Верш Зм. Бядулі «Вясна» («То не снег…»).

Верш гэты цікавы тым, што ўтрымлівае яркія зрокавыя і гукавыя вобразы, у аснове якіх ляжыць параўнанне. Першая – шостая строфы складаюцца з двух такіх параўнанняў. Самі параўнанні гучаць як адказ цікаўнаму дзіцяці, што глядзіць на свет шырока расплюшчанымі вачыма, на пытанні, якія яго цікавяць. Галоўны, святочны колер маладой вясны – белы. Гэта і белая квецень чаромхі, і белыя бярозы, і квітнеючы сад. Нават белыя крыльцы матылькоў нагадваюць сняжынкі.

 


То не снег,

То чаромха цвіце.

То не снег,

То бярозка расце.

То не снег –

Расцвітае садок.

То не снег,

А ляціць матылёк.


Але «маладая вясна» афарбаваная не толькі ў белы колер.

– Ці бачылі вы шаўковую тканіну? – пытае настаўнік, каб акцэнтаваць увагу на адным з ключавых слоў. – Якая яна?

– Бліскучая, прыгожая. Шаўковыя сукенкі надзяваюць на святы.

– Чаму і рунь, і мурожны лужок, і маладзенькі лянок нагадваюць шоўк?

– Рунь густая, зялёная, аксамітная. Яна аж пераліваецца пад яркім вясеннім сонцам.


То не шоўк –

Гэта рунь ля гары.

То не шоўк,

А сон-цвет у бары.

То не шоўк,

А мурожны лужок.

То не шоўк –

Маладзенькі лянок.


Наступныя дзве страфы – царства гукаў. Чытанне гэтых радкоў верша дае моцны штуршок для слыхавых уяўленняў: салаўі спяваюць, ручаі звіняць, пчолка гудзе…

 


Не гусляр –

То пяюць салаўі.

Не гусляр –

То звіняць ручаі.

Не гусляр –

Дрозд у гаі пяе.

Не гусляр –

Гэта пчолка гудзе.


Дзеці слухаюць галасы птушак, запісаныя на магнітафоннай стужцы, гучыць мажорная мелодыя ў выкананні на гуслях ці іншых народных інструментах.

– Якая ж па настроі песня, якую пяюць і салавей, і дрозд, і ручэй, і працавітая пчолка? – задае пытанне настаўнік.

– Вясёлая, светлая, бадзёрая, жыццярадасная…

– Якія словы сведчаць пра любоў аўтара да вясны?

– Ён ужывае «ласкавыя» словы: бярозка, садок, матылёк, лужок, пчолка… Паэт захапляецца вясною, радасна выгуквае: «Ах, вясна, маладая мая!..»

– Сёння на ўроку мы многа разоў ужывалі словы «маладая вясна». Чаму вясна «маладая», як вы думаеце?

– Нідзе няма нават сухой травінкі, пажоўклага лісціка. Усё буйна расце і цвіце. А яшчэ «маладой» называюць нявесту на вяселлі. Вясна – як нявеста.

– Якога ж колеру вясна ў Змітрака Бядулі?

– Яна белая і зялёная.

– Цікава, што асноўныя колеры вясны заўважылі і другія нашыя вядомыя пісьменнікі, – паведамляе педагог. – Напрыклад, Янка Брыль піша ў адным з апавяданняў: «Лунае ў прасторы задушэўная песня пра нашу бела-зялёную вясну. (Сказ можна ўспомніць і запісаць на ўроку беларускай мовы.)

– А якая вясна ў гукавым афармленні?

– Вясна звонкая, шумная, гаманлівая…

– Як, на вашу думку, ці можна ўсе тыя словы, якімі мы называлі колеры і гукі вясны, замяніць словам «маладая»?

– Так. Можна. Маладая – гэта і пявучая, і сонечная, і вясёлая…

– Заўважце, як удала выбраў патрэбнае слова Змітрок Бядуля, – працягвае ўрок настаўнік. – Калі будзеце чытаць творы іншых пісьменнікаў пра вясну, абавязкова звярніце ўвагу на тое, як названа гэтая пара года.

Да наступнага ўрока дзеці атрымалі заданне напісаць сачыненне-мініяцюру «Якога колеру вясна» ці «Галасы вясны».

Такім чынам, на згаданым ўроку вучні практычна атрымалі ўяўленне аб ролі параўнанняў і мастацкіх азначэнняў у раскрыцці вобразна-эстэтычнага зместу твора.

Працуючы з эпітэтамі, трэба памятаць, што яны таксама заўсёды служаць рэалізацыі мастацкай задумы аўтара і з’яўляюцца арганічным элементам зместу твора. Без падобнага разумення эпітэт будзе ўсвядомлены вучнямі як элемент знешняга ўпрыгожання мовы, і найбольш «здольныя» з іх навучацца толькі прыгожа гаварыць ні пра што.

На ўроку можна арганізаваць гульню ў тропы (эпітэты і іншыя сродкі мастацкай выразнасці). З гэтаю мэтаю настаўнік запісвае на дошцы тэкст (празаічны ці вершаваны), дзе трэба ўставіць прапушчаныя словы. Дзеці ўносяць свае прапановы, калектыўна абмяркоўваюць іх. Перамагае той, хто запіша аўтарскі варыянт тропа. Такая літаратурная задача, як і задача арыфметычная, мае толькі адзін правільны адказ. Падобныя заданні выхоўваюць у вучняў дакладнасць маўлення, развіваюць у іх здольнасць разумець невыпадковасць, мастацкую значнасць словаўжывання.

Такім чынам, працуючы над вобразнымі сродкамі мовы, настаўнік павінен мець на ўвазе наступнае:

– недапушчальна рабіць высновы адносна творчай манеры аўтара на аснове рознага кшталту падлікаў, займацца «словатлумачэннем»; перавод вобразных паэтычных сродкаў у слоўныя малюнкі апраўданы толькі пры аналізе выразных зрокавых вобразаў, найчасцей у эпічных творах;

– працуючы са сродкамі моўнай выразнасці, настаўнік павінен пастаянна звяртаць увагу дзяцей на тое, у якой ступені і з якога боку яны характарызуюць прадмет, чаму менавіта гэтыя, а не іншыя тропы выкарыстаў пісьменнік і з якой мэтай;

– толькі пастаянная, разнастайная, не схаластычная праца над літаратурным матэрыялам, якая абапіраецца на займальнасць і літаратуразнаўчую пісьменнасць, паспрыяе глыбокаму разуменню вучнямі эстэтычна-выяўленчай функцыі сродкаў мастацкай выразнасці.