, Гомель).

Першы падзел Рэчы Паспалітай ацвярозіў польскіх магнатаў і шляхту. Хутка была створана паспалітая рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў, 18 дэпутатаў сейма. Гэта дазволіла сейму прыняць Закон аб урадзе, які прынята называць Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 г. Канстытуцыя складалася з прэамбулы і 11 раздзелаў. Так, у радзеле 1 пануючай рэлігіяй у дзяржаве аб'яўлялася “святая рымская каталіцкая” рэлігія. Пераход з каталіцкай веры ў іншую забараняўся. Для ўсіх іншых канфесій гарантавалася свабода выканання рэлігійных абрадаў. У раздзеле 2 пацвяржаліся ўсе правы і прывілеі, дадзеныя шляхце Польшчы і ВКЛ. Раздел 4 змяшчаў нормы аб сялянах. Была зроблена спроба хоць бы на словах крыху абмежаваць самавольства паноў у адносінах да сялян, але залежнасць сялян ад паноў не адмянялася.

У 6-м раздзеле вызначаліся паўнамоцтвы і структура сойма, які складаўся з дзвюх палат: палаты дэпутатаў (паслоў) (204 дэпутаты) і палаты сенатараў (132 дэпутаты: каталіцкія епіскапы, ваяводы, кашталяны і міністры на чале з каралём). Адмяняліся шляхецкія вольнасці. Адмянялася выбарнасць караля, устанаўлівалась спадчыннасць трона.

Дзякуючы Канстытуцыі ў Рэчы Паспалітай была зроблена спроба ажыццявіць прынцып парламенцкага спосабу кіравання.

Супраць Канстытуцыі выступілі рэакцыйныя колы Рэчы Паспалітай, якія запрасілі дапамогі ад царскага ўрада Расіі. Гэта садзейнічала другому падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1793 г.

Да Прусіі адышлі Данцыг (Гданьск) і Вялікая Польшча, а да Расіі – частка Полацкага ваяводства, рэшткі Віцебскага, Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў.

Другі падзел прывёў да паўстання на чале з генералам-лейтэнантам Т. Касцюшкам (1746 - 1817). Касцюшка нарадзіўся у сям'і шляхціча на Берасцейшчыне. Атрымаў выдатную адукацыю ў Варшаўскім кадэцкім корпусе і Парыжскай акадэміі жывапісу і скульптуры. Касцюшку неаднаразова прыйшлося выкарыстоўваць свае выдатныя здольнасці вайскоўца ў барацьбе за справядлівую справу. У 1776 – 1783 гг. ён удзельнік вайны за незалежнасць ЗША. У 1777 г. пад Саратогай дзякуючы маладому генералу (Касцюшкі было толькі 31 год) была атрымана найважнейшая перамога амерыканскай арміі. Удзячныя амерыканцы паставілі помнікі нашаму славутаму земляку ў Вашынгтоне, Мілуокі, Кліўлендзе, Салюры. Яго імем названа самая Высокая гара ў Аўстраліі, горад у штаце Місісіпі. У Беларусі імя Касцюшкі носяць вуліцы ў Гародні, Бярэсце, Косаве.

7 мая 1794 г. паўстанцамі быў выдадзены “Паланецкі універсал”, які абвяшчаў сялян асабіста вольнымі, але без зямлі. Трэба падкрэсліць, што “Паланецкі ўніверсал”быў безумоўна прагрэсіўным актам, хоць і палавінчатым. Ён паслабляў эканамічны стан памешчыцкіх маенткаў, абмяжоўваў паншчыну, таму памешчыкі ўсяляк затрымлівалі апавяшчэнне “Універсала” і часта ішлі на змову з замежнымі войскамі. Многія палажэнні “Універсала” не выконваліся на месцах. Супраць палажэнняў “Універсала” выступілі вярхі каталіцкага духавенства.

Чаму сяляне не пайшлі за Касцюшкам? Таму што сяляне не атрымалі таго, чаго чакалі.

Селянін мог пайсці ад памешчыка, але пры ўмове:

- выплаты даўгоў пану;

- выплаты падаткаў дзяржаве, абвяшчэнне спецыяльнай камісіі аб месцы, куды ён перасяляецца.

Устанаўліваліся пэўныя ільготы ў адбыванні паншчыны. Але сяляне заклікаліся старанна адбываць астатнія дні паншчыны, не павінны адмаўляцца ад найму да памешчыкаў за адпаведную плату.

Паражэнне паўстання было непазбежным. Трэба выдзяліць галоўныя прычыны гэтага: яго не падтрымалі шырокія масы сялянства, слабай аказалася буржуазія, а шляхецка-буржуазны блок імкнуўся да таго, каб не дапусціць рэвалюцыйнага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж, а часта і адкрытая здрада, падрывалі сілы паўстанцаў.

Лёс Рэчы Паспалітай быў вырашаны ў бітве пад Мацаёвіцамі паміж рускімі і польскімі войскамі. Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. У 1795 г. па трэццяму падзелу да Расіі адышлі Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя і частка Заходняй Украіны, а Прусія і Аўстрыя захапілі карэнныя землі Польшчы, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель.

Такім чынам, палітычны лад Рэчы Паспалітай, неабмежаваныя шляхецкія вольнасці, рэлігійны фанатызм, неверагоднае падзенне нораваў шляхецкага саслоўя з'явіліся галоўнымі прычынамі гібелі дзяржавы.

У заключэнне трэба засяродзіць увагу на пытанні: “Які ж урок павінны вынесці нашчадкі з трагедыі Рэчы Паспалітай?”.

Неабмежаваная дэмакратыя побач з выбарнай манархіяй – такая форма кіравання дзяржавай, якая звычайна вядзе да расколу грамадства на палітычныя групоўкі, нараджае такія з'явы, як подкуп, карупцыя, страта адказнасці за лёс бацькаўшчыны. Не меньш небяспечным для дзяржаўнасці з'яўляецца раскол грамадства паводле этнічных, рэлігійных прыкмет, што вядзе да грамадзянскіх войнаў. Усё гэта аслабляе дзяржаву знутры і робіць яе легкай здабычай для суседзяў.

Агульныя вывады па тэме могуць быць наступныя:

- XVIII стагоддзе – гэта час усталявання буржуазна-грамадскіх адносін, змены адносін паміж царквой і дзяржавай. Вялікая Французская рэвалюцыя паказала, што дэспатычны рэжым аджыў свой час.

- XVIII стагоддзе – гэта час барацьбы новага класа – буржуазіі з феадаламі. У гэты ж час з'яўляецца новая супярэчнасць: паміж буржуа і пралетарыятам. Усе гэтыя з'явы знайшлі адлюстраванне і ў гісторыі Беларусі.

 

Эпоха Асветніцтва.

Рэч Паспалітая

XVIII стагоддзі.

 

Метадычныя парады студэнтам

І курса усіх спецыяльнасцей

да семінарскіх заняткаў па “Гісторыі Беларусі”

 

Складальнік к.г.н., дац. Бабкова Т.Г.

 

Рэдактор Бажанава Т.Л.

 

Технічны рэдактар Шчарбакова А.А.

 

_____________________________________________________________________________________________

Падпiсана да друку_______ Фармат 60х84 1/6

Друк афсетны. Умоўн. друк. л.. Ул-выд. л.

Тыраж Заказ

Лiцэнзiя № 266 ад 12.02.2003г.

__________________________________________________________________

 

Надрукавана на рызографе МДУХ

212027, Магiлеў, пр-кт Шмiдта, 3

 

 

ВЫПИСКА ИЗ ПРОТОКОЛА № 8