Улік фактару мастацкай дасканаласці літаратурных тэкстаў пры фарміраванні чытацкіх уменняў малодшых школьнікаў

 

Было б памылкаю лічыць, што абсалютна ўсе прапанаваныя для дзіцячага чытання творы вызначаюцца высокай мастацкасцю. Настаўніку гэта трэба ведаць і не імкнуцца пераконваць вучняў у бездакорнасці кожнага тэксту.

Выхаванцы Ш.А. Аманашвілі пасля самастойнага папярэдняга (да ўрока) чытання выказвалі меркаванне, ці варта ім спыняцца на пэўным літаратурным творы, і, калі вучням твор не падабаўся, яны яго не вывучалі. Думаецца, гэты прыём варты пераймання пры ўмове, што ў дзяцей сфарміраваны добры эстэтычны густ.

Навучыць дзяцей чытаць можна на розным матэрыяле, але на тым самым матэрыяле можна і адбіць у іх усялякую ахвоту браць кнігу ў рукі. Як жа зрабіць так, каб дзіця чытала з захапленнем, каб чытанне стала сродкам развіцця вучняў? На першае месца ў гэтым выпадку можна паставіць праблему прадуманасці тэматычнага адбору твораў з высокай моўнай культурай.

Каб высветліць кола чытацкіх інтарэсаў малодшых школьнікаў, мы правялі анкетаванне. Свае пажаданні складальнікам чытанак выказалі вучні другіх–трэціх класаў 14-й, 30-й і 35-й школ горада Брэста, а таксама вучні Прылуцкай школы Брэсцкага, Корчыцкай школы Кобрынскага і Рубельскай школы Пінскага раёнаў. Прааналізаваны таксама чытацкія фармуляры наведвальнікаў гарадской дзіцячай бібліятэкі абласнога цэнтра. Першае, што кідаецца ў вочы па выніках анкетавання: дзеці рэдка называюць прозвішчы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Згадваюць Якуба Коласа, Янку Маўра, Васіля Вітку, нямногіх іншых аўтараў. Гэта можна растлумачыць, відаць, мізэрнай колькасцю гадзін, якія адводзіцца праграмай на літаратурнае чытанне.

Вучням было зададзена пытанне: «Пра каго і пра пра што вы любіце чытаць?» Усяго ў анкетаванні ўдзельнічалі 128 вучняў гарадскіх і столькі ж вучняў сельскіх школ. Адказы дзяцей дадзены ў табліцы.

 

Табліца 3.1.

Кола чытацкай зацікаўленасці вучняў гарадскіх і сельскіх школ

 

      Любяць чытаць  
навукова-пазнавальныя творы казкі прыгоднщкшя творы, фантастыку пра школу, равеснікаў каб было страшна каб было смешна пра артыстаў пра прыроду іншыя адказы.
  Вучні гарадскіх школ     25%   14%   13%   10%   12%   10%   7%   6%   3%  
  Вучні сельскіх школ   23%   18%   12%   9%   10%   9%   4%   9%   3%  

 

Як бачым, творы пазнавальнага зместу любіць чытаць прыкладна чвэрць гарадскіх і сельскіх школьнікаў. Гэтая велічыня значна павялічыцца, калі дадаць сюды прыхільнікаў фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры. Дзеці хочуць больш ведаць пра рэчы і з’явы вакол сябе – «З чаго ўсё зроблена?», «Чаму ападае лісце?», іх цікавяць навуковыя адкрыцці мінулага – «Хто прыдумаў веласіпед?», «Хто пабудаваў першую чыгунку?», «Якім быў першы аўтамабіль?..». Многія жадалі атрымаць адказы на пытанні па астраноміі, геаграфіі, хіміі.

Адзначым, што навукова-пазнавальнымі творамі і фантастыкай больш за ўсё захапляюцца хлопчыкі. Дзяўчынкі гэтага ўзросту любяць чытаць казкі, творы пра школу, гумарыстычныя апавяданні і вершы.

Дзеці імкнуцца задаволіць сваю пазнавальную актыўнасць, захапляюцца неверагоднымі прыгодамі астранаўтаў і любяць страшнае. Апошняе можна растлумачыць тым, што ў чалавеку заўсёды жыве патрэба трагічнага і як эстэтычная катэгорыя, і як своеасаблівая форма трэнінгу псіхікі… Час ідзе, і цяпер нават у старэйшай групе дзіцячага садка мала-памалу перастаюць верыць у традыцыйную Бабу-Ягу. А вольнае месца доўга пуставаць не можа. Таму і з’явіліся ў свой час «чорная рука», «чырвоныя боты», «прарочае радыё», а цяпер – робаты-паліцэйскія, шматлікія супергероі мульт-, тэле - і відэафільмаў.

У цэлым станоўча адносячыся да «страшылачнага» дзіцячага фальклору, не адмаўляючы эстэтычную катэгорыю трагічнага ў творах для дзяцей, настаўнік павінен усімі сродкамі абараняць дзяцей ад тэлевізійных гвалтаўнікоў, прывіваць ім добры чытацкі густ.

«Падладжвацца» пад дзяцей, вядома, не варта. Іх чытацкія схільнасці толькі пачынаюць фарміравацца, але поўнасцю ігнараваць дзіцячыя пажаданні было б яшчэ большай метадычнай памылкай.

У чытанках для пачатковай школы, безумоўна, павінна быць сабрана ўсё лепшае са створанага на працягу больш як стагоддзя ў беларускай літаратуры. Вызначальны крытэрый тут – улік узроставых асаблівасцей дзіцяці. Бясспрэчна, ва ўсёй шырыні – наколькі гэта магчыма – павінна быць прадстаўлена класічная літаратура для дзяцей. Класічная літаратура – з’ява яскравая, непаўторная, у якой кожнае пакаленне не перастае адкрываць нябачаныя, не заўважаныя раней каштоўнасці. Адна з асноўных прыкмет класічнага твора – высокая моўная культура. Тым самым праца над мовай такіх твораў рыхтуе пачынаючага чытача да правільнага ўспрымання мастацкага слова і вобраза. Вывучэнне класічных твораў, асабліва вершаў, мае і яшчэ адзін станоўчы бок: гэтыя вершы добра ведаюць бацькі цяперашніх вучняў, якія і прыахвочваюць іх да чытання. Беларуская класіка, такім чынам, дае магчымасць паяднаць пакаленні, зберагчы нацыянальныя духоўныя скарбы, а існуючыя падручнікі для пачатковых класаў, на жаль, ігнаруюць многія ўзорныя класічныя творы, што адпавядаюць узроставым магчымасцям дзяцей, і не прапануюць іх для вывучэння.

На наш погляд, у беларускіх чытанках занадта вялікая колькасць аўтараў. Напрыклад, у «Беларусачцы», падручніку для 1-га класа рускамоўных школ, іх 89. У гэты доўгі спіс, на жаль, не трапілі Н. Гілевіч (аўтар васьмі кніжак для дзяцей), М. Танк, Л. Геніюш, С. Грахоўскі…

Мы перакананы, што, складаючы чытанкі, не варта спяшацца браць творы з першых кніг аўтараў ці з дзіцячага перыядычнага друку. Для параўнання: у рускамоўных чытанках для адпаведных класаў колькасць аўтараў меншая ў два разы, і яна з класа ў клас паступова зніжаецца. Гэта пры тым, што колькасць гадзін на чытанне знаходзіцца ў суадносінах адзін да трох.

Якіх жа аўтараў трэба ўключыць у падручнікі па чытанні? Падказку дае сама праграма. Літаратурнае чытанне ў пачатковых класах, паводле праграмы, з’яўляецца прапедэўтычным курсам літаратуры, які прызначаны закласці трывалыя асновы для паспяховага вывучэння беларускай літаратуры, мовы і гісторыі ў сярэдніх класах школы. З гэтай устаноўкі трэба і зыходзіць. У першую чаргу неабходна вывучаць вершы, казкі і апавяданні прызнаных сучасных пісьменнікаў і пісьменнікаў мінулага, якія пісалі і пішуць у асноўным толькі для шасці – адзінаццацігадовых дзяцей (З. Верас, Л. Чарняўская, С. Шушкевіч, В. Вітка, А. Дзеружынскі, А. Вольскі…). Разам з тым можна знаёміць вучняў і з творчасцю пісьменнікаў, у набытку якіх творы не толькі для малодшых школьнікаў, але і для старшакласнікаў: Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, М. Багдановічам, Максімам Танкам, Н. Гілевічам, Р. Барадуліным, В. Зуёнкам, некаторымі іншымі. Усё астатняе можна скараціць не таму, што менш вядомыя пісьменнікі не стварылі нічога арыгінальнага і цікавага, а таму, што нельга за 34 гадзіны (адна гадзіна на тыдзень) пазнаёміць вучняў з творчасцю сямідзесяці ці васьмідзесяці аўтараў, ды яшчэ і з фальклорнымі творамі.

У падручніках для пачатковай школы многа аднатыпных твораў, сюжэт якіх зводзіцца да наступнай схемы: выхаваныя дзеці дапамагаюць дарослым, ад чаго і першыя, і другія атрымліваюць маральнае задавальненне. Несумненна, што таленавітыя творы на згаданую тэму павінны быць у дзіцячых чытанках. Якой бы тэме ні прысвячаўся ўрок літаратурнага чытання, ён заўсёды арыентуецца на чалавечую праблематыку, і яго асноўная задача – гуманістычна-эстэтычная.

Чытаючы, аднак, некаторыя творы з дзіцячых хрэстаматый, не перастаеш здзіўляцца таму, наколькі правільныя, прыгладжаныя, ідэалізаваныя ў іх героі, у дзеяннях якіх няма ні кроплі сумненняў, усё чыста і гладка. Ці не таму юныя чытачы не любяць чытаць, як паказала даследаванне, творы пра сваіх равеснікаў (не больш за 10% апытаных вучняў знаёмяцца з імі)? Тэорыя бесканфліктнасці да цяперашняга часу адбіваецца на змесце дзіцячых чытанак.

Па вялікім рахунку, уся цяперашняя беларуская дзіцячая літаратура досыць легкаважкая, што небяспечна, бо дзецям, насуперак агульнапрынятым прынцыпам развіццёвага навучання, прапануюцца кнігі ніжэйшыя за іх (дзяцей) чытацкія магчымасці. Значыцца, па гэтай прычыне няма падстаў гаварыць пра развіццёвае навучанне на ўроках літаратурнага чытання. Куды цікавей, калі суразмоўца (у нашым выпадку кніга) стаіць некалькі вышэй за агульны ўзровень развіцця пачынаючага чытача і да яго, суразмоўцы, «планкі» трэба ўвесь час цягнуцца.

Пра ўсё гэта не адзін раз гаварылі пісьменнікі і педагогі, заклапочаныя зместам літаратурнага чытання малодшых школьнікаў. «Дэфіцыт мастацкай праўды, коўзанне па паверхні, псіхалагічная непераканальнасць герояў, беднасць, прымітыўнасць іх унутранага жыцця застаюцца, на жаль, найбольш характэрнымі паказчыкамі мастацкага ўзроўню большасці сучасных празаічных кніг для дзяцей», – не без падстаў зазначыла вядомы літаратуразнаўца Э. Гурэвіч у газеце «Літаратура і мастацтва» [44].

Дзіцячая літаратура не павінна абражаць дзяцей недаверам да іх разумовых і пачуццёвых магчымасцей, яна заклікана далучаць іх да ўсіх праяў жыцця, даваць матэрыял для самастойнай ацэнкі і выбару. У бесканфліктных творах ацэнка можа быць толькі станоўчая, выбару няма месца. Таму ў кола дзіцячага чытання трэба смялей уводзіць творы вострапраблемныя, канфліктныя, і не толькі пра лянотных двоечнікаў ці парушальнікаў дысцыпліны. Не трэба баяцца, калі адмоўным героем стане дарослы чалавек. Вучыць сапраўднаму, высакароднаму можна не толькі на станоўчых прыкладах, бо якраз добрае, высакароднае лепш успрымаецца ў параўнанні з агідным, прымітыўным. Пасля таго, як у чытанках зоймуць належнае месца творы пра герояў, якія памыляюцца, пакутуюць, сумняваюцца, стаяць перад маральным выбарам, у настаўніка пачатковых класаў з’явіцца, нарэшце, магчымасць выклікаць у класе дыскусію, абуджаць думку вучняў, вучыць дзяцей параўноўваць, супастаўляць факты, адстойваць свой погляд на падзеі.

Справядлівымі трэба прызнаць закіды настаўнікаў пра тое, што ў сучасных кнігах па чытанні мала твораў, якія могуць пашырыць кругагляд вучня, узбагаціць яго інтэлект, паспрыяць фарміраванню яго навуковага светапогляду. І самі вучні хацелі б, каб у падручніках утрымлівалася больш дзелавых артыкулаў рознай тэматыкі. Змест такіх твораў будзе дапаўняць змест мастацкіх твораў, паспрыяе прыахвочванню чытача да навукова-пазнавальнай літаратуры, выкліча ў іх жаданне параўноўваць жанры. Важна, лічыць З.І. Раманоўская, «здзівіць дзіця ведамі», бо здзіўленне – гэта першы крок да мыслення. Мы не маем на ўвазе, каб пісаліся мастацкія творы пра Інтэрнет, але і такія традыцыйныя для дзіцячага чытання тэмы, як космас, наша планета, падарожжы, з падручнікаў паступова зніклі.

У выніку даследавання зместу літаратурнага чытання ў пачатковых класах мы прыйшлі да высновы, што пры далейшых перавыданнях чытанак неабходна:

– павялічыць колькасць класічных твораў за кошт скарачэння агульнай колькасці аўтараў;

– пашырыць кола аўтараў, якія займаюць вядучае месца ў сучасным літаратурным працэсе;

– больш актыўна практыкаваць элементы манаграфічнай падачы матэрыялу;

– разнастаіць тэматыку чытання, уключыць у кніжкі-чытанкі творы, якія даюць вучням магчымасць разважаць, дыскутаваць, ацэньваць паводзіны і ўчынкі літаратурных герояў, а таксама творы на маральна-этычную праблематыку;

– значна пашырыць тэматыку навукова-пазнавальных твораў і павялічыць іх колькасць.