Узаемная сувязь і абумоўленасць якасцей навыку паўнацэннага чытання

 

У вузкім значэнні тэрмін «чытанне» разглядаецца ў псіхолага-педагагічнай літаратуры як перавод графічнай формы слова ў гукавую, у шырокім сэнсе – як адзін з відаў маўленчай дзейнасці. На цяперашні час распрацавана дастаткова поўная характарыстыка навыку чытання. Вучоныя-метадысты адзначаюць чатыры яго бакі: правільнасць, выразнасць, бегласць (аптымальнае чытанне), свядомасць.

Правільнае чытанне – гэта плаўнае беспамылковае чытанне без парушэння арфаэпічных, граматычных, акцэнталагічных нормаў, перастаноўкі і пропуску слоў, складоў, гукаў. Памылкі дапускаюцца вучнямі перш за ўсё таму, што ў іх адсутнічае ўзаемасувязь паміж успрыманнем, вымаўленнем і разуменнем зместу прачытанага. Сэнсавыя здагадкі часта становяцца прычынай няправільнага ўспрымання слова, а пасля і яго агучвання, бо вучань не заўсёды заўважае, што памыліўся. Памылковае ўспрыманне паняційнага значэння слова не дазваляе правільна зразумець сэнс словазлучэння, сказа, тэкста.

Як сведчыць школьная практыка, вучні часцей за ўсё няправільна разумеюць тыя словы, паміж успрыманнем і асэнсаваннем якіх адсутнічае ўзаемадзеянне па прычыне беднасці слоўнікавага запасу вучняў, няведання імі значэння лексічных адзінак. Менавіта таму метадычная навука надае вялікае значэнне праблеме пашырэння актыўнага слоўнікавага запасу дзяцей, разумення імі мнагазначнасці слова.

На фарміраванне якасцей правільнага і свядомага чытання вялікі ўплыў аказвае тэмп чытання (колькасць слоў, вымаўленых за мінуту). Залішне запаволены тэмп перашкаджае цэласнаму ўспрыманню сказа, пры паскораным – павялічваецца колькасць дапушчаных дзецьмі памылак, змест прачытанага ўспрымаецца неадэкватна. Дыяпазон аптымальнага чытання для дарослага (120 – 130) слоў – гэта той тэмп, да якога на працягу стагоддзяў прызвычаілася мысленне чалавека і яго артыкуляцыйны апарат. Настаўнік павінен імкнуцца, каб дзеці чыталі правільна, выразна і асэнсавана на блізкім да згаданага узроўні к канцу пачатковай школы, бо ў сярэдніх і старэйшых класах урокі беларускай літаратуры будуць вырашаць свае спецыфічныя задачы, непасрэдна не звязаныя з фарміраваннем навыку аптымальнага чытання.

Адной з важнейшых якасцей навыку чытання з’яўляецца яго свядомасць. Яна абумоўлена разуменнем малодшымі школьнікамі фактычнага зместу тэкста, які чытаецца, і залежыць ад умення дзяцей разумець гукавы склад слова, суадносіць гук і літару, іншымі словамі, ад таго, наколькі вучні асэнсавана выконваюць аналітыка-сінтэтычныя аперацыі, што вядуць да ўзнаўлення гукавой абалонкі слова праз яго графічнае абазначэнне. Авалоданне тэхнікай чытання абавязкова ўключае семантычны аспект. Свядомае чытанне слова, словазлучэння і сказа непарыўна звязана з разуменнем значэння кожнай з гэтых моўных адзінак.

Як і тэрмін «чытанне», тэрмін «свядомае чытанне» можна разглядаць у вузкім і шырокім значэнні слова. У адносінах да чытання ў шырокім сэнсе свядомасць разумеецца намі як вядучы кампанент чытацкай дзейнасці. У такім кантэксце мэтазгодна карыстацца тэрмінам «асэнсаванаечытанне». Асэнсаванае чытанне мае сваёй перадумовай валоданне вучнямі ў дастатковай меры тэхнічным навыкам чытання, які патрабуе даволі працяглага часу для фарміравання і складваецца ў асноўным да моманту заканчэння вучнямі пачатковай школы. На гэты час на першы план выходзяць задачы паглыбленага ўсведамлення прачытанага: не толькі фабулы, але і кампазіцыі, выразных сродкаў, эстэтычнага зместу твора. Да асэнсаванага чытання можна прыйсці, толькі засвоіўшы навыкі тэкставага аналізу. У той жа час аналіз зместу адначасова павінен быць накіраваны і на ўдасканаленне якасцей чытання (У.Г. Гарэцкі, М.І. Омаракава, В.І. Якаўлева і інш.) [41; 104; 106; 125; 174].

Пра ступень асэнсаванасці чытання сведчыць яго выразнасць. Прачытаць тэкст выразна – гэта значыць знайсці ў вусным маўленні сродкі, з дапамогай якіх можна перадаць аўтарскія пачуцці. Навык выразнага чытання складваецца паступова. На першым этапе настаўнік вучыць дзяцей правільна размяркоўваць дыханне ў працэсе чытання ўслых, валодаць дыкцыяй, прытрымлівацца нормаў літаратурнага вымаўлення, арыентавацца на знакі прыпынку ў канцы сказа. Пры чытанні дыялогаў ён скіроўвае ўвагу дзяцей на значэнне дзеясловаў-«падказак» у словах аўтара. Здольнасць з дапамогай інтанацыі перадаць аўтарскія ідэі і пачуцці, паказаць адносіны аўтара да дзеючых асоб, свае адносіны да падзей у творы вучні набываюць толькі пасля таго, як засвояць навыкі першапачатковага аналізу, бо толькі глыбока асэнсаваны твор можна прачытаць выразна, натуральна, без штучнай патэтыкі. З другога боку, выразнае чытанне твора настаўнікам, майстрам-чытальнікам само дапамагае асэнсаванаму успрыманню твора. Такім чынам, выразнасць і свядомасць чытання ўзаемаабумоўлены.

Выразнае чытанне выкарыстоўваецца ва ўсіх класах пачатковай школы для фарміравання асноўных якасцей чытання. Надаючы яму належнае значэнне, трэба не забываць пра чытанне вачыма, якое павінна быць больш хуткім, чым чытанне ўслых. Маўклівае чытанне выкарыстоўваецца ва ўсіх класах пасля навучання грамаце. Яно можа спрыяць як самастойнаму ўспрыманню тэкста, так і фарміраванню такіх якасцей, як бегласць і свядомасць. Адсутнасць навыку чытання вачыма затрымлівае пажыццёва навык беглага чытання. Успрымаючы тэкст з «нявыключаным» моўным апаратам, вучань, калі ён і маўчыць, усё роўна артыкулюе гукі і чытае марудна. Уменне чытаць вачыма дапамагае хутка знайсці патрэбнае месца ў творы, засяродзіць увагу на больш складаных для разумення момантах, але яно, найперш у пачатковых класах, не можа быць адарвана ад чытання ўслых, бо ў такім выпадку настаўнік не мае магчымасці кантраляваць яго правільнасць і выразнасць. Два віды чытання ўжываюцца паралельна.

Такім чынам, чытанне разглядаецца як від моўнай дзейнасці, для якога характэрна адзінства зрокавага ўспрымання і вымаўлення, з аднаго боку, і асэнсаванага ўсведамлення таго, што чытаецца, – з другога. Усе якасці навыку паўнацэннага чытання ўзаемна звязаны і ўзаемна абумоўлены. Для іх фарміравання настаўнік павінен выкарыстоўваць як чытанне ўслых, так і чытанне сам сабе, чытанне вачыма.