Развіццё асацыятыўнага мыслення і фантазійных уяўленняў малодшых школьнікаў

 

Іншы раз пачынаючы чытач успрымае значэнне слова зыходзячы не з канкрэтнага сэнсу, які ўклаў у яго аўтар. Слова, мастацкая дэталь міжволі абуджае ў дзіцячай памяці самыя разнастайныя асацыяцыі – «думкі і вобразы, якія ўзнікаюць пры бачанні прадмета ці пры ўспрыманні выказванняў, дзякуючы ўстанаўленню падабенства, успаміну ці знаходжанню аналогій з дапамогай падсвядомасці» [11, с. 111]. Не могучы растлумачыць многія з’явы рэчаіснасці, дзіця замяняе няведанне іх сэнсу ўяўленнем, стварае свае «гісторыі». Новае слова яно прыстасоўвае да свайго разумення яго значэння, імкнецца асэнсаваць шляхам інтэлектуальных намаганняў і вобразнага мыслення.

У сваіх успамінах вядомая руская паэтэса М. Цвятаева прыгадвае, як яна хацела зразумець змест звароту А.С. Пушкіна да няні: «…голубка дряхлая моя». «Голубка», – разважае паэтэса, – так бацька называў маці. «Дряхлая голубка» – значыць вельмі пушыстая галубка» [164, с. 82].

Пра вобразныя асацыяцыі, на якія ён аказаўся здольны ў маленстве, вельмі цікава піша ў сваёй біяграфіі Якуб Колас: «Як і кожнае дзіця, я мысліў толькі вобразамі. Усе адцягненыя разуменні заўсёды звязваліся з якімі-небудзь рэальнымі ўяўленнямі. Так назва кожнага тыдня выклікала які-небудзь вобраз (нядзеля – шпулька белых нітак; аўторак – фабрычнае кляймо, што ставяць на донцы некаторых гліняных кубкаў; серада – драўляная спінка ложка; чацвер – тронак далатца; пятніца – ружэйны прыклад; субота – пара мяккіх халяў)» [169, с. 118 ].

У біяграфіях і ўспамінах многіх іншых вядомых пісьменнікаў можна таксама прачытаць пра вобразныя асацыяцыі, выкліканыя ў іх свядомасці незнаёмым словам, назвай, і пра тое, з якімі рэальнымі прадметамі побыту звязваліся імі пэўныя абстрактныя паняцці. Багацце асацыяцый, уласцівае многім вядомым людзям у дзяцінстве, дазволіла ім з цягам часу стаць майстрамі слова, фарбы, гуку, якія падаравалі свету ўзорныя мастацкія творы.

Часам паняційны і асацыятыўны змест слоў і словазлучэнняў аказваюцца цесна знітаванымі. Менавіта з гэтай нагоды вядомы сучасны беларускі паэт А. Разанаў, даючы аўтарскую характарыстыку асобным словам-паняццям, у кожнай моўнай адзінцы знаходзіць вялікую колькасць апраўданых гучаннем асацыятыўных вобразаў, не адарваных, аднак, ад паняційнага значэння слоў. «Крэйда можа памыляцца, можа рабіць крывыя высновы, але робіць яна гэта самааддана і самаахвярна, і таму заўсёды мае крэдыт даверу…» (вершаказ «Крэйда»). Вучні малодшых класаў «не дараслі» да вершаказаў А. Разанава, але тое, што за гукавой абалонкай слова яны бачаць не толькі паняційны змест, не выклікае сумнення).

Задача настаўніка зводзіцца да таго, каб развіваць асацыятыўна- вобразнае мысленне дзяцей, ствараць належныя ўмовы для рэалізацыі іх фантазійных уяўленняў у казках, іншых жанрах творчасці.

Неабходным кампанентам псіхалагічнага механізму мастацкай творчасці з’яўляецца таксама ўяўленне, якое «камбінацыйна-творча ўзнаўляе блокі ўражанняў і вобразаў, што захоўваюцца ў памяці, камбінуе і малюе ў свядомасці мастака жывыя карціны, якія ён фіксуе ў мастацкім тэксце» [11, с. 110]. Увесь свет культуры – гэта прадукт чалавечага ўяўлення і творчасці. Уяўленне мае не меншае значэнне за веды, хоць і абапіраецца на іх. Але паколькі веды чалавека ў любой галіне дзейнасці даволі абмежаваныя, дык прадбачанне, прагназаванне, уяўленне стымулююць прагрэс, з’яўляецца крыніцай новых разумовых і мастацкіх набыткаў.

Не заўсёды знешнія абставіны спрыяюць развіццю творчага ўяўлення малодшых школьнікаў. Ім няпроста ігнараваць агульнапрынятыя ў дзіцячым калектыве нормы і каноны. Творчая асоба ніколі не знаходзіць разумення ў калектыве з аўтарытарным метадам навучання, дзе на першае месца вылучаецца перайманне, імітацыя, дзеянне па алгарытме. Развіццё творчага ўяўлення (а менавіта на ім грунтуецца выхаванне чытача, чалавека з добрым мастацкім густам) пры такім навучанні выступае ўсяго толькі як «няпланавы вынік» агульнага працэсу, выключэнне з правіла.

Акрэслім некаторыя метадалагічныя асновы працы настаўніка пачатковых класаў па развіцці творчых уяўленняў малодшых школьнікаў і паспрабуем сістэматызаваць яе метадычныя формы і прыёмы.

Характэрнай асаблівасцю ўяўлення вучняў пачатковых класаў з’яўляецца яго прадметнасць, малюнкавасць, вобразнасць. Паступова, па меры сталення дзіцяці, яно становіцца больш поўным і змястоўным. Сучасныя даследчыкі творчага ўяўлення ў малодшых школьнікаў (Н.В. Амасовіч, А.А. Несцярэнка) справядліва лічаць, што яно найбольш уласцівае дзецям, якія паскорана развіваюцца ў інтэлектуальных і псіхічных адносінах. На іх думку, грунтоўны запас ведаў ва ўзаемадзеянні з воляй, жаданнем і ўменнем працаваць, назіральнасцю, кемлівасцю служаць асновай для развіцця падобнага ўяўлення [ 2; 97].

Не будзем забывацца на тое, што станаўленне творчай асобы адбываецца не стыхійна. Важная роля тут адводзіцца спадчынным задаткам дзяцей, хоць гэта і не заўсёды вызначальны фактар. Хутчэй за ўсё ў развіцці фантазійных уяўленняў малодшых школьнікаў вызначальная, выключная роля належыць настаўніку, які павінен заўважыць і падтрымаць першыя крокі вучня ў гэтым напрамку. Дзеля дасягнення высакародных мэтаў кожны сапраўдны настаўнік павінен перш за ўсё ў сабе самім захоўваць і ўдасканальваць дар творцы, добра арыентавацца ў дзіцячай айчыннай і замежнай літаратуры, умець правільна і прафесійна ацаніць мастацкія вартасці і педагагічную каштоўнасць твораў, якія вывучаюцца на ўроку. Добра было б, каб ён сам складаў казкі, апавяданні, нават вершы.

Творчае ўяўленне не з’яўляецца прывілеяй нямногіх адораных людзей. Ім надзелены ўсе. «Дзеці з усяго могуць зрабіць усё» – выказваўся на гэты конт Гётэ. Кожны чалавек ад моманту свайго нараджэння мае творчыя здольнасці. Далей магчымы два вырыянты. Першы: калі бацькі і настаўнікі не будуць іх развіваць, то яны так і застануцца здольнасцямі. Другі: калі здольнасці дзіцяці будуць своечасова заўважаны, бацькі і настаўнікі створаць неабходныя ўмовы для іх развіцця, то дзіця з часам зможа сябе рэалізаваць як творца ці пачынаючы знаўца мастацтва.

З метадычных прыёмаў, якія садзейнічаюць фарміраванню творчых уяўленняў дзяцей, на адно з першых месцаў можна паставіць прыём гульні са словам. Нельга не пагадзіцца са знакамітым італьянскім пісьменнікам-педагогам Дж. Радары, які адзначаў, што слова, якое запала ў душу чалавека, выклікае цэлы шэраг ланцуговых рэакцый, нараджае гукі і вобразы, асацыяцыі і ўспаміны [122].

Тое, што слова здольнае валодаць разнастайным сэнсава-выяўленчым зместам толькі ў спалучэнні з іншымі словамі, дало падставу таму ж Дж. Радары гаварыць у свой час пра «біном фантазіі» як аптымальную ўмову для ўзнікнення фантазійнай тэмы. Калі ж ўзяць пры гэтым два словы, якія далёка стаяць у сэнсавых адносінах адно ад другога, то якраз і з’яўляецца шырокае поле дзейнасці для развіцця ўяўлення, якое, актывізаваўшыся, здольнае стварыць фантазійнае цэлае. Працу па падборы біномаў-асацыяцый можна правесці па-рознаму. У бытнасць настаўнікам 30-й школы горада Брэста мы выкарыстоўвалі наступныя спосабы: два вучні пісалі «свае» словы па розныя бакі дошкі; затым адвольна браліся словы з арфаграфічнага слоўніка; таксама прапаноўваліся адно «летняе» і адно «зімовае» словы... Злучыўшы з дапамогай прыназоўнікаў такія розныя словы, як «сабака» і «дзверы», вучні атрымалі наступныя варыянты: «сабака за дзвярамі», «сабака на дзвярах», «дзверы ў сабакі», «сабака з дзвярамі»… Асобныя з названых спалучэнняў паслужылі штуршком для развіцця фантазійнай тэмы. Цікавай атрымалася гісторыя пра тое, як сабаку надакучыла вартаваць дзверы і ён, сарваўшыся з ланцуга, панёс іх, выконваючы сваю вартаўнічую службу.

Для развіцця фантазійных уяўленняў і творчых здольнасцей карысны і такі прыём, як «казка наадварот». Праца гэтая даволі складаная. Дзеці звычайна прытрымліваюцца вядомага сюжэта толькі ў агульных абрысах. Заданне ж «наадварот» абавязкова патрабуе ўставак, дапаўненняў, змененай канцоўкі. Такія казкі лепш складаць калектыўна, каб адразу спыніцца на больш цікавых варыянтах і тут жа іх адрэдагаваць. Галоўным рэдактарам-каардынатарам выступае настаўнік.

Прывядзём фрагмент урока чытання, на якім вучні складалі «казку наадварот». Урок праводзіўся ў сярэдняй школе № 15 Маскоўскага раёна горада Брэста.

– Усе вы добра ведаеце, – кажа настаўнік, – казку «Воўк і сямёра казлянят». Давайце яе крыху прыгадаем. Якім быў воўк? (злым, бязлітасным…) А казляняткі? (малымі, смешнымі, непаслухмянымі). Цяпер уявіце ўсё наадварот. Як жа памяняюцца падзеі ў казцы пасля таго, як мы пераставім герояў месцамі? Што здарыцца з ваўком, калі ён трапіць у рукі разбойнікаў-казлянят?

Змяшчаем вучнёўскі варыянт казкі, нязначна папраўлены ў стылёвых адносінах.

У адным цёмным-цёмным лесе жыла каза са сваімі дзецьмі. Казлянят было сямёра – задзірыстых, шкодлівых, непаслухмяных.

Як толькі каза-маці зачыніла за сабою дзверы, казляняты адразу – шусь у лес. Задаволеныя, яны гойсалі па лесе, тапталі кветкі, пужалі звяроў і птушак. Раптам ім на вочы трапіўся Шэры Воўк. Ён мірна ляжаў, грэўся на сонейку і нікога не чапаў. Убачыўшы казлянят, воўк схаваўся пад куст і ад страху задрыжаў. Але казляняты знайшлі яго, выцягнулі з-пад куста за хвост, прывязалі да дрэва. Што тут пачалося! Казляняты вырывалі няшчаснаму ваўку поўсць, вусы. Воўк ад болю енчыў на ўвесь лес. Ад страху пахаваліся хто дзе лясныя жыхары.

А тым часам вярнулася дахаты маці-каза. Стала яна гукаць непаслухмяных дзяцей. Кінулі казляняты ваўка і пабеглі дамоў. Смачна павячэраўшы, яны паклаліся спаць, зусім забыўшыся пра шэрага.

Бедны воўк застаўся прывязаны у лесе. Але ноччу з норкі вышмыгнула мышка і перагрызла вяроўку. Змарнелы, стомлены воўк падзякаваў мышцы і ўцёк у іншы лес.

Блізкі да «казкі-наадварот» і такі прыём, калі некалькі герояў розных казак сустракаюцца ў адной: у дадзеным выпадку дзеці маюць магчымасць прапаноўваць самыя розныя варыянты працягу дзеяння, бо ў кожнага героя свой шлях, свае прыгоды.

З апошніх метадычных распрацовак па акрэсленай праблеме вартым ўвагі і пераймання ўяўляецца вопыт А.А. Несцярэнка. Сваю працу па складанні казак настаўніца звычайна пачынае з гутаркі аб будове свету. Расказвае дзецям, што свет пабудаваны сістэмна, што кожная сістэма ў сваю чаргу падзяляецца на часткі (падсістэмы). Такім чынам даецца штуршок дзіцячаму ўяўленню – «убачыць і беражліва засяліць падсістэму». Тады з дапамогай настаўніка дзеці вызначаюць:

– што знаходзіцца вакол героя;

– што яму карыснае, а што нясе небяспеку;

– якой была падсістэма да таго, як з’явіўся герой;

– якім чынам ён можа змяніць сваю падсістэму ў будучым.

Далей настаўніца раіць выкарыстаць прыём «пункт погляду»: вучні апісваюць падсістэму вачыма выбранага імі героя. Каб аблегчыць іх працу, настаўніца прапануе апорныя словы-сігналы: «я бачу…», «я адчуваю…», «я пабойваюся…» [97, с. 4 – 5].

У цэлым згаджаючыся з эксперыментатарам-настаўніцай, мы лічым мэтазгодным у гэтай сітуацыі надаць герою пэўны характар, бо ад таго, якія рысы яму ўласцівы, будзе залежаць яго светаўспрыманне, ацэнка ім навакольных аб’ектаў.

Складаючы пад нашым кіраўніцтвам казку пра прыгоды кавалачка крэйды, дзеці называлі сярод прадметаў са знакам «плюс» (у адносінах да крэйды) чыстую школьную дошку, цёплую руку настаўніцы. Адмоўны сусед крэйды – мокрая анучка, якая толькі тое і робіць, што імкнецца або намачыць крэйду, або сцерці напісанае ёю.

Вучні без дазволу вынеслі крэйду з класа, каб маляваць на асфальце, і кінулі маленькі кавалачак пад лаўку. Кавалачак гэты зусім выпадкова знайшоў добры чалавек, які на шурпатых дошках агароджы напісаў папярэджанне пра адчынены, пакінуты без прыгляду каналізацыйны люк. Крэйда раскрашылася да астатку, але пражыла жыццё не дарэмна.

Не апісаны ў метадычнай літаратуры і такі прыём, як складанне казкі па сюжэтным вершы. Такая казка не стане простым капіраваннем вершаванага твора ў тым выпадку, калі падысці да гэтай працы творча: прыдумаць іншы зачын ці працяг, памяняць сюжэтную лінію, падключыць да дзеяння новых герояў…

Развіццю фантазійных уяўленняў вучняў будзе спрыяць таксама напісанне казак па апорных словах. Для гэтага бяруцца слупкі ў 10 – 12 слоў, не звязаныя тэматычна. Вучні знаходзяць галоўнае (апорнае) слова, а затым наладжваюць сэнсавыя сувязі паміж ім і астатнімі.

Нельга ігнараваць і традыцыйныя прыёмы працы з казкай: складанне казкі па пачатку і развязцы, па апорных словах, згрупаваных тэматычна, па назве, па прыказцы, па плане, па малюнках.

Прапануем узор казкі, складзенай вучнямі па малюнку. Казка «Ружа і павук» напісана трэцякласнікамі 30-й брэсцкай школы. Рыхтуючыся да творчай працы, дзеці апісалі па малюнку – выразнаму, яркаму – ружу і павука, надзяліўшы іх адпаведнымі характарамі. Перад вучнямі была пастаўлена ўсяго адна задача: у канцы казкі ружа і павук павінны пасябраваць. Атрымалася наступная гісторыя.

Каля дома рос сад. Самай прыгожай кветкай у ім была ружа. Аднойчы ў сад залез злы павук. Напаў павук на ружу, але яна пакалола яго вострымі калючкамі. Раззлаваўся разбойнік і ноччу, калі кветка спала, абвіў пялёсткі павуціннем, перашкаджаючы ім раніцай прачнуцца. Пачала ружа вянуць. Але не доўга і павук радаваўся. Прыйшлі іншыя, яшчэ злейшыя павукі, і напалі на яго. Зусім закусалі б ганарліўца, калі б не кветка, якая сваімі калючкамі з апошніх сіл абараняла нядаўняга крыўдзіцеля. Павук разматаў свае сілкі і папрасіў у кветкі прабачэння. Павук і ружа пасябравалі і з таго часу заўсёды абаранялі адно аднаго.

Дзеці складаюць казкі, каб увасобіць у простым сюжэце сваё разуменне дабра і зла, прыгожага і пачварнага. Яны складаюць казкі, бо імкнуцца падказаць сабе і іншым, як можна змяніць свет да лепшага. Дзіцячыя казкі дапамагаюць нам, дарослым, паглядзець на сябе збоку, задумацца. Методыка працы па іх напісанні, стварэнні павінна стаць прадметам сур’ёзнага вывучэння, заняць належнае месца на старонках часопісаў і газет для настаўнікаў і ўсіх , хто працуе з дзецьмі.

Даследуючы метадычныя асновы працы настаўніка пачатковых класаў па развіцці фантазійных творчых уяўленняў малодшых школьнікаў, мы прыйшлі да наступных высноў:

– адным з найбольш эфектыўных напрамкаў працы па развіцці фантазійных уяўленняў малодшых школьнікаў з’яўляецца складанне казак і міфалагічных гісторый;

– у працэсе працы па складанні казак развіваюцца не толькі творчыя ўяўленні дзяцей, неабходныя ім як чытачам для паўнацэннага ўспрымання вобразнага зместу твора, але і магчымасці дзяцей словам намаляваць вобраз-персанаж; складанне казак узбагачае вусную і пісьмовую мову вучняў.